БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Kosman, Marceli. Polska w drugim tysiącleciu. Т.1–2. Toruń, 2007 (Людміла Міхайлоўская, Любоў Козік)


KOSMAN, MARCELI. Polska w drugim tysiącleciu. Toruń: Adam Marszałek, 2007. T. 1. — 348 s.; T. 2. -468 s.

Навуковыя творы Марцэлія Космана, прысвечаныя гісторыі Польшчы, Літвы, палаба-балтыйскіх славян, могуць скласці цэлую бібліятэку, на якой фармавалася не адно пакаленне гісторыкаў. Рэцэнзаваная манаграфія ўяўляе сабой фундаментальную працу ў двух тамах, якая ў пэўным сэнсе падводзіць вынік папярэднім сюжэтным і праблемным даследаванням.

„Polskа w drugim tysąleciu» ахоплівае гісторыю дзяржавы і грамадства на працягу ўсяго існавання і ў розных палітычных формах — ад узнікнення патрыманіяльнай манархіі і да сучаснага становішча Польшчы. Такая шырокая храналагічная прастора дазволіла аўтару вылучыць, прасачыць і ацаніць гістарычныя заканамернасці, формы і цывілізацыйныя асаблівасці развіцця Польшчы.

Асноўны прадмет даследавання — палітычная культура і палітычная ўлада ў Польшчы, якая рэалізуецца ў сярэдневечных палітычных сістэмах і палітычных адносінах, як унутраных, так і міжнародных. Абраны аўтарам пункт бачання для разгляду ўсёй гісторыі Польшчы ўяўляецца выключна важным і правільным, паколькі менавіта трансфармацыя палітычнай структуры ў большай ступені вызначала знешнюю палітыку, нацыянальную ідэалогію (у прыватнасці, „сарматызм») і культуру польскага грамадства на працягу стагоддзяў.

Храналагічнаму аб’ёму і мэтам даследавання адпавядае структура манаграфіі. Яна адкрываецца ўступам, які мае важнае значэнне ў разуменні зместу і канцэпцыі даследавання. У ім даецца характарыстыка геапалітычнага становішча Польшчы, якое шмат у чым вызначала напрамкі і формы экспансіі, уплывала на „плынныя» межы, відазмяняла суадносіны этнічных і тэрытарыяльных фактараў у развіцці Польшчы як краіны і дзяржавы.

Аўтарская канцэпцыя гісторыі Польшчы адлюстравана ў перыядызацыі, у аснове якой ляжыць эвалюцыя польскай дзяржаўнасці — ад узнікнення патрыманіяльнай манархіі да ліквідацыі Рэчы Паспалітай у выніку падзелаў. Так уся гісторыя Польшчы умоўна падзелена на тры „эпохі»: I — Польшча і Рэч Паспалітая да падзелаў; II — польскія землі ў складзе іншых дзяржаваў; III — адроджаная Польшча (з 1918 г.).

У межах дадзенай перыядызацыі I „эпоха» лагічна і храналагічна падзелена на чатыры часткі: „этнічная» манархія Пястаў, якая трансфармуецца ў „поліэтнічную» манархію Ягелонаў, Польска-літоўская шляхецкая рэспубліка на чале з выбарным каралем у перыяд стабілізацыі (1569-1648) і крызісу (1648-1795).

У адпаведнасці з храналагічнымі межамі і мэтай даследавання падабраны храналагічны матэрыял, які паходзіць з найбольш важных наратыўных крыніц. Адначасова варта адзначыць, што іх аналіз, характарыстыкі, ацэнкі і гістарыяграфічныя каментары складаюць самастойны і выключна цікавы фрагмент выкладання.

