БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Gil, Andrzej. Chelmska diecezja unicka 1596–1810 (Святлана Марозава)


GIL, ANDRZEJ. Chelmska diecezja unicka 1596-1810. Dzieje i organizacja. Lublin: Instytut Europy ŚrodkowoWschodniej, 2005. — 338 s.

У канцы ХVI ст. на абшарах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, дзе цяпер раскінуліся Польшча, Літва, Беларусь і Ўкраіна, адбылася шматзначная паводле сваіх наступстваў сустрэча-сутыкненне двух культурна-рэлігійных светаў — заходне- і ўсходнехрысціянскага. Праявы і вынікі гэтай сустрэчы да сённяшняга дня адчувальныя ў розных сферах грамадскага жыцця рэгіёну. Таму Берасцейская царкоўная унія 1596 г., гісторыя уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы і яе асобных тэрытарыяльна-адміністрацыйных структур здаўна адносяцца да ліку ключавых даследчыцкіх праблем у беларускай, украінскай, польскай гістарыяграфіі, з’яўляюцца прадметам вострых навуковых і пазанавуковых дыскусій.

Кніга польскага даследчыка доктара габілітаванага Анджэя Гіля адкрывае выдавецкую серыю „Studia i Materiały do dziejów chrescijaństwa wschodniego w Rzeczypospolitej», распачатую Інстытутам Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы ў Любліне. У манаграфіі на матэрыяле Холмскай епархіі аналізуюцца культурна-рэлігійныя працэсы, што цягам больш чым двух стагоддзяў адбываліся на польска-беларуска-ўкраінскім і шырэй — на лаціна-візантыйскім цывілізацыйным памежжы.

Пры наяўнасці значнай літаратуры, прысвечанай асобным аспектам гісторыі Холмскай Русі, праваслаўнай і уніяцкай цэркваў на Холмшчыне, уніяцкая епархія, у адрозненне ад сваёй праваслаўнай папярэдніцы[1], да апошняга часу не мела грунтоўнай манаграфіі. Новая праца А. Гіля — першая ў сучаснай гістарыяграфіі спроба паказу Холмскай уніяцкай епархіі як буйнога феномена ў гістарычным, рэлігійным і грамадскім вымярэнні.

Манаграфія складаецца з трох раздзелаў. Першы прысвечаны гісторыі, другі — арганізацыі, трэці — манаству Холмскай епархіі. Кожны раздзел ахоплівае адрэзак часу з 1596 да 1810 г. Не выклікае сумнення як пачатковая дата даследавання 1596 год, калі фактычна пачалося існаванне Холмскай уніяцкай епархіі. Перастала ж існаваць епархія ў 1785 г. Таму абранне 1810 года ў якасці другой цэзурнай мяжы хоць і можна прызнаць слушным, але гэта не выглядае пераканаўча аргументаваным.

У гісторыі Холмскай уніяцкай епархіі за акрэслены час А. Гіль вылучае наступныя перыяды: 1) 1596-1720 г. (перыяд стварэння і зацвярджэння уніі), 2) 1720-1772 г. (паўстагоддзя спакою), 3) 1772-1810 (час пералому). Кожнаму перыяду прысвечана асобная глава ў кожным з трох раздзелаў манаграфіі. Асаблівая ўвага звернута аўтарам на тыя праблемы, што заставаліся па-за сферай інтарэсаў даследчыкаў: утварэнне уніяцкай епархіі, яе тэрытарыяльная арганізацыя, дзейнасць у ХVII ст., узаемаадносіны уніі з праваслаўем і рымскім каталіцызмам на тэрыторыі епархіі і інш.

Паказ гісторыі і арганізацыі Холмскай уніяцкай епархіі грунтуецца на вялікай колькасці дакументаў і матэрыялаў, выяўленых аўтарам у архівах і рукапісных аддзелах бібліятэк Расіі, Украіны, Польшчы, а таксама ўзятых з дакументальных публікацый ХІХ-ХХ ст. Спіс выкарыстаных у даследаванні крыніц і літаратуры займае 28 старонак кнігі!

Гістарыяграфічны аналіз праблемы прывёў А. Гіля да высновы: пры несумненнай цікавасці да гісторыі веравызнанняў і значным павелічэнні колькасці літаратуры па гэтай тэме гістарыяграфія гісторыі „польска-рускага» памежжа вельмі сціплая. Для многіх гісторыкаў і цяпер аснова даследавання — расійскія выданні крыніц, ажыццёўленыя ў XIX — пачатку ХХ ст., і гэткая ж літаратура прадмета. Многія працы маюць папулярны, палемічна-апалагетычны або мартыралагічна-патрыятычны характар і ў канчатковым выніку дэфармуюць вобраз уніяцтва і праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Між тым, як слушна заўважае А. Гіль, сёння навуцы патрэбны даследаванні крыніцазнаўчага, метадалагічнага, тэрміналагічнага, аналітычнага і сінтэтычнага характару. Усе гэтыя характарыстыкі прысутнічаюць і ўдала спалучаюцца ў яго манаграфіі.

Справы і падзеі ў Холмскай епархіі цікавыя для даследчыка гісторыі Беларусі найперш тым, што яе часткай былі этнічныя беларускія землі Падляшша, якія цяпер знаходзяцца ў складзе Рэспублікі Польшча. Але яшчэ ў большай ступені каштоўнасць працы А. Гіля для беларускага гісторыка абумоўлена паказаным у ёй шырокім гістарычным фонам (міждзяржаўныя і міжканфесійныя стасункі, сітуацыя ў Кіеўскай мітраполіі і інш.), у які ўмела ўпісана гісторыя Холмскай уніяцкай епархіі. Кніга цікавая таксама аўтарскімі развагамі, ацэнкамі, здагадкамі, параўнаннямі — г. зн. аналітыкай — пры захаванні даследчыкам дастаткова аб’ектыўнай навуковай пазіцыі.

