Бібліяграфія па гісторыі Беларусі
Рэдакцыя часопіса Беларускі Гістарычны Агляд пачынае працу над выданнем анатаванай бібліяграфіі гісторыі Беларусі. У свой час за падрыхтоўку бібліяграфічнага даведніка “Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі” бралася Нацыянальная бібліятэка Беларусі, але пасля змены ўлады ў краіне яго выданне спынілася (выйшла толькі тры выпускі, і апошні ахапіў літаратуру за 1991 – 1992 г.). Томік бібліяграфіі па гісторыі Беларусі за 1992 – 1994 г., падрыхтаваны ў Мінску калектывам спецыялістаў-бібліёграфаў, пабачыў свет у 2002 г. у Варшаве ў серыі “Бібліяграфія Ўсходняй Еўропы“ (выдадзены часопісам “Przegląd Wschodni”). Аднак на гэтым адпаведная праца перапынілася і Беларусь засталася наогул без гістарычнай бібліяграфіі.
Цяпер рэдакцыя БГА разам з тым жа калектывам бібліёграфаў, які падрыхтаваў варшаўскае выданне, распачынае працу па рэгулярнаму выпуску анатаванай бібліяграфіі па гістарычных навуках. Яна будзе ўключаць навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі па гісторыі, этналогіі, гісторыі рэлігіі, мастацтва, літаратуры і мовазнаўства, а таксама па археаграфіі. Кожная пазіцыя, апрача бібліяграфічных звестак, мусіць змяшчаць кароткую інфармацыю пра змест кнігі ці артыкула. Мяркуецца, што першы том будзе ахапляць публікацыі за 1995 – 2000, другі – за 2001 – 2005, а трэці – за 2006 – 2010 г. Падрыхтоўку першага выпуску (больш за 2 тыс. пазіцый) плануецца завяршыць ужо да канца 2011 г. і ў наступным ён пабачыць свет як асобны том БГА (Supplement).