Наталля Гардзіенка. Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай дыяспары
Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі і сучаснага стану / М.М. Бацян [і інш.]. Мінск, 2006. — 160 с.
Беларускае эміграцыязнаўства апошніх гадоў зведала істотныя змены: усё больш даследчая актыўнасць пераносіцца з эмігранцкіх асяродкаў у метраполію, у працах усё часцей з’яўляюцца праблемы, не звязаныя выключна з эміграцыйнай літаратурай, усё больш уводзіцца ў навуковы зварот раней невядомых дакументаў і матэрыялаў. Разам з тым, у беларускім эміграцыязнаўстве пераважаюць галіновыя працы, прысвечаныя пэўнай краіне, сферы дзейнасці, асобе. У выніку разуменне агульнай гісторыі беларускай эміграцыі i яе сучаснага стану губляецца, адыходзіць на другі план. Менавіта таму з’яўленне абагульняльнага выдання, прысвечанага беларускай дыяспары, выглядае як падзея унікальная, вартая асаблівай увагі і адзнакі. Некалі манаграфія „Беларуская эміграцыя» Барыса Сачанкі стала своеасаблівым адпраўным пунктам эміграцыязнаўства ў метраполіі, i пасля яе не выдавалася больш сістэматызацыйных даследаванняў, дзе б былі прадстаўлены разам найбуйнейшыя беларускія асяродкі ў свеце.
3 гэтага гледзішча з’яўленне кнігі „Беларуская дыяспара: Нарысы гісторыі і сучасны стан» асабліва важнае, тым больш што яе стваральнікі М.М. Бацян, А.П. Вярцінскі, І.М. Кузняцоў, Л.В. Лойка, А.М. Сіроцкі выкладаюць адмысловы курс „Беларуская дыяспара», уведзены на факультэце міжнародных адносінаў БДУ ў 1997 г. (гэта адзіны падобны курс, які чытаецца ў вышэйных навучальных установах Беларусі).
Складанасці стварэння абагульняльнай працы, прысвечанай замежжу, палягаюць у тым, што аўтары мусяць быць добра абазнаныя ў абставінах жыцця беларускай грамады ў розных краінах, каб мець магчымасць рабіць абгрунтаваныя высновы, каб стварыць у чытача адэкватнае ўяўленне пра развіццё эміграцыйных працэсаў у свеце з удзелам беларусаў.
На жаль, новае выданне засведчыла якраз адсутнасць у яго складальнікаў адпаведных уяўленняў пра гісторыю і сучаснасць беларускай дыяспары, асабліва ў дачыненні да краінаў г. зв. далёкага замежжа.
Першае, што кідаецца ў вочы чытачу „Беларускай дыяспары», пазначанай як „навукова-папулярнае выданне», — гэта поўная адсутнасць спасылак. У кнізе пададзена вялікая колькасць статыстычных і фактычных звестак, крыніцы атрымання якіх застаюцца для чытача невядомымі. Побач з гэтай акалічнасцю дзіўна гучыць адна з фразаў пры самым канцы кнігі: „…асобныя тэмы Нарысаў, як высвятляецца, добра распрацаваны іншымі даследчыкамі, таму творчы калектыў палічыў рацыянальным шырока выкарыстаць іх вынікі ў дадзенай публікацыі. Гэта тычыцца публікацый Аляксандра [чамусьці замест Алега. — Н.Г.] і Наталлі Гардзіенкаў, Р. Гарэцкага, А. Мальдзіса, Г. Сяргеевай, А. Ціхамірава»(152). Такім чынам, пры адсутнасці спасылак чытачу немагчыма аддзяліць у кнізе аўтарскі тэкст выкладчыкаў з факультэта міжнародных адносінаў ад „шырокага выкарыстання вынікаў» працы іншых даследчыкаў.
Кніга складаецца з уводзінаў, трынаццаці сэнсавых раздзелаў і бібліяграфіі. У тэксце„Уводзіны: дыяспара, эміграцыя, радзіма» (4-10) робіцца спроба вырашыць некаторыя тэрміналагічныя складанасці ў выкарыстанні паняццяў „дыяспара» і „эміграцыя», акрэсліць асаблівасці стаўлення дзяржавы да беларусаў за мяжой ды спецыфіку гісторыі беларускай эміграцыі. Пры гэтым нельга не заўважыць, што з сямі старонак, якія займаюць „Уводзіны» ў кнізе, тры ўяўляюць сабою кавалак тэксту даклада Алега Гардзіенкі „Беларуская дыяспара. Сучасныя праблемы і перспектывы»[1], зробленага на ІV з’ездзе беларусаў свету. І на сапраўднае аўтарства няма аніякіх спасылак. Адзіная фраза, дададзеная да арыгінальнага зместу даклада, праўда, прыводзіць да ўзнікнення блытаніны ў размежаванні паняццяў „замежжа» — „эміграцыя» — „дыяспара», бо побач з „беларускім замежжам» уводзіцца аналагічны тэрмін „сусветная беларуская дыяспара», і розніцу паміж імі вызначыць з кантэксту надзвычай складана.
Першы раздзел кнігі „Гістарычныя карані беларускай дыяспары» (11-22) уяўляе сабою выкладанне гісторыі падзелаў беларускіх земляў і эміграцый, у выніку якіх нашы суайчыннікі ў розныя часы апыналіся па-за межамі беларускай дзяржавы. Даволі кароткі і крыху сумбурны гістарычны нарыс кампіляцыйнага характару (на падставе звестак з тэкстаў Галіны Сяргеевай, Вітаўта Кіпеля, Аляксандра Ціхамірава), тым не менш, акрэслівае асноўныя этапы беларускай эміграцыйнай гісторыі. Для ілюстрацыі працоўнай эміграцыі з беларускіх земляў на ўсход у ХІХ ст. прыводзіцца нават урывак верша рускага паэта Мікалая Някрасава „Чыгунка» з апісаннем беларуса. Праўда, нявырашанай застаецца праблема эміграцыі часоў Другой сусветнай вайны, а дакладней характарыстыка гэтай хвалі. Называючы яе „палітычнай эміграцыяй», аўтар тэксту гэтага раздзела (не пазначаны, зрэшты, як і аўтары іншых) адносіць сюды „калабарантаў, тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў на тэрыторыі Беларусі з акупацыйнымі ўладамі» (20). Іх складаюць: „члены Беларускай Цэнтральнай Рады, галоўнага штаба Саюза Беларускай моладзі (які насамрэч называўся „кіраўнічы штаб». — Н.Г.), Беларускай Аўтакефальнай царквы (незразумела, ці маецца на ўвазе выключна кіраўніцтва, ці ўсе вернікі. — Н.Г.), атрадаў Беларускай краёвай абароны» (20). Акрамя таго, да палітычнай эміграцыі залічваюцца (са спасылкай на стаўленне Савецкай улады) остарбайтэры і савецкія ваеннапалонныя. Аднак незразумела, чаму не згаданыя ў якасці часткі эміграцыі з Беларусі часоў вайны звычайныя жыхары пераважна Заходняй Беларусі, што ўцякалі ад „выгодаў» Савецкай улады; яны, уласна, і склалі аснову тае эміграцыйнае хвалі.