Ідучы на унію з рымскім касцёлам, кіраўніцтва Кіеўскай мітраполіі не намервалася, як дапускае А. Гіль, ствараць новую рэлігійную супольнасць. Новая царква са сваёй тэрыторыяй дзейнасці, унутранай структурай, ерархіяй, клірам, вернікамі і эклезіялагічнай адметнасцю склалася насуперак намерам ініцыятараў Берасцейскай уніі. У перыяд апагея сваёй гісторыі (другая палова ХVIII ст.) гэтая царква налічвала каля 950 прыходаў і больш за 4,5 мільёнаў вернікаў. Узрастаючы на глебе працэсу фармавання дзвюх народнасцяў — украінскай і беларускай, — уніяцкая царква стала ў XVII-XVIII cт. адным з элементаў, якія вызначалі рэлігійны і грамадска-палітычны лад Рэчы Паспалітай. Яе прыхільнікі мелі выразнае пачуццё адметнасці ад іншых.

Гісторык спрабуе абвергнуць шматлікія міфы і стэрэатыпы, якія назапасіліся вакол пытання аб сутнасці уніяцкай царквы. Сярод іх найбольш папулярным у гістарыяграфіі з’яўляецца сцвярджэнне аб лацінізацыі, акцыдэнталізацыі і паланізацыі (рускі варыянт — апалячванні) уніяцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. Аўтар манаграфіі падкрэслівае, што праваслаўная царква Кіеўскай мітраполіі ў XVII ст., асабліва ў часы знаходжання на мітрапаліцкай кафедры Пятра Магілы (1632-1647), таксама была моцна ўключана ў працэс рэцэпцыі заходніх узораў i ў гэтым істотна не адрознівалася ад уніяцтва. Дадзеная акалічнасць, аднак, не перашкаджала абедзвюм цэрквам захоўваць сваю адметнасць.

3 трох раздзелаў манаграфіі, якія вызначаюцца выключнай навуковай грунтоўнасцю, найбольшую нашу ўвагу прыцягнуў першы, дзе асвятляецца гісторыя Холмскай епархіі ў 1596-1810 г.

Раздзел пачынаецца кароткім аглядам гісторыі Холмскай праваслаўнай епархіі ад пачатку хрысціянізацыі Холмшчыны ў Х-ХІІ ст. да Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. Канстатуецца, што Холм стаў цэнтрам епархіі ў 1236 г. з волі галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча.

Аўтар сцвярджае, што ідэя уніі з лацінскім касцёлам у Холмскай епархіі з’явілася ў 40-50-я г. ХІІІ ст. Гэта было звязана як з намаганнямі папства ўплываць на падзеі ва Ўсходняй і Паўднёвай Еўропе (да прыкладу, хрышчэнне і каранацыя ў 1253 г. Міндоўга), так і мангольскай пагрозай Русі. Але тады унія не была рэальна ажыццёўлена. 1439 год, паводле слоў А. Гіля, прынёс чарговы унійны эксперымент, які на гэты раз меў больш шырокі еўрапейскі маштаб. Аднак і Фларэнційская унія сустрэла ў Польшчы шэраг цяжкасцяў. Хоць кіеўскі мітрапаліт Ісідар, які падпісаў акт уніі, па дарозе з Фларэнцыі наведаў Холм, ніякіх сведчанняў аб праявах у Холмскай епархіі Фларэнційскай уніі няма.

Другая палова ХV і амаль усё XVI ст. паказаны як надзвычай цяжкі час для Холмскай епархіі: набіраў сілу лацінскі касцёл, нарадзіўся пратэстантызм, праваслаўную царкву агарнуў унутраны крызіс.

Паводле дадзеных А. Гіля, напярэдадні Берасцейскай уніі Холмская епархія ахапіла тэрыторыю каля 18 тыс. кв. км i раскінулася на памежжы Польшчы, Украіны і Беларусі. Яна падзялялася на 12 пратапопій, налічвала каля 420-440 прыходаў і мела 8 манастыроў.

Наступныя старонкі манаграфіі прысвечаны заключэнню Берасцейскай уніі і яе рэцэпцыі ў 1596-1604 г. Тут цікавасць выклікае аўтарскае бачанне прычын уніі. Другая палова ХVI ст., як даказвае даследчык, характарызуецца ўзмацненнем з’яў, непажаданых з пункту гледжання інтарэсаў і перспектыў рускай царквы ў Рэчы Паспалітай.

Перш за ўсё гэта згасанне дынастыі Ягайлавічаў, якая на працягу двух стагоддзяў выпрацавала пэўны тып узаемаадносінаў з праваслаўем, што дазваляла царкве выжыць без вялікай страты сваіх пазіцый і нават структурна развівацца. Згасанне дынастыі пацягнула за сабой змену мадэлі дзяржавы, яе тэрытарыяльнага ўладкавання. Для Холмскай епархіі гэта азначала далучэнне ў 1569 г. Валыні і Падляшша да Кароны.

Эпоха выбарных каралёў не спрыяла правядзенню ў Рэчы Паспалітай узгодненай палітыкі адносна праваслаўя. Занадта шмат тут было паспешлівых дзеянняў, непрадуманых імправізацый. Акрамя таго, не было адзінага цэнтра, які б выступаў у веравызнаўчых пытаннях ад імя ўсёй дзяржавы. Многія з магнатаў і нават драбнейшых землеўладальнікаў з меркаванняў прэстыжу або сямейных, гаспадарчых ці палітычных разлікаў рэалізоўвалі ўласныя інтарэсы адносна царквы, дэманструючы пры гэтым цэлую гаму пазіцый.

