Лявон Юрэвіч. Беларуская кнігавыдавецкая дзейнасць у часе II сусветнай вайны
За гады акупацыі ў Беларусі па–беларуску выдавалася даволі значная колькасць газет і часопісаў самых розных кірункаў, палітычных платформаў[1] . Кнігавыдавецкая дзейнасць з цалкам зразумелых прычынаў не паспела набыць такіх памераў. Хоць планы — ды й пэўныя несумненныя здабыткі — у гэтай галіне былі. Вось, прыкладам, што піша ў сваіх успамінах Яўхім Кіпель: «Я ўлучыўся ў працу навуковага аддзелу, найперш аддаўшыся распрацоўцы праграмы друкаваньня падручнікаў для школаў. Быў арганізаваны мэтадалягічны камітэт, у які ўвайшлі дзясяткі дзейных настаўнікаў, некалькі навукоўцаў, ды былі падабраныя аўтары падручнікаў. За першы год мы запусьцілі ў апрацаваньне каля 15 падручнікаў і 4 слоўнікі»[2] і крыху далей: «Пры газэце «Голас Вёскі» мы пачалі рыхтаваць брашуры сельскагаспадарчага зьместу ў дапамогу селяніну. Увесну 1944 г. у друк было здадзена 6 кніжачак, якія мусілі выйсьці 25–тысячным тыражом кожная. Попыт на такую літаратуру быў вялікі. У некаторых месцах нават былі адчыненыя кіёскі з падобнымі выданьнямі»[3].
Нягледзячы на тое, што ў Берліне беларусы былі зусім непрацяглы час (ды які — у плане гістарычным!), нямала выданняў пазначана гэтым горадам: «У значна большай меры пачалося беларускае кнігадрукаваньне на Захадзе ў час другой сусветнай вайны. У канцы 1939 г. у Берліне стала выдавацца беларуская газета «Раніца», якая выходзіла да 1945 г. Пры «Раніцы» пачалі друкавацца беларускія кнігі. Адной з першых, а магчыма і першай была брашура Міколы Шкялёнка «Экономічны нарыс Беларусі» (Бэрлін, 1940). Крыху пазней у Берліне выйшлі гэткія публікацыі: Ніна Абрамчык. Беларусь у песьнях (1942), Гісторыя Беларусі ў картах (1942).
У 1944 г. у Берліне ў сэрыі «Народная бібліятэчка» выйшлі наступныя кніжкі:
1. Юрка Віцьбіч. Нацыянальныя сьвятыні.
2. Уладзімер Глыбінны. Смаленшчына — адвечная зямля беларускага народу: Гістарычны нарыс.
3. Арцём Музыка. Прыгоды Панаса і Тараса.
4. Юрка Віцьбіч. Вяліскія Паўстанцы. Геньдзікаўскія змагары.
5. Лявон Радзіміч. Адам і Ева. Чабор: Апавяданьні.
6. Мікола Шчаглоў. Беларуская музычная культура.
7. Дудар і іншыя апавяданьні.
8. Сураў. Нямецкая мэдыцына ў барацьбе з бічом людзкасьці.
Тады ж у Берліне ў сэрыі «Бібліятэчка Калінаўцаў» пад №1 выйшла кніжка В. Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу» (1944).
У Берліне былі выдрукаваныя кнігі: У. Жылка. Тэстамэнт (1944); К. Езавітаў. Беларуская цэнтральная рада (1944); брашура «Беларускі народ зневажняе бяспраўныя пастановы» (1945)
У прозе ў часе вайны выйшла некалькі меншых публікацыяў — прыкладам, «Курс зь гісторыі Беларусі» Янкі Станкевіча, «Лекцыі зь Беларускай культуры» д–ра Івана Ермачэнкі, а таксама кнігі большага аб’ёму: Якуб Колас. Сымон Музыка (Прага, 1942); Ларыса Геніюш. Ад родных ніў (Прага, 1942); Беларускія (крывіцкія) песьні для соля, дуэту, квартэту (Прага, 1943)»[4].
Надрукаванае за часы вайны ў Беларусі дае падставы казаць пра прыярытэтныя кірункі адраджэння беларускай кнігавыдавецкай дзейнасці: падручнікі і праграмы для школ, беларуская мова, рэлігія ў роднай мове, новае — прабеларускае і антытаталітарнае — прыгожае пісьменства, фальклор.
Гэтая бібліяграфія, складзеная на падставе калекцыі, сабранай дырэктарам Беларускага інстытута Навукі і Мастацтва (Нью–Ёрк) др. Вітаўтам Кіпелем, без аніякага непатрэбнага маралізатарства ці (сама)апраўдання, гаворыць за тыя ідэі і памкненні, што валодалі беларускімі дзеячамі ў 1941—1945 г.[5]
1941
1. Каляндар 1942. Менск, 1941.
