БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 (Анастасія Скеп’ян)

Listy polskie XVI wieku / pod red. K. Rymuta. T. 1. Listy z lat 1525—1548 ze zbiorów Władyslawa Pociechi, Witolda Taszyckiego i Adama Turasiewicza. — Kraków, 1998. XII, 504.»

Увагу любога даследчыка i эпохі Сярэдневечча, і Новага часу асабліва прыцягваюць лісты, аўтарамі якіх былі і розныя дзяржаўныя асобы, і простыя людзі, бо такія крыні­цы  могуць значна ўзбагаціць веды пра побыт, менталітэт, сістэмы каштоўнасцяў грамадства ў пэўную гістарычную эпоху і, вядома, даць вельмі каштоўную факталагічную інфармацыю. Даследаванне перапіскі дазваляе ўдасканаліць свае веды па шэрагу невядомых ці спрэчных пытанняў гісторыі, і не варта пераконваць гісторыкаў, філолагаў у неабходнасці новых навуковых выданняў крыніц.

Цікавасць да эпісталярнай спадчыны XVI ст. не згасла і цяпер. І справа не толькі ў страце ці цяжкадаступнасці арыгіналаў, раскіданых па розных рукапісных аддзелах бібліятэк і архіваў Еўропы і Амерыкі (так, напрыклад, частка сямейных архіваў шляхты ВКЛ, у тым ліку і Сапегаў, была набыта мармонамі і цяпер захоўваецца ў Солк–Лейк–Сіці), але і ў невялікай колькасці выданняў лістоў, што паходзяць з названага перыяду. Большасць эпісталярнай спадчыны, калі і выдавалася, то ў ХIХ ст., а частка гэтых выданняў ужо бібліяграфічная рэдкасць і амаль недаступная для гісторыкаў. Тым больш важнай варта лічыць працу, што ў апошнія гады проводзяць польскія даследчыкі, якія ўзяліся за перавыданне ці выданне новых крыніц.

Патрэба ў новым выданні адчувалася ўжо даўно, і не толькі па названых вышэй прычынах, але і з-за вялікай колькасці памылак, абдруковак ці пропускаў у тэксце, недакладнасцяў у гістарычных каментарах пры ранейшых публікацыях, зробленых М. Балінскім, Ю. Нямцэвічам, А. Пшэздзецкім. На жаль, названых хібаў не пазбеглі і сучасныя выдаўцы, як польскія, так і айчынныя, пра што могуць сведчыць крытычныя артыкулы на выданне Ірэнай Канеўскай лістоў Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў[1].

Хацелася б пазнаёміць беларускіх даследчыкаў з выданнем польскіх лістоў ХVI ст., падрыхтаваным ў Кракаве. Само выданне складаецца з двух тамоў, што выйшлі ў 1998 і 2002 г. Мы разгледзім першы том, які ўтрымлівае лісты да сярэдзіны ХVI ст. Не робячы аналізу дакладнасці выдання самога тэксту, бо гэта патрабуе параўнання пададзеных лістоў з арыгіналамі ці ранейшымі іх выданнямі, што дастаткова цяжка з-за іх раскіданасці па розных сховішчах, паспрабуем пазнаёміць чытача з гэтым карысным выданнем крыніц ХVI ст.

На мэце выдання «Listów polskich ХVI wieku» было абвяржэнне міфа пра недастатковае распаўсюджванне і ўжыванне польскай мовы прадстаўнікамі розных слаёў грамадства ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у канцы ХV—ХVI ст. не толькі ў афіцыйнай, але і ў прыватнай перапісцы. Падыходы польскіх навукоўцаў, якія спрабуюць паказаць шматаблічнасць і разнастайнасць тэм надрукаваных лістоў, будуць цікавымі не толькі для да­следчыкаў агульных пытанняў айчыннай гісторыі, але і для спецыялістаў па мове канцылярыі ВКЛ, пытаннях этнічнай самасвядомасці жыхароў ВКЛ у ХVI ст., для філолагаў, якія вывучаюць працэсы фармавання і функцыянавання славянскіх моваў.

Значная частка лістоў была надрукавана раней у розных зборніках, але разам яны сабраны ўпершыню. Кожны ліст (а іх 185) суправаджаецца кароткай анатацыяй, дзе ўказаны паходжанне, аўтар, адрасат і месца захавання арыгінала (калі ён ёсць), а таксама папярэднія выданні крыніцы. Кніга таксама цікавая і тым, што дакументы пада­дзены ў транслітарацыі і транскрыпцыі, прычым у апошняй улічаныя асаблівасці напісання і вымаўлення ў ХVI ст. Асаблівую цікавасць уяўляюць каментары да тэкстаў. Гэта пераважна тлумачэнне слоў са старапольскай, якія могуць быць не зразумелыя чытачу, а таксама палеаграфічная інфармацыя пра пашкоджанні тэксту, паперы, почырку таго ці іншага аўтара ці пісара. Успрыманне тэксту і карыстанне названым выданнем значна аблегчана наяўнасцю спісаў скарачэнняў, бібліяграфіі, скарочанага азначэння моваў і прынцыпаў транслітарацыі.

Цікавасць уяўляюць і самі лісты. Тут можна спаткаць і афіцыйныя паперы, што датычацца міжнароднай і ўнутранай палітыкі Польшчы і ВКЛ, і невялікія «цыдулкі», што  перадаюць гутарковую мову. Частка тлумачэнняў нехарактэрных для польскай мовы слоў утрымлівае т.зв. састарэлыя ці «сапсутыя» формы. Аднак пры бліжэйшым аналізе мы можам заўважыць, што да іх залічаны словы ці агульнаславянскія, ці, магчыма, т.зв. «старарускія», напрыклад, «raczej», «przyczyna», «karalewa», «zapisać się» (грошы, землі), «wyszej», «bratski», «walny» і г.д. Асабліва часта такія «памылкі» сустракаюцца ў лістах карэспандэнтаў з зямель ВКЛ — Альбрэхта Гаштаўта,  прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Хоць асабістая перапіска не нясе значнай палітычнай ці сацыяльнай інфармацыі, яна, несумненна, яскрава сведчыць пра штодзённае жыццё шляхты і заможнага мяшчанства, асабліва калі ўлічыць, што не менш чвэрці ўсіх лістоў належыць жыхарам Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладам менавіта асабістай перапіскі такога кшталту можа быць шэраг лістоў Барбары Радзівіл да мужа Жыгімонта Аўгуста, лісты Мікалая Радзівіла Чорнага да польскіх сенатараў. Шмат цікавага можна даведацца з самога стылю паслання, асабліва калі яно звернута да асобы, што стаяла ніжэй па сацыяльнай лесвіцы, напрыклад, ліст Жыгімонта Аўгуста да свайго набліжанага.

Анастасія Скеп’ян

Мінск


[1]Janicki M., Jaworski R. Nad nową edycją listów Zygmunta Augusta do Radziwiłłó // Przegląd Historyczny. T. XC (1999). Z. 3. S. 347–356.

Тэгі: , , ,