БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ALEXANDROWICZ, STANISŁAW. Studia z dziejów miasteczek Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń: Wydawnictwo naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2011. 442 s.

У наступным нумары (том 19, 2012) Вядомыя выпадкі, калі замежным гісторыкам удавалася лепш i параўнальна з айчыннымі вучонымі грунтоўней даследаваць тую ці іншую праблему з гісторыі краіны. Гэта з упэўненасцю можна сказаць пра навуковую дзейнасць вядомага польскага гісторыка прафесара Cтaніслава Александровіча[1], які шмат зрабіў i робіць для вывучэння беларускай мінуўшчыны часоў Вялікага Княства Літоўскага. Прызнанне значных заслуг С. Александровіча ў развіцці беларускай гістарычнай навукі засведчана артыкулам пра даследчыка ў першым томе “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”[2]. Шэраг публікацый вялікай навуковай бібліяграфіі С. Александровіча, буйнога спецыяліста па гісторыі Усходняй Еўропы XІV–ХІХ ст. і гісторыі картаграфіі, прысвечаны праблеме развіцця гарадскіх паселішчаў Беларусі i Літвы XVI–XVIIІ ст., і найважнейшыя з іх увайшлі ў рэцэнзаванае выданне. Кніга складаецца з прадмовы Томаша Кемпы (вучня С. Александровіча), уступных заўваг самога аўтара і двух асноўных частак. У першай змешчаны даследаванні С. Александровіча па дадзенай праблеме, апублікаваныя ў розных навуковых выданнях на працягу 1961–2004 г. Большасць з іх носяць фундаментальны характар, маюць велізарнае значэнне для даследавання гарадоў і мястэчак, гаспадаркі і дэмаграфіі ВКЛ. Аднак першыя публікацыі гэтых прац сёння для навукоўцаў цяжкадаступныя. Гэта і абумовіла выданне кнігі, дзе пад адной вокладкай сабраны даследаванні С. Александровіча пра мястэчкі ВКЛ, якія ўжо сталі класікай гістарыяграфіі. Тут падаюцца іх першапачатковыя версіі з нязначнымі праўкамі тэхнічнага характару. Пра новыя даследаванні праблемы гістарычнага развіцця гарадоў і мястэчак ВКЛ, зробленыя ў Польшчы, Беларусі і Літве ў апошнія дзесяцігоддзі, аўтар згадаў ва ўступе, назваўшы з беларускіх навукоўцаў Міхаіла Спірыдонава і Максіма Макарава. У другой частцы кнігі змешчаны найважнейшыя крыніцы па гісторыі радзівілаўскай Любчы сярэдзіны XVII ст.: прывілеі на магдэбургскае права 1590 і 1644 г., апісанне забудовы з 1644 г., ардынацыя (устава) з 1647 г., інвентар 1651 г. Прывілеі і інвентар друкуюцца ўпершыню (іх падрыхтаваў да друку Томаш Кемпа). Астатнія два з пералічаных дакументаў былі ўведзены ў навуковы зварот С. Александровічам яшчэ ў 1962 г. Гэтыя першакрыніцы даюць магчымасць даведацца пра сістэму кіравання і самакіравання ў Любчы, унутраную арганізацыю i гаспадарчыя абавязкі жыхароў, заняткі насельніцтва сельскай гаспадаркай, гандлем, рамёствамі, пра acaблівасці планіроўкі i забудовы і г. д. Спынімся на кароткай характарыстыцы зместу прац прафеcapa С. Александровіча па праблеме местаў і мястэчак ВКЛ, а таксама на найбольш цікавых і важных, на наш погляд, высновах даследчыка. Асноўную частку змешчаных у кнізе тэкстаў склалі раздзелы доктарскай пpaцы “Гаспадарчыя функцыі мястэчак Беларусі і Літвы ў XVI – першай палове XVII ст.”, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам прафесара Генрыха Лаўмяньскага і абароненай 30 снежня 1960 г. У даследаванні пад назвай “Генезіс і развіццё сеткі мястэчак Беларусі і Літвы да паловы XVII ст.”[3] аналізуюцца прычыны, умовы і шляхі ўзнікнення мястэчак на землях Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар вылучае 6 такіх шляхоў: 1) найстарэйшыя мястэчкі, якія развіваліся побач з замкамі вялікага князя ці буйных феадалаў; 2) мястэчкі, якія ўзніклі каля двароў феадалаў і развіваліся з таргоў і згуртаванняў рамесніцкага насельніцтва; 3) мястэчкі, што з’явіліся на працягу правядзення валочнай памеры на новым месцы ці побач з ужо наяўнай вёскай; 4) мястэчкі, фактарам паўставання якіх былі патрэбы, звязаныя з абслугай камунікацыйных шляхоў; 5) мястэчкі, заснаваныя каля асяродкаў рэлігійнага культу; 6) мястэчкі, што паўсталі побач з ранейшымі вялікімі ці малымі гарадамі. Станіслаў Александровіч аналізуе таксама інтэнсіўнасць працэсу ўзнікнення мястэчак на розных этапах, канцэнтрацыю гарадскіх паселішчаў у асобных рэгіёнах разгляданай тэрыторыі. На падставе скрупулёзнай працы з картаграфічнымі і пісьмовымі крыніцамі ён склаў карту гарадскіх паселішчаў Беларусі і Літвы на 1650 г. Пры гэтым неабходна адзначыць, што да перавыдання гэтай карты даследчык зрабіў пэўную карэкціроўку, звязаную з удакладненнем межаў ваяводстваў з улікам новых даследаванняў Міхаіла Спірыдонава. Дадаюцца таксама табліцы са спісам усіх выяўленых на сярэдзіну XVII ст. гарадоў і мястэчак Беларусі і