Новы нумар


Яўген Грэбень. Злачыннасць у Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі (1941–1944)


Праблема злачыннасці, уласцівая любому грамадству, абвастраецца ў час розных катаклізмаў. Злачыннасць была характэрна і для Беларусі пад час нацысцкай акупацыі. У той перыяд шмат грамадзян каралі штрафамі, цялеснымі пакараннямі, турэмным зняволеннем ці канцлагерам за розныя віды супрацьпраўных дзеянняў. Неабходна адзначыць: нямецкія акупацыйныя ўлады лічылі правапарушэннем ухіленне ад выканання працоўнай павіннасці, што можна было разглядаць як пасіўны супраціў. Па-за ўвагай пакідаюцца таксама такія адміністрацыйныя парушэнні, як антысанітарны стан двароў грамадзян, несанкцыянаваны забой жывёлы. У артыкуле будуць разгледжаны віды правапарушэнняў, якія любой уладай, у тым ліку і акупацыйнай, успрымаюцца як правапарушэнні: крадзяжы, забойствы, спекуляцыя, самагонаварэнне і іншыя асацыяльныя з’явы, што адбываліся ў беларускім грамадстве пад час нацысцкай акупацыі. У ваенны час, нягледзячы на суровыя забароны акупацыйнай улады, гэтых праблем значна пабольшала. На падставе архіўных крыніц ахарактарызуем асноўныя віды правапарушэнняў, іх прычыны і віды пакаранняў.

Крыніцамі для вывучэння гэтай праблемы сталі карныя пастановы нямецкіх камендатур, пратаколы судовых пасяджэнняў міравых валасных, раённых і акруговых судоў, адміністрацыйная перапіска паліцыі, гарадскіх, раённых і валасных управаў і заявы грамадзян у органы мясцовай адміністрацыі.

Барацьба з крымінальнымі злачынствамі пачалася ўжо ў першыя месяцы акупацыі. Пра памер пакаранняў за найбольш тыповыя з пункту гледжання акупацыйнай улады злачынствы дае ўяўленне „Перечень проступков и взысканий по ним” ад 6.11.1941 г. за подпісам начальніка Чачэрскага раёна і начальніка раённай паліцыі. Хуліганства ў грамадскіх месцах, з’яўленне ў грамадскіх месцах ці ў царкве ў нецвярозым выглядзе, знявага святыні караліся арыштам на 14 сутак ці штрафам да 1000 руб. Такое ж пакаранне накладалася за падман, крадзяжы, знявагу службовых асобаў пры выкананні абавязкаў. Пры паўторным крадзяжы справа накіроўвалася на разгляд нямецкімі ўладамі. Пад юрысдыкцыю нямецкіх уладаў траплялі таксама такія злачынствы, як збіццё службовых асобаў, забойства, наўмысны падпал, крадзеж ваеннай маёмасці. Пабоі грамадзян, ненаўмысны падпал караліся штрафам да 500 руб.[1]

Камендатура вызначала памер пакарання ў залежнасці ад цяжкасці злачынства і наяўнасці змякчальных фактараў. Некаторыя грамадзяне маглі вызваляцца ад пакарання (калі размова ішла пра вар’ятаў)[2]. Прыкладам змякчальных фактараў можа служыць вердыкт Віцебскай камендатуры ад 24.10.1941 г. адносна маладога мужчыны, што абвінавачваўся ў незаконным продажы 0,5 л спірту і быў прыгавораны да турэмнага зняволення на тыдзень. Як адзначыў нямецкі камендант, учынак абвінавачанага змякчаецца тым, што гэты чалавек быў афіцыйна зарэгістраваны як беспрацоўны[3]. У дадзеным выпадку камендант міжволі канстатаваў такую праблему восені 1941 г., як беспрацоўе, што вымушала некаторых гараджан займацца спекуляцыяй.

Памер пакарання за аналагічныя ўчынкі мог варыявацца ў розных рэгіёнах акупаванай Беларусі. Відавочна, што ў вышэйшых органаў акупацыйнай улады не было пэўнай пазіцыі на гэты конт, і памеры пакарання за тыя ці іншыя віды злачынстваў вызначаліся мясцовымі камендатурамі самастойна. Напрыклад, у жніўні 1941 г. самаўпраўства каралася арыштам да 1 месяца ці штрафам 200 руб., з’яўленне на вуліцы ў нецвярозым стане, парушэнне грамадскага спакою караліся штрафам 50 руб. ці арыштам да двух тыдняў, крадзеж — арыштам ад трох месяцаў да года і г.д.[4].

Пра маштабы злачыннасці сведчыць адміністрацыйная перапіска органаў мясцовай улады з розных рэгіёнаў акупаванай Беларусі. Да канца 1941 г. Браслаўская павятовая ўправа разгледзела крымінальныя справы на 175 грамадзян[5]. 3 21.07 да 10.10.1941 г. у браслаўскай турме знаходзілася 46 чалавек, якія абвінавачваліся ў агітацыі за савецкую ўладу, у сувязі з Чырвонай Арміяй, у прыналежнасці да ЛКСМБ, да НКУС, да яўрэяў, а таксама былі асуджаны за такія крымінальныя злачынствы, як забойствы, незаконнае захоўванне зброі, п’янства і г.д.

На падставе дакументаў можна меркаваць пра колькасць вязняў віцебскай турмы (утрымліваліся жыхары гор ада і раёнаў) у розныя перыяды акупацыі. Штодзённае змяненне колькасці вязняў тлумачыцца шэрагам фактараў: адпраўка на допыт у СД, ГФП (тайная палявая паліцыя), сканчэнне тэрміну зняволення, смерць вязняў, зрэдку памілаванне. Масавыя праверкі дакументаў на вуліцах, рынках, аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы прыводзілі да ўтрымання ў турме вялікай колькасці грамадзян. Захаваліся спісы вязняў турмы. За 1941 г. (ліпень – снежань) у зняволенні ўтрымліваліся 663 чал., у 1942 г. — 898 чал., у 1943 г. —1230 чал.[6]. Гэтая статыстыка ўключае як асобаў, абвінавачаных у крымінальных і адміністрацыйных злачынствах, так і асобаў, абвінавачаных у сувязі з рухам супраціву і прыналежнасці да кампартыі. На 1942 г. у турме было 126 чал., у жніўні таго ж года колькасць вязняў вагалася ад 198 да 282, у лістападзе 1942 г. — ад 142 да 131[7]. Нельга дакладна вылучыць колькасць асобаў, што была звязана з рухам супраціву, і колькасць крымінальных злачынцаў. На наяўнасць палітычных вязняў указваюць толькі дадзеныя аб выбыцці некаторых грамадзян у СД ці ГФП[8]. Але колькасць абвінавачаных у крымінальных злачынствах заўсёды была высокая.

На падставе адміністрацыйна-дысцыплінарных пастановаў Браслаўскай раённай управы за 1941-1942 г. можна вылучыць найбольш тыповыя віды злачынстваў у Заходняй Беларусі і віды пакаранняў за іх.

Від правапарушэння Пакаранне
П’янства і парушэнне грамадскага спакою Штраф 300 руб. ці месяц прымусовых работ
Скандал і парушэнне цішыні ў начны час Штраф 300 руб. ці месяц прымусовых работ
Напад у п’яным выглядзе на кватэру Месяц прымусовых работ
П’янства і карцёжная гульня Штраф 300 руб.
Бойка Штраф 200 руб.
Біццё шыбаў Кампенсацыя пашкоджанняў ці 3 тыдні прымусовых работ
Пабоі жонкі Штраф 300 руб.
Парушэнне каменданцкай гадзіны Штраф 100 руб.
Няздача зброі Штраф 150 руб. ці 15 дзён прымусовых работ
Утрыманне сабакі без прывязі Штраф 100 руб.

Арыштаваныя ўтрымліваліся ў браслаўскай турме, але калі-нікалі маглі адбываць арышт пры валасных управах, як, напрыклад, грамадзянін Н., арыштаваны на 7 дзён за крадзеж лесу[9]. У 1941 г. да з’яўлення ў Генеральнай акрузе Беларусь міравых судоў памер пакарання вызначала паліцыя і кіраўнікі мясцовай адміністрацыі[10]. Раённыя начальнікі мелі паўнамоцтвы накладваць на грамадзян, што здзейснілі злачынства (за выключэннем немцаў з рэйха), штрафы да 50 марак (500 руб.), а пры паўторным правапарушэнні — да 100 марак (1000 руб.)[11].

Спектр здзейсненых жыхарамі Віцебска злачынстваў можна вызначыць на падставе дакументаў Віцебскай камендатуры (да арганізацыі судоў нямецкі камендант быў найвышэйшай судовай інстанцыяй) і гарадской турмы. Восенню 1941 г. тут лідзіравалі крадзяжы, рабаўніцтва і спекуляцыя. З канца 1941 г. прысуды за розныя правапарушэнні пачаў разглядаць міравы суд. Захаваліся статыстычныя дадзеныя аб працы міравога суда г. Віцебска. Арганізаваны 1.11.1941 г. суд першапачаткова разглядаў адміністрацыйныя і дробныя крымінальныя злачынствы, больш значныя крымінальныя правапарушэнні па-ранейшаму заставаліся ў кампетэнцыі камендатуры. З ліпеня 1943 г. камендатура пашырыла кампетэнцыю міравога суда, які пачаў выносіць вердыкты па крымінальных справах, звязаных з крадзяжамі, хуліганствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, службовымі злачынствамі. Міравы суд таксама атрымаў магчымасць накладаць пакаранне ў памеры да 4000 руб., а раней суд мог прысуджаць штраф да 1000 руб. ці арыштоўваць на тэрмін да 14 дзён.

