БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Том 7 Сшытак 2 (13) (Снежань 2000)

Артыкулы

Васіль Варонін. Полацкія путныя слугі ва ўрадавай палітыцы ВКЛ (ХV – сярэдзіна ХVI ст.). С. 305-325.

Андрэй Пятчыц. Пашырэнне праваслаўя ў Беларусі ў сярэдзіне – другой палове ХIХ ст. С. 327-350.

Сяргей Хоміч. Асноўныя этапы фармавання тэрыторыі БССР (1918–1926). С. 351-364.

Морыц Ф. Люк, Цім К. Рыхтар. «Паляванне дазваляецца»: барацьба з партызанамі ў «генеральным камісарыяце Беларутэнія» (1943). С. 365-401.

 

Паведамленні

Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч… С.402-409.

Лявон Юрэвіч. Беларуская кнігавыдавецкая дзейнасць у часе II сусветнай вайны. С. 410-415.

 

Пераклады

Гўін Прынз. Вусная гісторыя. С. 416-447.

 

Гістарыяграфія

Вячаслаў Насевіч. Структуры сям’і і дворагаспадаркі. С. 448-475.

Андрэй Партноў. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі. С. 476-488.

 

Новая лiтаратура: агляды i рэцэнзii

Энцыклапедыя Сярэднявечча (Ірэна Ганецкая). С. 489-508.

Праблемы выдання Літоўскай метрыкі і першая беларуская публікацыя (Ганна Харашкевіч). С. 509-524.

Будапешцкія канферэнцыі пра мовы ў ВКЛ (Ігар Клiмаў). С. 525-534.

The Icon Critical Dictionary of Postmodern Thought. Ed. By Stuart Sim. (Марына Сакалова). С. 535-539.

Białoruskie Zeszyty Historyczne Nr 1–14 (Аляксандр Краўцэвіч). С. 540-544.

Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі (Віталь Галубовіч). С. 544-547.

Михайло Брайчевський. Выбрані твори (Наталля Бандарэнка). С. 547-553.

Леонтьева, Галина А. Палеография, хронология, археография, геральдика (Максім Гардзееў). С. 554-556.

Marek Ferenc. Dwór Zygmunta Augusta (Анастасія Скеп’ян). С. 556-560.

Гудзяк, Борис. Криза і реформа (Святлана Марозава). С. 560-568.

Bernatowicz, Tadeusz. Miles Christianus et peregrinus (Валеры Пазнякоў). С. 568-574.

Łaszkiewicz, Hubert Mikolaj. Dziedzictwo czy towar? (Валеры Пазнякоў). С. 574-577.

Куль–Сяльверстава, Святлана Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур (Андрэй Кіштымаў). С. 577-582.

Radzik, Ryszard. Między źbiorowością etniczną a wspolnotą narodową (Лія Салавей). С. 582-590.

Бежанства 1915 года. Рэд. Віталь Луба (Станіслаў Рудовіч). С. 590-593.

Mueller, Rolf-Dieter / Ueberschaer, Gerd R. Hitlers Krieg im Osten (Сяргей Новікаў). С. 593-596.

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Сяргей Новікаў). С. 596-602.

Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion; Transformation und nationale Identität in der Ukraine und in Belarus (Лявон Баршчэўскі). С. 602-615.

 

Інфармацыі

Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2000 г. С. 616-618.

 

Contents.

Васіль Варонін. Полацкія путныя слугі ва ўрадавай палітыцы ВКЛ (ХV— сярэдзіна ХVI ст.)


