Новы нумар


Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар (Алена Філатава)

Канапацкі, Ібрагім; Смолік, Аляксандр. Гісторыя і культура беларускіх татар. Мінск, 2000. 258.

Навучальны дапаможнік «Гісторыя і культура беларускіх татар» як бы працягвае і дапаўняе, а па некаторых аспектах і паўтарае кнігу Ібрагіма Канапацкага і Станіслава Думіна «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (Мінск, 1993).

Гісторыя нацыянальных меншасцяў заўсёды выклікала цікавасць не толькі з боку даследчыкаў і выкладчыкаў, але і студэнтаў, краязнаўцаў і наогул усіх тых, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны. Аўтары гэтай кнігі аддалі ўвагу не толькі сацыяльна-эканамічнаму і прававому становішчу татар, але і асаблівасцям іх гутарковай мовы, пісьменнасці, святочна-абрадавым традыцыям, фальклору, мусульманскай адукацыі. Тут выкарыстаны апошнія даследаванні не толькі беларускіх, польскіх, літоўскіх вучоных, але і працы, выдадзеныя ў Казані. Таму ў некаторых выпадках дзеля параўнання падаюцца прыклады пра становішча татарскага насельніцтва, яго адукацыю, духоўнае кіраванне ў Казані, Уфе, Арэнбургу і г.д.

У кнізе пяць раздзелаў: 1. Паходжанне татар і іх рассяленне на Ўсходне-Еўрапейскай раўніне; 2. Мова беларускіх татар; 3. Мусульманская адукацыя татар; 4. Рэлігійнае жыццё татар у Беларусі; 5. Літаратурная і вусная народная творчасць. Невялікая гістарыяграфія пададзена ў прадмове. Кніга дапоўнена спісам літаратуры па раздзелах, картамі і ілюстрацыямі.

Як і кожнае выданне, «Гісторыя і культура беларускіх татар» не пазбаўлена некаторых недахопаў. Так, напрыклад, я не згодна з аўтарамі, што тэрмінам «беларуска-літоўскія татары» здаўна карыстаюцца гісторыкі і этнографы. Даўняя назва, замацаваная за імі — «літоўскія татары». Выклікае сумненне і сцвярджэнне аўтараў, што «старажыт ныя пісьменнікі Грэцыі і Рыма зусім не згадвалі пра татараў, а разумелі іх (? — А.Ф.) пад агульным імем скіфаў».

У тытуле кнігі заяўлена «гісторыя і культура» (выдзелена А.Ф.) татарскага народа, але ў тэксце пераважае матэрыял, прысвечаны толькі культуры, а дакладней — рэлігійнаму жыццю. Неяк практычна выпала ў аўтараў становішча татар у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак ХХ ст.). Яны засяродзілі сваю ўвагу толькі на ўдзеле татар у палітычных падзеях краю. І гэта нягледзячы на існаванне кніг С.Крычынскага, Я.Тышкевіча, кніг і артыкулаў Т.Байрашкаўскайтэ, калектыўнай працы «Канфесіі на Беларусі», шэрагу цікавых артыкулаў у зборніках на пяці навуковых канферэнцыях, прысвечаных гісторыі татарскага народа на Беларусі.

Тым не менш кніга Ібрагіма Канапацкага і Аляксандра Смоліка напісана добра і выклікае цікавасць.

Алена Філатава

Менск

Tags: ,