БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową (Лія Салавей)


Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspolnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo–Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. 301 s.

Гэтае грунтоўнае даследаванне ў жанры гістарычнай сацыялогіі, прысвечанае вывучэнню шматлікіх важных аспектаў, што характарызуюць стан свядомасці беларускага грамадства ХIХ ст., яго асобных груп і адзінак, належыць доктару сацыялогіі з Люблінскага універсітэта імя Марыі Кюры–Складоўскай. Выбар аўтарам праблематыкі для сваёй працы быў абумоўлены, найперш, той акалічнасцю, што беларусы дагэтуль не маюць абагульняльнага даследавання, якое б у адным томе прасачыла пачаткі фармавання беларускай нацыянальнай ідэі на працягу ўсяго ХIХ ст. Як слушна заўважае аўтар ва «Ўступе», яшчэ недастаткова навуковых прац пра ўсведамленне тагачаснымі беларусамі сваёй этнічнай і нацыянальнай прыналежнасці. Публікацыі, прысвечаныя нацыянальна–вызваленчаму руху і фармаванню беларускай нацыянальнай ідэалогіі, з’яўляюцца рэдкасцю не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Недастаткова, лічыць аўтар, комплексных даследаванняў, якія праводзілі б аналіз прычын запозненасці фармавання беларускай нацыі ў сучасным разуменні гэтага тэрміна, хоць, на наш погляд, асноўныя прычыны такога стану добра вядомыя, не ўсведамляюцца хіба маштабы пэўных з’яў, механізмы, паслядоўнасць і спалучанасць розных фактаў.

У аўтара гэтых радкоў, як, напэўна, і ў іншых прадстаўнікоў беларускай навуковай грамадскасці другой паловы ХХ ст., было адчуванне, што на многія пастаўленыя ў гэтай працы пытанні ўжо знойдзены адказы беларускімі даследчыкамі мінулага стагоддзя, што ўжо дастаткова выяўлена дакументаў, прааналізаваны погляды галоўных дзеячаў нацыянальна–вызваленчага, адраджэнскага руху на Беларусі, да таго ж сказана значна больш, чым дазвалялі рамкі афіцыйнай савецкай навукі. Даследаванне доктара Рышарда Радзіка паказвае, што патрэбна было прыкласці яшчэ шмат намаганняў, каб агульны малюнак фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. стаў больш поўным і грунтоўным.

Рышард Радзік адзначае, што па ХIХ ст. шмат зроблена найперш літаратуразнаўцамі, этнографамі і значна меней гісторыкамі (хоць этнаграфія таксама адносіцца да гістарычных навук), што і сярод польскіх гістарычных публікацый адсутнічаюць манаграфічныя працы, прысвечаныя цалкам працэсу фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. Гэты аспект закранаецца толькі ў артыкулах ці часткова прысутнічае ў большых працах. Як і беларускія, польскія даследчыкі больш увагі аддалі разгляду працэсу станаўлення беларускай літаратуры, вывучэнню фальклору, этнаграфіі, а потым ужо гісторыі. Сярод гэтых даследчыкаў шмат заслужаных імёнаў, такіх як Ю.Туронак, А.Латышонак, Ф. Сяліцкі, М.Чурак і шэраг іншых.

Аўтар слушна заўважае, што ва ўмовах СССР глыбокае і ўсебаковае вывучэнне адметнасці беларусаў як нацыі было немагчымым па палітычных і ідэалагічных прычынах. Аб’ектыўныя даследаванні тармазіліся партыйнымі ўладамі, што ажыццяўлялі маскоўскую палітыку, якая з царскіх часоў працягвала ігнараванне нацыянальнай адметнасці беларусаў. Зрухі ж у палітыцы 80–х г. дазволілі змяніць сітуацыю ў лепшы бок. «З’явіліся тэксты, якія апісвалі ўзнікненне беларускага народа не толькі ў апазіцыі да польскасці, але — што раней было немажліва — таксама ж да расійскасці, у канфлікце з ёй» (с. 9). Належна ацэньваючы агулам дасягненні беларускіх гісторыкаў новай генерацыі, доктар Радзік не лічыць, аднак, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай гістарычнай навуцы адбыўся радыкальны колькасны і якасны пералом, паколькі над беларускімі гісторыкамі вісіць цяжар замацаваных у мінулым навыкаў, і, што істотна, вызваленню ад путаў мінулага перашкаджае сённяшняя палітычная сітуацыя ў краіне. Адсюль і зацікаўленасць гісторыяй у нас значна слабейшая, чым у суседняй Польшчы, і колькасць гісторыкаў у нас прыкметна меншая.

