Уладзімір Падалінскі. Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст.
Рэформы сярэдзіны 1560-х г. істотна змянілі дзяржаўны лад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Утварэнне паветаў, увядзенне земскіх, гродскіх і падкаморскіх судоў, з’яўленне інстытута павятовых соймікаў, нарэшце, прыняцце Статута ў 1566 г. значна ўзмацняла палітычна-прававое становішча шляхецкага стану ў краіне[1]. Безумоўна, такія маштабныя новаўвядзенні спрыялі актыўнаму ўцягванню ў грамадска-палітычнае жыццё краіны даволі шырокіх колаў сярэдняга і дробнага шляхецтва, эвалюцыі і росту ўплываў рэгіянальных палітычных элітаў. Рэгіянальныя эліты выконвалі важную функцыю трансляцыі патрэбаў і інтарэсаў павятовай шляхты да вышэйшых кіроўных колаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Пад павятовай палітычнай элітай мы разумеем групу людзей, якія валодалі рэальнай уладай і аўтарытэтам у павеце, актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці і ўплывалі на прыняцце рашэнняў, як у межах павета, так і на дзяржаўным узроўні. Адпаведна, да палітычнай эліты павета, на нашу думку, можна аднесці павятовых ураднікаў (старостаў, падстаростаў, павятовых маршалкаў, падкаморыяў, харужых, войскіх, стольнікаў, падстоліяў), членаў земскага і гродскага суда, актыўных удзельнікаў соймікаў, паслоў на вальныя соймы і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, мясцовых зборшчыкаў падаткаў (паборцаў). Мэта артыкула — аналіз на прыкладзе Лідскага павета асабовага складу павятовай эліты, сацыяльнага і маёмаснага статусу, сваяцкіх і кліентальных сувязяў яе прадстаўнікоў, шляхоў уваходжання (каналаў рэкрутацыі) у межы эліты. Звернем увагу на палітычную культуру і ўзровень палітычнай свядомасці вышэйшых колаў лідскай шляхецкай карпарацыі.
Для даследавання палітычнай эліты Лідскага павета існуе шырокая база крыніц. Аналізу яе (эліты) асабовага складу дапамагаюць выдадзеныя спісы мясцовых земскіх і гродскіх ураднікаў і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, а таксама генеалагічныя працы А. Банецкага, К. Нясецкага і інш.[2]. Сацыяльны і маёмасны статус лідскай шляхты прасочваецца па матэрыялах попісаў войска Вялікага Княства 1565 і 1567 г.[3]. Для вывучэння палітычнай свядомасці і культуры шляхты апошняй трэці XVI ст. важнае значэнне маюць матэрыялы працы лідскага павятовага сойміка[4]. Безумоўна, неабходны і падрабязны аналіз розных відаў крыніц у матэрыялах Метрыкі ВКЛ, ухвалаў з’ездаў, вальных соймаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і г.д.
У другой палове XVI ст. у Лідскім павеце знаходзіліся ўладанні такіх значных магнацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ, як Гарнастаі, Давойны, Пацы, Радзівілы[5]. Паводле попісу 1567 г. на тэрыторыі павета свае маёнткі мелі валынскі ваявода князь Аляксандр Чартарыйскі, берасцейскі кашталян Ян Гайка, князі Аляксандр Палубенскі і Андрэй Вішнявецкі, прадстаўнікі родаў Солтанаў, Нарбутаў, Скумінаў-Тышкевічаў і інш.[6]. Аднак непасрэдна ў палітычным жыцці Лідскага павета яны фактычна не ўдзельнічалі. За выключэннем, бадай, віленскага ваяводы і канцлера Мікалая Радзівіла Рудога, які быў лідскім старостам больш за трыццаць гадоў: з 1547 да 1579 г.[7]. Хаця і ён уплываў на справы павета хутчэй ускосна, праз сваіх намеснікаў (падстаростаў), ураднікаў і кліентаў з ліку мясцовай шляхты[8]. Наступнікам М. Радзівіла на пасадзе старосты, якая, дарэчы, давала адміністрацыйную і значную судовую ўладу, а значыць і вялікі ўплыў у павеце, у 1579 г. стаў віленскі войскі Ян Абрамовіч[9]. Ён ужо больш актыўна браў удзел у розных палітычных падзеях на тэрыторыі Лідскага павета.
Павятовыя ўрады займалі пераважна прадстаўнікі мясцовай дробнай шляхты[10]. Згодна са звесткамі попісу 1567 г. у войска ВКЛ па адным конніку выстаўлялі лідскі харужы Рыгор Горла і будучы мясцовы гродскі суддзя Ян Даўлюд, па два коннікі ставілі віленскі гродскі суддзя Марцін Юхновіч-Сонгін (у канцы 1570-х г. будзе займаць урад лідскага падстаросты) і лідскі гродскі суддзя Мацей Сцяпанавіч, а таксама будучыя мясцовыя гродскія суддзі Ян Контрым ды Іван Быхавец і гродскі пісар Багдан Перапеча[11]. Лідскі земскі падсудак Мікалай Навіцкі выстаўляў у 1567 г. са сваіх маёнткаў у войска не толькі 2 вершнікаў, але і аднаго драба[12]. Па сваім эканамічным становішчы крыху вылучаліся пісары Лідскага павета земскі Ян Сіруць і гродскі Адам Гімбут, як і Юрага Лябедскі, бацька будучага лідскага войскага Юрыя Юрагі. Кожны з трох у 1567 г. ставіў у войска 4 коннікаў і 2 драбаў[13]. Да беднай і нязнатнай шляхты, на нашу думку, можна аднесці і такіх лідскіх ураднікаў, як гродскі пісар (1577) і харужы (1580-1604) Павел Круневіч, стольнік (1590-1597) і земскі падсудак (1597-1630) Станіслаў Тукала, стольнік (1597-1598) Станіслаў Вайшвіла, гродскі суддзя (1574) Ян Няшыцкі, гродскі суддзя (магчыма, з 1592) Аляксандр Пакаршынскі, гродскі пісар (магчыма, з 1585) Рафаэль Рожчыц[14].
Сярод палітычнай эліты Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. сустракаюцца таксама і прадстаўнікі знатных, „панскіх» родаў ВКЛ: Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Скіндэраў, Траццякоў, Юндзілаў. Так, у 1568 і 1574 г. як лідскі падстароста згадваецца Станіслаў Юндзіл, павятовым маршалкам з 1566 да 1582 г. быў Ян Валчковіч (Волчак), падкаморыем у 1595-1596 г. — Ян Завіша[15]. Земскімі суддзямі ў 1566-1581 і 1586-1607 г., адпаведна, былі Себасцян Траццяк і Мікалай Скіндэр, з 1588 да 1615 г. урад лідскага земскага пісара трымаў Войцех Скіндэр, гродскім (1571, 1576) і земскім (1576-1588) пісарам быў Андрэй Доўгірд[16]. Прадстаўнік княжацкага роду Лукомскіх, Яраслаў Лукомскі, у канцы XVI — пачатку XVII ст. займаў пасады лідскага падстаросты (1590-1592), земскага падсудка (1592-1597) і лідскага падкаморыя (1597-1602)[17]. Розныя ўрады ў Лідскім павеце трымалі і выхадцы з такіх вядомых у гісторыі ВКЛ родаў, як Аляхновічы і Трызны. Так, лідскім падкаморыем у 1566-1593 г. быў Мікалай Аляхновіч, а Ян Трызна ў 1586 г. быў прызначаны лідскім земскім суддзём, але ўрад па нейкіх прычынах не прыняў[18]. Уплывовыя пазіцыі меў у павеце род Нелюбовічаў: Ян Нелюбовіч у 1589?-1612 г. быў павятовым маршалкам, Вацлаў Нелюбовіч з 1599 г. — мясцовым стольнікам[19]. Тым не менш, нават прадстаўнікі знатных родаў па сваім маёмасным статусе збольшага ўсё роўна належалі да дробнай шляхты. Той жа попіс войска 1567 г. фіксуе, што М. Аляхновіч і С. Траццяк ставілі ў войска 3 коннікаў і аднаго драба кожны, а М. Скіндэр — толькі аднаго конніка[20]. A вось С. Юндзіл са сваіх маёнткаў у Лідскім, Ковенскім паветах і Мсціслаўскім ваяводстве выстаўляў у войска ВКЛ адразу 8 коннікаў і 3 драбаў, таксама 8 коннікаў у 1565 г. у войска выстаўляў і Я. Валчковіч[21]. Іх, на нашу думку, варта лічыць прадстаўнікамі сярэдняга шляхецтва Вялікага Княства. Магчыма, да сярэдняй шляхты можна аднесці і Я. Трызну, сына смаленскага кашталяна Рыгора Трызны, які ў 1567 г. ставіў у войска 22 коннікі і 11 драбаў[22]. У канцы XVI ст. значныя зямельныя ўладанні сканцэнтраваў у сваіх руках Я. Абрамовіч і вывеў свой род у шэрагі заможнай шляхты[23]. Аднак ніхто з іх нават блізка не мог параўнацца па сваім сацыяльна-эканамічным становішчы з М. Радзівілам Рудым. Віленскі ваявода і лідскі староста ў 1567 г. выставіў у войска ВКЛ 400 коннікаў і 200 драбаў[24].
