Конрад Бабятыньскі. Стары i Новы Быхаў у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654—1655)
Стары і Новы Быхаў, два гарады на Дняпры, адыгралі значную ролю ў ваенных падзеях першага этапу вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1654—1655 г. Аблогі абодвух як маскоўска–казацкімі войскамі, так і арміяй ВКЛ, істотна паўплывалі на фармаванне сітуацыі ва ўсходнім ваенным тэатры ды на палітычныя рашэнні, датычныя перадусім стасункаў Рэчы Паспалітай з казакамі і планаў падпарадкавання Хмяльніцкаму Паўднёвай Беларусі.
З абодвух пунктаў вырашальнае значэнне меў Стары Быхаў. З 1542 да 1625 г. горад належаў аднаму з наймагутнейшых магнацкіх родаў — Хадкевічам. Падмуркам яго развіцця стаў прывілей 1590 г., дадзены Жыгімонтам III Вазам тагачаснаму ўладару, у будучыні вялікаму гетману літоўскаму Яну Каралю Хадкевічу. Кароль дазваляў будаваць у горадзе каменныя фартыфікацыі вакол замка. Хадкевіч распачаў працу з шырокім размахам (асабліва інтэнсіўна ў 1610—1619 г.), аднак завершана прадпрыемства было толькі наступнымі ўладарамі горада.
Пасля смерці гетмана і шматлікіх спрэчак паміж спадкаемцамі паводле пагаднення 1625 г. горад перайшоў у рукі яго зяця, вялікага маршалка літоўскага Яна Станіслава Сапегі. Сапегі зрабілі Стары Быхаў цэнтрам сваіх велізарных надняпроўскіх уладанняў і ўклалі вялікія грошы, каб мадэрнізаваць фартыфікацыі. У сярэдзіне XVII ст. горад лічыўся адным з найлепш умацаваных у Вялікім Княстве Літоўскім, а з прыватных цвердзяў з ім мог раўняцца толькі радзівілаўскі Слуцк[1]. Вялікая заслуга ў гэтым належала Казіміру Лявону Сапегу, малодшаму брату і дзедзічу Яна Станіслава. Ён займаў пасаду падканцлера літоўскага (1654), лічыўся адным з найбольш уплывовых і багатых літоўскіх магнатаў. Вялізныя прыбыткі са шматлікіх уладанняў дазволілі Сапегу не толькі абнесці Стары Быхаў найноўшымі на той час умацаваннямі, але і трымаць яго пад абаронай шматлікіх прыватных фармаванняў, большасць якіх у бойках 1654—1655 г. увайшла ў склад гарнізона надняпроўскай фартэцыі[2].
Напярэдадні вайны з Масквой у Старым Быхаве налічвалася каля 2000 дымоў, больш за 10 000 жыхароў, большую частку з якіх складала габрэйства[3]. Гэта ўводзіла яго ў дзесятак найбуйных цэнтраў ВКЛ. Горад займаў параўнальна невялікую плошчу, меў форму паўкруга з дыяметрам каля 800 м[4]. Цэнтральным пунктам быў вялізны рынак. Сканцэнтраванасць забудоў на даволі малой плошчы значна спрыяла паспяховай абароне. Даўжыня ўмацаванняў была мінімальнай, таму патрабавала меншай колькасці людзей, каб іх ахоўваць, а значная частка гарнізона магла заставацца ў рэзерве і браць удзел толькі ў наступальных дзеяннях (вылазкі). Шчыльная забудова палягчала і абарону пасля магчымага фарсавання ворагам і дазваляла зладзіць арганізаванае адступленне ў замак. У горадзе былі ўзведзены дзве ўмацаваныя будыніны, што маглі быць самастойнымі пунктамі супраціву: мураваны касцёл у паўднёвых кварталах і сінагога на поўначы, абнесеная больш чым двухметровым мурам з вежамі. Астатнія будынкі Старога Быхава былі драўляныя і пад час аблогаў звычайна згаралі пад артылерыйскім абстрэлам.
Вакол горада ўздымаліся фартыфікацыі, мадэрнізаваныя Сапегамі ў 20–я г. XVII ст. паводле старадаўняй галандскай сістэмы. Перадусім гэта быў магутны зямельны вал (7—8 м у вышыню і 30 м у аснове), узмоцнены 5 бастыёнамі і 6 равелінамі. У Быхаў вялі тры добра ўмацаваныя каменныя брамы (па 2 ярусы ды 7—8 байніцаў кожная). Першая, Падольная (Дольная), выходзіла на бераг Дняпра, другая — Магілёўская, на поўнач; трэцяя — Рагачоўская (Навабыхаўская), у паўднёвы бок. Перад валам быў выкапаны глыбокі (7—8 м) і шырокі (да 50 м) абарончы роў, праз які перакідваліся два масты: да Магілеўскай ды Рагачоўскай брамаў.
Невялікі каменны замак ва ўсходняй частцы горада меў у плане прастакутнік 77×100 м. Абнесены земляным валам з бастыёнамі, на захадзе, поўначы і поўдні ён бараніўся яшчэ і равамі (некалькі метраў у глыбіню, 22—27 м у шырыню). З захаду ў замак вёў пад’ёмны мост.
Непрыступнасць Старога Быхава падвышала размяшчэнне на стромым беразе Дняпра, край якога праходзіў каля ўсходняй сцяны ўмацаванняў. З гэтага боку ў Днепр таксама ўпадала невялікая забалочаная рэчка Макранка. Таму спробы штурмаваць горад з усходняга кірунку не мелі шанцаў, а аблогу можна было весці толькі з захаду, поўначы ці поўдня[5].
Найноўшыя фартыфікацыі, якія абараняліся моцнай артылерыяй ды шматлікімі дасканала забяспечанымі жаўнерамі, рабілі са Старога Быхава наймацнейшы пункт літоўскай абароны ўздоўж Дняпра. Узяцце горада вымагала старанных і працяглых абложных дзеянняў, са шматлікімі аддзеламі пяхоты і цяжкай артылерыі. Значна меней шанцаў на стрыманне войскаў праціўніка мелі іншыя гарады на найбольшай з беларускіх рэк: Дуброўна, Ворша, Копысь, Шклоў, Магілёў, урэшце, той жа Новы Быхаў.
Новы Быхаў, размешчаны прыблізна за 20 кіламетраў на поўдзень ад Старога, істотна розніўся ад таго як велічынёй, так і гаспадарча–ваеннай значнасцю. У XVII ст. у ім было блізу 2000 жыхароў[6]. Горад належаў сям’і Слушкаў. У разгляданы перыяд найбольш значным яе прадстаўніком быў Жыгімонт Адам, надворны харужы літоўскі з 1649 г.[7]. Горад і замак мелі трывалыя, хоць дзесьці ўжо і састарэлыя драўляна–зямельныя ўмацаванні, з прастакутнікам 560Ч370 м у плане. Як і Стары, Новы Быхаў быў размешчаны на высокім дняпроўскім беразе[8]. Дэталі фартыфікацыі горада апісаў удзельнік яго аблогі ў студзені — лютым 1655 г., канюшы літоўскі Багуслаў Радзівіл: „Z jednej strony, z której szerokie w równinie rozciągają się pola, było wałem opasane, drugą stronę rzeka Dniepr płynąca, także mocne sztakiety, palisady i grube dęby broniły [З аднаго боку, з якога шырока ў раўніну цягнуцца палі, было аперазана валам, другі бок баранілі плынная рака Днепр, а яшчэ моцныя штыкеты, частаколы і таўстыя дубы]“[9]. Для паспяховай абароны горада яго неабходна было ўкамплектаваць шматлікай пяхотай і моцнай артылерыяй. Нажаль, Слушкі, хоць і належалі да найбуйнейшых землеўласнікаў Паўднёвай Беларусі, былі не ў стане забяспечыць належныя сілы для абароны сваёй маёмасці. Абмежаваная ў грашовых сродках, у 1654 г. сям’я не наняла ніводнага прыватнага аддзела. Калі выявілася, што ў Новы Быхаў не будуць скіраваны кампутовыя войскі, яго абаронцамі зрабіліся, апрача мяшчан, толькі навакольная шляхта ды сяляне. Гэта цалкам пазбаўляла мажлівасці наладзіць які–ніякі супраціў захопнікам.
Як Стары, так і Новы Быхаў апынуліся пад час летняй кампаніі 1654 г. у зоне дзеяння казацкага корпуса на чале з нежынскім палкоўнікам Іванам Залатарэнкам, наказным гетманам. Заангажаванасць казакоў у бойках на Беларусі сталася вынікам пераяслаўскай уніі. Пад час перамоваў у Маскве ў сакавіку — красавіку пасольства на чале з генеральным запарожскім суддзём Самойлам Зарудным і пераяслаўскім палкоўнікам Паўлам Цяцерам заручылася канкрэтнай пастановай. 6 красавіка цар Аляксей Міхайлавіч прыслаў Хмяльніцкаму ўказанне, каб той скіраваў у дапамогу маскоўскім войскам пад Смаленск 18 000 чалавек[10]. Урэшце на ВКЛ вырушылі два палкі — нежынскі ды чарнігаўскі, разам са шматлікімі валюнтарыюшамі. На чале гэтых сілаў стаяў швагер Хмяльніцкага, нежынскі палкоўнік Іван Залатарэнка. У чэрвені 1654 г. у абозе пад Ноўгарадам–Северскім сабралася, як даносіў царскі пасланец Цімафей Спасіцелеў, больш за 20 000 жаўнераў[11].
Корпус Залатарэнкі ўвайшоў на тэрыторыю ВКЛ у другой палове чэрвеня. Не зважаючы на шматлікія лісты Аляксея Міхайлавіча з патрабаваннямі ісці да галоўнай маскоўскай арміі пад Вязьму ды Смаленск, казакі скіраваліся пад Гомель — найбольшую цвердзь Паўднёвай Беларусі. Хмяльніцкі прызначыў швагру заняць як мага больш абшараў ВКЛ, каб далучыць іх пасля да Ўкраіны. Таму Залатарэнка адмовіўся злучыцца з галоўнай маскоўскай арміяй, а да галоўнага царскага абозу пад Смаленскам выслаў у жніўні толькі каля 1000 чалавек пад камандай свайго брата Васіля[12].