За два гады працы судом былі разгледжаны 2453 справы, з якіх 327 крымінальных. Выклікае цікавасць ацэнка старшынёй суда крымінальнай сітуацыі ў Віцебску. Адзначалася, што ў даваенным Віцебску на 170 тыс. жыхароў было 11 народных і некалькі спецыяльных судоў, з прыходам немцаў адзін міравы суд абслугоўваў 40 тыс. гараджан. З гэтага калабарацыйны чыноўнік рабіў выснову, што злачыннасць у горадзе паменшылася: „уменьшились кражи, хулиганство, личные оскорбления”[12]. Старшыня суда ці выдаваў жаданае за сапраўднае, ці не браў пад увагу велізарную колькасць крымінальных справаў, разгледжаных камендатурай.

Маштабы злачыннасці ў акупаваным Магілёве відаць з дакументаў гарадскога юрыдычнага бюро, якое пачалопрацаваць з 12.11.1941 г. Юрбюро разглядала нязначныякрымінальныя і грамадзянскія справы. Да снежня 1941 г.на разгляд юрбюро паступіла 35 крымінальных справаў,20 з якіх былі разгледжаны, 3 спынены, 2 накіраваны надаследаванне, справы пра захоўванне зброі і самагонаварэннеперададзены на разгляд камендатуры, 2 спынены з-за адсутнасці вінаватых[13]. Са справаздачы аб працы юрыдычнагабюро за снежань 1941 г. відаць, што на працягу месяца ўрабоце знаходзілася 128 крымінальных справаў, з якіх38 па абвінавачванні ў крадзяжы, 18 па абвінавачванні ўзлачынствах супраць асобы, 46 — парушэнне загадаў улады,8 — абменны гандаль, 5 — спекуляцыя, 5 — хуліганства, — самаўпраўства[14]. Да лета 1942 г. юрыдычнае бюроштодзень разглядала 12-15 крымінальных і грамадзянскіхсправаў, яго кур’еры ўручалі 50-60 павестак жыхарам горадаі прыгарадных пасёлкаў[15].

Усяго за перыяд з 18.09.1941 г. да 25.07.1943 г. юрбюро Магілёва разгледзела 678 справаў па крымінальных і адміністрацыйных правапарушэннях, з якіх 189 справаў былі звязаны з абвінавачваннем грамадзян у крадзяжы, 3 справы па абвінавачванні ў куплі і захоўванні крадзенага, адна справа ў падбухторванні дзяцей да крадзяжу, 64 справы былі звязаны з пабоямі, у тым ліку пабоямі мужамі жонак, 12 справаў аб хуліганстве, 7 аб спекуляцыі, 5 па самагонаварэнні, 2 аб п’янстве, 1 аб забойстве, 8 аб парушэнні грамадскага парадку, 1 аб жорсткім абыходжанні з жывёлай і інш.[16].

Пра суадносіны арыштаваных па палітычных матывах і за крымінальныя і адміністрацыйныя правапарушэнні можна меркаваць па справаздачах магілёўскай паліцыі аб колькасці вязняў магілёўскага арыштнага дому (турмы). На 18.12.1941 г. з 11 вязняў 3 былі арыштаваныя як яўрэі, 1 — за ўцёкі з лагера ваеннапалонных, 3 — да высвятлення асобы, 1 — за прысваенне казённых рэчаў, 1 — за крадзеж, 1 — за хуліганства[17]. На 20.12.1041 г. там жа ўтрымліваліся8 чал., з якіх 1 грамадзянка арыштаваная як яўрэйка, 2 —за пабег, 1 — за хуліганства, 1 — за прысваенне казённыхрэчаў і трое за крадзеж[18]. У красавіку 1942 г. налічвалася 215арыштаваных да высвятлення асобы, 35 — за крадзеж, 31 —за адмову ад працы, 2 — за сабатаж, 20 ваеннапалонных, 4як контрразведчыкі, 10 — за сувязь з партызанамі, 50 яўрэяў,6 — за хуліганства і парушэнне грамадскага парадку, 1 — зараненне агнястрэльнай зброяй, 2 — за забойства, па аднымчалавеку за прастытуцыю, рабаўніцтва і спекуляцыю і г.д.[19].

Захаваліся таксама звесткі аб колькасці арыштаваных, якія ўтрымліваліся пры штабе паліцыі Бабруйска. На 24.12.1941      г. налічвалася 12 арыштаваных, з якіх 8 чал. —за крадзеж, 1 — за спекуляцыю, 1 — за махлярства і 2  — за парушэнне пашпартнага рэжыму. На 28.12.1941 г.14 чал. арыштаваных: 1 — за спекуляцыю, астатнія закрадзяжы і рабаўніцтва, у тым ліку яўрэйскай маёмасці. 17.01.1942     г. утрымлівалася: 6 чал. — за крадзеж, 1 — зазахоўванне крадзенай маёмасці, 1 як былы савецкі служачы, 2     — за хаджэнне без дакументаў, 1 — за хаджэнне пад час каменданцкай гадзіны, 15 — да высвятлення асобы, 1 — заспекуляцыю, 2 — за тое, што пражывалі пад чужымі імёнамі,і 1 грамадзянка як яўрэйка[20].

У Барысаве за тыдзень да 21.02.1942 г. быў асуджаны шэраг грамадзян за розныя правапарушэнні: крадзеж ячменю з калгаса (прымусовыя работы на 14 дзён), халатныя адносіныда службовых абавязкаў (14 сутак і штраф 110 руб.), пабоі(300 руб.), крадзеж аўса (500 руб.), крадзеж мукі (14 сутакпрымусовых работ), крадзеж бульбы (14 сутак прымусовыхработ), хуліганства (арышт на 14 сутак)[21].

Згодна з рэгістрацыйнай кнігай турмы ў Стоўбцах з 15.11.1941 г. да 10.11.1943 г. тут утрымліваліся 1591 чал. Восенню 1941 г. сярод вязняў дамінавалі нараджэнцы розных рэгіёнаў СССР, відавочна, савецкія ваеннапалонныя, да 1943 г. большасць складалі мясцовыя нараджэнцы, абвінавачаныя часцей за ўсё ў крымінальных злачынствах[22].

Такім чынам, калі восенню 1941 г. у месцах пазбаўлення волі, падначаленых мясцовай адміністрацыі, маглі адначасова знаходзіцца вязні, абвінавачаныя ў крымінале і супраціве акупацыйным уладам, то пазней крымінальныя злачынствы пачалі дамінаваць.

Найбольш тыповым злачынствам перыяду нацысцкай акупацыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі былі крадзяжы, няспыннаму росту якіх садзейнічалі наступныя фактары. Пад час хаосу, што назіраўся летам 1941 г., на волі апынуліся некаторыя злачынцы, а яны маглі пачаць дзейнічаць больш актыўна, скарыстаўшыся аслабленнем кантролю з боку ўлады. Пазней, калі акупацыйныя ўлады жорсткімі мерамі нейтралізавалі крымінальныя элементы, крадзяжы здзяйснялі звычайныя грамадзяне, якіх часта штурхалі да гэтага жорсткія рэаліі акупацыйнай штодзённасці: беспрацоўе ў 1941 г., мізэрная аплата працы, недахоп прадуктаў, імклівы рост цэн, г. зн. чыста эканамічныя фактары. Натуральнае жаданне выжыць магло штурхаць на здзяйсненне супрацьпраўных учынкаў раней абсалютна законапаслухмяных грамадзян. Гэтая тэндэнцыя пацвярджаецца нямецкімі дакументамі. Напрыклад, у справаздачы ортскамендатуры аб становішчы ў г. Віцебску ад 2.03.1942 г. адзначалася: „Благодаря возрастающим материальным затруднениям заметно выросло воровство. Воруют русские у немцев и у своих”[23].

Першая хваля масавых крадзяжоў адбылася пад час абарончых баёў лета 1941 г. Пры адступленні савецкіх войскаў частка складоў і крамаў не была знішчана ці эвакуявана, і ўсё, што там захоўвалася, было разабрана насельніцтвам. Акупацыйныя ўлады разглядалі гэтую савецкую дзяржаўную маёмасць як маёмасць, што належыць нямецкай дзяржаве, таму ў першыя ж тыдні акупацыі выйшлі распараджэнні камендатур пра вяртанне разрабаваных тавараў. Колькасць добраахвотна вернутых тавараў была мізэрная, і восенню 1941 г. паліцыя пачала праводзіць масавыя вобыскі з мэтай вярнуць гэтую маёмасць. Бургамістр Бабруйска канстатаваў, што колькасць вернутых прамтавараў мінімальная, а прадукты харчавання ўвогуле ніхто не вяртаў, і рэкамендаваў паліцыі праводзіць павальныя вобыскі ў горадзе і навакольных вёсках, прычым рабіць гэта адначасова ў некалькіх месцах, каб насельніцтва розных населеных пунктаў не паспявала папярэджваць пра вобыскі[24].

Нярэдка крадзяжы здзяйсняліся ў суседзяў, і злачынцы добра ведалі, на якія каштоўнасці можна было разлічваць. Гэтыя злачынствы ўражваюць. У той час, калі многія гараджане ратаваліся бежанствам ад ворага, іншыя пад бамбёжкамі сярод пажараў ішлі рабаваць крамы і прыватныя дамы і кватэры. У рабаўніцтвах маглі ўдзельнічаць члены адной сям’і.

Акупацыйныя ўлады і мясцовая дапаможная адміністрацыя пачалі прыцягваць такіх грамадзян да адказнасці, не зважаючы на тое, што гэтыя злачынствы былі зроблены ў перыяд безуладдзя. Некаторыя бежанцы вярталіся дадому, і іх рэакцыя на разрабаваныя дамы не была сакрэтам для немцаў. Пацярпелыя маглі пазнаць сваю маёмасць у суседзяў, убачыць, як яна прадаецца на рынках, і апеляваць да ўлады з патрабаваннем пакараць вінаватых. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя, нягледзячы на тое, што злачынствы былі здзейснены пад час безуладдзя, рэагавала на такія заявы і карала злачынцаў. Гэтым самым нямецкія ўлады паказвалі, што любыя супрацьпраўныя ўчынкі, незалежна ад таго, калі яны былі здзейснены (нават пры савецкай уладзе), будуць жорстка карацца. Такім чынам каралася парушэнне закону ў прынцыпе, злачынства супраць любой улады. Важна было прадэманстраваць насельніцтву акупаваных тэрыторый, што немцы не будуць мірыцца з любымі спробамі парушэння правапарадку.

