Новы нумар


ДОЎНАР, ЛАРЫСА І. Гісторыя беларускай кнігі: вучэбны дапаможнік. Мінск: БДУКМ, 2012. 252 с.

У 22 томе БГА (2015)


Сёння Ларыса Доўнар – адзін з найлепшых даследчыкаў гісторыі кнігі ў Беларусі. Яна працуе на кафедры тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а да нядаўняга часу з’яўлялася і галоўным бібліятэкарам Аддзела рэдкіх кніг ва ўніверсітэцкай бібліятэцы, паспяхова спалучаючы даследаванні і выкладанне з практычнай работай непасрэдна з кнігамі як прафесійны бібліятэкар. Л. Доўнар выдатна спраўляецца з усімі ролямі і знаёміць студэнтаў і зацікаўленых чытачоў з гісторыяй кнігі ў Беларусі. Гэтая гісторыя часам досыць складаная з-за змянення дзяржаўных межаў і палітычнага ладу, а таксама з прычыны палітызацыі пытанняў мовы і пісьменства.

У рэцэнзаванай кнізе – дапаможніку для студэнтаў па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства” названага ўніверсітэта — аўтар у большасці выпадкаў паспяхова адказвае на вострыя пытанні, карыстаючыся метадам, які практыкавалі паслядоўнікі histoire croisée. Праўда, тут не згадваецца ні наватарскі падыход, ні сам тэрмін, які з нядаўняга часу стаў модным сярод сацыёлагаў у Заходняй Еўропе. Тым не менш Л. Доўнар скрупулёзна раскрывае сутнасць праблемы, карыстаючыся міждысцыплінарным падыходам. Аўтар усведамляе, што праекцыя сучасных межаў беларускай нацыянальнай дзяржавы на данацыянальнае мінулае анахранічная, і гэта непазбежна выклікала б супярэчнасці, з якімі трэба лічыцца.

У выніку студэнт і зацікаўлены чытач маюць магчымасць пазнаёміцца з дастаткова збалансаваным і падрабязным аналізам гісторыі кнігі ў Беларусі. Як і прадугледжана ў першым раздзеле, аўтар паслядоўна разглядае ўсе кнігі, напісаныя і надрукаваныя ў Беларусі і для Беларусі, разуметай як пэўная тэрыторыя, што спачатку была звязаная з Полацкім, Смаленскім і Тураўскім княствамі, а потым, пасля 1569 г. і да канца XVIII ст., з ВКЛ у Рэчы Паспалітай (у меншай ступені з яго этнічна літоўскай паўночнай часткай, што цяпер уваходзіць у склад Літвы). На пачатку XIX ст. яе межы часткова супадалі з Віленскай навучальнай акругай Расійскай імперыі, а пасля 1830-х г. з паўночна-заходнімі губернямі Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай і Віцебскай.

У другім раздзеле разглядаецца прадукаванне рукапісаў у трох згаданых княствах паміж IX і XIII ст. Наступны, трэці раздзел прысвечаны культуры рукапісаў на працягу ўсяго перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай, г. зн. з XIII па XVIII ст. У чацвёртым раздзеле разглядаецца станаўленне і развіццё друкаванай кнігі ў ВКЛ з XVI да XVIII ст. Пяты раздзел знаёміць чытача з марудным і часта штучна стрымліваным развіццём беларускамоўнага кнігавыдання ў часы Расійскай імперыі на фоне пашыранай гісторыі кнігі даследаванага рэгіёна. Беларускамоўная кніга адназначна звязаная з фармаваннем этнічна і лінгвістычна арыентаванага беларускага нацыянальнага руху. Пра афіцыйную імперскую палітыку русіфікацыі, якая на практыцы азначала поўную забарону на беларускамоўныя публікацыі паміж 1863 і 1906 г. (96 і 105), гаворыцца даволі ўскосна, без згадкі самога тэрміна “русіфікацыя” ці хоць бы імперскай ідэалогіі “самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць”.