Не на карысць праваслаўнай царквы складвалася міжнародная сітуацыя, у прыватнасці, адносіны Рэчы Паспалітай з Расіяй і Турцыяй — краінамі, дзе праваслаўе адыгрывала вялікую ролю. Рэч Паспалітая ў барацьбе з гэтымі дзяржавамі адстойвала сваё права на існаванне. Не дзіўна, што кантакты праваслаўных Рэчы Паспалітай з іх аднаверцамі ў Расіі і Асманскай імперыі выклікалі ўсеагульнае падазрэнне. Тым часам стан праваслаўных цэркваў там характарызуецца аўтарам як крызісны. Канстанцінопальскі патрыярхат, змучаны ўнутранымі супярэчнасцямі і барацьбой за ўладу паміж амбітнымі ерархамі, усё больш трапляў у залежнасць ад волі турэцкага султана, страчваў аўтарытэт і статус духоўнага лідэра праваслаўнага свету. Не лепш было і ў Маскоўскай дзяржаве. Стварэнне ў 1589 г. Маскоўскага патрыярхату насуперак царкоўным звычаям і канонам зусім не сведчыла пра добрыя ўмовы існавання тамтэйшай царквы. Поўная залежнасць ад свецкай улады і падпарадкаванне ўласных інтарэсаў дзяржаве ператварала царкву ў частку адміністрацыйна-кіраўнічага апарату, вымушала яе служыць інтарэсам царскай імперыі і дынастыі.

Не разглядаючы дэталёва абставіны прыняцця часткай праваслаўнай ерархіі Рэчы Паспалітай царкоўнай уніі з Рымам (яны добра асветленыя ў навуковай літаратуры), даследчык больш падрабязна спыняецца на „холмскай ніці» гэтага сюжэта. Ён падкрэслівае, што палітыка патрыярхаў — антыахійскага Іахіма і канстанцінопальскага Ярэміі ІІ — адносна стасункаў паміж клірам і свецкімі людзьмі цалкам змяніла становішча епіскапаў, над якімі вяршэнства атрымалі брацтвы. Брацтвы, якія займалі незалежную ад холмска-белзскага епіскапа Дыянісія Збіруйскага пазіцыю, былі i ў Холмскай епархіі — у прыватнасці, у Любліне і Краснаставе. Не дзіўна, што ўладыка Дыянісій уключыўся ва унійныя захады іншых праваслаўных іерархаў Рэчы Паспалітай, якія адчулі пагрозу з боку падтрыманых канстанцінопальскім патрыярхам брацтваў, якія набіралі сілу.

На думку А. Гіля, патрэбай дня стала ўнутраная рэформа праваслаўнай царквы, што змяніла б нізкі грамадскі і палітычны статус яе ерархіі і духавенства. Але ў Рэчы Паспалітай не было такой сілы, якая павысіла б статус епіскапаў пры захаванні імі вернасці праваслаўю. Свецкія праваслаўныя асяродкі, галоўным прадстаўніком якіх быў кіеўскі ваявода князь Канстанцін Астрожскі, па розных прычынах паступова страчвалі сваё значэнне, і ў 20-30-я г. ХVII ст. іх месца абаронцаў праваслаўя заняло ўкраінскае казацтва. На фоне рэфармаванага Трыдэнцкім саборам лацінскага касцёла праваслаўная царква ўсё больш страчвала сваё значэнне, а меры яе выратавання, прапанаваныя брацтвамі, не маглі быць прынятыя епіскапатам.

3 пункту гледжання значнай часткі праваслаўнай ерархіі Рэчы Паспалітай унія з Рымам стала ў 90-я г. ХVI ст. непазбежнай. На думку даследчыка, тэарэтычна ёй маглі быць проціпастаўлены дзве альтэрнатывы: 1) змена ўнутранага ладу Рэчы Паспалітай з ураўнаваннем праваслаўных (ужо тады пераважна сялян і гараджан) у правах з каталікамі; 2) падпарадкаванне ўладзе праваслаўнага манарха (у разлік, відавочна, уваходзіў толькі маскоўскі цар). Зразумела, у рэчаіснасці ўвасабленне гэтых альтэрнатыў у тых умовах было немагчымым.

Анджэй Гіль аспрэчвае тэзу сучасных расійскіх гісторыкаў (у прыватнасці, А. Турылава і Б. Флоры) аб тым, што рэформа рускага праваслаўя ў Рэчы Паспалітай у канцы ХVI ст. была магчымай з апорай на ўнутраны патэнцыял самой царквы, без звароту да Рыма; а значыць, рашэнне часткі ерархаў аб уніі было не толькі непатрэбным, але і шкодным па сваіх выніках і для праваслаўнай, і для уніяцкай царквы. Паводле расійскіх гісторыкаў, заангажаванасць на баку уніятаў дзяржавы (у асобе караля Жыгімонта ІІІ і часткі палітычнай эліты) і касцёла (папства, часткі лацінскай ерархіі Рэчы Паспалітай) не ўзмацніла уніяцкай царквы, а наадварот аслабіла і негатыўна паўплывала на яе развіццё. Праваслаўе ж, пазбаўленае пратэкцыі гэтых самых сіл, змагло ажыццявіць у часы Пятра Магілы глыбокую рэформу і напярэдадні Хмяльніччыны выступіла больш скансалідаваным. Так, згаджаецца А. Гіль, як ні парадаксальна, думка аб рэформе, якая выношвалася ў праваслаўных асяродках у канцы ХVI ст., была сапраўды рэалізавана П. Магілам у 30-40-я г. ХVII ст. Але расійскія даследчыкі, лічыць аўтар, ігнаруюць тое, што гістарычныя сітуацыі, аддзеленыя паміж сабой некалькімі дзесяцігоддзямі, непараўнальныя.