Сам наказны гетман з большасцю войска засяродзіўся на аблозе Гомеля. Задача была няпростая, бо горад меў трывалыя фартыфікацыі і моцны гарнізон з кампутамі нямецкай ды польскай пяхоты (каля 600 жаўнераў) і мясцовай шляхты[13]. Кіраваў гарнізонам берасцейскі земскі суддзя Станіслаў Казімір Бабраўніцкі. Ліцвіны ўчынілі захопнікам моцны супраціў, затрымалі казакоў пад Гомелем на доўгія шэсць тыдняў. Пад час упартых боек абодва бакі панеслі значныя страты, сярод забітых апынуўся і намеснік Залатарэнкі, чарнігаўскі палкоўнік Сцяпан Падабайла.
Пры аблозе Гомеля казакі ладзілі шматлікія кавалерыйскія набегі з абодвух берагоў Дняпра далёка ўглыб ВКЛ. З ліста Залатарэнкі да цара ад 25 ліпеня бачым, што яго падначаленыя ўжо захапілі Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Горваль і Рагачоў[14]. Тыднем раней, 17 ліпеня, нейкія казацкія фармаванні разбілі ў раёне Мазыра полк Шымона Паўшы колькасцю ў 5 лёгкіх і татарскіх харугваў ды 100 драгунаў, які бараніў межы ВКЛ з поўдня[15]. Калі ўрэшце 23 жніўня згаладалы, пазбаўлены надзеі на дапамогу гарнізон Гомеля капітуляваў, увесь корпус змог вырушыць на поўнач. Пасля ўзяцця Чачэрска казакі распачалі кампанію супраць Новага Быхава. Як бачна з ліста Залатарэнкі ў царскую канцылярыю ад 8 верасня, гэты горад, як і Прапойск, не здзейсніў казакам ніякага супраціву. Жыхары з уласнай волі самачынна расчынілі брамы, а пасля склалі Спасіцелеву — той увесь час суправаджаў нежынскага палкоўніка — прысягу на вернасць цару[16]. Паколькі гэты ліст пісаўся ўжо з абозу пад Старым Быхавам, а 4 верасня казакі былі яшчэ пад Чачэрскам, падзея, падобна, адбылася дзесьці 6 верасня.
Цяпер Іван Залатарэнка засяродзіў усе высілкі, каб прымусіць да капітуляцыі абаронцаў Старога Быхава. Узяцце гэткай магутнай цвердзі стала б грандыёзным і славутым дасягненнем, пацвярджэннем папярэдніх здабычаў. Стары Быхаў, разам з Гомелем, бачыўся нежынскаму палкоўніку цэнтрам казацкай Беларусі, падпарадкаванай Хмяльніцкаму. Але спачатку трэба было спыніць супраціў гарадскога гарнізона.
Казімір Лявон Сапега перад аблогай прыклаў усе намаганні, каб належна падрыхтаваць сваю найбуйнейшую цвердзь да абароны. Пасля звестак аб пераходзе ў канцы траўня — пачатку чэрвеня маскоўскімі войскамі мяжы Рэчы Паспалітай ён урухоміў свой вялізны запас гатоўкі і распачаў найм жаўнераў. Яшчэ пад час нарадаў надзвычайнага сойму, перад 13 ліпеня, Сапега пакінуў Варшаву ды скіраваўся ў Літву, каб асабіста сачыць за падрыхтоўкай[17]. У Старым Быхаве на той час знаходзіўся яго верны слуга Канстанцін Багушэвіч, які энергічна ладзіў абарону. Тэрмінова рамантавалі фартыфікацыі, узмацнялі вал і бастыёны, звозілі запасы ладунку, харчу і фуражу. Да горада сцягваліся будучыя абаронцы. Як паведамляў Багушэвіч у вялікім лісце да падканцлера ад 13 ліпеня, у горадзе знаходзілася ажно 3000 баяздольных людзей, зарганізаваных у 21 харугву. За рэгіментара абралі Крыштафа Пагірскага. Апрача быхаўскіх мяшчан, да абароны ў вялікай колькасці далучылася навакольная шляхта, а таксама сяляне сапегавых уладанняў, перадусім з Талачына і Бялынічаў. Увесь час неставала толькі прафесійных жаўнераў, прыслання якіх дамагаўся Багушэвіч[18].
Рэгіменты нямецкай пяхоты і драгунаў дабраліся да горада толькі перад пачаткам аблогі. З сапегавых афіцэраў улетку 1654 г. у цвердзь мусіў прыбыць драгунскі капітан Ян Кругер[19]. Як паказвалі палонныя, захопленыя маскоўцамі напрыканцы снежня 1654 г., Стары Быхаў баранілі ў другой палове 1654 г. 2000 мяшчан, 600 наёмных жаўнераў, 200 гайдукоў, 100 драгунаў, каля 300 чалавек шляхты (перадусім уцекачоў з рэчыцкага павету), а таксама не менш за 1000 габрэяў. Усяго ў горадзе закрылася 10 000 чалавек[20]. Лічба ў 4200 абаронцаў відавочна завышана, што, аднак, сведчыць пра моц, надаваную гарадскому гарнізону. Як бачна з той жа рэляцыі, у Старым Быхаве было запасаў мукі на год, а солі і надаўжэй. Больш рэальнымі падаюцца звесткі з паказанняў іншага гараджаніна, узятага ў канцы 1654 г. Паводле яго слоў, горад мусілі бараніць 4 наёмныя харугвы, 100 драгунаў, 17 сотняў мяшчан ды шматлікія сяляне — усяго разам не больш за 3000 чалавек[21]. Што да гарадской артылерыі, няма звестак пра яе колькасць на пачатку вайны. У ліпені 1655 г. яна налічвала 4 цяжкія і 26 палявых гармат, чаго цалкам ставала для дзейснай абароны[22].
Іван Залатарэнка, калі прымаў рашэнне весці аблогу, разумеў, колькі высілкаў і ахвяр яна будзе каштаваць корпусу. У лісце да цара ад 8 верасня, першым пасля прыбыцця да Старога Быхава, ён кажа пра моцны гарнізон, што не хоча браць верхавенства Масквы і збіраецца ўчыніць казакам моцны супраціў[23]. Наказны гетман усведамляў, што яго жаўнеры не маюць дастатковага досведу абложных дзеянняў і ніколі не бралі гэткай трывалай фартэцыі. Казакі не маглі спадзявацца на дастатковую падтрымку ўласнай артылерыі. Яшчэ ў абозе пад Ноўгарадам–Северскім было толькі 7 „пушак“, а разам з гарматамі, захопленымі вераснем y Гомелі ды Чачэрску, было не больш за 30 гармат, падобна, невялікага калібру[24]. Гэтага відавочна замала, каб стварыць пралом у найноўшых зямельных фартыфікацыях бастыёнавага тыпу. Таму Залатарэнка вельмі хутка адмовіўся ад плана здабыць горад генеральным штурмам ды абмежаваўся лакальнымі нападамі і блакадай.
Разлік быў не на згаладаласць гарнізона, а хутчэй на добраахвотную капітуляцыю абаронцаў, пазбаўленых надзеі на дапамогу. Сапраўды, у першыя дні верасня 1654 г. было цяжка чакаць, што Стары Быхаў атрымае знешнюю падтрымку. 24 жніўня пад Шапялевічамі армія ВКЛ пацярпела цяжкую паразу ў сутыкненні з корпусам Аляксея Трубяцкога і, разбітая, адышла за Бярэзіну. На працягу ўсяго верасня і часткі кастрычніка вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл перагрупоўваў у Менску сілы ў чаканні кароннага падмацавання і новых наймітаў ВКЛ. Тым часам у маскоўскія рукі пераходзілі новыя цвердзі Ўсходняй Беларусі. 29 верасня капітуляваў, пасля амаль трохмесячнай абароны, Смаленск, здабычу якога цар вызначыў сваім войскам за галоўную мэту ў летнюю кампанію 1654 г. З чэрвеня да кастрычніка былі страчаны Полацак, Мсціслаўе, Ворша, Шклоў, Дуброўна, а таксама некалькі сапегавых гарадоў — Горы, Іказнь, Друя. Акрамя Старога Быхава, з буйных цвердзяў у другой палове кастрычніка супраціў нашэсцю чыніў толькі Віцебск.
Нягледзячы ні на што, абаронцы не хацелі паўтараць лёс іншых літоўскіх гарадоў і капітуляваць не збіраліся. Больш за тое, апрача абароны, яны распачалі шматлікія вылазкі ў стан Залатарэнкі, неслі казакам адчувальныя страты. Аб ходзе і выніках адной з такіх вылазак 2 кастрычніка вядзецца ў паказаннях Лаўрына Шылы, казака нежынскага палка. Менш чым праз тыдзень ён трапіў у палон да войска ВКЛ у Вяляцічах каля Барысава.
Як вынікае з рэляцыі Шылы, казакі стаялі пад цвердзю чатырма табарамі. З поўначы, каля Магілёўскай брамы, размяшчаўся чарнігаўскі полк, узначалены пасля смерці Падабайлы зводным братам Залатарэнкі Цімафеем Анікенкам. З поўдня, за Навабыхаўскай брамай, трымаў пазіцыі створаны на пачатку вайны старадубскі полк пад камандай Пятра Забелы. І, урэшце, у надняпроўскіх сенажацях размясціўся нежынскі полк, якім кіраваў палкоўнік Кабыляцкі — замест Залатарэнкі, што скіраваў свой табар на левы бераг ракі.
Спачатку ліцвіны напалі на шанцы падначаленых Анікенкі і прымусілі тых вярнуцца ў табар. Пасля заатакавалі з Ніжняй брамы, пасеклі аддзелы непрыяцеля над Дняпром, здабылі тры гарматы. Казакі распачалі панічныя ўцёкі праз раку „i wiele ich potonęło, drudzy do Zołotarenkowego uszli taboru, a nasi wyrabowawszy ich, tabor spalili i cało do miasta uszli [і шмат іх патанула, іншыя сышлі ў табар Залатарэнкі, а нашы іх вырабавалі, табар спалілі і разам сышлі ў горад]“. Уражанне ад той сутычкі ў казацкім абозе было такое моцнае, што ў наступныя дні Залатарэнка не адважваўся высылаць свае аддзелы на ўсходні край умацаванняў. Жыхары маглі спакойна пасвіць на лугах быдла і коні, быў адчынены доступ да вады. Калі казакі спрабавалі вярнуцца на сенажаці, гарнізон адганяў іх агнём рушніц ды гакаўніц[25]. Пагалоска пра поспех 2 кастрычніка шырокім рэхам адбілася ў рэляцыях тых дзён. Пра яго пісаў 13 кастрычніка палкоўнік валюнтарыюшаў Самуэль Аскерка ў лісце з Бабруйска да Багуслава Радзівіла: „w piątek ten dwie niedziele będzie, jako im tabor jeden wypadłszy z Bychowa, znieśli [у гэтую пятніцу будзе два тыдні, як набеглі з Быхава ды знеслі ім адзін табар]“[26].