У тэксце раздзела — блытаніна з адной з нешматлікіх аформленых цытатаў (няаўтарскі тэкст вылучаны курсівам, аднак спасылкі на крыніцу няма). Аўгену Калубовічу прыпісваецца выказванне пра людзей, „якія з болем пакідалі Радзіму і разбягаліся па белым свеце толькі таму, што бесперспектыўнасць беларускай нацыянальнай працы пры Саветах была ім вядома даўно» (21), якое насамрэч належыць Ларысе Геніюш. Прычына недакладнасці палягае ў тым, што з арыгінальнага тэксту Галіны Сяргеевай[2], выкарыстанага ў гэтым кавалку раздзела, выпаў адзін сказ са згадкай аўтарства Ларысы Геніюш ды спасылкай на публікацыю ў часопісе „Маладосць» (1990, N 3)[3].
Раздзел „Беларуская дыяспара ў Расіі» (23-30), у адрозненне ад тэкстаў, прысвечаных іншым краінам, не мае гістарычнай часткі і распавядае выключна пра сучасны стан мясцовай беларускай дыяспары. Гэта тым больш дзіўна, што менавіта гісторыя беларускіх перасяленняў у Расію больш-менш прадстаўлена ў беларускай эміграцыязнаўчай літаратуры, у тым ліку ў некаторых публікацыях, прыведзеных у „Бібліяграфіі» пры канцы кнігі. На самым пачатку тэксту пра беларусаў у Расіі заўважаецца некаторая супярэчнасць. Прыведзеная колькасць беларусаў у гэтай краіне, паводле звестак апошняга перапісу (810 тыс. асобаў), каментуецца такім чынам: „…згодна з падлікамі старшыні Маскоўскага клуба беларусаў А. Кандыбы, у Расіі пражывае больш двухмільёнаў чалавек, якіхможна аднесці да беларускай дыяспары» (23). Аднак без дакладнай спасылкі немагчыма высветліць, дзе і пры якіх абставінах А. Кандыба выказаў сваё меркаванне адносна колькасці беларусаў, i ацаніць магчымасці і верагоднасць яго падлікаў. Незразумелым застаецца і тое, што ў дадзеным выпадку ўкладваецца ў сэнс паняцця „дыяспара». Тут існуе супярэчнасць з тэкстам „Уводзінаў», адкуль вынікала, што паняцце „дыяспара» вузейшае за паняцце „эміграцыя», бо сюды, па-першае, немагчыма ўключаць тых, хто сам сябе не лічыць беларусамі (а таму не адзначаны ў перапісе), а таксама тых, хто не ўваходзіць у больш-менш арганізаваную нацыянальную грамаду (што вельмі часта датычыць кароткатэрміновай працоўнай эміграцыі). Такім чынам, згаданая заўвага адносна колькаснай характарыстыкі беларускай дыяспары ў Расіі толькі дэзарыентуе чытача.
Раздзел „Адметнасці беларускай дыяспары ва Украіне» (31-35), невялікі памерам, падае асноўныя этапы стварэння і характарыстыкі галоўных беларускіх арганізацый у згаданай краіне. Варта адзначыць, што раздзел даволі схематычны і павярхоўны. Хоць існуе няшмат адмысловых даследаванняў, прысвечаных Украіне, прыведзеных тут звестак недастаткова нават на фоне нераспрацаванасці тэмы. У той жа час у даведніку „Хто ёсць хто сярод беларусаў свету» прысвечаны Ўкраіне матэрыял выглядае значна паўнейшым і больш сістэматызаваным.
Аналагічную заўвагу можна зрабіць і ў дачыненні да тэксту наступнага раздзела „Беларусы ў Малдове» (36-39), дзе гісторыя стварэння грамады пераважна сфакусавана на савецкіх часах. Сам жа раздзел заснаваны на звестках некалькіх артыкулаў зборніка канферэнцыі „Белорусы в Молдове»[4].
Тэксты наступнага раздзела „Беларуская дыяспараў краінах Балтыі» (40-52) схематычна акрэсліваюць часы першых пасяленняў беларусаў у гэтых краінах, асноўныя этапы існавання тут беларускай грамады, сучасныя нацыянальныя суполкі ды іх дзейнасць. Самыя асноўныя звесткі пра сучасныя беларускія арганізацыі ў Казахстане, Кыргызстане ды Узбекістане складаюць асобны раздзел „Беларускія абшчыныў Цэнтральнай Азіі»(53-59). Усе згаданыя тэксты носяць пераважна апавядальны характар, без абагульнення і аналізу агульных тэндэнцый жыцця беларускіх дыяспар у тым ці іншым рэгіёне.
На гэтым фоне адметны раздзел „Беларусы ў Польшчы» (60-79), дзе ў якасці асобных частак вылучаюцца: гістарычны экскурс, прававы статус беларускай меншасці, сацыяльна-экнамічнае становішча, палітычныя прыхільнасці, сацыяльнае светаадчуванне, беларускія школы, культурна-мастацкая дзейнасць і сувязі з этнічнай Радзімай. Сваёй стылістыкай і структурай тэкст выбіваецца з папярэдніх і ставіць лагічнае пытанне, чаму паводле аналагічнай схемы не разгледжаны іншыя асяродкі беларускай дыяспары.
Неабходна заўважыць, што ўсе згаданыя тэксты, прысвечаныя краінам „блізкага замежжа», раней увайшлі ў адмысловы даклад, зроблены на замову МЗС. Вялікую дапамогу ў канкрэтызацыі пададзеных у тэкстах звестак пра беларускія арганізацыі аўтарскаму калектыву аказала ЗБС „Бацькаўшчына», што таксама ніякім чынам не адзначана ў кнізе.
Раздзелам „Беларусы ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе» (80-101) пачынаецца самая неахайная і найменш лагічная частка кнігі. Ужо на самым пачатку, дзе згадваецца наяўнасць „калоній беларусаў» у Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Францыі, Нямеччыне, у недасведчанага чытача можа скласціся памылковае ўяўленне пра наяўнасць у згаданых краінах кампактных пасяленняў нашых суайчыннікаў (што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці).
