Рогалев, Александр Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории) (Руф Агеева)
РОГАЛЕВ, АЛЕКСАНДР Ф. Этнотопонимия Беларуси (на фоне этнической истории). — Гомель, 1993. — 168 С.
Новая праца беларускага тапаніміста А.Рогалева, аўтара кніг «Сьцежкі ў даўніну» (Менск, 1992), «Географические названия Гомельщины» (Гомель, 1992) i шэрагу іншых публікацый, утрымлівае матэрыял па маладасьледаванай тэме — этнатапаніміі Беларусі. Важная роля этнатапонімаў у дасьледаваньні як уласна моўных зьяў, гэтак i фактаў этнічнай гісторыі, добра вядомая ўсім, хто займаецца анамастыкай. Натуральна, што для гісторыкаў i этнографаў, якія вывучаюць пэўны этнас, этнатапонімы ўяўляюць непасрэдную цікавасьць.
Найбольш важкі вынік працы А.Рогалева, на мой погляд, — гэта зробленыя аўтарам высновы аб канкрэтных гістарычных рэгіёнах, у якіх «праходзілі асноўныя этнічныя, моўныя, палітычна-эканамічныя i сацыяльна-культурныя працэсы, што прадвызначалі разьвіцьцё беларускага этнасу» (С.157). Можна цалкам пагадзіцца з аўтарам у тым, што этнатапанімія Беларусі «мае трывалую гістарычную матывацыю, i гэта робіць групу ўласных імёнаў каштоўнай дапаможнай крыніцай для этналінгвістычных, гістарычных i этнаграфічных дасьледаваньняў» (С.158-159). Вартасьць працы павялічваюць складзеныя А.Рогалевым зводная схема разьмяшчэньня этнатапонімаў на тэрыторыі Беларусі i сем мапаў, якія адлюстроўваюць тапанімічныя сьляды шэрагу этнасаў на абшарах краіны.
Кніга складаецца з уводзінаў, дзе аўтар характарызуе сутнасьць этнатапонімаў i сваю мэтодыку аналізу, сьпісы скарачэньняў i выкарыстаных крыніц, трох разьдзелаў: «Агульная характарыстыка этнатапонімаў», «Этнатапанімічныя «сьляды» этнамоўнай сытуацыі да пачатку VII ст.», «Этнатапонімы старажытнарускага часу (VII-XIII ст.) i пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага (XIV-XVIII ст.)», а таксама заключэньня i дадатку.
А.Рогалеў разумее этнатапонім выключна як назву, дадзеную нейкай групе насельніцтва звонку; гэтая група ўспрымаецца суседзямі як іншаэтнічная. Пры выяўленьні сапраўдных этнатапонімаў i адмежаваньні ix ад псэўдаэтнанімічных геаграфічных назваў аўтар аддае перавагу масаваму матэрыялу. Маючы досьвед палявой тапанімічнай працы, ён этымалягізуе шэраг назваў, якія на першы погляд належаць да этнатапонімаў. Добры прыклад прыводзіцца на С.6-7: назва пасёлка Печанеж (Касцюковіцкі раён Магілеўскай вобл.), якая ў працах некаторых дасьледчыкаў зьвязвалася зь печанегамі, на самай справе паходзіць ад назвы балота. Па дадзеных дыялектолягаў, у Прапойскім (Слаўгарадскім) раёне гэтае слова выкарыстоўваецца для азначэньня «вялікай сьпёкі ці гарачыні»: «такей пічанеж — усё гаріць, плавіцца», «жыра, сьпёка, сьпікыта». Сыходзячы з гэтага, А.Рогалеў дапускае, што сэнс назвы Печанеж — «Гарэлае балота».
