Sherratt, Andrew. What would a Bronze Age world system look like? (Мікола Крывальцэвіч)
SHERRATT, ANDREW. What would a Bronze Age world system look like? // Journal of European Archaeology. 1993, Autumn, Vol. 1.2, S. 1-57.
У 1993 г. была створана Эўрапейская Асацыяцыя Археолягаў (ЕАА), i тады ж пачаў выходзіць часопіс ЕАА «Journal of European Archaeology». Гэтае выданьне, як сказана ў прадмове, «спрабуе спрыяць адкрытым дыскусіям археолягаў, далучаных да агульнаэўрапейскай ідэі, у якой усё больш месца адводзіцца камунікаваньню цераз дзяржаўныя межы, а таксама выяўляецца вялікая цікавасьць да інтэрпрэтацыйнасьці». На старонках часопіса, акрамя таго, маюць абмяркоўвацца самыя розныя археалягічныя канцэпцыі, тэорыі i нават этычныя праблемы, што паўстаюць у практыцы археалягічных дасьледаваньняў.
Без перабольшаньня, асноўная i найцікавейшая публікацыя згаданага нумара часопіса — гэта вялікі артыкул ангельскага археоляга Эндру Шэрата, у якім дасьледчык імкнецца прасачыць галоўныя асаблівасьці працэсу ўтварэньня эўрапейскай цывілізацыі.
Больш-менш акрэсьлена пэўныя вызначальныя для Эўропы рысы аформіліся ўжо ў эпоху бронзы (2500 700 г. да н.э.). Э.Шэрат акцэнтуе ўвагу на характары сувязяў i мэханізме кантактаў, што існавалі ў бронзавым веку паміж рознымі рэгіёнамі эўрацейскага кантынэнту, узаемадачыненьнях Цэнтральнай i Заходняй Эўропы ды Скандынавіі з тагачаснымі цывілізацыйнымі айкумэнамі — урбанізаваным Блізкім Усходам i Міжземнамор’ем. У якіх накірунках i як праходзілі вызначальныя восі культурных i міжрэгіянальных сувязяў? Ці адрозніваецца ix характар у часе, у прасторы? Чаму нечакана зьмяняюцца традыцыйныя шляхі культурнага абмену? Што ёсьць агульнага паміж сучасным працэсам узаемаадносін разьвітых індустрыяльных дзяржаў з краінамі, грамадзтвамі «трэцяга сьвету» i структураю міжкультурных узаемадачыненьняў такога кшталту ў часы позьняй дагісторыі?
Такою пастаноўкаю праблемы Э.Шэрат закранае адну з асноўных мэтадалягічных дылемаў археалягічнай навукі: «аўтанамісцкі» («эвалюцыянісцкі») i «дыфузіянісцкі» («інтэрвэнцыянісцкі») падыходы да тлумачэньня разьвіцьця дагістарычных культураў. «Аўтанамісты» настойваюць на тым, што ў якасьці формаўтваральнай асновы i зьместу старажытных культураў найбольшае значэньне мелі ix унутраныя патэнцыі. «Дыфузіяністы» схіляюцца да акцэптаваньня зьменлівасьці дагістарычных грамадзтваў галоўным чынам праз узьдзеяньне іншых супольнасьцяў (актыўны гандаль, абмен, распаўсюджваньне ідэй, тэхналёгій i г.д.). Падаецца, што Э.Шэрат спрабуе разьвіваць дыфузіянісцкія ідэі на якасна новай аснове. Ён спалучае вынікі дэтальных рэгіянальных дасьледаваньняў з генэральнымі агульнакантынэнтальнымі аглядамі, улічваючы той факт, што лякальныя археалягічныя культуры не пасыўныя паглынальнікі дасягненьняў перадавых цэнтраў, а адначасова i актыўныя чыньнікі адваротнага ўзьдзеяньня. Такім чынам, Э.Шэрат у пэўнай ступені мае намер асэнсаваць дыфузіянісцкія канцэпцыі праз дыялектычнае спалучэньне ix з найлепшымі дасягненьнямі археолягаў аўтанамісцкай школы.