Першыя карныя пастановы нямецкіх камендатур і мясцовай дапаможнай адміністрацыі выдаваліся ўжо з канца лета 1941 г. Так, у верасні 1941 г. паліцыя Магілёва арганізавала вобыск у дзвюх жанчын, у адной з якіх было знойдзена шмат бялізны, у другой — шмат новай вопраткі, 22 м мануфактуры, новы абутак і інш. Было высветлена, што гэтыя рэчы скрадзены ў гарадскіх крамах пад час баявых дзеянняў[25]. Тады ж за крадзяжы пад час пажару ў Віцебску 10-11 ліпеня 1941 г. (момант адыходу з горада Чырвонай Арміі) была прыгаворана да розных тэрмінаў зняволення пэўная колькасць гараджан. Адносна крадзяжоў пад час пажараў у карных пастановах камендатуры можна сустрэць каментары, якія ілюструюць маштабы злачынстваў, напрыклад, „нарабавалі сабе цэлы склад прадуктаў”[26].

Асуджаныя за крадзеж дамінуюць у карных пастановах камендатур восенню 1941 г. Калі-нікалі можна бачыць раскрыццё паліцыяй арганізаванай злачыннасці. Напрыклад, у Віцебску 11.08.1941 г. адзін грамадзянін быў асуджаны на смяротнае пакаранне за 15-разовы крадзеж з узломам, два — за 9-разовыя крадзяжы прыгавораны да 6 месяцаў турмы і 20 удараў кіем штомесячна, чацвёрты за захоўванне скрадзенага да 4 месяцаў турмы і цялеснага пакарання штомесячна[27].

Усяго за жнівень – снежань 1941 г. Віцебскай камендатурай было прыгаворана да розных тэрмінаў зняволення за крадзяжы і рабаўніцтва больш за 80 чал. Некаторых грамадзян пакаралі за спекуляцыю, самагонаварэнне, ліхвярства, парушэнне грамадскага спакою, парушэнне правілаў гандлю, спробы забойства[28]. Абвінавачаныя атрымлівалі ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў турмы (памер пакарання высвятляў камендант). Акрамя гэтага, ужо восенню 1941 г. як мера пакарання пачалі практыкавацца ўдары кіем, адразу ці ў некалькі прыёмаў. Напрыклад, прыгавораны 7.08.1941 г. за крадзеж у сваякоў да двух месяцаў турмы жыхар Віцебска Пётр Ш. павінен быў атрымаць яшчэ і 20 удараў кіем[29]. Грамадзянін П. за выраб самагону і абменны гандаль па спекуляцыйных цэнах быў прыгавораны 24.10.1941 г. да двух месяцаў турэмнага зняволення і па 20 удараў штомесячна[30]. Тэрмін папярэдняга турэмнага зняволення мог залічвацца ў асноўны тэрмін ці не, па меркаванні каменданта[31]. Калі ў наступныя гады пакаранне за падобныя злачынствы пачаў разглядаць міравы суд, то і тады крадзяжы пераважалі.

У снежні 1943 г. Лепельскі акруговы суд разгледзеў справу па абвінавачванні чатырох жыхароў Лепеля ў крадзяжы. У паліцыю звярнулася грамадзянка С., якая заявіла, што быў разабраны яе хлеў. Паліцыя знайшла вінаватых, якія прызналі сваю віну. Іх прыгаварылі судом да штрафу на карысць акружной управы па 250 руб. кожны, а таксама абавязалі кампенсаваць страты, нанесеныя пацярпелай, у памеры 1500 руб.[32]. Повадам для судовага разбіральніцтва мог быць крадзеж дзяржаўнай маёмасці. У лістападзе 1943 г. у Лепелі партызаны спалілі саляны склад. Мясцовыя жыхары скарысталіся сітуацыяй і паспрабавалі запасціся дэфіцытным таварам. Паліцыя знайшла скрадзеную соль, і некаторыя грамадзяне былі прыгавораны да штрафу да 500 руб.[33].

Сярод аб’ектаў крадзяжоў лідзіравалі прадукты харчавання як найбольш каштоўны тавар часоў акупацыі. Папулярнасцю карысталіся таксама будаўнічыя матэрыялы, вытворчасць якіх была істотна зніжана, вырабленая прадукцыя пераважна ішла на забеспячэнне патрэбаў вермахта і для аб’ектаў калабарацыйнай адміністрацыі. Грамадзянскае насельніцтва, якое адчувала вострую патрэбу ў будаўнічых матэрыялах для рамонту дамоў і гаспадарчых пабудоваў, што былі разбураны пад час баявых дзеянняў, купіць іх легальна практычна не мела магчымасці, што штурхала асобных грамадзян на крадзеж дошак, бярвення, цэглы, шкла з дамоў, якія засталіся без гаспадароў, з будынкаў пераселеных у гета яўрэяў, камунальных будынкаў. Напрыклад, начальнік Лепельскага павета прыгаварыў 27.02.1943 г. трох грамадзян на 14 сутак арышту за крадзеж цэглы, дошак і аконных рам з будынка зачыненай школы[34]. У лістападзе 1943 г. жыхар Лепеля грамадзянін П. быў затрыманы паліцэйскімі пад час крадзяжу лесаматэрыялаў з гарадской ветэрынарнай бальніцы і прыцягнуты да адказнасці па 38-м артыкуле Спісу злачынстваў. Абвінавачаны на суд не з’явіўся, замест яго прыйшоў яго бацька, баец РВНА, які прызнаў віну сына. Вердыкт суда быў адносна мяккі — штраф у памеры 100 руб. Відавочна, адыграла ролю сваяцтва злачынцы з салдатам пранямецкага ўзброенага фармавання[35].

Шэраг выпадкаў крадзяжу адбываўся ва ўстановах і прадпрыемствах, звязаных з вырабам, продажам ці захоўваннем харчавання. 31.10.1943 г. быў здзейснены ўзлом замка на харчовым складзе № 2 Аршанскай гарадской управы. Спецыяльна арганізаваная камісія высветліла, што на складзе не хапае 30 кг маргарыну з 6062 кг, якія былі раней. Гарадская ўправа даручыла паліцыі правесці пошук вінаватых[36]. Нярэдка ў крадзяжах удзельнічалі супрацоўнікі такіх прадпрыемстваў, што тлумачыцца выключна цяжкімі ўмовамі жыцця і побыту асноўнай масы гарадскога насельніцтва, якое было вымушана існаваць за кошт мізэрных акладаў і харчовых пайкоў. Напрыклад, у крадзяжы хлеба з магілёўскай гарадской пякарні былі абвінавачаны чацвёра рабочых і возчык харчова-гандлёвага аддзела гарадской управы, які развозіў гатовую прадукцыю[37]. У другім выпадку за крадзеж хлеба там звольнілі работніцу, майстра змены аштрафавалі на 50% месячнага заробку, іншага рабочага, вучня, возчыка і загадчыка экспедыцыі аштрафавалі на 25% заробку[38].

Нягледзячы на суровыя забароны акупацыйных уладаў выраб самагону быў распаўсюджанай з’явай. У дачыненні да гэтага тыпу правапарушэння нямецкая і дапаможная адміністрацыі на працягу трох гадоў акупацыі выдавалі шмат распараджэнняў і забаронаў з пагрозай суровай кары (аж да расстрэлу), якія не мелі ніякага выніку. Суровае пакаранне таксама чакала тых, хто з’яўляўся ў грамадскіх месцах у нецвярозым выглядзе[39].

Забарона вырабу алкагольных напояў тлумачыцца, з аднаго боку, манапольным правам дзяржавы на гэты від прадукцыі, з другога боку, вырабам самагону пераважна з зерня, якое ва ўмовах вайны было для Нямеччыны стратэгічным прадуктам, паколькі за кошт акупаванай Беларусі забяспечваўся вермахт, да таго ж даводзілася карміць гарадское насельніцтва акупаваных тэрыторый. Самагоншчыкі, па меркаванні акупацыйных уладаў, павялічвалі дэфіцыт прадуктаў харчавання. Напрыклад, у распараджэнні начальніка Браслаўскага павета аб барацьбе з самагонаварэннем ад 26.09.1942 г. падкрэслівалася, што асабліва шкодны выраб самагону з зерневых культур[40]. Актывізацыя самагонаварэння адбывалася якраз пасля збору чарговага ўраджаю, і мясцовая адміністрацыя аператыўна рэагавала на гэта новым распараджэннем.