У сярэдзіне кастрычніка агульны стан старабыхаўскага гарнізона значна палепшыўся. З набліжэннем зімовай пары маскоўская армія спыніла наступальныя дзеянні. Палявыя кантынгенты збольшага адышлі на зімовыя кватэры далёка на ўсход, а на абшарах ВКЛ засталіся толькі гарнізоны ў акупаваных гарадах. За Бярэзінай канчалася сканцэнтраванне арміі Януша Радзівіла, якая разам з падмацавальным каронным корпусам і выстаўленым паветавым кантынгентам мела каля 18 000 жаўнераў[27]. У абоз прыбыў і прыватны полк Сапегаў. Апрача аддзелаў „агністага люду“, якія ўжо падтрымалі гарнізон Старога Быхава, падканцлер увосень 1654 г. выставіў таксама некалькі харугваў конніцы ды драгунскі рэгімент (каля 300 чалавек) пад началам Вільгельма фон Клята[28]. Разумеючы, што гэткія сілы не ў стане ўчыніць самастойны супраціў Залатарэнку, Сапега наважыўся аддаць іх пад каманду Януша Радзівіла. Таго з літоўскім ваяводам здаўна размяжоўвалі шматлікія канфлікты, як амбітныя (спрэчка пра вялікую літоўскую булаву), так і маёмасныя (спадчына Дарагастайскіх), аднак цяпер, дзеля вышэйшых інтарэсаў, Сапега вырашыў закапаць „сякеру вайны“ і распачаць супрацу. Да гэткага кроку яго схіляў і кароль, які яшчэ ў жніўні хацеў, каб падканцлер падтрымаў сваімі харугвамі кампутовае войска[29]. У лістападзе полк Сапегаў быў ужо пад Менскам, а асабісты кантроль над ім здзяйсняў кузен падканцлера, палявы пісар Аляксандр Гіляры Палубінскі[30] — паколькі ў абоз не прыбыў вядомы сваёй нянавісцю да вялікага гетмана віцебскі ваявода Павал Ян Сапега, што звычайна камандаваў харугвамі роду ва ўкраінскіх кампаніях[31].
Нажаль, спрэчка паміж гетманамі (палявым быў Вінцэнт Гасеўскі), што была паходняй абвостранай барацьбы двара з апазіцыяй, дадалася да скарбовых праблемаў ды прымусіла войскі Рэчы Паспалітай бяздзейна марнаваць час пад Менскам. Таму і не было падтрымкі гарадам у іх доўгай абароне: урэшце капітулявала Дуброўна — 22 кастрычніка, Віцебск — 2 снежня… На Бярэзіне дзеянні вяліся крыху актыўней: у першай палове кастрычніка наступленне на левым беразе распачала групоўка ўжо згаданага мазырскага земскага суддзі Самуэля Аскеркі. Пасля пераправы цераз раку ліцвіны разбілі некалькі казацкіх аддзелаў. 8 кастрычніка перамаглі праціўніка пад Клічавам, а праз некалькі дзён у вёсцы Рыні пад Барысавам знішчылі моцны табар, у якім замкнуўся мазырскі сотнік Аксен Змалевіч. У той бойцы загінула ажно 900 казакоў[32]. 13 кастрычніка Аскерка ўвайшоў у Бабруйск, а ў ноч з 15 на 16 кастрычніка выгнаў казакоў з Бялынічаў, мястэчка на паўночным захадзе, менш за 50 кіламетраў ад Старога Быхава. Дасягненні літоўскіх аддзелаў выклікалі паніку ў занятых маскоўцамі надняпроўскіх гарадах (перадусім Магілёве), а таксама моцную занепакоенасць у корпусе Залатарэнкі. У лісце да цара ад 22 кастрычніка нежынскі палкоўнік выказваў сур’ёзную трывогу пра далейшы лёс аблогі, прасіў даслаць неабходныя для штурмавання гарматы, порах ды кулі, а яшчэ пад Стары Быхаў кантынгент брата Васіля, які тым часам стаяў пад Віцебскам[33].
Аскерка спыніў, аднак, марш на ўсход, а пад канец месяца адступіў да Бярэзіны. Ніводны з кампутоў, што працягвалі стаяць пад Менскам, не падтрымаў яго дзеянняў. Аж да сярэдзіны снежня там адбываліся нарады скарбовай камісіі, дзе вызначаліся ўмовы далейшай службы войска[34]. Да таго ж, армію ўвесь час раздзіралі ўнутраныя канфлікты, а спрэчка паміж гетманамі то абвастралася, то, праз пасярэдніцтва саноўнікаў, перадусім духоўнага рэферэндарыя Яна Даўгялы Завішы, часова прадухілялася[35]. Тым не менш, ажно да канца снежня літоўская армія не прапанавала канкрэтнай дапамогі Старому Быхаву. Гэта выклікала шматлікія абвінавачванні яе начальнікам, перадусім Янушу Радзівілу, у непрыдатнасці ды свядомым адцягванні наступлення[36].
Аднак гарнізон даў рады і без знешняй падтрымкі ды шчаслівым чынам адбіў усе атакі непрыяцеля. Ужо пад канец кастрычніка Залатарэнка пачаў разумець, што шанцы захапіць горад мізэрныя. Нягледзячы на тое, ён заставаўся пад Быхавам да 26 лістапада — умацоўваў і пашыраў здабычы апошніх месяцаў. Галоўнай мэтай было авалодаць найбольшым і найбагацейшым на той час горадам Усходняй Беларусі — Магілёвам[37]. Аднак палкоўніку давялося мерацца сілай з цвёрдым і небяспечным праціўнікам, шляхцічам пінскага павету Канстанцінам Паклонскім, які на пачатку верасня дамогся прыняцця горадам пратэкцыі цара[38]. Паклонскі планаваў стварыць вакол Магілёва і Старога Быхава аўтаномную дзяржаўку, праўда, з прызнаннем царскага пратэктарату, аднак непадуладную маскоўскаму ваяводу[39]. Гэта, вядома, пярэчыла замыслам Залатарэнкі. Таму ўжо з канца верасня пачаліся сутыкненні паміж фармаваннямі абодвух апанентаў. Братазабойчыя сутычкі цягнуліся да лістапада, было шмат забітых. Барацьбу не спыніла нават асабістае ўмяшанне цара. Адмоўнае стаўленне Аляксея Міхайлавіча да казацкіх планаў авалодаць Магілёвам паўплывала на вырашэнне пытання, Залатарэнка мусіў адступіць[40].
Страціўшы надзею авалодаць Старым Быхавам, з надыходам зімы і перад пагрозай харчовых перабояў ды размяшчэння ў адкрытым полі, наказны гетман вырашыў спыніць аблогу. Адышоў Залатарэнка, аднак, недалёка — абоз перамясціўся за 20 кіламетраў на поўдзень, у Новы Быхаў. Такім чынам, было аспрэчана ўказанне Хмяльніцкага, які загадаў Залатарэнку 1 снежня вярнуцца ва Ўкраіну ды падмацаваць казацкія сілы ў бойках, распачатых у першыя дні лістапада кароннай арміяй, падтрыманай татарамі[41]. Залатарэнка ведаў, што гэтак адмовіцца ад дасягненняў апошніх месяцаў і згубіць мажлівасць далейшых бліскучых поспехаў у 1655 г.
Казакі разумелі, што ім давядзецца прыняць бой супраць войскаў Радзівіла, таму ад пачатку снежня пачалося тэрміновае фартыфікаванне Новага Быхава. Рамантаваліся ўмацаванні, падвышаўся вал, з боку Дняпра ў некалькі шэрагаў былі выстаўлены частаколы ды драўляныя заслоны, умацаваныя зямельнымі прыпорамі. Насыпалі яшчэ 7 бастыёнаў. Як ужо адзначалася, артылерыя казакоў налічвала 30 гармат. Залатарэнка сцягнуў у горад вялікі запас ежы, пораху ды куль — дастатковы, каб вытрымаць шматмесячную аблогу.
Колькасць казацкага корпуса на той час значна паменшылася, у параўнанні з пачаткам кампаніі ў 1654 г. Розныя крыніцы называюць лічбу ад 5000 да 12 000 чалавек[42]. На нашую думку, аддзелы Залатарэнкі налічвалі, як падае Сямён Мартынаў, пасланнік жыхароў Магілёва да цара, каля 8000 жаўнераў[43]. Такім чынам, у папярэдніх бойках корпус Залатарэнкі згубіў больш за палову. Галоўнай прычынай гэткіх высокіх страт былі не баявыя страты, а масавае дэзерцірства сялян, якія ўлетку тысячамі згаджаліся служыць, а цяпер не вытрымлівалі нягодаў шматмесячнай кампаніі, пакідалі шэрагі ды вярталіся да сваіх сядзіб ва Ўкраіне. Да пачатку аблогі ў Новы Быхаў не змог вярнуцца полк Васіля Залатарэнкі, хаця ўжо 7 лістапада цар даў загад, якім адклікаў таго з–пад Віцебска[44]. Не ў стане адолець блакады, Васіль вырушыў пад Старадуб, а да брата далучыўся толькі ў лютым[45].
У канцы снежня 1654 г., пад ціскам з боку двара ды большасці літоўскіх і каронных саноўнікаў, Януш Радзівіл урэшце быў змушаны перамясціць свае фармаванні ў поле. Сам гетман рашуча пярэчыў распачынанню боек гэтай парой года — ён слушна меркаваў, што жаўнер ніяк не падрыхтаваны да цяжкіх кліматычных умоў. Яго непакоіла нястача адпаведнай артылерыі ды слабое забеспячэнне, якія пазбаўлялі надзеі на паспяховую аблогу і адбіццё з маскоўскіх рук найбольш значных гарадоў, перадусім Смаленска. Не зважаючы на ўсё, гетман схіліўся перад настойлівасцю караля і распачаў ваенныя дзеянні.
У авангардзе ўсходняга руху літоўскай арміі выступаў полк Самуэля Аскеркі, колькасць якога маскоўскі бок перабольшваў да 4000 чалавек. Ранкам 28 снежня 1654 г. 10 харугваў мазырскага суддзі ўвайшлі ў Стары Быхаў, гарнізон якога сустрэў іх з захапленнем. Праз тры дні пад фартэцыяй з’явіліся яшчэ пяць конных ды пешых харугваў[46]. Ваколіцы горада знаходзіліся, такім чынам, пад суцэльным кантролем літоўскай арміі, а небяспека казацкага нападу была на два месяцы адхілена[47].
