Новы нумар


Ганна Харашкевіч. Перакрыжаванне культур. Мастацкая культура армянскіх абшчын на землях Рэчы Паспалітай*


*    Художественная культура армянских общин на землях Речи Посполитой (Минск, 9–11 октября 2012 г.) / сост. и отв. ред. И. Скворцова. Минск: Арт Дизайн, 2013. 240 с.

Сярод народаў, што засялялі Рэч Паспалітаю, галоўнае месца займалі абарыгены яе вялікіх тэрыторый, якія зазналі розную эвалюцыю. Развіццё польскага і збольшага літоўскага этнасаў у цэлым працягвалася паспяхова, хоць і ў розным тэмпе. Нямецкае насельніцтва былых ордэнскіх тэрыторый асімілявалася, зрэшты, даволі павольна, тым больш што на працягу XVI ст. з-за рэлігійных войнаў яно папаўнялася і каталікамі-папістамі, і лютэранамі з цэнтральна-еўрапейскіх нямецкіх земляў. У межах гэтага дзяржаўнага ўтварэння адбываўся працэс фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці розных галін “Русі”, якая ў Сярэднія вякі і на пачатку Новага часу мела розныя самавызначэнні, як, зрэшты, і ў XIX–XX ст. ды ў сучаснай навуцы[1]. На базе заходняй галіны ўсходніх славян складваліся ўкраінская і беларуская народнасці, прадстаўнікі якіх да сярэдзіны XVII ст. ужо ўсведамлялі сябе ўкраінцамі і беларусамі.

Побач са славянскімі і літоўскімі абарыгенамі стракатую карціну этнасаў Рэчы Паспалітай папаўнялі шматлікія ўцекачы з родных краёў[2]. Акрамя ўжо згаданых немцаў, было шмат яўрэяў і армян, якіх выцяснялі з родных земляў еўрапейскія і агрэсіўныя мусульманскія дзяржавы. У выніку частых міжусобіц у Крымскім ханстве, а таксама ліквідацыі Астраханскага ханства з’явілася шматлікая праслойка татараў. Адметнасць мовы, рэлігіі і заняткаў стварала некаторыя перадумовы для этнічнай самаарганізацыі прадстаўнікоў гэтых этнасаў, якія занялі прыкметнае месца ў сацыяльна-эканамічным жыцці Рэчы Паспалітай. У польскай і расійскай літаратуры даволі добра вывучана становішча яўрэяў і формы іх ар-ганізацыі. У польскай гістарыяграфіі ў апошні час вялікая ўвага аддаецца і гісторыі татараў[3], значная частка якіх падпала пад частковую асіміляцыю. Актыўна даследавалі гісторыю армян Рэчы Паспалітай у другой палове XIX ст. польскія і асабліва ўкраінскія гісторыкі, сярод якіх першае месца займаюць Я. Дашкевіч[4] і яго вучань гісторык права М. Капраль[5], апошні абмежаваўся пераважна Львовам, дзе армянскае насельніцтва было шматлікім. Высілкамі Цэнтра армяназнаўчых даследаванняў “Анив” (“Кола”; базуецца ў Мінску) на чале з Армэнам Хечаянам, дзейнасць якога накіравана на вывучэнне далёкай і блізкай мінуўшчыны армянскага народа, выпускаецца аднайменны часопіс, а ўвосень 2012 г. была праведзена канферэнцыя “Мастацкая культура армянскіх абшчын на землях Рэчы Паспалітай”, матэрыялы якой выйшлі ў зборніку з такой самай назвай[6]. У канферэнцыі ўдзельнічалі вучоныя і кіраўнікі навукі Арменіі, Беларусі, Літвы, Польшчы[7]. Падабенства лёсу народаў гэтых краін (адсутнасць уласнай дзяржаўнасці на працягу доўгага часу і вымушанасць эміграцыі) ужо ў 1895–1939 г., як вынікала з даклада Д. Мацыяс, прадвызначылі магчымасць і нават неабходнасць падобнага супрацоўніцтва. Па выніках канферэнцыі выдадзены зборнік дакладаў, добра падрыхтаваны Ірынай Скварцовай і ў адрозненне ад большасці сучасных расійскіх выданняў практычна пазбаўлены памылак друку. Дакладныя пераклады з некалькіх моў. Добрыя ілюстрацыі. У цэлым зборнік падрыхтаваны і выдадзены вельмі старанна і з любоўю.

Канферэнцыя і зборнік, які з’явіўся ўслед за ёй, працягваюць традыцыю калектыўнага абмеркавання агульнага мінулага ў рамках Міжнароднай асацыяцыі Інстытутаў гісторыі краін СНД.

На пленарнае паседжанне былі вынесены тры гісторыка-тэарэтычныя даклады, што датычыліся і агульных праблем культурнай адаптацыі, і асіміляцыі прышлага насельніцтва ў Рэчы Паспалітай, тыпалогіі і метадалогіі вывучэння гэтых праблем.