На думку А. Гіля, у новых гістарычных умовах уніяцкая ідэя магла з’явіцца ў Холмскай епархіі ў 60-я г. ХVІ ст. Падпісанне холмскім епіскапам Дыянісіем Збіруйскім 8 кастрычніка 1596 г. на Берасцейскім царкоўным саборы акта уніі з’явілася афіцыйным пачаткам існавання Холмскай уніяцкай епархіі, а сам Збіруйскі стаў тут першым уніяцкім уладыкам.

Берасцейская унія, хоць яе творцы і апелявалі да галоўных пастаноў Фларэнційскай уніі 1439 г., істотна адрознівалася ад усіх папярэдніх спробаў царкоўнага аб’яднання, сцвярджае А. Гіль. Калі рэалізацыя паразумення Рыма і Візантыі 1439 г. магла прывесці да ўтварэння ў Польшчы i ВКЛ двух раўнапраўных хрысціянскіх веравызнанняў, то Берасцейская унія была актам роспачы праваслаўных уладык перад нарастаннем неспрыяльных фактараў як у самой царкве, так і вакол яе. Берасцейскую унію, на думку гісторыка, нельга трактаваць як паразуменне двух раўнапраўных бакоў. Бадай, ніхто тады не меў ілюзіі, які бок у тым выпадку быў слабейшым.

Сапраўды, бачанне уніі Рымам было іншае, чым мясцовай праваслаўнай царквой. Папства трактавала унію не як пагадненне роўных, а як простае далучэнне, інкарпарацыю, паглынанне праваслаўнай царквы. Аднак варта мець на ўвазе, што унія ўсё ж не была капітуляцыяй праваслаўных перад рэальнасцю. Епіскапат пайшоў на унію як роўны партнёр, пазбаўлены комплексу непаўнавартасці сваёй царквы перад рымскай. Ён заключыў яе з надзеяй вярнуць сваёй пагарджанай царкве даўнюю славу, абараніць яе аўтарытэтам папства, узмацніць прававы статус праваслаўнага насельніцтва і духавенства і ўберагчы „рускую» шляхту ад пераходу ў лацінства і ад апалячвання.

Даследчык звяртае ўвагу на тое, што акт Берасцейскай уніі, хоць і падпісаны холмскім епіскапам ад імя ўсіх вернікаў, не меў юрыдычнай сілы, каб змусіць іх кінуць праваслаўе. Такім чынам, з заключэннем уніі праваслаўе ў Холмскай enapxii не знікла. На думку аўтара, вернікі епархіі спачатку ў поўнай меры не ўсведамлялі значэння і наступстваў унійнага акта. Гісторык вылучае тры сацыяльныя групы вернікаў паводле іх уплыву на лёс уніяцкай царквы. Шляхта ўплывала на ход падзей, выказваючы свае настроі на соймах і сойміках. Мяшчанства давала волю свайму незадавальненню праз хваляванні і сумятні. Сяляне маглі выказваць свае адносіны толькі ў выпадку сацыяльных выбухаў i адкрытых ваенных канфліктаў, што неаднаразова і мела месца ў ХVII ст. Пазнейшыя падзеі паказалі, што ў Холмскай епархіі галоўным абаронцам праваслаўя аказалася рускае мяшчанства, якое мела апору ў створаных ім брацтвах. Брацтвы, як адзначаецца ў манаграфіі, засталіся галоўнымі абаронцамі праваслаўя ў Кіеўскай мітраполіі.

Аўтар прыходзіць да высновы аб своеасаблівай раздвоенасці Холмскай епархіі пасля 1596 г. Як і ў Кіеўскай мітраполіі ў цэлым, тут сталі дзейнічаць дзве царквы, кожная з якіх прэтэндавала на прадстаўніцтва ўсіх вернікаў. Прававое становішча і новапаўсталай уніяцкай, і праваслаўнай царквы, дзейнасць якой была гарантавана ў ХVI ст. шматлікімі агульнадзяржаўнымі і мясцовымі прывілеямі і якая працягвала існаваць, заставалася неакрэсленым. Ад 1596 г. да 60-70-х г. ХVII ст. Холм быў сталіцай дзвюх епархій, праваслаўнай і уніяцкай, кожная з іх, паводле ўласнай трактоўкі права, лічыла сябе адзіна законнай, якая ў поўнай меры наследуе усе юрыдычныя акты да 1596 г.

Галоўным месцам веравызнаўчых, пераважна праваслаўна-уніяцкіх, спрэчак у першыя пасляберасцейскія гады быў сойм Рэчы Паспалітай. Немагчымасць дасягнення бакамi кампрамісу даследчык тлумачыць тагачаснай палітычнай сітуацыяй, атмасферай падазрэнняў і ўзаемных абвінавачванняў.