Першы тэкст у раздзеле, прысвечаны Францыі (81-85), пачынаецца са згадкі пра тое, што многія патрыёты з Беларусі — філаматы і філарэты, удзельнікі паўстанняў 1794, 1830-1831, 1863-1864 г. — знайшлі сабе паратунак у гэтай краіне. У якасці прыкладу згадваецца навучанне ў Парыжы Ігната Дамейкі ды Зыгмунта Мінейкі, аднак не пададзена ніякіх звестак пра тыя арганізацыі, што былі створаны ў Францыі выхадцамі з беларускіх земляў ад 1830-х г. Дзіўная акалічнасць, з улікам таго, што паўстанцам 1830-1831 г. і іх лёсу прысвечаны даследаванні беларускага гісторыка Вольгі Гарбачовай, якія пабачылі свет ужо ў ХХІ ст. (гэта апроч багатай польскамоўнай гістарыяграфіі па дадзенай праблеме). У тэксце згадваюцца беларусы, што трапілі ў Францыю ў выніку вайны 1812 г., а таксама беларусы-каталікі — эмігранты пазнейшых часоў. Праўда, з прыведзеных звестак абсалютна незразумела, чаму ў каталіцкую Францыю ў часе паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі „каля 35 тысяч беларусаў каталікоў» (82) перабраліся з таксама каталіцкай Польшчы.
Згадкі пра арганізаванае жыццё беларусаў у Францыі датычаць чамусьці толькі таго ж міжваеннага перыяду, інфармацыя пра які ўяўляе сабою кавалак тэксту артыкула Таццяны Папоўскай „Беларуская эміграцыя міжваеннага перыяду ў Францыі і Аргенціне», апублікаванага яшчэ ў зборніку „Беларусіка» ў 1992 г.[5]. Пры гэтым ні ў тэксце пра Францыю „Беларускай дыяспары», ні ў яе „Бібліяграфіі» гэтая публікацыя наогул не згадваецца.
Найбольш актыўнае беларускае жыццё ў Францыі паваенных часоў згадана ў кнізе толькі адным абзацам, дзе сцвярджаецца, што„у паваенныя гады была адроджана дзейнасць „Хаўруса». Праўда зараз ён мае назву „Беларускі хаўрус». Вакол яго гуртуецца галоўным чынам паваенная эміграцыя» (83). Трэба заўважыць, што дакладная назва згаданай арганізацыі, што была найбольш уплывовай у краіне ў паваенны час, гучала як Аб’еднанне беларускіх работнікаў у Францыі „Хаўрус», аднак яна не згадваецца ў раздзеле. Да таго ж, сёння гэтая арганізацыя ўжо не аб’ядноўвае паваенную эміграцыю і наогул пасля смерці яе шматгадовага старшыні Міхася Наўмовіча ў 2004 г. фактычна не дзейнічае. Таму пададзеныя пра яе звесткі ўжо не адпавядаюць рэчаіснасці.
Акрамя згаданай арганізацыі ў паваеннай Францыі важную ролю адыгрывала першая ў Еўропе Беларуская каталіцкая місія, створаная а. Львом Гарошкам. Адметнай з’явай было таксама выданне часопіса „Моладзь», якому, між іншым, быў прысвечаны выдадзены ў 2004 г. заснаваны на яго матэрыялах зборнік „Месца выданьня — Парыж», міма якога не можа прайсці знаўца беларускай эміграцыі (таксама як і міма публікацый на тэму беларускай прысутнасці ў Францыі Ігара Лялькова, імя якога наогул не згадваецца ў кнізе).
Раздзел пра беларусаў у Англіі (85-90) можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першая з іх прысвечана паваеннай беларускай эміграцыі ў Лондане. Сам стыль апавядання і шмат фактычных памылак прыводзіць да думкі, што аўтар тэксту слаба абазнаны ў праблеме. На пачатку сцвярджаецца, што„Сусветным цэнтрам інтэлігенцыі беларускай дыяспары з’яўляецца Лондан, дзе функцыянуе Асацыяцыя беларусаў Англіі. Яна стварыла тут „Беларускі цэнтр» з буйной бібліятэкай» (85). Верагодна, аўтар тэксту мала ведае пра дзейнасць Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (менавіта гэтая арганізацыя мелася на ўвазе ў цытаваным урыўку) і Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду, першы кіраўнік якой а. Чэслаў Сіповіч і быў стваральнікам не толькі Бібліятэкі імя Францішка Скарыны, але і ўсяго „беларускага цэнтра» ў паўночным раёне Лондана Фінчлі (у кнізе ён называецца „Фінглі»).
У якасці характарыстыкі паваенных эмігрантаў у Вялікай Брытаніі аўтар раздзела сцвярджае: „Нямала было сярод эмігрантаў і калабарацыяністаў, хто баяўся пераследу з боку савецкіх улад. Засталася ў Вялікабрытаніі і частка беларусаў з ліку жаўнераў польскай арміі, якія ў 1939-1942 годах знаходзіліся ў савецкіх турмах» (85). Верагодна, аўтару тэксту невядома, што менавіта былыя жаўнеры польскага войска сталі стваральнікамі паваеннай беларускай дыяспары ў Брытаніі, і гэта адрознівае яе ад усіх іншых беларускіх асяродкаў у свеце. Пры тым найбольш актыўнай часткай гэтых жаўнераў былі не тыя, што прайшлі праз савецкія лагеры, а тыя, што прыйшлі ў польскае войска пасля 1944 г. ужо на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Іншых беларускіх эмігрантаў у Вялікай Брытаніі было няшмат.
У працяг аповеду пра былых польскіх жаўнераў аўтар падае кароткія звесткі пра іх лёс у часы Другой сусветнай вайны, удзел у бітве пры Арнгайме (больш правільная назва гэтага галандскага мястэчка Арнэм) і пры Монтэ-Касіна. Праўда, генерал Уладыслаў Андэрс у тэксце названы Усеваладам, а адносна колькасных характарыстык беларускай прысутнасці ў польскім войску згадваецца „супрацоўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Йорк, ЗША) Віктар Сянкевіч», які „на падставе польскага эмігранцкагаархіваўЛондане… падлічыў, штоў брытанскім войску служыла неменш 30 тыс. беларусаў» (85). Аўтар, мусіць, не ведае, што сам Віктар Сянкевіч быў адным з тых жаўнераў і заснавальнікаў беларускага жыцця ў Брытаніі. Называць яго супрацоўнікам БІНіМа не выпадае, бо ён хоць і быў сябрам гэтай арганізацыі, але наўрад ці мог выступаць ад яе імя як супрацоўнік. А ў падліках беларусаў у шэрагах польскага войска сёння найбольш аўтарытэтныя даследаванні належаць гісторыку Юрыю Грыбоўскаму, аўтару шэрагу публікацыяў апошніх гадоў і дысертацыі на гэтую тэму.
