Андрэй Пятчыц. Пашырэнне праваслаўя ў Беларусі ў сярэдзіне — другой палове ХIХ ст.
Входит некто православный,
Говорит: Теперь я главный!
І.Бродскі
У папулярнай расійскамоўнай літаратуры мінулага стагоддзя падзеі, звязаныя з умацаваннем і распаўсюджваннем праваслаўя на тэрыторыі Паўночна-Заходніх губерняў, звычайна падаюцца як нейкае адзінае і маналітнае парыванне «отчужденной братии» да вытокаў сваёй гісторыі і культуры. На самай жа справе гэты працэс меў намнога больш складаны і шматгранны характар. Апрача прызнання выразных поспехаў у распаўсюджванні праваслаўя на гэтых землях, ён выклікаў супярэчнасці і сумненні не толькі ў дэмакратычна скіраваных колах грамадства, але і ў асяродку непасрэдных выканаўцаў імперскай палітыкі. «Добраахвотнае» вяртанне мясцовых жыхароў-уніятаў ва ўлонне расійскай праваслаўнай царквы ў 1839 г. было, па сутнасці, толькі пачаткам цэлага шэрагу мерапрыемстваў, скіраваных на фактычнае ўсталяванне праваслаўя ў краі. Ужываныя адміністрацыяй меры з самага пачатку так разыходзіліся з абвешчанымі імперскай прапагандай заклікамі пра брацкае адзінства беларусаў і вялікарусаў, што не маглі не выклікаць пэўнай рэакцыі ў тых грамадскіх колах, якія мелі непасрэднае дачыненне да таго, што адбывалася. Двухаблічнасць урадавых дзеянняў выклікала негатыўнае стаўленне нават шмат у каго з тых, хто меў дачыненне да ажыццяўлення гэтых дзеянняў. Менавіта гэтым тлумачыцца той факт, што шмат хто з дзяржаўных чыноўнікаў, разумеючы выгаднасць ужываных мераў для расійскіх інтарэсаў у цэлым, даволі крытычна (а часам і не хаваючы пагарды) ставіўся да непасрэдных выканаўцаў гэтых мерапрыемстваў. У асабліва складаным становішчы апынулася «воссоединенное» з уніятаў мясцовае духавенства. Гэтыя святары, абавязаныя займацца душпастырскай дзейнасцю паводле сваёй службы (хто пад націскам, хто з карыслівых меркаванняў, а хто проста з-за сваёй сацыяльнай пасіўнасці), былі ўцягнутыя ў палітычныя гульні імперыі. Усё гэта адразу ж выявілася ў разнастай ных абвінавачваннях на іх адрас. Адна з галоўных асобаў распаўсюджвання ўплыву праваслаўя ў краі — Іосіф Сямашка — у сваім поўным адчаю лісце Маскоўскаму мітрапаліту Філарэту пісаў: «…я получал неоднократно удары, не зная, откуда они направлены. Я не знаю: кто действовал против меня по личному недоброжелательству, а кто по заблуждению; кто как орудие польско-католической партии, а кто по собственным видам или мелочной зависти и самолюбию? Да судит их Бог и собственная их совесть! …я ожидаю одного лишь страдания, одних препятствий с той именно стороны, откуда должен ожидать помощи и защиты; когда за приготовленную погибель подарят меня разве гримасой фарисейского сожаления; когда, вероятно, будут чернить имя мое и станут преследовать его клеветой даже за гробом…»[1].
І сапраўды, аўтарытэт кіраўніка праваслаўнай царквы ў Паўночна-Заходнім краі ў вачах сучаснікаў быў не вельмі высокі. Нават тыя, хто, па логіцы, павінны былі быць яго найбліжэйшымі саюзнікамі, ставіліся да Сямашкі паблажліва. І.Бібікаў 2-гі (брат генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Д.Бібікава), які выконваў абавязкі віленскага генерал-губернатара ў канцы 1840 — пачатку 1850-х г., не саромеючыся, публічна называў правялебнага Іосіфа «простым, но хитрым попом, который во всех своих поступках имеет личные виды»[2].
Такое стаўленне генерал-губернатара да мітрапаліта Літоўскага цалкам вытлумачальнае. Сам Сямашка ў дакладной запісцы на імя обер-пракурора Найсвяцейшага Сінода графа М.Пратасава[3] характарызуе Бібікава 2-га як чалавека, што «подобно многим у нас великороссам, покровительству ет нескольким древлеправославным попам и порицает воссоединенное ведомство»[4]. І хоць І.Бібікаў 2-гі не карыстаўся ў сучаснікаў рэпутацыяй сур’ёзнага і разумнага чалавека, такое стаўленне генерал-губернатара да кіраўніка мясцовай праваслаўнай ерархіі сведчыла шмат пра што…
Не меў Сямашка вялікага аўтарытэту і сярод сваіх калегаў — праваслаўных ерархаў. Шмат хто з уладыкаў выказваўся пра яго з непрыхаванай пагардай. Напрыклад, кіраўнік палтаўскай праваслаўнай епархіі епіскап Гедэон называў яго «Иудою предателем»[5].
Таму не даводзіцца здзіўляцца, што стаўленне да праваслаўя не было аднастайнае і сярод больш шырокіх пластоў мясцовых жыхароў. У некаторых рэгіёнах краю карэннае насельніцтва ставілася да распаўсюджвання праваслаўя не хаваючы варожасці. Той самы І.Сямашка, наракаючы на ўскінутыя на яго абавязкі перанясення цэнтра епархіі ў Вільню, характарызуе сталіцу рэгіёна як горад, «кипящий ненавистным фанатизмом против православных, лежащий вне круга православного населения». Пры гэтым ідэя ўрада наконт пераносу епархіяльнага ўпраўлення ў палітычную, культурную і рэлігійную сталіцу краю здавалася мітрапаліту Літоўскаму «крайним отягощением для всех лиц, принадлежащих к этому управлению, и для большей части прочего духовенства! »[6].
Стаўленне асабіста да Сямашкі з боку некаторых дзяржаўных чыноўнікаў і царкоўных ерархаў можна растлумачыць той непрыстойнай роляй, якую ён выканаў у ліквідацыі Уніі. Што да рэакцыі мясцовага насельніцтва на ўмацаванне пазіцый непасрэдна праваслаўнай царквы ў Паўночна-Заходнім краі, то яна ўзмацнялася яшчэ і тым, што дзеянні адміністрацыі ў гэтай галіне вельмі часта насілі выразна далёкі ад рэлігійных мэтаў характар. Яны грунтаваліся, у першую чаргу, на знешне- і ўнутрыпалітычных інтарэсах імперыі, а не на шчырым імкненні да ўзнаўлення «русской духовности» ў заходніх губернях. Яскравае сведчанне сапраўднага характару імперскай палітыкі ў Паўночна-Заходнім краі змяшчаецца ў сакрэтным звароце таго самага мітрапаліта Сямашкі да обер-пракурора Найсвяцейшага Сінода графа Пратасава ўзімку 1855 г.: «Теперь дело не о Православии, не о народности западных губерний, но о настоящем политическом положении государства — и молчание с моей стороны об указанном выше было бы преступно. Не мне одному известно, что уже накануне последнего польского мятежа еще не верили людям, предостерегавшим об оном. Кто же может уверить, что латино-польская партия не имела в виду нынешних событий, при устройстве, столь сильного своего преобладания в здешней стране. Я не говорю, чтобы эта партия сама собою была теперь столь сильна материально, дабы слишком беспокоить правительство. Но, в случае движения на Россию всего Запада, не приготовлено ли в здешней стране для врагов самое благоприятное управление? и не лишено ли правительство нужных орудий для полезного в ней действия, во все течения могущих продолжаться военных происшествий, и в случайных обстоятельствах?»[8].