Некаторыя лідскія шляхцічы рабілі даволі паспяховую кар’еру на павятовым узроўні. За апошнюю трэць XVI ст. па два ўрады займалі П. Круневіч (гродскі пісар, харужы), А. Доўгірд (гродскі і земскі пісар), М. Юхновіч-Сонгін (падстароста, земскі падсудак), С. Тукала (стольнік, земскі падсудак), Еранім Абрамовіч (войскі, падстароста), а князь Я. Лукомскі паслядоўна трымаў тры ўрады (падстароста, земскі падсудак і падкаморы)[25]. У сваю чаргу, Я. Сіруць прайшоў у сваёй кар’еры праз усе пасады земскага суда Лідскага павета: ад пісара (1566-1576) і падсудка (1576-1581) да суддзі (1581-1586)[26]. Варта адзначыць, што ў апошняй трэці XVI ст. два прадстаўнікі лідскай шляхты ўвайшлі ў склад сената Рэчы Паспалітай. Лідскі староста і віленскі войскі Я. Абрамовіч у 1593 г. атрымаў намінацыю на ўрад менскага, а ў 1596 г. — смаленскага ваяводы, у тым самым 1596 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза прызначыў лідскага падкаморыя Я. Завішу мсціслаўскім, a ў 1599 г. — віцебскім ваяводам[27].
Каналы рэкрутацыі ў склад павятовай палітычнай эліты і магчымасць далейшага кар’ернага росту вызначаліся некалькімі фактарамі. Па-першае, вялікую ролю адыгрывалі пратэкцыянісцкія адносіны. Ужо попіс войска Вялікага Княства 1567 г. адлюстраваў шырокае распаўсюджанне ў Лідскім павеце стасункаў „патрон — кліент». Найбольшы ўплыў у павеце меў віленскі ваявода і лідскі староста М. Радзівіл Руды. У попісе згадваюцца 12 кліентаў віленскага ваяводы з ліку мясцовай шляхты[28]. Значна менш, 5 кліентаў, меў гаспадарскі маршалак Ян Шымковіч, а віленскі кашталян, вялікі гетман ВКЛ Рыгор Хадкевіч і староста жамойцкі, земскі маршалак Ян Хадкевіч — па 4[29]. Таксама кліентаў сярод лідскай шляхты мелі біскупы віленскі Валерыян Пратасевіч і кіеўскі Мікалай Пац, кашталяны віцебскі Павел Пац і берасцейскі Я. Гайка, падканцлер і дворны маршалак ВКЛ Астафей Валовіч, падчашы Мікалай Кішка, лоўчы Рыгор Валовіч, князі Раман Сангушка і А. Вішнявецкі ды інш.[30].
Патроны актыўна дапамагалі сваім кліентам займаць разнастайныя павятовыя ўрады. М. Радзівіл Руды, як мясцовы староста, сам прызначаў падстаростаў і фармаваў склад гродскага суда[31], як правіла, з ліку сваіх кліентаў. Прынамсі, можна сцвярджаць, што падстаросты С. Юндзіл і М. Юхновіч-Сонгін, гродскі суддзя М. Сцяпанавіч, гродскія пісары А. Гімбут і П. Круневіч былі кліентамі менавіта віленскага ваяводы[32]. Кліентальна з М. Радзівілам быў звязаны і яго наступнік на пасадзе лідскага старосты Я. Абрамовіч[33]. У 1580 г. па пратэкцыі М. Радзівіла і А. Валовіча лідскім харужым стаў П. Круневіч[34]. А вось адзін з вышэйшых урадаў у павятовай ерархіі — урад падкаморыя — займаў М. Аляхновіч, кліент іншага буйнога магната ВКЛ — Я. Хадкевіча[35]. Заўважым, што яшчэ два кліенты жамойцкага старосты атрымалі ўрады ў Лідскім павеце толькі пасля смерці ў 1579 г. свайго патрона: Б. Перапеча стаў гродскім пісарам у 1581 г., а М. Скіндэр — земскім суддзём толькі ў 1586 г.[36] Пазней, у 1590-я г., свой уплыў на лідскую шляхту распаўсюдзіў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Пры падтрымцы пячатараў Вялікага Княства (канцлер Л. Сапега і падканцлер Габрыэль Война) у 1592 г. урад земскага падсудка атрымаў князь Я. Лукомскі, а ў 1597 г. яго, дзякуючы пратэкцыі менавіта Л. Сапегі, Жыгімонт Ваза прызначыў на пасаду лідскага падкаморыя[37]. З чарэйскай лініяй Сапегаў быў звязаны і Я. Трызна, адзін з апекуноў жонкі (сваёй сястры Аляксандры) і дзяцей памерлага ў 1576 г. Дзмітрыя Сапегі[38]. Блізкія сувязі з Я. Абрамовічам у 1590-я г. меў лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц[39].
Вялікае значэнне для таго, каб увайсці ў склад рэгіянальнай палітычнай эліты, мелі сваяцкія сувязі, знатнае паходжанне, аўтарытэт сярод шляхты. Найважнейшыя павятовыя ўрады, як ужо адзначалася, займалі прадстаўнікі знатных родаў ВКЛ: Аляхновічаў, Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Радзівілаў, Скіндэраў, Траццякоў, Трызнаў, Юндзілаў. Сваяцкія сувязі таксама дапамагалі рабіць кар’еру. Так, Лаўрын Сонгін, сын земскага падсудка М. Юхновіча-Сонгіна, у 1589 г. быў лідскім падстаростам, а М. Скіндэр, сын трокскага земскага суддзі Мікалая Скіндэра, — земскім суддзём Лідскага павета ў 1586-1607 г.[40]. Брат Я. Абрамовіча Пётр у 1589-1602 г. трымаў урад лідскага падстолія, а іх, верагодна, стрыечны брат Еранім — лідскага войскага (1585-1614) і падстаросты (1592-1605)[41]. Праз шлюбы лідская шляхта раднілася з іншымі шляхецкімі родамі ВКЛ: А. Гімбут быў звязаны з родам Доўгірдаў, Я. Завіша—з родам Трызнаў, а Я. Лукомскі—з чарэйскай лініяй Сапегаў (яго жонкай была пляменніца канцлера Л. Сапегі), Сіруці радніліся з Юндзіламі, а Скіндэры — з Шэметамі[42]. Напэўна, павятовая эліта ў немалой ступені магла дапамагчы сваім дзецям, братам ці сваякам у атрыманні пасадаў[43]. Ды і ўвогуле шляхецкая карпарацыя Лідскага павета ў другой палове XVI ст. не была нейкай замкнёнай групай. Роды тых жа Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Трызнаў і Юндзілаў мелі ўладанні ў іншых паветах і ваяводствах ВКЛ. Былі выпадкі, калі шляхцічы займалі пасады ў розных паветах краіны. Так, лідскі староста Я. Абрамовіч быў таксама віленскім войскім, лідскі маршалак Я. Валчковіч быў віленскім канюшым і падканюшым, лідскі падстароста М. Юхновіч-Сонгін—віленскім гродскім суддзём, а падкаморы М. Аляхновіч — цівуном дырвянскім у Жамойцкім старостве.
Частка шляхцічаў магла заваяваць аўтарытэт і заслужыць палітычны аванс дзякуючы сваім заслугам перад дзяржавай і інтэлектуальным здольнасцям. У1586 г. Стэфан Баторый у намінацыйным прывілеі на ўрад лідскага земскага суддзі для Я. Трызны характарызаваў яго не толькі як чалавека, які добра праявіў сябе ў ваенных дзеяннях, але і „в праве посполитом умеетного»[44]. Безумоўна, і Я. Сіруць, прайшоўшы з 1566 да 1586 г. ад пасады пісара да ўраду суддзі ў лідскім земскім судзе, належаў да „людей добрыхъ, цнотливыхъ, ростропныхъ, в праве умеетныхъ»[45], г.зн. валодаў добрымі ведамі ў галіне права і меў аўтарытэт у шляхецкім асяродку Лідскага павета.
На нашу думку, прыкладам асобы, у кар’еры якога праявіліся ўсе гэтыя фактары — і пратэкцыянісцкія ўплывы, і знатнае паходжанне, і аўтарытэт сярод мясцовай шляхты, — быў лідскі земскі суддзя С. Траццяк. Сын земскага харужага Вялікага Княства, „пан» С. Траццяк карыстаўся падтрымкай віленскага ваяводы і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога[46]. А пра яго ўплывовае становішча ў Лідскім павеце сведчыць тое, што паводле попісу войска ВКЛ 1567 г. сярод мясцовай шляхты ён меў як мінімум двух кліентаў: Я. Даўлюда і Мікалая Шмігірыча[47]. Магчыма, дзякуючы падтрымцы С. Траццяка, Я. Даўлюд у 1580-я г. займаў пасаду лідскага гродскага суддзі.