У рэцэнзаванай працы слушна заўважана, што ў адрозненне ад Вялікага Княства Літоўскага, дзе на карысць уніі дзейнічала актыўная група магнатэрыі (троцкі, з 1604 г. менскі ваявода Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка; канцлер ВКЛ Леў Сапега; наваградскі ваявода Фёдар Скумін-Тышкевіч), на рускіх землях Кароны не было значнай падтрымкі ад гэтага асяроддзя для уніяцкай царквы. Такая асаблівасць, паводле меркавання А. Гіля, магла быць звязана са значным уплывам на тэрыторыі Ўкраіны князя Канстанціна Васіля Астрожскага. Не трэба забывацца і пра тое, што тры каронныя епархіі не прынялі уніі — Пярэмышльская, Львоўская і Луцкая. Наўрад ці холмскі епіскап Д. Збіруйскі ўсведамляў значнасць і магчымыя наступствы ўзнятай ім на Берасцейскім саборы справы. А. Гіль лічыць, што большасць падпарадкаванага яму духавенства і вернікаў пасля 1596 г. засталася пры праваслаўі або прыняла унію фармальна. У першы час існавання уніі холмская шляхта на сойміках і соймах актыўна стаяла на баку праваслаўя.

Далей перад чытачом кнігі разгортваецца галерэя постацяў холмскіх уніяцкіх епіскапаў, даюцца яскравыя, трапныя характарыстыкі дзейнасці кожнага з іх на карысць уніі.

Наступнікам Д.Збіруйскага стаў прадстаўнік вельмі вядомага і старажытнага мясцовага роду Арсеній Андрэеўскі (1604—1619). Пры ім у епархіі колькасна пераважалі прыхільнікі праваслаўя. Аднак смерць князя К. Астрожскага ў 1608 г. моцна аслабіла праваслаўны лагер, адмоўна паўплывала на магчымасць будучага паразумення рассвараных бакоў. 3 таго часу многія асобы і асяродкі выступалі ад імя праваслаўя і ў яго абарону, але, па-першае, ніхто з іх не меў такога аўтарытэту, як памерлы князь, па-другое, у іх не было адзінай пазіцыі і, па-трэцяе, актыўнасць праяўлялі найперш тыя асобы, якія негатыўна ставіліся да кампрамісу.

Звяртае на сябе ўвагу цікавы феномен (на жаль, не патлумачаны аўтарам): на пасаду кіраўніка Холмскай уніяцкай епархіі нярэдка прызначаліся высокаадукаваныя духоўныя асобы з Беларусі і Літвы. Так, базыльянін Афанасій Пакоста, тэолаг і юрыст, перайшоў на холмскую кафедру з пасады ігумена манастыра ў Менску. У манаграфіі добра паказана яго роля ва ўмацаванні уніі на Холмшчыне. Аднак у час яго епіскапскага служэння (1619-1625) новага абаронцу ў асобе ўкраінскага казацтва займела і праваслаўная царква. Узмацненне ролі казацтва ў дзяржаве абумовіла новы расклад сілаў на веравызнаўчым полі.

У 1620 г. абвастрылася праблема прававога статуса праваслаўя і уніі ў дзяржаве. Нельга было ігнараваць патрэбаў праваслаўных. Але даводзілася лічыцца і з фактам існавання цягам чвэрці стагоддзя грэка-каталіцкай царквы. Зноў абвастрыліся соймавыя спрэчкі, ажывілася рэлігійная палеміка. У той сітуацыі да палітычнай эліты стала прыходзіць разуменне неабходнасці легалізаваць адноўленую праваслаўную ерархію. Раздаваліся нават галасы аб магчымай ліквідацыі уніяцкай царквы на той падставе, што яна не выканала свайго прызначэння.

Паваротным пунктам канфлікту, як паказвае даследаванне, стала забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. Праўда, манаграфія не дае пераканаўчага тлумачэння сувязі паміж гэтым гвалтоўным актам і зменай адносінаў шляхты да уніі. У прыватнасці, радыкальныя метамарфозы поглядаў Мялеція Сматрыцкага (ён памылкова названы епіскапам Плоцка) падаюцца як вынік падзей 1623 г., а не як самадастатковая праява трансфармацыі грамадскіх настрояў адносна уніі.

Наступным холмскім уніяцкім епіскапам быў Фёдар Мялешка (1625-1626), які паходзіў са Слонімскага павета. Яго пераемнік Мяфодзій Тарлецкі (1630-1649) характарызуецца як адзін з найлепшых пастыраў у гісторыі Холмскай епархіі — чалавек усебакова адукаваны, які ведаў тагачасную Еўропу і быў глыбока заангажаваны ў справе уніі. Яго кіраванне епархіяй прыпала на няпросты час у царкоўна-рэлігійным жыцці краіны. Усім было відавочна, што да канца панавання Жыгімонта ІІІ пытанне аб месцы праваслаўя і уніі ў Рэчы Паспалітай не будзе вырашана. Надзеі на гэта звязвалі з сынам караля Ўладзіславам, які быў гатовы да рэлігійных кампрамісаў, бо разумеў пільную патрэбу пагасіць веравызнаўчыя спрэчкі ў сітуацыі, калі навісла знешняя пагроза з боку Масковіі і Турцыі. Дыплом, выдадзены Ўладзіславам IV у 1633 г. на каранацыйным сойме, а потым каралеўскі прывілей 1635 г. абумовілі ўраўнаванне ў правах праваслаўнай і уніяцкай цэркваў. Але пад час пастырства М. Тарлецкага, як паказвае аўтар, напружаныя адносіны склаліся ў Холмскай епархіі і паміж абедзвюма каталіцкімі супольнасцямі. Канфліктавалі, у прыватнасці, з-за дзесяціны, якую ксяндзы збіралі з уніяцкіх прыходаў.