Праз нейкі час другі з загалоўных гарадоў, Новы Быхаў, стаў сведкам найвялікшага сутыкнення абодвух праціўнікаў у баях першай паловы 1655 г. Януш Радзівіл вызначыў узяцце гэтага пункта як найпершую мэту кампаніі, каб „uprzątnąć tę zawadę, która inszym imprezom obiecem ponere mogła [прыбраць тую замінку, якая магла (перашкаджаць. — К.Б.) іншым імпрэзам]“[48]. Верагодны поспех дазволіў бы не толькі выкрасліць з далейшай барацьбы корпус Залатарэнкі, а яшчэ і ўсталяваць аперацыйную супрацу з кароннай арміяй, якая пасля захопу Брацлаўшчыны працягвала шэсце на ўсход Украіны. Пераадоленне казакоў адчыняла шлях на поўдзень уздоўж Дняпра. Армія ВКЛ магла б прыйсці ва Ўкраіну і паспрабаваць паўтарыць пераможны манеўр 1651 г. Пасля разгрому Хмяльніцкага і злучэння каронных ды літоўскіх войскаў планавалася рушыць далей углыб маскоўскай дзяржавы, каб там здабыць канчатковую перамогу над праціўнікам[49].
10 снежня аддзелы Януша Радзівіла прыбылі пад Стары Быхаў[50]. Яны налічвалі не больш за 12 000—14 000 жаўнераў, бо астатнія сілы віленскі ваявода прызначыў на блакаду Магілёва і Шклова, падмацаванне слуцкага гарнізона ды дзеянні ў раёне Полацка і Віцебска[51]. Жаўнеры нядоўга адпачывалі пад цвердзю і ўжо наступным днём вырушылі на поўдзень. Пры аказіі дбалі пра павелічэнне агнявой моцы перад хуткімі абложнымі дзеяннямі. Праз пасярэдніцтва Вінцэнта Гасеўскага была атрымана згода Казіміра Лявона Сапегі пазычыць са старабыхаўскага арсенала некалькі гармат буйнога калібру[52]. Гэта былі, мусіць, найбольшыя гарматы, што здабыла сабе армія ВКЛ за зіму — вясну 1655 г.
Ужо 12 снежня ліцвіны падышлі пад Новы Быхаў. Дывізія палявога гетмана паставіла абоз на беразе Дняпра, у кіламетры ад умацаванняў. Крыху далей размясціўся кантынгент вялікага гетмана[53]. З ліста Канстанціна Паклонскага да цвярскога намесніка Васіля Бутурліна даведваемся, што першыя сутычкі пачаліся праз два дні[54]. Ліцвіны прагналі казакоў за вал і пачалі рэгулярную аблогу.
Ад пачатку баёў жаўнеры Радзівіла сустрэліся з разнастайнымі цяжкасцямі. Эфектыўнасць артылерыйскага агню была невялікая. Прамёрзласць зямлі рабіла немагчымымі падкопы ды закладанне мін. Нельга было, як пісаў Януш Радзівіл, „albo rydla, ani motyki zażyć i zwyczajnymi w dobywaniu miast fortelami rem agere czas zimowy niesposobny nie pozwalał, a nade wszystko mocne siły nieprzyjacielskie, które przełamać bez fortelów, które alio tempore służyć by mogły, nie dały [ужыць ані рыдлёўкі, ані матыкі, і (весці справу. — К.Б.) звычайнымі ў здабыванні гарадоў хітрасцямі не дазваляў непрыдатны зімовы час, а мацней за ўсё непрыяцельскія сілы, што зламаць без хітрасцяў, якія маглі б служыць (іншым часам. — К.Б.), не даліся]“[55]. Ужо праз некалькі дзён паўсталі першыя харчовыя цяжкасці. Ваколіцы як Старога, так і Новага Быхава былі вынішчаны шматмесячнай прысутнасцю казакоў, якія перад прыбыццём ліцвінаў старанна спустошылі мясцовасць на шмат кіламетраў ад горада. Войска цярпела пакуты не толькі голаду, але і з–за суворых маразоў. Начамі, відаць, мерзла віно, а посуд з вадой было не адарваць ад вуснаў, каб не скрывавіць[56]. Побыт значна абцяжарвалі і вялікія снегавыя ападкі[57]. Не толькі жаўнеры, а і начальнікі жылі ў страшных умовах: „Dla wygody takiego Książęcia i miejsca nie było krom jednej dymem zakopciałej chałupki. Naszemu też księciu Bogusławowi nie lepsza stancja była. Inni panowie znaczniejsi po gumnach, stodołach i chlewach mieścić się musieli. Pospolity zaś żołnierz na mrozach i przykrych wiatrach bez żadnego przykrycia przy wznieconym ogniu statią mieć musiał [Для выгоды такога княжыча (Януша Радзівіла. — К.Б.) і месца не было, акрамя адной закуранай дымам хацінкі. Пансіён нашага князя Багуслава таксама быў не лепшы. Іншыя найважнейшыя паны мусілі мясціцца па гумнах, стадолах ды хлявах. Просты жа жаўнер мусіў бавіцца пры распаленым агні, без аніякага прыкрыцця ад маразоў і прыкрых вятроў]“[58].
Аблогу ўскладнялі яшчэ і шматлікія казацкія вылазкі. Пад час адной з іх падначаленыя Залатарэнкі разбілі татараў нясвіжскага князя (пэўна, татарскую харугву, што належала палку Міхала Казіміра Радзівіла) і ўзялі двух палонных[59]. Цягам іншай сутычкі трапіў у засаду і зазнаў сур’ёзную небяспеку Багуслаў Радзівіл: „W jednej wycieczce między konnemi kozakami, wmieszawszy się piechota i gałęziami i pniami wyciętych drzew obłożywszy się, z owych skrytych zasadzek niespodzianie z ręcznej strzelby wielu naszych pozabijali i książę nasz Bogusław w wielkim był niebezpieczeństwie. Bo jeden Kozak jednego z znaczniejszych urzędników przy boku książęcia Bogusława kulą z flintey zabił. Drugiego kozaka kula, który w samego książęcia Bogusława zmierzył szczęśliwie zboczyła, i tylko szmat rękawa oderwawszy palca trochę naruszyła [У адной вылазцы конныя казакі, умяшаўшыся пешкі і абклаўшыся галлём ды калодамі высечаных дрэваў, нечакана са схаваных тых засадаў з ручной стрэльбы пазабівалі шмат нашых, і княжа наш Багуслаў быў у вялікай небяспецы. Бо адзін казак аднаго з найзначнейшых службоўцаў з боку княжыча Багуслава забіў куляй з флінты. Куля другога казака, які ў самога княжыча Багуслава цэліў, шчасліва збочыла і, толькі адарваўшы шмат рукава, трохі парушыла пальца]“[60].
Ужо на пачатку аблогі ліцвіны страцілі свайго начальніка. З–за цяжкай хваробы Януш Радзівіл каля двух тыдняў не мог асабіста кіраваць арміяй. Нездароўе гетмана спарадзіла шэраг страхаў пра далейшы лёс кампаніі — усе разумелі, што ў войску няма асобы, здольнай яго замяніць. Сваю занепакоенасць выказаў кіраўнік літоўскіх фармаванняў на інфлянцкім памежжы, вендэнскі ваявода Мікалай Корф у лісце да швагра, купіскага старасты Вільгельма Тызенгаўза: „Książę JM Pan hetman wielki bardzo chory, którego niech Najwyższy do pierwszego przywróci zdrowia [Княжа ЯМ Пан вялікі гетман вельмі хворы, хай Найвышшы верне яго да былога здароўя]“[61]. Ва ўзніклай сітуацыі галоўнае кіраванне мусіў узяць, згодна са звычаем і правам, намеснік Вінцэнт Гасеўскі. Наўрад ці, аднак, так сталася насамрэч. Кіраванне дывізіяй правага крыла прыняў Багуслаў Радзівіл, які, паводле вядомых нам крыніц, не пажадаў прызнаць начальства палявога гетмана. Больш за тое, апісанні пазнейшых боек сведчаць, што паміж абодвума кіраўнікамі практычна не было ўзаемадзеяння. Гэта спараджала шэраг недамоўленасцяў, выклікала канфлікты наконт кампетэнцыі. Такім чынам, у найменш спрыяльны момант літоўская армія зноў была падзелена на два варожыя станы. Бясспрэчна, гэта ўскладняла каардынаванне дзеянняў на полі бою, часта ж рабіла яго проста немажлівым.
24 снежня літоўская армія здзейсніла генеральны штурм Новага Быхава. Усё яшчэ хворы Януш Радзівіл асабіста не кіраваў атакай. Войска было падзелена на дзве групоўкі. Правае крыло ўзначальваў Багуслаў Радзівіл. Левым, больш за 2500 жаўнераў, камандавалі Вінцэнт Гасеўскі і обэрштэр пяхотнага палка каралеўскай гвардыі Фромгальд Вольф. Першымі ў бой уступілі аддзелы канюшага князя. Багуслаў збіраўся ўварвацца ў цвердзь бліжэй да берага ракі, дзе доступ бараніўся толькі дубовымі частаколамі. Казакі чакалі атакі ліцвінаў з гэтага боку і, каб ускладніць дасягненне лініі ўмацаванняў, павысякалі палонкі ў некалькіх месцах. Узяцце горада нападам з іншага кірунку, бадай, не ўваходзіла ў разлік — абаронцы карысталіся лютымі маразамі і палівалі фартыфікацыі вадой, якая замярзала і рабіла практычна немажлівымі спробы фарсавання. Аддзелы Багуслава прыступілі да штурмавання дзесьці за паўгадзіны да світанку. Жаўнеры рушылі да ўмацаванняў, маючы перад сабой на санях заслоны з дрэва ды саломы, каб бараніцца ад агню казакоў. Захапіць праціўніка знянацку не пашанцавала: відаць, устрывожаныя занадта гучнай падрыхтоўкай да атакі, казакі размясцілі ўздоўж ракі шматлікія аддзелы ды 3 батарэі[62]. Як пісаў Багуслаў Радзівіл, яго жаўнеры, „brzegiem wysokim Dniepru się okrywając, po lodzie aż pod same parkany; także nasza dragonija w dziury parkanowe muszkiety kładąc ognia dawała, ale bez breszy i bez siekier trudno się było włamać do parkanu [схаваныя за высокім берагам Дняпра, (падышлі. — К.Б.) па лёдзе пад самыя парканы, ды наша драгунія давала агню, кладучы мушкеты ў парканавыя дзіркі; аднак без (праломаў. — К.Б.) і сякер уламацца ў паркан было цяжка]“. Пасля гадзіннай бітвы і контрудару казакоў ліцвіны змушаны былі адступіць. Іх страты складалі каля 30 забітых і столькі ж параненых. Двойчы паранены шротам быў начальнік пяхотнага палка Багуслаў Пшыпкоўскі“[63].
