Serczyk, Jerzy. 25 wieków historii: Historycy i ich dzieła (Альбіна Семянчук)
SERCZYK, JERZY. 25 wieków historii: Historycy i ich dzieła (25 стагодзяў гісторыі. Гісторыкі i ix творы). — Toruń, 1994. — 448 S.
Папярэдняя манаграфія Е.Сэрчыка «Nowozytna historiografija europejska» (Эўрапейская гістарыяграфія новага часу ад сярэдзіны XV да другой паловы XIX ст.) упершыню выйшла ў 70-х гадах i некалькі разоў перавыдавалася. Прызначанае задаволіць дыдактычныя патрэбы студэнтаў i паўсталае зь лекцыйных тэкстаў аўтара, які 30 год выкладае ў Торуньскім унівэрсытэце, новае выданьне, аднак, выходзіць далёка за межы чыста дыдактычныя i па ахопу матэрыялу, i па тэндэнцыі ў сучаснай польскай i сусьветнай гістарычнай навуцы, якую яно, на наш погляд, адлюстроўвае. A pro po гэтай тэндэнцыі трэба сказаць некалькі слоў.
Кніга Е.Сэрчыка ўпісваецца ў шэраг іншых вялізных i грунтоўных дасьледаваньняў, што выйшлі ў Польшчы апошнім часам (сярод ix манаграфіі Е.Клачоўскага, Л.Лецеевіча, Т.Хшаноўскага ды шматлікіх іншых аўтараў). Агульнай рысай гэтых прац зьяўляецца не тэматыка, не храналёгія i нават не мэтадалягічныя падыходы аўтараў, a менавіта тэндэнцыя ахапіць у адной сынтэтычнай працы такое шырокае кола пытаньняў, якога хапіла б на некалькі самастойных прац. Ня цяжка тут заўважыць выразнае імкненьне пераадолець празьмерную вузкасьць гістарычнай тэматыкі апошніх дзесяцігодзьдзяў. Амбітныя гісторыкі ўсё часьцей бяруцца за глябальныя тэмы, пакідаючы так званую «мікраграфію» (выраз іншага польскага гісторыка Генрыха Барыча) на долю «рамесьнікаў» ад гісторыі. Пашырэньне так званых «сынтэзаў», якія, дарэчы, бяруць свой пачатак ад францускай школы «Аналаў», на нашу думку, сымбалізуе вельмі высокі ўзровень гістарычнага мысьленьня ўсёй нацыянальнай гістарыяграфіі, зьяўляецца як бы фармальным паказчыкам гэтага ўзроўню. У Польшчы падобныя сынтэзы ўжо выйшлі за рамкі вузка нацыянальнай i нават славянскай праблематыкі, i кніжка Е.Сэрчыка «25 стагодзьдзяў гісторыі» — яскравае пацьверджаньне гэтаму.
Структурна праца складаецца з уступных заўваг, якія ідуць пасьля кароткай прадмовы, i XVIII разьдзелаў. Ва ўступе аўтар падкрэсьлівае, што гісторыя гістарыяграфіі — навука маладая, якая налічвае ледзьве 50 гадоў. Гэта значыць, што толькі нядаўна яна набыла ўласны прадмет i мэтады дасьледаваньня i пераўтварылася з дысцыпліны, якая займалася гістарыяграфіяй толькі з пункту гледжаньня крыніцазнаўства, у навуку, якая трактуе гістарыяграфію як складовую частку духоўнай культуры i адначасова як крыніцу да яе навуковага пазнаньня. Дзеля выдзяленьня гісторыі гістарыяграфіі ў асобную дысцыпліну вырашальную ролю адыграла выданьне ў 1911 г. працы швэйцарскага гісторыка Эдуарда Фоэртэра «Geschichte der heuen Historiographie» («Гісторыя новай гістарыяграфіі»), а таксама праца італійскага гісторыка i філёзафа Бэнэдэта Крочэ «Теоrіа е storia delia storiografia» («Тэорыя i гісторыя гістарыяграфіі», 1917). З гэтага часу гісторыка гістарыяграфіі ў гістарычным творы цікавіць сам твор i яго аўтар як рэпрэзэнтант гістарычнага мысьленьня i, у шырэйшым разуменьні, гістарычнай культуры асяродзьдзя, у якім твор зьявіўся.
Ва уступе Е.Сэрчык згадвае падставовыя гістарыяграфічныя працы па агульнай гісторыі, а таксама па гісторыі асобных краін, прычым асаблівы націск робіць на польскую гістарычную навуку.
