Wisner, Henryk. Wіadysław IV Waza (Віталь Галубовіч)
Wisner, Henryk. Wladysław IV Waza. Wrocław — Warszawa — Kraków, 1995. 210.
У вядомай бiяграфiчнай серыi польскага выдавецтва «Ossolineum» яшчэ ў 1995 г. пабачыла свет кнiга Генрыха Вiснэра, прысвечаная Ўладзiславу IV — другому прадстаўнiку дынастыi Вазаў на пасадзе караля Польшчы i князя Вялiкага Княства Лiтоўскага. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо пяць гадоў, абмiнуць увагай яе з’яўленне не выпадае як з-за павагi да асобы вядомага гiсторыка, гэтак i з прычыны адсутнасцi аналагiчных даследаванняў у айчыннай гiстарыяграфii.
Кнiга разлiчана на досыць шырокае кола чытачоў, але аўтар не выходзiць за межы навуковага стылю, што падкрэслiваецца наяўнасцю спасылачнага апарату, дастаткова добрага агляду гiстарыяграфii пытання i крынiц. Праца падзяляецца на дванаццаць раздзелаў (I—XII), кожны з якiх мае храналагiчныя i тэматычныя межы, хоць можа ўтрымліваць некалькі асобных сюжэтаў. Адметнасць працы Г.Вiснэра ў тым, што факты бiяграфii Ўладзiслава IV адлюстроўваюцца ў шырокiм кантэксце гiстарычнага жыцця Рэчы Паспалiтай i Еўропы першай паловы XVII ст.
Першы раздзел кнiгi ахоплiвае час ад 9 чэрвеня 1595 да 1613 г., дзе разглядаюцца ўмовы, асяродак i паасобныя сiтуацыi, якiя маглi паўплываць на фармаванне асобы Ўладзіслава. Аўтар засяроджвае ўвагу на заклапочанасцi Жыгiмонта III лёсам сына i дынастыi, каб падкрэслiць пераемнасць пэўных рысаў эпохi панавання Вазаў. Наступныя раздзелы (II — III) прысвечаны першым самастойным крокам каралевiча, на колькi гэта было магчымым ва ўмовах залежнасцi ад волi караля: змаганне за царскi вянец i ўдзел у хоцiмскай кампанii. Менавiта тут Г.Віснэр адзначыў ролю Ўладзiслава ў згаданых падзеях і ахарактарызаваў каралевiча як «чалавека, якi, што пакажа будучыня, не быў здольны да ацэнкі наступстваў прынятых рашэнняў» (23). Блiжэйшае атачэнне таксама сведчыла пра няздольнасць Уладзiслава падбiраць сапраўды вартых прыхiльнiкаў (24). У цэлым Г.Вiснэр слушна даводзiць думку, што каралевiч быў хутчэй спадарожным, чым вырашальным фактарам у ваенных кампанiях.
Першыя тры раздзелы, як i два наступныя (IV. «Пазнанне Еўропы» i V. «Чаканне — элекцыя — каранацыя»), амаль цалкам напiсаны ў кантэксце гiсторыi Кароны Польскай, Рэчы Паспалiтай, з мiнiмальным улiкам матэрыялаў, датычных Вялікага Княства Лiтоўскага. Распавядаючы пра падрыхтоўку i само падарожжа Ўладзiслава па Еўропе, аўтар падкрэслiвае, што яго почат складаўся пераважна з ураднiкаў ВКЛ, у той час у даверанае кола Жыгiмонта III уваходзiлi пераважна караняжы. У чацвёртым раздзеле ёсць шэраг заўваг наконт нялепшага фiнансавага становiшча Ўладзiслава, вынiкаў яго гаспадарчай дзейнасцi, у тым лiку згадваецца спроба злучыць водным шляхам Вiльню i Барысаў (41).
Нетрывалае становiшча Ўладзiслава ў палiтычнай сiстэме Рэчы Паспалiтай першай трэцi XVII ст. нiяк не адбiлася на вынiках элекцыi. Не апошнюю ролю тут, як лічыць аўтар, адыграў палявы гетман ВКЛ Крыштап Радзiвiл, якi гарантаваў у 1630 г. падтрымку Ўладзiславу з боку Радзiвiлаў, а можа, i ўсёй Лiтвы (56). Галоўным аргументам у змаганнi за трон у краi шляхецкай дэмакратыi была падтрымка павятовых соймiкаў. У паветах Кароны i Лiтвы кандыдатуру каралевiча ўхвалiлi. Больш за тое, вiцебская шляхта папярэджвала, што не прызнае вынiкаў элекцыi, калi не будзе абраны Ўладзiслаў (57).