Не адпавядае рэчаіснасці і заява, што кіраўніцтва Бібліятэкі імя Ф. Скарыны выдае „Часопіс беларускіх даследаванняў» (86-87). Гэты англамоўны часопіс — The Journal of Byelorussian Studies — афіцыйна выдаваўся ў 1965-1988 г. Англа-беларускім таварыствам, а не Бібліятэкай.
Нельга назваць дакладнай інфармацыю пра тое, што „паводле афіцыйных звестак у Вялікабрытаніі налічваецца 20 тыс. беларусаў» (87), бо гэтыя звесткі пададзены ў „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», а не з’яўляюцца дадзенымі афіцыйнай брытанскай статыстыкі.
Таксама непраўдзівая інфармацыя ўтрымліваецца ў згадцы пра „Беларускую царкву святых Пятра і Паўла грэка-каталіцкай канфесіі», якая нібыта „заснавана айцомА. Надсанам»(88). Беларускую капліцу святых апосталаў Пятра і Паўла ў Марыян-Хаўзе арганізаваў у 1948 г. а. Чэслаў Сіповіч, а не а. Аляксандр Надсан, які тады быў студэнтам Лонданскага універсітэта і святаром стаў толькі праз больш як 10 гадоў.
Не адпавядае рэчаіснасці згадка, што Англа-беларускае таварыства выдае ў Лондане з 1965 г. „Беларускую хроніку» (89). Англамоўны часопіс Belarusian Chronicle ад 1997 г. выдаваў ад імя Таварыства Гай Пікарда, і гэты часопіс не меў дачынення да ўжо згаданага „Часопіса беларусаведы» (The Journal of Byelorussian Studies), выдаванага Англа-беларускім таварыствам у 1965-1988 г.
Другая палова раздзела пра беларусаў у Англіі распавядае пра дзейнасць Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі. Гэты цікавы тэкст з’яўляецца перадрукам (зноў без зменаў i спасылак) артыкула Марыны Язневіч са зборніка праведзенай у Лондане ў 2001 г. канферэнцыі „Роля беларускай дыяспары ў развіцці і захаванні беларускай культуры»[6]. Спецыяльных публікацый пра беларускае жыццё ў Вялікай Брытаніі няшмат. Найбольш грунтоўнай можна лічыць выдадзеную ў 2004 г. манаграфію а. Аляксандра Надсана „Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус», прысвечаную асобе аднаго з найбольш вядомых беларускіх дзеячаў у гэтай краіне, чыё жыццё падаецца на шырокім фоне гісторыі Белаpyci і беларускай дыяспары. Зварот да гэтай кнігі дазволіў бы аўтару згаданага раздзела пазбегнуць шмат якіх недакладнасцяў і больш адпаведна асвятліць гісторыю і сучаснасць беларусаў у Вялікай Брытаніі.
Неадпаведнасць рэчаіснасці можна закінуць і тэксту, прысвечанаму беларусам Нямеччыны (90-94), які пачынаецца са згадкі пра беларускі цэнтр Абіхта ў г. Брэслаў. Прычым аўтар не пазначае, што гэта сённяшні польскі горад Уроцлаў.
Аповед пра арганізаванае беларускае жыццё ў Нямеччыне звязаны з падзеямі паваеннай гісторыі, калі на тэрыторыі гэтай краіны, а таксама Аўстрыі апынулася значная колькасць беларускіх уцекачоў. Тут былі створаны беларускія DP-лагеры пад апекай адміністрацыі ААН па дапамозе і рэабілітацыі — ЮНРРА (а не ІНРРА, як пададзена ў кнізе). У тэксце пра беларусаў у Нямеччыне, праўда, падаюцца часам звесткі, якія наогул не маюць ніякага дычынення да згаданай краіны. „Захоўваючы надзею на нацыянальнае адраджэнне, беларускія эмігранты ў Германіі наладжвалі культурнае ірэлігійнае жыццё. У1947 г. пачаў дзейнічаць Ватыканскі беларускі эміграцыйны камітэт. Некаторыя святары ў эміграцыі займаліся літаратурнай, мастацкай творчасцю. Напрыклад, Язэп Германовіч і Леў Гарошка многа зрабілі для папулярызацыі беларускай літаратуры ў эміграцыі, для абуджэння і захавання сярод беларусаў нацыянальнай самасвядомасці…»(92). Незразумела, якое дачыненне да Нямеччыны мела згаданая арганізацыя, бо такая ніколі не існавала ні ў Ватыкане, ні ў Нямеччыне. Пасля вайны ў Рыме сапраўды некалькі гадоў жылі беларускія святары а. Чэслаў Сіповіч, а. Леў Гарошка і а. Пётра Татарыновіч, але яны не стваралі ніякага беларускага эміграцыйнага камітэта. Тым больш дзіўная згадка ў тэксце, прысвечаным паваеннай Нямеччыне, імёнаў аа. Льва Гарошкі і Язэпа Германовіча. Першы з іх сапраўды ад лета 1944 г. да восені 1945 г. знаходзіўся ў гэтай краіне і быў адным з заснавальнікаў Беларускай Службы ў Мюнхене, аднак асноўная эміграцыйная дзейнасць а. Льва Гарошкі звязаная ўсё ж з Парыжам, Лонданам і Рымам. Айцец Язэп Германовіч яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны быў накіраваны на місійную працу ў Харбін (Кітай), дзе ў 1948 г. быў арыштаваны і да 1955 г. знаходзіўся ў сталінскіх лагерах. Толькі пасля гэтага ён змог выехаць на Захад і стала пасяліцца ў Лондане. Такім чынам, гэты дзеяч не мог мець ніякага дачынення да паваеннай Нямеччыны.
Недакладны таксама наступны абзац тэксту пра беларусаў у Нямеччыне, дзе дзіўным чынам у лік асобаў, аб’яднаных вакол газеты „Бацькаўшчына», трапіў Юрка Віцьбіч, які не толькі не ўваходзіў у склад прыхільнікаў гэтага выдання, але і быў яго актыўным крытыкам і стваральнікам антаганістычнага перыёдыка „БІС».