Першая частка — „Манархія Пястаў (каля 960-1370)» — прысвечана даследаванню вытокаў польскай дзяржаўнасці і развіцця манархіі Пястаў да спынення дынастыі. Першы перыяд яе гісторыі супадае з праўленнем князёў ад Мешка I да Баляслава Крываўстага. Аўтар аналізуе працэс складвання дзяржавы ў геапалітычнай прасторы Ўсходняй Еўропы. Несумненна, что ён адбываўся ў складаных знешнепалітычных умовах. Межы Старажытнай Польшчы, негледзячы на іх вялікую працягласць, былі лёгка пранікальныя і прыступныя. Таму імкненне польскіх князеў да пашырэння дзяржаўнай тэрыторыі да натуральных межаў («do morza») было зразумелым ва ўмовах сталай пагрозы з боку Свяшчэннай рымскай імперыі і барацьбы з ёй за панаванне на Балтыцы, перманентнага суперніцтва з Чэхіяй за першынства ў рэгіёне і перыядычных канфліктаў з кіеўскімі князямі з-за чэрвенскіх гарадоў. Гэтыя знешнепалітычныя вектары былі вызначальнымі на працягу стагоддзяў. Разглядаючы ўнутраную і знешнюю палітыку першых Пястаў, аўтар ацэньвае іх як сапраўдных „будаўнікоў», якія заклалі магутную крэпасць Польскай дзяржавы. Менавіта на гэтым падмурку адбывалася яе далейшае развіццё. Аднак гэты працэс не быў лінейным. Часамі „імперыя Пястаў» хісталася ў выніку ўнутраных крызісаў, дынастычнай барацьбы і паганскіх паўстанняў. Логіка развіцця патрыманіяльнай манархіі як карпаратыўнай уласнасці кіроўнага роду, кожны з прадстаўнікоў якога меў права на частку ўлады і частку дзяржаўнай тэрыторыі, прывяла да яе распаду.

Разглядаючы асаблівасці ўдзельнай раздробленасці Польшчы, адначасова з агульнымі і стэрэатыпнымі з’явамі (аслабленне цэнтральнай улады, перманентная барацьба за кракаўскі ўдзел, афармленне „можнаўладства» як палітычнай сілы, спусташальныя ўварванні мангола-татараў), аўтар справядліва вылучае несупадзенне прынцыпу сеньярату рэальнай сітуацыі ў атрыманні ў спадчыну трону, а таксама ўзмацненне пазіцый Касцёла. Можна сцвярджаць, што менавіта з гэтага часу святарства набыло значны ўплыў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і з невялікімі перапынкамі захавала яго да сёння.

Вельмі цікавым сюжэтам раздзела з’яўляецца аналіз неадназначнай ролі знешніх фактараў у актывізацыі працэсу драблення Святой рымскай імперыі і Русі. Пры гэтым, з аднаго боку, раздробленая Польшча адчувала ціск з боку немцаў, якія выкарыстоўвалі канфлікты князёў як падставу для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, польскія землі сталі аб’ектам нямецкай экспансіі (актыўная каланізацыя Шлёнска, замацаванне Тэўтонскага ордэна на Балтыцы), з другога — польскія магнаты (малапольская групоўка) ажыццяўлялі ўласную экспансію ў рускія землі (Галічыну), што замацоўвала сепаратысцкія тэндэнцыі.

Завяршаючы гэтую частку, аўтар разглядае першыя спробы аб’яднання і аднаўлення каралеўства. Сярод найбольш важных палітычных фактараў ён вылучае аб’яднальную палітыку сілезскіх Генрыхаў, саюз з Чэхіяй, сарваны намаганнямі Імперыі, і экспансію Ордэна як значны каталізатар цэнтралізацыі. Працэс аб’яднання пачынаўся ў асобных княствах (Сілезія, Куявія), унутры якіх ішло складванне інстытутаў, якія пазней сталі палітычнай асновай Кароны Польскай. Аднаўленне тэрытарыяльна-адміністрацыйнага адзінства і адраджэнне каралеўскай улады аўтар лічыць найважнейшай падставай для развіцця новых дзяржаўна-палітычных структур. Аднак удзельны перыяд пакінуў у гісторыі Польшчы свой след.

Аналізуючы праўленне Ўладзіслава Лакетка і Казіміра Вялікага, аўтар адзначае, што адноўленая дзяржава не была рэанімацыяй манархіі першых Пястаў. Гэта была якасна новая палітычная канфігурацыя, у якой улада перадавалася па прынцыпе прымагенітуры, аднак была вымушана абапірацца на княска-магнацкія групоўкі. Гэтая сістэма, падкрэслівае М. Косман, стала зародкам таго унікальнага палітычнага ладу, які праз некалькі стагоддзяў аформіўся ў Польшчы. Менавіта гэтыя прычыны прывялі да таго, што распачаты ў Польшчы працэс феадальнай цэнтралізацыі празмерна зацягнуўся і па сутнасці ніколі не быў завершаны, пра што сведчыць заканадаўства Казіміра.