Разгляду працэсаў станаўлення беларускай нацыі ў ХIIХ ст. папярэднічаюць два першыя раздзелы даследавання (1. «Ад этнічнай супольнасці да супольнасці нацыянальнай»; 2. «Фармаванне нацый у Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе»), у якіх высвятляецца сэнсавая напоўненасць такіх асноўных катэгорый, як этнічная супольнасць, нацыянальная супольнасць, без якіх немагчымы навуковы аналіз народатворчых працэсаў у грамадстве. Хоць непасрэдным аб’ектам даследавання з’яўляецца грамадства Беларусі, аднак гэтыя катэгорыі апісваюцца так, каб іх можна было параўноўваць, суадносіць з адпаведнымі з’явамі ў тых народаў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы, што знаходзіліся ў сітуацыі, падобнай да сітуацыі беларусаў. Такім чынам, у гэтых раздзелах ствараецца гістарычна–тэарэтычны грунт для наступных раздзелаў, у якіх праводзіцца аналіз сацыяльных рэаліяў Беларусі таго часу. Як узор сучаснай нацыі падаецца нацыя французаў, што злучыла палітычна розныя этнічныя супольнасці (брэтонцаў, эльзасцаў, правансальцаў і інш.), якія аб’ядналіся ў змаганні за новыя формы дзяржаўнай арганізацыі. У грамадскі рух былі ўцягнуты шырокія народныя масы («плебейскія слаі»), якія ў выніку сталі не «падданымі», а «грамадзянамі» дзяржавы. Змястоўнымі з’яўляюцца таксама падраздзелы другога раздзела: «Нацыянальная ідэя ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе ў эпоху Асветніцтва», «Дзяржава як чыннік нацыянальнай кансалідацыі», «Паміж рэвалюцыйнымі лозунгамі і феадальна–кансерватыўнымі рэаліямі», «Спозненае ўключэнне сялянства ў нацыянальны працэс». Запознены ўдзел сялянства ў фармаванні нацый раўназначны спозненасці ўдзелу этнічных чыннікаў у гэтым працэсе. Доктар Радзік адзначае, што «на працягу значнай часткі ХIХ ст. інтэлігенцыя, якая выкрышталізавалася з плебейскіх слаёў, у большасці паддалася германізацыі, мадзьярызацыі, паланізацыі альбо русіфікацыі» (76). Былі ўсё ж невялікія групы, іншы раз проста адзінкі, якія выходзілі з плебейскіх асяродкаў і якія абапіраліся ў фармуляваных імі нацыянальных пастулатах, у асноўным, на асаблівасці этнакультуры. Абмежаванасць колькасці іх паслядоўнікаў адбівалася на распаўсюджанні першых друкаваных твораў на родных мовах у славакаў, славенцаў, галіцыйскіх русінаў і інш. Гэты паказчык мае універсальнае значэнне, ён характэрны нават для сучаснай Беларусі.