Цэнтральную частку кнігі займае аналіз этнатапонімаў старажытнарускага часу i пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага. Тут утрымліваецца значны i ў большасьці выпадкаў добра аргумэнтаваны матэрыял, падмацаваны гістарычнымі дадзенымі. Аўтар разглядае адлюстраваньне ў тапонімах назваў народаў, якія мелі непасрэдныя дачыненьні да этнічнай гісторыі беларусаў: крывічы, славене, русь, ляхі, яцьвягі, літва, жмудзь, латыгола, прусы, готы, немцы, татары, рускія i многа іншых. У гэтым разьдзеле ёсьць шэраг каштоўных назіраньняў i меркаваньняў аўтара, напрыклад, яго выснова пра тое, што арэалы этнатапонімаў з асновамі яцьвезь i дайнава/дайнова «не перасякаючыся, узаемна дапаўняюць адзін другога i ахопліваюць амаль усю тэрыторыю Гарадзенскай вобласьці. Мяжой паміж дзьвюма групамі назваў… зьяўляецца Нёман, што й пацьвярджае меркаваньне пра функцыянаваньне этноніма дайнава (дайнова, дзенова) у літоўскім этнічным асяродзьдзі, a этноніма яцьвезь (яцьвягі) — у славянскім (усходнеславянскім)» (С.76). Добра паказаны розныя магчымасьці ў інтэрпрэтацыі этнатапонімаў (пар. С.80-81 — пра назвы з этнонімам обры). Па этнатапонімах прасочваюцца шляхі міграцыі розных групаў славянскага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі. Цікавыя, у прыватнасьці, меркаваньні аўтара пра пранікненьне ў Беларусь паморскіх славянаў, аб паходжаньні ў сувязі з гэтым тэрмінаў русь i варагі (А.Рогалеў — прыхільнік канцэпцыі гісторыка А.Кузьміна i іншых дасьледчыкаў таго ж накірунку). Тут трэба, аднак, адзначыць, што, лягічна абгрунтаваўшы саму магчымасьць дастасаваньня тэрміну варагі да прыбалтыйскіх славянаў, аўтар прыводзіць вельмі сумнеўнае тлумачэньне сэнсу слова варагі (С.98). Яно дзеліцца, паводле А.Рогалева, як вар-агі (накшталт слова яцьв—ягі), пры гэтым першая частка слова вар-агі супастаўляецца з фіна-вугорскім вар (вор, вэр) «узвышанасьць, узгорак, высокі бераг; гара, пакрытая лесам, скалісты мыс». Другой жа частцы слова вар-агі не даецца ніякага тлумачэньня, хоць прыведзеная паралель яцьв-ягі можа падказваць пра магчымасьць сувязі назвы варагаў з балтыйскай этнаніміяй. Між тым, у балтыйскім этноніме яцьвягі (літ. jotvingiai, «яцьвягі») прысутнічае добра вядомы балтыйскі суфікс -ing-, які ня можа аўтаматычна праецыявацца на слова варагі, тым больш, што першая частка гэтай назвы выводзіцца аўтарам не з балтыйскіх, а з фіна-вугорскіх моў. Дзіўна, што аўтар нават не згадвае пра ўжо вядомыя тлумачэньні слова вараг са скандынаўскіх моў[1].