Другая частка — „Дзяржава Ягелонаў (1386-1572)» прысвечана аналізу якасна новага перыяду ў гісторыі Польскага каралеўства, звязанага дынастычнай уніяй з ВКЛ. Характарызуючы Крэўскую унію, аўтар прапаноўвае адысці ад аднабаковых ацэнак і дыскусій, у якіх прысутнічае палітычны кампанент, і падкрэслівае, што яна адпавядала нацыянальным інтарэсам народаў Княства і Кароны і мела аб’ектыўнае значэнне як сродак ратавання ад тэўтонскай агрэсіі і захавання дзяржаўнай незалежнасці.

Найважнейшымі палітычнымі тэндэнцыямі праўлення Ягелонаў М. Косман лічыць станаўленне інстытутаў саслоўнай манархіі, кадыфікацыю права; палітычнае аб’яднанне Польскага каралеўства з ВКЛ; узрастанне міжнароднага значэння Польска-літоўскай дзяржавы, якая ў XV ст. стала даміноўнай сілай ва Ўсходняй Еўропе. Важную ролю ва ўмацаванні Польскага каралеўства, як абсалютна справядліва адзначае М. Косман, мела Трынаццацігадовая вайна з Ордэнам, у выніку якой Польшча вярнула Гданьскае Памор’е, што паўплывала на развіццё шырокіх міжнародных сувязяў, выклікала рост знешняга гандлю, перабудову эканомікі і сацыяльных адносінаў.

Пад уладай Ягелонаў у апошняй трэці XV — першай чвэрці XVI ст. знаходзіўся вялікі тэрытарыяльны комплекс, які ўключаў Польскае, Чэшскае, Венгерскае каралеўствы і Вялікае Княства Літоўскае. Аднак утрымацца на гэтых пазіцыях Ягелоны не здолелі. Аналізуючы ролю Польшчы ў еўрапейскіх адносінах, аўтар адзначае поспехі (далучэнне Мазовіі з Варшавай) і няўдачы, выкліканыя ростам асманскай пагрозы, актывізацыяй знешніх акцый Масквы, што прывяло да тэрытарыяльных стратаў (Смаленск), пераходу чэшскага і венгерскага тронаў да Габсбургаў, аб’яднанню Прусіі і Брандэнбурга пад уладай Гагенцолернаў. Несумненнай заслугай палітыкі Ягелонаў, як сцвярджае аўтар, было захаванне ўнутранай стабільнасці ў Княстве і Кароне, падтрыманне пэўнай раўнавагі паміж магнатамі і шляхтай, дыялог паміж каралём і падданымі.

Змест другой часткі завяршае характарыстыка Люблінскай уніі як значнай і пераломнай падзеі ў гісторыі Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы напярэдадні Новага часу. Створаная нанава дуалістычная дзяржава была поліэтнічнай па складзе, а па форме з’яўлялася шляхецкай рэспублікай. Аўтар адзначае абмежаваную колькасць агульнадзяржаўных структур і сцвярджае, што ў перспектыве яе развіццё павінна было прывесці да фармавання адзінага народа-шляхты на аснове агульнай палітычнай арганізацыі, ідэалогіі і культуры. Сродкам фармавання была паланізацыя.

Трэцяя частка манаграфіі „Польска-літоўская Рэч Паспалітая. Час стабілізацыі (1572-1648)» змяшчае глыбокі аналіз прычын палітычнага крызісу і „бескаралеўя» 70-80 г. XVI ст. Стабілізоўная дамінанта прысутнічала ў знешняй палітыцы — перамозе Рэчы Паспалітай у Інфлянцкай вайне і падаўленні Расіі як галоўнага саперніка на ўсходзе Еўропы. Абранне на трон Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы адлюстроўвала імкненне развіць гэты поспех. Можна пагадзіцца з сумненнямі аўтара ў тым, што абранне прадстаўніка дома Габсбургаў было б меншым злом для Рэчы Паспалітай, бо ў выніку дынастычных дамаганняў Вазаў яна апынулася ўцягнутай у шэраг крывавых войнаў са Швецыяй, якія не адпавядалі яе нацыяльным інтарэсам. У гэтым сэнсе каралі шведскай дынастыі проціпастаўлены Ягайлавічам, якія паспяхова адбівалі „нямецкі ціск» і „ўмелі дамаўляцца з Крымам».