Тыя ці іншыя перадавыя зьявы толькі ўмоўна можна лічыць паўсталымі незалежна. У якасьці прыкладу Э.Шэрат прыводзіць факт зьяўленьня меднамэталургічнай вытворчасьці ў V тыс. да н.э. на Балканах. Там яна магла ўзьнікнуць адносна незалежна ад адначаснай ёй мэталургічнай вытворчасьці на Блізкім Усходзе, але i першы i другі ачагі вырасьлі, мабыць, піша аўтар, у выніку піратэхнічных экспэрымэнтаў пры вытворчасьці нэалітычнага афарбаванага посуду.
Ядро, пэрыфэрыя, ускраіна — вось асноўныя тэрміналягічныя дэфініцыі артыкула. Гэтыя тры кампанэнты i складаюць прастору міжкультурных узаемаадносінаў, якія ўсталёўваліся ў позьняй дагісторыі. Што разумець пад дагістарычнай культурнай пэрыфэрыяй i ўскраінай, i што было ў адносінах да гэтай пэрыфэрыі ядром (цэнтрам)? Э.Шэрат сцьвярджае, што ў позьняй дагісторыі ўсталёўваліся розныя тыпы структурных узасмаадносінаў, якія зьвязвалі асноўныя часткі кантынэнту, пры гэтым ix структура мянялася нават на працягу параўнальна кароткіх пэрыядаў эпохі бронзы. Аўтар настойліва падкрэсьлівае, што ў часы нэаліту, з пашырэньнем у Эўропе земляробства i жывёлагадоўлі, усталёўвалася даволі простая структура сувязяў, якая можа апісвацца як «цэнтар» i «вонкавасьць». Пры гэтым пад «цэнтрам» разумееца найперш нейкая аграрная айкумэна. Хвалямі з тысячагодзьдзя ў тысячагодзьдзе, напрыклад, у VI — канцы IV тыс. да н.э. ад Міжземнамор’я ў накірунку Брытаніі i Скандынавіі распаўсюджваецца традыцыя замены кругладоннага посуду на пляскатадонны, пашыраецца практыка выкарыстаньня крамянёвых шліфаваных сякер i г.д. Зьліваючыся ў адзіны працэс паступовага асваеньня эўрапейцамі вытворчага гаспадараньня, распаўсюджваньне пляскатадоннага посуду (а значыць i зьяўленьне звычаю есьці за сталом), выкарыстаньне шліфаваных крамянёвых сякер, (г.зн. інтэнсіўнае асваеньне лясных масываў), — гэтыя i іншыя навацыі ў Цэнтральнай i Заходняй Эўропе мелі адмыслова раньні характар сувязяў з «цэнтрам».
Як падае Э.Шэрат, форма i адметныя рысы артэфактаў, прынамсі крамянёвых i каменных, выпрацаваныя ў месцы ix вытворчасьці, амаль бязь зьменаў даходзілі з цэнтру да вонкавых культур. Шляхі ix распаўсюджваньня былі параўнальна вельмі кароткія, бо зыходныя нэалітычныя матэрыялы (камень, крэмень) меліся практычна паўсюль. Інакш кажучы, у той час амаль адсутнічалі магчымасьці зьяўленьня далёкіх міжкультурных гандлёвых сувязяў. Працэс засваеньня раньняй меднай вытворчасьці спадарожнічаў этапам асэнсаваньня i практычнага выкарыстаньня спосабаў апрацоўкі глебы i разьвядзеньня хатняй жывёлы.
Падкрэсьліваючы асаблівасьці й адрозненьні міжрэгіянальных сувязяў, якія панавалі на эўрапейскім кантынэнце да III-II тыс. да н.э., Э.Шэрат робіць выснову: Эўропа як «вонкавасьць» (пэрыфэрыя) пакуль толькі абсарбавала элемэнты «цэнтра». Апошні, відаць, як ядро сыстэмы, лякалізаваўся на рана ўрбанізаваным Блізкім Усходзе.
Сваім зьместам вылучаецца фінальнае нэалітычнае тысячагодзьдзе (прыблізна ад 3500 да 2500 г. да н.э.), калі паглынаньне эўрапейскімі культурамі навацый, што сыходзілі з Блізкага Ўсходу, пачынае ўжо разнастайваць мясцовую прадукцыю. Фаза суправаджаецца ўтварэньнем вялікіх культурных комплексаў, накшталт Бадэна, шнуравой керамікі, звонападобных кубкаў, ямных пахаваньняў. Вялікія культурныя блёкі ўсталёўвалі свае кантакты па тых шляхох, уздоўж якіх найперш i пачынаецца абмен мэталам. Новая тэндэнцыя, скіраваная на разнастайваньне мясцовай прадукцыі, пачне праяўляцца на ўсю моц пазьней, пасьля 2500 г.да н.э., у эпоху бронзы.
