Новы нумар


Аркадзіуш Чволэк. Як палявалі на чараўніц у маёнтках Яна Станіслава Сапегі.


Працэсы над чараўніцамі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага мелі сваю шматвяковую традыцыю. Першая згадка пра іх паходзіць з 1552 г., калі справа пра чары разглядалася ковенскім войтаўска-лаўнічым судом, а адзін з апошніх працэсаў адбыўся напрыканцы XVIII ст., хоць і пазней яны спарадычна мелі месца. Большасць працэсаў над чараўніцамі датычыла жыхароў уласна Жамойці. Гэта вынікала з таго, што на тых тэрыторыях былі яшчэ моцна жывучымі паганскія культы. У іншых раёнах ВКЛ падобныя суды здараліся намнога радзей. Найбольш працэсаў над чараўніцамі ў ВКЛ адбылося ў сярэдзіне ХVII ст. Колькасць расправаў над асуджанымі за чары, калі параўноўваць з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, ставіць ВКЛ на значна выгаднейшую пазіцыю. На яго тэрыторыі большасць справаў пра чары судзілі суды гродскія і земскія, а эвентуальна — і патрыманіяльныя дворскія суды. Але здараліся і спарадычныя адступленні ад гэтага правіла. Адну з такіх справаў судзіў каптуровы суд пад час аднаго з бескаралеўяў. Але ў прынцыпе працэсамі над чараўніцамі ў ВКЛ займаліся пераважна свецкія суды, чаго не было ў Кароне Польскай, дзе ў гэтай справе паміж свецкімі і духоўнымі судамі адбывалася кампетэнцыйнае канкураванне. Агульныя прававыя нормы для працэсаў над чараўніцамі ў ВКЛ упершыню з’явіліся толькі ў II Статуце ВКЛ. Аднак не хапала ўказанняў, датычных дэталяў правядзення саміх працэсаў, а таксама спосабаў доказу віны асобаў, абвінавачаных у чараўніцтве. Апеляцыйным судом у працэсах над чараўніцамі ў ВКЛ быў створаны ў 1581 г. Галоўны Трыбунал[1].

Цяпер існуе ўжо багатая літаратура, прысвечаная праблематыцы чараў і працэсаў над чараўніцамі ў XVI – XVII ст. Але большасць аналізаваных выпадкаў датычыць Кароны, і ў значна меншай ступені — ВКЛ[2]. У апошні час гэтая праблема даследавалася і ў дачыненні да Прусіі[3].

Тэкст, які публікуецца ніжэй, цяпер знаходзіцца ў фондах Бібліятэкі Літоўскай Акадэміі Навук у Вільні (Lietuovos Mokslų Akademijos Biblioteka) i мае сігнатуру F.17-167, k. 4-7v. Гэта несумненна арыгінал XVII ст. Ён датычыць следства ў справе падазравання ў чараванні, якое праводзілі ў маёнтках маршалка ВКЛ Яна Станіслава Сапегі два яго ўраднікі: Андрэй Кноф (Аndrzej Knoff) і не названы па імені Злоцкі (Złocki), намеснік слонімскага падстарасты. Ян Станіслаў Сапега быў самым старэйшым сынам Льва Сапегі і яго першай жонкі Дароты Фірлееўны. У маладосці вучыўся ў Віленскай Акадэміі і ў Браневе, а потым працягваў штудыі ў Вюрцбургу, Франкфурце і Парыжы. У 1593 г. стаў старастам Маркава і Мядзела, a ў 1605 г. — судовым слонімскім старастам. У 1611 г. Жыгімонт ІІІ даверыў яму ўрад надворнага маршалка літоўскага. Апошнім этапам яго добра пачатай кар’еры стала намінацыя ў 1621 г. на вялікага маршалка літоўскага. Пад канец жыцця ў Яна Станіслава Сапегі з’явіліся сімптомы псіхічнай хваробы, што непасрэдна паўплывала на распачынанне ў яго маёнтках палявання на чараўніц[4].

Працэс „адчароўвання” маёнткаў маршалка літоўскага быў шырока арганізаванай акцыяй, бо ўжо ў 1630 г. знаходзім першыя згадкі пра катаванне жанчыны, падазраванай у чарах[5]. Працэс над ёю трываў практычна 2 гады і завяршыўся смяротным прысудам. Яе спалілі на вогнішчы[6]. У публікаваных ніжэй крыніцах таксама ёсць адгалоскі ранейшых паляванняў на чараўніц у маёнтках маршалка літоўскага.