Аддзелы левага крыла, у пасіўным чаканні паразы, увогуле не далучыліся да наступлення. Багуслаў усклаў віну за гэта на Гасеўскага — пісаў, што ў выніку яго бяздарнасці, „na mnie jednego wszytek impet się obrócił, a zatem infectis rebus wróciliśmy się [на мяне аднаго ўвесь (непрыяцельскі. — К.Б.) імпэт абярнуўся, а таму мы вярнуліся (нічога не ўчыніўшы. — К.Б.)]“[64]. У святле, аднак, іншай, значна шырэйшай рэляцыі, галоўнай прычынай несупрацоўніцтва стаў заўчасны ўдар фармаванняў канюшага. Пры гэтым не прагучаў умоўлены сігнал атакі для кантынгенту Гасеўскага, які чакаў у пералеску з іншага боку горада[65]. Хуткі адыход штурмоўцаў з–пад умацаванняў не дазволіў дывізіі палявога гетмана далучыцца да бітвы. Зрэшты, сумнеўна, што нават скаардынаваны наступ усёй літоўскай арміі меў бы плён, пры недастатковай артылерыйскай падтрымцы ды моцным казацкім супраціўленні.
Пасля паразы 24 снежня Януш Радзівіл не здзяйсняў, нягледзячы на пачатковы намер, іншых спробаў узяць Новы Быхаў[66]. Тлумачыў, што, паколькі не бачыць магчымасці, каб змусіць праціўніка да капітуляцыі, не хоча марна страчваць жаўнераў[67]. Літоўская армія знаходзілася пад горадам яшчэ каля двух тыдняў, да 10 лютага. Здабываць харч і корм коням рабілася ўсё складаней[68]. Прычынай, з якой вялікі гетман не рашаўся перакінуць свае аддзелы ў іншы раён, было, відаць, чаканне звестак з Украіны, дзе ўваходзіў у заключную фазу наступ кароннай арміі. Бясспрэчна, Януш Радзівіл звязваў свае далейшыя дзеянні з развіццём сітуацыі на паўднёвым фронце і чакаў звестак пра яе развязку.
Тым часам каронная армія з 29 снежня да 2 лютага вяла пад Ахматавам зацятыя баі з сіламі Хмяльніцкага ды маскоўскай арміяй на чале з Васілём Барысавічам Шарамецевым. Тая бітва не прынесла палякам вырашальнай перамогі і затрымала далейшы наступ. 2 лютага вялікі гетман каронны Станіслаў Рэвера Патоцкі з артылерыяй і большасцю пяхоты адышоў на захад. Неўзабаве шэрагі войска пакінуў палявы гетман Станіслаў Ланцкароньскі, кіраўніцтва засталося ў руках чарнігаўскага ваяводы Крыштафа Тышкевіча. Ва Ўкраіне засталося толькі некалькі тысяч конніцы i татарскія джамбулы, што ўшчэнт спустошвалі край[69].
Зімовы контрнаступ кароннай арміі скончыўся, такім чынам, суцэльным фіяска. У гэткай сітуацыі далейшая аблога Новага Быхава губляла які–небудзь сэнс. Таму 10 лютага ліцвіны згарнулі аблогу і адышлі на поўнач. На думку Анджэя Рахубы, пад горадам засталіся нейкія харугвы, напрыклад, з палка Сапегаў, якія мусілі блакаваць рух фармаванняў Залатарэнкі[70].
Наступнай мэтай войскаў Януша Радзівіла было ўзяцце Магілёва. Дарогай да горада, размешчанага за 60 км на поўнач ад Новага Быхава, армія зноў завітала ў Стары Быхаў, пэўна, 11 ці 12 лютага. Ужо раней Казімір Лявон Сапега паклапаціўся папоўніць запасы амуніцыі і харчу ў цвердзі[71]. На свае месцы вярнуліся, бадай, і аддзелы падканцлера, паколькі ў апісаннях бітваў пад Магілёвам не вядзецца пра прысутнасць у літоўскім абозе цяжкай артылерыі Сапегаў. Перад пагрозай новых атакаванняў казацкага кантынгенту яны былі цяпер больш патрэбныя ў Старым Быхаве і падканцлер, відаць, парупіўся, каб адвезці іх у родны цэйкгаўз.
16 лютага літоўская армія шматгадзінным штурмам здабыла магілёўскі ніжні горад. Не ўдалося, аднак, заняць замак ды верхні горад, куды адступіў маскоўскі гарнізон з большай часткай палка Паклонскага. Толькі каля 400 чалавек, разам са сваім начальнікам, вырашылі вярнуцца на службу Рэчы Паспалітай і перайшлі на бок Радзівіла ў пачатку бойкі. Цягам амаль трох месяцаў літоўская армія і каронны корпус безвынікова спрабавалі схіліць гарнізон да капітуляцыі. Войскі Рэчы Паспалітай панеслі тым часам вялізныя страты, у выніку як баявых дзеянняў, так і, у значна большай ступені, маразоў, голаду, хвароб і дэзерцірства. Гэта была найбольшая стратэгічная памылка Януша Радзівіла ў час вайны 1654—1655 г. Стратэгічную ініцыятыву ўжо ў сакавіку — красавіку перахапіў праціўнік, а панесеныя страты прывялі да таго, што ўлетку 1655 г. Літва не мела практычна ніякай абароны ад новага наступу маскоўскіх войскаў.
У выніку засяроджання сілаў праціўніка пад Магілёвам ужо пад канец лютага Залатарэнка атрымаў свабоду дзеяння і змог распачаць наступальныя аперацыі. Нешматлікія літоўскія харугвы ў ваколіцах Новага Быхава, вядома, не стрымалі процістаяння. Да горада пачалі сцягвацца новыя казацкія аддзелы і валюнтарыюшы з Украіны ды Беларусі. Праз некалькі тыдняў пасля адступлення ліцвінаў Васіль Залатарэнка прывёў значныя падмацаванні з раёна Старадуба.
Гэткія ўзмацненні дазволілі распачаць у сярэдзіне сакавіка наступальныя дзеянні. Углыб ВКЛ запускаліся шматлікія раз’езды, каб дэзарганізаваць тыл арміі, што вяла аблогу Магілёва. Паколькі Януш Радзівіл не меў сілаў, дастатковых для стрымання казакоў, тыя амаль бяскарна спустошвалі абшары паміж Дняпром ды Бярэзінай. 22 сакавіка быў спалены Бабруйск і Каралеўская Слабада, захоплена шмат палонных, а ў маёнтку за 2 мілі ад Бабруйска зняволілі каралеўскага прыдворнага Дамініка Казіміра Паца, сына даўно памерлага вялікага харужага літоўскага Самуэля[72]. На світанку 25 сакавіка казакі напалі на Глуск — мястэчка, што належала Аляксандру Гіляру Палубінскаму, разбілі размешчаныя на зімовыя кватэры харугвы ды спалілі забудовы[73]. У магілёўскі павет Залатарэнка даслаў і шматлікі (некалькі тысяч чалавек) кантынгент пад камандай брата Васіля, старадубскага палкоўніка Цімафея Анікенкі ды баржнянскага палкоўніка Самойлы Курбацкага, дзе тыя нанеслі адчувальную шкоду раскватараваным па вёсках фармаванням ВКЛ. Зразумела, у чарговы раз былі спустошаны ваколіцы Старога Быхава. Сама фартэцыя, праўда, яшчэ не трапіла ў аблогу, але ў абаронцаў ускладнілася сувязь з Магілёвам і тыя неўзабаве мусілі чакаць значнага пагаршэння свайго стану. Гарнізону Магілёва Залатарэнка таксама не даў непасрэднай дапамогі, цару ў лісце ад 9 сакавіка тлумачыў, што гэта немагчыма з–за вельмі высокага снегу ды цяжкасцяў з харчам[74].
Аблога Магілёва цягнулася да 11 траўня. Яшчэ за некалькі дзён перад яе завяршэннем Іван Залатарэнка надумаў вывесці з Новага Быхава свае галоўныя сілы. Пасля рэарганізацыі і дапаўнення яны зноў налічвалі каля 20 000 жаўнераў, але з іх толькі каля 14 000 прыдаваліся да бойкі, а 6000 чалавек былі або хворыя, або з іншых прычын выключаны з удзелу ў новай кампаніі[75]. Ужо 27 красавіка, праз два дні пасля прыбыцця да Залатарэнкі пасланнікаў ад начальніка магілёўскага гарнізона, Міхаіла Ваяйкова, з драматычнай просьбай дапамогі, Новы Быхаў пакінулі першыя аддзелы. Яны выбралі шыбчэйшы гэтай парой года водны шлях, чаўнамі ўверх па Дняпры. Групоўкай кіравалі Васіль Залатарэнка ды Цімафей Анікенка[76]. Следам на поўнач 4 траўня вырушыў Яхно Каробка, на чале 2000 чалавек. Неўзабаве Новы Быхаў назаўжды пакінуў і Іван Залатарэнка з рэшткамі свайго корпуса[77]. З гэтай пары горад стаяў у баку ад ваенных дзеянняў і змог распачаць аднаўленне пасля знішчэнняў мінулага паўгоддзя. Значна большая небяспека набліжалася цяпер з усходу, з маскоўскімі жаўнерамі, абарону ад рабаўніцтва якіх жыхарам паабяцаў сам наказны гетман[78].
Старому ж Быхаву давялося яшчэ неаднакроць граць важную ролю ў вайне Рэчы Паспалітай з Масквой. Гэтым разам Залатарэнка, сапраўды, даў фартэцыі спакой, што, аднак, не значыла, быццам ён адмовіўся ад думкі авалодаць ёю. Казімір Лявон Сапега зноў прыклаў усе намаганні, каб яго горад не трапіў у рукі праціўніка. Гэтым разам сітуацыя была яшчэ цяжэйшая, чым улетку 1655 г.: пасля паразы пад Магілёвам не бачылася мажлівасці для хуткага аднаўлення баяздольнасці літоўскай арміі, каб распачаць новы наступ на ўсход. Больш за тое, у выніку новага наступлення маскоўскіх войскаў, а таксама шведскай агрэсіі на Карону, ужо праз некалькі месяцаў амаль уся Рэч Паспалітая была акупавана войскамі Караля Густава і Аляксея Міхайлавіча. Абаронцы цвердзяў, у тым ліку Старога Быхава, на шмат месяцаў былі адрэзаныя ад тылу і пазбаўленыя кантактаў з астатнім краем ды мусілі адны адбіваць варожыя напады.