Трэці раздзел «Эвалюцыя самасвядомасці польскай грамадскасці на Беларусі (пад расійскім уціскам)» прысвечаны разгляду складанай этнічна–палітычнай сітуацыі на беларускіх абшарах пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Аўтар прыводзіць наступныя дадзеныя з беларускіх даследаванняў: пад канец ХVII ст. 70% насельніцтва Беларусі складалі уніяты, 6% — праваслаўныя, 15% — каталікі, сярод якіх былі і сяляне, і шляхта, і магнаты–землеўласнікі. Пад канец ХIХ ст. суадносіны крыху змяніліся. Тым не менш, польскія даследчыкі лічылі, што сярод насельніцтва Беларусі польская меншасць складала 10%. Аўтар добра разумее вытокі гэтай польскай групоўкі. Людзі, якія размаўлялі па–польску (прытым не заўсёды, не ва ўсіх выпадках) і былі арыентаваны на былую Рэч Паспалітую, на Захад, на непрыняцце Расіі, былі людзьмі мясцовымі. Гэта былі, на наш погляд, пратэстуючыя палякі, як і высяленцы з Беларусі пасляваенных гадоў, што ратаваліся ад прымусовай калектывізацыі ці ў нашы дні ад адсутнасці ці пачварнай мутантнасці дзяржаўнай палітыкі, калі мэтай ставіцца знішчэнне ўсіх яшчэ не замацаваных праяў незалежнасці на карысць суседняй імперыі. Р. Радзік прыводзіць вельмі вымоўнае назіранне Паўла Баброўскага, які ў 1864 г. пісаў: «…Сучасная шляхта Гарадзенскай губерні не можа быць у сэнсе паходжання (…) залічана да польскага племені; але яна адносіцца да рымска–каталіцкай веры, размаўляе па–польску, дыхае Польшчай і ненавідзіць Расію. Усе дваране лічаць сябе палякамі, так што і мы не можам называць іх беларусамі». Складаная сітуацыя на Беларусі аналізуецца ў падраздзелах «Эвалюцыя разумення катэгорыі „народ“ у рускіх», «Спробы русіфікацыі польскай грамадскасці», «Ад gente lithuanus natione Polonus да нацыянальнага паляка (каталіка)», «Ад айчыны прыватнай да ідэалагічнай», «Ад шляхты да інтэлігенцыі». Даецца складаны малюнак настрояў і адчуванняў прадстаўнікоў беларускага грамадства, што выяўляліся ў розных дзеяннях супраць расійскай агрэсіі аж да ўзброенага змагання. Выдатныя людзі нашага краю, людзі прапольскай арыентацыі, добра ўсведамлялі сваю няпростую сітуацыю, што была вынікам усяго ходу гістарычных падзей, і, змагаючыся за Польшчу, называлі сябе ліцвінамі, мелі вялікія пачуцці замілаванасці да сваёй радзімы — Літвы–Беларусі. «Я нарадзіўся ліцвінам», — пісаў у 1815 г. Тадэвуш Касцюшка. «Так званымі ліцвінамі, — адзначае Р.Радзік, — лічылі сябе Міцкевіч, Крашэўскі, Ліманоўскі, а таксама Пілсудскі» (110). Характэрна, што ва ўмовах расійскага ўціску, настойлівых намаганняў русіфікацыі на працягу ХIХ ст. эліты беларускіх зямель gente lithuanus natione Polonus сваёй культурай і зместам нацыянальнай свядомасці збліжаліся, а не аддаляліся ад эліт Кангрэсоўкі. Разглядаючы свядомасць верхніх спольшчаных слаёў тагачаснага грамадства Беларусі, аўтар паказвае недастатковае ўсведамленне імі вартасці культурнага патэнцыялу беларускага этнасу, патэнцыялу носьбітаў беларускасці — шырокіх народных мас. Празорлівасць выяўлялі адзінкавыя творчыя асобы, як, напрыклад, Марыя Канапніцкая, якая ў 1888 г. у лісце да Т.Ленартовіча пісала пасля наведвання Горадні: «Тое, што народзіцца там калісьці сярод люду, не будзе гэта Польшча і Літва, але Беларусь. Рысы, што сфармавала гісторыя, часам і няволяй будуць разбураны: рысы этнаграфічныя застануцца» (122—123). Можна дадаць, што, напэўна, так ці падобна думалі шматлікія энтузіясты народазнаўства, збіральнікі беларускага фальклору, этнаграфічных звестак, даследчыкі мовы і інш. Іх самаадданая праца выразна была накіравана на стварэнне грунту для будучага ўваскрэсення народа ўжо пад сваім уласным імем — беларусы.

