Testamenty Jana, Tomasza i Jana „Sobiepana” Zamojskich. Opr. W. Kaczorowski (Марцэлі Косман)
Testamenty Jana, Tomasza i Jana „Sobiepana» Zamojskich. Opracował WŁODZIMIERZ KACZOROWSKI. Wydawnictwo Uniwersytetu Opolskiego. Opole, 2007. — 107 s.
Старапольскія тэстаманты з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па гісторыі палітычнай, гаспадарчай, культурнай, веравызнаўчай і іншай, таму не дзіўна, што яны даўно выклікалі вялікую цікавасць, хоць няшмат такіх помнікаў было камплектна выкарыстана ў даследаваннях, і асабліва апублікавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі археаграфічных выданняў. Таму цяпер выходзяць вартыя даверу выданні тых помнікаў, якія да гэтага часу былі вядомыя з эдыцый XIX в. (пераважна сумнеўнай якасці), або яшчэ зусім невядомыя, здабытыя ў архівах. Mожам згадаць выдатную, не пазбаўленую літаратурнасці публікацыю помнікаў ВКЛ другой паловы XVII ст. у апрацоўцы Mалгажаты Баркоўскай (Dekret w niebieskim ferowany parlamencie. Wybór testamentów z XVII—XVIII wieku. Kraków, 1984) ці выданне кальвінскіх тэста-мантаў таксама з-пад знаку Пагоні ў падрыхтоўцы Уршулі Аўгустыняк (Testamenty ewangelików reformowanych w Wielkim Księstwie Litewskim. Warszawa, 1992). З абшараў Малапольшчы назавем падрыхтаваныя Aннай Фальнёўскай-Градоўскай Testamenty szlachty krakowskiej w XVII—XVIII wieku (Kraków, 1977). Прыклады можна было б множыць, дастаткова паглядзець спецыяльныя часопісы на чале з неацэнным „Адраджэннем і Рэфармацыяй у Польшчы».
Пачэснае месца займаюць тэстаманты асобаў з першых старонак вялікай гісторыі, асабліва найзначнейшых прадстаўнікоў галоўных родаў у абедзьвюх частках Рэчы Паспалітай да яе падзелаў. Да іх несумненна належаць Замойскія герба Еліта (Jelita). Праўда, лінія канцлера, звязаная з творцам іх магутнасці ў гады панавання Стэфана Баторыя, хутка вымерла (у трэцім пакаленні, a па кудзелі — у чацвёртым, што рэпрэзентаваў толькі кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі, які пайшоў са свету без нашчадкаў), аднак яе ардынацыі і традыцыі заснавальніка трывала — хоць з ляскатам зброі — перанялі крэўныя з іншай лініі роду, што культывуюць іх да гэтага часу. Праявай піетызму да гістаpычнага ўшанавання месца і роду сталі ўрачыстыя святкаванні 400-годдзя заснавання Замосця (1980) і такой самай гадавіны смерці яго заснавальніка (2005). У рамках абодвух адбыліся навуковыя канферэнцыі і музейныя выставы. Плёнам першага стала прыгожая кніжка пад рэдакцыяй Ежы Кавальчыка Czterysta lat Zamościa (Wrocław, 1983) (у святкаванні першапланавую ролю выконваў апошні ардынат, таксама Ян, чалавек вельмі разважлівы ў ацэнцы мінулага, у т. л. уласных продкаў), a публікацыю плёну другой, можа занадта аб’ёмную, цярпліва чакаем некалькі гадоў. Узяўшы ўдзел у абодвух святкаваннях, я высока ацэньваю ix навуковы ўзровень, а таксама спалучанасць з выставамі i выданнямі, як і выгляд горада, рэнесансовага ў сваім першапачатковым кшталце.
Заслугоўвае ўхвалення арыгінальная канцэпцыя выдання і яе рэалізацыя. Усё ўспрымаецца выдатна, і дакументальны баласт (каля 600 спасылак) не ўскладняе, а наадварот — аблягчае чытанне, асабліва пры тлумачэнні лацінскіх ці старапольскіх выразаў. Каментары выкананы салідна і кампетэнтна. Пасля аб’ёмнага ўступу, у якім пададзены клімат эпохі (7-26), публікуюцца тэстаманты канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Сарыуша Замойскага, яго сына Тамаша і ўнука Яна, званага Сабепанам (27-99). Чытанне аблягчаюць індэксы асоб і мясцовасцяў, як і спасылкі, у якіх апрача бібліяграфічных звестак змяшчаюцца пераклады лацінскіх выразаў і фраз, аздабляюць жа яго пяць каляровых ілюстрацый — фота трох паноў Замосця і месца ix вечнага спачыну ў мясцовай калегіяцыі, што стала катэдрай біскупа. Выданне, такім чынам, спалучае навуковы змест з атракцыйнаю формаю і прызначана не толькі для вузкага кола прафесіяналаў.
