БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Akty cechów wileńskich 1495–1759. Poznań, 2006 ( Марцэлі Косман)


Akty cechów wileńskich 1495-1759. Zebrał i przygotował do druku HENRYK ŁOWMIAŃSKI przy współudziale MARII ŁOWMIAŃSKIEJ i STANISŁAWA KOŚCIAŁKOWSKIEGO. Przedmową i skorowidzami opatrzył Jan Jurkiewicz. Wydawnictwo Poznańskie, Poznań 2006. — 493 + 320 s.

У верасні 1939 г. скончылася дзейнасць добра развітага ў міжваенным часе віленскага гістарычнага асяроддзя, засяроджанага вакол універсітэта Стэфана Баторыя і Таварыства Прыяцеляў Навук, а таксама аднаго з найлепшых гістарычных часопісаў таго часу „Ateneum Wileńskiego». Восень таго года азначала канец нармальных заняткаў, абмежаванне доступу да бібліятэк, a неўзабаве і поўны адрыў ад навуковых варштатаў, у тым ліку спыненне друку не адной кніжкі[1]. Пасля вайны ў сталіцы савецкай Літвы ўсталяваўся развіты цяпер новы даследчыцкі асяродак, які наследаваў традыцыі універсітэта Вітаўта Вялікага, але чэрпаў і з даробку міжваеннага віленскага цэнтра. Даследаванні ВКЛ сталі ўсё актыўней весціся і ў Мінску, а польскія гісторыкі раскідаліся па свеце, над Віслай, Вартай і Одэрам пачынаючы ў асноўным новыя даследчыцкія тэмы[2]. З часам атрымалася збліжэнне гістарычных асяродкаў краін, што з’явіліся на абшарах першай Рэчы Паспалітай, звярнуліся і да міжваенных напрацовак, у тым ліку да прац, якія засталіся ў рукапісе або друк якіх перарваўся на стадыі карэктуры. А многія з іх, нягледзячы на час, захавалі сваю каштоўнасць, асабліва працы аўтара фундаментальных штудыяў пра пачаткі Вялікага Княства[3].

Набліжаецца чвэрць стагоддзя пасля трагічнай смерці тагачаснага нестара польскіх гісторыкаў Генрыха Лаўмяньскага (верасень 1984 г.), а ўсё выходзяць яго чарговыя працы, пачынаючы ад апошняга тома фундаментальнай сінтэзы[4]. Aўтар яшчэ паспеў падрыхтаваць працаёмкія індэксы і вычытаць карэктуру. Пасля некалькіх гадоў том яго даследаванняў па гісторыі Літвы, Прусіі і Нямецкага ордэна быў апублікаваны ў вядомай серыі „Kласікі гістарыяграфіі»[5]. У дзесятую гадавіну яго смерці Познаньскі універсітэт імя Адама Міцкевіча — другая пасля віленскай Alma mater медыявіста — арганізаваў навуковую канферэнцыю, прысвечаную жыццю і творчасці аўтара „Пачаткаў Польшчы», пад час якой спецыяльна разглядалася частка яго спадчыны, пакінутая ў рукапісах. У артыкуле на гэтую тэму гаварылася пра шэраг рукапісаў[6], некаторыя з якіх ужо апублікаваныя. Аднак не згадваліся Aktу cechów wileńskich, i ў пэўным сэнсе слушна[7], бо гэтая вялікая праца была ў 1939 г. апублікавана, хоць яна і не дайшла да рук чытачоў[8]. Затое на той жа канферэнцыі шмат увагі гэтаму выданню аддаў віленскі даследчык Зігмантас Кяўпа: „Справа Aktów cechów wileńskich застаецца не да канца высветленай, а дакладней не ўдакументаванай. Гэта крыніцазнаўчае выданне, што імпануе як аб’ёмам, так і найвышэйшым узроўнем рэдактуры. У 1-м томе на 493 старонках змешчана 487 пазіцый з перыяду 1495-1700 г., а ў 2-м томе на 200 старонках — 344 пазіцыі з 1701-1759 г. У выданне ўключаны цэхавыя прывілеі, статуты, карэспандэнцыя і іншыя багатыя матэрыялы, датычныя ўсіх віленскіх сярэднявечных і новачасных цэхаў. Гэты матэрыял сабраны не толькі ў архівах Вільні, але і ўсёй тагачаснай Рэчы Паспалітай. Друк Aktów cechów wileńskich быў перарваны пачаткам Другой сусветнай вайны. Уцалела толькі частка накладу без вокладкі. У Вільні, сярод літоўскіх гісторыкаў, Akty cechów wileńskich лічацца працай М. Лаўмяньскай. <…>

Гэтае выданне ўдалося выратаваць у ваеннай завірусе i ўберагчы пасля вайны, калі савецкі рэжым стараўся знішчаць кнігі. Засталася невялікая колькасць асобнікаў…»[9].