Адным з наступстваў уваходжання ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) абласцей, часта вельмі непадобных паміж сабой, была крайняя разнастайнасць сацыяльных слаёў і груп, якія ўтваралі грамадства гэтай велізарнай дзяржавы. Аднак з цягам часу тут стаў набіраць усё большую моц, а ў XVI ст. у асноўных рысах завяршыўся працэс фармавання галоўных станаў феадальнага грамадства: сялянства, мяшчанства, шляхты і духавенства. Тым не менш на раннім яго этапе адрозненні ў сацыяльным, эканамічным і юрыдычным становішчы сялянства, мяшчанства і шляхты нярэдка былі невялікія і невыразныя. Існавалі пагранічныя сацыяльныя слаі, якія, прынамсі ў некаторых рэгіёнах, былі даволі шматлікія. Да такіх слаёў можна далучыць так званых ваенных слуг — вярхушку вельмі стракатай катэгорыі сялян-слуг. З аднаго боку, путныя, панцырныя і іншыя ваенныя слугі, як і шляхта, неслі вайсковую службу, а з другога — выконвалі тыпова сялянскія павіннасці і плацілі тыпова сялянскія падаткі. У многім іх становішча нагадвала становішча мяшчанства. Такім чынам, у кантэксце названай тэндэнцыі сацыяльнага развіцця існавалі некалькі варыянтаў далейшай эвалюцыі разгляданага сацыяльнага слоя. Ён мог папоўніць шэрагі аднаго з трох станаў ці быць падзелены паміж імі. У такой сітуацыі менавіта ўрадавая палітыка мусіла адыграць у далейшым гістарычным лёсе ваеннаслужы лага сялянства вызначальную ролю.
Чытаць далей →

Андрэй Пятчыц. Пашырэнне праваслаўя ў Беларусі ў сярэдзіне — другой палове ХIХ ст.

Входит некто православный,
Говорит: Теперь я главный!
І.Бродскі

У папулярнай расійскамоўнай літаратуры мінулага стагоддзя падзеі, звязаныя з умацаваннем і распаўсюджваннем праваслаўя на тэрыторыі Паўночна-Заходніх губерняў, звычайна падаюцца як нейкае адзінае і маналітнае парыванне «отчужденной братии» да вытокаў сваёй гісторыі і культуры. На самай жа справе гэты працэс меў намнога больш складаны і шматгранны характар. Апрача прызнання выразных поспехаў у распаўсюджванні праваслаўя на гэтых землях, ён выклікаў супярэчнасці і сумненні не толькі ў дэмакратычна скіраваных колах грамадства, але і ў асяродку непасрэдных выканаўцаў імперскай палітыкі. «Добраахвотнае» вяртанне мясцовых жыхароў-уніятаў ва ўлонне расійскай праваслаўнай царквы ў 1839 г. было, па сутнасці, толькі пачаткам цэлага шэрагу мерапрыемстваў, скіраваных на фактычнае ўсталяванне праваслаўя ў краі. Чытаць далей →

Сяргей Хоміч. Асноўныя этапы фармавання тэрыторыі БССР (1918—1926)


Тэрыторыя — неабходная ўмова і адна з найважнейшых прыкмет існавання незалежнай краіны. Тэрытарыяльнае пытанне ўзнікае разам з самой дзяржавай і носіць на сабе адбітак усіх тых умоваў, што спадарожнічалі яе ўтварэнню. Менавіта таму даследаванне працэсу будаўніцтва беларускай дзяржавы ў ХХ ст., яе статуса, заканамернасцяў і асаблівасцяў развіцця немагчымае без глыбокага вывучэння таго, як адбывалася ўсталяванне межаў БССР.

У канцы 1918 г. арганізацыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі адбывалася з маланкавай хуткасцю. У адпаведнасці з планам ЦК РКП(б) БССР павінна была стаць апошнім звяном у ланцугу незалежных савецкіх рэспублік, якія б аддзялілі Савецкую Расію ад капіталістычных краін. Тое, што БССР утваралася выключна па знешнепалітычных меркаваннях, а этнічныя, эканамічныя і культурныя аспекты да ўвагі не браліся, істотным чынам паўплывала на вызначэнне межаў рэспублікі. Ва ўтварэнні БССР, як вядома, удзельнічалі тры арганізацыі: ЦК РКП(б), Аблвыкамзах і Белнацкам (разам з белсекцыямі РКП(б)), кожная з якіх мела свае ўяўленні пра статус рэспублікі і адпаведна пра яе межы. Што датычыць ЦК РКП(б), то бальшыня сучасных гісторыкаў пагаджаюцца, што ўжо ў канцы 1918 г. у кіраўніцтва кампартыі былі нейкія свае планы ў дачыненні да тэрыторыі БССР, якія не супадалі з рэзалюцыяй I з’езда КП(б)Б (снежань 1918 г.) наконт межаў рэспублікі. Чытаць далей →