На кожны дзень адна старонка; лічбай пазначаныя тыдні, нумарамі дні ад пачатку і да канца года, адна старонка для нататак і дзве старонкі для адрасоў і тэлефонаў. Цвёрдая вокладка. Унутраныя старонкі вокладкі — табель–каляндар.
2. Народны Каляндар на 1942 г. Менск: Выданне Беларускай Народнай Самапомачы, 1941. Анатацыя ў „Беларускай Газэце“ (Менск). 1942. №55(75). 1 жніўня.
3. Праграма беларускай мовы для народнае школы / Інспэктарыят беларускіх школ пры генэральным камісары Беларусі. Праект. Менск: Краёвая Друкарня, 1941. 15 с.
4. Праграма прыродазнаўства для народнае школы. Менск: Краёвая Друкарня, 1941.
5. Праграмы для народнай школы. 1941 / “Новы Шлях”. 1943. № 18(30), верасень. С. 9.
6. Rešec, J. Ks. Dr. Karotki katechizm dla Bielarusaŭ–Katalikoŭ. Wyd. 2. Miensk: Drukarnia Mienskaje haradzkoje Uprawy, 1941. 45 s.
На вокладцы зазначана: Wydawiectwa Ks. Dr. St. Hlakoŭskaha. Першае выданне было ў Вільні ў 1927 г. Віленскае выданне 1927 г. было без зменаў перавыдадзенае ў ЗША ў 1977 г. кс. Ф. Чарняўскім.
1942
7. Аляхновіч, Ф. У кіпцюрох Г.П.У. Менск, 1941 ці 1942.
8. Дажынкі, 1942. Менск, 1942.
Наклейка ў колеры бел–чырвона–зялёным. Сноп абвіты вянком і пераплецены бел–чырвона–белым сцягам. Свята абходзілася ў кастрычніку 1942 г.
9. Праграма фізычнага ўзгадаваньня. Для беларускіх народных школаў. Менск, 1942. 32 с. Паводле „Голас Вёскі“. 1942. №1(14).
10. Самохін, Т. Непагодны вечар. Раманс. Словы М. Багдановіча. Рыга: Выданне К. Езавітава, 1942. 4 с.
11. Станкевіч, Я., др. Крыўя—Беларусь у мінуласьці. Менск: Выданне Беларускае Народнае Самапомачы, 1941 ці 1942. 67 с. Адбітка з «Менскай Газэты». 12.11.1941—31.1.1942.
1943
12. Biełaruski lemantar. Мiеnsk: Vyd–va padrucnikaŭ і litaratury dla moladzi, 1943. Паводле „Новы Шлях“. 1943. №12(24).
13. Вясна–красна. Зборнічак веснавых беларускіх народных песьняў. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. Паводле „Новы Шлях“. 1943. №10(22).
14. Dabrynskaja, Z. i M. Zavuścinski. Zbornik arytmetyčnych zadačau i prykładau na II klasu narodnaje škoły. Miensk: Vyd–va padručnikaŭ i litaratury dla moladzi, 1943. 104 s. Тыраж 50 000.
Dabrynskaja, Z. і P. Syrynski. Zbornik arytmetyčnych zadačaŭ i prykładaŭ na I klasu narodnaje škoły. Miensk: Vyd–va padručnikaŭ і litaratury dla moladzi, 1943. 88 s. Тыраж 50 000.
15. Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песьняў. Улажыў М. Шчаглоў. Менск, 1943. 36 с. (Прага, К 620).
16. Kisiel, P. Biełaruski lemantar. Miensk: Vyd–va školnych padrucnikaŭ i litaratury dla moladzi, 1943(?). 96 s. Паводле „Беларускі Голас“. 1944. №102.
17. Ластоўскі, В. Што трэба ведаць кожнаму беларусу. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. Выд. 2. Пашырыў Я. Найдзюк. Паводле „Новы Шлях“. 1943. № (22).
18. Лёсік, Антон. Беларускі правапіс. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 60 с.
19. Losik, Anton. Biełaruski pravapis. Miensk: Schul– und Jugendverlag, 1943. 72 s. Перавыдадзена ў ЗША а. Ф. Чарняўскім у 1962 г.
20. Покліч (Наваградак, Беларуская Настаўніцкая Сэмінарыя). Школьны часапіс. 1943. № 1. Паводле: „Новы Шлях“. 1943. №24(36). Снежань.
21. Станкевіч, Я. Кніжка вучыцца чытаць і пісаць. Для пачатковых школаў. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 48 с.
22. Страявы вайсковы статут / Пераапрацаваў зь нямецкага вайсковага статуту (Ausbildungsvorschrift fur die infanterie. Heft 2) падпаручык арт. Мікула Віталі. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 31 с.