Вярнуцца да больш яснага разуменьня шэратавай «пэрыфэрыі» i «ўскраіны» дазваляюць яго разважаньні пра складваньне структуры сувязяў у Эўропе бронзавага веку. У эпоху бронзы (2500-700 г. да н.э.) абменная сыстэма набывае іншы зьмест. Гэта абумоўлена адкрыцьцём спосабаў атрыманьня бронзы. Бронза становіцца адным з самых унівэрсальных каштоўных сродкаў абмену. Эўрапейскія культуры ня толькі адаптавалі яе для сваіх патрэбаў, але й пачалі выяўляць рэгіянальную спэцыфіку на фоне ўсеагульнай абменнай сыстэмы. На адной ускраіне гэтай сыстэмы па-ранейшаму знаходзіліся урбанізаваная блізкаўсходняя айкумэна й паўсталыя прылеглыя дзяржавы Міжземнамор’я. Блізкі Ўсход пакуль заставаўся ядром складанай эўрапейскай пэрыфэрыйна-ўскраіннай структуры. Эгея зь яе зачаткамі антычнай цывілізацыі была доўгі час пэрыфэрыяй анаталійска-блізкаўсходняга ядра.
Мэханізм руху тавараў мог адбывацца праз абмен, дараваньне i абменнае пасярэдніцтва. З цэнтральных раёнаў Эўропы на поўдзень трапляла сыравіна ў выглядзе мэтала, солі, скур, магчыма, рабоў. Ім насустрач рухаліся мануфактурныя вырабы: віно, наборы для піцьця, магчыма тэкстыль, апрацаваная скура (гарбарныя вырабы) i інш. Такім чынам, падсумоўвае Э.Шэрат, адбываўся абмен тавараў першаснай вартасьці на тавары з дадатковай вартасьцю. Праз канцэпцыю дадатковай вартасьці ён i тлумачыць істотнае адрозьненьне «ядра» ад «пэрыфэрыі». Пэрыфэрыя можа пастаўляць тавары першаснай вартасьці, г.зн. сыравіннага характару. Інакш кажучы, паводле Э.Шэрата, ядро ці цэнтар (core) — гэта ўрбанізаваны вытворчы рэгіён з грузавым транспартам i дзяржаўнай структурам. Пэрыфэрыя (periphery) — зона, куды імпартуюцца мануфактурныя тавары i зь якой вывозіцца пераважна сыравіна. У дачыненьні да ядра/пэрыфэрыі на працягу ІІІ-ІІ тыс. да н.э. складваецца вонкавая прастора культур, ці інакш — ускраіна (margin). Ускраінная, або маргінальная зона — гэта прастора, на якой пашыраюцца тэхналёгіі i зьдзяйсьняюцца далёкія сувязі, заснаваныя на абмене. Ускраіна — трэці элемэнт сыстэмы, якая, такім чынам, у эпоху бронзы структуруецца як ядро/пэрыфэрыя/ускраіна.
Э.Шэрат канкрэтызуе свае высновы на матэрыяле пэрыядаў эўрапейскага бронзавага веку. У раньні пэрыяд бронзы (2500-1600 г. да н.э.) алавяністая бронза як асноўны абменны прадукт заваёўвае тагачасную Эўропу. Ад старажытнай Мэсапатаміі, Эгіпту, фінікійскіх гарадоў Міжземнамор’я да 1500 г. да н.э. айкумэна пашыраецца на Эгейскі сьвет, Анатолію. Пэрыфэрыя ахапляе большую частку Прычарнамор’я, Балканы, поўдзень Апэнінаў. Ускраіна дасягае Брытаніі i Паўднёвай Скандынавіі. Зь медных i залатых радовішчаў Трансыльваніі сыравіна трапляе ў Анатолію. Эўрапейскія стэпавыя народы, жыхары Падунаўя, Карпатаў, пастаўлялі коняў на Блізкі Ўсход, у Анатолію, гарады Эгеі. Менавіта тут, ва ўрбанізаваных цэнтрах упершыню зьяўляюцца калясьніцы — першыя «ваенныя машыны» старажытнасьці. Узбраеньне (кінжалы зь медзі i бронзы, наканечнікі дзідаў i інш.), мануфактурныя вырабы элітарнага прызначэньня трапляюць у Эўропу найчасьцей па дунайскіх гандлёвых шляхох.