Літвы, а таксама з інфармацыяй пра тыя з іх, акалічнасці закладання якіх удалося дакладна вызначыць. Вучоны даследаваў таксама пытанні, звязаныя з фармаваннем насельніцтва мястэчак, яго колькасцю i нацыянальным складам[4]. Аўтар вылучае і аналізуе 4 крыніцы папаўнення местачковага насельніцтва: 1) уцекачы з уладанняў іншых паноў; 2) узнікненне новых слабод; 3) прыбыццё мяшчан з большых гарадоў ці іншых мястэчак; 4) папаўненне за кошт іншаземцаў. Даследчык звярнуў увагу і на факты пераводу ў мяшчанства сялян і рамеснікаў феадальных маёнткаў, у якіх закладалася мястэчка. Але гэтую крыніцу засялення мястэчак ён не ўключыў у прапанаваную структуру. Аналізуючы ўзровень заселенасці беларускіх і літоўскіх мястэчак, С. Александровіч падкрэслівае перавагу ў Вялікім Княстве Літоўскім дробных гарадскіх паселішчаў. У якасці адной з важных прычын гэтага ён лічыў залішнюю канцэнтрацыю населеных пунктаў гарадскога тыпу, што выклікала надзвычай моцную канкурэнцыю. У працы пад назвай “Мястэчкі Беларусі i Літвы як асяродкі гандлю ў XVI – першай палове XVII ст.”[5] аўтар вельмі грунтоўна аналізуе гандлёвыя функцыі мястэчак: ix удзел у лакальным, рэгіянальным i замежным гандлі, асартымент тавараў, якія мелі абарачэнне на местачковых таргах i кірмашах, сістэму гандлёвай платы, развіццё сплаву ў мястэчках, уплыў гандлю на прафесійны i маёмасны склад насельніцтва. Акрамя таго падрабязна даследавана спрэчнае ў гістарычнай навуцы пытанне пра найбольш характэрныя рысы мястэчак, якія адрознівалі ix ад вёсак i гарадоў. Вызначаючы спецыфіку мястэчак, С. Александровіч прапанаваў уласную класіфікацыю населеных пунктаў гарадскога тыпу ў залежнасці ад ступені заселенасці: 1) мястэчкі – 150 дымоў, ці 1050 жыхароў (пры сярэдняй колькасці 7 чалавек у дыме); 2) найбольшыя мястэчкі – 151–250 дымоў, ці 1051–1750 жыхароў; 3) гарады – больш за 250 дымоў, ці 1750 жыхароў. На думку С. Александровіча, адзін з галоўных крытэрыяў мястэчка, які адрознівае яго ад горада i набліжае да вёскі, – перавага сельскагаспадарчых заняткаў местачкоўцаў. Цікавым падаецца меркаванне польскага гісторыка наконт спецыфікі структуры рынку мястэчка як асноўнага фактару яго адметнасці: рынак мястэчка ахопліваў толькі найбліжэйшыя ваколіцы, а рынак горада складаўся ў залежнасці ад яго гаспадарчага значэння з некалькіх, некалькіх дзесяткаў i больш лакальных рынкаў мястэчак i малых гарадоў. У той жа час С. Александровіч акцэнтуе ўвагу на немагчымасці ўсталявання дакладнай мяжы паміж горадам i мястэчкам, сцвярджаючы, што многія мястэчкі ўяўлялі сабой этап эвалюцыі ад мястэчка да горада. Асобная пpaцa прафесара С. Александровіча прысвечана рамесніцкім заняткам местачкоўцаў[6]. Тут аналізуюцца колькасць рамеснікаў у мястэчках, узровень спецыялізацыі местачковага рамяства. Аўтар прыводзіць агульную лічбу спецыяльнасцяў, якія iснавалі ў мястэчках. Паводле яго падлікаў, колькасць прафесій у мястэчках ВКЛ (у межах пасля Люблінскай уніі) да паловы ХVІІ ст. раўнялася 78. Даследчык аб’яднаў ix у больш шырокія групы па блізкім прафесійным крытэрыі, вылучыў найбольш пашыраныя з ix. Аўтар звяртае ўвагу на распаўсюджанасць сельскагаспадарчых заняткаў сярод местачковых рамеснікаў. Пэўным падсумаваннем сацыяльна-эканамічных, этнічных, юрыдычных аспектаў функцыянавання гарадскіх цэнтраў ВКЛ стаў артыкул “Гаспадарчыя, праўныя і этнічныя асаблівасці гарадской сеткі земляў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII ст.”[7]. Акрамя грунтоўных даследаванняў па розных праблемах сацыяльна-эканамічнага развіцця мястэчак Беларусі і Літвы С. Александровіч звярнуўся і да культурных аспектаў функцыянавання на нашых землях гэтых паселішчаў – у прыватнасці, разгледзеў ролю гарадоў і мястэчак у зменах культурнай і моўнай сітуацыі ў XVI–XVIIІ ст.[8], асноўным стрыжнем якіх была паланізацыя. Вывучаючы гісторыю гарадоў і мястэчак, немагчыма абысці ўвагай праблему засялення іх яўрэямі. Пэўным падсумаваннем даследаванняў С. Александровіча па гэтым кірунку стаў абагульняльны артыкул “Яўрэйская каланізацыя літоўска-беларускіх земляў ад XV да ХІХ ст.”[9], дзе аўтар звярнуў асаблівую ўвагу на невялікія гарады і мястэчкі. Некаторыя публікацыі С. Александровіча прысвечаны гістарычнаму развіццю гарадскіх паселішчаў Падляшша. У разгляданым выданні змешчаны нарыс гісторыі Лосіц XIIІ–XVIIІ ст.[10] і сінтэтычная праца пра паўставанне сеткі гарадоў і мястэчак Падляшша[11]. Наогул, сабраныя ў кнізе даследаванні выдатнага польскага гісторыка Станіслава Александровіча застаюцца класікай. Выданне знойдзе ўдзячнага чытача сярод усіх, хто займаецца праблемамі генезіса і развіцця гарадоў ды мястэчак Беларусі і Літвы ў XVI–XVIIІ ст. Гродна