Асабліва шмат складанасцяў у распаўсюджванні праваслаўя імперская адміністрацыя сустрэла на тэрыторыі Літоўскай праваслаўнай епархіі, пад юрысдыкцыю якой уваходзіла большая частка сучаснай Беларусі. Як вынікае з прыватнага ліставання мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, увядзенне праваслаўя на гэтых землях мела пэўныя цяжкасці яшчэ і таму, што «…семьсот тысяч Православных разбросаны по трем губерниям, среди полутора миллиона одних Римских Католиков… В Литовской [епархии] вся паства почти исключительно состоит из воссоединенных. Сами воссоединенные в других епархиях не столько было отступили от русской народности и постановления Восточной Церкви, как в Литовской, бывшей преимущественно под продолжительнейшим влиянием иноверчества и иноземства. Очевидно, что я имею и большее право и большую обязанность — просить правительство о преимущественном охранении Литовской паствы от влияния господствующих здесь чуждых элементов. Мне одному это не по силам»[9].
Зварот Сямашкі па дапамогу да ўрада імперыі зусім вытлумачальны: не выклікае сумненняў, што каталіцтва ў краі на гэты час пусціла ўжо даволі глыбокі карані. Таму ўмацаванне праваслаўнай традыцыі на мясцовай глебе развівалася даволі складана, часам ствараючы двухсэнсоўныя сітуацыі. Напрыклад, мітрапаліт Сямашка, звяртаючыся да графа Пратасава ў 1846 г., піша, што яму было б мэтазгодна паехаць з Вільні ў правінцыю, бо «…этим я избегну Виленской масленицы, продолжающейся и первые дни нашего (паводле ўсходняга календара. — А.П.) поста, а также устранюсь на нынешний год от известного богослужения в неделю Православия (якое суправаджалася анафемаю немачам праваслаўнай царквы. — А.П.) — оно теперь было бы некстати — а полезнее ли, чем вреднее, будет в следующем году, покажут обстоятельства»[10].
Тады ў асяродку праваслаўных святароў нават высокага ўзроўню часам выразна выяўляліся сімпатыі ў дачыненні да скасаванай уніі. У лісце, датаваным 1864 г., нехта расіянін, якога цытуе ў адной з сваіх прац А.Мілавідаў, піша, што паводле загаду рэктара Полацкай духоўнай семінарыі Анатоля Станкевіча ў вучнёўскіх залах і класах былі павешаны партрэты вядомых уніяцкіх святароў: Цярлецкага (Terlecki Cyryl), Пацея (Pociej /Potij/ Adam), Грабніцкага (Hrebnytsky Florian /Hrebnyc’kyj Florijan/)[11] і інш. «Восхваляя перед учениками их достоинства и указывая на них своими украшенными перстнями пальцами (відавочна, заходняя традыцыя. — А.П.), ректор приговаривал со вздохом: „Вот то были владыки, настоящие крулики (каралевічы. — А.П.)!»»[12]. Гэтыя партрэты прыбралі з семінарыі ў 1865 г. паводле загаду самога генерал-губернатара Мураўёва[13].
Няпроста складваліся дачыненні з імперскай адміністра цыяй і ў шэраговага праваслаўнага кліру заходніх губерняў. «Воссоединенные» святары часам выказвалі адкрытую нязгоду з палітыкай, якая праводзілася імперыяй. Найбольшае незадавальненне ў іх выклікала рашэнне Найсвяцейшага Сінода ад 1859 г. накіроўваць у гэты край з вялікарускіх губерняў святароў «известных своим поведением и ученостью, в виде миссионеров (sic! — А.П.) для укрепления в православии присоединенных к восточной церкви»[14]. Гэтае рашэнне найвышэйшай царкоўнай улады імперыі выклікала незадавальнен не і ў мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, які лічыў, што вернікі гэтага рэгіёна (нават грэка-католікі) мелі той самы ерархічны парадак, тое самае богаслужэнне, тыя самыя дагматы, што і руская праваслаўная царква, за выняткам двух адрозненняў — у філіёкве (багаслоўскай праблеме пра паходжанне Святога Духа) і ў прымаце рымскага біскупа. Па меркаванні мітрапаліта Сямашкі, пасля далучэння мясцовыя праваслаўныя знаходзіліся ў безадгаворачным падпарадкаванні рускай праваслаўнай царкве і яе пастырам. Літоўскі мітрапаліт лічыў, што выкараненне некаторых неістотных асаблівасцяў царкоўнага жыцця, якія існавалі ў краі, прывяло б не да аб’яднання праваслаўнай царквы, а да яе расколу. Накіраванне святароў у якасці місіянераў з вялікарускіх губерняў мітрапаліт Іосіф лічыў шкодным з-за шмат якіх прычынаў і адначасова прапаноўваў выкарыстоўваць у гэтых мэтах «древлеправославных» святароў з Полацкай і Літоўскай епархій як знаёмых з мясцовай мовай і асаблівасцямі культуры. І.Сямашка змог затрымаць гэты працэс толькі да 1863 г., калі з ініцыятывы М.Мураўёва пачаўся перыяд масавай міграцыі расійскіх святароў у Паўночна-Заходні край. Мясцовы клір гэтую акцыю расцаніў як адхіленне яго ад выканання сваіх святарскіх абавязкаў. Практыка пераводу вялікарускіх святароў у заходнія губерні атрымала такое развіццё, што нават выклікала неабходнасць перасцярогі з боку царкоўнага кіраўніцтва. Так, у сваім лісце магілёўскаму біскупу Яўлампію Маскоўскі мітрапаліт Філарэт напісаў у пачатку 1865 г.: «Неужели требуете, чтобы воссоединенных совсем не было на службе? Куда девать тех, которые есть? Воссоединенного священника, любимого прихожанами за честную службу и жизнь, отрешать от прихода неудобно и сие значило бы не успокаивать, а раздражать. Такого, а через него приход, надобно советом и надзором соблюдать от ветхого кваса унии»[15].
Мясцовае духавенства (як праваслаўнае, так, натуральна, і рыма-каталіцкае) варожа ставілася да прышэльцаў. Іх у асяродку карэннага духавенства называлі «наездом»[16], і займелі яны рэпутацыю людзей не толькі прагных, але і з ніжэйшай культурай[17].
Пэўны час думку пра немэтазгоднасць і нават шкоднасць прыезду ў Паўночна-Заходні край вялікарускіх святароў падтрымліваў і вядомы прафесар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі М.Каяловіч, нараджэнец Гродзенскай губерні, меркаванні якога па праблемах краю высока цаніліся ў імперыі[18]. Ён лічыў, што тыя, хто наважыўся на такі пераезд, — далёка не лепшыя прадстаўнікі расійскага праваслаўнага духавенства; яны не вядомыя мясцоваму начальству, таму магчымыя шматлікія памылкі пад час іх прызначэння; яны не ведаюць мясцовай мовы і побыту; мясцовае насельніцтва аддавала перавагу мясцовым нараджэнцам; і ўвогуле прышэльцы не ў стане замяніць сабой мясцовых, больш адукаваных святароў. Як меркаваў Каяловіч, бальшыня тых святароў, якія прыехалі, настолькі амаральныя, што не толькі заслугоўваюць, але ўжо і былі зняволеныя ў кляштарах[19].
Яшчэ адной істотнай прычынай прыезду ў заходнія расійскія епархіі вялікарускіх святароў было тое, што тут да сярэдзіны другой паловы ХIХ ст. не засталося ніводнага архірэя з мясцовых нараджэнцаў. Таму атрымала распаўсюджванне практыка запрашэння новапрызначанымі ўладыкамі сваякоў і знаёмых на працу ў лепшыя парафіі. Асабліва вызначыўся ў гэтым віленскі вікарны біскуп Іосіф, пераведзены пазней на Смаленскую катэдру.
Усё гэтае прывяло да ўтварэння антаганізму паміж праваслаўным духавенствам краю, якое падзялілася на два процілеглыя лагеры. Часам даходзіла і да выразных сутычак. Так, М.Каяловіч згадвае пра нейкі вучылішчны з’езд праваслаўных святароў, дзе дэпутаты падзяліліся на дзве часткі, абзываючы адно аднаго «москалями-кацапами» і «поляками-униатами»[20].