22.02.1944 г. быў выдадзены загад № 138 па Асіповіцкай павятовай управе, у якім канстатавалася маштабнае самагонаварэнне ў раёне. Змест гэтага загаду пачатку 1944 г. аналагічны такім самым загадам нямецкіх камендатур і мясцовай адміністрацыі ранейшых гадоў (быццам бы ён выдадзены ўпершыню), што сведчыць пра марнасць усіх ранейшых намаганняў. Перамагчы самагонаварэнне не атрымалася. Як і раней, начальнік раёна патрабаваў ад падначаленых органаў улады спыніць маштабнае самагонаварэнне асобамі, якія не маюць спецыяльнага дазволу на выраб алкагольных напояў; канстатаваў выкарыстанне насельніцтвам для гэтай мэты зерня і бульбы ва ўмовах татальнага дэфіцыту харчавання. Загад абавязваў валасных бургамістраў штодэкадна даносіць начальніку Асіповіцкага павета аб праведзеных мерапрыемствах у галіне барацьбы з самагонаварэннем[41]. 24.02.1942 г. была апублікавана аб’ява аналагічнага загаду зместу, адрасаваная насельніцтву Асіповіцкага павета. Акрамя абстрактных пагроз пакарання, да якіх самагоншчыкі ўжо прывыклі, тут змяшчалася пагроза канфіскацыі пры выкрыцці самагонаварэння ўсіх запасаў зерня і бульбы. Перспектыва застацца без асноўных прадуктаў харчавання павінна была, на думку павятовай адміністрацыі, прымусіць насельніцтва ўстрымлівацца ад самагонаварэння[42]. Аналіз аналагічных распараджэнняў з розных рэгіёнаў Беларусі ілюструе пошук акупацыйнымі ўладамі эфектыўнага сродку запалохвання самагоншчыкаў. Камендант мястэчка Карма ў сваім загадзе аб забароне самагонаварэння ад 12.01.1942 г. канстатаваў выраб самагону ў вялікіх памерах і пагражаў пакараннем у выглядзе расстрэлу[43].

Тым не менш, гэты від злачыннасці акупацыйныя ўлады так і не здолелі перамагчы. Акрамя адсутнасці легальнай мажлівасці набыць алкагольныя напоі, самагонаварэнне было выклікана да жыцця і тым фактарам, што алкаголь у гады акупацыі служыў своеасаблівай „вадкай валютай” ва ўмовах татальнага недаверу да папяровых савецкіх рублёў. Можна прывесці шмат прыкладаў самагонаварэння. 23.12.1941 г. начальнік Пастаўскага павета разгледзеў справу па абвінавачанні шасці жыхароў павета ў самагонаварэнні, якіх выкрыў камендант пастарунку паліцыі вёскі Васіліны. У аднаго з грамадзян быў знойдзены літр самагону, у другога бочка на 6-7 літраў, у астатніх канфіскавана брага, якую яны збіраліся перагнаць на самагон. Пад час допыту ўсе абвінавачаныя прызналі сябе вінаватымі і, каб паменшыць памер пакарання, выказвалі наступныя аргументы. Адзін з іх заявіў, што выгнаў гэты самагон яшчэ пры савецкай уладзе, другія сцвярджалі, што выраблялі яго для сябе, а не на продаж[44]. Справа была перададзена начальніку жандармерыі для вынясення прыгавору, грамадзяне былі аштрафаваныя на 250 руб. кожны[45].

У якасці ілюстрацыі выкарыстання алкаголю як эквіваленту грошай выклікае цікавасць пратакол допыту 2.02.1944 г. супрацоўнікам ветрынскай паліцыі грамадзяніна Уладзіміра Б., 1927 г. нар., затрыманага з гарэлкай. Абвінавачаны, бежанец, нараджэнец Руднянскага павета Расіі, пад час допыту паказаў, што жыў за кошт гандлю гарэлкай, і прывёў прыклады гэтага. Па яго словах, за гарэлку можна было дастаць усё, але часцей ён мяняў яе на соль, якая была ў гады акупацыі выключна дэфіцытным таварам. Напрыклад, у краме цэнтральнага гандлёвага таварыства ён памяняў літр гарэлкі на 4 кг солі, прычым прадавец запэўніла яго, што гарэлкі ім спатрэбіцца яшчэ шмат: „Сколько привезете, столько и возьмем”. У выніку абвінавачаны вырабіў у вёсцы 5 л самагону і яшчэ 9,5 л пазычыў у сялян, каб прадоўжыць абменныя аперацыі[46].

13.10.1943 г. байцы службы парадку г. Лепеля ў кватэры грамадзянкі Ганны А. зафіксавалі працэс самагонаварэння. Са складзенага паліцэйскімі акта вынікала, што ў 21.00 яны ўбачылі святло ў хаце абвінавачанай, але толькі праз 20 хвілін патрабаванняў іх туды дапусцілі. У хаце яны знайшлі самагонны апарат і 2,5 вядра брагі. Следствам было выяўлена, што грамадзянка А. — нараджэнка Расіі, непісьменная, маці двух байцоў Рускай народнай вызваленчай арміі. Абвінавачаная сцвярджала, што не знаёмая з распараджэннем обер-бургамістра Лепеля аб забароне самагонаварэння і займалася гэтым першы раз. Лепельскі акруговы суд прыняў пад увагу тое, што жанчына прызнала віну, і прыгаварыў яе толькі да штрафу на 500 руб.

Бывалі выпадкі, калі супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі і паліцыі не толькі не перашкаджалі, але і самі спрыялі вытворчасці самагону. У адрозненне ад акупаваных краін Балтыі, дзе грамадзянскае насельніцтва і паліцыя маглі легальна набываць алкаголь па картках, беларускія паліцэйскія маглі атрымліваць віно ці гарэлку надзвычай рэдка, як прэмію да вялікіх святаў, і гэта штурхала іх вымагаць самагон у насельніцтва ці прымушаць грамадзян да яго вырабу. 3.07.1943 г. начальнік паліцыі Аршанскага павета патрабаваў накласці штраф і звольніць са службы паліцэйскіх, што не прымаюць мераў супраць самагонаварэння[47]. Начальнік паліцыі Ветрынскага павета 7.12.1943 г. абавязаў падначаленых камандзіраў праінструктаваць паліцэйскіх, што самагонаварэнне забаронена і для грамадзянскага насельніцтва, і для саміх супрацоўнікаў паліцыі, аднак, насуперак забароне, працягваецца. Вінаватым пагражала пакаранне ад 1-1,5 года прымусовых работ да расстрэлу[48].

Згаданы вышэй камендант паліцыі вёскі Васіліны Пастаўскага павета злавіў на месцы злачынства дваіх грамадзян, якія збіраліся гнаць самагон. Ён прымусіў іх закончыць самагонаварэнне (атрымалася 18 бутэлек прадукту), пасля чаго гасцяваў у хаце гэтых сялян двое сутак, выпіў частку самагону, канфіскаваў астатні[49]. Вінаватыя пазней тлумачылі свой учынак тым, што хацелі адсвяткаваць асвячэнне вясковай царквы[50]. Пад час следства выявілася, што камендант паліцыі здаў толькі 10 бутэлек канфіскаванага самагону, урэшце начальнік Пастаўскага павета аштрафаваў і самагоншчыкаў, і самога каменданта паліцыі[51].

Часта злачынствы здзяйсняліся пад уплывам алкаголю, прычым з удзелам усё тых жа прадстаўнікоў калабарацыйнай адміністрацыі. 27.02.1944 г. адбыўся канфлікт у вёсцы Дамачына Веравойшанскай воласці Аршанскага павета, куды на вяселле прыбылі бургамістр суседняй воласці Іван З. і начальнік валасной паліцыі Васіль Д. У нецвярозым выглядзе яны завязалі бойку з іншымі гасцямі, начальнік паліцыі кінуў гранату, якой параніў двух чалавек, пры спробе збегчы сам быў паранены стрэлам нямецкага салдата[52].

У лістападзе 1941 г. палявы камендант Барысава прыгаварыў да трох месяцаў турмы і звальнення пасля гэтага са службы паліцэйскага Сцяпана Г. за правядзенне ў п’яным выглядзе несанкцыянаванага вобыску ў прыватнай кватэры і здзяйсненні пры гэтым страляніны. Як адзначалася ў пастанове каменданта, раней гэты паліцэйскі ўжо меў папярэджанні за п’янства[53].

У сталоўках і закусачных у першы перыяд акупацыі дазвалялася гандляваць алкагольнымі напоямі, але пазней продаж алкаголю забаранілі ці істотна абмежавалі. Напрыклад, у аршанскай газеце „Новы шлях” ад 21.11.1942 г. было апублікавана распараджэнне ўладаў аб забароне продажу алкаголю, што, аднак, не спыніла яго падпольнай рэалізацыі. У выніку гарадская ўправа восенню 1942 г. правяла праверку ўсіх сталовак, закусачных і рынку з мэтай пошуку падпольных гандляроў спіртным[54]. Вынікі гэтай праверкі невядомыя, але ёсць звесткі пра выраб самагону ў Оршы ў красавіку 1944 г. Пад час рэвізіі рэстарана на рынкавай плошчы ў склепе знайшлі самагонны апарат. Відавочна, вытворчасць была маштабная. Адной толькі брагі выявілі 180 л, а таксама рэзервуары для прадукцыі аб’ёмам на сотні літраў[55]. Варта звярнуць увагу і на смеласць самагоншчыкаў, якія наладзілі працу ў самым цэнтры горада ў людным месцы, што, з аднаго боку, дазваляла доўгі час заставацца нераскрытымі (улады не здагадваліся шукаць іх там), з другога боку, на рынку было лёгка збываць гатовую прадукцыю.

Ужыванне алкаголю магло прыводзіць да самых нечаканых наступстваў. Акрамя хуліганскіх учынкаў, боек і г.д., ап’яненне магло справакаваць небяспечныя выказванні, у выніку чаго побытавыя канфлікты маглі набываць палітычную афарбоўку. Віцебская камендатура разгледзела справу па абвінавачванні ў п’яным дэбошы шафёра нямецкай установы Кандрата П. Ураджэнец Расіі грамадзянін П. восенню 1941 г. трапіў пад Вязьмай у палон, працаваў кухарам у працоўным лагеры, потым шафёрам. Як адзначалася ў справаздачы допыту, да гэтага часу П. паводзіў сябе добра, яго ўчынкі не выклікалі незадавальнення ў немцаў. Але да пэўнага моманту. Аднойчы П. напіўся са сваім знаёмым на базары, быў арыштаваны. П. пачаў грукаць у дзверы камеры, абяцаў немцам, што адпомсціць, калі будзе на волі, што пойдзе ў партызаны. На допыце П. не адмаўляў магчымасці такіх паводзінаў, але адзначаў, што нічога не помніць і што бывае ўзбуджаны, калі вып’е, што вышэй сказанае не адпавядае яго палітычным поглядам і ён заўсёды „супраць Расіі”. Урэшце П., які разумеў сур’ёзнасць інцыдэнту (яго справа была накіравана ў СД), добраахвотна папрасіўся на работу ў Нямеччыну[56].

