Niendorf, Mathias. Das Großfürstentum Litauen. Studien zur Nationsbildung in der Frühen Neuzeit (Штэфан Родэвальд)
NIENDORF, MATHIAS. Das Großfürstentum Litauen. Studien zur Nationsbildung in der Frühen Neuzeit (1569-1795) (=Veröffentlichungen des Nordost-Instituts; 3), Harrassowitz Verlag Wiesbaden 2006. — 329 s., 3 Karten.
Маціяс Ніндорф стварыў грунтоўнае адмысловае даследаванне „адсутнага звяна» паміж формамі познесярэднявечных „нацыяў» (nationes) і мадэрнымі нацыямі, напісанае на самым высокім навуковым узроўні: на прыкладзе Вялікага Княства Літоўскага ён разгледзеў нацыі, мовы і канфесіі як феномены нацыятворчых працэсаў ранняга Новага часу. Зварот да ВКЛ тым больш варта вітаць, што яно, нягледзячы на такое працяглае існаванне і часам анармальныя тэрытарыяльныя памеры ды незвычайную культурную размаітасць, засталося амаль без увагі[1] па-за дзяржавамі — пераемніцамі гэтага княства. Але і ў нацыянальных гістарыяграфіях рэгіёну — толькі ў зародку такія метадычныя падыходы да шматнацыянальнай дзяржавы, якія дэманструюць абстрагаванне ад этнічных і канфесійных падзелаў.
Ніндорф засяродзіўся ў сваёй працы на ўяўленнях таго часу пра ВКЛ і яго насельніцтва. Гэты „патэнцыйна «нацыянальны» ці протанацыянальны дыскурс» супастаўляецца ім са сферай мовы і рэлігіі (19). Асноўную ўвагу аўтар аддаў першай палове ХVІІ ст., паколькі толькі тады надоўга аформіліся сутнасныя рысы развіцця грамадства ранняга Новага часу.
Напачатку Ніндорф падаў контур стварэння сярэднявечнай „nation lituanica» (23) і яе развіцця да падзелаў у канцы ХVІІІ ст. Калі польскае каралеўства (corona regni Poloniae) ва ўяўленнях рана займела абстрактнае адзінства, то Літва каля 1400 г. яшчэ разглядалася як аб’яднанае родавае ўладанне. З умацаваннем далёкіх межаў панавання, што ўсё больш ахаплялі землі, заселеныя ўсходнімі славянамі, або Русь, адбываўся працэс грамадскага і юрыдычнага размежавання шляхты і сялянства. Ён быў перадумовай фармальнага пераплаўлення + злівання „terrarum Litwaniae et Russiae» (1401) у карпаратыўнае адзінства „nationis Lithwaniae» (1501). Выключэнне духавенства з гэтага шляхецкага адзінства характарызавала ВКЛ як „пераходную зону паміж Еўропай Заходняй і Ўсходняй». Калі беларуская гістарыяграфія пачынае этнагенез беларусаў з ХІV ст., то з украінскага пункту гледжання эпоха ВКЛ ацэньваецца як чужое панаванне, што быццам змяніла пачаткі нацыянальнай украінскай гісторыі ў Кіеўскай Русі. Нарыс, прысвечаны стасаванню тэрміна „ранні Новы час» да ВКЛ, таксама выяўляе характар гэтай дзяржавы як „пераходнай» паміж Захадам і Ўсходам (43). Пры гэтым ВКЛ пасля судовай рэформы і ўвядзення інстытута шляхецкіх соймікаў прэзентуецца як „унутрана мацней арганізаваная дзяржава», чым Карона (48). Гэтую яго асаблівасць можна бачыць і ў функцыяванні кіроўнага органа яўрэйскіх грамадаў ВКЛ, што лічыўся яўрэйскім соймам. Тым не менш шляхта тут засталася пад панаваннем нямногіх магнацкіх родаў і не з’яўлялася адзінай сацыяльнай групай.
У раздзеле „Протанацыянальныя дыскурсы» („Protonationale Diskurse») аўтар даследуе „трансэтнічнае інтэграцыйнае ўздзеянне» міфаў паходжання і панавання (55). Ідэя пра сармацкае паходжанне, якая паўстала ў асяроддзі дробнага польскага шляхецтва, выявіла надэтнічны інтэграцыйны ўплыў на шляхту ўсёй Рэчы Паспалітай. Легенда пра рымскае паходжанне літоўскай шляхты дапаўнялася міфам рымскага паходжання сярод польскіх магнатаў. З іншага боку, ёй супрацьпастаўляліся аповеды пра рускае паходжанне з ўсходнеславянскіх летапісаў. Працяг усходнеславянскай дыскурсіўнай традыцыі праваслаўнымі мяшчанамі Магілёва ў кантэксце заходняй адукацыі вызначаецца як культурны сінкрэтызм. Творы Стрыйкоўскага задалі той „прымальны для ўсіх узор тлумачэнняў», які дазваляў выкласці літоўскую гісторыю без канфлікту як з заходне-, так і з усходнеславянскім мінулым (65). Культы вялікіх князёў, асабліва Вітаўта, былі надэтнічнымі. Апошні нават шанаваўся літоўскімі татарамі як „апякун ісламу» (67).