У раздзеле IV «Народ» (lud, што трэба разумець як «працоўны люд», «народныя масы») разглядаюцца многія аспекты існавання беларускага народа, у тым ліку: «Эвалюцыя структуры беларускага грамадства», «Паміж польскім і расійскім», «Беларуская этнічнасць». У апошнім падраздзеле прасочваецца самавызначэнне беларусаў, гістарычная свядомасць, мова, этнічная свядомасць, асобна асвятляецца сітуацыя па веравызнаннях. Акрамя прац еўрапейскіх і польскіх вучоных, аўтар тут шырока выкарыстоўвае даследаванні беларускіх навукоўцаў як ХIХ, так і ХХ ст.

Гаворачы пра свядомасць селяніна–беларуса, аўтар адзначае, што яго ўяўленне пра навакольны свет мела «моцна выяўлены агістарычны характар», што адбівалася на асаблівасці беларускага фальклору, у якім, у параўнанні, напрыклад, з украінскім, мала песень і паданняў, дзе б культываваліся «традыцыі ўласнай палітычнай адметнасці ў грамадскім і мілітарным вымярэнні» (176). Са сказаным не цалкам можна пагадзіцца. Справа ў тым, што частка беларускіх фальклорных твораў гістарычнай тэматыкі супадае з украінскай: напрыклад, тэма барацьбы з татарскімі (турэцкімі) наездамі, якая яскрава адлюстравана ў нашых баладах і іншых творах. Скразным матывам праз многія творы прайшоў успамін пра даўнія войны з Кіеўскай Руссю (матыў паездкі «на Русь на вайну»), ёсць згадкі пра «турэцкую зямлю», «шведскую», «валошскую», пра шведскія капцы, паданні пра французаў і інш. Але нельга фальклорны гістарызм зводзіць да апісання канкрэтных падзей, асобаў, мілітарных чыноў і да т.п. Зусім не мілітарны жанр фальклору можа мець куды большае гістарычнае значэнне, калі ён набывае рысы этнавызначальнага фактару, чым рэдка прадстаўлены чыста гістарычны твор. У беларусаў асаблівым такім жанрам сталі невядомыя іншым славянскім народам валачобныя песні, як і валачобны абрад. Усюды, дзе жылі беларусы, як бы яны сябе ні называлі, на ўсёй этнічнай тэрыторыі ад Смаленска да Беластока, ад Трокаў да паўночнай Чарнігаўшчыны на першы дзень Вялікадня гучалі валачобныя песні, якія давалі малюнкі ідэальна наладжанага, заможнага мірнага жыцця, дзе на першым месцы — адвечныя каштоўнасці, адвечныя радасці, адвечная цыклічнасць зменаў. Валачобны абрад ладзіўся ў гонар пачатку старажытнага новага году на веснавое раўнадзенства. Калі ў нашым фальклоры недастаткова адбіткаў пэўных падзей недалёкага мінулага, то гэта па той прычыне, што беларусы спавядалі арыйскую філасофію цыклічнасці, і адмаўляліся ад лінейнага ўяўлення пра час, на якім будуецца сучасная гісторыя. На нашу думку, багатая і разнастайная фальклорная творчасць беларусаў можа быць і надзейным паказчыкам нашай этнічнай інтэграванасці, і ўсвядомленай носьбітамі, хоць можа нідзе не сфармуляванай, не выказанай словамі прыкметай нашай адметнасці, і сродкам падтрымання моўнай агульнасці, і шмат чым іншым.