Уступная зацемка галоўнага кіраўніка БНС д–ра Ермачэнкі, прадмова капітана Кушаля.
23. Тарашкевіч, Б. Беларуская граматыка. Выд. 6. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 104 с.
Прадмова да 6–га выдання датаваная жніўнем 1942 г. Тыраж 100 000 экз.
Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песьняў / Уклад. М. Шчаглоў. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 36 с.
У зьмесьце 30 песьняў.
24. Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік / Прадмова А. Кецко. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, Schul– und Jugendverlag, 1943. 176 с.
Прадмова падпісаная: Менск, 5.11.1942. Пераклады Н.Арсенневай. „Новы Шлях“, № 12(24), 1943.
25. Юнацкі сьпеўнік. Менск, 1943(?). 31 с.
Песні з нотамі. На вокладцы эмблема СБМ.
1944
26. Аляхновіч, Францішак. Круці, ня круці — трэба памярці. Сцэнічны гротэск у шасьцёх абразкох з пралёгам. Менск: Выданьне часапісу „Новы Шлях“. 1944. 79 с.
27. Арсеньнева, Натальля. Сягоньня: Вершы: 1941—1943. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 127 с.
Друкарня Аўшра ў Вільні. Дазвол да друку ў нямецкай мове. Партрэт аўтаркі.
28. 25 Сакавіка. 1918—1944. Менск, 1944.
Наклейка з надпісам: 25 Сакавіка. 1918 — 1944. Шчыт з „Пагоняй“ і бел–чырвона–белы сцяг над „Пагоняй“.
29. Лебяда, Тодар. Песьні выгнаньня. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 32 с.
Зборнік друкаваўся, відавочна, у Вільні, як вынікае з рэцэнзіі ў: Беларуская Газэта (Менск). 1944. № 23(241). 22 сакавіка.
30. Найдзюк, Язэп. Беларусь учора і сяньня. Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Выд. 2, пашыранае. Менск, 1944. 303 с.
31. Песьняры Случчыны. Зборнік вершаў / Пад рэд. Ул. Клішэвіча; прадмова П. Манькова. Слуцак, 1944. 234 с.
Вершы Ўладзімера Клішэвіча, Лявона Случчаніна, Янкі Золака, Арыстарха Крата, Васіля Блакітнага, Леаніда Гая, Базыля Явара. „Газэта Случчыны“ (Слуцак). 1944. 8 лютага.
32. Салавей, Алесь. Мае песьні. Зборнік лірыкі. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 94 с.
Партрэт аўтара. Змест: Узыдзе ранак…\ і заплакалі сумныя далі\ Так блізка…\ На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса (паэма).
33. Случанін, Лявон. Рагнеда. Паэма. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 63 с.
Ілюстрацыі мастака В. Дрэмы. Прысвячэнне: “Юначкам Саюзу Беларускай Моладзі прысьвячаю”. Перавыдадзена: Аўстралія, 1958; Слуцак, 1994.
34. Станкевіч, Я. пры ўчасьці Ант. Адамовіча. Маленькі маскоўска–беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску, 1944. 151 с.
35. Статут Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай царквы, прыняты Усебеларускім Царкоўным Саборам 30.8. — 2.9.1942. Менск, 19 траўня 1944. 17 с.
Подпісы: Мітрапаліт Панцеляймон; Бэнэдзікт, Архіяпіскап Беластоцкі і Горадзенскі; Філафей, Архіяпіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі; Іоанн, Архіяпіскап Палескі і Берасьцейскі; Афанасі, Япіскап Віцебскі і Полацкі; Сьцяфан, Япіскап Смаленскі і Бранскі; Грыгоры, Япіскап Гомельскі і Мазырскі; Павел, Япіскап Рослаўскі. Выданне „Царкоўнага Сьветача“ — дадатак да артыкула „Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква“. ЗША. Гл. Статут, 1955. У Берліне ўвосень 1944 г. зробленая фатаграфічная адбітка ў колькасці 10 экз. Разам з „Статутам“ падшытыя: Дадатак да §24 „Статуту“ і „Указ Сьвятога Сынода Беларускай Праваслаўнай Царквы“.
36. Taraškievič, B. Biełaruskaja hramatyka. Miensk: Vyd–va školnych Padručnikaŭ i Litaratury dla Dziaciej, 194(?). „Biełaruski holas“. 1944. № 102.
[1] Жумарь С. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. Мiнск, 1996.
[2] Кіпель Я. Эпізоды. Нью–Ёрк: Беларус, 1998. С. 213.
[3] Тамсама. С. 222.
[4] Кіпелі З. і В. Беларускі друк на Захадзе // Albaruthenica—Беларусіка.
[5] Культура Беларускага замежжа: Беларуска–амерыканскія гістарычна–культурныя ўзаемадачыненні. Мінск, 1995. С. 50—51.