Наяўнасць такіх рознагалоссяў і праблемаў, натуральна, не спрыяла ўмацаванню аўтарытэту праваслаўя сярод мясцовага насельніцтва. На думку мітрапаліта Маскоўскага Філарэта, сувязь «воссоединенного» духавенства з яго паствай, якая ацэньвалася даволі высока пад час уз’яднання і якая павінна была б умацоўвацца з часам, атрымалася, наадварот, нетрывалай[21]. Віной гэтага было, перш за ўсё, адміністрацыйнае выкарыстанне праваслаўнай царквы ў выразна палітычных мэтах[22]. У той жа час рэлігійныя ўрачыстасці каталікоў не толькі прываблівалі мноства мясцовых праваслаўных жыхароў, але часам служылі нагодай для змены канфесіі. Напрыклад, у 1859 г. адбыўся ўрачысты перанос у г. Янаў (Janów Podlaski) мошчаў пакутніка Віктара, атрыманых рыма-каталіцкім біскупам Веніямінам Шыманскім ад папы Пія IХ. Вестка пра гэта хутка разышлася па ўсім рэгіёне і пад час урачыстасцяў, прысвечаных гэтай падзеі, шмат хто з вернікаў-праваслаўных перайшлі ў лацінскі абрад. І хоць у большай ступені гэтая з’ява тычылася тэрыторыі Царства Польскага, яна выклікала пэўную рэакцыю і ў заходніх губернях: у Літоўскай епархіі ў парафіі вёскі Кляшчэлі «совращено было в латинство до 300 человек», а ў вёсцы Кляніцы жыхары «оказали сопротивление совершению крестного хода по чину православной церкви»[23].
Расійская адміністрацыя зразумела небяспеку такіх з’яваў і прыклала заўважныя высілкі ў залучэнні сімпатый вясковага насельніцтва на свой бок. Апазіцыйная газета «Колокол», іранізуючы над спробамі царскай адміністрацыі «сыграть» на «крестьянском вопросе», ужо ў самым пачатку паўстання 1863—1864 г. апублікавала пад назвай «Правительственная пугачевщина» зварот генерал-губернатара Паўночна-Заход няга краю В.Назімава. У сваёй прамове, спекулюючы пастановамі Маніфеста ад 19 лютага 1861 г.[24], на які сяляне ўскладалі вялікія спадзяванні, Назімаў пераконваў сялян спрыяць «охранению в крае общественного спокойствия» і тым самым «…содействовать для собственной вашей пользы скорейшему открытию действия проверочных комиссий, которые должны окончательно устроить ваш поземельный быт, и коих учреждение было бы замедлено и затруднено возникновени ем беспорядков»[25].
У першыя месяцы паўстання шалі далучэння сялян на свой бок вагаліся даволі заўважна. Вось якую трывожную ацэнку тагачаснай сітуацыі мы знаходзім у газеце «Северная Пчела»: «Нужно знать, что литовское (маецца на ўвазе сельскае насельніцтва заходніх губерняў. — А.П.) крестьянство, которое польские агитаторы всячески старались склонить на свою сторону, стало в последнее время колебаться, уступая фанатическому красноречию ксендзов и агентов центрально го комитета, пустившего корни, как видно, и на литовской почве. 19 февраля наступило, а настоящей свободы все еще нет (выдзелена ў арыгінале. — А.П.)»[26].
І сапраўды, невыкананне расійскім урадам пастановаў Маніфеста ад 19 лютага 1861 г. было адным з самых важкіх аргументаў паўстанцаў у залучэнні сельскіх жыхароў на свой бок. У сваіх адозвах пад назвай «Мужыцкая праўда» (Mužyckaja praчda), якія з’явіліся ўжо ў самым пачатку паўстання ў мястэчках і вёсках усяго краю, цэнтральны літоўскі паўстанцкі камітэт ад імя «Яські, гаспадара з-пад Вільні»[27], на простай мове[28] пераконваў сялян далучыцца да паўстанцаў, каб «сражаться с москалями и освобождать отечество»[29].
У адказ на прапаганду паўстанцаў расійская адміністра цыя спланавала і правяла масавую кампанію выяўлення сялянамі сваіх вернападданніцкіх пачуццяў. Пры падрыхтоўцы і правядзенні гэтай кампаніі асноўны разлік быў зроблены на рэлігійныя пачуцці мясцовых сялян і на іх спадзяванні, звязаныя з Маніфестам ад 19 лютага 1861 г. Праваслаўнай царкве пад час ажыццяўлення гэтай акцыі была аддадзена адна з галоўных роляў. Увесну 1863 г., з ініцыятывы Міністэрства ўнутраных справаў імперыі, разам з спецыяльна складзеным тэкстам «Всеподданейшего Адреса» быў разасланы прыкладны тэкст казані, звернутай «К временнообязанным крестьянам, по случаю получения ими полной личной свободы 19 февраля 1863 г.»: «Предлагается молиться за Царя-Освободителя, но есть еще один способ сколько-нибудь возблагодарить вашего Освободителя. Душа его теперь болезнует от восстания против Него ваших недавних владельцев польских; они хотят отделить наш край от родной и единоверной России, вырвать его от покровительства православного Царя русского, вашего Освободителя и, может быть, снова закабалить вас в то тяжкое рабство, от которого вы ныне освобождены Им. Они уже просили об этом Царя и даже осмелились сказать в этой просьбе, что вы сами желаете отделиться от Него, от России и присоединиться к Польше. Вижу Ваше всеобщее негодование при одном известии об этой гнусной, взведенной на вас клевете перед Освободителем; верю от всей души, что вас оклеветали перед Царем нашим; но Он-то, Отец наш, почем знает, что это клевета, пока мы сами не скажем, что это точно клевета. Что же нам делать, спросите вы? А вот что: напишем на бумаге, что нас перед Царем оклеветали, что мы клянемся за себя и наше потомство жить и умереть под властью нашего Освободителя и Его преемников русских Государей в одной семье с родною и единоверною Россиею, а Польши и польских панов и знать не хотим, — и пошлем эту бумагу к Самому Царю. Примечание: Когда после этой речи последует взрыв единодушного согласия на подпись адреса, тотчас же представить его и подписывать. Можно это сделать после молебна, лучше перед молебном. Речь должна быть читана на память, без тетрадки, а во всяком случае без печатного лоскутка, потому что весь процесс дела должен быть покрыт глубокою тайною для врагов наших, доведомою одному Богу»[30].
Такім чынам малапісьменныя сяляне-вернікі звязваліся клятвай на вернасць расійскаму імператару. Гэтая клятва, дадзеная перад алтаром, на нейкі час магла быць гарантам таго, што сельскае насельніцтва масава не падтрымае паўстанцаў, а тым самым дасць ураду магчымасць выйграць час і, сабраўшы сілы, задушыць паўстанне на самым пачатку. Разлік спраўдзіўся: калі б мясцовыя сяляне ў той час не мелі пэўных ілюзій у дачыненні да Маніфеста наконт адмены прыгону, то расклад сіл у паўстанні мог бы скласціся не на карысць урада. Сяляне настолькі прасякнуліся пачутымі з амбонаў прамовамі, што ў самы складаны перыяд паўстання ў чэрвені 1863 г. М.Мураўёў нават прыняў рашэнне наконт утварэння для барацьбы з паўстанцамі ўзброеных «сельских караулов»[31]. Асабліва актыўна гэтыя каравулы дзейнічалі ва ўсходніх раёнах краю, дзе ўплыў каталіцтва быў традыцыйна слабейшы.
