Nyomárkay István. Kroatističke studije (Сяргей Запрудскі)
Nyomárkay István. Kroatističke studije. Zagreb, Matica hrvatska, 2000. 303 S.
Кніга вядомага венгерскага харватыста, загадчыка кафедры славістыкі і балтыстыкі універсітэта імя Лоранда Этвеша ў Будапешце Іштвана Нёмаркаі «Харватыстычныя даследаванні» выйшла ў Заграбе ў серыі «Бібліятэка замежных харватыстаў». У 1961 г. І.Нёмаркаі скончыў філасофскі факультэт Будапешцкага універсітэта па спецыяльнасці «славістыка і венгерыстыка» і з таго часу займаецца вывучэннем (сербска)харвацкай мовы, асаблівую ўвагу аддаючы яе кантактам з венгерскай мовай. На рахунку навукоўца манаграфіі «Замежныя словы ў харвацкасербскай (сербскахарвацкай) мове» (1984), «Венгерскія ўзоры харвацкага моўнага абнаўлення» (1989), «Моўна–гістарычны слоўнік градзішчанскіх харватаў» (1996) і шматлікія публікацыі ў навуковай перыёдыцы. У зборнік «Харватыстычныя даследаванні» ўключаны працы розных гадоў, якія даюць уяўленне пра кола навуковых інтарэсаў І.Нёмаркаі.
Найбольш месца ў кнізе займаюць працы, прысвечаныя вывучэнню рукапіснай малітоўнай літаратуры на градзішчанска–харвацкай мове. Уласна, такога тыпу даследаванняў у кнізе змешчана толькі тры, але адна з іх («Першы рукапісны малітоўнік градзішчанскіх харватаў 1728 г.») даволі вялікая. У 1983 г. І.Нёмаркаі надрукаваў нямецкамоўны артыкул пра гэты малітоўнік; у зборніку колішняя публікацыя ўзноўлена па–харвацку, пры гэтым яе мэтай было апублікаваць харвацкую частку рукапісу «Libellus infirmorum desеrviens Patri Hungaro Croatae, conscriptus industria P.Fratris Seraphini Gyivkovics» — з прывядзеннем паралельных частак з венгерскіх і іншых харвацкіх помнікаў. Пры вывучэнні рукапісных малітоўнікаў удзячнай справай з’яўляецца пошук іх патэнцыяльных крыніц, і І.Нёмаркаі прыводзіць чатыры венгерскамоўныя і тры харвацка–кайкаўскія малітоўнікі, якія ў рознай ступені паслужылі ўзорамі малітоўніка С.Дзіўкавіча. Акрамя таго, даследчык падае аналіз правапісу, фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу помніка.
Нёмаркаі знаходзіць вельмі значнае падабенства паміж рознымі фрагментамі малітоўніка і яго крыніцамі. Што да мовы, то даследчык паказвае вялікую тоеснасць, уключна да сінтаксісу; увогуле ж, І.Нёмаркаі сцвярджае, што ў пачатку XVIII ст. многія венгерскія запазычанні былі цалкам засвоены марфалогіяй і сінтаксісам таго тыпу харвацкай літаратурнай мовы, на якой быў напісаны малітоўнік. У выніку такія запазычанні не ўспрымаліся тады як элементы чужой мовы. На гэта паказваюць выпадкі, калі ў харвацкім тэксце ўжываюцца запазычанні з венгерскай мовы, якія адсутнічаюць у адпаведных фрагментах венгерскіх узораў. Напрыклад, у харвацкіх частках рукапісу ўжываюцца словы венгерскага паходжання valuvati ’спавядацца’, morguvanje ’мармытанне’, harc ’барацьба, бойка’, у той час як у венгерскіх прататыпах–узорах ужываюцца іншыя венгерскія словы (gyónni, zúgolódás, bajvívás).