Часта ў злачынствах удзельнічалі супрацоўнікі беларускай паліцыі, якія тэарэтычна павінны былі ахоўваць парадак і абараняць грамадзянскае насельніцтва ад крымінальных элементаў. Нямецкі даследчык Б. К’яры разглядае беларускіх паліцэйскіх як ахвяр і злачынцаў адначасова[57]. Вядома, некаторых з іх можна лічыць ахвярамі абставінаў, але аналіз службовай перапіскі паліцыі і скаргаў грамадзян дазваляюць намаляваць хутчэй негатыўны партрэт сярэднестатыстычнага паліцэйскага, які часцей выступаў у якасці злачынцы адносна грамадзянскага насельніцтва.

Злачынствы з боку паліцыі фіксаваліся ўжо восенню 1941 г., з самага пачатку функцыянавання мясцовай паліцыі, калі набор туды ажыццяўляўся на добраахвотнай аснове. Спачатку туды ішлі служыць асобы, пацярпелыя ад савецкай улады, якія лічылі, што цяпер зручны момант адпомсціць за свае крыўды. Іх негатыў выплёскваўся на ўсіх без выключэння грамадзянскіх асобаў (неўсвядомленая сублімацыя). Сярод паліцэйскіх трапляліся асобы з крымінальным мінулым, якія, атрымаўшы зброю ад новай улады, здзяйснялі супрацьпраўныя ўчынкі і былі ўпэўнены, што акупацыйныя ўлады будуць на гэта заплюшчваць вочы. Нямецкая ж адміністрацыя, якая жорстка падаўляла любыя праявы супраціву з боку грамадзянскага насельніцтва, рэзка негатыўна адносілася да злачынстваў, што здзяйснялі паліцэйскія. Так, у снежні 1941 г. два супрацоўнікі паліцыі Барысаўскага раёна жорстка збілі і застрэлілі жыхара вёскі Вяляцічы. Як адзначалася ў карнай пастанове каменданта палявой камендатуры (V) 244 Барысава, будучы п’янымі, паліцэйскія схапілі невінаватага грамадзяніна і, нягледзячы на наяўнасць у яго дакументаў, пацягнулі сваю ахвяру ў пастарунак, па дарозе нечалавечым чынам катавалі, стрэлам паранілі ў калена, потым паранілі яшчэ некалькі разоў і дабілі, праламаўшы галаву сякерай ці прыкладам. Пасля гэтага злачынцы паспрабавалі выставіць справу такім чынам, быццам бы яны забілі партызана. Схаваць таямніцу ад немцаў не атрымалася і, згодна з распараджэннем палявога каменданта ад 2.02.1942 г., паліцэйскія Мікола В. і Язэп Л. былі прыгавораны да смяротнага пакарання[58].

Тым не менш, смяротнае пакаранне паліцэйскага — з’ява даволі рэдкая, і, як правіла, злачынцы заставаліся беспакаранымі ці атрымлівалі мяккі прысуд. Інфармацыя пра рабаўніцтва і гвалт з боку паліцэйскіх ёсць у дакументах калабарацыйнай адміністрацыі адносна ўсіх рэгіёнаў Беларусі на працягу ўсяго перыяду акупацыі. Асабліва самавольства паліцыі назіраліся ў сельскай мясцовасці, дзе чалавек з вінтоўкай (прынамсі там, дзе не было партызанаў) адчуваў сябе поўным гаспадаром над безабароннымі сялянамі і мог асабліва не баяцца іх скаргаў у мясцовую адміністрацыю, якая нічога не магла зрабіць, ці ў нямецкую адміністрацыю, да якой часта было праблематычна дабрацца. Да таго ж, не кожны, каго пакрыўдзілі, адважваўся скардзіцца на паліцэйскага, бо не быў упэўнены ў магчымасці пакарання і баяўся помсты з яго боку.

Бывалі выпадкі, калі паліцэйскія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі іншай воласці, па-за сваёй юрысдыкцыяй, відавочна, спадзеючыся пазбегнуць пакарання. 22.02.1944 г. пяцёра паліцэйскіх з Оршы абрабавалі двух сялян (адзін быў збіты да непрытомнасці) з сельскай грамады Хамінічы Бараньскай воласці Аршанскага павета. Паліцэйскія забралі ў сялян сена і салому. Стараста грамады паскардзіўся ў камендатуру, на загад якой вінаватыя былі затрыманы[59].

Можна прывесці і яшчэ адзін прыклад супрацьпраўных дзеянняў паліцэйскіх. 9.04.1942 г. начальнік аддзялення службы парадку Новабарысава разгледзеў матэрыялы па абвінавачанні паліцэйскага Міхаіла Р. Следствам было ўстаноўлена, што Р. разам са сваім калегам Ш. ноччу 3.04.1942 г. хадзіў па хатах у пошуку самагону, патрабаваў яго пад пагрозай зброі, напіўшыся, называў сябе начальнікам паліцыі. Урэшце, Міхаіл Р. адсутнічаў на дзяжурстве з 4 на 5.04, напіўшыся, паваліўся, разбіў твар і ў такім выглядзе (пры зброі) працягваў свае „подзвігі”, пакуль раніцай 7.04 яго не знайшла жонка. Пасля гэтага Р. падаў даведку ад доктара аб непрацаздольнасці ў выніку пашкоджання твару. Начальнік аддзялення пастанавіў прыцягнуць вінаватых да адказнасці па законах ваеннага часу праз гестапа. Вердыкт жа начальніка службы парадку горада быў, на здзіўленне, мяккі: Ш. арыштаваць на 7 сутак, Р. — на 14 сутак[60]. Пакаранне сапраўды не адпавядала цяжару ўчынкаў паліцэйскіх. Магчыма, парушэнні, якія не пацягнулі за сабой забойства ці пашкоджання здароўя грамадзян, знаходзіліся ў кампетэнцыі начальніка паліцыі, а не нямецкай камендатуры, і начальнік службы парадку прыкрываў сваіх падначаленых.

П’янства сярод паліцэйскіх мела каласальныя маштабы, аблічча асноўнай масы супрацоўнікаў паліцыі было надзвычай непрыглядным. Можна прывесці прыклады, калі супрацоўнікі паліцыі расследавалі злачынствы, справядліва прыцягвалі вінаватых да заслужанага пакарання за рабаўніцтва, гвалт, забойствы. Частка супрацоўнікаў гарадской паліцыі сапраўды спрабавала весці барацьбу са злачыннасцю. У гэты ж час іншыя паліцэйскія паводзілі сябе ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва выключна амаральна. Раённае паліцэйскае начальства і нямецкія ўлады рэгулярна выносілі пастановы аб пакаранні сваіх падначаленых. Упраўленне службы парадку Сенненскага раёна накіравала начальніку палявой жандармерыі рапарт адносна пакарання стралка апорнага пункта Забор’е Аляксея Г., які 12.04.1944 г. у п’яным выглядзе вёз прадукты харчавання для сваіх калег, перакуліў груз у канаву, у выніку чаго частка прадуктаў згубілася, частка сапсавалася. Г., раззлаваны здарэннем, пачаў біць свайго каня карабінам, прабіў каню галаву і зламаў зброю, пасля чаго не з’явіўся на вячэрняе пастраенне, заснуўшы дома. Камандзір роты канстатаваў, што такія ўчынкі Г. здзейсніў упершыню, і прасіў кіраўніцтва абмежавацца пакараннем у выглядзе арышту на 14 сутак[61].

Супрацоўнікі паліцыі самавольнічалі не толькі ў дачыненні да простага грамадзянскага насельніцтва, але і да нізавога звяна мясцовай адміністрацыі. Калі ўладу начальніка раёна, якому быў падначалены кіраўнік раённай паліцыі, ігнараваць было складана, а нямецкіх уладаў даводзілася баяцца, то вясковыя старасты і валасныя бургамістры часам бывалі безабаронныя перад узброенымі паліцэйскімі. Напрыклад, у кастрычніку 1942 г. два супрацоўнікі паліцыі Негнавіцкай воласці Барысаўскага раёна залезлі ў памяшканне валасной управы, падрабілі фінансавыя дакументы і змянілі памер падаткаў аднаго з сялян, падрабілі подпіс касіра і заверылі паперу пячаткай бургамістра[62]. У траўні 1942 г. на імя начальніка Барысаўскага раёна паступіла заява супрацоўніка МТС, які скардзіўся на самавольства паліцыі. У яго адсутнасць два паліцэйскія зайшлі ў хату і патрабавалі ад яго жонкі, каб тая аддала веласіпед, якім грамадзянін карыстаўся з дазволу нямецкага каменданта. Калі жанчына адмовілася, паліцэйскія паставілі яе да сцяны і пагражалі расстраляць[63].

Акрамя беларускай паліцыі гвалт над грамадзянскім насельніцтвам чынілі салдаты калабарацыйных вайсковых фармаванняў, у прыватнасці, байцы дыслакаванай на Беларусі Рускай вызваленчай народнай арміі пад камандаваннем Б. Камінскага. 15.09.1943 г. на імя начальніка Лепельскага раёна паступіла заява супрацоўніка раённай управы Мікалая П., які скардзіўся на байцоў РВНА, што ўварваліся ноччу да яго ў хату, патрабавалі гарэлкі, двойчы выводзілі яго з жонкай на вуліцу і імітавалі расстрэл[64].