Але ўжо праз некалькі гадоў пасля задушэння паўстання і заканчэння перыяду рэпрэсій стаўленне мясцовых жыхароў да ўсяго расійскага стала мяняцца. Шмат якія сяляне-белару сы, асабліва ў заходніх раёнах краю, пры канцы 1860-х — пачатку 1870-х г. не хаваючыся шкадавалі, што не падтрымалі паўстання 1863—1864 г.: «Не вовремя тогда паны бунт сделали; ах, если бы теперь случилось то, о чем мы думаем, тогда бы все пошли воевать»[32]. З сярэдзіны 1860-х г. мясцовыя жыхары пачалі выяўляць непрыхаванае незадавальненне і рэлігійнай палітыкай імперыі. Паводле словаў ужо згаданага смаленскага біскупа Іосіфа, асабліва моцным было прыцягненне да рыма-каталіцкай традыцыі сярод «воссоединенных» у Віленскай губерні. Сярод прычынаў, што падштурхоўвалі сялян да пераходу ў лацінскі абрад, ён называе: уціск з боку суседзяў-каталікоў, якія не пускалі свойскую жывёлу праваслаўных да вады і на папас; праваслаўны хлопец не мог ажаніцца з дзяўчынай-каталічкай, а праваслаўных нявестаў не бралі ў каталіцкія дамы. Пад час сустрэч правялебнага Іосіфа з жыхарамі паўднёвых парафій Віленскай губерні (паўночнай частцы сучаснай Гродзенскай вобласці і цяпер уласцівы высокі працэнт каталіцкага насельніцтва. — А.П.) у 1871 г. ад уладыкі патрабавалі — «некоторые со слезами, некоторые с неистовством» — пераводу іх у лацінскі абрад. У гэтым рэгіёне нярэдкія былі выпадкі, калі праваслаўных святароў не пускалі ў хаты, палохалі імі дзяцей, называючы іх «медведями» і «злою бородастою чучелой». Убачыўшы праваслаўнага святара, дзеці хаваліся ці з крыкам уцякалі[33].
Часам даходзіла і да непрыхаванага непадпарадкавання. П.Бацюшкаў згадвае пра 100 праваслаўных парафіян мястэчка Поразава (Гродзенская губерня), якія перайшлі ў лацінскі абрад у 1858 г., «которые впрочем стараниями преосвященно го Иосифа Семашко возвращены на лоно православия»[34]. Але Бацюшкаў замоўчвае той факт, што ў 1871 г. у Поразаўскай парафіі выказаў жаданне перайсці ў каталіцтва ўжо 491 чалавек. Створаная дзеля разбору справы спецыяльная камісія, грунтуючы свае высновы на тым, што ўсе гэтыя людзі з 1866—1867 г. былі на споведзі і ля святога прычасця ў мясцовай праваслаўнай царкве, спрабавала забараніць ім змену канфесіі. Але парафіяне выявілі цвёрдасць, і камісія вымушана была 464 з іх «оставить в том же состоянии», у якім яны хацелі знаходзіцца, зрэшты, не абвяшчаючы ім гэтага афіцыйна[35]. Можна дапусціць, што становішча ў рэгіёне было дастаткова напружанае. Таму члены камісіі вырашылі (і Літоўская праваслаўная Духоўная Кансісторыя ўхваліла гэтае рашэнне), што час зробіць сваю справу і знішчыць недавер непакорлі вых да праваслаўя. Калі ж яны і застануцца пры сваіх меркаваннях, то гэты факт, застаўшыся не апавешчаным, не будзе служыць прыкладам іншым. Зрэшты, на ўсялякі выпадак, мясцовага праваслаўнага святара абавязалі зрабіць спіс непакорлівых і ўважліва сачыць за імі[36]. Часам сяляне, якія не хацелі карыстацца паслугамі праваслаўнага святара і не мелі магчымасці здзейсніць абрад у ксяндза, пакідалі сваіх дзяцей няхрышчанымі амаль год, а гэта, паводле тагачаснай традыцыі, было надзвычайным фактам. У той мясцовасці, дзе вернікі схіляліся да каталіцтва, непрыняцце праваслаўных святароў на побытавым узроўні часам было больш актыўным, нават вельмі блізкім да байкоту. Напрыклад, у вёсцы Сялявічы Гродзенскай губерні мясцовыя жыхары забаранялі сваім дзецям наведваць мясцовую праваслаўную школу, адначасова прапануючы гаспадару хаты, у якой ішлі заняткі, выплочваць грошы за арэнду памяшкання. Пад час калядных святаў жыхары вёскі не пусцілі ні ў адну хату праваслаўнага святара, які хацеў адслужыць у іх малебен[37]. Калі гэты святар усё ж неяк змог сабраць сялян на гутарку, яны абвясцілі, што пойдуць у царкву толькі тады, калі праваслаўныя паклоняцца папу рымскаму. Адна з парафіянак пры гэтым сказала: «Если бы ангел с неба сошел, то мы и тогда поверили бы только тому, чему учит каплан»[38]. Цікава, што і ў гэтым выпадку сяляне змаглі абараніць сваю пазіцыю[39].
Сярод разнастайных адміністрацыйных мерапрыемстваў, ужытых урадам імперыі ў рэлігійнай палітыцы на тэрыторыі заходніх губерняў, асаблівую цікавасць уяўляюць шматлікія судовыя справы «о совращениях»[40].
Згодна з законам ХIХ ст., усім падданым Расійскай імперыі, «как рожденным в православной вере, так и обратившимся к ней из других вер, запрещается отступить от нее и принять иную веру, хотя бы то и христианскую»[41].
У выпадку выяўлення «совращенных» епархіяльнае кіраўніцтва было абавязана «внушением» вярнуць іх ва ўлонне праваслаўнай царквы, паралельна паведаміўшы пра факт «совращения» ў Найсвяцейшы Сінод. Калі ж тыя, хто перамяніў веру, працягвалі патрабаваць свайго, то, згодна з законам, у іх адбіралася права кіравання сваёй маёмасцю, ім забаранялася жыць у «имениях, населенных православными». Назіранні і ўся адказнасць па такіх справах належалі да кампетэнцыі Міністэрства ўнутраных справаў, а меры «к охранению православия» дзяцей сям’і «совращенного» павінны былі ўжывацца на «усмотрение Его Императорского Величества установленным порядком»[42].
Згодна з заканадаўствам, за «совращение» з праваслаўя ў якую-небудзь іншую веру вінаваты прысуджаўся «…к лишению всех особенных, лично и по состоянию присвоенных, прав и преимуществ и к ссылке на житие в Сибирь или к отдаче в правительственные арестантские отделения»[43]. Калі пры гэтым для схілення да змены канфесіі былі ўжытыя гвалт або прымус, то вінаваты павінен быў карацца «лишением всех прав состояния и ссылкой на поселение в Сибирь»[44]. Тыя асобы, якія «в проповедях или сочинениях» будуць схіляць праваслаўных да змены веравызнання, першы раз павінны былі карацца турмой на тэрмін ад васьмі да шаснаццаці месяцаў; другі раз зняволеннем у крэпасць на тэрмін ад двух гадоў і васьмі месяцаў да чатырох гадоў і пазбаўленнем некаторых правоў; трэці раз такія асобы пазбаўляліся ўсіх правоў і перавагаў і высылаліся ў Сібір або аддаваліся ў папраўчыя арыштанцкія аддзяленні[45].
Бацькоў або апекуноў, абавязаных згодна з законам выхоўваць сваіх дзяцей у праваслаўнай веры, якія хрысцілі або далучылі іх да іншых таінстваў у нейкім іншым абрадзе, павінны былі зняволіць на тэрмін ад васьмі да шаснаццаці месяцаў. Дзяцей у такім выпадку перадавалі на выхаванне сваякам або апекунам праваслаўнага веравызнання[46].
Тыя ж, хто нейкім чынам перашкаджаў верніку перайсці ў праваслаўе, павінны былі знявольвацца на тэрмін ад двух да чатырох месяцаў, а ў выпадку пагрозаў і гвалту — ад аднаго года і чатырох месяцаў да двух гадоў і пазбаўляліся пэўных правоў і перавагаў[47]. Нават тыя асобы (у тым ліку мужык з жонкай і іншыя сямейнікі), якія не запярэчылі адыходу ад праваслаўя, згодна з законам павінны былі знявольвацца на тэрмін ад трох дзён да трох месяцаў і, апрача таго, «если он православный, предаваться церковному покаянию»[48].