Вялікі інтарэс у плане сацыяльна-паліталагічнага аналізу ўяўляе другі раздзел дадзенай часткі, дзе ўздымаецца праблема польскага абсалютызму як спецыфічнага інстытута шляхецкай дэмакратыі, які не меў аналагаў, даследуюцца прычыны грамадскіх канфліктаў, грамадзянскіх войнаў і рокашаў, якія сталі, на думку аўтара, „пастаянным палітычным пейзажам».

Апошні перыяд праўлення Жыгімонта III і праўлення Ўладзіслава IV ахарактарызаваны як „зацішша перад бурай». Авантурная палітыка на ўсходзе (першая і другая „Дзмітрыяды», прэтэнзіі на маскоўскі трон) і адмова ад актыўных дзеянняў на захадзе і паўднёвым усходзе прывялі да таго, што на межах Рэчы Паспалітай збіраліся хмары. Масква лічыла справай гонару новай дынастыі вярнуць Смаленск, на поўдні пагражала Турцыя і Крымскае ханства, а на паўночным захадзе — Швецыя.

Унутранаму крызісу Рэчы Паспалітай і знешнепалітычным правалам прысвечана чацвёртая частка манаграфіі. Яна ахоплівае 1648-1795 г. і ў большай ступені, чым астатнія, мае сінтэтычны характар. У ёй змяшчаецца аналіз прычын гаспадарчага крызісу, палітычнай дэзінтэграцыі, падзення міжнароднага прэстыжу і тэрытарыяльных страт Рэчы Паспалітай у другой палове XVII ст. Сярод іх найбольш важнымі аўтар лічыць няздольнасць кіроўнай эліты кантраляваць вялізныя тэрыторыі, параліч заканадаўчай улады, сацыяльныя і канфесійныя канфлікты, усеўладдзе шляхты, якая замкнулася ў „міфалогіі сарматызму» і далучала Рэч Паспалітую да „вольных дзяржаваў» Еўропы — Англіі, Нідэрландаў, Швейцарыі.

Агульны крызіс востра праявіўся пад час Паўночнай вайны, пасля якой Рэч Паспалітая выступіла ў фарватэры знешняй палітыкі Расіі і пад яе пратэктаратам. З гэтага часу лёс Рэчы Паспалітай залежаў ад Расіі, і любыя спробы структурных пераўтварэнняў маглі ажыццяўляцца толькі з санкцыі Пецярбурга, а таму былі асуджаны на правал. Разам з тым, падкрэслівае аўтар, рэформа адукацыі, дзейнасць Адукацыйнай камісіі, Таварыства сяброў навукі, Рыцарскай школы падрыхтавала новае пакаленне рэфарматараў, ад імя якіх звяртаўся да суайчыннікаў С. Сташыц са сваімі „Перасцярогамі» для Польшчы, і якія прынялі першую ў Еўропе канстытуцыю (3 траўня 1791 г.). Яе ацэнка, як лічыць аўтар, будзе слушнай толькі з пазіцыі яе значэння як пачатку будучых рэформаў, а не іх завяршэння. Гэты дакумент спалучаў у сабе ўсе элементы асветніцкага і прагрэсіўнага, гэта быў помнік адлюстравання волі народа, а не толькі шляхты, яго незалежнасці і непрыняцця чужой тыраніі.

Завяршаецца першы том манаграфіі цікавым аглядам крыніц — „Палякі пра сваё мінулае». Ён з’яўляецца своеасаблівым урокам інтэрпрэтацыі крыніц з глыбокімі даследчыцкімі каментарамі і гістарыяграфічнымі экскурсамі. Раскрываючы прынцыпы і методыку даследавання, аўтар перасцерагае ад спакусы разглядаць гісторыю як палітыку, „закінутую ў мінулае», што пазбаўляе гісторыю прызвання быць „magistra vitae» і пераўтварае яе ў дадатак ідэалогіі.

