БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Łowmiański, Henryk. Polityka Jagiellonów (Андрэй Янушкевіч)

Łowmiański Henryk. Polityka Jagiellonów. Poznań, 1999. 673.

Хтосьці з даследчыкаў заўважыў, што ў творчасці Генрыка Лаўмяньскага існуе выразная „белая пляма» — пад час нямецкае акупацыі. „Час маўчання» ў першай палове 40-х г. прыводзіў да думкі, што пераход ад вывучэння гісторыі ВКЛ да вывучэння польскага ранняга Сярэднявечча не меў творчай узаемасувязі і быў выкліканы толькі вонкавымі абставінамі, у першую чаргу пераездам з Вільні ў Познань. 40-я гады здаюцца ўвогуле выкрасленымі з навукова-творчай дзейнасці гэтага выбітнага гісторыка — знакавай постаці ў польскай гістарыяграфіі XX ст.

Аднак, як паказваюць апошнія (на жаль, пасмяротныя) выданні неапублікаванай спадчыны вучонага, гэта зусім не так. Пад час акупацыі ім была давершана такая важная і актуальная нават і для сённяшняй гістарычнай навукі (дый не пераўзыдзеная ёю) праца, як „Насельніцтва Літоўскай дзяржавы ў XVI ст.» („Zaludnienie państwa litewskiego w XVI wieku»), выдадзеная толькі два гады таму.

Другая значная праца, створаная ў тыя часы (якая так і не пабачыла свету пры жыцці аўтара), — „Палітыка Ягелонаў». Яна стваралася ў складаных умовах акупацыі, калі аўтар меў доступ толькі да ўласнай бібліятэкі, што відавочна адбілася на якасці кнігі, якая грунтуецца ў асноўным на высновах тагачасных канкрэтна-гістарычных даследаванняў. Кніга таму і не выйшла адразу пасля свайго стварэння, бо аўтар лічыў яе не дапрацава най для друку. Па словах праф. Кшыштафа Пяткевіча, які падрыхтаваў гэтае выданне да публікацыі, яно паслужыла ў творчай біяграфіі Г. Лаўмяньскага своеасаблівым мостам паміж віленскім і познаньскім перыядамі яго жыцця, якія так моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго прадметамі навуковых інтарэсаў даследчыка.

Гэты твор задумваўся як курс універсітэцкіх лекцый. Але ў выніку паўстаў арыгінальны сінтэз палітычных дзеяў ягелонскіх дзяржаваў, які яўна перавысіў рамкі навучальнага дапаможніка для студэнтаў.

Так сталася, што ў другой палове ХХ ст. не было створана абагульняльных прац па палітычнай гісторыі Польшчы і ВКЛ. Праца Г. Лаўмяньскага па гэтай прычыне з’яўляецца своеасаблівым гістарыяг рафічным дакументам, які падагульняе развіццё даследаванняў па палітычнай гісторыі дзвюх паспалітых краінаў.

Аўтар паставіў перад сабой, апрача гэтай, задачу ўпісаць палітыку Ягелонаў у шырокі кантэкст еўрапейскай гісторыі, не цураючыся супастаўленняў з тэндэнцыямі развіцця ў іншых краінах кантынента. У адрозненне ад іншых сінтэтычных прац тагачасся, у структурную аснову пакладзены не храналагічны, а праблемны прынцып выкладання. Па словах даследчыка, гэта дазваляе больш грунтоўна паглыбіцца ў разуменне прычынаў і ўнутраных узаемасувязяў паміж гістарычнымі падзеямі, што, на яго думку, з’яўляецца галоўнай задачай гістарычнага даследавання. Пры гэтым вучоны не забываецца і пра важную ролю храналогіі, дэталёва аргументуючы выбраную ім перыядызацыю гістарычнага працэсу. Спецыяльна прыпыніўшыся на праблеме 1386 г., ён бачыць яго пераломнае значэнне для польскай гісторыі ў сінхроннасці карэнных зменаў сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Польшчы і іншых усходнееўрапейскіх дзяржавах.