Святары «иностранных исповеданий» за свядомы допуск праваслаўных да споведзі, прычасця ці «елеосвящения» караліся: першы раз — выдаленнем з месца службы на тэрмін ад шасці месяцаў да аднаго года; другі раз — пазбаўленнем духоўнага сану. За выкладанне дзецям праваслаўных катэхізіса або «делании им противных православию внушений, хотя и без доказанного намерения совратить их», караліся «удалением от своих мест и должностей» на тэрмін ад аднаго да трох гадоў. Калі парушэнне паўтаралася, яны пазбаўляліся духоўнага сану і знявольваліся на тэрмін да аднаго года і чатырох месяцаў. У тых святароў, якія здзейснілі над праваслаў нымі які-небудзь абрад, што азначаў змену веравызнання, адбіраўся духоўны сан. За прыняцце ў гэтае веравызнанне не праваслаўных падданых Расійскай імперыі ў святароў пасля шэрагу папераджальных мераў маглі адабраць грамадзянскія правы і сан[49].
Серыя судовых разбораў «о совращениях» атрымала шырокае распаўсюджванне ў сярэдзіне ХIХ ст. Кампанія іх завядзення і правядзення была пад пільнай увагай расійскага ўраду. Напрыклад, серыя справаў «о совращениях», якая тычылася былых грэка-католікаў, канчаецца пастановай «О прекращении дел о совращении и отступничестве от православия в бывшую унию и тяжб между древле-православными и воссоединенными церквами о присвоении одним из них собственности других»[50]. Гэта значыць, судовыя працэсы, якія мелі шырокі розгалас, падрыхтавалі, наколькі магчыма, разам з іншымі мерамі, грамадскую думку да ліквідацыі уніі, і адміністрацыя заканадаўчым парадкам завяршыла развязаную кампанію.
Нягледзячы на катэгарычнасць расійскіх законаў, на практыцы ў дачыненні да рыма-католікаў іх спачатку ўжывалі вельмі рэдка. Становішча змянілася толькі пасля пачатку паўстання 1863—1864 г.
Відаць, з ухвалы на самым высокім узроўні, у гэты перыяд М.Мураўёў пачаў рашучыя дзеянні не толькі па ўтрыманні мясцовых жыхароў у праваслаўі, але і па вяртанні «совращенных» каталікоў ва ўлонне праваслаўнай царквы. На тое, што тут не абышлося без падтрымкі Санкт-Пецярбурга, ускосна паказваюць занадта рашучыя дзеянні чыноўнікаў на месцы. Вось, напрыклад, як адбывалася далучэнне «совращен ных» з праваслаўя рыма-каталікоў у дзяржаўным маёнтку Куродзічы Мінскай губерні: у рапарце памочніка ваеннага начальніка Мазырскага і Рэчыцкага паветаў кіраўніку губерні паведамляецца, што «начальник жандармского управления на основании сведений, полученных от своих сотрудников»[51], паведаміў 20 кастрычніка 1861 г., што казённыя сяляне вёскі Куродзічы каталіцкага веравызнання вырашылі прыняць праваслаўе (270 чалавек. — А.П.), і 25 кастрычніка 1864 г. у прысутнасці 5 афіцыйных асобаў абрад здзейснены. Меры па правядзенні абраду прынялі: рэчыцкі судовы следчы, мясцовы прыстаў і праваслаўныя святары найбліжэйшых парафій[52]. Далей дакумент па сутнасці справы паведамляе, што сяляне, «добровольно пожелавшие перейти в православие», паставілі ўмову: накіраваць сваіх прадстаўнікоў да мазырскага дэкана ксяндза Кяршанскага (Kierszanski Aleksander) па параду і даведацца, ці сапраўды іх продкі, паводле сцвярджэння чыноўнікаў, 100 гадоў таму былі праваслаўныя. У сваім адказе Кяршанскі прапанаваў сялянам «уйти в лес», калі прымус будзе працягвацца. Паралельна ён падаў скаргу генерал-губерната ру краю наконт супрацьзаконнасці дзеянняў вайсковых і грамадзянскіх чыноўнікаў у вёсцы Куродзічы і звярнуў яго ўвагу на непрадказальнасць вынікаў такіх дзеянняў.
Перапіска шматлікіх вайсковых, паліцэйскіх і грамадзянскіх чыноў па гэтай справе канчаецца вердыктам самога М.Мураўёва, у якім ён прапануе мінскаму губернатару неадкладна:
«1. Командировать на место в казенную деревню Куродичи благонадежного чиновника для произведения точного дознания о противодействии Мозырьского декана ксендза Кершанского к принятию православия крестьянами означенной деревни и, если действительно подтвердится по этому дознанию, что со стороны ксендза Кершанского оказываемо было противодействие, то взыскать с него штраф в размере 200 рублей серебром, употребив эти деньги на устроение школы в с.Куродичи, ксендза Кершанского перевести в другой приход, учредить над ним строгий полицейский надзор.
2. Согласно желанию прихожан закрыть и вовсе упразднить находящийся в Куродичах римско-католический костел и, по соглашению с Высокопреосвященством Михаилом, архиепископом Минским и Бобруйским, обратить оный в православную приходскую церковь, употребив на устройство оной 1500 рублей серебром из дополнительного 10-процентного сбора по вверенной Вам губернии.
3. Принадлежащие костелу земли, угодья и строения передать в ведение православного духовенства для обеспечения церковного причта.
4. Вследствии изъявленного крестьянами желания переименовать селение Куродичи в Казанское.
5. Озаботиться о скорейшем открытии в селе Казанском сельского приходского училища, под ближайшим и непосредственным ведением православного приходского священника.
Об исполнении всех изложенных выше распоряжений прошу Ваше Превосходительство мне донести и вместе с тем принять зависящие меры, чтоб со стороны римско-католичес кого духовенства не могло было допускаемо на будущее время какое-либо противодействие к переходу крестьян, по их желанию, в православие, если же где-либо таковое будет обнаружено доносить мне для дальнейших распоряжений относительно виновных в таком противодествии. При этом почитаю необходимым уведомить Вас, милостивый государь, что вместе с сим высылаю 400 мельхиоровых наперстных крестиков к архиепископу Минскому и Бобруйскому для раздачи новообратившим ся крестьянам; равным образом сообщено Высокопреосвящен ному Михаилу относительно зависящих со стороны его распоряжений об устройстве в с.Казанском православной церкви и особого прихода»[53]. Далей прыпісана: «за обращением же в православную церковь костела, не оставьте распорядиться, по соглашению с епископом Войткевичем о причислении остающихся в с.Куродичи прихожан-католиков к другому ближайшему приходу. Генерал от инфантерии Муравьев»[54].
У перапісцы некалькі разоў згадваецца, што ў касцёле напярэдадні канфіскацыі выяўлены «две иконы явно греческого происхождения», усё астатняе начынне, якое перайшло ва ўласнасць новастворанай парафіі, было каталіцкага тыпу…
Гэты дакумент дастаткова дакладна адлюстроўвае тагачаснае становішча. У ЦДГА Рэспублікі Беларусь у Мінску захоўваецца некалькі такіх справаў, якія тычацца толькі Мінскай губерні[55]. Звычайна падзеі разгортваліся паводле аднолькава га сцэнару: сялянам абвяшчалі, што іх продкі былі праваслаў ныя і яны «насильно совращены» ў рыма-каталіцтва, але дакументаў, якія б пацвярджалі гэта, не паказвалі, і з дапамогай разнастайных пагрозаў і абяцанак сялян прымушалі змяніць веравызнанне. Пярэчанні або скаргі мясцовага ксяндза канчаліся абвінавачваннем яго ў падбухторванні, здрадзе і суправаджаліся высылкай яго за межы прыхода і перадачай касцёла з начыннем і нерухомасцю ва ўласнасць праваслаўнай епархіі.