Морыц Ф. Люк, Цім К. Рыхтар. «Паляванне дазваляецца» : барацьба з партызанамі ў «генеральным камісарыяце Беларутэнія» (1943)

Морыц Фелікс Люк, Цім Клаўдзіус Рыхтар

„На занятай прасторы людзі будуць з гэтага часу па-за законам, дзічынай, на якую паляванне дазваляецца»[1]. Так фармуляваўся прававы статус, нададзены нямецкай акупацыйнай уладай насельніцтву ў „генеральным камісарыяце Беларутэнія». Цытата, пазычаная з загаду баявой групы фон Готберга па барацьбе з партызанамі, адлюстроўвае бяспраўе цывільнага насельніцтва не толькі Беларусі, але і іншых тэрыторый, акупаваных немцамі ў час другой сусветнай вайны. Аднак прымяненне насілля, якое ператварала мільёны людзей літаральна ў дзічыну для палявання, пачалося не ў адказ на сілавыя меры партызанаў, якія таксама з бязлітаснай жорсткасцю выступалі супраць немцаў і калабарантаў. Чытаць далей →

Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч — повязь царкоўных ерархаў


У судовай справе забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча дагэтуль застаюцца нявысветленымі некаторыя пытанні. На гэтым забойстве сучасныя даследчыкі як з уніяцкага, так і з праваслаўнага боку зарабілі і цяпер зарабляюць шмат палітычных ачкоў, каб прынізіць годнасць сваіх апанентаў. Аднак наш расповед галоўным чынам закранае самы пачатак супрацьстаяння паміж Кунцэвічам і жыхарамі Віцебска.

У грамадскім жыцці ВКЛ на працягу другой паловы XV і ўсяго XVI ст. пачало дзейнічаць пісанае права. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 г. патрабавалі карыстацца толькі «правом писаным»[1] (Статут 1566 г., раздз. 4, арт. 30; Статут 1588 г., раздз. 1, арт. 1). Царкоўнае жыццё ў ВКЛ па-ранейшаму рэгулявалася звычаёвым правам, аднак паступова ў праваслаўных землях стала ўводзіцца практыка прызначэння найвышэйшых царкоўных ерархаў са згоды свецкіх уладаў[2]. У канцы XVI — пачатку XVII ст. кароль Жыгiмонт III Ваза, а разам з iм i пераважная большасць дэпутатаў сейма (у асноўным каталікі) паспрабавалі надаць тагачасным парадкам нейкія цывілізавана-законныя рамкі.
Чытаць далей →

Лявон Юрэвіч. Беларуская кнігавыдавецкая дзейнасць у часе II сусветнай вайны


За гады акупацыі ў Беларусі па–беларуску выдавалася даволі значная колькасць газет і часопісаў самых розных кірункаў, палітычных платформаў[1] . Кнігавыдавецкая дзейнасць з цалкам зразумелых прычынаў не паспела набыць такіх памераў. Хоць планы — ды й пэўныя несумненныя здабыткі — у гэтай галіне былі. Вось, прыкладам, што піша ў сваіх успамінах Яўхім Кіпель: «Я ўлучыўся ў працу навуковага аддзелу, найперш аддаўшыся распрацоўцы праграмы друкаваньня падручнікаў для школаў. Быў арганізаваны мэтадалягічны камітэт, у які ўвайшлі дзясяткі дзейных настаўнікаў, некалькі навукоўцаў, ды былі падабраныя аўтары падручнікаў. За першы год мы запусьцілі ў апрацаваньне каля 15 падручнікаў і 4 слоўнікі»[2] і крыху далей: «Пры газэце «Голас Вёскі» мы пачалі рыхтаваць брашуры сельскагаспадарчага зьместу ў дапамогу селяніну. Увесну 1944 г. у друк было здадзена 6 кніжачак, якія мусілі выйсьці 25–тысячным тыражом кожная. Попыт на такую літаратуру быў вялікі. У некаторых месцах нават былі адчыненыя кіёскі з падобнымі выданьнямі»[3].
Чытаць далей →