Каб вырашыць гэтую задачу, падканцлер шмат месяцаў дасылаў у горад транспарт з харчамі, амуніцыяй і іншым ладункам. Сапега надаваў вялізную ўвагу забеспячэнню фартэцыі, задзейнічаў значную частку фінансаў, каб належна яе падрыхтаваць. У Стары Быхаў былі скіраваны і немалыя збройныя сілы. З ліста падканцлера да караля даведваемся, што ад снежня 1654 г. гарнізон баранілі каля 1200 жаўнераў. Як вядома, сярод іх быў драгунскі рэгімент Вільгельма Клата (вясной налічваў 2 харугвы, гэта значыць каля 200 чалавек)[79]. Яшчэ ў сакавіку і красавіку гэты аддзел размяшчаўся ў іншым сапегавым уладанні — Бешанковічах, а 23 красавіка ўдзельнічаў у трагічна завершаным штурме Магілёва, дзе панёс значныя страты[80]. У Стары Быхаў ён прыбыў, відаць, неўзабаве пасля тых падзей, яшчэ перад блакадай горада казакамі. Казімір Лявон Сапега дамагаўся падтрымкі абаронцаў яшчэ і аддзелам нямецкай пяхоты ў 300 жаўнераў. Ужо не ў стане несці фінансавы цяжар, звязаны з трыманнем усё большага гарнізона, падканцлер хадатайнічаў аб узяцці кантынгенту на ўтрыманне літоўскім скарбам[81]. Гэтая справа абмяркоўвалася на пасяджэннях надзвычайнага сойму ў Варшаве з 19 траўня да 20 чэрвеня 1655 г. 31 траўня была выдадзена спецыяльная канстытуцыя „Securitas Bychowa“, якая задавальняла просьбу падканцлера, а жыхароў горада на 20 гадоў вызваляла ад усялякіх павіннасцяў і пацвярджала ўсе іх папярэднія прывілеі[82]. Гэта сведчыць, наколькі вялікае значэнне сенатары і паслы надавалі ўтрыманню ў руках Рэчы Паспалітай магутнай цвердзі на далёкім Дняпры.
Наўрад ці, аднак, Сапега паспеў прывесці ў горад згаданыя пяхотныя кампаніі да пачатку новай кампаніі Масквы. Калі ў Варшаве радзіўся сойм, на Дняпры ўжо цягнуліся ваенныя дзеянні, і часу, каб зладзіць тыя аддзелы, магло не хапіць. Тым не менш, ужо само прыбыццё драгунскага рэгімента было для гарнізона вялізнай падтрымкай.
Засяроджанасць у фартэцыі вялікай колькасці прафесійных жаўнераў не магла не выклікаць спрэчак аб кампетэнцыі яшчэ ў 1654 г. Вясной 1655 г. яны, вядома, узмацніліся. Як бачна з ліста рэчыцкага скарбніка Юстыніяна Паўшаноўскага, які ад імя падканцлера зладзіў новы набор, войска не хацела прызнаваць уладу Канстанціна Багушэвіча, які кіраваў абаронай дагэтуль. Хаця той выдатна спраўляўся з ускладзенымі абавязкамі, аднак не ў афіцэрскім чыне і, відаць, без значнага вайсковага досведу карыстаўся не надта вялікім аўтарытэтам сярод наймітаў[83]. Драгунскія рэгіменты лічылі за свайго начальніка капітана Яна Кругера. Бадай, можна сцвярджаць, што са згоды Казіміра Лявона Сапегі менавіта ён узначальваў гарадскі гарнізон у 1655 г. Багушэвічу пакінулі толькі цывільную ўладу[84].
Усяго, як вынікае з вельмі агульных паказанняў палонных, узятых казакамі ў першыя дні ліпеня, на пачатку новай аблогі Стары Быхаў баранілі каля 50 чалавек шляхты, 400 конных наймітаў (пэўна, драгунаў), 50 вугорскай пяхоты, 1000 габрэяў і 800 гараджан — разам каля 2300 чалавек. У горадзе былі таксама вялікія запасы хлеба ды солі, а яшчэ волава ды салетры (дзякуючы якім гарнізон мог самастойна вырабляць порах)[85]. У параўнанні з лічбамі 1654 г. прыцягвае ўвагу значна меншая колькасць гараджан. Наўрад ці гэта вынік высокіх баявых страт. Хутчэй, перад пагрозай новага непрыяцельскага наступу, які, цалкам зразумела, мог прывесці да ўварвання таго далёка ўглыб дзяржавы, адбыўся масавы сыход старабыхаўчан. Шмат гараджан абрала лёс уцекачоў, паколькі, застаючыся на Дняпры, яны падлягалі шматмесячнай адсечанасці ад астатняга краю, а мажліва, і знішчэнню ворагам.
Хоць у маршы пад Магілёў казакі і абмінулі Стары Быхаў, неўзабаве цвердзь зноў трапіла ў блакаду. Залатарэнка з большасцю сілаў рушыў у пагоню за арміяй Януша Радзівіла, што адступіла за Бярэзіну, аднак пакінуў пад фартэцыяй некалькі аддзелаў, каб тыя кантралявалі пачынанні гарнізона. Сам жа перамог у раёне Талачына некалькі харугваў праціўніка, захапіў шматлікіх палонных ды адбіў каля 1500 выкрадзеных ліцвінамі жыхароў Магілёва і яго ваколіц, а пасля спыніў пагоню і ўжо 17 траўня вярнуўся пад Стары Быхаў[86]. У дзень распачынання другой аблогі гетман даслаў абаронцам ліст з заклікам да капітуляцыі, на які тыя, натуральна, адказалі адмоўна[87]. Паколькі здзейсненыя спробы „дыпламатычнага“ схілення ліцвінаў да капітуляцыі не далі эфекту, заставаліся толькі збройныя дзеянні[88].
Залатарэнка, які памятаў пра прыкрую паразу ўвосень 1654 г., і гэтым разам не наважыўся на штурм. Да таго ж, яму неставала цяжкай артылерыі, без якой спадзявацца на поспех было цяжка. Таму казакі чакалі лагістычнa значна лепш забяспечанага маскоўскага кантынгенту.
Згодна з царскімі планамі, у летняй кампаніі 1655 г. Стары Быхаў знаходзіўся ў зоне дзеянняў арміі Аляксея Трубяцкога, зарганізаванай у раёне Бранска. Яе колькасць прынята лічыць ў 10 000 жаўнераў[89]. З–за павольнага канцэнтравання маскоўцы толькі першымі днямі чэрвеня вырушылі з Бранска. Іншым шляхам — праз Почап і Старадуб — на пачатку ліпеня яны дасягнулі Дняпра. 11 ліпеня Трубяцкой атрымаў у Магілёве царскі загад, якім скіроўваўся пад Стары Быхаў. Відаць, праз некалькі дзён ад першага ваеннага выбуху пад цвердзю Сапегаў з’явіўся маскоўскі жаўнер[90].
Трубяцкой ужо не заспеў пад горадам Залатарэнкі, бо той некалькімі тыднямі раней атрымаў царскі загад вырушыць з большасцю сілаў на захад. Казацкі корпус мусіў стаць у авангардзе цэнтральнай маскоўскай арміі, кіраванай Якавам Чаркаскім. Як вынікае з загаду Аляксея Міхайлавіча, выдадзенага 23 чэрвеня ў Шклове, Залатарэнку належыла ўдарыць у напрамку Свіслачы ды Менска[91]. У адказе, дадзеным праз 3 дні, казацкі начальнік пагаджаўся з патрабаваннем цара, але папярэджваў, што не зможа падтрымаць Чаркаскага ўсімі сваімі аддзеламі, бо мусіць пакінуць частку на аблозе Старога Быхава, ды, апрача таго, у абозе шмат хворых. Наракаў пры тым, што ў выніку рэйду з–над Дняпра не будзе мець дастатковых сілаў для аблогаў Новага Быхава, Чачэрска, Прапойска, Рагачова ды Жлобіна. Першымі ў апошнія дні чэрвеня ваколіцы Старога Быхава пакінулі нежынскі ды старадубскі палкі, пад камандай Васіля Залатарэнкі і Цімафея Анікенкі. Неўзабаве следам на захад шпарка выправіўся сам наказны гетман з астатнімі аддзеламі. Ужо 4 ліпеня Іван прыбыў на Бярэзіну і чакаў ад цара далейшых пастаноў. Пад Старым Быхавам з часткай пяхоты застаўся баржнянскі палкоўнік Самойла Курбацкі[92]. Напэўна, гэта былі сілы не больш за 5000 жаўнераў, чаго хапала для блакады гарнізона, але было замала, каб замахнуцца на ўзяцце горада. Толькі прыбыццё арміі Трубяцкога дазваляла спадзявацца на распачынанне больш актыўных абложных дзеянняў.
Корпус Івана Залатарэнкі адыграў надзвычай важную ролю ў летняй кампаніі 1655 г. Пасля пераправы 9 ліпеня праз Бярэзіну ён аб’яднаўся з маскоўскім аддзелам (каля 5 400 чалавек) пад камандай Багдана Хітраво, што 29 чэрвеня заняў Барысаў. 12 ліпеня казакі ўзялі Свіслач, пасля адзначыліся ў бітве пад Менскам (13 ці 15 ліпеня), у выніку якой царскія фармаванні занялі горад[93]. Далей атакавалі ў фарпосце арміі Чаркаскага, неаднакроць білі літоўскія харугвы, якія спрабавалі заступіць ім дарогу (пад Койданавам, Ашмянамі, Смургонямі)[94]. 8 жніўня ў баі пад Вільняй корпус істотна паспрыяў разбіццю фармаванняў Радзівіла. У наступныя дні казакі ўчынілі разню тысячам жыхароў сталіцы ВКЛ. Забойствы і рабункі 8—9 жніўня 1655 г. сталі адным з найтрагічнейшых здарэнняў у гісторыі горада Вільні.
Тым часам на Дняпры ваенныя дзеянні практычна абмежаваліся аблогай Старога Быхава. У той перыяд на тэрыторыі ВКЛ толькі некалькі іншых цвердзяў — сапегаўскія Ляхавічы ды радзівілаўскія Слуцак з Нясвіжам — чынілі ворагу супраціў. Усе іншыя землі, апрача раёна Берасця, знаходзіліся пад акупацыяй Масквы, а таксама шведаў, якія 11 ліпеня ўзялі Дынабург, а ў жніўні ўвайшлі і ў Жамойць.
