БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Бібліяграфія гісторыі Беларусі


БГА Т. 21. Сш. 1-2 (40-41) Восень 2014

Гісторыя Беларусі: Бібліяграфічны паказальнік 1995–1999.

Складальнікі Л. Доўнар, І. Кажура, Т. Самайлюк.

Бібліяграфічны паказальнік, выдадзены ў чарговым томе часопіса, гэта своеасаблівы працяг выдання “Bibliografia białoruska, 1992–1994”[1], якое больш за дзесяцігоддзе назад выйшла на польскай мове ў серыі “Bibliografia Europy Wschodniej” у Варшаве.

Паказальнік адлюстроўвае навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі па гісторыі, этналогіі, па гісторыі рэлігіі, філасофіі, культуры і адукацыі, мастацтва, літаратуры і мовазнаўства, надрукаваныя ў межах Рэспублікі Беларусь з 1995 па 1999 г. Храналагічна яны ахопліваюць усю гісторыю – ад старажытнасці да канца ХХ ст.

Усяго ў бібліяграфічны паказальнік уключана 3 828 запісаў, якія размеркаваны на два раздзелы – агульны і спецыяльны. У першы ўвайшлі звесткі пра бібліяграфічныя дапаможнікі, часопісы і серыйныя выданні, даведнікі, таварыствы, інстытуты, навуковыя канферэнцыі, а таксама інфармацыя па дапаможных гістарычных дысцыплінах (архівы, бібліятэкі, музеі, гістарыяграфія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка). Другі раздзел складаюць запісы непасрэдна па гісторыі Беларусі – ад агульных, аглядных прац і выданняў гістарычных крыніц да публікацый, прысвечаных асобным пытанням і канкрэтным храналагічным перыядам. У самастойныя рубрыкі ўключаны працы па галіновай гісторыі – этналогіі, рэлігіі, філасофіі, культуры і адукацыі, мовазнаўстве, літаратуры і мастацтве. У межах раздзелаў, падраздзелаў і рубрык бібліяграфічныя запісы размешчаны ў алфавіце аўтараў і назваў публікацый.


Bibliografiabiałoruska 1992–1994 / przyg. H. Sahanowicz oraz L. Downar, T. Dziemianowicz i T. Samajluk / Bibliografia Europy Wschodniej: Polska – Litwa – Białoruś – Ukraina – Rosja. T. 13. Warszawa: Przegląd Wschodni, 2002.