Зацвярджэнне новага манарха па часе супала з пачаткам чарговай вайны з Маскоўскай дзяржавай. У кнiзе гэтаму прысвечаны асобны раздзел — шосты. На тле разгортвання падзей Г.Вiснэр акцэнтуе ўвагу на канфлiкце, які ўзнiк з-за перадачы кiраўнiцтва войскамi смаленскаму ваяводу Аляксандру Корвiну Гасеўскаму ў абыход гетманаў Вялікага Княства Льва Сапегi i Крыштапа Радзiвiла. У вынiку Ўладзiслаў быў вымушаны адмовiцца ад спробы змянiць кампетэнцыю гетманскiх урадаў ВКЛ, а гэта адразу ж узмацнiла гетманаў i аслабiла пазіцыi караля (67). Дарэчы, саступiць цiску Радзiвiлаў кароль быў вымушаны i ў справе вiленскай кашталянii (71—72). Аўтар адзначае змены ў структуры кароннага i лiтоўскага войска і падкрэслiвае выключную заслугу ў гэтай справе Ўладзiслава IV (68).
Палянаўскi мiр, акуплены тэрытарыяльнымi саступкамi, які не прынёс жаданых вынiкаў асабiста Ўладзiславу апрача славы пераможцы, ацэньваецца дастаткова крытычна. Уладзiслаў адначасова страцiў больш за 20 000 руб. (паводле «Энцыклапедыi гiсторыi Беларусi»: У 6 т. Т. 2. Мінск, 1994. С. 189 — 200 000 руб.), правы на царскi трон i не дамогся ад Масквы гарантыяў падтрымкi ў змаганнi за шведскую карону (75).
Наступны, сёмы раздзел прысвечаны пераважна шведскаму кiрунку знешняй палiтыкi Ўладзiслава IV Вазы («За спадчынную дзяржаву Вазаў»). Г.Вiснэра не ў апошнюю чаргу цiкавiць тут сутнасць асабiстых прэтэнзiяў Уладзiслава IV. Ён спрабуе разгледзець канфлiкт як барацьбу за карону краiны (Швецыі) са спадчынным характарам каралеўскай улады. Пры гэтым, як адзначаецца, пазней Уладзіслаў «ужо не за трон, а хоць бы за надзею яго атрымаць пагаджаўся на ўсё» (81). Частка гэтага ж раздзела кнігі прысвечана відавочна апошняй спробе караля выявіць уласную ініцыятыву, не звязаную з меркаваннем сейма, па арганізацыі вайны з туркамі. Адрачэнне ад планаў падрыхтоўкі экспедыцыі пад ціскам усёй Рэчы Паспалітай стала чарговай паразай і каралеўскай улады, і Ўладзіслава асабіста (109).
Восьмы раздзел («Элекцыйны уладар элекцыйнай Рэчы Паспалітай») аўтар пачынае канстатацыяй: «Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай не змяніўся ў гады кіравання Ўладзіслава IV» (112), чым прадвызначае далейшую характарыстыку ўнутранай палітыкі караля. Параўнальна з іншымі гэты раздзел вылучаецца асаблівай увагай да ВКЛ. Паказваючы магчымыя спосабы ўплыву, ціску на грамадства з мэтай змяніць закаснелую дзяржаўную структуру Рэчы Паспалітай, Г.Віснэр падрабязна спыняецца на асаблівасцях дзяржаўнага ўладкавання менавіта ВКЛ. Прычына няздольнасці караля даводзіць свае праекты да пэўнага выніку, як лічыць Г.Віснэр, хавалася ў адсутнасці шырокага кола падтрымкі, арыентацыі на асобных людзей (117).
Асаблівасці канфесійнай палітыкі Ўладзіслава IV разглядаюцца ў дзевятым раздзеле — «Каталікі, людзі грэцкай рэлігіі і іншыя». Пры ўсёй вонкавай паслядоўнасці і прагматычнасці канфесійнай палітыкі Ўладзіслава IV, накіраванай на пошук кампрамісу, Г.Віснэр заўважае неадназначнасць некаторых рашэнняў караля (142). У сувязі з апошнім згадваецца цікавы факт выступлення ў 1638 г. полацкіх мяшчан і як вынік яго — знішчэнне евангельскага збора (139).
Дзевяты раздзел кнігі («Двор і дом») падсумоўвае вынікі даследаванняў гісторыі двара Ўладзіслава Вазы. Асобна Г.Віснэр спыняецца на стане здароўя, абставінах шлюбаў, асабістых зацікаўленнях Уладзіслава. Дзякуючы Ўладзіславу ў Рэчы Паспалітай адбылася першая пастаноўка опернага спектакля (164), а сталіца ВКЛ «стала месцам выступленняў каралеўскага тэатра» (165).
Апошнія невялікія раздзелы кнігі падсумоўваюць адпаведна вынікі кіравання Ўладзіслава Вазы (XI) і прэзентуюць адлюстраванне перыяду яго панавання ў мастацкай літаратуры (XII).
Кніга Г.Віснэра заслугоўвае ўвагі як спецыялістаў па дадзеным перыядзе, так і аўтараў сінтэзных прац. Багацце апрацаванага фактычнага матэрыялу і змястоўнасць высноў дазваляюць лічыць яе ўдалай спробай асэнсаваць эпоху і асабліва асобу Ўладзіслава Вазы.
Віталь Галубовіч
Наваполацк