Тры публікаваныя ніжэй тэксты сваім зместам узаемна дапаўняюцца. Першая крыніца датычыць дэталяў следства, якое правялі ва ўладаннях маршалка літоўскага Яна Станіслава Сапегі яго ўраднікі Андрэй Кноф і не названы па імені Злоцкі, намеснік слонімскага падстарасты. На мэце працэсу было спраўдзіць, ці „не займаўся” чарамі адзін з падданых маршалка літоўскага з прозвішчам Кудравец, разам са сваёй жонкаю, дачкою і чалядніцаю. Як у многіх справах такога тыпу, западазравалі іх суседзі, a менавіта не названы па імені Перавалоцкі, які ўжо шмат гадоў прыватна канфліктаваў з Кудраўцом. Калі б чараўніцтва было даведзена, суседская калатня магла мець далёкасяжныя наступствы для Кудраўца і яго найбліжэйшай сям’і. Ураднікі Яна Станіслава Сапегі выконвалі сваю працу надзвычай скрупулёзна і, што трэба падкрэсліць, выключна бесстаронне. Распыталі бліжэйшых і далейшых суседзяў сям’і Кудраўцоў. У выніку стварыўся праўдзівы вобраз сітуацыі. Mенавіта Перавалоцкі, які меў не найлепшае рэнамэ сярод суседзяў, кaб папомсціцца на Кудраўцу і яго сям’і, беспадстаўна абвінаваціў яго ў чараўніцтве. Апісанне следства не здымае адназначна віны з Кудраўца і яго сям’і, aле выразна паказвае, што іх абгаварыў Перавалоцкі.

Два наступныя публікаваныя дакументы датычаць дадатковых высвятленняў Лявона Грынцэвіча (Leon Hryncewicz) і яго жонкі, суседзяў Кудраўца, якія непасрэдна звязаныя з праведзеным следствам. Згаданы Лявон Грынцэвіч і яго жонка апісвалі адно са здарэнняў, звязаных з жонкай Кудраўца, якая запэўнівала хворую жонку Грынцэвіча ў хуткім выздараўленні, што фактычна і адбылося. Гэта магло быць праявай яе звышнатуральных здольнасцяў, а гэтым самым — яе сувязяў з нячыстай сілай. Паведамленне Лявона Грынцэвіча і яго жонкі не дае адназначнага вырашэння гэтага пытання.

Падзеі, адлюстраваныя ў дакументах, адбываліся ў Слонімскім старостве, якое Леў Сапега перадаў свайму найстарэйшаму сыну Яну Станіславу Сапегу ў 1605 г. Пазней перадаваў яму і іншыя пасяленні, набытыя ці атрыманыя ў спадчыну, якія былі ў юрысдыкцыі слонімскага старасты. Так, згаданую ў публікаванай крыніцы вёску Перавалокі Леў Сапега атрымаў у 1611 г. ад гарадзенскага падкаморыя Паўла Валовіча і яго жонкі Сафіі Хадкевіч. Блізна было венам другой жонкі канцлера ВКЛ Гальшкі Радзівілаўны, якая запісала яму яго ў тэстаменце. Нейкія правы на тую вёску захаваліся і за яе братам Kрыштапам Радзівілам, палявым гетманам ВКЛ, бо ў 1614 г. перапрадаў яе Льву Сапегу. У1631 г. вёска была аддадзена ў заставу. У сваю чаргу, уладанне Міжрэчча (Międzyrzecz) на Падляшшы Леў Сапега атрымаў пасля смерці сваёй першай жонкі Дароты з Фірлеяў. Адносна іншых пасяленняў, згаданых у прэзентаваным тэксце, не хапае дакладных звестак. Праўдападобна, яны трапілі да Льва Сапегі, а потым і да яго сына, разам са Слонімскім староствам[7].

Публікацыя падрыхтавана на падставе Instrukcji wydawniczej dla źródeł historycznych od połowy XVI do połowy XIX wieku, распрацаванай Гістарычнай Камісіяй Польскай Акадэміяй Умельства ў Кракаве. Адначасова мову крыніц я стараўся перадаць як мага бліжэй да арыгінала. У публікацыі выкарыстаны прынцыпы скрачэнняў, рэкамендаваныя ў Instrukcji wydawniczej dla źródeł historycznych od połowy XVI do połowy XIX wieku: WMWaść Mość i г.д.

Аркадзіуш Чволэк. Як палявалі на чараўніц у маёнтках Яна Станіслава Сапегі .