Навуковым адкрыццём выглядае згадка пра ўсталяванне „беларускай калоніі ў Мюнхене». «Цэнтр беларускай калоніі ў Германіі ўсталяваўся ў Мюнхене, дзе сканцэнтравалася тая частка беларускай эміграцыі, якая ў гады вайны супрацоўнічала з немцамі. Тут асела таксама частка былых ваеннапалонных. У гэтым асяроддзі доўгія гады культывіраваліся антысавецкія настроі. Актывісты Мюнхенскага цэнтра супрацоўнічалі з радыёстанцыяй „Свабодная Еўропа», удзельнічалі ў 50-70-я гады ў ідэалагічнай барацьбе паміж Захадам і Усходам. Натуральна, што і з савецкага боку да іх былі варожыя адносіны. Зараз эмацыйная афарбоўка тых падзей істотна паблекла. Непасрэдных удзельнікаў вайны там засталося нямнога, гэталюдзі ўжо досыць сталага ўзросту. Асноўную ж частку беларускай калоніі ў Германіі складаюць сёння дзеці і ўнукі ўдзельнікаў вайны. Натуральна, адрасаваць ім якія-небудзь палітычныя прэтэнзіі замінулае іх бацькоў і дзядоў было б несправядліва. Таму зараз з гэтай калоніяй спрабуюць наладзіць адносіны беларускія творчыя саюзы, ЗБС „Бацькаўшчына», тым больш, што там, у Мюнхене, назапашана нямала важных і цікавых дакументаў па гісторыі Беларусі і беларускай эміграцыі. Мясцовыя інтэлектуалы выдаюць іх у штогадовым часопісе, які называецца „Мюнхенскі беларускі зборнік»». (93). Казаць пра нейкія „калоніі» беларусаў, што былі расцярушаныя па розных рэгіёнах Нямеччыны, складана. Пераважнай большасцю гэтыя людзі нават не падтрымоўвалі сувязяў паміж сабою і не мелі грамадскіх арганізацый. У Мюнхене ж сапраўды ад 1954 г. да 1995 г. працавала беларуская служба радыё „Вызваленне» (потым „Свабода» ці „Свабодная Еўропа»). У Мюнхене ж да 1966 г. выдавалася згаданая газета „Бацькаўшчына». Акрамя таго, тут у 1950 г. быў створаны Інстытут вывучэння СССР, дзе пасля рэарганізацыі ў 1954 г. сталі працаваць некалькі беларускіх навукоўцаў. Яны выдавалі „Беларускі зборнік», цягам 1955-1960 г. выйшла 12 нумароў, частка матэрыялаў перакладалася на англійскую мову і публікавалася ў часопісе Belorussian Review (выйшла 8 нумароў у 1955-1960 г.). Пазней і дзейнасць Інстытута і, галоўнае, яго выданні спыніліся, а большасць супрацоўнікаў перабраліся ў іншыя краіны. А таму згадка пра сучасны штогадовы „Мюнхенскі беларускі зборнік» ні на чым не заснаваная, таксама як і звесткі пра міфічныя мюнхенскія архівы.
Яшчэ больш недарэчна выглядае цверджанне пра сучасную дзейнасць радыё „Свабода» ў Мюнхене. Верагодна, аўтар браў звесткі з тэкстаў пачатку 1990-х, калі паведамляе пра жыццё і дзейнасць у Нямеччыне шматгадовага кіраўніка беларускай рэдакцыі гэтага радыё Юркі Сянькоўскага (памёр пры канцы 1990-х) ды нібыта сённяшняга яе кіраўніка Вячкі Станкевіча. Разам з тым яшчэ ў 1995 г. радыё „Свабода» цалкам, разам з беларускай рэдакцыяй, перабралася ў Прагу, дзе яе кіраўніком доўгі час быў Аляксандр Лукашук.
Неадпаведная рэчаіснасці і згадка пра выданне на пачатку 1990-х „Ляймэнскага сшытка». Выдання з такой назвай не існавала. А згаданы як яго выдавец Мікола Іваноў сам зазначаў, што ў 1993 г. пад яго рэдакцыяй выйшаў апошні нумар гадавіка Інстытута беларусаведы[7] (а ніякі не „Ляймэнскі сшытак»).
Такім чынам, у раздзеле, прысвечаным беларусам у Нямеччыне, утрымліваецца шмат недакладнасцяў, а ў якасці сучасных падаюцца звесткі больш як дзесяцігадовай даўніны, што ў значнай ступені дэзарыентуе чытача.
Яшчэ адна еўрапейская краіна, прысутнасць беларусаў у якой згадваецца ў кнізе, — Чэхія (94-101). Прысвечаны ёй тэкст з’яўляецца вельмі шырокай кампіляцыяй (часам без рэдагавання цэлых абзацаў) артыкула Рыты Гаціх, апублікаванага ў зборніку конкурсных работ маладых даследчыкаў эміграцыі. З улікам выкарыстання адной з найбольш новых публікацый па тэме ў якасці абагульняльнага раздзел выглядае больш-менш арганічна і пазбаўлены хібаў папярэдніх частак. Між іншым, тут якраз падаецца інфармацыя пра пераезд радыё „Свабода» ў 1995 г. у Прагу (прычым у папярэднім раздзеле пра Нямеччыну згадвалася, што гэтая ўстанова працуе ў Мюнхене).
Тэкстам пра Чэхію завяршаецца частка, прысвечаная беларусам у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе. Па-за ўвагай стваральнікаў кнігі засталіся даволі цікавы і дзейны сёння беларускі асяродак у Бельгіі ды вельмі своеасаблівая прысутнасць беларусаў у Швецыі. З прыведзенага вышэй відавочна, што тэкст не толькі не з’яўляецца ўдалым абагульненнем хаця б беларускіх сучасных даследаванняў, прысвечаных жыццю суайчыннікаў у Еўропе, але і ўтрымлівае шмат недарэчнасцяў і недакладнасцяў, што дэзарыентуюць чытача. Акрамя таго вялікія кавалкі тэкстаў тут наогул не належаць складальнікам кнігі.
Апошняя заўвага яшчэ ў большай ступені датычыць наступных раздзелаў. Беларускія дыяспары за акіянам прадстаўлены ў асобнай частцы (102-114), дзе сабраны тэксты, прысвечаныя асяродкам у ЗША, Канадзе і Аргенціне.