Пры характарыстыцы асабовага складу мясцовай эліты адзначым яшчэ некалькі момантаў. Па-першае, памежнае становішча Лідскага павета між зонамі рассялення балцкага і славянскага этнасаў прывяло да таго, што сярод лідскай шляхты сустракаюцца прадстаўнікі родаў як літоўскага (Аляхновічы, Доўгірды, Завішы, Юндзілы), так і беларускага (Лукомскія, Навіцкія, Нелюбовічы, Траццякі, Трызны) паходжання[48]. Па-другое, павятовыя ўрады ў Лідскім павеце займалі асобы розных хрысціянскіх канфесій: кальвіністы Р. Рожчыц і С. Тукала, праваслаўныя, хутчэй за ўсё, Р. Горла і І. Быхавец, каталік П. Абрамовіч. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. этнічнае паходжанне і канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты. На першым месцы стаяла прыналежнасць да адзінага „палітычнага народа» ВКЛ і магчымасць карыстацца адпаведнымі сацыяльна-палітычнымі правамі.
З асяродку павятовай палітычнай эліты ў разгляданы час можна вылучыць шэраг асобаў, якія актыўна прадстаўлялі Лідскі павет у грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай: выбіраліся соймавымі пасламі і дэпутатамі Трыбунала, прызначаліся паборцамі і гаспадарскімі пасламі на соймікі.
Нашы звесткі пра лідскіх паслоў на соймы Рэчы Паспалітай, на жаль, даволі абмежаваныя. На Люблінскім сойме 1569 г. Лідскі павет прадстаўлялі Шчасны Губа і Садзібор Доўгірд. Іх подпісы і пячаткі сустракаем пад актам Люблінскай уніі[49]. Таксама акт уніі пацвердзіў і Я. Валчковіч, які, як гаспадарскі маршалак, уваходзіў у склад сената ВКЛ[50]. У працы элекцыйнага сойму 1575 г. браў удзел М. Аляхновіч, які фактычна, як і ўсе прадстаўнікі ВКЛ, пры выбарах новага караля і вялікага князя падтрымаў кандыдатуру эрцгерцага Эрнеста з дынастыі Габсбургаў[51]. На элекцыі ўлетку 1587 г. вядома прысутнасць лідскіх шляхцічаў Л. Сонгіна і Яна Хаецкага, таксама паслом Лідскага павета, напэўна, быў і Андрэй Завіша[52]. У розных з’ездах ВКЛ часоў першых двух бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай (1572-1576) удзельнічалі Я. Абрамовіч, Я. Валчковіч, С. Траццяк, В. Нелюбовіч, Я. Даўлюд[53]. Магчыма, пасламі Лідскага павета на вальныя соймы Рэчы Паспалітай былі А. Завіша ў 1589 г. і Я. Абрамовіч ды Абрам Юндзіл у 1593 г.[54]. Дарэчы, віленскі войскі і лідскі староста Я. Абрамовіч удзельнічаў і ў працы вальнага сойму 1585 г., аднак невядома, прадстаўніком якога павета ён у той час быў[55]. У 1597 г. на сойме інтарэсы лідскай шляхты прадстаўлялі віленскі гродскі пісар Шчасны Багуматка і гаспадарскі дваранін Філіп Лімант[56]. Адным з земскіх паслоў ВКЛ на наступны сойм Рэчы Паспалітай, які праходзіў у Варшаве ў 1598 г., быў Я. Трызна. Не выключана, што абраны ён быў на сойміку Лідскага павета. Заўважым, што напярэдадні вальнага сойму, на Галоўным сойміку ВКЛ у Слоніме, Я. Трызна быў выбраны пасольскім маршалкай[57], а гэта яскрава сведчыць пра яго аўтарытэт сярод шляхты, і не толькі лідскай. На апошнім у XVI ст. вальным сойме Рэчы Паспалітай пасламі Лідскага павета былі падстолі лідскі П. Абрамовіч і мазырскі староста Юры Радзівіл[58].
Значна лепей нам вядома прадстаўніцтва Лідскага павета ў Трыбунале ВКЛ. За перыяд 1582-1600 г. як мінімум па адным разе лідская шляхта абірала дэпутатам у Трыбунал Л. Сонгіна (1585, магчыма), М. Аляхновіча (1586), А. Доўгірда (1586), М. Юхновіча-Сонгіна (1589), Каспера Доўгірда (1592), С. Тукалу (1593), Андрэя Монтаўта (1595), С. Вайшвілу (1596), Р. Рожчыца (1597), Яўхіма Лапату (1597), А. Юндзіла (1598)[59]. У 1599 г. на дэпутацкім сойміку ў Лідзе дэпутатам Трыбунала ВКЛ быў абраны сенатар Рэчы Паспалітай — мсціслаўскі ваявода Я. Завіша, былы лідскі падкаморы[60]. Па два разы ў апошняй трэці XVI ст. трыбунальскімі суддзямі абіраліся М. Скіндэр (1582 і 1588), Я. Лукомскі (1592 і 1598), Ф. Лімант (1593 і 1600)[61]. Былі выпадкі, калі шляхта іншых паветаў ВКЛ дэлегавала ў Трыбунал прадстаўнікоў палітычнай эліты Лідскага павета. Так, лідскі харужы П. Круневіч абіраўся дэпутатам у 1598 г. ад Мазырскага, А. Монтаўт — у 1608 г. ад Пінскага, а лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц — у 1612 г. ад Віленскага павета[62]. Неаднаразова ў склад Трыбунала ўваходзіў лідскі староста Я. Абрамовіч: у 1583, 1586 (у гэты год быў абраны трыбунальскім маршалкам), 1594, 1598 і 1601 г.[63], але ці прадстаўляў ён хоць раз менавіта лідскую шляхту, нам дакладна не вядома. Сапраўдныя рэкардсмены сярод „трыбуналістаў» Лідскага павета — Я. Нелюбовіч і Я. Трызна. Абодва ў канцы XVI — пачатку XVII ст. па 7 разоў былі дэпутатамі Трыбунала ВКЛ: Я. Нелюбовіч — у 1582, 1583, 1585, 1589, 1595, 1601 і 1604 г., а Я. Трызна —у 1584,1590,1591,1594, 1596, 1600 і 1606 г.[64]. Відавочна, што папулярнасцю і аўтарытэтам яны карысталіся не толькі ў асяродку лідскай шляхты, але і сярод шляхты ўсяго ВКЛ. Пра гэта сведчыць тое, што абодва абіраліся маршалкамі Трыбунала. Калі Я. Нелюбовіч выконваў функцыі маршалка аднойчы, у 1589 г. (маршалак віленскай кадэнцыі), то Я. Трызна — цэлых чатыры (!) разы — у 1584, 1594 (двойчы — маршалак наваградскай кадэнцыі), 1596 і 1606 г.[65].
Функцыі паборцаў у Лідскім павеце ў апошняй трэці XVI ст. выконвалі Астафей Барэйка (пабор, прызначаны на сойме ВКЛ 1566/67), А. Гімбут (паборы 1567 і 1568), Ш. Губа (пабор 1569), С. Траццяк (паборы 1568 і 1577), А. Доўгірд (паборы 1578 і 1580), М. Юхновіч-Сонгін (пабор 1581), Есіф Халецкі (пабор 1589), В. Скіндэр (пабор 1590), Е. Абрамовіч (пабор 1593) і Мацей Браніцкі (пабор 1596)[66]. У пэўнай ступені даручэнне збору падаткаў можа сведчыць пра высокі давер да той ці іншай асобы з боку павятовай шляхецкай супольнасці. Гаспадарскім паслом на павятовы соймік у Лідзе перад вальным соймам 1572 г. быў прызначаны Я. Сіруць, а С. Траццяк выступаў гаспадарскім паслом на лідскім павятовым сойміку цэлых тры разы: перад соймамі Рэчы Паспалітай 1576 і 1578 г., а таксама перад Галоўным соймікам ВКЛ 1577 г.[67]. Лідскі павятовы маршалак Я. Валчковіч быў гаспадарскім паслом на Галоўным сойміку Вялікага Княства ў Ваўкавыску ў студзені 1582 г.[68] Удзел лідскай шляхты ў грамадска-палітычным жыцці быў даволі актыўны, пра што сведчаць захаваныя да нашых дзён матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета. Так, на сойміку ў Лідзе 6 верасня 1587 г., што адбыўся пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, прысутнічала як мінімум 53 чалавекі[69]. Ліст да віленскага ваяводы Крыштафа Радзівіла з лідскага рэляцыйнага сойміка ад 21 красавіка 1597 г. сваімі пячаткамі зацвердзіла 19 шляхцічаў, а 20 траўня 1598 г. пад аналагічным лістом падпісалася 17 прадстаўнікоў шляхты Лідскага павета[70]. Для параўнання, як мінімум 60 шляхцічаў удзельнічала ў працы сойміка Наваградскага павета 12 траўня 1587 г. перад элекцыйным соймам 1587 г.[71]. У снежні 1594 г. ліст да К. Радзівіла з перадсоймавага сойміка Трокскага павета быў зацверджаны 12 пячаткамі, а да лістоў віленскаму ваяводзе з рэляцыйных соймікаў Віленскага і Упіцкага паветаў у траўні 1595 г. свае пячаткі прыклалі 10 і 9 шляхцічаў адпаведна[72]. Інструкцыю паслам Берасцейскага павета на вальны сойм 1597 г. падпісала 19 асобаў[73]. Дарэчы, у 60 чалавек на канец XVI ст. ацэньваў сярэднюю колькасць палітычных актывістаў для кожнага павятовага сойміка ВКЛ беларускі гісторык П. Лойка[74]. Аднак у параўнанні з агульнай колькасцю павятовай шляхты адсотак актыўных удзельнікаў грамадска-палітычнага жыцця быў зусім невялікі. У матэрыялах попісу войска ВКЛ 1567 г. сустракаюцца звесткі пра больш за 700 шляхцічаў, якія мелі свае ўладанні ў Лідскім павеце[75], у той час калі за ўсю апошнюю трэць XVI ст. уласна да лідскай павятовай эліты можна аднесці недзе 60-70 чалавек.