Раздзел «Пратаганісты беларускасці ХIХ ст.» уключае аналіз поглядаў дзеячаў, якія паходзілі з незаможнай беларускай шляхты каталіцкага веравызнання, такіх як Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін–Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэскі і інш., творчасць якіх даволі добра вывучана беларускімі даследчыкамі. Асобна вылучаны падраздзел «Ад Каліноўскага да Багушэвіча», дзе аўтар даводзіць сваю нязгоду з высновамі беларускіх навукоўцаў, якім «Чачот уяўляецца найчасцей як паэт беларускі і польскі, Дунін–Марцінкевіч як творца беларускі, беларуска–польскі ці які піша па–беларуску і па–польску, затое дзвюм апошнім постацям (Каліноўскаму і Багушэвічу — Л.С.) прыпісваецца наогул беларускасць у яе сучасным (ці блізкім да яго) нацыянальным значэнні. Лічу, што такое разуменне па меншай меры некаторых з гэтых постацяў і іх творчасці з’яўляецца сведчаннем спрошчання тагачасных рэаліяў. Гэта асабліва датычыцца Каліноўскага, але таксама Багушэвіча, у значна меншай ступені Дуніна–Марцінкевіча» (206). Доктар Радзік уважліва аналізуе пісьмовую спадчыну нашых нацыянальных герояў і прыходзіць да высноў, якія, на нашу думку, зніжаюць, зазямляюць гэтыя вобразы. Магчыма, тут дзейнічае інерцыя суровага падыходу польскага боку да як–ніяк беларускага сепаратыста Каліноўскага, магчыма, маштаб гэтай постаці з польскага боку бачыцца іншым, чым з беларускага, пры ўсёй аб’ектыўнасці падыходу даследчыка. Ён піша: «Бясспрэчна, Каліноўскі быў тыповым прадстаўніком культурнага пагранічча. Злучаў у сабе — па неабходнасці трактаваны выбарачна — свет каштоўнасцяў, што выводзіцца з шляхецка–інтэлігенцкай польскасці і з блізкай яму народна–сялянскай беларускасці. Беручы пад увагу тагачасныя рэаліі, ён не быў, аднак, чалавекам нацыянальнага пагранічча. На нацыянальную свядомасць беларускага народа яго пісанні не паўплывалі, хіба што толькі на класавую свядомасць» (235—236). Думаем, што маштаб постаці Каліноўскага тут звужаны. Па сваёй адукацыі і жыццёвым вопыце, калі ўлічыць яго вучобу ў Пецярбургу, ён мог быць незалежны ад шляхецкай польскасці, што выразна і выявілася ў яго ўчынках і пісаннях. Калі б ажыццявілася тое, чаго жадаў Каліноўскі: беларуская зямля — беларусам–сялянам ва ўласнасць, рэлігія бацькоў унія — вернікам, беларуская мова зноў пісьмовая, дзяржаўная незалежнасць і ад Расіі і ад Польшчы, — што больш патрэбна для развіцця беларускай нацыі? Хай сабе ў гісторыі вырашае ўсё грубая сіла, хай сабе думкі Каліноўскага сталі зразумелыя і прынятыя праз дзесяткі гадоў пасля яго пакутніцкай смерці, для Беларусі ён застанецца героем, надзеленым міфічнымі рысамі, нібы ён паўтарыў шлях Хрыста: адданы свайму народу, здраджаны блізкім чалавекам, укрыжаваны (павешаны) ворагам–захопнікам пры абыякавасці ці варожасці тых, каго ён хацеў уратаваць, услаўлены пасля смерці. Ні адна гісторыя не абыходзіцца без міфаў. Тым больш патрэбны стваральныя міфы для народаў, нацыянальнае існаванне якіх усё яшчэ патрабуе абароны, змагання, ахвярнасці. Урэшце, беларускасць Каліноўскага даказана яго лістом з–пад шыбеніцы, яго апошнім словам, сказаным па–беларуску.

Падраздзел «Беларуская нацыянальная ідэя ў выданнях народнікаў, згрупаваных вакол пецярбургскай газеты „Гоман“» дае шмат звестак пра ідэйныя пошукі беларускай інтэлігенцыі ў другой палове ХIХ ст.