Удзельнікі канферэнцыі зыходзілі з прынцыпу, най-больш дакладна сфармуляванага супрацоўнікам польскага Міністэрства культуры і захавання культурнай спадчыны М. Міхальскім, які разглядаў армянскую культурную спадчыну як частку агульнай спадчыны ўсіх народаў, што засялялі некалі Рэч Паспалітую. Ён жа ахарактарызаваў формы працы Міністэрства ў рамках супрацоўніцтва з цэнтрам “Анив”. Гэта дакументаванне і інвентарызацыя помнікаў (якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны) рознагатыпу і паходжання (ад рукапісаў і помнікаў выяўленчага мастацтва да надмагілляў, у прыватнасці, Лычакаўскіх могілак у Львове), захаванне і рэстаўрацыя найбольш знакавых з іх (у першую чаргу, армянскага сабора УспенняПрасвятой Багародзіцы ў Львове) і, нарэшце, прапаганда дасягнутых поспехаў.

Аналіз мадэлі культурнай адаптацыі армянскай “этнічнай меншасці”, зроблены С. Захаркевічам (БДУ), мае і актуальна-метадычнае значэнне, бо гэты працэс, распачаты ў Сярэднявеччы, працягваецца і ў наш час, набываючы новыя рысы. Пад адаптацыяй культуры аўтар разумее не толькі прыстасаванне “невялікай этнічнай групы да дамінантнай культурнай прасторы шляхам запазычання пэўных элементаў культуры ці ўсяго комплексу цалкам”, але і процідзеянне дыфузіі ўласнай культуры “з дапамогай выбудоўвання сацыяльных бар’ераў, межаў і маркераў”. С. Захаркевіч уводзіць паняцці “рэсурсавая прадказальнасць” і “адапцыйны патэнцыял этнічнай групы”. Пад першым ён разумее “рэальную магчымасць доступу да сацыяльна-эканамічных, палітычных і культурных рэсурсаў пэўнага рэгіёна, грамадства ці дзяржавы ў цэлым з улікам знешніх умоваў навакольнага асяроддзя”. Другім тэрмінам пазначана “сукупнасць унутраных фактараў этнічных меншасцяў, якія паўплывалі на выбар той ці іншай стратэгіі культурнай адаптацыі”. Ён падкрэслівае, што дзяржаўная ўлада і Вялікага Княства Літоўскага, і Рэчы Паспалітай падтрымлівала хрысціянскае і актыўнае ў эканамічных адносінах насельніцтва (а міжнародным гандлем армяне паспяхова займаліся здаўна), якое ўжо ў XI ст. з’явілася на землях Русі (у 1569 г. яны стануць паўднёва-ўсходняй ускраінай Рэчы Паспалітай). Названыя землі, якія знаходзіліся на перыферыі Еўропы, былі слаба заселены і тым больш слаба ўрбанізаваны. Гэтыя фактары, несумненна, спрыялі фармаванню армянскіх абшчын нароўні з яўрэйскімі і нават цыганскімі, якім Жыгімонт I надаў адмысловыя правы, што, безумоўна, спрыяла і развіццю іх эканамічнай дзейнасці.

Аўтар адзначае, аднак, што армяне, носьбіты ўласных рэлігійных традыцый, зазналі акаталічванне, асабліва ў XVIII ст., і нават зрабілі свой унёсак у Польскае асветніцтва. Ён паказвае таксама асаблівасці з’яўлення армян у краіне: яны былі ўцекачамі ў адрозненне ад татараў і рускіх старавераў, якіх спачатку нібыта запрашалі “ў якасці працоўных рэсурсаў і ваеннай сілы”. Такое проціпастаўленне не зусім карэктнае. І прадстаўнікі дзвюх апошніх этнічных груп самі шукалі прыстанішча ў Рэчы Паспалітай па ўнутраных прычынах, як ужо згадвалася вышэй. Што ж да заняткаў гэтых этнічных меншасцяў, то яны сапраўды істотна адрозніваліся. Армяне практычна трымалі ў сваіх руках увесь усходні гандаль. Аўтар добра арыентуецца не так ва ўкраінскай, як у сучаснай польскай і англамоўнай гістарыяграфіі, што, мабыць, характэрна для гісторыкаў постсавецкага перыяду ва ўсіх краінах, якія ўзніклі на развалінах СССР, пачынаючы з Расіі. Так, С. Захаркевіч услед за Карлам Дойчам, аўтарам камунікатыўнай тэорыі, падкрэслівае ролю нацыянальнага эгацэнтрызму, падтрымання і распрацоўкі “ўласных уяўленняў пра гістарычны працэс і ролю і месца ў ім армянскай абшчыны” і, пералічваючы шэраг сістэмаўтваральных твораў армянскай літаратуры Рэчы Паспалітай, як летапісных, так і актавых, паказвае іх ролю ў захаванні гістарычнай памяці і ў супрацьстаянні асіміляцыйным працэсам (26). У цэлым артыкул С. Захаркевіча не толькі малюе абагульняльную карціну армянскай мадэлі культурнай адаптацыі армян у Рэчы Паспалітай, але і дае глебу для параўнальна-гістарычнага вывучэння і іншых народаў еўрапейскай “перыферыі”.