Гўін Прынз. Вусная гісторыя


* Gwyn Prins. Oral History // Burke P. (Ed.) New Perspectives on Historical Writing. Cambridge, 1992. P.114—139.

Гісторыкі, якія спецыялізуюцца па новай гісторыі, масавай літаратуры, індустрыяльных грамадствах — г.зн. найлепшыя прафесіяналы — звычайна вельмі скептычна ставяцца да каштоўнасці вусных крыніцаў у рэканструкцыі мінулага. «Наконт гэтага я амаль цалкам скептык», — рэзка выказаўся Тэйлар. «Лухта, якую нясуць старыя пра сваю маладосць. Не!» Цяпер, пэўна, многія выяўляюць крыху большую зычлівасць і прызнаюць вусную гісторыю — гісторыю, напісаную на аснове сведчанняў жывых людзей, а не пісьмовых дакументаў — прыемнай і карыснай ілюстрацыяй, але мала хто згаджаецца, што такія матэрыялы могуць стаць галоўнымі ў вывучэнні сучасных грамадстваў, якія пакідаюць па сабе пісьмовыя дакументы. Створаныя Стадам Тэркелем «гісторыі людзей» перыяду дэпрэсіі і II сусветнай вайны ніколі не змогуць, на іх думку, сфармаваць агульныя гістарычныя гіпотэзы, што датычацца маштабных падзей.
Чытаць далей →

Вячаслаў Насевіч. Структуры сям’і і дворагаспадаркі ў гісторыі Еўропы


У сярэдзіне 1960-х г. брытанскі даследчык Джон Хайнал (John Hajnal) прадэманстраваў перспектыўнасць параўналь нага вывучэння структуры сям’і ў розных рэгіёнах свету. На фоне спрэчак пра тое, якія фактары забяспечылі канкурэнтаздольнасць Захаду ў параўнанні з іншымі, значна больш старажытнымі цывілізацыямі, яму ўдалося вызначыць фактар, які паддаваўся колькаснаму вымярэнню: спецыфічны спосаб шлюбных паводзінаў, за якім, як высветлілася, стаяла больш глыбокая розніца ў культурных і паводзінных стэрэатыпах.
Чытаць далей →

Андрэй Партноў. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі

Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі
(некаторыя канцэптуальныя меркаванні)

Пра складанасць разгляданай тэмы найлепш сведчыць сукупнасць прац, ужо напісаных з гэтай нагоды. Гэтым працам часта бракуе даследчага такту, смеласці. Да таго ж, гістарычная навука агулам засвоіла канцэпцыю савецкага таталітарызму, паводле якога грамадства было не больш чым пасіўным аб’ектам усёмагутнай дзяржавы[1]. Следства такой устаноўкі — звядзенне праблемы да разгляду палітычных рэпрэсій або неапраўдана спрошчанага сцвярджэння пра ненавуковы характар усіх гістарычных прац, што з’явіліся ва Ўкраіне з другой паловы 1940-х да канца 1980 г.[2] Гэткія тэзісы грунтуюцца на разуменні саветызацыі як працэсу, што завяршыўся ў 1930—40 г., пасля чаго быццам існавала уніфікаваная пакораная гістарыяграфія. Насамрэч гэтак званая савецкая гістарыяграфія не была аднастайнаю[3], побач з прапагандысцкімі выходзілі адмысловыя навуковыя працы, часта створаныя ва ўмовах балючага кампрамісу з сістэмаю.
Чытаць далей →

Энцыклапедыя Сярэднявечча (Ірэна Ганецкая)


*Encyclopedia of the Middle Ages. Vol. 1—2. Andrй Vauchez, Barrie Dobson, Michael Lapidge (eds.). Vol. 1. I—XVIII, 1—809; Vol. 2. 810—1624. Cambridge, 2000.