Другі том даследавання М. Космана прысвечаны разгляду дзвюх вышэйадзначаных „эпох»—існаванню польскіх зямель у складзе іншых дзяржаваў і самастойнаму развіццю з 1918 г. Храналагічна яны падзелены на чатыры часткі — „Пад раздзеламі (1795-1918)», „Паміж войнамі (1918-1939)», „Пад дзвюма акупацыямі (1939-1945)» і „У цяні Ялты».

У першай частцы аўтар параўноўвае развіццё польскіх земляў у складзе Расіі, Прусіі і Аўстрыі, аналізуе праведзеныя рэформы, ацэньвае іх вынікі і ўплыў на фармаванне нацыянальнай свядомасці палякаў. Косман адзначае, што страта незалежнасці падштурхнула да складвання на пачатку XIX ст. разнароднага па мэтах і сацыяльным складзе патрыятычнага руху, які праявіўся ў стварэнні тайных саюзаў, арганізацыі змоваў і паўстанняў у 1830-1831 і 1863 г., што адыгралі вялікую ролю не толькі ў фармаванні сучаснай польскай, але і чэшскай, славацкай, венгерскай, румынскай і паўднёваславянскіх нацый.

Вялікую ролю ў гісторыі польскага народа адыгралі падзеі Першай сусветнай вайны, якія вымусілі палякаў ваяваць адзін супраць аднаго на карысць розных краін, прывялі да спусташэння зямляў з боку нямецкай, аўстрыйскай і рускай вайсковай і цывільнай адміністрацый. З іншага боку, вайна спрыяла актывізацыі нацыянальна-вызваленчага руху, вывядзенню „польскага пытання» на міжнародны ўзровень і стварэнню незалежнай дзяржавы, першыя гады існавання якой паказаны ў рабоце праз разгляд супярэчнасцяў паміж Начальнікам дзяржавы Ю. Пілсудскім і прадстаўнікамі Польскага нацыянальнага камітэта, складанасцяў па фармаванню межаў рэспублікі, праблемы нацыянальных меньшасцяў.

Прыняцце Канстытуцыі 1921 г. прывяло да ўсталявання ў краіне парламенцкай дэмакратыі (1921-1926). Характарызуючы гэты этап у польскай гісторыі, аўтар называе вядучыя палітычныя партыі і акрэслівае іх праграмы, апісвае складанасці, звязаныя з першымі прэзідэнцкімі выбарамі, паказвае стаўленне палітыкаў і насельніцтва да сітуацыі ў Польшчы і падводзіць да разумення прычын дзяржаўнага перавароту 1926 г.

Аналізуючы перыяд дыктатуры Пілсудскага (1926-1935), М. Косман справядліва адзначае, што першыя змены ў заканадаўчых актах Польскай рэспублікі дазволілі захаваць бачнасць дэмакратычнай дзяржавы, але наступныя палітычныя падзеі (парламенцкія выбары 1928 і 1930 г., чысткі ў арміі і дзяржаўнай адміністрацыі, рэпрэсіі супраць апазіцыйных дзеячаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, Канстытуцыя 1935 г.) выявілі сапраўднае аблічча рэжыму „санацыі». Аўтар палемізуе з тымі, хто залічвае да яго станоўчых бакоў эканамічны ўздым другой паловы 1920-х г., даказваючы, што ён стаў вынікам раней праведзеных рэформаў. Галоўная праблема ўлады, па меркаванні даследчыка, заключалася ў неабходнасці пошуку шляхоў выхаду краіны з сусветнага эканамічнага крызісу і вырашэння сацыяльных супярэчнасцяў. Складанасцяў у гэтым дадавалі радыкальна скіраваныя КПП, КПЗБ, КПЗУ, польскія і ўкраінскія нацыяналістычныя групоўкі.

Смерць Ю. Пілсудскага ў 1935 г. прывяла да безвыніковай барацьбы за абсалютную ўладу дзвюх груповак — ваенных на чале з Э. Рыдз-Сміглы і прыхільнікаў прэзідэнта І. Масціцкага, што падрывала палітычную стабільнасць у краіне і вяло да росту ўплыву апазіцыі, якая, як справядліва адзначае М. Косман, не заўсёды выступала з дэмакратычнымі лозунгамі.