Гэты прыклад дазваляе перайсьці да хібаў працы, якія найбольш ярка выявіліся ў разьдзеле, прысьвечаным этнатапанімічным «сьлядам» этнамоўнай сытуацыі Беларусі да VII ст. Тут у шэрагу выпадкаў аўтар дае таксама няпоўную інфармацыю, згадваючы толькі адно зь некалькіх магчымых тлумачэньняў. Прыкладам, ідучы за гіпотэзай А.Трубачова, які лічыў, што сінды i меоты гаварылі на індаарыйскіх дыялектах, ён не згадвае меркаваньняў многіх каўказаведаў пра тое, што гэтыя плямёны (асабліва меоты) былі продкамі абхаза-адыгаў. Наогул, разьдзел кнігі, прысьвечаны старажытным этнонімам, атрымаўся значна горш, чым іншыя, што часткова тлумачыцца складанасьцю гэтай тэмы. На мой погляд, аўтар вельмі захапіўся выкладаньнем этнічнай гісторыі i этымалёгіі назваў кожнага згаданага ім старажытнага народа (у тым ліку кімерыйцаў, скіфаў i інш.; дарэчы, А.Рогалеў тут даволі старанна пераказаў кнігу А.Стрыжака[2], у чым не было ніякай неабходнасьці, бо тэрыторыя дасьледаваньняў аўтара знаходзіцца вельмі далёка ад Паўночнага Прычарнамор’я (ён i сам прызнаецца, што «сьляды» гэтых народаў у тапаніміі Беларусі «апасродкаваныя»; дадам ад сябе: калі яны ўвогуле ёсьць!). У выніку — шмат тэзаў, спрэчных з пункту гледжаньня гісторыі згаданых этнасаў i ix моў. Адзначу толькі некаторыя: прыход балтаў у Прыбалтыку з балканскага рэгіёна (С.28-29); этымалягічная сувязь этнонімаў эсціі, асьцякі, асеціны i ацтэкі (С.29); прысутнасьць вуграў у Беларусі ў канцы III тыс. да н.э. (С.30); залічэньне беларускіх геаграфічных назваў з асновай турда сьлядоў «этнакультурных імпульсаў з Эгейскага арэала» (С.42); пастуляваньне этымалягічнай сувязі балтыйскіх этнонімаў літва — лотва — яцьвягі i тлумачэньне фанэтычнага чаргаваньня л — j у пачатку гэтых слоў пры дапамозе фактаў албанскай i этрускай моў (С.57); супастаўленьне этноніма будзіны з этнонімамі водзь i вацякі (С.63); штучныя тлумачэньні значэньня тапонімаў, кшталту: Беразатоўе — з бераз, бяроза, плюс хантыйскі мясцовы геаграфічны тэрмін туў, тоў, возера (С.31), ці Дабо-сна, — першая частка зноў з хантыйскага слова, другая — з інда-арыйскіх моў (С.32), i г.д. Кожную зь пералічаных вышэй тэзаў можна лёгка абвергнуць на падставе гістарычных i моўных фактаў, але рамкі рэцэнзіі не дазваляюць зрабіць гэтага ў поўным аб’ёме. Рэцэнзент толькі зьвяртае ўвагу лінгвістаў на супярэчнасьці ў інтэрпрэтацыі А.Рогалевым гісторыі, i ўвагу гісторыкаў — на пэўныя недарэчнасьці ў інтэрпрэтацыі моўных фактаў.
Да недахопаў кнігі трэба аднесьці таксама сьляпыя спасылкі на скарыстаныя працы, што ўскладняе знаёмства з навуковым апаратам манаграфіі А.Рогалева. Сьпіс літаратуры лепш было б даць у канцы кнігі ці ў скрайнім выпадку ў падрадковых заўвагах. Апрача гэтага, мноства згаданых у тэксьце этнонімаў застаўляе пашкадаваць, што ў манаграфіі няма паказальніка этнічных назваў.
У цэлым кніга А.Рогалева можа разглядацца як уводзіны ў вывучэньне этнатапонімаў Беларусі, як карысны матэрыял, што стымулюе i аўтара, i іншых дасьледчыкаў да далейшых навуковых пошукаў. Хто ведае, магчыма сьмелая ідэя А.Рогалева пра наяўнасьць на паўночным захадзе беларускага рэгіёну «рэліктавага» фрака-ілірыйскага ці зьмешанага балта-фрака-ілірыйскага дыялекта (С.58), або прынятая ім гіпотэза М.Фёдаравай, паводле якой паўднёва-рускае аканьне — вынік уплываў адыгскіх, але ні ў якім разе не фіна-вугорскіх моў (С.91), — магчыма, выказаныя ім гіпотэзы атрымаюць некалі фактаграфічнае падмацаваньне.
Руф Агеева (Масква)
[1] Гл.: Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. Т.1.
[2] Гл.: Стрижак О. Етнонімія Геродотовой Скіфіі. — Киів, 1988.