Даволі рэдка пад час пераводу рыма-каталікоў у праваслаўе расійскай адміністрацыі ўдавалася выкарыстоўваць і каталіцкіх святароў[56]. Паводле сведчання кіраўніка Віленскай навучальнай акругі І.Карнілава ў 1866—1867 г. «… в Виленской, Минской и других губерниях несколько настоятелей католических костелов со своими прихожанами приняли православие. Жители местечка Ляховичи, Слуцкого уезда, были склонны к православию, но ожидали, что скажет им их настоятель. Последний, сочувствующий их мыслям, обратился к прихожанам, собравшимся на богослужении, с кратким словом, в котором сказал между прочим: «Выслушайте каждое мое слово со вниманием, так как дело идет о судьбе вашей и ваших детей. Напомню время, когда вы были подвластны панам; когда ваши крохи, добытые тяжким трудом, принадлежали не вам, а пану; когда вместо хлеба вы ели мякину и жили в таких лачугах, куда добрый хозяин не загоняет и скотину. Но милосердный царь дал вам свободу и новую жизнь, о которой вам и в голову не приходило. Теперь у вас своя земля; ваши хаты как шляхетские дома, вы сыты, хорошо одеты, в сапогах, а главное, с вами русские люди, которые вас защищают и берегут.
Мои советы всегда клонились к вашей пользе, и теперь послушайте меня, вы — русские по языку и крови, а ваши деды были русскими по вере. Но паны и иезуиты не советом и обманом, а насилием обратили их в латинство. С некоторого времени я замечаю в вас склонность к православию и ни мало за это не порицаю. Вы русские и должны быть русскими и православными, как наш Царь-Освободитель». После этой речи, 14 сентября 1867 г., 2500 жителей местечка Ляховичи вместе со своим настоятелем присоединились к православию, и их костел обращен в православную церковь»[57].
Пра магчымыя вынікі ўжывання метадаў сілы пад час пераводу вернікаў-каталікоў у праваслаўе папярэджвалі і некаторыя праваслаўныя аўтары-рэалісты. У сваім артыкуле «О массовых переменах вероисповедания» вядомы расійскі публіцыст М.Гіляраў-Платонаў звяртае ўвагу расійскай грамадскасці на тое, што «…новое приобретение церковное потому лишь может быть признано крепким, что возвратное движение запрещается законом под страхом наказаний: а это еще не великое приобретение!»[58]. І сапраўды, стаўленне некаторых мясцовых жыхароў да праваслаўя заўважна змянілася пасля змены жорсткага рэжыму кіравання краем, уведзенага Мураўёвым, якое ў той ці іншай ступені падтрымлівалася яго найбліжэйшымі паслядоўнікамі на пасадзе генерал-губернатара краю. Гэты факт канстатуецца і расійскімі дзяржаўнымі чыноўнікамі: «С назначением в 1968 г. в Северо-Западный край, вместо графа Е.Т.Баранова, другого губернатора (А.Патапава. — А.П.), — влечение католического населения к православию прекратилось, так как новая администрация стала покровительствовать полякам, и ксендзы, начавшие вводить русский язык в проповедь и молитвы, поплатились за эти попытки»[60].
У сувязі з гэтым нельга не прыгадаць тут і факт з’яўлення ў 1870-х г. прашэнняў наконт перагляду няправільных далучэнняў да праваслаўя[61]. Гэтыя просьбы задавальняліся вельмі рэдка. Як правіла, адмова аргументавалася тым, што просьбіты ў 1860-х г. «…присоединились из латинства в православие, выдав предварительно установленную записку, были у исповеди и святого таинства причастия… и по сношению о том православной консистории, …римско-католическая консистория исключила их из списков римско-католических прихожан»[62].
Крыху іншай была рэлігійная палітыка імперыі сярод вышэйшых пластоў насельніцтва рэгіёна. Далучыўшы да Расіі тэрыторыю сучаснай Беларусі, імперская адміністрацыя сутыкнулася тут з нечаканай праблемай: абсалютная бальшыня мясцовай арыстакратыі і чыноўнікаў былі не толькі рыма-каталіцкага веравызнання, але і, за малым выключэннем, атрымалі польскае выхаванне і адукацыю, і, натуральна, лічылі сябе носьбітамі польска-каталіцкай культуры. На гэтыя абставіны звярнулі ўвагу першыя расійскія чыноўнікі, якія займаліся статыстычнымі даследаваннямі ў Паўночна-Заходнім краі. На іх меркаванне, «…длительное политическое господство Польши и влияние римо-католичества практически уничтожили в этом регионе национальность древнего русского дворянства, которое уже давно присвоило себе, вместе с Католическим исповеданием, польскую национальность»[63].
У першай палове ХIХ ст. прамыя канфлікты паміж мясцовай арыстакратыяй і расійскай адміністрацыяй у рэлігійных пытаннях былі хутчэй эпізадычныя. Дзеянне законаў «о совращениях» ужывалася ў дачыненні да арыстакратаў шмат радзей, чым да ніжэйшых пластоў насельніцтва. Хоць часам імперскае кіраўніцтва займала ў гэтых пытаннях адназначна цвёрдую пазіцыю. Так, справа наконт пераходу з праваслаўя ў лацінскі абрад багатай памешчыцы Лізаветы Вягткоўскай (Elisabetta Wegtkowska) не толькі стала вядомая самому імператару Мікалаю I, але і пацягнула за сабой шэраг урадавых распараджэнняў у духоўнай сферы, весткі пра якія дайшлі і да Рыма[64].
Пры канцы пяцідзесятых гадоў ХIХ ст. незадаволенасць мясцовай арыстакратыі палітыкай Расіі ўзрасла і стала прымаць больш-менш актыўныя формы і на побытавым узроўні. Сярод іншага гэта выяўлялася ў непадпарадкаванні службовым асобам, абразах паліцыі і часам нават у пратэстах супраць адміністрацыйнага далучэння літоўскіх і беларускіх земляў да Расіі. Так, у 1861 г. дваране Мінскай губерні на чале з губернскім «предводителем дворянства» Лапам (Lappa) склалі зварот да імператара Аляксандра II з просьбай далучыць губерню ў адміністрацыйных адносінах да Царства Польскага. Нагодай для такога далучэння было тое, што «губерния эта… сплошь заселена католиками и поляками»[65]. Такі зварот быў накіраваны імператару дваранскім сходам Магілёўскай губерні. Зрэшты, абодва звароты, як і трэба было чакаць, былі адхіленыя, але цікава, што сярод падпісаных пад гэтымі прашэннямі былі і «русские (праваслаўныя. — А.П.) дворяне»[66]. П.Бранцаў, які апісваў гэты факт, сцвярджаў, што доказы дваран былі «чистейшая ложь: в Минской губернии в то время считалось католиков 168 000, а православных 740 000»[67]. Фармальна пададзеныя лічбы блізкія да сапраўднасці, але калі ўлічыць, што яшчэ два дзесяцігоддзі таму не менш за 60%[68] праваслаўных гэтай губерні былі грэка-каталікамі пад моцным польска-каталіцкім уплывам, то цяжка канчаткова меркаваць, у які бок маглі схіляцца іх сімпатыі ў перыяд да зямельнай рэформы 1861 г.
Сітуацыя істотна змянілася пад час паўстання 1863—1864 г.: мясцовыя дваране-каталікі, якія ў большай ці меншай ступені мелі дачыненне да антырасійскіх выступленняў, хацелі даказаць сваю лаяльнасць да ўрада і пачалі пераходзіць у праваслаўе. Гэтыя пераходы ўрэшце набылі даволі шырокія маштабы і часта былі такія спекуляцыйныя, што адміністрацыя нават вымушаная была ўжыць некаторыя абмежавальныя меры ў гэтай галіне. Напрыклад, у цыркуляры старшыні віленскай следчай камісіі ад 8 лютага 1984 г. чытаем: «Заявления о принятии православия со стороны лиц, состоящих под следствием и судом, не должны быть принимаемы во внимание, впредь до окончания производящихся о них делах и следующих по ним конфирмаций, ибо весьма часто преступники-иноверцы прибегают к таковым в надежде смягчить предназначенную меру взыскания, либо же снискания помилования»[69].