Сыстэма выкладаньня матэрыялу, якую абраў аўтар, самая простая i адначасова зразумелая: у пэўных храналягічных межах апісваецца творчасьць паасобных гісторыкаў, якія рэпрэзэнтуюць накірункі i гістарычныя школы той ці іншай краіны (дзяржаўна-палітычны падзел сучасны). Падбор гэтых гісторыкаў — суб’ектыўная справа праф. Сэрчыка, i тут з аўтарам можна было б паспрачацца, але, як піша ён сам, «хтосьці мусіць быць абыйдзены». Галоўнае, што самыя выдатныя i вызначальныя імёны ў той ці іншай нацыянальнай гістарыяграфіі не засталіся па-за ўвагай. Чытач, які трымае ў руках «25 стагодзьдзяў гісторыі», мае дачыненьне з кароткай сусьветнай энцыкляпэдыяй гістарыяграфіі, якая бывае карысная ня толькі для студэнтаў, але й для ўсіх гісторыкаў, прафэсіяналаў i аматараў.
Манаграфія ахоплівае вялізны гістарыяграфічны матэрыял ад старажытнай Грэцыі i Рыму да часоў I сусьветнай вайны. У гэтых межах разглядаюцца наступныя праблемы:
— антычная гістарыяграфія;
— пачаткі хрысьціянскай гістарыяграфіі. Пераход ад старажытнасьці да сярэднявечча;
— гістарыяграфія сярэднявечнай Эўропы да XII ст.;
— гістарыяграфія краін Ісламу ў сярэднявеччы;
— эўрапейская гістарыяграфія ў разьвітым («высокім») сярэднявеччы (XIII-XIV ст.);
— візантыйскія гісторыкі ад XII да XV ст.;
— гістарыяграфія схілу сярэднявечча i пачатку Адраджэньня (XV — пачатак XVI ст.);
— гістарыяграфія пэрыяду Адраджэньня i Рэфармацыі;
— гістарыяграфія славянскіх краін у XVI-XIX ст. (Польшча, Чэхія, Расея, Украіна);
— эўрапейская гістарыяграфія аб Рэфармацыі i рэлігійных канфліктах. Стварэньне навуковых падстаў гістарычнай навукі;
— гістарыяграфія пэрыяду Асьветы;
— заходнеэўрапейская гістарыяграфія ў XIX ст. (да I сусьветнай вайны);
— гістарыяграфія некаторых іншых краін у XIX ст. (да I сусьветнай вайны) (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Італія, Гішпанія, Партугалія, Нідэрлянды, паўднёва-усходняя Эўропа, ЗША).
Беларускага чытача, вядома, зацікавіў бы разьдзел аб разьвіцьці гістарыяграфіі ў Вялікім Княстве Літоўскім — магутным дзяржаўным утварэньні Ўсходняй Эўропы. Аднак, на жаль, гэтаму пытаньню аўтар прысьвяціў літаральна 11 радкоў, заціснутых між блёкамі інфармацыі аб польскай i расейскай гістарыяграфіях у XV ст. Хаця новыя эўрапейскія павевы ў гістарыяграфіі, прынамсі ў XVI-XVIII ст., даходзілі ў Масковію праз ВКЛ. Надзвычай папулярнай у Расеі была першая друкаваная гісторыя Вялікага Княства, напісаная Мацеем Стрыйкоўскім — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая i ўсёй Русі». Дарэчы, у інфармацыю аб гэтым гісторыку трапілі недарэчныя памылкі. Па-першае, Мацей Стрыйкоўскі паходзіць ня зь серадзкай, а з лэнчыцкай зямлі; па-другое, ён ня быў абсальвэнтам Кракаўскай Акадэміі; па-трэцяе, рыфмаваная хроніка Стрыйкоўскага «Аб пачатках…» была напісаная не раней за 1575-1578 г.
Стаўленьне праф. Сэрчыка да Вялікага Княстн;і Літоўскага зьдзіўляе яшчэ й таму, што ў разьдзелах аб гістарыяграфіі славянскіх краін пачынаючы з XVI ст. зьяўляецца Украіна, але няма ніводнага слова пра Беларусь, таксама й пра Літву.
У цэлым, трэба падкрэсьліць грунтоўнасьць i высокі прафэсійны ўзровень працы праф. Сэрчыка. Дзякуючы сваёй энцыкляпэдычнай эрудыцыі, глыбокай адукаванасьці, дасканаламу веданьню некалькіх замежных моў, ён даў шырокую i ў той жа час максымальна кампактную панараму разьвіцьця гістарычнай думкі на працягу дваццаці пяці стагодзьдзяў, выбраўшы для гэтага аптымальную форму выкладаньня матэрыялу. Безумоўна, хацелася б каб падобныя працы выходзілі ў Беларусі i насілі ня толькі кампіляцыйны характар, але й выразны сьлед творчай i навуковай індывідуальнасьці аўтара.
Альбіна Семянчук (Горадня)