Злоўжыванні службовым становішчам нярэдка здзяйснялі супрацоўнікі мясцовай дапаможнай адміністрацыі. Карупцыя насіла мэтанакіраваны характар і магла цягнуцца доўга. 14.08.1942 г. міравы суд Магілёва разгледзеў справу аб крадзяжы прадуктаў харчавання (мяса і сала) і грошай са склада № 5 аддзела харчавання гарадской управы. Масаваму крадзяжу спрыяла тое, што загадчык склада не праводзіў праверкі наяўнасці прадуктаў, а бухгалтэрыя беспадстаўна спісала недахоп скрадзеных прадуктаў. Злодзеі не былі знойдзены, але суд высветліў, што крадзяжы здзяйсняліся з-за нядбайнасці службовых асобаў. Гэта давала магчымасць невядомым злачынцам прадаваць скрадзенае сала на рынку ў чатыры разы даражэй (пры дзяржаўным кошце 25 руб.). Хутчэй за ўсё, крадзяжамі займаўся хтосьці з супрацоўнікаў склада[65]

У іншым выпадку, на падставе заявы загадчыка лепельскага паравога млына, паліцыя ўзбудзіла крымінальную справу на былога загадчыка і супрацоўніка млына, якія абвінавачваліся ў крадзяжы ў вялікіх памерах. Пад час рэвізіі высветлілася, што вагі маюць недакладнасць і пры ўзважванні мяшка з зернем на 400-450 кг і атрыманай з яго мукі розніца складала 7,5 кг. Абвінавачаныя свядома сапсавалі вагі і кожны дзень атрымлівалі да 15 кг мукі. У лепельскай аптэцы ўзважылі грузы вагаў, выявілася, што кляймо на грузах сарванае, частка свінцовага напаўнення вагаў выдалена. Згодна з рашэннем суда абвінавачаных аштрафавалі па 1000 руб. кожнага і зняволілі на 50 і 25 дзён адпаведна з улікам папярэдняга тэрміну зняволення[66].

Зафіксаваны выпадкі карупцыі сярод саміх супрацоўнікаў суда. Пад час рэвізіі суда г. Бабруйска 23.10.1943 г. было высветлена, што два суддзі і сакратар суда прысвойвалі судовыя зборы. Суддзі спрабавалі абвінаваціць у гэтым толькі сакратара, якая, у сваю чаргу, абвінаваціла іх у хабарніцтве (грамадзяне прыносілі гарэлку, яблыкі, пшаніцу), а таксама ў тым, што вялі патаемныя перагаворы з удзельнікамі судовых працэсаў. Тым не менш, было высветлена, што сакратар усё ж прысвоіла 620 руб. судовых збораў, што ў судзе была арганізавана наладжаная сістэма карупцыі, пакуль кампаньёны не пасварыліся паміж сабой, не падзяліўшы дзяржаўныя дровы для сваіх патрэбаў. Абвінавачанне ў халатнасці было прад’яўлена і начальніку абласнога суда, які ведаў пра ўчынкі падначаленых, але нічога не рабіў[67]. Бургамістр, які разгледзеў матэрыялы следства, знайшоў віну суддзяў даказанай, але палічыў, што дастаткова ўжо вынесенага пакарання ў выглядзе адхілення суддзяў ад пасадаў. Экс-сакратара суда бургамістр рэкамендаваў нямецкай камендатуры прыцягнуць да прымусовых работ[68].

Забойстваў, учыненых грамадзянскімі асобамі, было няшмат. Прынамсі, зафіксаваны выпадкі забойстваў жанчынамі сваіх дзяцей. Напрыклад, у лютым 1944 г. y Лепелі быў знойдзены труп нованароджанага дзіцяці, пра што паведамілі паліцыі. Калі паліцыя прыехала, то трупа на месцы не знайшлі (невядомы забойца паспеў яго перахаваць), але пазней адшукалі ў бамбасховішчы. Медыцынская экспертыза высветліла, што дзіця нарадзілася ў тэрмін, жывым і здаровым.

Пад час следчых мерапрыемстваў знайшлі маці, якая здзейсніла злачынства, а таксама яе сястру, якую прыцягнулі да гэтай справы як саўдзельніцу. Абвінавачаная ў забойстве грамадзянка Т., незамужняя, руская, з сялян Арлоўскай губерні (відавочна, эвакуяваная ў Лепель разам з байцамі РВНА Камінскага), шкадавання за зробленае не выказала і патлумачыла свой учынак „невежественностью и темнотой”. У выніку судовага пасяджэння 15-18.03.1944 г. Т. і яе сястра былі прыгавораны да 5 гадоў турэмнага зняволення (самы жорсткі прыгавор гэтага суда)[69].

22.12.1942 г. міравы суд г. Магілёва разгледзеў крымінальную справу грамадзянкі Алены П. і яе памагатага Івана С. у забойстве 6-гадовага сына жанчыны. Першапачаткова забойцы былі прыгавораны судом адпаведна да 8 і 3 месяцаў зняволення ў канцлагеры, потым тэрмін быў павялічаны да трох гадоў. Аднак 30.07.1943 г. бургамістр Магілёва перагледзеў матэрыялы справы і параўнаў учынкі жанчыны з „учынкамі драпежнага звера”. Як вынікала з матэрыялаў суда, абвінавачаная загадзя спланавала забойства, пры дапамозе клізмы апякла хлопчыку вантробы каўстычнай содай, потым задушыла яго падушкай, труп закапала пад верандай дома. Цела пазней не знайшлі, і следства меркавала, што яго выкарысталі для варкі мыла. Па паказаннях сведкі, жанчына выказвала намер забіць таксама і сваю 4-гадовую дачку. У выніку бургамістр палічыў вынесенае пакаранне недастатковым і пастанавіў, што забойца заслугоўвае смяротнага пакарання[70].

Месцам здзяйснення злачынстваў часта рабіліся рынкі. Менавіта тут адбываліся крадзяжы, спекуляцыя, продаж скрадзеных рэчаў, парушэнне правілаў гандлю (продаж няякасных тавараў, абменны гандаль, валютная спекуляцыя). Згаданыя віды злачынстваў сустракаюцца ў дакументах акупацыйнага часу досыць рэгулярна. Як прыклад можна прывесці адміністрацыйную перапіску аршанскага рынку. Так, насуперак распараджэнню бургамістра тут квітнеў гандаль без патэнтаў, за што толькі 1.02.1944 г. было аштрафавана 13 жанчын па 300 руб. кожная[71]. Пад час праверкі 22.04.1944 г. начальнікам рынку быў затрыманы грамадзянін К., які прадаваў каўбасу, што была непрыдатная да спажывання, хаця існавала правіла аддаваць на праверку ўсе прадукты харчавання. У яго было канфіскавана 4,5 кг каўбасы і 3,5 кг мяса[72]. 28.04.1944 г. на рынку затрымалі грамадзяніна З., які прадаваў гарох і катэгарычна адмаўляўся прымаць савецкія рублі[73]. 18.06.1944 г. на тым жа рынку ў грамадзяніна Д. канфіскавалі хромавую скуру і загатоўкі для ботаў, скрадзеныя ў фельчара паліцыі[74].

Пад час акупацыі ў гарадах склалася праслойка гараджан, як правіла, маладых мужчын ці падлеткаў, якія афіцыйна нідзе не працавалі (нягледзячы на жорсткае пакаранне за ўхіленне ад працоўнай павіннасці), займаліся спекуляцыяй ці крадзяжамі. Месцам згуртавання такіх элементаў рабіліся гарадскія рынкі. Перыядычна паліцыя затрымлівала такіх людзей. Напрыклад, 24.11.1943 г. аршанская паліцыя затрымала Аляксандра В., 1927 г. нар., які нідзе не працаваў, шмат часу праводзіў на рынку і, як сцвярджалі супрацоўнікі рынку, займаўся махлярствам; перад гэтым, 9.11.1943 г., тамсама быў арыштаваны Уладзімір Б., які на рынку краў з кііпэняў[75]. Калі-нікалі ў спекуляцыйныя аперацыі ўцягвалі дзяцей, хоць нямецкія ўлады пад пагрозай канфіскацыі грошай і тавараў забаранялі гандляваць асобам да 16 гадоў[76].

Марнымі былі спробы акупацыйнай адміністрацыі спыніць абменны гандаль і спекуляцыю. Калі на гарадскіх рынках патэнцыяльная пагроза арышту за абменны гандаль існавала і перыядычна некаторыя грамадзяне прыцягваліся да адказнасці, то ў сельскай мясцовасці прасачыць і спыніць гэта было практычна немагчыма, і гараджане гэта цудоўна разумелі, таму многія не чакалі прыезду сялян у гарады, а самі выпраўляліся ў вёскі па харчаванне. Так, у верасні 1942 г. нямецкая адміністрацыя канстатавала, што ў раёне Барысава, Талачына і Круглага шмат гараджан едзе ў сельскую мясцовасць і мяняе прадметы побыту на харчаванне. Акрамя штрафаў і канфіскацыі прадуктаў нямецкі камендант патрабаваў ад беларускай адміністрацыі абмежаваць выдачу пропускаў на паездкі ў сельскую мясцовасць жыхарам Барысава і дэталёва правяраць матывацыю такіх паездак[77].

Як ілюстрацыя нелегальнага абменнага гандлю цікавая справа Лепельскага акружнога суда ад 23.11.1943 г. па абвінавачванні трох грамадзянак, жыхарак Лепеля. Жанчыны абвінавачваліся адразу ў некалькіх злачынствах: парушэнні пашпартнага рэжыму, спекуляцыі і спробе даць хабар. 5.11.1943 г. яны былі затрыманы без пропускаў патрульным паліцэйскім на падыходзе да Лепеля. Жанчыны прапанавалі яму хабар у памеры 3100 руб., што складала амаль шасцімесячны аклад паліцэйскага, але той адмовіўся і арыштаваў іх. Пад час допыту высветлілася, што жанчыны неаднаразова хадзілі за межы горада, каб абменьваць у немцаў сала і яйкі на соль, цукеркі, сахарын, мыла. Можна канстатаваць, што ў дадзеным выпадку суд сутыкнуўся з добра арганізаванай сістэмай спекуляцыі, своеасаблівай падпольнай гандлёвай фірмай. Жанчыны прызналіся, што раней на гэтай дарозе стаялі іх знаёмыя паліцэйскія, якія заўсёды пускалі іх без пропуска (відавочна, паліцэйскія атрымлівалі з гэтага выгоду), але на гэты раз трапіўся незнаёмы вартаўнік, які адмовіўся ўзяць грошы „на гарэлку”[78].