Зважаючы на гэта, робіцца зразумелай пільная ўвага Г. Лаўмяньскага да знешнепалітычнай праблематыкі, якой прысвечана большая частка кнігі. Кожнаму кірунку знешняй палітыкі і кожнай значнай ваеннай падзеі прысвечаны асобны раздел. Пры гэтым ім пастаянна прасочваецца ўзаемасувязь знешняй і ўнутранай палітыкі, дзякуючы чаму аналіз падзей атрымлівае дадатковую вартасць.

Не здраджваючы свайму таленту і адчуванню навуковае стылістыкі, аўтар „Палітыкі Ягелонаў» віртуозна аперуе тэрміналагічным інструментарыем, праводзячы цвярозы аналіз фактаў і даючы дасканальна вывераныя ацэнкі падзей і тэндэнцый развіцця гісторыі. Г. Лаўмяньскі заклікае вывучаць гістарычныя дакументы, не адрываючы іх зместу ад кантэксту эпохі, не змешваць у адно фармальныя дэкларацыі крыніц з фактычным станам рэчаў, які часта разыходзіўся з абвешчанымі на паперы ідэямі. Асабліва сімптаматычнай з’яўляецца крытыка канцэпцыі развіцця унійных дачыненняў, прэзентаванай у творах Оскара Галецкага. Яна накіраваная супраць этычна-ідэалістычнага трактавання уніі як нестасоўнага да задач гісторыка, які павінен паказваць перш за ўсё самую гістарычную рэчаіснасць, а не падмяняць яе толькі абстрактным аналізам і фармальнай інтэрпрэтацыяй гістарычных тэкстаў. Гэта адна з самых прыкметных рысаў кнігі — сталая барацьба яе аўтара са стэрэатыпамі, якія замацаваліся па тых ці іншых прычынах у гістарыяграфіі. Дарэчы, найбольш моцным месцам у кнізе як раз і з’яўляецца нарыс, прысвечаны Крэўскай уніі і яе наступствам.

У гэтым даследаванні ёсць шмат зацемак на метадалагічную тэматыку: аўтар характарызуе ўласнае стаўленне да праблемы асобы ў гісторыі, дае разгорнутае тлумачэнне, прычым з улікам спецыфікі палітычнае сітуацыі ў Сярэднявеччы, дэфініцыі „палітычная групоўка». Аўтар спрабуе прымірыць спрэчныя погляды, шукае „залатой сярэдзіны», указваючы на індывідуальнасць кожнага выпадку, сцвярджаючы, што ўрэшце ўсё вырашае складаная і супярэчлівая рэальнасць гісторыі.

Адзіным відавочным недахопам „Палітыкі Ягелонаў» ёсць, на нашу думку, ігнараванне аўтарам распрацовак расійскай гістарыяграфіі па ўнутрыпалітычнай праблематыцы гісторыі ВКЛ, а без іх уліку аналіз стану вывучэння уніі паміж Польшчай і ВКЛ выглядае няпоўным.

Так, гэтую працу можна крытыкаваць (асабліва калі звяртацца да канкрэтных дэталяў), але гэта будзе простай няўдзячнасцю ў дачыненні да аўтара, які ствараў яе ў экстрэмальных жыццёвых варунках палову стагоддзя таму. Яна, зразумела, не адлюстроўвае актуальнага стану гістарычных ведаў, аднак сваімі арыгінальнымі высновамі дае шмат матэрыялу для роздумаў, прымушае па-новаму паглядзець на, здавалася б, даўно вядомыя рэчы. Захапляе рэфлексія аўтара. Гэта, напэўна, найбольшая каштоўнасць гэтай кнігі — вучыцца ў Майстра разуменню гісторыі.

Андрэй Янушкевіч

Горадня

Тэгі: , , ,