Гарнізон Старога Быхава не скарыўся непрыяцелю і тады, калі кантынгент Курбацкага атрымаў падтрымку арміі Трубяцкога. Пераможца з–пад Шапялевічаў абкладаў фартэцыю каля трох тыдняў, аднак без ніякага плёну. Абаронцы, мала таго што не збіраліся капітуляваць, дык і ладзілі шматлікія вылазкі, якімі наносілі Маскве адчувальны ўрон[95]. 5 жніўня Трубяцкой адышоў з большасцю сілаў на захад, над Дняпром жа пакінуў толькі полк жаўнераў на чале з Якавам Ронартам[96]. На працягу двух наступных месяцаў Масква двойчы безвынікова спрабавала авалодаць Слуцкам[97]. Поспяховым, аднак, стаў рэйд Трубяцкога па Наваградскім ваяводстве, у выніку якога мясцовыя шляхецкія аддзелы былі вымушаны адступіць пад Берасце, маскоўскія ж войскі захапілі Новую Мыш, Слонім ды Мір. Каля 22 верасня Трубяцкой атрымаў загад перарваць адступленне пад Стары Быхаў[98].
Вярнуцца на Днепр, пасля ўзяцця Вільні, прагнуў і Іван Залатарэнка. Насуперак планам цара, паводле якіх кантынгент мусіў перайсці да дзеянняў на заходніх берагах Нёмана, а пасля заатакаваць фармаванні Паўла Яна Сапегі ў раёне Берасця, наказны гетман ужо 28 жніўня прасіў дазволу адысці на ўсход[99]. Згода на тое была выказана ў першыя дні верасня.
Узяцце Старога Быхава ўвесь час было для казакоў галоўнай мэтай вайны. Меркавалася, што горад стане адміністрацыйным цэнтрам казацкай Беларусі — тэрыторыяй, толькі фармальна падуладнай цару, а фактычна падпарадкаванай Хмяльніцкаму. Для Івана Залатарэнкі адчынялася бліскучая кар’ера, якая б значна ўзняла яго палітычнае ды маёмаснае становішча сярод казацкіх эліт. Таму, замест працягу барацьбы з рэшткамі літоўскіх войскаў, гетман палічыў за лепшае зноў прыступіць да аблогі Старога Быхава, узяць які ў тагачаснай палітычнай ды ваеннай сітуацыі здавалася значна прасцей, чым у папярэднія этапы кампаніі.
Пасля 11 верасня казацкія аддзелы, даўшы добрага круга праз наваградскае ваяводства, рушылі да далёкага Дняпра. Каля 16 верасня быў узяты Наваградак і ўсталявана сувязь з арміяй Трубяцкога. Пад Старым Быхавам казакі з’явіліся толькі ў першых днях кастрычніка. Аднак для Івана Залатарэнкі трэці побыт пад цвердзю Сапегаў скончыўся трагічна. 17 кастрычніка 1655 г. начальнік казацкага корпуса загінуў пад агнём абаронцаў[100].
Гэтым здарэннем практычна завяршаюцца вартыя ўвагі падзеі, якія адбыліся пад Старым Быхавам у час вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1654—1655 г. Уражаныя смерцю свайго кіраўніка казакі, як і Трубяцкой, не чынілі новых атакаў горада, а абмежаваліся яго блакадай. Паколькі гарнізон фартэцыі ў лістападзе налічваў больш за 2000 чалавек, у якіх не было нястачы ў ежы ды ладунку, не вялося пра нейкі крызіс у яго шэрагах і капітуляцыю[101].
Зрэшты, позняй восеню 1655 г., ва ўмовах змененай у выніку шведскай агрэсіі на Карону палітычнай сітуацыі, дзеянні на літоўска–маскоўскім фронце, можна сказаць, заміраюць. У 1656 г. збройнае процістаянне саступае месца дыпламатычным перамовам, якія прывялі да падпісання 3 лістапада ў Немежы пад Вільняй дамовы аб замірэнні. Стары Быхаў тым часам заставаўся ў руках ліцвінаў. Толькі пасля ўзнаўлення ваенных дзеянняў у траўні 1659 г. горад зноў трапіў у аблогу. У снежні 1659 г., у выніку здрады часткі гарнізона, які паводле гадзяцкай дамовы складалі галоўным чынам казакі пад камандай чавусаўскага палкоўніка Івана Нячая (шмат з іх, відаць, вялі аблогу Старога Быхава ў 1654—1655 г.), цвердзь перайшла ў маскоўскія рукі.
Гераічная абарона Старога Быхава, якая з перапынкамі цягнулася з верасня 1654 г. да кастрычніка 1655 г., шырокім рэхам адгукнулася ў Рэчы Паспалітай і за яе межамі. Гераічная пастава жыхароў атрымала належную ўхвалу не толькі ад Яна Казіміра, які 20 чэрвеня 1661 г. пацвердзіў прывілей ад 31 траўня 1655 г.[102] Яго пераемнікі, Міхал Карыбут Вішнявецкі (20.XI.1669) ды Ян III Сабескі (20.III.1676), таксама санкцыянавалі ўсе ранейшыя наданні гораду, права вольнага гандлю на рэках Кароны і ВКЛ ды вызваленне ад падаткаў на 20 гадоў[103]. У тых дакументах адзначана і ўзорная пастава мясцовых габрэяў, якія цягам усёй аблогі ўдзельнічалі ў абароне, поруч з гарнізонам ды жыхарамі[104]. Пра высокую ацэнку заслугаў старабыхаўчан лепш за ўсё сведчаць словы Яна III Сабескага, які выказаў спадзеў, каб „insi poddani nasi, duchowni i szlacheccy, do takowejże i cnoty i wiary i przeciw nieprzyjacielowi resistentiej, ochotę i przykład z nich brali [іншыя нашы падданыя, духоўныя ды шляхта, да гэткай жа цноты і веры і супраціву непрыяцелю, ахвоту і прыклад з іх бралі]“[105].
З польскай пераклала Вольга Мазурава
[1] З прыватных гарадоў Сапегаў таксама сур’ёзна ўмацаваны былі Ляхавічы ў Наваградскім ваяводстве і Горы, непадалёку ад Смаленска. Значна слабейшыя фартыфікацыі мелі замкі ў Полацкім ваяводстве — Друя (Сапежынская) ды Іказнь.
[2] Жыццяпіс К.Л.Сапегі: Rachuba A. Polski Słownik Biograficzny (далей PSB). Wrocław, 1994. T.XXXV. S.31—37.
[3] Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. Tabela 46.
[4] Апрача гэтага, на другім беразе Дняпра ў другой палове XVII ст. паўстала прадмесце Быхаўская Слабада (Лявонаўка).
[5] Умацаванні Старога Быхава апісваюцца паводле: Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Минск, 1985. С.45; Hryckiewicz A. Warowne miasta magnackie na Białorusi i Litwie // Przegląd Historyczny. 1970. T.LXI. Z.3. S.437—438; Кветницкая Е.Д. Архитектура Белоруссии XVII в. // Всеобщая история архитектуры. Москва, 1968. Т.VI. Ч.III; Ткачев М. Замки Белоруссии. Минск, 1987. С.180—182; Ткачоў М. Замкі і людзі. Мінск, 1991. С.80—82.
[6] У 1690 г. у горадзе было 412 дымоў (Morzy J. Op. cit. S.207).
[7] Rachuba A. Słuszka Zygmunt Adam // PSB. Wrocław, 1999. T.XXXIX. S.152—156.
[8] Ткачоў М. Замкі і людзі. С.89—90.
[9] Żywot Jaśnie Oświeconego Księcia Bogusława Radziwiłła. Poznań i Trzemieszno, 1840. S.114.
[10] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собраные и изданные Археографическою Комиссиею (далей АЮЗР). С.–Петербург, 1880. Т.X. С.506—507. Даты дадзены паводле дзейнага ў Рэчы Паспалітай грыгарыянскага календара (у маскоўскіх і казацкіх крыніцах ўжываецца „спознены“ на 10 дзён юліянскі каляндар).
[11] Тамсама. Т.X. С.681—682; таксама: рэляцыя Залатарэнкі да цара ад 11(21).VI.1654 // Тамсама. С.–Петербург, 1889. Т.XIV. С.127—130.
[12] Тамсама. С.139—144.
[13] Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук (далей АМГ). С.–Петербург, 1894. Т.II. № 593. С.371—372; Lietuvos Valstybes Istorijos Archyvas (далей LVIA), f.SA, nr 4106, k.260—269, nr 4107, k.32v—37.
[14] АЮЗР. Т.XIV. С.135—138.
[15] List z Wilna, 8.VIII.1654 // Ojczyste spominki w pismach do dziejów dawnej Polski. Kraków, 1845. Т.I. S.112; List S.Pawszy, Petryków, 17.VIII.1654 // Ibidem. S.118—120.
[16] АЮЗР. Т.XIV. С.145—149; Дворцовые розряды. С.–Петербург, 1852. Т.III. С.445.
[17] Jan Kazimierz do A.S.Radziwiłła, Warszawa, 13.VII.1654. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu (далей BOssol.), rkps 2280/I, k.271v.
[18] K.Bohuszewicz do K.L.Sapiehy, [Stary] Bychów, 13.VII.1654. Львівска Державна Наукова Бібліотека ім. В.Стефаника (далей ЛНБ). Ф.103, спр.1647.
[19] K.Bohuszewicz do K.L.Sapiehy, [Stary] Bychów 19.VII.1654. ЛНБ. Ф.103, спр.1648.
[20] АЮЗР. Т.XIV. С.443—448.
[21] Тамсама. С.467.
[22] Тамсама. С.715—716.
[23] Тамсама. С.147—149.
[24] Тамсама. Т.X. С.681—682; У снежні 1655 г. пад час абароны Новага Быхава Залатарэнка меў 30 гармат (Vorbek–Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla Władysława IV. Wrocław, 1968. S.211).
[25] Konfesata Kozaków zaporoskich, pobranych w Wielatyczach, dzierżawie JM Pana Pisarza Polnego ВКЛ i przyprowadzonych z Berezyny, 18.X.1654. Biblioteka Muzeum im. Ks.Czartoryskich w Krakowie (далей BCzart.). Rkps 147, nr 98, s.421—424 (рэляцыя часткова надрукавана: Materyały dla historyi Małej Rossyi. Listy i uniwersały za Jana Kazimierza od.1650 do 1660. Kijów, 1852. T.II. S.39—41 — тут датуецца 10.X).
[26] BCzart. Rkps 147, nr 133, s.658.