Ускраіна праз сувязі зь ядром-пэрыфэрыяй стымулюецца да трансфармацыі свайго гаспадарчага й абменнага укладу. У Карпатах у гэты час фармуецца новы цэнтар па вытворчасьці бронзы. Трансыльванія, пашыраючы свае кантакты праз усю Эўропу з поўдня на поўнач, становіцца багацейшай мэталургічнай зонай кантынэнту. На стратэгічных шляхох, якія цягнуліся праз раўніны i горы Цэнтральнай Эўропы, упершыню зьяўляюцца ўмацаваныя паселішчы — сьведчаньне ўзброенага кантролю над гандлёвымі шляхамі.
У сыстэму ўцягваюцца новыя тэрытарыяльныя абшары. Ядро ўсталёўвае кантакты з больш шырокімі эўрапейскімі прасторамі. Мэталічныя вырабы даходзяць па Одэру да Балтыкі, адкуль, асабліва пасьля 1600 г. да н.э., ужо ў сярэдні пэрыяд бронзавага веку (1600-1300 г. да н.э.), у Міжземнамор’е трапляе бурштын, дзе яго знаходзяць у мікенскіх грабніцах. У гэты ж час афармляюцца даволі цесныя сувязі паміж альпійскімі культурамі (дзе пачынаюць актыўна распрацоўвацца медныя радовішчы) i Скандынавіяй. Ужо не карпацкая, a альпійская медзь i багемскае волава карыстаюцца попытам у Паўночнай Эўропе. Такім чынам, адбываецца пэўная пераарыентацыя кантактаў, што безумоўна уплывала на цэнтральна-пэрыфэрыйныя рэгіёны.
У XIII ст. да н.э. міжземнаморскае ядро пачынае калапсаваць, выклікаючы глябальную крызысную сытуацыю. Абставіны вымагалі афармленьня шматлікіх рэгіянальных цэнтраў па вытворчасьці бронзавых вырабаў на неабсяжных маргінальных прасторах Эўропы.
Прыблізна з 700 г. да н.э., працягвае далей Э.Шэрат, у Эўропе пачынаецца жалезны век. Бронза як тавар губляе сваю актуальнасьць. У цэнтры сусьветнай сыстэмы, пашыраючы накірункі сувязяў i запаўняючы гандлёвыя шляхі новымі таварамі, апынаецца Італія з Цыркумальпійскай пэрыфэрыяй.
Нельга не пагадзіцца з Э.Шэратам у тым, што вынікі дасьледаваньня эўрапейскай сыстэмы міжрэгіянальных сувязяў застаюцца актуальнымі й сёньня. Працэс фармаваньня сусьветных сыстэм безупынна працягваецца, як не спыняецца i працэс ix распаду. Большая частка Эўропы разьвівалася менавіта ў стане маргінальнасьці. Ускраіна, паглынаючы дасягненьні айкумэны, сама пачала трансфармавацца ў рэгіянальныя сыстэмы. Шчыльныя кантакты па асноўных восях з поўдня на поўнач — ад Міжземнамор’я да Скандынавіі й Брытаніі — ужо ў эпоху бронзы заклалі аснову ўстойлівай эўрапейскай сыстэмы. Такія накірункі ў той ці іншай ступені існавалі й пазьней, у эпоху жалеза, часы варварскай Эўропы.
Вопыт Шэратавай структуралізацыі міжрэгіянальных кантактаў, безумоўна, карысны для распрацоўкі падобнай усходнеэўрапейскай тэматыкі. Якая роля належала Дняпроўска-Нёманскаму, Дняпроўска-Дзьвінскаму, Прыпяцкаму шляхом у самыя старажытныя часы? Ці мелі яны вырашальнае значэньне ў стварэньні пэўных усходнеэўрапейскіх рэгіянальных культураў? Якое месца належала тэрыторыі Беларусі ў міжрэгіянальнай структуры дагістарычнай Усходняй Эўропы? Вось якія праблемы чакаюць свайго дасьледаваньня.
Мікола Крывальцэвіч (Менск)