У міжваенны перыяд польская дзяржава сутыкнулася не толькі з палітычнымі, але і эканамічнымі праблемамі, якія былі выкліканы пасляваенным заняпадам, а таксама розніцай у развіцці рэгіёнаў, што раней знаходзіліся ў складзе трох дзяржаваў — Расіі, Нямеччыны і Аўстра-Венгрыі. У гэтай сувязі аўтар апісвае мерапрыемствы ўрадаў па інтэграцыі гаспадаркі краіны (у першую чаргу кабінета У. Грабскага), характарызуе наступствы нямецка-польскай мытнай вайны 1925-1930 г. і ацэньвае ўплыў міжнароднай сітуацыі на развіццё нацыянальнай эканомікі. Значная ўвага ў кнізе адводзіцца разгляду становішча ў сельскай гаспадарцы. Косман падрабязна раскрывае працэс падрыхтоўкі да правядзення аграрнай рэформы, называе асноўныя палажэнні закона 1923 г. і асаблівасці яго рэалізацыі. Ён справядліва заўважае, што галоўнай мэтай пераўтварэнняў было павелічэнне польскай уласнасці на нямецкім памежжы і тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, куды прыязджалі палякі з перанаселеных цэнтральных раёнаў краіны. Аўтар не дае адназначных ацэнак працэсу паланізацыі і імкнецца на цікавых, яскравых прыкладах паказаць яго розныя бакі.

Цяжкім выпрабаваннем для польскіх грамадзян сталі трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны. Аўтар апісвае ваенныя кампаніі верасня — кастрычніка 1939 г., паказвае асаблівасці тэрытарыяльнага падзелу, падрабязна характарызуе нямецкую акупацыйную палітыку, дзейнасць польскага ўрада ў эміграцыі, рух супраціўлення на польскіх землях і франтах Другой сусветнай вайны, раскрывае закулісныя акалічнасці прыняцця рашэння аб пасляваеннай усходняй мяжы Польшчы і асобнае месца адводзіць „Катынскай справе».

Гісторыя пасляваеннай Польшчы выклікае найбольш спрэчак сярод даследчыкаў. Адны лічаць, што краіна мела абмежаваную незалежнасць, іншыя — што яна была акупаваная савецкай арміяй. Косман жа вызначае яе як „дзяржаву, залежную ад СССР», і разглядае праграму Польскай рабочай партыі, паказвае ўмовы стварэння і дзейнасці прасавецкага Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення і адзначае, што не толькі СССР, але і заходнія краіны нясуць адказнасць за развіццё Польшчы. Не абыходзіць аўтар увагай і тых, хто, не змірыўшыся з рашэннямі Ялцінскай канферэнцыі, застаўся ў эміграцыі, дзе працягвалі існаванне дзяржаўныя структуры, якія, праўда, страцілі міжнароднае прызнанне. Вобразна апісваючы жыццё палякаў па-за межамі радзімы, Косман прыводзіць шмат малавядомых фактаў, якія могуць зацікавіць не толькі аматараў гісторыі, але і прафесійных гісторыкаў.

У параўнанні з міжваенным перыядам пасляваенная Польшча мела не толькі іншы палітычны лад, але і межы, нацыянальны склад насельніцтва. У адрозненне ад часткі польскіх гісторыкаў, Косман не імкнецца стварыць аднабаковы вобраз гэтай краіны. Ён адзначае станоўчыя перамены ў сацыяльна-эканамічным, культурным развіцці Польшчы і негатыўныя моманты ў функцыянаванні палітычнай сістэмы, якія праявіліся ў сілавым падаўленні апазіцыі, фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму 1946 г. і парламенцкіх выбараў 1947 г., палітычных працэсах канца 1940-х—пачатку 1950-х г., усеўладдзі органаў унутранай бяспекі ў 1949-1954 г.