Шосты раздзел, прысвечаны савецкаму перыяду (1917–1989), пабудаваны вельмі цікава, што магчыма абумоўлена неабходнасцю адлюстраваць патрэбы і галоўныя прынцыпы вучэбнай праграмы па нацыянальнай гісторыі адпаведна афіцыйнаму варыянту, прынятаму для ўсіх навучальных устаноў Беларусі. Па-першае, наогул не згадваецца ваенна-адміністрацыйнае ўтварэнне Обэр-Ост, заснаванае нямецкімі акупацыйнымі сіламі на тэрыторыі былога ВКЛ. Аднак Обэр-Ост існаваў з 1915 да 1918 г., і яго адукацыйная і адміністрацыйная палітыка мела першачарговае значэнне для пераадолення русіфікацыі і станаўлення этна-лінгвістычнага нацыяналізму беларусаў, яўрэяў, латышоў і літоўцаў. Акрамя забароны рускай мовы і (часткова) кірыліцы, а таксама замены гэтай мовы на нямецкую і польскую ў якасці афіцыйных акупацыйнае праўленне ўпершыню ў гісторыі падтрымлівала выкарыстанне беларускай лацінкі, літоўскай мовы, ідыша ў мясцовых органах улады і школах. Такім чынам, станаўленне беларускамоўнай школы непарыўна звязана з ваеннай адміністрацыяй Обэр-Ост. Палітыка каранізацыі ў міжваеннай Беларусі будавалася на гэтай аснове, у той час калі палітыка паланізацыі паступова падрывала тыя невялікія дасягненні на этнічна беларускіх землях, уключаных у склад Польшчы пасля 1921 г. Апошняе, але не менш важнае: без аналізу Обэр-Оста немагчыма растлумачыць, чаму міжваенная Савецкая Беларусь у 1922–1938 г., у адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік (афіцыйна моналінгвістычных), была афіцыйна чатырохмоўнай (беларуская, польская, руская і ідыш) і выкарыстоўвала тры сістэмы пісьма (кірылічнае, лацінскае, ідыш).

Гісторыя беларускамоўнай кнігі ў міжваеннай Польшчы (не ў складзе Савецкага Саюза) разглядаецца ў другім параграфе шостага раздзела пад няўдалым тэрмінам “Заходняя Беларусь”. Пра Рыжскую дамову, якая завяршыла савецка-польскую вайну (1919–1921) (Савецкая Украіна таксама была яе ўдзельнікам), сцісла гаворыцца адлюстравана на с. 139, але згадваецца не сама вайна, а толькі адзін з яе вынікаў, а менавіта падзел этнічна беларускіх земляў. Гэтаксама, хоць савецка-нямецкі пакт 1939 г. і наступнае ўварванне Нямеччыны ў Польшчу згадваюцца, пра савецкі напад на Польшчу нічога не гаворыцца, хоць адно з наступстваў гэтага, а менавіта аб’яднанне этнічна беларускіх земляў, коратка аналізуецца (151). У гэтай сувязі шосты раздзел атрымаўся самым слабым у кнізе. Асабліва кідаецца ў вочы недахоп дэталёвага аналізу перыяду 1915–1941 г. у кантэксце шэрагу вырашальных падзей таго часу. Гэта стварае значныя эпістэмалагічныя цяжкасці для студэнтаў, якія вымушаны будуць ламаць галаву, каб разабрацца, як жа ўзнікла палітычнае і этналінгвістычнае аблічча сучаснай Беларусі.

Гісторыя кніжніцтва ў незалежнай Беларусі разглядаецца ў сёмым раздзеле. А завяршаецца падручнік восьмым раздзелам, прысвечаным выдавецкай дзейнасці беларускай эміграцыі з 1920 г. да цяперашняга часу. Аўтар не спрабуе патлумачыць феномен, а прапануе проста дадзеныя, ясна паказваючы, што паміж 1945 і 1985 г. выдавецтва кніг у Беларусі імкліва русіфікавалася, доля рускамоўных назваў за названы перыяд узрасла з 12% да 89% (166–169). Гэтая тэндэнцыя рэзка змянілася на супрацьлеглую ў незалежнай Беларусі: у 1993 г. доля рускамоўных назваў знізілася да 73%. Увядзенне рускай мовы ў якасці другой афіцыйнай у 1994 г. спыніла гэтую тэндэнцыю, і доля рускамоўных назваў зноў узрасла з 76% у 1994 г. да 91% у 2010 г. (170–171, 198).

Наступнае пытанне, да якога Л. Доўнар не выказвае свайго стаўлення і не дае ніякіх тлумачэнняў, – цэнзура ў сучаснай Беларусі. Назва гэтага інстытута аўтарытарнага кантролю па прадухіленні свабоды слова і выдавецкай дзейнасці згадваецца толькі тады, калі ён быў афіцыйна паэтапна ліквідаваны ў Расійскай імперыі ў 1905 г. (104). У той жа час нічога не сказана пра цэнзуру (апроч восьмага раздзела па эміграцыйным кнігавыданні) ні ў савецкай, ні ў незалежнай Беларусі. Але ў сёмым раздзеле аўтар паказвае, што ў 1995 г. беларускі парламент выдаў цэлы пакет заканадаўчых актаў, а ў 2003 і 2010 г. беларускі прэзідэнт вынес пастановы, скіраваныя на “кантроль” і “ліцэнзаванне” (чытай: цэнзуру) выдавецкай справы ў Беларусі.