Важнае месца сярод зацікаўленняў І.Нёмаркаі займаюць даследаванні, прысвечаныя харвацкім граматычным працам другой паловы XVIII — першай паловы XIX ст. Марыя Тэрэзія лічыла, што асвета з’яўляецца неад’емнай часткай палітыкі, і дзеля падрыхтоўкі уніфікаванай адукацыйнай праграмы запрасіла ў Аўстрыю вядомага нямецкага педагога Ёгана Ігнаца фон Фэльбігера. Фэльбігер выпрацаваў рэгламент школьнага навучання, у тым ліку падрабязна разгледзеў праблемы выкладання роднай і чужых моў. Ён сцвярджаў, што школьнікі найперш павінны засвоіць родную мову, бо толькі яе добрае веданне дазволіць у будучыні паспяхова вывучыць чужую мову. Для вывучэння роднай мовы патрэбны былі адпаведныя вымогам свайго часу падручнікі, і неўзабаве яны з’явіліся. Спачатку ў 1774 г. згодна з законам Ratio educationis у якасці абавязковых дапаможнікаў па нямецкай мове былі прыняты падручнікі пад рэдакцыяй Фэльбігера, пазней гэтыя падручнікі былі перакладзены на венгерскую, харвацкую, славенскую і іншыя мовы манархіі.
Да апошняга часу недастаткова ўвагі звярталася на тую акалічнасць, што часта харвацкія граматыкі XVIII—XIX ст. мелі прататыпы сярод прац, прысвечаных венгерскай або нямецкай мовам. І.Нёмаркаі лічыць, што харвацкія граматычныя дапаможнікі канца XVIII ст. трэба разглядаць у шырокім кантэксце, і дэманструе гэты падыход на прыкладзе аналізу выдадзенага ў Будзе ў 1795 г. нямецкамоўнага падручніка „славонскай“ мовы Марыяна Ланосавіча „Anleitung zur slavonischen Sprachlehre“. І.Нёмаркаі параўноўвае граматыку Ланосавіча з працай Фэльбігера „Verbesserte Anleitung zur deutschen Sprachlehre“ (Вена, 1785), з заснаванымі на працах І.Готшэда лацінамоўных дапаможніках „Compendiosa Linguae Germanicae Gramatica“ (Клуж, 1769) і „Grammatica Germanica“ (Эгер, 1780), з працай І.Готшэда „Kern der Deutschen Sprachkunst“ (1753, 1773), з венгерскамоўнай граматыкай Янаша Кратцэра (Браціслава, 1787) і трыма нямецкамоўнымі граматыкамі венгерскай мовы Мацяша Бэла, Ёгана Фаркаша і Георга Салера. І.Нёмаркаі прыходзіць да высновы, што ў працэсе падрыхтоўкі сваёй працы Ланосавіч у рознай ступені абапіраўся на падыходы, структуру, дэфініцыі названых нямецкіх і венгерскіх граматык. Напрыклад, першая, „падрыхтоўчая“ частка граматыкі Ланосавіча сягае да працы „Сутнасць мастацтва нямецкай мовы“ Готшэда. Уплыў гэтай жа працы І.Нёмаркаі бачыць у апісанні Ланосавічам часоў і ладу дзеяслова. На падставе таго, што Ланосавіч, на адрозненне ад галоўнага аб’екта параўнання (працы Фэльбігера) вылучаў не шэсць, а восем склонаў (гэта супадала з спісам склонаў у граматыцы Бэла), даследчык робіць асцярожную здагадку, што, магчыма, Ланосавіч ведаў гэтую граматыку. Сінтаксічная частка працы Ланосавіча адпавядае пятаму раздзелу граматыкі Фэльбігера, а пачатак яе даслоўна супадае з адпаведным фрагментам з працы нямецкага педагога. Грунтоўнае вывучэнне магчымых крыніц граматыкі Ланосавіча дае магчымасць І.Нёмаркаі гаварыць пра „глыбокія цэнтральна–еўрапейскія культурныя ўзаемасувязі, якія, аднак, без іх даследавання былі б зусім не відавочныя“ (162). (У 2001 г. у „Studia Slavica“ з’явілася чарговая праца І.Нёмаркаі наконт харвацкіх граматык XVIII—XIX ст., гэтым разам увагу даследчыка прыцягнула выдадзеная ў Заграбе ў 1837 г. кайкаўская граматыка Крысціянавіча. І.Нёмаркаі падрабязна параўнаў яе — найперш сінтаксічную частку — з выдадзеным у Будзе ў 1799 г. двухмоўным харвацка–нямецкім дапаможнікам па нямецкай мове і паказаў шматлікія элементы пераймання.)