А. Гіль уздымае праблему стаўлення казакоў Б. Хмяльніцкага да уніятаў у 40-50-я г. ХVII ст., якая абыдзена ўвагай папярэдняй гістарыяграфіі і замоўчваецца сучаснай украінскай навукай. У манаграфіі паказана, што Холмская епархія панесла ў 1648 г. значныя страты ў выніку пераследу з боку казакоў і мясцовых праваслаўных. Многія уніяты прынялі тады пакутніцкую смерць. Нельга не пагадзіцца з аўтарам, што замоўчванне масавай разні уніятаў Холмскай епархіі вядзе да стварэння фальшывага вобраза тагачаснай рэчаіснасці. Вялікімі былі і матэрыяльныя страты ад спусташэнняў і знішчэння святынь. Усё гэта абярнулася для епархіі крызісам. Высока ацэньваючы ролю М. Тарлецкага, аўтар адзначае, што без яго унія ў Холмскай епархіі не вытрымала б ні перыпетый дзяржаўнай палітыкі пачатку праўлення Ўладзіслава IV, ні тым больш падзей 1648 і наступных гадоў.

Потым на працягу чатырох месяцаў холмскім епіскапам быў нараджэнец Менска Афанасій Фурс, які стаў базыльянінам у Быценскім манастыры, атрымаў адукацыю ў Вільні, Аламоўцы і Рыме.

Яго наступнікам стаў доктар тэалогіі Якаў Суша (1649-1687), які таксама паходзіў з менскай мяшчанскай сям’і і вучыўся ў Быцені, Браневе і Аламоўцы. Даследчык заслужана называе Я. Сушу стаўпом уніі не толькі ў межах яго епархіі, але і ў маштабах усёй уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай.

Пераяслаўская рада 1654 г. і вайна Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654-1657 г. падзялілі Кіеўскую мітраполію на дзве часткі і абярнуліся, як паказана ў манаграфіі, новымі знішчэннямі для Холмскай епархіі, асабліва пад час пераходу праз яе тэрыторыю маскоўскіх і семіградскіх армій у другой палове 1650-х г. Праваслаўныя расіяне і пратэстанты-семіградзяне не шкадавалі мясцовых уніятаў. Сам епіскап у 1657 г. вымушаны быў ратавацца разам з цудатворным абразом уцёкамі з Холма. Я. Суша адыграў значную ролю ў тым, што ў 1659 г. сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў Гадзяцкую дамову 1658 г. без артыкула аб ліквідацыі уніі, чаго дамагаліся казакі.

Паводле аўтарскіх назіранняў, нягледзячы на падзеі ў Маскве і Кіеве (прызначэнне царом Аляксеем паслухмянага яму Мяфодзія Філімонавіча на пасаду адміністратара Кіеўскай мітраполіі і адначасова — мсціслаўска-аршанскага епіскапа, што рабіла яго членам епіскапату Маскоўскага патрыярхату), пазіцыі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай усё больш слабелі. Ва уніяцкіх епархіях пасля крызісу 1660-х г. пачынала адраджацца і дамінаваць унія. Але сутычкі з праваслаўнымі не спыняліся да канца знаходжання Я. Сушы на холмскай кафедры, хоць іх інтэнсіўнасць паступова спадала.

У 60-я г. ХVІІ ст. працягваліся канфлікты і паміж каталікамі абодвух абрадаў у сферы адукацыі і вакол пытання аб збіранні каталіцкімі плябанамі дзесяціны з уніятаў. Напружанымі былі пры Я. Сушу і ўзаемаадносіны паміж ерархамі абодвух абрадаў. Прычыну гэтага гісторык бачыць у нежаданні лацінскага боку прызнаць ва уніятах сапраўдных каталікоў — іх этнічная і канфесійная тоеснасць лічылася горшай.

Кіраванне ў Холмскай епархіі Я. Сушы даследчык лічыць ключавым этапам для яе выжывання. Былі створаны асновы існавання уніі ў той частцы рускай айкумены, якая да таго з’яўлялася месцам няспынных веравызнаўчых i нацыянальных спрэчак. Паводле А. Гіля, праваслаўе на тэрыторыі гэтай епархіі трымалася яшчэ каля 20 гадоў, але вельмі хутка перастала адыгрываць істотную ролю, аж да яго поўнага заняпаду ў пачатку ХVIII ст. Працэс адыходу праваслаўных ад веры продкаў паволі падыходзіў да канца. Яго апошняй кропкай стала прыняцце уніі тымі епархіямі, якія да таго часу заставаліся ў праваслаўі.

Перыяд ад 1686 да 1720 г. вызначаецца аўтарам як этап зацвярджэння уніі ў Холмскай епархіі. На чале яе ў гэты час стаялі доктар тэалогіі Аўгустын Ладзята (1687-1691) — шляхціч родам са Слонімскага павета; доктар тэалогіі Ян Малахоўскі (1691-1693), нашчадак шляхецкага роду з Мсціслаўскага ваяводства; Гедэон Аранскі (1693 г., пасвячэнне адбылося ў Супраслі — 1709) — відаць, нараджэнец Троцкага павета; а таксама Іосіф Лявіцкі (1709-1717), які паходзіў з холмскай шляхты.

Пры Г. Аранскім епархія дасягнула веравызнаўчага адзінства. Апошняя арганізаваная праваслаўная структура — царкоўнае брацтва ў Замосці — звярнулася ў 1690 г. да уніяцкага мітрапаліта з просьбай прыняць яго да уніі. Амаль закончыліся перманентныя праваслаўна-уніяцкія спрэчкі, і ад таго часу аж да падзелаў Рэчы Паспалітай уніяцкая вера стала адзіным вызнаннем рускіх жыхароў каронных зямель Рэчы Паспалітай. Праваслаўе ў Холмскай епархіі цалкам знікла, пакінуўшы унію адзіным носьбітам візантыйска-рускай традыцыі ў каронных землях Рэчы Паспалітай.