[1] Падрабязней гл.: Pilaszek M. Litewskie procesy czarownic wXVI-XVIII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLVI.2002. S. 7—21; idem, Apelacje w polskich procesach czarownicXVII-XVIII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. S. 114-134; Beresnevičius G., Čaplinskas T. Czarownica [w:] Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego. Analizy i obrazy, opr. V. Ališauskas,M. Jovaiša, M. Paknys, R. Petrauskas, E. Raila, tł. P. Bukowiec,B. Kalęba, B. Piasecka. Kraków, 2006. S. 145-150; Ostling M.Konstytucja 1543 r. i początek procesów o czary w Polsce // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLIX. 2005. S. 99-102.
[2] З новай літаратуры гл.: Raganų teisman Lietuvoje. Ed. K. Jablonskis, R. Jasas.Vilnius 1987; Pilaszek M. Procesy czarownicw Polsce w XVI—XVIII w. Nowe aspekty. Uwagi na marginesiepracy B. Baranowskiego // Odrodzenie i Reformacja w Polsce.T. XLII. 1998. S. 81-102; Janiszewska-Mincer B. Bydgoski proces o czary w 1638 r. // Prace Komisji Historii. III, Seria C. Nr 4.S. 105-125; Urban W. Czary i mandragora w Tymbarku // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLIX. 2005. S. 181-182; Bogdan D. Procesy o czary na Warmii w XVI wieku // Komunikaty Mazursko-Warmińskie. 2006. Nr 1. S. 19-35; Wijaczka J. Proces o czary we wsi Młotkowo w 1692 r. Przyczynek do polowaniana czarownice w Rzeczpospolitej w XVII w. // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XLVIII. 2004. S. 161-170; idem, Procesy oczary w Polsce w dobie Oświecenia. Zarys problematyki. Klio.2005. Nr 7. S. 17-61; Wiślicz T. Społeczeństwo Kleczewa i okolicw walce z czartem (1624—1700) // Kwartalnik Historyczny. 2004.CXII. nr 2. S. 37-60; Tazbir J. Procesy o czary // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XXIII. 1973. S. 151-176; ks. Szczurkowski R. Zmagania duchowieństwa polskiego z czarami i wiarą w upiory w XVIII w. // Analecta Cracoviensia 2003. XXV. S. 415-436, iшмат іншых вартых прац.
[3] Wijaczka J. Procesy o czary w Prusach Książęcych (Brandeburskich) w XVI-XVIII wieku. Toruń, 2007.
[4] Lulewicz H. Jan Stanisław Sapieha h. Lis // Polski Słownik Biograficzny (далей – PSB). T. XXXIV. Wrocław – Warszawa – Kraków, 1992. S. 624-629.
[5] Аляксандр Цехановіч да Яна Станіслава Сапегі, маршалка літоўскага, 8 III 1630, са Слоніма, Lietuvos Mokslų Akademijos Biblioteka (далей — LMAB), f.139-4969, k. 63.
[6] Pilaszek M. Litewskie procesy czarownic w XVI— XVIII w. S. 25,34-38.
[7] Lulewicz H. Lew Sapieha h. Lis // PSB. T. XXXV, z. 144. , Warszawa — Kraków, 1994. S. 100; Sapiehowie. Materiały historyczno-genealogiczne i majątkowe. Petersburg, 1890. T. 1. S. 146; LMAB, f. 17—131, k. 71—71v., Aкт продажу Льву Сапегу мястэчка Езерніцы і фальварку Блізны, 16 IV 1614 r.
[8] ад лацінскага scrutinium, ii — у значэнні следства, следства судовае.
[9] Падобна, што прозвішча Злоцкага ўжо пасля напісання тэксту было ўстаўлена ў пустое месца, пакінутае для гэтага.
[10] Хмельніца — вёска ў Слонімскім павеце.
[11] Праўдападобна Эльжбета Сапежанка, жонка наваградскага кашталяна Самуэля Валовіча, гл.: Herbarz Polski Kaspra Niesieckiego. Wyd. J.N. Bobrowicz. Lipsk, 1842. T. IX. S. 419.
[12] Перавалока, Перавалочка — вёска ў Слонімскім павеце, пры дарозе са Слоніма да Ружан (гл.: SGKP, Warszawa, 1887. T. 8.S. 9).
[13] Востраў — вёска над ракой Лукавіцай у Слонімскім павеце, ніжэй Клімавічаў.
[14] Слонім, разлеглы на берагах Шчары, сядзіба стараства, з 1586 г.у юрысдыкцыі Льва Сапегі, a з 1605 г. — яго старэйшага сына Яна Станіслава Сапегі.
[15] рochwalić — прыгразіць, паабяцаць помсту.
[16] дрэвы, драўніну.
[17] пахвалка — пагроза.
[18] сысці.
[19] сварыліся.
[20] у вязніцы.
[21] Яна Станіслава Сапегі.
[22] пасварк — калатня, спрэчка.
[23] Смаўжы — вёска ў Слонімскім павеце.
[24] паветра — тут: заразы.
[25] прыёмныя бацька і маці — выбраныя (przybrani) бацькі.
[26] паўкварты — мера аб’ёму, роўная ½ літра.
[27] кварта — мера аб’ёму, роўная 1 літру
[28] валока — адзінка вымярэння плошчы зямлі ў ВКЛ, роўная прыкладна 21, 36 гa.
[29] Янам Станіславам Сапегам, маршалкам літоўскім.
[30] Міжрэчча (Międzyrzecz) — уладанне на Падляшшы. ЛеўСапега атрымаў яго пасля смерці сваёй першай жонкі Дароты з Фірлеяў, перадаўшай яму яго ў сваім тэстаменце.
[31] Леў Іванавіч Сапега, каралеўскі сакратар (1581), падканцлер(1585) і канцлер ВКЛ (1589), пазней віленскі ваявода (1623)і вялікі гетман ВКЛ (1625). Гл.: Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVII wieku. Spisy.Opr. H. Lulewicz, A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 42, 134, 147.
[32] Блізна — пасяленне ў Слонімскім павеце.
[33] Kракоткі — вёска ў Слонімскім павеце.
[34] Пасынічы — вёска ў Слонімскім павеце.

Наверх

Tags: ,