Мяркую, што згаданыя недакладнасці і белыя плямы ў асвятленні падзей XX і XXI ст. не азначаюць недахопу ведаў аўтара ў гэтай галіне, а хутчэй за ўсё выкліканы ідэалагічнымі абмежаваннямі, у рамках якіх яна вымушана пісаць і праводзіць даследаванні. Цікава, ці не тым жа тлумачыцца павярхоўнае апісанне лацінска-, польска-, яўрэйскамоўнага кнігавыдання, у той час калі – даволі нечакана –  выдавецкай справе нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Райхскамісарыяце Остланд паміж 1941 і 1944 г. аддаецца вялікая ўвага (152–155). Хацелася б ведаць, які ідэалагічны прынцып паўплываў на гэта, асабліва ў кантэксце адсутнасці якіх-небудзь звестак пра тэрыторыю, падкантрольную Обэр-Осту.

Нягледзячы на тое, што выкарыстанне арабскага, кірылічнага, яўрэйскага і лацінскага пісьма вітаецца ў падручніках (гэта акцэнтуецца сёння і ў беларускім нацыянальным майстар-наратыве), усе некірылічныя загалоўкі падаюцца ў кірылічнай транскрыпцыі. Гэтае правіла распаўсюджваецца таксама і на старыя (царкоўныя) кірылічныя загалоўкі, хоць у большасці навуковых кніг, надрукаваных у сучаснай Расіі і Украіне, аналагічныя загалоўкі падаюцца арыгінальным шрыфтам, — цяперашнія тэхналогіі ж дазваляюць з лёгкасцю аб’яднаць грамадзянскі і старакірылічны шрыфты ў адным тэксце. Спіс вышэйзгаданых назваў беларускай лацінкай і па-польску і іх кірылічных транскрыпцый змешчаны ў табліцы на с. 230–234, каб студэнты і чытачы маглі ідэнтыфікаваць гэтыя публікацыі. Але аналагічныя табліцы з транскрыпцыямі старакірылічнага, яўрэйскага і арабскага шрыфтоў не прапаноўваюцца. Больш за тое, некаторыя загалоўкі, напісаныя лацінскімі літарамі, наогул не маюць транскрыпцыі (110, 122, 137, 141). Гэта прыводзіць да думкі, што рашэнне транскрыбаваць лацінскія назвы і імёны на кірылічныя было прынята рэдактарам кнігі.

Такі падыход самы няўдалы, паколькі, нават не кажучы пра тое, што  чатыры гістарычных пісьма абвешчаны як нацыянальны гонар (напрыклад, на 4-й старонцы назва кнігі падаецца пяццю шрыфтамі на васьмі мовах: старабеларускай, беларускай, беларускай лацінцы, лацінскай, польскай, ідыш, татарскай, яўрэйскай і рускай), студэнт па бібліятэказнаўстве абавязаны ўмець чытаць і карыстацца ўсімі варыянтамі пісьма, што сустракаюцца ў кнігах краіны. Падручнік быў бы зручнейшы для студэнтаў, калі б меў спіс назваў кніг у алфавітным парадку. Хоць трэба адзначыць як дадатнае – дапаможную ролю ў працы з тэкстам падручніка імяннога і геаграфічнага паказальнікаў, складзеных аўтарам.

Улічваючы высакаякасныя паперу і друк выдання, можна было б размясціць на вокладцы каляровыя ці чорна-белыя ілюстрацыі найбольш значных і вядомых кніг і перыёдыкаў. Карты таксама не былі б лішнімі.

Здзівіла таксама і бібліяграфія кнігі, абмежаваная выключна загалоўкамі па-беларуску і па-руску. Мне здаецца, што выключэнне важных пазіцый на ідыш, англійскай, нямецкай, літоўскай і польскай мовах значна абмяжоўвае прафесійныя і даследчыя памкненні студэнтаў, на якіх і разлічана гэтая кніга. Апошняе, на што хацелася б звярнуць увагу: даволі дзіўна, што скарачэнне M. азначае ў бібліяграфіі Масква як месца выдання, у той час калі назва беларускай сталіцы Мінск (Менск) пішацца поўнасцю. Мяркую, што гэта старая савецкая практыка, якая працягваецца і ў сучаснай Расіі. У Беларусі ж павінна быць усё наадварот (Масква не яе сталіца): скарачэнне M. замест Менск. Было б яшчэ лепш, калі б усе месцы выдання прапісваліся поўнасцю, і Масква таксама.

Я шмат пра што даведаўся з гэтай кнігі. Яна пашырыла і сістэматызавала мае веды ў галіне беларускай культуры і выдавецкай справы. Нягледзячы на некаторыя лакуны ў дадзенай працы, мне пасля трох дзесяцігоддзяў даследаванняў гісторыі Цэнтральнай Еўропы было дастаткова лёгка запоўніць усе прабелы. У той жа час я спачуваю студэнтам, якія зусім нядаўна скончылі школу, таму што ў іх могуць узнікнуць складанасці з успрыманнем матэрыялу ў тых месцах, дзе некаторыя падзеі безпадстаўна абмінутыя.

Томаш Камусэла

Пераклад Алесі Каскевіч-Сяргунчык

Наверх

Tags: ,