[27] Асноўнымі крыніцамі, каб падлічыць колькасць літоўскай арміі таго часу, паўстаюць кнігі скарбовай камісіі 1662—1664 г. LVIA. F.SA, nr 4106, 4107. Пра склад і колькасць каронных фармаванняў гл.: Bobiatyński K. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie VKL w latach.1654—1655 (у бліжэйшым нумары „Studiów i Materiałów do Historii Wojskowości“).
[28] Асобныя атрады Сапегаў, не ўключаныя ў кампут, значыліся ў некалькіх рэестрах войска ВКЛ ад 1654—1655 г. (BCzart. Rkps 148, nr 191, s.906; BCzart. Rkps 2749, nr 112, s.407—410).
[29] Jan Kazimierz do K.L.Sapiehy, Warszawa, 21.VIII.1654. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (далей AGAD). Nabytki Kolekcjonerskie, nr 59.
[30] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[31] Rachuba A. Sapieha Paweł Jan // PSB. Wrocław,1995. T.XXXV. S.138—139.
[32] S.Oskierko do B.Radziwiłła, Bobrujsk, 13.X.1654. BCzart. Rkps 147, nr 133, s.657—658; АЮЗР. Т.XIV. С.405—406, 424—426.
[33] АМГ. Т.II. № 612. С.384—386.
[34] Rachuba A. Konfederacja wojska litewskiego w Wierzbołowie w.1655 r. // Miscellanea Historico–Archivistica. 1994. T.IV. S.14—19.
[35] Radziwiłł A.S. Pamiętniki o dziejach w Polsce. Warszawa, 1980. T.III. S.437; Laskowski do A.Koniecpolskiego, Grodno, 18.XI.1654. AGAD. Archiwum Zamoyskich, nr 450, s.124; J.Mierzeński do A.Leszczyńskiego, Mińsk, początek grudnia.1654. BCzart. Rkps 417, k.151v.
[36] J.Radziwiłł do A.Leszczyńskiego, Mińsk, 2.XII.1654. BCzart. Rkps 147, nr 147, s.713—726; Remanifestacja na manifestację Księcia JM incerto authore uczyniona. Biblioteka PAN w Kórniku. Rkps 991, k.453—455.
[37] АЮЗР. Т.XIV. С.151—154.
[38] Жыццяпіс Паклонскага гл.: Rachuba A. Pokłoński, Konstanty // PSB. Wrocław, 1983. T.XXVII. S.234—235.
[39] Похилевич Д. Белорусское казачество // Наукові записки Львівского державного ун–ту ім. І.Франка. 1957. Т.XLIII. Вып.VI. C.162.
[40] АЮЗР. Т.XIV. С.153—164, 167—174, 297—300, 379—380, 407—408, 433—436, 439—442, 453—454.
[41] Документы Богдана Хмельницького 1648—1657. Киев, 1961. № 290. С.400—401.
[42] Extrait d’une Lettre ecrite par un Officier de l’armee de Lithuanie logee dans la ville basse de Mohilev du 19 fevrier.1655 (BN, mf 379 A)–5000; Eigentliche Erzählung welcher gestalt […] Janus Radziwil […] geführte Armee zeithero geschwächet und zurücke zu gehen genöthiget, BN, mf 11806–7000; Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.212 і далей (8000 сялян і 2000 украінскіх казакоў); Theatrum Europaeum (далей TE). Frankfurt am Maіn, 1685. T.VII. S.765f.
[43] АЮЗР. Т.XIV. С.468–470.
[44] АМГ. Т.II. №612. С.384—386.
[45] АЮЗР. Т.XIV. С.503—504, 515—518, 519—521.
[46] Тамсама. С.481—484.
[47] Mieszczanie starobychowscy do K.L.Sapiehy, Stary Bychów, 4.I.1655. Lietuvos Mokslu Akademijos Centrine Biblioteka. F.139, nr 545.
[48] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.132—133.
[49] J.Leszczyński do S.Potockiego, Kutno, 30.III.1655. BCzart. Rkps 384, nr 91, s.208.
[50] Ibidem. T.XIV. S.485—486.
[51] У 12 000 ацаніў сілы праціўніка Аляксей Міхайлавіч (Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Москва, 1961. Т.X. С.641); Іван Залатарэнка, на падставе паказанняў палонных, даваў лічбу двухкроць вышэй (АЮЗР. Т.XIV. С.513—516). У рэляцыі Extrait d’une Lettre… вядзецца пра 15 000.
[52] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279; Jan Kazimierz do K.L.Sapiehy, Warszawa, 17.II.1655. BCzart. Rkps 2105, s.117.
[53] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.211.
[54] АЮЗР. Т.XIV. С.495—496; Форбэк–Летаў (Оp.cit. S.211) дае дату на дзень пазней: 15.I.1655.
[55] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.133.
[56] L.Kubala, Wojna polsko–moskiewska.1654—1655, Szkice historyczne. Warszawa, 1910. T.III. S.274.
[57] TE. T.VII. S.765.
[58] Żywot […] Bogusława Radziwiłła. S.115.
[59] АЮЗР. Т.XIV. С.519—524.
[60] Żywot […] Bogusława Radziwiłła. S.115—116.
[61] M.Korff do W.Tyzenhauza, b.m., 30.I.1655. AGAD. Archiwum Tyzenhauzów, nr F–115.
[62] Extrait d’une Lettre…
[63] Radziwiłł B. Op.cit. S.135.
[64] Ibidem.
[65] Extrait d’une Lettre…
[66] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[67] J.Radziwiłł do szlachty powiatu słonimskiego, Mohylew, 7.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 26, s.134.
[68] Extrait d’une Lettre…
[69] Kersten A. Stefan Czarniecki 1599—1665. Warszawa, 1963. S.206—210.
[70] Rachuba A. Paweł Sapieha od 8.VIII.1655 roku do 30 V.1656 roku, praca magisterska w IHUW. S.28.
[71] A.H.Połubiński do K.L.Sapiehy, obóz pod Nowym Bychowem, 31.I.1655. ЛНБ. Ф.103, Teki Prochaski, спр.149/Va, с.279.
[72] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.217; АЮЗР. Т.XIV. С.533—534 (тут даецца на некалькі дзён ранейшая дата спалення Бабруйска і Каралеўскай Слабады), 539—541.
[73] Vorbek–Lettow M. Op.cit. S.217—218; АЮЗР. Т.XIV. С.540; List do A.H.Połubińskiego z 10.IV.1655. BCzart. Rkps 2749, nr 77, s.355.
[74] АЮЗР. Т.XIV. С.527—534.
[75] Тамсама. С.709—712.
[76] Русско–белорусские связи. Сборник документов (1570—1667). Минск, 1963. №307, с.330—331.
[77] АЮЗР. Т.XIV. С.569—570, 587—590, 593—595; АМГ. Т.II. № 663. С.409.
[78] З гэтай мэтай 23 траўня з табара пад Старым Быхавам адаслаў адпаведны ліст да цара (АЮЗР. Т.XIV. С.607—608).
[79] K.L.Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim, 31.III.1655. BCzart. Rkps 2105, s.301; idem do J.Pawszanowskiego, Słonim, 15.V.1655 // АЮЗР. Т.XIV. С.727—728.
[80] Jan Kułak do K.L.Sapiehy, Bieszenkowicze, 2.IV.1655. ЛНБ. Ф.103, спр.1653; H.Lipski do E.Brzostowskiego, Tołoczyn, 28.IV.1655. BCzart. Rkps 148, nr 33, s.169.
[81] K.L.Sapieha do Jana Kazimierza, Słonim, 31.III.1655. BCzart. Rkps 2105, s.301.
[82] Volumina Legum. С.–Петербург, 1859. Т.II. С.232—233.
[83] J.Pawszanowski do K.Bohuszewicza, Lachowicze, 20.V.1655 // АЮЗР. Т.XIV. С.729—732.
[84] K.L.Sapieha do J.Pawszanowskiego, Słonim, 15.V.1655 // Тамсама. С.727—728; J.Pawszanowski do J. Krügera, Lachowicze, 20.V.1655 // Тамсама. С.729—730.
[85] Тамсама. С.715—716.
[86] Тамсама. С.601—604, 675—678.
[87]Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо–Западной Руси. Вильно, 1867. Т.I. № 164. С.191.
[88] Падобны водклік сустракалі таксама пазнейшыя лісты, дасыланыя з гэткім жа заклікам Залатарэнкі ды Аляксея Міхайлавіча (напр.: Акты исторические, собраные и изданные Археографическою Коммиссиею. С.–Петербург, 1842. Т.IV. № 100. С.243; АЮЗР. Т.XIV. С.741—744).
[89] Берх В.Н. Царствование Алексея Михайловича. С.–Петербург, 1831. С.87.
[90] Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII века. Москва, 1974. С.84–85.
[91] АЮЗР. Т.XIV. С.705—706. Царскія планы падтрымаў таксама Хмяльніцкі, які ў лісце з Корсуня ад 7 чэрвеня загадаў свайму швагру рушыць да галоўных сілаў непрыяцеля, а не губляць жаўнераў пад „куратнікамі“, як з пагардай акрэсліў Стары Быхаў (тамсама, с.697—699).
[92] Тамсама. С.709—712, 717—719.
[93] Мальцев А.Н. Op.cit. С.90; J.Radziwiłł do Jana Kazimierza, Wilno, 18.VII.1655. BCzart. Rkps 2105, s.338; таксама авізы з Вільні ад 10.VII. BOssol. Rkps 189/II, s.765.
[94] АЮЗР. Т.XIV. С.751—756.
[95] АМГ. Т.II. № 696. С.425—426.
[96] Мальцев А.Н. Op.cit. С.85.
[97] Дыярыуш аблогі Слуцка: AGAD, Archiwum Radziwiłłów. Dz.II, księga 69.14, s.55—60 (копія: BCzart. Rkps 148, nr 104, s.529—534).
[98] АМГ. Т.II. № 717. С.436—439.
[99] АЮЗР. Т.XIV. С.787—790, 797—798
[100] Українське козацтво. Мала энциклопедия. Київ, 2002. С.176.
[101] АМГ. Т.II. № 759. С.463—464.
[102] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Warszawa, 2001. № 1012. S.330—331.
[103] Акты издаваемые Виленскою Археографическою Коммиссиею для разбора древних актов (далей АВАК). Вильно, 1870. Т.IV. С.177—180.
[104] Horn M. Powinności wojenne Żydów w Rzeczypospolitej w XVI i XVII wieku. Warszawa, 1978. S.108.
[105] АВАК. Т.IV. С.177—180.