Высвятляючы прычыны слабасці (спозненасці) беларускага працэсу нацыянальнай крышталізацыі, Р.Радзік вылучае тры найважнейшыя: 1) змест беларускай народнай культуры, 2) структура грамадства, 3) палітыка тагачасных дзяржаўных уладаў у адносінах беларускага грамадства. Гэта здаецца нам не зусім слушным, паколькі багатая, па словах аўтара, фалькларыстычная культура беларусаў была, наадварот, грунтам беларускасці. Замыкаючыся ў фальклорнай прадзедаўскай культуры, народ ратаваўся спачатку ад паланізацыі, якой паддаліся сацыяльныя вярхі, потым ад паланізацыі і русіфікацыі, што дзейнічалі хоць і не разам, але адначасова і, па–сутнасці, аднолькава. Расшыфроўваючы змест ці характэрныя асаблівасці беларускай народнай культуры, аўтар адзначае «вельмі нізкі ўзровень гістарычнай свядомасці, трактаванне ўласнай мовы як «простай», непрыгоднай для друку і карыстання ёй сярод адукаваных культурных людзей, горшай за «панскую» пальшчызну і суадносную з уладай рускую мову» (257). На наш погляд, гэта даволі павярхоўнае сцвярджэнне. Ніхто ў ХIХ ст. спецыяльна не вывучаў механізмаў народнай аховы сваёй мовы. А яе бераглі, вучылі моладзь гаварыць правільна, не дапускалася «перакручвання» слоў, ужывання іншамоўных. Былы салдацік, што прызвычаіўся гаварыць «здзесь» замест «тут», атрымаў кплівую мянушку Здзясёк і памёр з ёй, усе яго так называлі, смеючыся; сястра папа, што «ўкідвала» ў размове рускія словы, атрымала мянушку Руская, так яе «за вочы» ўсе і называлі, кпілі з яе і да т.п. Уменне талкова, прыгожа гаварыць вельмі цанілася ў беларусаў, што знайшло адлюстраванне ў выслоўях, прымаўках і інш. А якая крыштальная высакародная мова нашых традыцыйных песень ды і ўсяго фальклору! Гэта сапраўдная літаратурная мова, але яна не была паказана яе носьбітам у пісьмовым выглядзе, таму і цяжка было яе параўнаць з польскай літаратурнай, «панскай» ці з рускім канцылярытам, з якім хіба беларусы найчасцей і сутыкаліся. Іншая справа, што беларуская мова не стварала такога значнага бар’еру пры сутыкненні яе носьбітаў з польскай і рускай мовамі, як літоўская са славянскімі, як славацкая з венгерскай, як славенская з нямецкай. Зусім слушна заўважае аўтар ролю рэлігіі ў нацыянальным працэсе: «Разам з ліквідацыяй уніі ў 1839 г. беларусы былі пазбаўлены таго грамадскага асяроддзя, якое стварала найбольшыя шансы для з’яўлення беларускага нацыянальнага руху» (261).

Доктар Рышард Радзік у сваёй змястоўнай, багатай на факты і высновы манаграфіі даў складаны панарамны малюнак жыцця беларусаў ХIХ ст., што «як гарох пры дарозе» трывалі паміж молатам расійскага імперыялізму і кавадлам польскай культурнай экспансіі. Беларусы на сваёй зямлі, што па волі божай стала гасцінцам Усход — Захад, не абароненай ні высокімі гарамі, ні вялікімі морамі, не аддзеленай ад суседзяў моўным бар’ерам, жылі без права называцца сваім імем і маліцца на роднай мове, раздзеленыя канфесійна, аднак зберагаючы ўласную культуру, асновы якой вынесены з індаеўрапейскай, агульнаславянскай духоўнай скарбніцы, на грунце якой яны павінны былі стварыць сучасную нацыю.

Вельмі пажадана, каб гэта каштоўная кніга была выдадзена па–беларуску і стала даступнай кожнаму, хто цікавіцца нашым мінулым, прычынамі нашых сённяшніх цяжкасцяў і стратаў, хто верыць у нашу будучыню.

Менск

Лія Салавей

Наверх

Тэгі: , , , ,