Тым не менш колькасць каталікоў з вышэйшых пластоў грамадства, якія прынялі праваслаўе ў гэты перыяд, даволі значная. Паводле некаторых даследаванняў, толькі на працягу аднаго года (1865—66) на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю з каталіцтва ў праваслаўе перайшло больш за 30 000 мясцовай шляхты[70]. Нягледзячы на відавочныя матывы, якія падштурхнулі большую частку мясцовай арыстакратыі да прыняцця праваслаўя, у афіцыёзных даследаваннях ХIХ ст. гэтыя пераходы падаваліся прыблізна так: «Русское народное сознание пробудилось даже в местном католическом населении. Вскоре после мятежа многие из совращенных в прежнее время и ополяченных местных русских, смущенные позорным участием в мятеже многих из латинско-польского духовенства, почувствовали потребность быть единой веры с Царем-Освободителем. В 1866 году в одной Минской губернии присоединилось к православию 20 705 католиков. В Литовской епархии общее число лиц, оставивших латинство в 1865 и 1866 годах, простиралось до 29 488 душ, для которых учреждено было 19 новых приходов. Принимали православие не только простолюдины, но и лица образованных классов, как напр. князь Радзивилл, князь Любецкий, помещики Лопацинский, Деспот-Зданевич, Белинский, Белнинг, многие чиновники, дворяне и несколько ксендзов»[71].
У некаторых выпадках тыя, хто перайшоў у праваслаўе, імкнуліся яшчэ перавесці ў праваслаўе сялян сваіх маёнткаў. Прыкладам можа быць справа пра перабудову ў царкву памешчыкам Канчэўскім (стаў праваслаўным у 1864 г. — А.П.) касцёла ў яго маёнтку Слабодка ў 1868 г.[72].
Апрача пададзеных фактаў, пашырэнню і ўмацаванню пазіцый праваслаўя ў Паўночна-Заходнім краі спрыяла і тое, што царскі ўрад на розных умовах перадаваў ва ўласнасць памешчыкаў (былых вайскоўцаў) з вялікарускіх губерняў канфіскаваныя маёнткі ўдзельнікаў паўстання. Натуральна, што новыя гаспадары пры гэтым імкнуліся перавесці залежных ад іх сялян-каталікоў у праваслаўе.
[1] Литовский митрополит Иосиф Семашко в 1839—1844 г. // Русская старина. 1889, май. С. 317.
[2] Тамсама. С. 319, 322.
[3] Пратасаў Мікалай Аляксандравіч (1799—1855) — граф, генерал ад кавалерыі, член дзяржаўнага савета і обер-пракурор Найсвяцейшага Сінода. Апошнюю пасаду заняў у 1836 г. і заставаўся на ёй да смерці. Займаўся рэарганізацыяй духоўных вучылішчаў, шмат у чым скараціў іх ранейшыя праграмы, увёў у навучальны працэс прыродазнаўчыя навукі і надаў вучылішчам пэўны вайскова-дысцыплінарны характар. Пераўтварыў структуру кіравання Найсвяцейшым Сінодам, зрабіўшы з яго нешта накшталт свецкага міністэрства, якое займалася царкоўнымі праблемамі і ў яго руках стала толькі выканаўчым органам. У выкананні сваіх службовых абавязкаў Пратасаў раіўся толькі з імператарам, на якога меў вялікі ўплыў. Яго стаўленне да каталіцызму не зусім зразумелае. Некаторыя сучаснікі называюць яго «питомец и слуга иезуитов», але не пацвярджа юць гэта фактамі. У кожным выпадку, некаторыя аўтары дапускаюць, што «в обер-прокуроре Св.Синода находили себе покровителя скорее католики, нежели православные. Происходило ли это дикое и уродливое явление непосредственно от самoго Протасова, очень симпатизировав шего католичеству, или же от его довереннейшего чиновника Сербиновича, тайного католика, неизвестно…». Гл.: Литовский митрополит Иосиф Семашко… // Русская старина. 1889, май. С. 314.
[4] Тамсама. С. 321.
[5] Морошкин М.Я. Воссоединение Униатов // Вестник Европы. 1872. (Цыт. паводле: Брокгауз и Эфрон. Энциклопедический словарь. Т. XXXIVа. С.-Петербург, 1902. С. 830.
[6] Литовский митрополит… С. 316-317.
[7] У 1827 г. правялебны Іосіф, які быў тады асэсарам Каталіцкай калегіі ад Луцкай епархіі, падаў на імя дырэктара дэпартамента духоўных справаў Г.І.Крашэўскага запiску, дзе звярнуў яго ўвагу на «тяжелое положение униатов». Гэтая запіска «послужила исходным моментом уничтожения унии» і адначасова праклала дарогу І.Сямашку да кар’еры. Ужо ў 1829 г. ён быў хіратанаваны ў біскупы і атрымаў пад час гэтага праваслаўныя рызы. У 1831 г. Сямашку паставілі на чале Літоўскай уніяцкай епархіі. У 1833 г. з яго ўдзелам былі зачынены 15 базыльянскіх манастыроў. На аснове «особой записки» І.Сямашкі 13 студзеня 1834 г. з’явілася сакрэтная інструкцыя праваслаўным біскупам рэгіёна, зацверджаная Мікалаем I, у якой даваліся рэкамендацыі ў далучэнні уніятаў да праваслаўя. 26 траўня 1836 г. для падрыхтоўкі поўнай ліквідацыі уніі быў заснаваны Асаблівы сакрэтны камітэт. Нароўні з найвышэйшымі дзяржаўнымі саноўнікамі туды ўвайшоў і Сямашка. Пасля смерці ў 1838 г. уніяцкага мітрапаліта І.Булгака і епіскапа пінскага І.Жарскага, якія былі супраць далучэння да праваслаўнай царквы, Сямашку прызначылі старшынёй Грэка-Уніяцкай Калегіі. Каб зламаць супраціў духавенства беларускай епархіі ў далучэнні да праваслаўя, ён ужыў шэраг паліцэйскіх мераў: святароў накіроўвалі ў іншыя епархіі, пераводзілі ў дзякі, адбіралі ў іх парафіі, ссылалі ў манастыры, высылалі ў вялікарускія губерні. Такія пакаранні былі ўжытыя да ўсіх 111 святароў, якія падалі прашэнне на імя імператара, каб іх пакінулі ў уніі. 12 лютага 1839 г. І. Сямашка перадаў на імя обер-пракурора Пратасава «соборный акт» з просьбай далучэння да рускай праваслаўнай царквы. Пасля абмеркавання ў Найсвяцейшым Сінодзе Мікалай I зацвердзіў гэты акт 25 сакавіка 1839 г. (Гл.: Брокгауз и Эфрон. Энциклопедический словарь. Т. XXXIV. С.-Петербург, 1902. С. 829-830.)
[8] Семашко И. Записки Иосифа, митрополита Литовского. Т. II. С.-Петербург, 1883. С. 546.
[9] Тамсама.
[10] Тамсама. С. 328.
[11] Гл.: Encyclopedia of Ukraine. University of Toronto press. Toronto — Buffalo — London, 1985—1993. Vol. I—V.
[12] Миловидов А. Заслуги графа М.Н.Муравьева для православной церкви в Северо-Западном крае. Харьков, 1900. С. 42.
[13] Тамсама.
[14] Извеков Н.Д. Исторический очерк состояния Православной Церкви в Литовской епархии за время с 1839—1889 г. Москва, 1899. С.164.
[15] Тамсама. С. 168.
[16] Тамсама.
[17] Коялович М. Состояние православного духовенства на западной окраине России в связи с некоторыми вопросами, касающимися всего русского духовенства // Церковный вестник. С.-Петербург, 1882. № 44. С. 2.
[18] Гл. пра гэта: Литовские епархиальные ведомости. Вильна, 1882. № 17.
[19] Коялович М. Состояние… С. 2.