Мяжа ХVII-XVIII cт. і Замойскі сабор 1720 г. сталі, паводле А. Гіля, пачаткам новай эпохі ў гісторыі Холмскай епархіі. Уніяцкая царква, пазбавіўшыся свайго галоўнага апанента ў асобе праваслаўя, уступіла ў паўвекавы перыяд спакою і веравызнаўчай дамінацыі абодвух каталіцкіх абрадаў (1720-1772). Аднак гэта зусім не азначала, што праваслаўныя ў Рэчы Паспалітай былі выключаны з традыцыйных прававых рамак. Сцвярджэнне пра асаблівы пераслед праваслаўных у Рэчы Паспалітай у ХVIII ст., характэрнае для расійскай гістарыяграфіі і яе сучасных спадкаемцаў, у святле новых даследаванняў А. Гіль лічыць выключна прадузятым і штучна перабольшаным. Разам з тым аўтар прызнае рост у ХVIII ст. рэлігійнага фанатызму шляхты і адыход ад ранейшай рэлігійнай талерантнасці. Больш за тое, як падкрэсліваецца ў манаграфіі, адбылося вельмі небяспечнае для будучыні дзяржавы спалучэнне імкнення да ўраўнавання ў правах з каталікамі пратэстантаў і праваслаўных, з аднаго боку, і пратэкцыі, якую ім аказвалі Прусія і Расія, з другога. Гэта мела сваім вынікам нарастанне „антыдысідэнцкіх» настрояў шляхты і яе непрыязнасць да ўсяго таго, што не было згодным з рымска-каталіцкай традыцыяй.

У гэтай сітуацыі, як гаворыцца ў манаграфіі, захаванне уніяцкай царквой сваёй усходняй, візантыйска-рускай, традыцыi ставіла яе ў становішча вызнання не толькі другараднага дактрынальна, але і патэнцыяльна падвержанага адраджэнню праваслаўных тэндэнцый, з якімі тады звязвалі расійскія палітычныя і рэлігійныя ўплывы. З гэтага пункту гледжання уніяцкая царква ў тагачасным выглядзе была вызнаннем, якое ў будучым магло ўявіць пагрозу рымска-каталіцкаму характару дзяржавы. Такім чынам, усходняя традыцыя станавілася для уніяцкай царквы баластам, які трэба было або адкінуць, або дапасаваць да лацінскага ўзору. Тым больш што доўгае суіснаванне абодвух абрадаў выклікала натуральны працэс адаптацыі некаторых формаў i звычаяў, звязаных з рознымі сферамі рэлігійнасці: літургіі, тэрміналогіі і мастацтва. Востра наспела і патрэба дактрынальнага ўмацавання уніяцкай царквы ў каталіцкай супольнасці касцёла.

Наспелыя пытанні вырашыў Замойскі сабор 1720 г., што праходзіў на тэрыторыі Холмскай епархіі. Гэты сабор, у якім удзельнічала каля 150 прадстаўнікоў духавенства Кіеўскай уніяцкай мітраполіі, аўтар лічыць адной з найважнейшых падзей у гісторыі епархіі. Ён даў уніяцкай царкве пэўныя магчымасці далейшага развіцця. Пасля Замойскага сабору на працягу паўстагоддзя адбывалася паспяховае развіццё і стабілізацыя уніі ў Холмскай епархіі. У гэтым вялікая заслуга епіскапаў Іосіфа Лявіцкага (1711-1730), які імкнуўся ўвасобіць саборныя рашэнні ў жыццё; выхадца з Менскай зямлі Феліцыяна Валадковіча (1730-1756), а таксама Максімільяна Рылы (1756-1784), які паходзіў з Літвы і быў адным з найвыдатнейшых уніяцкіх ерархаў ХVIII ст. Самай важнай падзеяй у гісторыі епархіі другой паловы ХVIII ст. была каранацыя ў 1765 г. іконы Маці Божай Холмскай.

Крызіс Рэчы Паспалітай у другой палове ХVIII ст., завершаны яе знікненнем з палітычнай карты Еўропы, негатыўна адбіўся на лёсе уніяцкай царквы. Працэс нармальнага развіцця Холмскай епархіі, як паказана ў манаграфіі, быў груба перапынены падзеламі Рэчы Паспалітай, у выніку якіх шматвяковыя традыцыі, што сягалі да пачаткаў хрысціянства на Холмшчыне, паволі адыходзілі ў нябыт. Праўда, на працягу 1772-1795 г. рабіліся неаднаразовыя спробы захавання ранейшай мадэлі функцыянавання, але епархія няўхільна страчвала часткі сваёй тэрыторыі пад новымі дзяржаўнымі кардонамі. Нарасталі іншыя небяспечныя з’явы, сярод якіх — пераход уніятаў на лацінскі абрад. Епархіяльныя ўлады былі бездапаможныя перад такімі пераходамі.