Збераглося некалькі дзесяткаў экзэмпляраў карэктуры, — большасць у Бібліятэцы Літоўскай АН (якая пераняла будынак і фонды даваеннай Бібліятэкі Ўрублеўскіх) дзякуючы яе тагачаснаму дырэктару акадэміку Юозасу Юргінісу (†1994), а тых, што ацалелі ў Польшчы, больш за дзесятак. У навуковы зварот яны ўваходзілі цалкам выпадкова. Пэўна, быў тэкст у бібліятэцы Інстытута гісторыі універсітэта А. Міцкевіча ў Познані, дырэктарам якога да самай пенсіі (1968) быў Генрых Лаўмяньскі, які ад 1945 г. лучыў з Познанем віленскія традыцыі[10]. Гэтым карысталіся, кіраваныя настаўнікам, найперш удзельнікі нешматлікага, але добрага вышэйшага літуаністычнага семінара[11]. Яны таксама здабывалі інфармацыю наконт рэальнага ўкладу членаў рэдакцыйнага калектыва ў падрыхтоўцы працы. На машынапісным аркушы, далучаным да тэксту, можна было прачытаць, што твор падрыхтаваў Станіслаў Касцялкоўскі пры ўдзеле Генрыха і Марыі Лаўмяньскіх.

Генрых Лаўмяньскі, хоць неахвочы да падобнага, палічыў магчымым паінфармаваць іх, што ўсё было падрыхтавана ім і яго жонкаю, вопытнай даследчыцай гісторыі Вільні XVII ст., пры супрацоўніцтве з Касцялкоўскім. Пра гэта ўспамінаў Юзаф Можы[12], і тое ж пачуў aд прафесара аўтар гэтых радкоў, калі займаўся міжканфесійнымі дачыненнямі ў ВКЛ XVI-XVIII ст.[13]. Вось жа выдавец гэтай працы Ян Юркевіч мог з поўнай перакананасцю, выкарыстоўваючы пры гэтым дакументы, звязаныя са шматгадовай працай над публікацыяй матэрыялаў віленскіх цэхаў[14], даць ёй такі тытул, які цяпер на вокладцы, аздобіць яе партрэтам Генрыха Лаўмяньскага ды канстатаваць, што гісторык быў „не тольid інспіратарам і прыхільнікам асобнага выдання цэхавых актаў (фармальна пакінутай у рамках Kodeksu miasta Wilna), але і галоўным рэалізатарам гэтага намеру»[15].

Патронам задумы цягам амаль цэлага міжваеннага дваццацігоддзя быў Станіслаў Касцялкоўскі (1881-1960), адзін з лідэраў гістарычнага асяродку ў Вільні, ад 1906 г. арганізатар сярэдняга школьніцтва ў гэтым горадзе, сузаснавальнік універсітэта Стэфана Баторыя ў 1918 г., з 1923 надзвычайны і з 1937 г. звычайны прафесар гэтага універсітэта. Ён згадваў, што каля 1922 г. у рамках тамтэйшага Таварыства прыяцеляў навук з’явілася ідэя падрыхтоўкі двух крыніцазнаўчых выданняў: 1) Codex Diplomaticus civitatis Vilnensis, 2) Codex Diplomaticus Universitatis Vilnensis. Урэшце пастанавілі сканцэнтраваць сілы на першым — гэта ініцыяваў Казімір Хадыніцкі (у 1928 г. ён перасяліўся ў Познань), „з якім галоўны цяжар падрыхтоўчай працы дзяліў др Лаўмяньскі», малады вучоны, дактарызаваны ў 1924 г., які на год выехаў у Парыж і сканцэнтраваўся на ўласных даследаваннях, вынікам якіх стаў шэраг публікацый, у тым ліку фундаментальныя штудыі пра пачаткі літоўскай дзяржавы i грамадства (Вільня, 1931/32). Але праз год праца перапынілася, a яе ўзнаўленню не спрыяла перайманне iніцыятывы Тэафілам Э. Мадэльскім, які, праўда, у 1930 г. вярнуўся ў Львоў. Як можна меркаваць, вось тады Лаўмяньскі, які быў архіварыусам Вільні (1929-1933) і з 1934 г. прафесарам УСБ, атрымаў свабоду ініцыятывы і рэалізацыі. „Узяў на сябе львіную частку працы і выконваў яе з вялікім запалам, веданнем справы і незвычайнай адданасцю ёй» — пісаў у канцы красавіка 1930 г. Kасцялкоўскі, які выконваў тады агульнае кіраўніцтва[16]. Супрацоўнікі мяняліся, a галоўны аб’ём працы ўрэшце пераняла ад яго др Марыя Лаўмяньская. Хоць шмат ужо было зроблена, да пачатку Другой сусветнай вайны працу над выданнем не паспелі завяршыць. Напэўна, перашкаджалі фінансавыя цяжкасці, бо праца — цяпер завершаная як належыць — вымагала вялізных выдаткаў.