[20] Тамсама.
[21] Тамсама.
[22] Нават адзін з самых актыўных прыхільнікаў распаўсюджвання і абароны праваслаўя ў Паўночна-Заходнім краі генерал-губернатар Мураўёў, мяркуючы па ўсім, не быў сапраўдным вернікам. Гэта засведчыла і яго гутарка з мітрапалітам Сямашкам, якая адбылася пасля адмовы Мураўёва памілаваць прыгаворанага да смяротнага пакарання ксяндза С.Ішору. Іосіф Сямашка сказаў: «Не кричите, Михайло Николаевич, я никого не боюсь, кроме Единого, там живущего!» Муравьев несколько утих и сказал, немного погодя, уже другим тоном: «Я прожил с лишком 60 лет, но никогда не видал там живущего: ты-то видел что-ли?». «Когда разговор принимает такое направление, я должен умолкнуть!» — сказал Семашко, взял шляпу и уехал». (Гл. Берг Н.В. Граф Михаил Николаевич Муравьев // Русская старина. 1883, апрель. № 4. С.-Петербург. С.228—229.)
[23] Батюшков П.Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. С.-Петербург, 1890. С. 368.
[24] Маецца на ўвазе Маніфест пра адмену прыгонніцтва і перадачу зямлі сялянам. Аб правядзенні гэтай рэформы на тэрыторыі Беларусі гл.: Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине ХIХ века. Минск, 1980; Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 года в Литве и Западной Белоруссии. Москва, 1965.
[25] Колокол. 1863. 8 марта. № 158. С. 1313.
[26] Цыт паводле: Колокол. 1863. 1 мая. № 163. С. 1340.
[27] Аўтарам «Мужыцкай праўды» быў адзін з галоўных кіраўнікоў паўстання 1863—1864 г. на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю К.Каліноўскі (гл.: Stankiewič Ad. Kastuś Kalinoŭski «Mužyckaja Praŭda» i Ideja Niezaležnaści Biełarusi. Wilnia, 1933).
[28] На думку некаторых аўтараў, з’яўленне паўстанцкіх адозваў да сялян на беларускіх дыялектах падштурхнула царскую адміністрацыю да высновы пра неабходнасць прыняцця рашучых карных мераў у дачыненні да мясцовых жыхароў (гл.: Vakar N. Bielorussia, the Making of Nation. Cambrige, 1956. P. 73).
[29] Цыт. паводле: Колокол. 1863. 1 мая. № 163. С. 1340.
[30] Колокол. 1863. 1 июня. № 164. С. 1355.
[31] Сборник документов графа Н.М. Муравьева по усмирению мятежа в Северо-Западных губерниях 1863—1864 г. / Сост. Н.Цылов. Вильна, 1866. С. 176—185.
[32] Извеков Н.Д. Исторический очерк… С. 268.
[33] Тамсама. С. 266.
[34] Батюшков П.Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. С.-Петербург, 1890. С. 368.
[35] Дело Литовской духовной консистории. 1872 г. № 524 (цыт. паводле: Извеков Н.Д. Исторический очерк… С. 266—267).
[36] Тамсама.
[37] Извеков Н.Д. Исторический очерк… С. 268.
[38] Тамсама.
[39] Цікава, што і сёння парафіяне Сялявіцкай каталіцкай парафіі адрозніва юцца сваёй актыўнасцю. Ужо пасля «перабудовы», як толькі з’явілася магчымасць, яны на свае сродкі пабудавалі ў вёсцы Сялявічы драўляны касцёл.
[40] У расійскамоўнай юрыдычнай тэрміналогіі мінулага стагоддзя такім тэрмінам абазначалася «отвлечение и отступление от веры» (гл. Свод учреждений и уставов управления духовных дел иностранных исповеданий христианских и иноверных. Глава третья: «О предупреждении и пресечении отступления от православной веры», §§ 36-39 в Своде Законов Российской империи. Ч. I. С.-Петербург, 1890 (далей — СЗР…). Т. XV. С. 74.
[41] СЗР. Т. XV. С. 74.
[42] Тамсама.
[43] Тамсама. § 187. С. 21.
[44] Тамсама.
[45] Тамсама. § 189. С. 21.
[46] Тамсама. § 190. С. 21.
[47] Тамсама. § 191. С. 21.
[48] Тамсама. § 192. С. 21.
[49] Тамсама. §§ 193—195.
[50] ПЗС-II. Т. XIV. Отд. I. № 12816.
[51] НГА Беларусі. Ф. 295, воп. 1, спр. 1730.
[52] Звяртае на сябе ўвагу хуткасць, з якой разгортваліся падзеі, і ўдзел у іх праваахоўных органаў.
[53] НГА Беларусі. Ф. 295, воп. 1, спр. 1730.
[54] Тамсама.
[55] Гл.: НГА Беларусі. Ф. 295, воп. 1.
[56] Паводле расійскіх законаў мінулага стагоддзя ўсялякі каталіцкі святар, калі не было аб’ектыўных перашкодаў (напрыклад, знаходжанне пад следствам), мог перайсці ў праваслаўнае веравызнанне пасля «испытания его в образе мыслей и чистоте намерений». Царкоўны орган, у які было пададзена прашэнне аб прыняцці праваслаўя, абавязаны быў паведаміць пра гэта мясцоваму начальству, якое «с того времени принимает просителя под свое смотрение и защиту». Пад час гэтага такому каталіцкаму святару давалася права выбару: стаць цывільным або захаваць духоўнае званне (гл.: Устав Духовных Консисторий. С.-Петербург, 1883. С. 11-12).
[57] Корнилов И.П. Памяти графа М.Н. Муравьева. К истории Виленского учебного округа за 1863—1864 г. С.-Петербург, 1898.
[58] Гиляров-Платонов Н.П. Вопросы Веры и Церкви. Сборник статей 1868-1887 г. Т. I. Москва, 1905. С. 16.
[59] А.Л.Патапаў, які выконваў абавязкі генерал-губернатара Паўночна-За ходняга краю з 2 сакавіка 1868 да 22 ліпеня 1874 г., без спачування паставіўся да адміністрацыйнага спосабу пераводу каталікоў у праваслаўе і нават публічна выказаў сваё незадавальненне праваслаўнаму духавенству за гвалт у гэтым працэсе (гл.: Владимиров А. О положении православния в Северо-Западном крае. Москва, 1893).
[60] Корнилов И.П. Памяти графа М.Н.Муравьева… С. 231-322.
[61] НГА Беларусі. Ф. 295, воп. 1, спр. 2796-2800.
[62] НГА Беларусі. Ф. 295, воп. 1, спр. 2797, л. 2 адв.
[63] Этнографический Атлас Западно-Русских губерний и соседних областей. Составлен Р.Ф.Эркертом, гвардии полковником, действительным членом Императорского Русского географического общества. С.-Петербург, 1863. Таб. III.
[64] Theiner A. Vicende della Chiesa Cattolica di amehdue i riti nella Polonia nella Russia. Libro quinto. Della Chiesa Cattolica Latina in Polonia e nella Russia. Da Caterina II sino a’nostri di. Lugano, 1843. P. 545.
[65] Брянцев П.Д. Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1892. С. 147.
[66] Тамсама.
[67] Тамсама.
[68] Гл.: Соотношение древле-православных и греко-католических приходов: Зелинский И. Материкалы для географии и статистики России, … собранные офицерами генерального штаба. Минская губерния. Часть 1. СПб., 1864. С.570. Або гл. колькасць святароў Мiнскай губернi розных веравызнанняў у 1834 г. паводле: Materials to the history of manufacture of White-Russia of the period of the downfall of feudalism № 1 (1796—1840). Міnsk, 1934. Р. 262.
[69] Сборник документов графа М.Н.Муравьева… С. 291.
[70] Vakar N. Belorussia, the Making of a Nation… P. 74.
[71] Батюшков П.Н. Белоруссия и Литва… С. 372.
[72] НГА Беларусі. Ф. 295, воп. 1, спр. 1730, арк.290—298.