Іна Соркіна


[1] С. Александровіч нарадзіўся 5 красавіка 1931 г. у Вільні. Яго працоўная і творчая біяграфія звязана з універсітэтамі ў Познані, Беластоку, Торуні, а таксама Горадні (чытаў цыкл лекцый у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы). [2] Ткачоў М.А. Александровіч Станіслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т.1. Мінск, 1993. С. 98. [3] Першапублікацыя: Aleksandrowicz S. Geneza i rozwój sieci miasteczek Białorusi i Litwy do połowy XVIІ w. // Аcta Baltico-Slavicа. Białystok, 1970. T. 7. S. 47–108 [4] Першапублікацыя: idem, Zaludnienie miasteczek Litwy i Białorusi w XVI i w I połowie XVIІ w. // Rocznik dziejów społecznych i gospodarczych. Poznań, 1966. S. 35–67. [5] Першапублікацыя: idem, Miasteczka Białorusi i Litwy jako ośrodki handlu w XVI i w I połowie XVIІ w. // Rocznik Białostocki. T.1. Białystok, 1961. S. 63–130. [6] Першапублікацыя: idem, Kierunki produkcji rzemieśłniczej i przemysłowej w miasteczkach Białorusi i Litwy (XVI do połowy XVIІ w.) // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Adama Mickiewicza. Historia. Z. 6. Poznań, 1964. S. 23–54. [7] Першапублікацыя: idem, Gospodarcze, prawne i etniczne osobliwoćci sieci miejskiej ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI–XVII w. // Miasto i kultura ludowa w dziejach Białorusi, Litwy, Polski i Ukrainy, red. J.Wyrozumski. Kraków, 1996. S. 61–89. [8] Першапублікацыя: idem, Rola miast i miasteczek w przemianach kulturalnych i językowych na ziemiach Białorusi w XVI–XVIII w. // Наш Радавод. Кн. 7. Гродна, 1996. С. 243–248. [9] Першапублікацыя: idem, Osadnictwo żydowskie na ziemiach litewsko-białoruskich od XV do XIX w. (cechy szczególne) // Świat NIEpożegnany. Żydzi na dawnych ziemiac wschodnich Rzecypospolitej w XVIII–XX w. Warszawa – London, 2004. S. 45–63. [10] Першапублікацыя: idem, Zarys dziejów Łosic (XIII–XVIII w.) // Łosice 1264–1966, red. J.Kazimierski. Warszawa, 1969. S. 9–29. [11] Першапублікацыя: idem, Powstanie sieci miejskiej Podlasia na tle wczesnych procesów urbanizacyjnych w Wielkim Księstwie Litewskim // Kwartalnik historii kultury materialnej, R.XXVIII / 1980. nr 3. S. 413–428.

Наверх

Тэгі: ,