Сацыяльны і прававы статус армянскіх абшчын у Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім – прадмет параўнальнага вывучэння К. Стопкі (30–41). Хоць аўтар – гісторык, сама пастаноўка пытання – юрыдычна дакладная, якая сыходзіць з канкрэтных рэалій юрыдычнага статусу абшчыны і асобы, – уяўляецца ў леп-шым сэнсе сучаснай і актуальнай. Аўтар не задаволены цяперашняй трактоўкай разгляданага пытання і прапануе больш канкрэтна-гістарычны падыход да яе разгляду ў залежнасці ад: месца пражывання прышэльцаў (у Кароне ці Літоўскам Княстве, у каралеўскім горадзеці ў прыватным, у горадзе ці ў юрыдыцы, пры гэтым ён вылучае памежныя тэрыторыі, якія часта зазнавалі ваенныя і сацыяльныя ўзрушэнні, а адпаведна і дэмаграфічныя, што выключала існаванне стабільных прававых структур), сацыяльнай прыналежнасці (аўтар выключае са сферы ўвагі тых армян, якія атрымалі шляхецкія правы і карысталіся імі), вядзення групавой ці індывідуальнай дзейнасці (сялянскай працай армяне не займаліся), тыпу падсуднасці (пад гарадской юрысдыкцыяй ці па-за ёй) і, нарэшце, наяўнасці храма ўласнай канфесіі. К. Стопка прасачыў, як змянялася становішча львоўскай армянскай абшчыны пры Казіміры Вялікім з 1356 г. Вылучыўшыся з-пад улады агульнагарадской адміністрацыі, абшчына абрала ўласнага войта, што прывяло яе да канфлікту з гарадской радай, які доўжыўся аж да 1469 г., калі Казімір Ягелончык ліквідаваў гэтую пасаду. Тым не менш тая схема (спалучэння агульнагарадской каталіцкай і іншанацыянальнай улады, прадстаўленай войтам адпаведнай канфесіі) была пашырана і на іншыя гарады Кароны Польскай, хоць праваслаўнай Русі ні ў Львове, ні ў Камянцы-Падольскім не ўдалося дамагчыся ўласнай юрысдыкцыі. Пасля ліквідацыі пасады войта як армянская абшчына, так і “руская” ператварыліся ў рэлігійныя, якія, натуральна, цэнтрам прыцягнення мелі свае храмы.

З распаўсюджваннем магдэбургскага права члены армянскіх абшчын, у першую чаргу каталікі, сталі падпарадкоўвацца гэтаму праву, часам, праўда, захоўваючы этнічную і рэлігійную асобнасць. Падобны пераход вызваляў іх ад выплат на карысць дзяржавы, што і выклікала процідзеянне армянскіх абшчын. Асаблівае становішча займалі армяне, якія жылі ў каралеўскіх ці прыватнаўласніцкіх (свецкіх і царкоўных) юрыдыках, дзе дзейнічала польскае права, якому і падпарадкоўваліся ўсе жыхары. Выключэннем была юрыдыка св. Яна ў прыгарадзе Львова, якая знаходзілася ў падпарадкаванні дэкана рымска-каталіцкага Капітула. Яна была заснавана для армян-каталікоў паводле пастановы караля Уладзіслава Ягайлы ў 1415 г. Служба (лацінская літур-гія) у саборы вялася, аднак, на стараармянскай мове, а жыхары падпарадкоўваліся дэкану, хоць і падлягалі суду толькі па армянскіх законах. Больш тыповым было становішча армян, якія жылі адасоблена ў іншых юрыдыках. Так, у каралеўскіх (тыпу Падзамча Львова) яны падпарадкоўваліся старасту, які кіраваўся польскім заканадаўствам. Своеасаблівыя ўмовы склаліся ў Камянцы-Падольскім у залежнасці ад месца пражывання: армяне, якія валодалі дамамі ў той частцы горада, якой кіравалі польскія войты, падлягалі суду па магдэбургскім праве, а русь і палякі, што жылі на тэрыторыі армянскай абшчыны, – армянскаму.