Два артыкулы ў кнізе прысвечаны ўплыву венгерскіх моўных узораў на харвацкія перыяду харвацкага моўнага абнаўлення другой паловы XIX ст. У першым з іх І.Нёмаркаі разглядае факты венгерскага ўздзеяння на прыкладзе тэрміналагічнага матэрыялу, выбранага з шэрагу слоўнікаў, у тым ліку нямецка–харвацка–сербска–славенскага слоўніка юрыдычна–палітычнай тэрміналогіі (Вена, 1853), „Слоўніка нямецкай і ілірыйскай моў“ (Вена, 1854), „Новага слоўніка харвацкай і нямецкай моў“ (Заграб, 1869), „Малога слоўніка харвацкай і нямецкай моў“ (Заграб, 1900). З канца 60–х г. XIX ст. значная частка харвацкіх вайсковых дапаможнікаў была падрыхтавана на аснове венгерскамоўнай літаратуры; артыкул „Венгерскія ўзоры харвацкага моўнага абнаўлення. Вайсковыя назвы“ прысвечаны асэнсаванню венгерскага ўздзеяння ў сферы вайсковай тэрміналогіі. І.Нёмаркаі прыходзіць да высновы, што ў апошняй трэці XIX ст. паводле венгерскіх узораў у харвацкай мове былі створаны сотні слоў (у тым ліку і такія, „славянская“ структура якіх, здавалася б, не павінна выклікаць сумнення — напрыклад, razvodnik ‘яфрэйтар’ і desetnik ‘капрал’). У перыяд пачатковага фармавання харвацкай мовы ў ёй мела месца полінайменнасць, і ў шэрагу выпадкаў І.Нёмаркаі дэманструе, што для адных назваў (напрыклад, pravno sredstvo ‘абскарджанне’) можна ўстанавіць нямецкую мадэль (Rechtsmittel), а для іншых (pravni lijek ‘тс’) — венгерскую (jogorvoslat). У шэрагу выпадкаў складана вызначыць, якая, нямецкая ці венгерская, мова ўплывала на харвацкую больш. Часам І.Нёмаркаі задавольваецца тым, што да ўжо вядомых нямецкіх прататыпаў харвацкіх слоў (Rechnungsführer як узор для računovoda, Exzeß як мадэль для izgred) дадае такія ж верагодныя венгерскія прататыпы (számvezeto, kihágás). Паколькі развіццю венгерскай і харвацкай моў быў уласцівы скіраваны супраць інтэрнацыяналізмаў пурызм, то часам венгерскі ўплыў на харвацкую можна канстатаваць ужо ў самым факце выкарыстання ў харвацкай мове свайго слова замест інтэрнацыянальнага. Даследаванне харвацкага моўнага абнаўлення другой паловы XIX ст. дазваляе І.Нёмаркаі гаварыць у тым ліку пра тое, што чэшскае ўздзеянне на харвацкую мову ў гэты час было меншае, чым дагэтуль прынята лічыць. Змешчаныя ў зборніку артыкулы пра харвацкае моўнае абнаўленне другой паловы ХIХ ст. уяўляюць сабой вытрымкі (часам „мікраскапічныя“) з апублікаванай у 1989 г. на нямецкай мове габілітацыйнай працы І.Нёмаркаі, і чытачы, якія жадаюць атрымаць больш поўнае ўяўленне пра гэтую тэму, павінны будуць звярнуцца да ранейшай публікацыі.
У іншых артыкулах зборніка даследуюцца венгерска–харвацкія кантакты на прыкладзе падобных біблейскіх прыпавесцяў XVI і XIX ст. („Да вывучэння літаратурных і моўных кантактаў“) і перакладзенага ў XVIII ст. з венгерскай мовы Ералімам Ліпаўчычам барокавага твора „Наведванне, якое ахоўвае душу“ біскупа Марціна Біро дэ Паданьі. Артыкул „Стратэгіі ветлівасці ў камунікацыі“ прысвечаны вывучэнню з пункту гледжання прагматыкі і глотадыдактыкі катэгорыі моўнай ветлівасці, пры гэтым значная ўвага аддаецца вяртанню ў венгерскую мову ў апошнія гады пачцівага звароту úr ’спадар, пан’, фактычна выцесненага за часамі сацыялізму. У артыкуле „Культура і ідэнтычнасць“ І.Нёмаркаі асэнсоўвае складаныя праблемы суадносінаў культуры з нацыянальнай свядомасцю ў сітуацыі новага грамадска–палітычнага ўкладу ў Цэнтральнай Еўропе апошніх гадоў.
Сяргей Запрудскі
Мінск