Лідская шляхта актыўна праяўляла сябе не толькі на лакальным узроўні, але і на дзяржаўным. Так, на Галоўны з’езд ВКЛ, скліканы на кастрычнік 1587 г. пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, Лідскі павет дэлегаваў адразу 19 (!) сваіх прадстаўнікоў[76]. З’езд у кастрычніку скончыўся безвынікова, і ў лістападзе 1587 г. адбыўся новы Галоўны з’езд, на якім прадстаўнікі „палітычнага народа» Вялікага Княства вызначаліся ў сваёй падтрымцы камусьці з двух кандыдатаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай[77]. Па выніках галасавання шляхецкіх паслоў за эрцгерцага Максімільяна аддалі свае галасы 15 шляхцічаў Лідскага павета, за шведскага каралевіча (і будучага караля і вялікага князя) Жыгімонта Вазу — ніводнага[78]. Між іншым, Я. Абрамовіч і Я. Трызна былі на з’ездзе ўключаны ў склад пасольства для перамоваў з абодвума прэтэндэнтамі на ўладу. Аднак калі ў снежні 1587 г. палітычная эліта ВКЛ фактычна падтрымала кандыдатуру Жыгімонта Вазы, то ў склад дэлегацыі Вялікага Княства на каранацыйны сойм у Кракаў ні Я. Абрамовіч, ні Я. Трызна не ўвайшлі[79]. Што датычыць Я. Абрамовіча, то ён яшчэ на вальным сойме Рэчы Паспалітай 1585 г. праявіў сябе сапраўдным лідэрам земскіх паслоў ВКЛ[80].
Важнай функцыяй павятовай эліты было ператварэнне інтарэсаў і імкненняў рэгіянальнай шляхецкай супольнасці ў палітычныя рашэнні і дзеянні. Нават фрагментарныя звесткі аб працы соймікаў Лідскага павета ў разгляданы час адлюстроўваюць багаты спектр палітычных пазіцый лідскай шляхты ў сферы грамадскага, эканамічнага і рэлігійнага жыцця, у галіне знешняй палітыкі. Цікавілі яе, натуральна, і мясцовыя праблемы, і дзяржаўныя. На апошнім вальным сойме ВКЛ, які адбыўся ў 1568 г. у Гародні, лідскія паслы прадставілі Жыгімонту Аўгусту тры просьбы, якія тычыліся мясцовых павятовых справаў. Па-першае, шляхта прасіла, каб паседжанні земскага суда адбываліся „не по корчмамъ», а ў гаспадарскім замку ў Лідзе або ў нейкім іншым спецыяльным месцы. Другая просьба датычыла вызначэння адзінага харужага для ўсяго Лідскага павета. І, нарэшце, лідскія паслы скардзіліся на парушэнне юрысдыкцыі Лідскага павета з боку „вряду Городенского»[81]. У 1587 г. лідская шляхта даручала сваім прадстаўнікам на Галоўным з’ездзе ВКЛ разгледзець пытанне аднаўлення пасля элекцыі дзейнасці ў павеце каптуровага суда[82]. Інструкцыя паслам на вальны сойм 1597 г. утрымлівала шырокае кола пытанняў, якія датычылі як уласна Вялікага Княства, так і ўсёй Рэчы Паспалітай: арганізацыі абароны ад Турцыі, утварэння Хрысціянскай лігі, адносінаў з Маскоўскай дзяржавай, далучэння Эстоніі, выплаты падаткаў, становішча скарбовай сістэмы, працэдуры працы сойму, рэформы Трыбунала ВКЛ, выплаты „ўпамінак» татарам, падаўлення казацкіх бунтаў і інш.[83].
Дакументы канца XVI ст. дазваляюць у пэўнай ступені акрэсліць сістэму каштоўнасцяў, якія былі найважнейшымі для эліты Лідскага павета і непасрэдным чынам уплывалі як на яе стаўленне да палітычнага ладу Рэчы Паспалітай, так і на грамадскую пазіцыю лідскай шляхты. Матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета 1587, 1596, 1597 і 1598 г.[84] яскрава сведчаць, што найперш мясцовую шляхецкую супольнасць, як „вольны народ», хвалявала захаванне і строгае выкананне яе правоў, вольнасцяў і свабодаў. Важную ролю ў свядомасці лідскай палітычнай эліты адыгрывала ўяўленне аб неабходнасці падтрымкі ў краіне міру, згоды і любові. Забеспячэнне справядлівасці і роўнасці ў межах шляхецкага стану таксама трэба залічыць у лік найважнейШЫХ каштоўнасцяў лідскай палітычнай эліты. У цэлым падобная сістэма каштоўнасцяў была характэрна для палітычнай свядомасці шляхты беларускіх зямель канца XVI — пачатку XVII ст.[85]. Адначасова ў свядомасці палітычна актыўных колаў шляхты Лідскага павета асэнсоўваліся і ўяўленні аб найбольш негатыўных з’явах тагачаснага грамадскага жыцця. Найважнейшымі праблемамі лідскі соймік бачыў унутраны грамадскі неспакой (niepokуj) і „разорванье» сярод шляхецтва Рэчы Паспалітай. Таксама надзвычай небяспечным было пашырэнне ў краіне нянавісці, беспарадкаў, сварак, звадак і гвалту. У першую чаргу, гэтыя адмоўныя з’явы паглыбляліся з-за парушэння ў дзяржаве мірнага сółснавання прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій[86]. Непасрэдным вынікам такіх працэсаў, на думку лідскай шляхты, маглі быць, ні больш ні менш, заняпад і пагібель Рэчы Паспалітай. Адпаведна была сфармулявана і свайго роду ідэальная матывацыя палітычнай дзейнасці для кожнага шляхціча: „доброго речи посполитое радети“[87]. А наступны сказ з пасольскай інструкцыі на вальны сойм 1597 г. можна разглядаць як уяўленне палітычнай эліты Лідскага павета аб галоўным абавязку караля і вялікага князя адносна яго падданых: „Да міру і згоды прывесці, і тыя беспарадкі супакоіць, пакрыўджаным справядлівасць учыніць і кожны стан у яго вольнасцях і правах Кароль Я[го] М[іласць], згодна са сваёй прысягай, захаваць і пакінуць мае, а адрозным у веры і ўсім ласку сваю Гаспадарскую аднолькавую паказваць»[88].
З пункту гледжання сістэмы каштоўнасцяў адбывалася і ацэнка шляхтай усіх палітычных інстытутаў і падзей у Рэчы Паспалітай. Можна сцвярджаць, што легітымацыя палітычнай сістэмы супольнай дзяржавы з боку лідскай павятовай эліты была безумоўнай. Аднак прынамсі ў 1590-я г. ацэнка інстытутаў вальнага сойму і нават каралеўскай улады была даволі негатыўнай. Рэляцыйны соймік Лідскага павета 21 красавіка 1597 г. адзначаў, што на мінулым сойме „нічога суцяшальнага нам і Айчызне нашай мілай, пажытэчнага, пастаноўлена быць не магло. Правы нашы і вольнасці парушаны і памешаны былі…»[89]. Амаль праз год, 20 траўня 1598 г., на наступным рэляцыйным сойміку, лідская шляхта заяўляла, што соймы адбываюцца „з абразай правоў і вольнасцяў нашых шляхецкіх»[90]. Зразумела, што такія настроі непасрэдна ўплывалі на палітычную пазіцыю лідскай павятовай эліты. Глыбокую незадаволенасць шляхецкай супольнасці Лідскага павета палітычнай сітуацыяй у Рэчы Паспалітай перадаў невядомы аўтар кароткага дыярыуша Галоўнага сойміка ВКЛ 1597 г. у Слоніме, які так занатаваў частку выступлення лідскага соймавага пасла Ф. Ліманта: „O niewoli Litewskiej niepotrzebnie siła mówił»[91].