Да злачынстваў маглі прыводзіць побытавыя канфлікты паміж грамадзянамі. Так, на адным з хутароў Браслаўскага раёна 21.09.1941 г. група хлопцаў напала на дом грамадзяніна, яны пагражалі забіць мужчын, што былі ў доме, а жанчын згвалціць, папсавалі дзверы, пабілі шкло ў вокнах. У выніку праведзенага паліцыяй дазнання высветлілася, што прычынай нападу стала рэўнасць лідэра нападнікаў да дачкі пацярпелага гаспадара, да якой на момант нападу зайшоў іншы хлопец[79].

Прадметам судовых пасяджэнняў станавіліся справы аб парушэнні грамадскага спакою. У снежні 1943 г. лепельскі акружны суд разгледзеў справу грамадзянкі Ж., якая абвінавачвалася ў тым, што арганізавала дома п’янку і танцы і пабіла суседку. Суд аштрафаваў Ж. на 1000 руб., прыгаварыў да арышту на месяц, а таксама папярэдзіў, што пры паўторы падобнага атрымае больш жорсткае пакаранне і будзе выселена з кватэры[80].

23.12.1942 г. міравы суд Віцебска разгледзеў справу па абвінавачванні грамадзянак (маці і дачкі) у нанясенні пабояў суседу. Адна з удзельніц гэтага інцыдэнту, што адбыўся на побытавой глебе паміж жыхарамі барака ў прыгарадным пасёлку Чэпіна, з’яўлялася 15-гадовай дзяўчынай, якая нанесла пацярпеламу ўдар жалезнай рыдлёўкай па галаве. Суд прыгаварыў жанчын да 5 дзён турэмнага зняволення, аднак прыняў да ўвагі непаўналецце і адсутнасць судзімасці адной з жанчын і вынес ёй прыгавор умоўна[81].

У гады акупацыі як правапарушэнне класіфікавалася гульня ў карты. Прамых распараджэнняў, якія б забаранялі картачную гульню, не зафіксавана, але ёсць дакументы аб прыцягненні да адказнасці асобаў, якія былі заўважаны ў гэтай гульні. Ужо згадваліся судовыя пратаколы на жыхароў Магілёва. На падставе загада бургамістра Рэчыцы за картачную гульню на вытворчасці былі аштрафаваны супрацоўнікі гарадской пякарні па 5 марак кожны[82]. 29.06.1942 г. у фельдкамендатуру Лепеля паступіў рапарт супрацоўніка мясцовай адміністрацыі, дзе ён скардзіўся на гульню ў карты, якую на публіцы арганізавалі акцёры гарадскога тэатра пад час гастроляў у Бешанковічах. У арганізацыі гульні абвінавачваўся кіраўнік тэатральнага калектыву, што выйграў 1500 руб. Тэатральны канферансье прайграў яму двухмесячны заробак. Як адзначыў заявіцель, такія паводзіны артыстаў былі „проявлением богемщины, распущенности и безобразия перед населением Бешенковичей, которые были свидетелями азартной игры”. У выніку вырашылі выклікаць акцёраў і зрабіць ім вымову[83]. Распаўсюджанай з’явай было ўхіленне ад аплаты падаткаў. Ужо з восені 1941 г. на тэрыторыі акупаванай Беларусі пачалі адчыняцца прыватныя рамесныя і гандлёвыя прадпрыемствы. Частка прадпрымальнікаў працавала без патэнта і ўхілялася ад падаткаў. Несанкцыянаваная прадпрымальніцкая дзейнасць не заставалася для ўлады таямніцай, мясцовая адміністрацыя пачала прыцягваць грамадзян да адказнасці, часцей за ўсё ў выглядзе штрафу. Гэтае правапарушэнне назіралася на працягу ўсіх трох гадоў акупацыі[84]. Напрыклад, 26.03.1944 г. паліцыя Бабруйска склала пратакол на ўладальнікаў незарэгістраванага прадпрыемства па вырабе алею, што належала Мікалаю Б. і Васілю Л. Следства выявіла, што падпольнае прадпрыемства працавала прынамсі са студзеня да сакавіка 1944 г., за гэты час алей выраблялі чатыры разы, кожны з кампаньёнаў атрымаў па 16 л алею (выключна для асабістай патрэбы, як самі яны сцвярджалі). Фінансавы аддзел гарадской управы класіфікаваў прадпрыемства як камерцыйнае, якое за гэты час прынесла ўладальнікам прыбытку 32 тыс. руб., таму грамадзян абклалі падаткам у памеры 10% ад прыбытку (1600 руб. на кожнага) і прысудзілі штраф па 500 руб., у іншым выпадку ім пагражала б прымусовая праца[85].

Яшчэ адным відам правапарушэння было несанкцыянаванае падключэнне да электрасеткі. У буйных гарадах восенню 1941 г. камунальныя службы аднавілі энергазабеспячэнне, аднак карыстанне электрычнасцю грамадзянамі было абмежавана. Недастатковая магутнасць электрастанцый, дэфіцыт паліва, прыярытэтнае абслугоўванне стратэгічных для немцаў аб’ектаў прыводзіла да таго, што часта для падключэння электрычнасці ў жылым доме быў патрэбны спецыяльны дазвол улады. Існавала таксама нармаванае карыстанне электрычнасцю (лямпачка не больш за 40 Вт, забарона карыстацца электрапрыборамі) плюс высокія тарыфы на электраэнергію. У выніку не ўсе ахвотныя маглі карыстацца электраэнергіяй легальна, што выклікала злоўжыванні. 13.12.1941 г. бургамістр Бабруйска разгледзеў следчыя матэрыялы на Ўладзіміра і Марыю П. (сына і маці), якіх абвінавачвалі ў самавольным падключэнні да электрасеткі. Высветлілася, што яны ўключалі лямпачкі ў апламбаваныя патроны, нацкоўвалі сабаку на кантралёра электрасеткі. Уладзімір П. не толькі самавольна падключаўся да электракабелю (для чаго выкарыстоўваў англійскія шпількі), але падключаў і сваіх суседзяў, бо меў спецыяльныя „кіпцюры” і мог залезці на слуп. У выніку сям’я была пазбаўлена права карыстацца электраэнергіяй і аштрафавана на 600 руб.[86].

Пад час баявых дзеянняў на руках у насельніцтва з’явілася пэўная колькасць зброі. Нашэнне зброі мясцовым насельніцтвам (за выключэннем паліцыі) дапускалася толькі ў выключных выпадках і толькі з дазволу гебітскамісара (падстава — распараджэнне А. Розенберга ад 12.06.1942 г. І Г. Лозэ ад 16.10.1942 г.)[87]. Адносна ўсіх астатніх захоўванне зброі грамадзянскім насельніцтвам разглядалася нямецкімі ўладамі як цяжкае злачынства, за што абяцалася жорсткае пакаранне. Тым не менш, мела месца не толькі захоўванне зброі, але і яе выкарыстанне, прычым не толькі для барацьбы з акупантамі. Напрыклад, у верасні 1941 г. камендантам пастарунка паліцыі ў вёсцы Пераброддзе Браслаўскага раёна быў арыштаваны грамадзянін П. Са справаздачы каменданта вынікала, што арыштаваны абвінавачваўся ў страляніне. Каля 24.00 камендант пачуў стрэлы ў суседняй вёсцы, але не рызыкнуў накіравацца туды, і толькі раніцай арыштаваў там П. Пад час допыту высветлілася, што кампанія мужчын пад уздзеяннем спіртных напояў пачала страляніну з вінтоўкі, якая належыла П., зрабіўшы каля 20 стрэлаў. Іншыя арыштаваныя па гэтай справе паказалі, што ў вёсцы ёсць і іншая зброя. П. заявіў, што вінтоўку ён быццам бы знайшоў у лазні, дзе яны гналі самагон[88].

Частка злачынстваў раскрывалася дзякуючы заявам грамадзян. Сярод суседзяў, што доўгі час жылі побач, цяжка было захаваць таямніцу аб чым-небудзь. Грамадзяне маглі бачыць у суседзяў рэчы, нарабаваныя на дзяржаўных складах і ў крамах, свойскую жывёлу, якая раптоўна з’явілася, ці пазнаць свае рэчы, якімі карысталіся іншыя асобы, і паведамлялі пра гэта ў беларускую паліцыю ці нямецкія сілавыя структуры. Падобныя заявы грамадзян сярод комплексу крыніц акупацыйнага перыяду сустракаюцца досыць рэгулярна.

Абвінавачванне ў злачынствах магло служыць сродкам для помсты за крыўды паміж грамадзянамі. У якасці ілюстрацыі можна прывесці шэраг выпадкаў з жыцця жыхароў Барысава. Так, 23.07.1942 г. у паліцыю трапіла заява, падпісаная трыма грамадзянамі, якія даносілі на свайго суседа Браніслава Я. Заяўнікі абвінавачвалі маладога чалавека ў тым, што ён нідзе не працуе, займаецца спекуляцыяй, у выпадку пагрозы адпраўкі ў Нямеччыну абяцаў пайсці ў лес да партызанаў. Таксама ён быццам бы негатыўна характарызаваў акупацыйныя ўлады, казаў, што не будзе працаваць за 250 г. хлеба, бо „гэта не жыццё”. Прыводзіліся прыклады яго выказванняў, якія крытыкавалі новы парадак: „Мой бацька вось знаходзіцца ў заключэнні, высланы пры бальшавіках, і то жыве лепш, чым мы, народ, вызвалены Гітлерам ад бальшавізму (ад Сталіна). Браніслаў кажа, што пры бальшавіках хочаш працуй, хочаш не, хлеба дастаткова было, не тое што цяпер. Нічога не даюць, галодны, а працаваць як раб”. Напрыканцы грамадзяне выказвалі спадзяванне, што ўлады прымуць меры адносна „шкоднікаў”.