У раздзеле, прысвечаным ўспрыманню чужога і самаўспрыманню як элемента „ранненовачаснага нацыятворчага працэсу», Ніндорф на падставе хронікі Стрыйкоўскага вызначае, што чым навейшы выклад, тым больш дамінавальнымі былі сацыяльныя і канфесійныя фактары і тым меншай рабілася роля этнічных адрозненняў (76). Выявіць нейкае ўласна літоўскае ўяўленне пра „свабоду», якое адрознівалася б ад Рэчы Паспалітай, не ўдалося. Аднак асаблівае шанаванне Статута 1588 г. і правасуддзя на шляхецкіх сойміках дазваляе прызнаць існаванне ўяўлення пра сябе, якое рабіла магчымай інтэграцыі этнічна разнастайных элементаў: самаазначэнне шляхты як „ліцвіны» стала само сабой зразумелым, прычым гэта тычылася і праваслаўнай ці уніяцкай шляхты (апошняе, праўда, трэба даследаваць далей, акурат у сітуацыйных камунікацыйных кантэкстах). А самаазначэнне яўрэяў як „літвакі» ў ХІХ ст. можа ўказваць і на ранейшы падобны стан іх свядомасці (89).
Не менш разнастайным было Вялікае Княства і як „моўны ландшафт», ці „камунікацыйная прастора», хоць шматмоўнасць жыхарамі не тэматызавалася (97). Пры гэтым не выпадае гаварыць проста пра „паланізацыю», бо да ХVІІ ст. назіралася ўласна „рутэнізацыя польскага» (109). Калі потым польская мова стала мовай шляхты і пісьменнасці, не выклікаючы змены этнічнасці, то беларуская мова коштам літоўскай зрабілася lingua franca вуснай камунікацыі, нават для татараў і яўрэяў (118).
У даследаваннях канфесіятворчых працэсаў таксама высвятляецца, што яны зачаста зарыентаваныя на дзяржаўныя межы, замест таго каб разглядаць ВКЛ як цэлае. Аўтар піша пра „пераход да канфесіяналізацыі» (132) і ў праваслаўных ды яўрэяў. У адрозненне ад канфесіяналізацыйнай парадыгмы, развітай пераважна дзякуючы нямецкім прыкладам, у гэтым даследаванні разглядаецца не дзяржава, а шляхта як яе рухавік. Ніндорф апісвае тэалагічныя дэбаты як прыклады трансканфесіяналізацыі, адзначаючы пры гэтым, што іх сацыяльны абсяг абмяжоўваўся элітай. Тым не менш у „сустрэчы розных культур» ён бачыць „агульную культуру дыскусій» (155). Апошняя, аднак, не адбівалася на ідэнтыфікацыі з паняццем „Літва», якое заставалася процілеглым паняццю „Русь». Рэгіянальна і этнаканфесійна розныя правінцыі ўшаноўвалі абраз Маці Божай Троцкай як ахоўніцу Літвы, абраз Маці Божай Жыровіцкай (Regina Populi Rutheni), якая спрыяла і палітычнаму адзінству Літвы ў супрацьстаянні з Масквою, і „беларускую Чанстахову» ў Бялынічах пад Магілёвам, як і культ Казіміра ці уніяцкага святога Язафата (162-166).
Жамойтаў можна разглядаць як узорны прыклад для даследавання нацыятворчых працэсаў у межах малога рэгіёну. Выразнае адрозненне „ніжнелітоўскай» ад верхнелітоўскай мовы разам з амаль аднолькавымі тэрытарыяльнымі межамi дыяцэзіі і Жамойцкага княства маглі спрыяць развіццю асобнай зямельнай ідэнтычнасці. Аднак яе можна заўважыць толькі ў пачатковых формах. І ў гэтым рэгіянальным кантэксце Ніндорф канстатуе адсутнасць даследаванняў па сітуацыйным выкарыстанні этнічнай тэрміналогіі.