У канцы XVI ст. актыўная частка шляхты Лідскага павета вельмі часта займала апазіцыйнае становішча ў дачыненні да палітыкі Жыгімонта Вазы. Напрыклад, на 23 лютага 1592 г. Жыгімонт Ваза склікаў Галоўны з’езд ВКЛ, які павінен быў ухваліць падаткі на забеспячэнне ўласных фінансавых патрэбаў караля і вялікага князя, у т.л. і звязаных з яго будучым вяселлем[92]. На павятовым сойміку ў Лідзе, які адбываўся ў пачатку лютага 1592 г. (магчыма, супаў з дэпутацкім соймікам), шляхта даволі эмацыйна выступіла супраць гэтай ініцыятывы. Як паведамляў Л. Сапега трокскаму ваяводу Мікалаю Крыштафу Радзівілу, „w Lidzie dudy nadęte były“[93]. Лідская шляхта, як і частка іншай шляхты ВКЛ, заяўляла, што з’езд скліканы супраць права[94], не хацела ўхваляць ніякіх падаткаў і ўвогуле высылаць паслоў на з’езд і патрабавала склікання сойму. Толькі пад уплывам прысутнага на сойміку лідскага старосты Я. Абрамовіча мясцовае шляхецтва ледзьве згадзілася абраць паслоў на Галоўны з’езд, але ім было забаронена згаджацца на якія-небудзь падатковыя ўхвалы[95].
Доўгі час лідская шляхта адмаўлялася выплачваць пабор, ухвалены Галоўным з’ездам ВКЛ 1593 г. на паездку Жыгімонта Вазы ў Швецыю. Справа ў тым, што пабор зацвярджаўся з пэўнымі варункамі для караля і вялікага князя, а менавіта з умовай, што віленскім біскупам будзе прызначаны толькі ліцвін[96]. Аднак Жыгімонт Ваза настойваў на намінацыі віленскім біскупам паляка Бернарда Мацяёўскага, што толькі паглыбляла яго канфлікт з палітычнай элітай Вялікага Княства. У сваю чаргу, лідская шляхта паслядоўна прытрымлівалася пастановы Галоўнага з’езда. Калі ў 1596 г., пасля вальнага сойму, частка шляхты ВКЛ ужо схілялася да таго, каб выдаць Жыгімонту Вазу пабор 1593 г., то, паводле паведамлення Я. Абрамовіча К. Радзівілу, „у Ашмянах і Лідзе нават і не думаюць аб гэтым»[97]. Перад вальным соймам Рэчы Паспалітай 1597г. лідскі соймік заявіў: „…пабор [1593 г.], які не на сойме, але з добрай волі быў Я [го] К[аралеўскай] М[іласці] з пэўнымі кандыцыямі абяцаны, што не выканана, і зараз яго даваць не дазваляем»[98]. У 1597 г. шляхта Лідскага павета ўсё ж часткова выплаціла спрэчны пабор. Тым не менш, лідскі паборца Е. Абрамовіч увосень 1597 г. быў выкліканы ў гаспадарскі суд у справе аб нявыплаце ў скарб усіх падатковых грошай. Аднак на разбіральніцтва ў Варшаву ні Я. Абрамовіч, ні яго прадстаўнік нават не з’явіліся[99]. Дарэчы, у канфлікце вакол віленскага біскупства лідская шляхта таксама прынцыпова супрацьстаяла Жыгімонту Вазу. Перадсоймавы соймік Лідскага павета ў снежні 1596 г. зазначаў у інструкцыі сваім паслам: „Віленскае біскупства, паводле права, нікому іншаму, толькі ліцвіну, каб было нададзена»[100]. Аб пэўным недаверы да каралеўскай улады з боку лідскай шляхты можа сведчыць і яе зварот перад соймам 1597 г. да Генрыкавых артыкулаў 1573 г. у справе ўвядзення ў Рэчы Паспалітай інстытута сенатараў-рэзідэнтаў. Так, у інструкцыі паслам даручалася дабівацца, каб „сенатары alternatim пры Каралі паводле канстытуцыі» знаходзіліся[101]. Гэтыя факты вымагаюць больш глыбокага аналізу гіпотэзы аб тым, што ВКЛ у канцы XVI — пачатку XVII ст. было адным з тых рэгіёнаў Рэчы Паспалітай, дзе каралеўская ўлада мела найбольшы аўтарытэт сярод шляхецтва[102]. Напэўна, ступень даверу да палітыкі караля ў розных рэгіёнах Вялікага Княства была неаднолькавай.
Затое можна смела сцвярджаць, што велізарным аўтарытэтам і ўплывам сярод лідскай шляхты ў канцы XVI ст. карыстаўся адзін з буйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай віленскі ваявода К. Радзівіл, сын былога віленскага ваяводы, канцлера і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога. Эліта Лідскага павета, расчараваная палітычнымі працэсамі ў краіне і вынікамі працы вальных соймаў, скардзячыся на „няласку Караля Памазанца Божага», „нежаданне іншых Паноў Сенатараў» і, напэўна, не вельмі верачы ва ўласныя сілы, бачыла адзіным абаронцам сваіх правоў і вольнасцяў менавіта К. Радзівіла[103]. Лідская шляхта на рэляцыйных сойміках 1597 і 1598 г. называла віленскага ваяводу „апекуном» і „айцом Айчыны», а сябе — не інакш як яго вернымі слугамі[104]. Шляхта таксама звярталася да К. Радзівіла, каб той „аб Айчыне клапаціцца не пераставаў, а мы пры В[ашай] К[няжацкай] М[іласці] …. здароўе і маёмасці нашы ахвяруем, цвёрда стоячы пры В[ашай] М[іласці], нашым м[іласцівым] пане»[105]. Пра шырокае распаўсюджванне пратэкцыянісцкіх уплываў сярод лідскага шляхецтва ўжо згадвалася вышэй. Відавочна, што магнатэрыя і ў апошняй трэці XVI ст. працягвала дамінаваць у сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ[106].
Не была самастойнай лідская павятовая эліта, прынамсі амаль адразу пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г., у такой важнай функцыі, як вызначэнне свайго прадстаўніцтва на вальным сойме Рэчы Паспалітай. Так, перад соймам 1572 г. кандыдатуры паслоў ад Лідскага павета, як і яшчэ 9 паветаў ВКЛ, вызначалі не столькі мясцовая шляхта, колькі А. Валовіч і М. Радзівіл Руды: „П[ан] Траццяк, суддзя, калі В[аша] М[іласць] (М. Радзівіл. — У. П.) захочаш яго ўжываць. А мог бы разам з ім і….. п[ан] Юндзіл, або як В[аша] М[іласць] пажадаеш, бо я (А. Валовіч. — У .П.) з імі размаўляў, не адмаўляюцца»[107]. Уплывы біржанскай лініі Радзівілаў на вызначэнне лідскай соймавай рэпрэзентацыі выразныя і ў пазнейшыя часы. Паслом на сойм 1597 г. быў абраны кліент К. Радзівіла Ш. Багуматка, а на сойм 1600 г. — пляменнік віленскага ваяводы Ю. Радзівіл[108]. Можна меркаваць, што патроны тым ці іншым чынам спрыялі ў выбары залежных ад сябе шляхцічаў і ў дэпутаты Трыбунала ВКЛ[109].
Разам з тым нельга сцвярджаць, што лідская шляхта была толькі пасіўным выканаўцам волі найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Верагодна, менавіта ў Лідскім павеце, побач з Наваградскім, Берасцейскім і Пінскім, у час бескаралеўя пасля смерці Жыгімонта Аўгуста была прынята адна з першых у Вялікім Княстве каптуровых ухвал[110]. Пасольская інструкцыя Лідскага павета на сойм 1597 г. утрымлівае шэраг важных пастулатаў, якія сведчылі пра даволі высокі ўзровень палітычнай свядомасці мясцовай шляхты і не заўсёды адпавядалі інтарэсам магнатэрыі ВКЛ. Напрыклад, для лепшай арганізацыі абароны краіны соймік у Лідзе прапанаваў увесці выплату кварты (¼ даходаў) з гаспадарскіх уладанняў, дзяржаўцамі якіх, як правіла, былі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Таксама прапаноўвалася праводзіць у паветах збор шляхецкага апалчэння (okazowanie), якім былі б ахоплены і дзяржаўцы даменіяльных маёнткаў, і сенатары[111].
Яшчэ шэраг пастулатаў паслам Лідскага павета на сойм 1597 г. адлюстроўвае прагматычную пазіцыю і добрыя веды мясцовай эліты наконт актуальных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця сваёй краіны. Лідская шляхта замест уступлення Рэчы Паспалітай у склад антытурэцкай Хрысціянскай лігі прапаноўвала заключыць мір з самой Турцыяй, а таксама—вечны мір з Маскоўскай дзяржавай[112]. У справе абароны дзяржавы ад магчымай вайны з Турцыяй відавочнае імкненне шляхты перакласці яе цяжар з сябе перш за ўсё на каралеўскую ўладу. За сродкі караля і вялікага князя меркавалася пабудаваць некалькі замкаў і набыць гарматы, снарады і порах, на абарону магла быць выкарыстана маёмасць памерлай каралевы Ганны, якая, на думку складальнікаў інструкцыі, павінна была перайсці ў скарб Рэчы Паспалітай. Толькі на абарончыя патрэбы павінны былі ісці і сродкі з ухваленых раней пабораў, а вось на новыя падаткі, асабліва на пагалоўны, згаджацца паслам катэгарычна забаранялася[113]. Не збіралася лідская шляхта ўдзельнічаць у выплаце „ўпамінак» татарам, якія пастаянна пагражалі ўкраінскім землям, бо „Валынь, Падляшша, Кіеў, Падолле з нашай Літоўскай еднасці (spółku) узяты»[114]. Клапаціліся ў Лідзе і пра ўнутраныя справы ВКЛ. Паслам даручалася на сойме 1597 г. дамагацца ўтварэння камісіі з сенатараў і паслоў, якая б у Вільні выслухала справаздачу земскага падскарбія аб стане скарбу Вялікага Княства, пераносу паседжанняў Трыбунала толькі ў адну Вільню, прыняцця канстытуцыі, каб па прыкладзе Польшчы ў кожным павеце ВКЛ былі заснаваны свае павятовыя скарбы[115].
