Том 13 Сшытак 1 (22) (Чэрвень 2006)
Уступ
Рэдакцыя Беларускага Гістарычнага Агляду прапануе чытачам першае асобнае выданне паказніка матэрыялаў, апублікаваных у часопісе з 1994 па 2005 г. (тамы I–XII). У яго ўвайшлі тры папярэднія паказнікі*, якімі былі ахоплены публікацыі часопіса да VIII тома ўключна, а таксама змест наступных чатырох тамоў.
У адрозненне ад папярэдніх паказнікаў, якія апісвалі змест па алфавіту з захаваннем рубрык кожнага нумара, у гэтым выданні матэрыялы ўсіх дванаццаці тамоў БГА згрупаваны па некалькіх прынцыпах.
У першым раздзеле яны падаюцца ў алфавітным парадку па прозвішчах аўтараў. Тут асобна выдзелены блок артыкулаў, куды ўключаны таксама паведамленні, публікацыі крыніц, пераклады і палеміка, блок рэцэнзій і аглядаў новай літаратуры (па прозвішчах рэцэнзентаў), а таксама комплекс дробных інфармацыйных нататак, у які ўвайшлі паведамленні пра канферэнцыі, экспедыцыі, абароненыя дысертацыі і г.д. Прозвішча аўтара шэрагу публікацый, прыведзеных запар, падаецца толькі ў першай пазіцыі. Інфармацыя пра наяўнасць англа- ці іншамоўных рэзюмэ да артыкулаў, як і пра перакладчыка ці рэдактараў апісанне не ўключалася.
У другім раздзеле ўсе апублікаваныя матэрыялы размешчаны ў алфавітным парадку па іх назвах (першае слова назвы выдзелена друкам). Тут у асноўным захавана ранейшая рубрыкацыя часопіса, але ў блок артыкулаў уключаны таксама паведамленні, гутаркі, рэцэнзійныя артыкулы і іншыя падобныя публікацыі.
У тэматычным раздзеле ўвесь матэрыял сістэматызаваны па ключавых словах, выдзеленых друкам. Яны датычацца найперш важных для даследчыкаў праблемаў палітычнай, грамадскай і веравызнаўчай гісторыі Беларусі, або метадалогіі і плыняў самой гістарычнай навукі, аднак у многіх выпадках да ключавых слоў аднесены прозвішчы вядомых гісторыкаў і гістарычных асоб, а таксама геаграфічныя назвы (напрыклад, Кунцэвіч, Літва, Беларусь, Полацк і інш.).
Асобна змешчаны спіс выданняў, рэцэнзаваных на старонках БГА з 1994 па 2005 г. Яны пералічваюцца ў алфавітным парадку па прозвішчах аўтараў (у выпадку ананімнай ці калектыўнай публікацыі – па назве).
Завяршаецца паказнік спісам усіх аўтараў, што друкаваліся ў нашым часопісе за гэты перыяд.
У першым раздзеле паказніка як прозвішча аўтара, так і назва кожнай публікацыі дублююцца па-англійску. Назвы рэцэнзаваных кніг перакладзены на англійскую ў тых выпадках, калі ў арыгінале яны на беларускай, рускай або ўкраінскай мовах. Пры перадачы беларускіх уласных імён на англійскую мову за аснову транслітарацыі ўзята іх напісанне ў беларускай лацінцы.
* Змест часопіса за 1994–1996 г. (тамы I–III) друкаваўся ў БГА. Т.ІІІ. С. 321–329, за 1997–1999 (IV–VI) – у БГА. Т.VІ. С. 381–391, і за 2000–2001 (VII–VIII) – у БГА. Т.VІІІ. С. 376–381.