Начальнік паліцыі загадаў участковаму правесці дазнанне, у ходзе якога былі дапрошаны асобы, чые подпісы фігуравалі ў даносе, прычым апошнія адмаўлялі сваё аўтарства. У выніку пастанавілі справу спыніць, бо віна Я. не была даказана. Дадзены дакумент цікавы тым, што заяўнікі выкарыстоўвалі ў даносе важкія аргументы, прыводзілі як доказ віны тыповыя для таго часу злачынствы, на якія ўлады павінны былі абавязкова адрэагаваць[89]. 8.08.1941 г. у барысаўскую паліцыю трапіла заява грамадзянкі О., якая абвінавачвала свайго суседа В. у тым, што ён на момант прыходу нямецкіх войскаў адрываў дошкі ад агароджы парку, прычым рабіў гэта насупраць не свайго дома, а яе. На думку грамадзянкі, гэта рабілася свядома, каб навесці на яе падазрэнне ў крадзяжы[90].

Восенню таго ж года ў паліцыю паступіла заява жыхаркі Барысава Г., якая абвінавачвала сваіх суседзяў (дзве сям’і) у тым, што яны разбіралі будынак склада, расцягнулі некалькі кубаметраў дошак і бярвення: „У іх не было ніводнай палкі дроваў, а цяпер ляжыць па некалькі метраў дроваў. Мабыць, яны будуць апраўдвацца тым, што купілі дровы, але гэта няпраўда, мы добра ведаем, што ў іх не было дроваў, а яны цягалі са склада. І прашу праверыць гэтых”[91]. Акрамя банальнай зайздрасці і 88звядзення асабістых рахункаў падобныя даносы можна інтэрпрэтаваць і наступным чынам. У любым грамадстве заўсёды знойдуцца законапаслухмяныя грамадзяне, якія будуць паведамляць уладзе, нават варожай, пра любыя супрацьпраўныя дзеянні.

Такім чынам, пад час нацысцкай акупацыі на Беларусі назіраўся рост злачыннасці, выкліканы ў многім эканамічнымі абставінамі (нездарма сярод злачынстваў лідзіравалі эканамічныя), а таксама цяжкай спадчынай савецкага часу. Парушэнне законаў для пэўнай часткі грамадства было часткай стратэгіі выжывання ў экстрэмальнай сітуацыі. Нямецкія і калабарацыйныя ўлады ўжо з першых месяцаў акупацыі вымушаны былі весці няспынную барацьбу са злачыннасцю, але пагроза пакарання, як правіла, не магла спыніць яе. Часта ў супрацьпраўных дзеяннях былі замешаны супрацоўнікі калабарацыйнай адміністрацыі, прычым відавочная тэндэнцыя, калі іх кіраўніцтва выносіла ім адносна мяккія пакаранні.


[1] Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, ф. 1344, воп. 1, спр. 3,арк. 1.
[2] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2155, воп. 1, спр. 4,арк. 56.
[3] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 5, арк. 168.
[4] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр.15, арк. 48.
[5] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2848, воп. 1, спр. 167,арк. 1—25.
[6] Тамсама, ф. 2155, воп. 2, спр. 1, арк. 1-176; ф. 2155, воп. 2,спр. 2, арк. 1—43; ф. 2155, воп. 1, спр. 12, арк. 1—40.
[7] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 3, арк. 29-33, 40, 41, 43; ф. 2155,воп. 1, спр. 5, арк. 269, 304, 315, 316, 331, 332, 342-344.
[8] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 9, арк. 3.
[9] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 17, арк. 3.
[10] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 2, арк. 6, 7.
[11] Тамсама, ф. 2848, воп. 1, спр. 59, арк. 44.
[12] Тамсама, ф. 2073, воп. 8, спр. 486, арк. 1.
[13] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр. 2, арк. 1.
[14] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 29, арк. 13.
[15] Тамсама, ф. 259, воп. 1, спр. 40, арк. 20.
[16] Тамсама, ф. 257, воп. 1, спр. 1-679.
[17] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 17, арк. 121.
[18] Тамсама, арк. 123.
[19] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 29, арк. 67, 68.
[20] Тамсама, ф. 858, воп. 1, спр. 96, арк. 2, 17-20.
[21] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 624, воп. 1, спр. 8, арк. 9.
[22] Тамсама, ф. 1039, воп. 1, спр. 189, арк. 1-163.
[23] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 858, воп. 1, спр. 96,арк. 7.
[24] Тамсама, ф. 260, воп. 1, спр. 17, арк. 47.
[25] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2155, воп. 1, спр. 1,арк. 312-313.
[26] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 5, арк. 244.
[27] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 1, 1А, 2, 4, 5, 8; воп. 2, спр. 1.
[28] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 4, арк. 172.
[29] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 5, арк. 168.
[30] Тамсама, арк. 244.
[31] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 20, арк. 1-20.
[32] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 12, арк. 1-13.
[33] Тамсама, ф. 2088, воп. 1, спр. 25, арк. 15-17.
[34] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 10, арк. 1-5.
[35] Тамсама, ф. 2074, воп. 3, спр. 18, арк. 54.
[36] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр.52, арк. 25.
[37] Тамсама, ф. 259, воп. 1, спр. 49, арк. 43.
[38] Тамсама.
[39] Тамсама, ф. 1039, воп. 1, спр. 81, арк. 162.
[40] Тамсама, ф. 845, воп. 1, спр. 9, арк. 128.
[41] Тамсама, ф. 845, воп. 1, спр. 9, арк. 127.
[42] Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, ф. 1344, воп. 1, спр. 3,арк. 3.
[43] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2841, воп. 1, спр. 19,арк. 10.
[44] Тамсама, ф.2843, воп.1, спр.19, арк.16.
[45] Тамсама, ф. 2830, воп. 1, спр. 1, арк. 67.
[46] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 20, арк. 2-13.
[47] Тамсама, ф. 2092, воп. 1, спр. 41, арк. 5.
[48] Тамсама, ф. 2830, воп. 1, спр. 1, арк. 9.
[49] Тамсама, ф. 2843, воп.1, спр. 19 арк.1, 2.
[50] Тамсама, ф. 2843, воп.1, спр.17, арк.1.
[51] Тамсама, ф. 2843, воп.1, спр.19, арк.14.
[52] Тамсама, ф. 2074, воп. 2, спр. 2, арк. 52.
[53] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 2, арк.8.
[54] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2074, воп. 3, спр. 18,арк. 23.
[55] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 19-20.
[56] Тамсама, ф. 2116, воп. 1, спр. 1, арк. 241.
[57] К’яры Б. Штодзённасць за лініяй фронту: акупацыя,калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941—1944 г.). Мінск,2005. С. 191-200.
[58] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 3, арк. 24.
[59] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2074, воп. 2, спр. 2,арк. 51.
[60] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 9, арк.2-55, 83.
[61] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2116, воп. 1, спр. 1, арк. 48.
[62] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 624, воп. 1, спр. 8, арк. 289.
[63] Тамсама, ф. 624, воп. 1, спр. 4, арк. 4адв.
[64] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2088, воп. 1, спр. 76,арк. 74.
[65] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 259, воп. 1, спр. 40, арк. 22.
[66] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2091, воп. 1, спр. 6,арк. 1-39.
[67] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 858, воп. 1, спр.104, арк. 3-5.
[68] Тамсама, ф. 858, воп. 1, спр. 44, арк. 39.
[69] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2091, воп. 1, спр. 3,арк. 1-28.
[70] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 260, воп. 1, спр. 60, арк. 32.
[71] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 8.
[72] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 15.
[73] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 23.
[74] Тамсама, ф. 2113, воп. 1, спр. 1, арк. 31.
[75] Тамсама, ф. 2092, воп. 1, спр. 95, арк. 9, 16.
[76] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 3, арк. 75.
[77] Тамсама, ф. 635, воп. 1, спр. 3, арк. 123.
[78] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2091, воп. 1, спр. 9,арк. 1—9.
[79] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 8, арк. 10-12.
[80] Тамсама, ф. 2091, воп. 1, спр. 22, арк. 19-20.
[81] Тамсама, ф. 2155, воп. 1, спр. 6, арк. 16.
[82] Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, ф. 1326, воп. 1, спр.14, арк. 30.
[83] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2088, воп. 1, спр. 62,арк. 8.
[84] Гребень Е.А. Предпринимательская деятельность жителей г. Витебска в период немецкой оккупации (1941—1943 г.) // Vesture: avoti un cilveki. Proceedings of the 17th International Scientific. Readings of the Faculty of Humanities. History XI. Daugavpils: Saule, 2009. С. 108-115.
[85] Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці, ф. 858, воп. 1, спр.97, арк. 7-11.
[86] Тамсама, ф. 858, воп. 1, спр. 2, арк. 49.
[87] Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, ф. 2849, воп. 1, спр. 2,арк. 55.
[88] Тамсама, ф. 2847, воп. 1, спр. 10, арк. 2-9.
[89] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 635, воп. 1, спр. 24,арк. 376-381.
[90] Тамсама, ф. 635, воп. 1, спр. 6, арк. 1.
[91] Тамсама, ф. 635, воп. 1, спр. 6, арк. 76.

Наверх

Tags: ,