Напрыканцы звернем увагу яшчэ на адну акалічнасць, а менавіта на працэс апалячвання лідскай шляхты. Можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. гэты працэс праходзіў даволі хутка і ахапіў шырокія колы мясцовага шляхецтва. Так, калі ўхвала Лідскага павета 1587 г. была напісана на старабеларускай мове, то ўжо ўсе вядомыя нам матэрыялы лідскага сойміка 1596-1598 г. створаны на польскай мове. Лідскі маршалак Я. Нелюбовіч падпісваў акты Трыбунала ВКЛ у 1589 г. па-старабеларуску, а вось пад лістамі з рэляцыйных соймікаў Лідскага павета 1597 і 1598 г. падпісваўся ўжо толькі па-польску[116]. Красамоўны факт: з 17 чалавек, што паставілі свае подпісы пад лістом да К. Радзівіла з рэляцыйнага сойміка 1598 г., толькі адзін — П. Навіцкі — падпісаўся па-старабеларуску[117].
Такім чынам, палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. складалася збольшага з мясцовай дробнай і, у значна меншай ступені, сярэдняй шляхты. Сярод павятовай эліты шырока былі прадстаўлены знатныя роды ВКЛ (Аляхновічы, Валчковічы, Доўгірды, Завішы, Лукомскія, Радзівілы, Скіндэры, Траццякі, Трызны, Юндзілы). Частка лідскай эліты ўдзельнічала ў палітычным жыцці перадусім на дзяржаўным узроўні (Я. Трызна, М. Аляхновіч, Ф. Лімант, з пэўнымі агаворкамі Я. Абрамовіч), другая частка канцэнтравала сваю дзейнасць на лакальным узроўні (Я. Сіруць, С. Траццяк), а трэцяя — спалучала абодва гэтыя ўзроўні (Я. Нелюбовіч, А. Доўгірд, Я. Лукомскі, Е. Абрамовіч, М. Юхновіч-Сонгін, П. Круневіч). У 1590-я г. на авансцэну выйшла новае пакаленне, якое прадстаўляла Лідскі павет у грамадскім жыцці краіны пачатку XVII ст.: С. Тукала, В. Скіндэр, Р. Рожчыц, А. Пакаршынскі.
Шляхі ўваходжання ў склад рэгіянальнай эліты вызначаліся паходжаннем, сваяцкімі сувязямі, асабістымі здольнасцямі, ваеннымі заслугамі і ў значнай ступені пратэкцыянісцкімі ўплывамі. Лідская шляхта знаходзілася пад вялікім уплывам магнатэрыі Вялікага Княства, перадусім, біржанскіх Радзівілаў. Гэта было абумоўлена як велізарнай перавагай магнатаў над шляхтай у сацыяльна-эканамічным плане, так і пэўным расчараваннем мясцовага шляхецтва ў каралеўскай палітыцы і інстытуце вальнага сойму. Тым не менш палітычная культура і свядомасць лідскай павятовай эліты знаходзілася ў дынаміцы і пастаянна расла. На гэты працэс уплывалі рэформы ў ВКЛ сярэдзіны 1560-х г., утварэнне Рэчы Паспалітай і супольных парламенцкіх структур, што давала магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з вопытам палітычнай барацьбы польскай шляхты, а таксама палітычны досвед перыядаў бескаралеўяў. А вось этнічнае паходжанне або канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты.
Безумоўна, палітычная эліта Лідскага павета, яе асабовы склад, палітычна-прававая культура і свядомасць патрабуюць свайго далейшага даследавання. У першую чаргу, гэта можа быць аналіз колькасных і якасных зменаў у эліце пад час яе эвалюцыі ў часе, унутраных сувязяў і ўзаемадзеяння з іншымі павятовымі элітамі, параўнанне з аналагічнымі групамі як у Вялікім Княстве Літоўскім, так і ўсёй Рэчы Паспалітай, вывучэнне грамадскай думкі і палітычнай практыкі лідскай шляхты.
[1] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 45-62.
[2] Boniecki A. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887; Ciechanowiecki A., Rachuba A.Rys genealogiczny rodziny Abramowiczów na Wornianach // Przegląd Wschodni. T. II, z. 3 (7). 1992/93. S. 595-609; Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696):spis / pod red. A. Rachuby; oprac. H. Lulewicz i A. Rachuba; Instytut historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa, 2007; Niesiecki K. Herbarz Polski / Wyd. J.N. Bobrowicz. T. 1-10. Lipsk,1839-1840; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy.T. 1: Województwo Wileńskie XIV-XVIII wiek / Pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2004.
[3] Русская историческая библиотека (РИБ): в 39 т. / Акад. наук.Археогр. комиссия. Т. 33: Литовская Метрика. Отдел третий. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи Литовского войска /Ред. С.Л. Пташицкий. Петроград, 1915.
[4] Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. II. Nr. 192, 354, 361, 383; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inneodnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907. S. 411–415.
[5] Грицкевич А.П. Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопросы истории. Вып. 5. Минск, 1978. С. 95; Starożytna Polska pod wzgłędem historycznym, geograficznym i statystycznym opisana / Przez M. Bałińskiego i T. Lipińskiego. T. III. Wielkie Księstwo Litewskie opisane przez M. Bałińskiego. Warszawa, 1846. S. 252-264.
[6] РИБ. Т. 33. Стб. 437, 440, 469, 474, 498, 502, 503, 531.
[7] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 386.
[8] Так, у падрабязным itinerarium М. Радзівіла, складзенымлітоўскай даследчыцай Р. Рагаўскене, яго прысутнасць уЛідзе зафіксавана толькі адзін раз — 24 кастрычніка 1549 г.:Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kanclerisMikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002.P. 407-418.
[9] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 386.
[10] Крытэрыі падзелу шляхты на катэгорыі ў адпаведнасці з колькасцю коннікаў, выстаўленых у войска, прапаноўвалі А. Грыцкевіч і М. Спірыдонаў: Грицкевич А.П. Распределение магнатских… С. 96-97; Спірыдонаў М. Паны і прыгонныя // Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагруд. р-на. Мінск, 1996. С. 95. На нашу думку, да дробнай шляхты больш лагічна адносіць тых, хто валодаў менш як 50 сялянскімі „службамі», г.зн. выстаўляў у войска ад 1 да 4 коннікаў, да сярэдняй шляхты варта адносіць тых, хто валодаў ад 50 да 249 „службаў» (ад 5 да 24 коннікаў), да заможнай, буйной шляхты — уладальнікаў мінімум 250 „службаў» (25-99 коннікаў) і да найбуйнейшай шляхты, магнатаў — уладальнікаў больш як 1000 сялянскіх „службаў» (больш як 100 коннікаў).
[11] РИБ. Т. 33. Стб. 747, 749, 754, 755, 757, 759, 784; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 362, 368.
[12] РИБ. Т. 33. Стб. 749. Гл. таксама: Vilimas D. LDK pavietų žemės teismų pareigūnai (1566-1588 m.): Pirmoji pavietų bajoriškųjų juristų karta // Lituanistica. 2002. Nr. 4. P. 7.
[13] РИБ. Т. 33. Стб. 509, 510, 783; Urzędnicy Wielkiego Księstwa…T. 1. S. 346, 349, 397.
[14] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 360, 368, 389.
[15] РИБ. Т. 33. Стб. 245-252, 487-506; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 337, 358, 362.
[16] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 349, 372; Vilimas D.LDK pavietų žemės… P. 16.
[17] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 358, 360, 362.
[18] Ibidem. S. 358, 372; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 16.Верагодна, пазней Я. Трызна стаў гаспадарскім маршалкам. Прынамсі, у верасні 1591 г. ён фігуруе менавіта як „маршалокъ его королевской милости»: Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК): в 39 т. Т. 30: Акты трокского подкоморского суда. Вильна, 1904. С. 85.
[19] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 337-338, 389.
[20] РИБ. Т. 33. Стб. 532, 778, 788.
[21] РИБ. Т. 33. Стб. 239, 756.
[22] Тамсама. Стб. 436-437. Гл. таксама: Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика / Liet. istorijos inst. Kn.51: 1566-1574. Vilnius, 2000. P. 304-306.
[23] Ciechanowiecki A., Rachuba A. Rys genealogiczny… S. 600.
[24] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половинеXVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев,1911. С. 580.
[25] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 349, 358, 360,362, 389.
[26] Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 16.
[27] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 4: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie XIV-XVIII wiek / pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2003. S. 216; Wolff J. Senatorowie i dygnitarze WielkiegoKsięstwa Litewskiego (1386-1795). Kraków, 1885. S. 25, 30.