Раздзел пра беларусаў у ЗША (102-109) утрымлівае невялікую гістарычную частку са статыстычнымі звесткамі, кампіляванымі з кнігі Вітаўта Кіпеля „Беларусы ў ЗША» (зноў без аніякіх спасылак). Частка пра дзейнасць паваеннай эміграцыі, праўда, напісаная хутчэй або „па матывах» згаданай кнігі, або з „шырокім цытаваннем» (без спасылак i рэдагавання) артыкула Анфісы Ляднёвай „Роля нацыянальных згуртаванняў у жыццядзейнасці беларускай эміграцыі ў ЗША»[8]. Праўда, часам у вырваных з кантэксту цытатах і пераказах можна заўважыць недарэчнасці кшталту цверджання, што мястэчка Саўт-Рывер знаходзіцца ў штаце Нью-Ёрк, а не Нью-Джэрсі, і што выключна яго жыхары-беларусы купілі 65 акраў зямлі і „пабудавалі свой культурны цэнтр і назвалі яго Белер-Менск» (106). Прычым з далейшага тэксту вынікае, што гэты цэнтр рэальна дзейнічае сёння, у той час як адпачынкавы рэсорт Белэр-Менск, набыты супольнымі намаганнямі некалькіх асяродкаў беларусаў Нью-Ёрка, Нью-Джэрсі, Канектыкута, ужо колькі гадоў як спыніў сваё існаванне. Аналагічна як не дзейнічае і згаданы далей „Полацак», дзе не выходіць ужо больш за дзесяць гадоў згаданы пры канцы раздзела аднайменны часопіс. Улічваючы тое, што частка, прысвечаная дзейнасці БАЗА і іншых арганізацый, узятая з названага артыкула Анфісы Ляднёвай, апублікаванага 15 гадоў таму, пададзеныя тут звесткі (адпаведныя рэчаіснасці свайго часу), выглядаюць дзіўна для 2006 г. Тым больш што некаторыя з іх у часе „цытавання» зведалі радыкальныя змены. Так, калі ў сваім артыкуле Анфіса Ляднёва распавядала пра гісторыю стварэння ў 1951 г. Беларускага Інстытута навукі і мастацтва, то спасылалася на адпаведны артыкул у часопісе „Запісы БІНІМ» за 1953 г. У кнізе ж „Беларуская дыяспара» ўсе звесткі адносна дзейнасці Інстытута пададзены ў цяперашнім часе, а згаданыя А. Ляднёвай больш як 50 прадстаўнікоў Інстытута ў розных краінах свету трансфармаваліся ў звыш 50 яго супрацоўнікаў. Гэтыя апошнія, паводле кнігі, як і паўстагоддзя таму, актыўна „займаюцца навуковымі даследаваннямі гісторыі і культуры Беларусі, выдаюць літаратурныя творы, арганізуюць літаратурныя вечарыны, выставы мастакоў беларускага замежжа» (107-108). Такія звесткі, што датычылі 1950-1960-х г., на 2006 г. выглядаюць занадта перабольшанымі.
Далей гаворыцца, што «з 1952 г. БІНІМ штогод выдае свае навуковыя „Запісы», якія паступаюць у многія бібліятэкі свету. Найбольш вядомымі аўтарамі з’яўляюцца В. Кіпель, Я. Запруднік, В. Сядура, А. Абрамовіч, С. Станкевіч і іншыя. Знамянальна, што менавіта тут створана найбольш поўная бібліяграфія Скарыніяны. У1990 г. выдадзены „Кароткі агляд гісторыі Беларусі», дзе нашы суайчыннікі выкладаюць свой погляд на праблемы айчыннай мінуўшчыны» (108). Аднак „Запісы БІНІМ» не з’яўляюцца гадавіком, таму на сёння выйшлі толькі 30 нумароў гэтага перыёдыка. Акрамя таго згадка ў якасці сучасных аўтараў часопіса Ўладзіміра Сядуры (1910-1997), Станіслава Станкевіча (1907-1980) і, верагодна, Антона Адамовіча (1909-1998) (які пазначаны тут як А. Абрамовіч) сведчыць пра неабазнанасць складальнікаў кнігі ў біяграфічных звестках гэтых вядомых беларускіх дзеячаў. Таксама дзіўна, што ў тэксце не названы доўгачасовы кіраўнік БІНІМа, рэдактар „Запісаў» і найбуйнейшы даследчык Скарыніяны Вітаўт Тумаш. Да таго ж, згаданае ў цытаце выданне „Кароткі агляд гісторыі Беларусі», якое насамрэч ёсць перавыданнем кнігі Пётры Рогача (псеўданім Юркі Станкевіча) 1968 г., не мае ніякага дачынення да БІНІМа. У той жа час сам Інстытут цягам дзесяцігоддзяў займаецца ўласнай выдавецкай дзейнасцю і заснаваў некалькі кніжных серый.
Цалкам жа тэкст пра беларусаў у ЗША акрамя „шырока кампілятыўнага» характару вызначаецца састарэласцю значнай часткі прыведзеных звестак ды шэрагам недакладнасцяў, якія мінімізуюць яго каштоўнасць для чытача.
Яшчэ менш каштоўны раздзел, прысвечаны беларускай Канадзе (109-110). Болей як паўстагоддзю арганізаванага беларускага жыцця ў гэтай краіне прысвечана толькі дзве старонкі „Беларускай дыяспары», прычым тэкст сам па сабе з’яўляецца недарэчнасцю. Так, у самым першым і апошнім абзацах настойліва даводзіцца думка, што беларусаў у Канадзе „паводле афіцыйных дадзеных на пачатак ХХІ ст.» жыве 10 тысяч (109-110). Цікава, што ва „Уводзінах» да кнігі фігуруюць іншыя лічбы: ад каля 110 тысяч беларусаў у паваенны час да 5115 чалавек на 2001 г., паводле звестак беларускай амбасады ў гэтай краіне.
Далей у тэксце ідзе аповед пра адну з найбольш уплывовых арганізацый — Згуртаванне беларусаў Канады. „Цэнтрам беларускага жыцця ў Канадзе з’яўляецца горад Таронта, дзе месціцца галоўны штаб Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК), які ў сучасны момант узначальвае доктар Пётр Мурдзёнак» (109). Аднак, па-першае, кіруючым органам ЗБК з’яўляецца Галоўная управа (а не штаб), па-другое, дакладнае прозвішча згаданага дзеяча Мурзёнак, а па-трэцяе, ад 2005 г. старшынём ЗБК есць Зміцер Элляшэвіч.