Аўтар прасочвае шляхі ўмацавання ўяўленняў пра літоўскую нацыю да першай паловы ХІХ ст., хоць яны былі „зусім не просталінейнымі» (200). Для беларускай калектыўнай самасвядомасці такое развіццё дасюль зусім не адназначнае і павінна даследавацца, асабліва ў параўнанні з украінскім кантэкстам. У літоўскім выпадку важную ролю ў ХІХ ст. выконвала дробная і сярэдняя шляхта, а не арыстакратыя. Падобна як у эстонскім і латышскім нацыянальным руху, канфесійнасць спачатку не была фактарам, што мацаваў ідэнтычнасць, бо верхнія і ніжнія сацыяльныя слаі належалі да адной канфесіі. Для ранняга Новага часу істотна прызнаць, што ў Вялікім Княстве, як і ў Жамойці, „раннія формы нацыянальнага руху», як і „зямельны патрыятызм», развіваліся „не проста адпаведна этнічным узорам» (206). Але „знешне ўзаемасупярэчлівыя арыентацыі» калектыўнай ідэнтычнасці ўласцівыя актарам і групам не толькі ранняга Новага часу, але і для ХІХ-ХХ ст. (211). Пасля рэальнай уніі, падпісанай у Любліне ў 1569 г., паўстаў самабытны літоўскі дыскурс, які абапіраўся на легендарнае рымскае паходжанне, на шанаванне правадыроў, такіх як вялікі князь Вітаўт, і ўласную прававую сістэму. Аднак з гэтага не развілося калектыўнай літоўскай самасвядомасці. У кульце Казіміра як патрона ВКЛ аўтар бачыць, праўда, супрацьвагу польскаму дыскурсу. Але, як і культ Марыі, ён не перакрочваў станавых межаў — у адрозненне ад агульнанацыянальнай мабілізацыі, што набірала моцы ў ХІХ ст. Азначэнне „шляхецкая нацыя» занадта жорсткае, каб адэкватна перадаваць як абсяг грамадскай інтэграцыі, так і тую вялікую сацыяльную дыферэнцыяцыю, што характарызавала шляхту ВКЛ. Прыклад Жамойці толькі пацвярджае гэтае назіранне: тут, як і ў цэлым ВКЛ, адбываліся інтэграцыйныя працэсы, але не ў сэнсе экспліцытнай (прота)нацыянальнай свядомасці. Замест гэтага, як паказана ў працы, у Рэчы Паспалітай развіліся культурныя і інстытуцыйныя ўзоры, якія трывала перасягалі лініі этнаканфесійных падзелаў. Згодна з наступным істотным вынікам даследавання, грамадскія працэсы ў ВКЛ не могуць прыраўноўвацца да працэсаў у польскай Кароне як аднолькавыя. Разам з далейшымі даследаваннямі формаў „нацыяўтварэння ранняга Новага часу» трэба глыбей вывучаць сінкрэтызм[2], працэсы транснацыянальнага і транскультурнага абагульнення. З улікам складанасцяў пошуку формаў „зніклай» нацыі ранняга Новага часу згаданыя трансканфесійныя працэсы і ў гэтай кнізе аказаліся на пярэднім плане. Такі вынік быў па-свойму абумоўлены, вядома ж, і выбарам этнаканфесійна разнастайнага ВКЛ як узорна даследаванага макрарэгіёну.
У сваёй надзвычай вартай працы Ніндорф з зайздроснай эрудыцыяй выкарыстаў не толькі літоўскую, польскую, беларускую, расійскую, украінскую і заходнюю гістарыяграфію, ён прапанаваў таксама істотныя пераацэнкі, зробленыя на высокім узроўні абстрагавання і на падставе вывучэння апублікаваных крыніц ды характэрных архіўных матэрыялаў. Гэтым адкрываюцца новыя перспектывы для ўсёй палітры цэнтральных накірункаў даследавання не толькі гісторыі ранняга Новага часу. Аналогіі з нацыятворчымі працэсамі іншых еўрапейскіх народаў ператвараюць кнігу ў прывабнае спецыяльнае даследаванне (Fallstudie) еўрапейскай гісторыі. Рэзюмэ на беларускай, польскай, літоўскай, рускай i англійскай мовах разам з аб’ёмным спісам выкарыстанай літаратуры аблягчаюць карыстанне кнігай. Невыпадкова вядомы варшаўскі часопіс „Przegląd Wschodni» ўзнагародзіў аўтара за лепшае замежнае даследаванне 2006 г.
Пасаў
Штэфан Родэвальд
[1] З найноўшых прац гл.: Rohdewald S., Frick D., Wiederkehr S. (Hg.). Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturel-len Kommunikationsregion (15.— 18. Jahrhundert) / Lithuania and Ruthenia. Studies of a Transcultural Communication Zone (15th —18th Centuries) (15. — 18. Jahrhundert) (=Forschungen zur osteuropäischen Geschichte 71). Wiesbaden 2007. Толькі ўсходнім славянам прысвечана: Plokhy S. The Origins of the Slavic Nations. Premodern Identities in Russia, Ukraine and Belarus. Cambridge etc., 2006.
[2] Гл.: Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15.—18. Jahrhundert), даклад Ніндорфа на с. 303-330.