[28] РИБ. Т. 33. Стб. 496, 534-535, 750, 752-756, 759, 766; Гл.таксама: Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 372—376 (неўлічаны Ян Няшыйка (Няшыцкі?) і Войцех Баран).
[29] РИБ. Т. 33. Стб. 492, 754-755, 775, 778-780, 786, 791-792.
[30] РИБ. Т. 33. Стб. 446, 748, 753, 755, 771, 775-776, 784-785, 790.
[31] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Т. І. Доўнар, У. М. Сатолін, Я. А. Юхо; Рэдкал.: Т. І. Доўнар і інш. Мінск, 2003. С. 109.
[32] РИБ. Т. 33. Стб. 756, 759; Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 66-67; Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 332, 335, 359, 373. Да 1579 г., калі ўрад лідскага старосты атрымаў Я. Абрамовіч, гродскімі суддзямі былі таксама Я. Контрым, Я. Няшыцкі і І. Быхавец, а гродскім пісарам — А. Доўгірд: Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 368.
[33] Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 277.
[34] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ).КМФ-18. Воп. 1. Спр. 66. Арк. 158-159; Спр. 212. Арк. 117адв. (Інфармацыя А. Радамана.)
[35] РИБ. Т. 33. Стб. 778.
[36] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 372. Падобную сітуацыю назіраем і з кліентам Р. Хадкевіча (памёр у 1573 г.) І. Быхаўцом, які стаў лідскім гродскім суддзём толькі ў 1577 г.:ibidem. S. 368.
[37] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 76. Арк. 382-282адв.; Спр. 77. Арк.313-313адв.; Спр. 78. Арк. 141адв.-142; Спр. 83. Арк. 261адв.-262; Спр. 283. Арк. 127-127адв. (Інфармацыя А. Радамана.)
[38] Sapiehowie. Materjaіy historyczno-genealogiczne i majątkowe:W 3t. T. 1. Petersburg, 1890. S. 111, 323-330. Дарэчы, бацькаЯ. Трызны, Р. Трызна, за ваенныя заслугі ў Інфлянцкай вайнекарыстаўся заступніцтвам М. Радзівіла Рудога і Я. Хадкевіча:Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 325.
[39] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 393адв.; AGAD. AR. Dz.V. Nr. 16. S. 67.
[40] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 362, 372.
[41] Ciechanowiecki A., Rachuba A. Rys genealogiczny… S. 597, 599,608-609; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 362, 365, 397.
[42] Вилимас Д. К вопросу о конфессиональных ориентацияхурядников земских судов ВКЛ в конце XVI века (пробапервичного анализа) // Канструкцыя і дэканструкцыя Вялікага княства Літоўскага: матэрыялы міжнар. навук. канф., Гродна, 23-25 красавіка 2004 г. /пад рэд. Н.У. Сліж. Мінск, 2007. С. 49;РИБ. Т. 33. Стб. 776, 783; Sapiehowie. S. 189-190; UrzędnicyWielkiego Księstwa… T. 1. S. 358.
[43] Пра ўтварэнне сістэмы ўзаемадапамогі паміж земскімі ўраднікамі і іх сваякамі ды стварэнне своеасаблівых дынастый„юрыстаў» у павятовых земскіх судах ВКЛ у канцы XVI ст. гл.:Вилимас Д. К вопросу о конфессиональных… С. 46-50.
[44] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 72. Арк. 36адв. У тым жа прывілеі, дарэчы, таксама дадавалася, што прызначаецца Я. Трызна земскім суддзём па пратэкцыі „некаторых паноў-рад».
[45] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. С. 96.
[46] Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 315.
[47] РИБ. Т. 33. Стб. 747, 779. Напрыклад, па два кліенты сярод лідскай шляхты мелі таксама А. Валовіч і Я. Гайка: Тамсама. Стб. 748, 753, 776, 784.
[48] У беларускай гістарыяграфіі ўжо звярталася ўвага на гэтуюз’яву: Грицкевич А.П. Распределение магнатских… С. 102-104.
[49] Akta unii Polski z Litwą 1385-1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 351, 354, 356. Ш. Губа ў 1561-1563 г.быў ротмістрам пешай роты, дыслакаванай у Інфлянтах, а ў1567 г. ставіў у войска ВКЛ двух коннікаў: РИБ. Т. 33. Стб.757; Янушкевіч А.М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкаявайна 1558-1570 гг. Мінск, 2007. С. 163, 165.
[50] Akta unii… S. 349, 353, 355. Па ўмовах Люблінскай уніі 1569 г. гаспадарскія і павятовыя маршалкі ВКЛ апынуліся па-за сенатам Рэчы Паспалітай: Rachuba A. Wielkie Księstwo… S.169.
[51] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskiew latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 228-229.
[52] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1: Okresy bezkrólewi / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2006. S. 247, 261,266. Л. Сонгін і Я. Хаецкі ў Варшаве занялі нейтральную пазіцыю, а вось А. Завіша, верагодна, падтрымаў кандыдатуру шведскага каралевіча Жыгімонта Вазы. У прыватнасці, у дыярыушы элекцыйнага сойму 1587 г. адзначана, што за Жыгімонта Вазу аддалі свае галасы „двое Завішаў», дарэчы,як і „князь Лукоўскі (Лукомскі?) з Літвы»: Dyjaryjusze sejmower. 1587: sejmy konwokacyjny i elekcyjny / Wyd. A. Sokołowski.Kraków, 1887. S. 120, 127.
[53] Akta zjazdów… S. 86, 101.
[54] Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae.Vilnae, 1758. T. 1. P. 238; Filipczak-Kocur A. Pośmiertne proble my podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 82-83.
[55] Akta Metryki Koronnej. Co ważniejsze z czasów Stefana Batorego. 1576-1586 / Wyd. A. Pawiński. Warszawa, 1882. S. 266; Dyaryusze sejmowe roku 1585. W dodatkach: Ułamki dyaryusza sejmowego roku 1582, akta sejmikowe i inne akta odnoszące się dosejmu 1585 r. / Wyd. A. Czyczyński. Kraków, 1901. S. 267, 286.
[56] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411. У 1598 г. Ш. Багуматка быў соймавым паслом ад Віленскага павета: AGAD. AR. Dz.II. Nr. 370. S. 1.
[57] Rachuba A. Wielkie Księstwo… S. 156.
[58] Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów na sejmie walnym warszawskim 9 II—21 III 1600 r. // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Pracy Historyczne. 2004, z. 131. S.89-107. Пасля заканчэння сойму Ю. Радзівіл быў прызначанытрокскім кашталянам: Wolff J. Senatorowie i dygnitarze… S. 65.
[59] Deputaci Trybunału Głównego… S. 68, 70, 77, 85, 88, 95, 98,101,104. З іх яшчэ С. Тукала і Р. Рожчыц прадстаўлялі лідскуюшляхту ў Трыбунале ў пачатку XVII ст. — у 1602 і 1606 г.адпаведна: Ibidem. S. 116, 128.
[60] Цалкам верагодна, што разам з Я. Завішам у Лідзе дэпутатам быў абраны і мазырскі староста Ю. Радзівіл, які потым стаў маршалкам віленскай кадэнцыі Трыбунала: Ibidem. S. 107—110.Дарэчы, у 1591 г. Я. Завіша ўжо абіраўся ў Трыбунал ВКЛ, але невядома ад якога павета: Ibidem. S. 85.
[61] Deputaci Trybunału Głównego… S. 61, 74, 85, 88, 104, 110.Акрамя таго, Я. Лукомскі засядаў у Трыбунале ад Лідскагапаветаў 1601 г., а Ф. Лімант — у 1605г.: Ibidem. S. 113,125.УXVII ст. суддзямі Трыбунала ВКЛ абіраліся: лідскія земскі пісар В. Скіндэр у 1602 і 1613 г., гродскі суддзя А. Пакаршынскі ў 1604і 1612 г., войскі Е. Абрамовіч у 1614 г., а таксама Ш. Багуматкаў 1608 г.: Ibidem. S. 116, 122, 134, 145, 148, 151.
[62] Ibudem. S. 106, 135, 145.
[63] Ibidem. S. 63, 70, 72, 94, 106, 115.
[64] Ibidem. S. 61, 63, 65, 68, 76-77, 79, 82, 91-92, 95, 97-98, 110,113, 122, 128.
[65] Ibidem. S. 65, 76, 91, 97, 128.
[66] АВАК: в 39 т. Т. 3: Акты брестского гродского суда. Вильна, 1870.С. 274; НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 275адв.-276; РИБ.Т. 30: Литовская Метрика. Отдел первый—второй. Ч. 3: Книги публичных дел / Ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. С. 417, 451; Lietuvos Metrika. Kn. 532:1569-1571. Vilnius, 2001. P. 79; Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 428, 438, 461; Volumina Legum. Przedruk źbiorupraw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8t. Petersburg, 1859-1860. T. 2.1859. S. 303,325, 364. У падатковым універсале 1596 г., магчыма, памылка,і пад М. Браніцкім маецца на ўвазе Мацей Бральніцкі, які ў 1603 г. прадстаўляў Лідскі павет у Трыбунале ВКЛ: Deputaci Trybunału Głównego… S. 119.