3 жыцця беларусаў Канады ў раздзеле коратка згадваюцца Атаўскі аддзел ЗБК, сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, канадскі БІНІМ. Надалей падаецца непраўдзівая інфармацыя, што «аб жыцці беларускай дыяспары ў Канадзе інфармуе газета „Беларускі голас» (ад сярэдзіны 2003 г. выйшла толькі пяць нумароў)» (110). Насамрэч, аўтар блытае два выданні: газету „Беларускі голас», што выходзіла ў Канадзе ў 1952-1992 г., і газету „Беларускае слова», што выдаецца ад 2002 г. і галоўным рэдактарам якой з’яўляецца прадстаўніца новай эміграцыі Віялета Кавалёва. Акрамя згадкі пра калектыў „Яваровыя людзі» ніякай іншай інфармацыі пра беларускае жыццё ў Канадзе ў кнізе больш няма. Па-за ўвагай складальнікаў засталіся асаблівасці рэлігійнага і культурнага жыцця паваеннай і сучаснай дыяспары ў гэтай краіне. Не згадана таксама і тое, што нашы суайчыннікі з’явіліся ў Канадзе яшчэ да Другой сусветнай вайны. Наогул, складальнікі кнігі не выкарысталі звестак ні з англамоўнага даследавання Янкі Садоўскага „Беларусы ў Канадзе» (Byelorussians in Canada, 1981), ні з кнігі Раісы Жук-Грышкевіч „Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча», дзе багата інфармацыі пра падзеі беларускага жыцця ў Канадзе, ні з артыкула тае ж аўтаркі ў зборніку „Культура беларускага замежжа»[9]. А таму адпаведны раздзел „Беларускай дыяспары» атрымаўся слабы і недарэчны.
Тэкст, прысвечаны беларусам у Аргенціне (110-114), значна больш грунтоўны, распавядае пра суайчыннікаў у гэтай краіне ад пачатку ХХ ст., згадвае беларускія арганізацыі міжваеннага і паваеннага часу. Сам раздзел складаецца з паслядоўна скампанаваных урыўкаў вялікай публікацыі Кастуся Шалястовіча ў „Голасе Радзімы» (1993)[10]. Адтуль ўзятыя і даволі аптымістычныя высновы пра перспектывы мясцовай беларускай дыяспары з увагі на тое, што ў нацыянальных арганізацыях адбылася змена пакаленняў. Праўда, не згадваецца, што дзеці былых эмігрантаў з Беларусі зусім не валодаюць беларускай мовай і не разумеюць яе, а змест дзейнасці таварыстваў імя М. Горкага, У. Маякоўскага і г. д. арыентаваны менавіта на зрусіфікаваную савецкую культуру, дзе было занадта мала ўласна беларускага. Акрамя таго, тэза пра тое, што сучасная беларуская эміграцыя ў Аргенціне складае 130 тысяч асобаў (чамусьці ў лік эмігрантаў уключаюць і іх дзяцей і ўнукаў), падаецца завышанай, тым больш, што паводле прыведзеных ва „Уводзінах» звестак, па стане на 2005 г. у гэтай краіне пражывала каля 7 тысяч беларусаў, і называць іх бадай што самай шматлікай беларускай дыяспарай у свеце цалкам неабгрунтавана. Між іншым, больш дакладныя і цікавыя звесткі пра беларускае жыццё ў Аргенціне можна знайсці ў публікацыях беларускага даследчыка Сяргея Шабельцава, які абараніў па гэтай тэме дысертацыю ў 2005 г. і ў ліку афіцыйных апанентаў якога быў адзін са складальнікаў „Беларускай дыяспары» Леанід Лойка.
Асобны раздзел кнігі „Беларуская дыяспара» аддадзены пад інфармацыю пра жыццё суайчыннікаў у Аўстраліі (115-125). Прычым паводле памераў гэтая частка (10 старонак) саступае толькі апісанню беларускай дыяспары ў Польшчы (20 старонак), пра ўсе іншыя краіны інфармацыі пададзена значна менш. Вылучаецца тэкст і паводле стылістыкі, бо ўтрымлівае найбольш абагульненыя высновы адносна этапаў гісторыі, сацыяльных характарыстык і асаблівасцяў беларускіх асяродкаў у Аўстраліі. Паслядоўнасць і абагульнены характар тэксту абумоўлены тым, што ён узяты без перапрацовак з адмысловага раздзела „Беларуская дыяспара ў Аўстраліі: адметныя рысы й этапы гісторыі» кнігі „Беларусы ў Аўстраліі» (аўтара гэтай рэцэнзіі), з дадаткам некалькіх кавалкаў іншых частак гэтага ж выдання[11]. Такім чынам, і гэты тэкст не мае ніякага дачынення да стваральнікаў кнігі.
Наступны раздзел „Дзяржава і грамадскія арганізацыі ў дачыненнях з беларускай дыяспарай»(126-133) утрымлівае характарыстыку сучасных дачыненняў дзяржавы з беларусамі замежжа, што праўда, у пэўнай ступені прыгладжаную, з мэтай нівеляваць супярэчнасці ў дачыненнях афіцыйнага Мінска з беларускімі арганізацыямі ў заходніх краінах (пра неўспрыманне заходнімі беларускімі суполкамі беларускіх уладаў наогул не згадваецца, што і зразумела з улікам афіцыйнага характару выдання). Хоць аўтары і сцвярджаюць, што „пытанні развіцця ўзаемаадносін дзяржавы з беларускай дыяспарай, аказання ёй дзейснай дапамогі ў задавальненні нацыянальна-культурных запатрабаванняў не занялі паўнапраўнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі» (129). У раздзеле адзначаюцца таксама асноўныя грамадскія арганізацыі, што працуюць з дыяспарай: таварыства „Радзіма» і Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына». Сярод кірункаў дзейнасці апошняй чамусьці не згадваецца адзін з вельмі істотных — выданне адмысловай кніжнай серыі, прысвечанай беларускай эміграцыі — „Бібліятэка Бацькаўшчыны». Серыя заснаваная ў 2004 г., і на сярэдзіну 2006 г. у ёй былі ўжо выдадзеныя 10 кніг з даследаваннямі, успамінамі, літаратурнымі творамі і інш., звязанымі з беларускімі дыяспарамі ў розных краінах.
Раздзел,„Арганізацыя працы з нацыянальнай дыяспарай у замежных краінах» (134-142) таксама з ліку тых, што былі ў згаданым дакладзе для МЗС. Тут разглядаецца практыка дачыненняў метраполіі з дыяспарай у Расіі, Украіне, Армеmi і Польшчы. Кароткія агляды асаблівасцяў гэтых дыяспаральных супольнасцяў і іх сувязяў з адпаведнымі краінамі ды забеспячэння іх правоў на радзімах — ці не найбольш цікавы матэрыял з усяе кнігі.