У 2000 г. пабачыла свет выданне «Энцыклапедыі Сярэднявечча» ў 2 тамах пад рэдакцыяй Андрэ Вашэ разам з Бэры Добсанам і Майклам Лэпіджам. Спатрэбілася 10 гадоў на рэалізацыю гэтага грандыёзнага праекта, у якім бралі ўдзел 600 вучоных з больш чым 30 краінаў, 30 экспертаў, тры выдавецтвы. Першым было выданне на французскай мове (1997), потым «Энцыклапедыя» выйшла па–італьянску (1998–99) і, нарэшце, па–ангельску (2000). Усе тры выданні не з’яўляюцца абсалютна ідэнтычнымі, а адрозніваюцца паміж сабой найперш таму, што кожнае з іх арыентуецца на свайго чытача. Так, італьянскае выйшла ў трох тамах і шырэйшае параўнальна з французскім (якое ў прадмове рэцэнзаванага выдання ахарактарызавана як «франкацэнтрысцкае»), у ангельскім дададзена яшчэ 50 артыкулаў, якія тычацца пераважна Англіі, і значна пашырана бібліяграфія (рэдактары імкнуліся, каб кожны артыкул меў бібліяграфію, праўда, цалкам ажыццявіць задуму ўсё ж не ўдалося). Пераклад на ангельскую мову зрабіў Эдрыан Ўолфорд.
Чытаць далей →

Праблемы выдання Літоўскай метрыкі і першая беларуская публікацыя (Ганна Харашкевіч)


* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Архіў Канцылярыі вялікага Князя Літоўскага. Кніга 28 (1522—1552). Кніга запісаў 28 (Копія канца ХVI ст.). Падрыхтаваў В.Мянжынскі. Менск, 2000.

Выданне Літоўскай метрыкі было адным з самых значных пачынанняў айчынных гісторыкаў-медыявістаў савецкай эпохі. Літоўскай метрыка, як бы яе ні вызначаць (побач з яе характарыстыкай як дзяржаўнага архіва Вялікага Княства Літоўскага існуе іншая — як калекцыя дакументаў, галоўную частку якой складалі матэрыялы канцылярыі княства[1] ), з’яўляецца унікальным зборам матэрыялаў, што маюць дачыненне да Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яна змяшчае кнігі копій, створаныя ў канцы ХVI ст.
Чытаць далей →

Будапешцкія канферэнцыі пра мовы ў ВКЛ (Ігар Клiмаў)


* Studia Russica, 1999. Vol. 17. 445 с. Studia Russica, 2000. Vol. 18. 495 с.

У 1998 г. кафедра ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі (да 1994 г. — кафедра рускай мовы) Будапешцкага універсітэта правяла канферэнцыю з тэматыкай «Мовы ў ВКЛ». Яе поспех натхніў кафедру на правядзенне ў 2000 г. другой канферэнцыі з той самай тэматыкай. Канферэнцыям папярэднічала выданне тэзісаў, а крыху пазней даклады ўдзельнікаў былі апублікаваныя ў перыёдыку кафедры Studia Russica, Vol. 17, 18. (Дарэчы, гэты перыёдык падае паштовыя і электронныя адрасы аўтараў для кантактаў.) Арганізатар гэтых мерапрыемстваў — д–р Андраш Золтан, вядомы, сярод іншага, і сваімі даследаваннямі старабеларускага перакладу «Аповесці пра Атылу».
Чытаць далей →