Рэдактар дадаў да арыгінальнага тэксту прадмову (VII-XVI), у якой асвятляецца гісторыя працы над Aktami cechów wileńskich, iх змест і перыпетыі тэксту цягам апошніх сямідзесяці гадоў. За падставу эдыцыі ўзяты экзэмпляр, захаваны ў бібліятэцы Інстытута гісторыі УАМ у Познані. Захавана асобная нумарацыя старонак абедзвюх частак працы (с. 1-493 за гады 1495-1700 і с. 1-200 зa 1701-1759). Ян Юркевіч забяспечыў выданне неабходным пералікам актаў (XVII- LXXXIV), цытаваных крыніцазнаўчых выданняў i даследаванняў (LXXXV-LXXXVII), а таксама скарачэнняў (LXXXIX-XC) асабовым (асобна для кожнай часткі) i геаграфічным (разам для I i II частак) паказнікам, працягваючы пагінацыю часткі II (205-311). Замыкаецца выданне рэдактарскай заўвагай па-літоўску (Leidėjų žodis, перакл. Юозас Марцінкевічус) i aнглійскім (Editiorial Note, перакл. Рафал Віткоўскі). Пра характар цэхавых матэрыялаў ад канца XV да другой паловы XVIII ст. сведчыць мова апублікаваных дакументаў: найперш гэта лаціна, а з XVII ст. найчасцей польская. Апублікаваны матэрыял зацікавіць не толькі гісторыка (ладу, гаспадаркі, культуры, веравызнаўчых адносінаў і г.д.), aле, сярод іншых, і мовазнаўцу.

Пра тое, якую крыніцазнаўчую вартасць уяўляе апублікаваная праца для шырэйшага кола даследчыкаў, сведчаць тыя, каму ўдалося гадамі карыстацца захаванымі экзэмплярамі ў карэктуры, без індэксаў і зместу. Яна ўтрымлівае найбагацейшую інфармацыю па гісторыі Вільні эпохі Ягайлавічаў і шляхецкай Рэчы Паспалітай, асабліва датычна этнічных, гаспадарчых, грамадскіх і веравызнаўчых узаемаадносінаў. Цяпер гэтая праца зойме сваё месца каля Aktów unii Polski z Litwą i Kodeksu dyplomatycznego katedry i diecezji wileńskiej[17], — выніку старанняў кракаўскіх гісторыкаў міжваеннага часу Яна Фіялка, Станіслава Кутшэбы і Ўладыслава Сямковіча. Нагадваючы пра універсітэт Стэфана Баторыя, гэты фаліянт дазваляе ўзбагаціць варштат даследчыка гісторыі першай Рэчы Паспалітай, асабліва сталіцы ВКЛ з яе культурнай, эканамічнай і этнічнай спецыфікай. Спецыфікай, якую не заўсёды заўважаюць.
Познань