Апошні раздзел „Беларускай дыяспары» складае „Гістарыяграфія праблемы» (143-152). У тэксце асветлены асноўныя тэндэнцыі і працы беларускага эміграцыязнаўства ад пачатку 1990-х г. Праўда, аповед фактычна спыняецца на 2000 г. і больш новыя публікацыі тут не згадваюцца. Прычыну гэтай акалічнасці патлумачыць нескладана, бо ўвесь раздзел цалкам уяўляе сабою перадрук часткі вялікага артыкула Галіны Сяргеевай „Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі ХХ ст.», апублікаванага ў часопісе „Запісы БІНІМ» у 2001 г. (зноў жа ўзяты без аніякіх зменаў i спасылак на сапраўднае аўтарства). У выніку найноўшыя публікацыі ў галіне эміграцыязнаўства засталіся па-за ўвагай складальнікаў кнігі.
Цікава адзначыць, што пададзеная пры канцы кнігі „Бібліяграфія» (153-159) толькі часткова перакрыжоўваецца з папярэдняй гістарыяграфіяй. Шмат якія знакавыя эміграцыязнаўчыя публікацыі не згаданыя ў прыведзеным спісе, у тым ліку „Беларуская эміграцыя» Барыса Сачанкі, зборнікі „Культура беларускага замежжа» пад рэдакцыяй Анатоля Сабалеўскага, зборнік «З гісторыяй на „Вы»» (вып. 3), што складаўся з эміграцыйных матэрыялаў, кнігі Аляксандра Надсана „Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус», Янкі Запрудніка „Дванаццатка» і іншыя выданні, у тым ліку няма ніводнай манаграфіі з галіны эміграцыйнага літаратуразнаўства (найбольш развітага кірунку даследаванняў беларускай эміграцыі).
Большасць пазіцый у „Бібліяграфіі» ўяўляюць сабой артыкулы з часопісаў ды зборнікаў дакладаў на разнастайных канферэнцыях. Нельга не заўважыць і пэўную, характэрную і для іншых тэкстаў кнігі, недакладнасць і неахайнасць у прыведзеных бібліяграфічных апісаннях. Так, з прапанаванага спіса вынікае наяўнасць дзвюх розных кніг: Макмілін А. „Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і развіцьці беларускай культуры» (Лондан, 2003) і проста „Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры» (Мінск, 2004). Адпавядае рэчаіснасці менавіта другі варыянт. Прыведзеная ў спісе кніга Лявона Юрэвіча „Мемуары па эміграцыі: Крыніцазнаўства і даследаванне» насамрэч мела назву „Мэмуары на эміграцыі: Крыніцазнаўчае дасьледаваньне». Аўтарам успамінаў „Няясна мроіліся новыя дарогі» быў не аўстралійскі беларус Сымон Шаўцоў, як пададзена ў „Бібліяграфіі», а беларускі дзеяч з Лондана Юры Весялкоўскі. Са спісу таксама зусім незразумела, што выданні „Беларускі і беларусаведчы друк на Захадзе. Нью-Йорк. Мінск, 2003″ і „Бібліяграфія беларускага друку на Захадзе. Нью-Йорк, 2003″ (назвы ў абодвух выпадках недакладныя) з’яўляюцца дзвюма часткамі агульнай бібліяграфіі беларускага і беларусаведнага друку, першая з якіх прысвечана паасобным выданням, а другая перыёдыкам. І такіх недакладнасцяў у „Бібліяграфіі» багата.
Такім чынам, кнігу „Беларуская дыяспара: Нарысы гісторыі і сучаснага стану» нельга назваць удалым прыкладам абагульняльнай эміграцыязнаўчай працы. На яе старонках не толькі не зроблена сістэматызацыя звестак пра асноўныя дыяспаральныя супольнасці беларусаў, але і замацоўваюцца стэрэатыпныя ўяўленні пра колькасны і якасны стан беларускай грамады ў заходніх краінах. Па-за ўвагай аўтараў засталіся эміграцыязнаўчыя працы апошніх гадоў, што зрабіла шмат якія тэксты кнігі маральна састарэлымі яшчэ да яе выхаду.
Значная колькасць недакладнасцяў у тэкстах „Беларускай дыяспары», часам прымітыўны стыль аповедаў, выкарыстанне звестак больш як дзесяцігадовай даўніны дэзарыентуе чытача гэтай кнігі, стварае памылковае ўяўленне пра гісторыю і сучаснасць беларускай дыяспары. А ўлічваючы да таго ж прыклады адкрытага плагіяту на старонках выдання, можна сцвярджаць, што кніга дыскрэдытуе і саміх заяўленых яе складальнікаў, і беларускае эміграцыязнаўства, і навуку цалкам.
1 Цалкам тэкст змешчаны на сайце ЗБС „Бацькаўшчына» — http://zbsb.org/art/11.shtml
2 Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мінск,1993. С. 223.
3 Параўн. таксама: Геніюш Л. Споведзь // Геніюш Л. Выбраныятворы / Уклад., прадм. і камент. М. Скоблы. Мінск: Беларускікнігазбор, 2000. С. 311.
4 Сташкевич Н., Тихомиров А. Белорусско-молдавские отношения: прошлое, настоящее и будущее // Белорусы в Молдове. Материалы Международной научно-практической конференции, Кишинев, 6-8 октября 2001 г. Минск, 2001. С. 15-30; Поповская Т. Белорусы в Молдове: из истории формирования белорусской диаспоры // Белорусы в Молдове. Материалы Международной научно-практической конференции, Кишинев, 6-8 октября 2001 г. Минск, 2001. С. 35-42.
5 Папоўская Т. Беларуская эміграцыя міжваеннага перыяду ў Францыі і Аргенціне // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 2. Мінск, 1992. С. 173-181.
6 Язьневіч М. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі і Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лёндане — ля вытокаў дабрачыннай дзейнасьці // Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і разьвіцьці беларускай культуры. Мінск, 2004. С. 102-105.
7 Іваноў М. Гісторыя заснавання і дзейнасці беларускага музея ў Ляймэне (1982-1992) // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 5. Мінск, 1995. С. 109.
8 Ляднёва А. Роля нацыянальных згуртаваньняў у жыцьцядзейнасьці беларускай эміграцыі ў ЗША // Беларусіка =Albaruthenica. Кн. 2. Мінск, 1992. С. 167-172.
9 Жук-Грышкевіч Р. Дзейнасць канадскай дыяспары // Культура беларускага замежжа. Кн. 3. Мінск, 1994. С. 163-180.
10 Шалястовіч К. Беларусы Аргенціны // Голас Радзімы. 1993.№15—20. (30 красавіка — 6 чэрвеня).
11 Параўн.: Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. С. 158-164.