Значныя перамены ў грамадскім, культурым, палітычным жыцці ПНР адбыліся ў 1956 г. ХХ з’езд КПСС, выкрыццё злачынстваў Сталіна, падаўленне выступлення рабочых у Познані і ўнутрыпалітычная барацьба аказалі вялікі ўплыў на сітуацыю ў войску, каталіцкім асяроддзі, моладзевым руху, навуковых колах, у вышэйшых навучальных установах і на польска-савецкія адносіны ў цэлым. Апісваючы развіццё Польшчы ў 1956-1970 г., аўтар адзначае пераменлівасць поглядаў У. Гамулкі, яго адыход ад лібералізацыі сістэмы, паказвае негатыўнае стаўленне Варшавы да падзей Пражскай вясны, вынікам чаго стала страта грамадскага даверу да кіраўніцтва краіны.

Наступныя два дзесяцігоддзі (за невялікім выключэннем першай паловы 1970-х г.) існавання Польшчы М. Косман характарызуе як грамадска-палітычны і сацыяльна-эканамічны крызіс. Аўтар адзначае, што польскія ўлады не маглі прапанаваць дзейснага выйсця з тагачаснай сітуацыі, а прыслухацца да галасоў тых, хто рэальна ацэньваў становішча ў краіне, не хацелі. У гэтых умовах апазіцыя, якая набыла масавы характар, была лепш падрыхтавана да барацьбы з сістэмай. Ацэньваючы палажэнне ў краіне ў канцы 1970 — пачатку 1980-х г., Косман адзначае вышэйшую ступень дэмаралізацыі не толькі партыйнага апарату, але і ўсяго грамадства, і лічыць, што прызначэнне ў 1981 г. прэм’ер-міністрам В. Ярузэльскага, які меў памяркоўныя погляды і выступаў супраць радыкальных мераў, дазваляла нармалізаваць сітуацыю ў Польшчы. Часткова гэта адбылося ў выніку ўвядзення ў снежні 1981 г. ваеннага становішча. Аналізуючы ўмовы (раскол у палітбюро ЦК ПАРП, магчымая рэакцыя Масквы і мясцовай апазіцыі) і працэс прыняцця такога рашэння, аўтар прыходзіць да высновы, што яно можа быць часткова апраўданым. Дадатковым аргументам ён лічыць і той факт, што ЗША ведалі аб падрыхтоўцы да ўвядзення ваеннага становішча і не паінфармавалі прадстаўнікоў апазіцыі, бо лічылі яго меншым злом у параўнанні з інтэрвенцыяй СССР. Ацэньваючы ў цэлым падзеі 1980-х г., Косман выказвае вялікую павагу да асобы і дзеянняў генерала Ярузэльскага, дзякуючы якому адбыліся перамовы з апазіцый і мірная змена ўлады ў краіне.

Заканчваецца другі том разважаннямі аўтара над стаўленнем палякаў XIX і XX ст. да свайго мінулага, грунтоўным аглядам гістарыяграфіі, календ аром падзей 1990-2006 г. Характарызуючы сучасную краіну, М. Косман з жалем канстатуе спад культуры польскіх палітыкаў і даследчыкаў, выказвае негатыўнае стаўленне да так званай гістарычнай палітыкі і прапануе свой падыход да перыядызацыі (хутчэй нават нумарацыі рэспублік) польскай гісторыі.

Падводзячы высновы, неабходна адзначыць, што кніга М. Космана заслугоўвае самай высокай ацэнкі як па метадзе даследавання, так і па аргументацыі і высновах. Яна напісана цікава і даступна для шырокага кола чытачоў. Праблема генезісу, характару і формаў польскай дзяржаўнасці не страчвае навуковага значэння, паколькі займае цэнтральнае месца ва ўсёй гісторыі польскага народа, фармуе нацыянальную самасвядомасць. Яе аналіз з сучасных пазіцый, вольны ад гістарыяграфічных клішэ, можа служыць каштоўным досведам для палітычных прагнозаў і ацэнак. Несумненным плюсам работы з’яўляецца і той факт, што аўтар не замыкаецца толькі на польскай тэматыцы. Сацыяльныя, культурныя, эканамічныя і палітычныя працэсы ён разглядае на фоне развіцця вядучых заходнееўрапейскіх краін і Расіі (СССР), што дазваляе добра зразумець дух розных эпох, умовы паўсядзённага жыцця і традыцыі польскага народа.

Мінск

Людміла Міхайлоўская,  Любоў Козік

Наверх

Тэгі: , , ,