Выдавец не захапіўся постаццю канцлера і вялікага гетмана кароннага, адмовіўшыся ад лёгкага шляху, якім было б далучэнне да найбагацейшай літаратуры, прысвечанай яму, і прыняцце стаўлення да яго як да Яна Вялікага. Наадварот, Ян Замойскі патрактаваны тут усебакова, але сінтэтычна. Затое параўнальна шмат месца прысвечана менш вядомай асобе, а менавіта яго адзінаму сыну Тамашу, таксама вялікаму канцлеру кароннаму. Пры гэтым выдавец пераканаўча паказаў прычыны яго параўнальна меншай прысутнасці на старонках вялікай гісторыі. Хацеў бы асабліва падкрэсліць наватарскі характар той часткі ўступу, якая звязана з біялагічным вымярэннем біяграфіі Янавага адзінца, яго пастаяннымі клопатамі пра здароўе, a гэтым самым i прывід сталай пагрозы смерці. Гэтаксама па-майстэрску акрэслена постаць прадстаўніка трэцяга пакалення ардынатаў, Яна Сабепана: сандамірскі ваявода не ззяў у гісторыі XVII ст., і калі досыць шырока вядомы, то дзякуючы выдатнай літаратурнай візіі, створанай Генрыкам Сянкевічам на стронках другой часткі трылогіі, аўтар якой патрактаваў героя з сімпатычнай паблажлівасцю.
Уступ да выдання з’яўляецца цікавым, наватарскім даследаваннем, якое значна пераўзыходзіць дагэтуляшнія ўстаноўкі літаратуры прадмета, якую Ўладзімір Качароўскі багата цытуе ў 83 спасылках як на крыніцы (тут асаблівае месца займае хроніка Базыля Рудаміча, сапраўднае радовішча інфармацыі пра Замосце сярэдзіны XVII ст., цяпер лёгка даступная дзякуючы крытычнаму двухтамоваму выданню ў перакладзе з лацінскага арыгінала на польскую мову Efemeros czyli Diariusz prywatny pisany w Zamościu w latach 1656-1672 (Lublin, 2002)), так і на спецыяльныя працы, даўнейшыя і найноўшыя.
Выданне ўключае тэстамант вялікага канцлера 1600 г. разам з запаветным надпісам наступнага года, два тэстаманты Tамаша Замойскага (1633 i 1637 г.) і адзін тэстамант Сабепана, складзены ў 1665 г. перад абліччам смерці, за чатыры дні да скону, калі ўжо цяжка было гаварыць пра разумовую прытомнасць.
Напрыканцы не магу не сказаць колькі слоў пра выдаўца, бо ўжо не адно дзесяцігоддзе ўважліва назіраў за яго навуковым развіццём, — ад пары, калі быў дактарантам да моманту, калі стаў вядомым прадстаўніком польскай гістарыяграфіі, а сёння з’яўляецца напэўна яе вядучым дзейным даследчыкам старапольскай эпохі (хоць у сваіх працах значна выходзіць за яе межы) на Апольскім універсітэце, найлепшым вучнем Яна Серадыкі і прадаўжальнікам яго даследаванняў парламентарызму. Спалучае кампетэнцыі гісторыка палітычнай культуры і даследчыка гісторыі медыцыны. Навуковы даробак Уладзіміра Качароўскага складаюць шматлікія публікацыі, ад вялікіх манаграфій да грунтоўных артыкулаў, рэцэнзій і нарысаў папулярнага характару. Ёсць сярод іх шэраг выданняў крыніц (у тым ліку кніжных) эпохі Вазаў. Няма тут месца іх пералічваць, але можна з упэўненасцю сцвердзіць, што ранейшыя творчыя дасягненні даследчыка ўвасобіліся ў рэцэнзаваным выданні тэстамантаў.
Познань
Марцэлі Косман