Сітуацыя ў XVII ст. змянілася ў выніку уніі каталіцкай і армянскай цэркваў. У буйных гарадах, за выключэннем Львова і Камянца-Падольскага, дзе асаблівы прававы статус армян быў ліквідаваны толькі ў канцы XVIII ст., армяне-каталікі падпарадкоўваліся агульнагарадскім законам, што пашырыла правы армян – валоданне нерухомасцю, абранне ўладаў, уласны ўдзел у гарадскім самакіраванні. Сітуацыя ў прыватных гарадах была рознай. Прывілеі ўладальнікаў, падараваныя армянам, утрымлівалі або толькі права на ўласную царкву, або (як на паўднёвым усходзе Рэчы Паспалітай) нават на права асобнага суда з уласным войтам. У адным з такіх гарадоў – Замосці, створаным па рэнесансавым узоры, армяне з’явіліся па запрашэнні вялікага кароннага гетмана Яна Замойскага і адразу пабудавалі сваю царкву з прускага каменю, сродкі на ўтрыманне святара даваў сам гетман.

У Вялікім Княстве Літоўскім ніводная армянская абшчына (натуральна, гарадская) не мела адасобленага прававога статуcу. Гэта была тэрыторыя панавання магдэбургскага права, якое давалася ўсім жыхарам горада (у тым ліку і чужынцам розных канфесій). У гарадскіх радах (лавах) дзейнічалі часам і армяне. Прыкладам такога прававога ўладкавання можа служыць Кіеў, армяне якога з 1570 г. атрымалі права выбару бургамістра. Былі і некаторыя выключэнні. У 1432 г. армяне засталіся па-за юрысдыкцыяй падараванага Уладзіславам Ягайлам магдэбургскага права. На чале рэлігійна-прававой армянскай абшчыны стаяла рада (ад 8 да 12 чалавек) старшынаў-лаўнікаў, якія выбіраліся “штогод” практычна на пажыццёвы тэрмін з найбольш заможных гараджан. Гэта былі войт, пісар, намеснікі, якія кіравалі ўласнасцю, эканомы і зборшчыкі падаткаў. З радных выбіраўся і суд, які здзяйсняў правасуддзе з 2-4 прысяжнымі па грамадзянскіх і часткова крымінальных справах (за выключэннем забойстваў, згвалтаванняў, крадзяжоў і махінацый з нерухомасцю), і толькі ў 1497 г. Аляксандр пашырыў дзеянне магдэбургскага права і на армян. Тыя, што жылі ў ВКЛ за межамі гарадоў, падпарадкоўваліся старасцінскаму, “рускаму”, праву, а тыя, што атрымалі шляхецтва – шляхецкаму земскаму. Стварэнне Рэчы Паспалітай у 1569 г. суправаджалася заняпадам армянскіх абшчын на літоўскай тэрыторыі, яны былі падпарадкаваны нямецкаму магдэбургскаму праву. Сур’ёзную эвалюцыю зведала і армянскае рэлігійнае права, якое з цягам часу набывала ўсё больш свецкі характар.

Дакладны гісторыка-юрыдычны падыход да тэмы дазволіў аўтару выйсці на разгляд кардынальнага пытання пра ролю прававога статусу ў захаванні культурнай адасобленасці этнічнай меншасці і даць на яго парадаксальны адмоўны адказ. Галоўным фактарам для яе захавання аўтар лічыць прыток новых перасяленцаў у эканамічна камфортныя і перспектыўныя для іх рэгіёны. К. Стопка ілюструе гэтае становішча прыкладам Камянца-Падольскага, які перайшоў пад турэцкую ўладу ў 1672 г. Камянецкія армяне ўцяклі ў бяспечныя гарады Рэчы Паспалітай – Кракаў, Варшаву, Гданьск, Люблін і іншыя – і занялі зусім рознае становішча: ад членаў цэхавых і купецкіх аб’яднанняў да плебеяў, але на былую “радзіму” пасля хуткага вызвалення горада не вярнуліся. Аналагічную з’яву аўтар прасачыў і на прыкладзе іншых гарадоў, якія кепска развіваліся эканамічна. Іх армяне пакідалі дзеля хуткай кар’еры ў іншых больш паспяховых цэнтрах, хай сабе нават пазбаўленых намёкаў на якую-небудзь адасобленасць іх абшчын. Нарэшце, К. Стопка робіць некаторыя высновы адносна захавання звычаяў, мовы, рэлігіі, прававога статусу, унутранай салідарнасці этнічнай меншасці. На яго думку, усе гэтыя фактары мелі вялікае значэнне для першага-другога пакалення перасяленцаў. Яны ўмела выкарыстоўваліся ў Кароне для прыцягнення новага насельніцтва, што спрыяла паскарэнню ўрбанізацыі ў гэтым рэгіёне (у адрозненне ад Вялікага Княства Літоўскага, дзе панавала магдэбургскае права, яно ўраўноўвала армян з асноўным этнасам, не даючы першым ніякіх прывілеяў). І ў далейшым

Tags: , ,