Марцэлі Косман


1 Гэтую сітуацыю вобразна апісаў прафесар Леанід Жытковіч, якіў тыя часы быў асістэнтам гістарычнага семінара. Гл.: Żytkowicz L. Moje spotkania z Profesorem Łowmiańskim // Profesor Henryk Łowmiański — życie i dzieło. Materiały z sesji naukowej poświęconej dziesiątej rocznicy śmierci Uczonego (Poznań 7-8 X 1994 r.). Podred. A. Kijasa i K. Pietkiewicza. Poznań, 1995. S. 203-209.
2 Гл.: Kosman M. Wileńscy badacze dziejów Wielkiego Księstwa Litewskiego na rozdrożu (po 1945 r.) // Ostatni obywatele WielkiegoKsięstwa Litewskiego. Praca zbiorowa pod redakcjąT. Bujnickiego i K. Stępnika. Lublin, 2005. S. 317 nn.
3 Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeсstwa i Państwa litewskiego. T. I—II. Rozprawy Wydziału III Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wilno, 1931-1932.
4 Łowmiański H. Początki Polski. T.VI. Cz. 1-2. Warszawa, 1985.
5 Idem, Prusy — Litwa — Krzyżacy. Wyboru dokonał, wstępem i posłowiem opatrzył M. Kosman / „Klasycy Historiografii»/ Podred. A. F. Grabskiego. Warszawa, 1989.
6 Ochmański J. Rękopiśmienna spuścizna naukowa Henryka Łowmiańskiego // Profesor Henryk Łowmiański — życie i dzieło.S. 30-36.
7 Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI.Zaludnienie w roku 1528. Do druku przygotowali A. Kijas i K. Pietkiewicz. Poznań, 1998; idem, Polityka Jagiellonów. Do druku przygotował K. Pietkiewicz. Poznań, 1999 (абедзве кнігі выйшліў Познаньскім выдавецтве, якое дэкляравала таксама перадрук доктарскіх прац Генрыха і Марыі Лаўмяньскіх). Апрачагэтага некалькі перавыданняў міжваеннага перыяду з’явілісяў чарговых тамах гадавіка „Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica».
8 Напэўна з гэтай прычыны, хоць на маю думку няслушна, яе неўключалі ў абедзве апублікаваныя бібліяграфіі прац ГенрыхаЛаўмяньскага: 1) Studia Historica. W 35-lecie pracy naukowej…,Warszawa, 1958. S. 7—19; 2) Słowianie w dziejach Europy. Studiahistoryczne ku uczczeniu 75 rocznicy urodzin i 50-lecia pracy naukowej…, Poznań, 1974. S. 5-22.
9 Kiaupa Z. Maria i Henryk Łowmiańscy — badacze dziejów miasta Wilna // Profesor Henryk Łowmiański. S. 65.
10 Гл.: Bardach J. Henryk Łowmiański jako badacz dziejów Litwyhistorycznej // O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 399—430. Aўтар — сведка эпохі, які ў Вільні ўдзельнічаў у семінары, якім кіраваў Лаўмяньскі, згадвае тут аб „падрыхтаванымразам з жонкай выданні Akty cechów wileńskich (надрукаваныт. I да 1700 г. i частка т. II да 1659 г.)», гл.: с. 403. Юліуш Бардах напярэдадні XXI ст. стаў гарачым прыхільнікам публікацыі гэтага твора і патранаваў ініцыятыву, рэалізаваную Познаньскім выдавецтвам.
11 Асабліва Юзаф Можы і Марцэлі Косман, — гл. спасылкі 13i 14.
12 Morzy J. Geneza i rozwój cechów wileńskich do końca XVII w //Zeszyty Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Nr 24; Historia, z. 4. Poznań, 1959. S. 3.
13 Гл.: Kosman M. Konflikty wyznaniowe w Wilnie (schyłek XVI—XVIII w.) // Kwartalnik Historyczny. R. 79. 1972. Nr 1. S. 3-23;idem, Protestanci i Kontrreformacja. Z dziejów tolerancji w Rzeczypospolitej XVI-XVIII wieku. Wrocław, 1978. S. 70-97.
14 Mатэрыялы, датычныя выдання «Kodeksu miasta Wilna 1921—1931», — Biblioteka Narodowa w Warszawie, Rps BN IV.7.
15 Akty cechów… S. XI.
16 RpsBNIV.7,k.36.
17 Гэты твор у свой час таксама выйшаў у няпоўнай версіі (Кракаў, 1932 i 1948), і амаль паўстагоддзя давялося чакаць выдання сшытка з дапаўненнямі (220 старонак) да незавершанай крыніцазнаўчай эдыцыі: Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. I (1387-1507). Indeksy. Kraków, 1994.

Наверх

Тэгі: , ,