[67] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половинеXVI столетия. Приложения. С. 54, 71, 118; Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге (РНБ). Ф. 293.Западно-русские акты. № 252. Л. 1.
[68] АВАК: в 39 т. Т. 7: Акты гродненского гродского суда. Вильна, 1874. С. 179.
[69] Ухвала лідскага сойміка была зацверджана 53 пячаткамі:AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 2.
[70] Ibidem. Nr. 361. S. 1-2; nr. 383. S. 1-2. Зразумела, колькасцьшляхты на гэтых сойміках магла быць і большай: Rachuba A.Wielkie Księstwo… S. 97. На абодвух сойміках прысутнічалі Я. Нелюбовіч (верагодна, ён, як павятовы маршалак, і кіраваў соймікавымі пасяджэннямі), С. Тукала, Е. Абрамовічі некаторыя іншыя.
[71] Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам наэлекцыйны сойм 1587 г. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 10,сш. 1-2 (18-19). 2003. С. 163.
[72] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 287. S. 2; nr. 302. S. 3; nr. 300. S. 3.
[73] АВАК. Т. 2: Акты брестского земского суда. Вильна, 1867.С. 154.
[74] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст. Мінск, 2002. С. 36-37.З іншага боку, польскі даследчык А. Рахуба не згаджаецца з разлікамі, якія выводзяць сярэднюю колькасць удзельнікаў соймікаў ВКЛ у 50 чалавек: Rachuba A.Wielkie Księstwo… S. 98.
[75] РИБ. Т. 33. Стб. 431-1378.
[76] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1. Імі былі: лідскі староста і віленскі войскі Я. Абрамовіч, Андрэй і Ян Завішы, Я. Трызна, падкаморы М. Аляхновіч, харужы П. Круневіч, земскі суддзя М. Скіндэр, земскі падсудак М. Юхновіч-Сонгін, войскі Е. Абрамовіч, Яні Вацлаў Нелюбовічы, Ян і Андрэй Скіндэры, Ян Багуматка, Войцех Александровіч, Іван Бака, Мацей Міцковіч, Пётр Навіцкі, Аляксандр Сіруць.
[77] Пра гэтыя два Галоўныя з’езды ВКЛ гл.: Lulewicz H. Gniewówо unię… S. 395-405.
[78] Лідскімі пасламі, што прагаласавалі за Максімільяна,былі: Я. Абрамовіч, Я. Трызна, П. Круневіч, М. Юхновіч-Сонгін, Е. Абрамовіч, Ян (або Вацлаў) Нелюбовіч, П. Навіцкі, падстароста Матыс Саковіч Камароўскі, Я. Даўлюд, Р. Рожчыц, П. Абрамовіч, Л. Сонгін, Б. Перапеча, Якуб Гаўрыловіч і Цімафей Бокей: Akta zjazdów… S. 277-280.
[79] Ibidem. S. 287-298, 308-311; Lulewicz H. Gniewów o unię…S. 407—409. Хутчэй за ўсё, гэта было звязана з іх палітычнайпазіцыяй.
[80] Dyaryusze sejmowe roku 1585. S. 267, 286.
[81] РИБ. Т. 30. Стб. 505-506.
[82] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1. Гл. таксама: Akta zjazdów…S. 242-243.
[83] Соймік адбываўся ў лідскім замку 30-31 снежня 1596 г. Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411—415. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 48, 54, 57—58, 136.
[84] AGAD. AR. Dz. II. NrNr. 192, 354, 361, 383; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411—415. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 42, 92.
[85] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 86-93.
[86] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 383. S. 1; Dyaryusze sejmowe roku 1597.S. 412.
[87] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1.
[88] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412.
[89] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1.
[90] Ibidem. Nr. 383. S. 1. Мела лідская шляхта і цалкам канкрэтныя прэтэнзіі: зацягвання тэрміну працы сойму больш чым 6 тыдняў, позняе і недакладнае выданне соймавых канстытуцый.Узнімалася і пытанне аплаты „стравы» паслам на сойм, хаця яно ўжо было вырашана Статутам ВКЛ: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мінск, 1989.С. 116-117; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 414.
[91] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 421.
[92] Rachuba A. Wielkie Księstwo… S. 253.
[93] Archiwum Domu Radziwiłłów (ADR). Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki — Jana Zamoyskiego — Lwa Sapiehy. Kraków, 1885.S. 212.
[94] Падаткі можна было ўхваляць толькі на вальным сойме: Volumina Constitutionum. S. 329, 358.
[95] Такое ж рашэнне прыняў віленскі соймік (супраць з’езда выступаў і віленскі ваявода К. Радзівіл), на сойміку ў Менску ўвогуле не абралі паслоў, а вось трокскі соймік падтрымаў Жыгімонта Вазу: ADR. S. 212-213. Галоўны з’езд ВКЛ 1592 г.так і не прыняў аніякіх пастановаў: Rachuba A. WielkieKsięstwo… S. 253.
[96] АВАК. Т. 8: Акты виленского гродского суда. Вильна, 1874.С. 323—330. Гл. таксама: Лаппо И.И. Люблинская уния и третий Литовский статут // Журнал Министерства народного просвещения. 1917. № 5. С. 89—150; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596—1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 67—82.
[97] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 46.
[98] Разам з тым, у пастанове сойміка адзначалася, што калі ўсё ж на сойме ўсе сенатары і паслы пагодзяцца на выдачу гэтага пабору, то атрыманыя сродкі павінны быць выкарыстаны толькі для абароны ад Турцыі і на наём жаўнераў: Dyaryuszesejmowe roku 1597. S. 413-414.
[99] З Лідскага павета было сабрана 1648 злотых 20 грошаў, а суму нявыплачанага пабору скарб ацэньваў у 629 злотых польскіх:НГАБ. КМФ-18. Спр. 285. Арк. 275адв.-276, 409.
[100] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412.
[101] Ibidem. S. 414; Volumina Constitutionum. S. 327-328, 368.Прынамсі ў Польшчы шляхта бачыла ў сенатарах-рэзідэнтах магчымасць кантролю за палітыкай караля: Czapliński W.Walka pierwszych Wazów polskich ze stanami // Acta Universitatis Wratislaviensis. Nr. 504. Historia XXXIV. Studia z dziejów Rzeczypospolitej szlacheckiej. Wrocław, 1981. S. 7—30.
[102] Opaliński E. Postawa szlachty Polskiej wobec osoby królewskiej jako instytucji w latach 1587—1648. Próba postawienia problematyki //Kwartalnik Historyczny. 1983. R. 90, № 4. S. 807.
[103] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1; nr. 383. S. 1.
[104] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1; nr. 383. S. 1. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 98. Гэтыя лісты з рэляцыйных соймікаў Лідскага павета нагадваюць хутчэй панегірык на адрас К. Радзівіла.
[105] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1.
[106] Zakrzewski A. Odrębności systemu parlamentarnego Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku // Rzeczpospolita w XVI—XVIII wieku. Państwo czy wspólnota? / Zbiór studiów pod red. B. Dybasia, P. Hanczewskiego, T. Kempy. Toruń, 2007.S. 126-127.
[107] Lulewicz H. Sejmiki litewskie przed sejmem 1572 roku. Projekt obsady funkcji poselskich // Litwa w epoce Wazów. S. 126—127.Невядома, ці былі абраны С. Траццяк і С. Юндзіл пасламі натой сойм. Затое вядома, што пад час сойму 1572 г. у Варшавезнаходзіўся Я. Трызна: Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 304—306.
[108] Гл. спасылкі 56 і 58.
[109] У канцы XVI ст. падобная практыка была распаўсюджана ў Польшчы. Аднак і ў ВКЛ чуліся незадаволеныя галасы шляхты, у прыватнасці наваградскай, каб у Трыбунал „нічыіх юргельтнікаў дэпутатамі не абіралі»: Sokołowski W. Politycy schyłku złotego wieku. Małopolscy przywódcy szlachty i parlamentarzyści w latach 1574-1605. Warszawa, 1997. S. 50-56, 79.
[110] Радаман А. Шляхецкія з’езды і соймікі Новагародскага паветаі праблема ўзнікнення каптуровых судоў у Вялікім КняствеЛітоўскім, Рускім і Жамойцкім у час бескаралеўяў другой паловы XVI ст. // Вестник Академии МВД Республики Беларусь.2004. № 1(7). С. 133-134.
[111] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 413.
[112] Ibidem. S. 412-413.
[113] Ibidem. S. 413—414. У выпадку заключэння вечнага міру з Маскоўскай дзяржавай на абарону ад Турцыі маглі быць перакінуты жаўнеры і артылерыя з маскоўскага памежжа.
[114] Ibidem. S. 414.
[115] Ibidem. У павятовы скарб павінен быў ісці падатак як са свецкіх маёнткаў, у т.л. сенатарскіх, так і духоўных.
[116] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 2; nr. 383. S. 1; Raudeliūnas V.,Wisner H. Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego.1581-1648 // Kwartalnik Historyczny. 1968. R. 93, № 4. S. 966.
[117] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 383. S. 1.