У кнізе характарызуецца дзейнасць пераемніка М. Рылы на пасадзе холмскага епіскапа, нараджэнца Слоніма Фядосія Растоцкага (1784-1790), былога протаігумена Літоўскай правінцыі базыльян. Менавіта яго пастырства прыпала на пераломны для Рэчы Паспалітай перыяд. Згадваецца, што Вялікі сойм 1788-1792 г., акрамя іншага, разгледзеў пытанне аб няроўнасці абодвух каталіцкіх абрадаў і ў 1790 г., амаль праз 200 гадоў пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., урэшце рэалізаваў адзін з яе артыкулаў — аб дапушчэнні уніяцкага мітрапаліта ў сенат. Адначасова, як сведчыць аўтар, на тым сойме была ажыццёўлена спроба вывесці „польска-літоўскае» праваслаўе з-пад расійскіх уплываў шляхам падпарадкавання яго канстанцінопальскаму патрыярху. Вяліся перамовы з патрыярхам Неафітам VII, і той выдаў пастырскі ліст, у якім, між іншым, забараняў праваслаўным прысягаць на вернасць чужым дзяржавам і наказваў захоўваць адданасць Рэчы Паспалітай. Пытанне аб вышэйшай юрысдыкцыі над уніяцкай царквой Рэчы Паспалітай абмяркоўвалася і на Пінскай кангрэгацыі 1791 г. Але фінал дзяржавы зрабіў тыя пастановы неактуальнымі. У канцы ХУІІІ — пачатку ХІХ ст. уніяцкай царкве даводзілася прыстасоўвацца да новых дзяржаўных арганізмаў: Расіі і Аўстрыі.

У манаграфіі адлюстравана дыяметральная змена становішча уніяцкай царквы пад уладай Расійскай імперыі — унія там стала вызнаннем, толькі часова талераваным. Шматвяковыя негатыўныя адносіны расійскай дзяржавы і падуладнай ёй праваслаўнай царквы да уніяцтва вызначылі далейшы лёс апошняга. Згодна з іх дактрынай, для уніяцкай царквы не магло быць месца ў імперыі Раманавых. Першая спроба ліквідацыі уніі на тэрыторыі, якая пасля трэцяга падзелу апынулася ў межах Расіі, была ажыццёўлена ў 1795 г.

Іншым было становішча уніяцкай царквы ў Аўстрыі, якая прызнавала роўнасць усіх веравызнанняў пры ўмове іх поўнага падпарадкавання дзяржаўнай уладзе. Спрыяльныя ўмовы Галіцыі абумовілі нават з’яўленне сярод яе уніяцкіх ерархаў задумы аднаўлення Галіцкай мітраполіі. Пры падтрымцы аўстрыйцаў мітраполія была створана ў 1806 г., зацверджана папам рымскім Піем VII у 1807 г. і абвешчана ў 1808 г.

3 1810 г., як сцвярджае аўтар, пачынаецца новая эпоха ў гісторыі епархіі, якая патрабуе асобнага вывучэння. Са стварэннем у ходзе напалеонаўскіх войнаў Варшаўскага герцагства (1807 г.) частка Холмскай епархіі апынулася ў яго складзе. Епіскапу было дадзена месца ў сенаце. Здавалася, епархія атрымала спрыяльныя ўмовы для існавання ў атмасферы прыхільнасці дзяржаўнай улады і добрай міжнароднай сітуацыі. Але рэчаіснасць аказалася іншай. Пасля паражэння Напалеона расійскія войскі ўступілі ў Варшаўскае герцагства, а ў пачатку 1813 г. зноў увайшлі ў Холм.

У заключэнні кнігі аўтар дае накід далейшай гісторыі Холмскай уніяцкай епархіі да яе ліквідацыі ў 1874-1875 г.

Прысвечанае гісторыі толькі адной епархіі Кіеўскай уніяцкай мітраполіі, даследаванне А. Гіля, тым не менш, мае вялікае значэнне для разумення царкоўна-рэлігійных, духоўна-культурных і грамадска-палітычных працэсаў канца ХVI — пачатку ХІХ ст. на Ўкраіне і Беларусі ў цэлым. На прыкладзе Холмскай епархіі добра прасочваюцца змены канфесійнай структуры Рэчы Паспалітай, узаемаадносіны паміж уніяцтвам, рыма-каталіцтвам і праваслаўем. Акрамя асноўнага тэксту манаграфіі, вялікую інфармацыйную нагрузку нясуць пастаронкавыя заўвагі, змест якіх пераконвае ў грунтоўнасці даследавання, праведзенага польскім вучоным. Несумненную цікавасць уяўляюць карты ў дадатку да манаграфіі, якія ілюструюць працэс паступовага, маруднага і няўхільнага распаўсюджання уніі ў Холмскай епархіі. Затое тэрміналогія выклікае некаторыя нараканні. Напрыклад, неправамерна ўжываць тэрмін „Літва» ў дачыненні да ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, як і азначэнне „рускія жыхары» каронных зямель Рэчы Паспалітай. А тэрмін „польска-літоўскае праваслаўе» (121) наогул выглядае недарэчнасцю.

Варта адзначыць, што рэцэнзаваная манаграфія пазбаўлена тых клішэ і палемічнага тону, якімі і сёння грашаць многія аўтары, што пішуць пра падзеі царкоўна-рэлігійнага жыцця. Гэта ўдумлівая, сур’ёзная, грунтоўная праца, заснаваная на глыбокім асэнсаванні крыніц і гістарыяграфічнай традыцыі. У гэтым сэнсе яна можа быць узорам для даследчыкаў канфесійнай гісторыі Беларусі.

Манаграфія доктара Анджэя Гіля — з’ява ў гістарыяграфіі Берасцейскай царкоўнай уніі і уніяцкай царквы. Пры вышэйзгаданых навуковых вартасцях яна каштоўная яшчэ i тым, што прапаноўвае даследчыкам уніі новыя падыходы да яе вывучэння, а таксама акрэслівае значнае кола праблем, якія яшчэ чакаюць свайго даследчыка.

Горадня

Святлана Марозава


[1] Gil A. Prawoslawna eparchia Chelmska do 1596 roku. Lublin — Chelm, 1999. — 260 s.

Наверх

Тэгі: , , ,