Единорогъ: Материалы по военной истории Восточной Европы эпохи Средних веков и Раннего Нового времени. Вып. 2 (Андрэй Янушкевіч)
Единорогъ: Материалы по военной истории Восточной Европы эпохи Средних веков и Раннего Нового времени. Вып. 2. Москва: Квадрига, 2011. 554 с. Карты, ил.
Напрыканцы лета 2011 г. у Маскве выйшаў з друку доўгачаканы другі выпуск „Единорога” — тэматычнага альманаха, прысвечанага ваеннай гісторыі Усходняй Еўропы эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу. З’яўленне гэтага выдання ў 2009 г. стала ў пэўнай ступені сенсацыяй у навуковых колах, што было абумоўлена вялікай запатрабаванасцю зборніка, дзе на аб’ектыўна-навуковым грунце аддавалася б увага калізіям ваенных канфліктаў паміж усходнееўрапейскімі дзяржавамі, арганізацыі ўзброеных сілаў і іх забеспячэння, праблемам ваеннага майстэрства. З самага пачатку рэдакцыя альманаха ўзяла курс не на даказванне рацыі маскоўска-расійскай знешнепалітычнай лініі (што так ці іначай набывала канфрантацыйнае гучанне ў дыскусіі з гісторыкамі іншых краін), а на свабодны абмен меркаваннямі і канструктыўны пошук ісціны з прыцягненнем крыніц з розных бакоў.
Адразу скажам, што другі выпуск „Единорога”, які рыхтаваўся досыць доўгі час, не расчараваў ні ў афармленні, ні ў змесце. Рэдакцыя альманаха трымае высокую планку, выпускаючы ў свет саліднае друкаванае выданне ў цвёрдай вокладцы, з загалоўкам, ціснёным залатымі літарамі, з грунтоўнай падборкай ілюстрацый і карт (выкананых у большасці светлай памяці Віктарам Цемушавым, які быў штатным рэдактарам-картографам альманаха). Выданне значна падрасло ў аб’ёме — другі выпуск налічвае аж 550 (!) старонак.
Змест альманаха паказвае, што яго павінен мець у сваёй бібліятэцы кожны, хто сур’ёзна цікавіцца ваеннай гісторыяй краін Усходняй Еўропы, перадусім ранняга Новага часу. Добрая палова матэрыялаў прама або ўскосна звязана з падзеямі на беларускай тэрыторыі. Асаблівая ўвага аддаецца XVII ст., якому прысвечана 12 публікацый з 19 (не лічачы рэцэнзій). Як і ў першым выпуску, рэдакцыя адводзіць вялікае месца публікацыі дакументальных матэрыялаў, прытым яны маюць разна стайны характар — ад спісаў і рэестраў вайсковых падраздзяленняў да ліставання палкаводцаў і нават соймікавых пастановаў (laudum).
Другі выпуск „Единорога” выразна адлюстроўвае, што вакол альманаха склалася сталае пладавітае ядро аўтараў. Алег Курбатаў размясціў тут ажно пяць публікацый, прытым амаль ва ўсіх рубрыках. Пашырылася кола польскіх вучоных: да Томаша Бохуна дабавіліся Конрад Бабятыньскі і Анджэй Харатым з публікацыямі крыніц.
Відавочна, што кааперацыя з замежнымі вайсковымі гісторыкамі (польскі вучоны Т. Бохун выступае намеснікам галоўнага рэдактара) спрыяе падвышэнню якасці матэрыялаў — без трывіяльнага абвінавачвання адзін аднаго ў шальмаванні гісторыі, перацягванні фактаў на свой бок і г. д. Адчуваецца двухбаковая канструктыўная праца, якая ператвараецца ў работу над выпраўленнем памылак і ўдакладненнем звестак пра важныя падзеі ваеннай гісторыі Расійскай дзяржавы, Рэчы Паспалітай і Украіны.
Прывядзем прыклады. А. Курбатаў прысвяціў артыкул рэканструкцыі бітвы пад вёскай Даманы 12 лютага 1655 г. Правёўшы дэталёвы і ўсёахопны аналіз максімальнага кола крыніц, сярод якіх былі новыя дакументы з расійскіх архіваў, невядомыя польскім даследчыкам (маецца на ўвазе перадусім К. Бабятыньскі), аўтар прыйшоў да высновы, што „внимательное сопоставление документов [воюющих] сторон позволяет не только свести к минимуму ошибки в оценке состава противоборствующих отрядов, но и уточнить время и место события, а также доволь-время и место события, а также довольно подробно описать его ход. <…> В противном случае неверно понятая одним ученым фраза из единственно использованного источника может послужить причиной грубейшей ошибки другого исследователя…” (78). Варта дадаць, што свае меркаванні А. Курбатаў дапоўніў публікацыямі найважнейшых крыніц па тэме.
Такі метад так ці іначай прыводзіць да праблемы крытыкі наяўных гістарыяграфічных стэрэатыпаў і развянчання прапагандысцкіх міфаў, што добра ві даць па артыкуле іншага маскоўскага даследчыка І. Бабуліна, які прысвечаны праблеме складу і колькасці расійскага войска ў вядомай бітве пад Канатопам 1659 г. У высновах ён абапіраецца на матэрыялы справаводчай дакументацыі Разраднага прыказа, якая складалася ў мэтах кантролю за фінансаваннем і забеспячэннем расійскай арміі. Дадзеныя падобных дакументаў, на погляд аўтара, маюць высокую ступень верагоднасці і праўдзівасці, у адрозненне да наратыўных крыніц. І. Бабулін прыходзіць да заключэння, што расійскае войска склада ла максімум 34 тыс. чалавек, што абсалютна разыхо-дзіцца з інфармацыяй казацкіх летапісаў і польскіх хронік, якія падаюць лічбу 100–150 тыс. жаўнераў. Больш за тое, атрымліваецца, што ўкраінскае войска пераважала расійцаў па колькасці ў паўтара раза.
У такім жа рэчышчы, на гэты раз верыфікуючы звесткі ўкраінскіх даследчыкаў, знаходзіцца публікацыя К. Качагарава, прысвечаная праблеме стратаў Запарожскага войска ў чыгірынскай кампаніі 1678 г. Друкуючы арыгіналы крыніц, якія захоўваюцца ў РДАСА, расійскаму вучонаму ўдалося ўдакладніць лічбы стратаў казакоў. Да публікацыі дададзены імянны паказальнік, які значна палягчае пошук патрэбных асобаў.
З матэрыялаў, найбольш цікавых для беларускага чы тача, трэба адзначыць працу Т. Бохуна, які напісаў пра змаганне Яна Караля Хадкевіча за Маскву ў 1612 г., паспрабаваўшы адказаць на пытанне аб прычынах паражэння войска Рэчы Паспалітай у гэтай кампаніі.
Яшчэ некалькі публікацый прысвечана вайне паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай 1654–1667 г. Польскі гісторык Конрад Бабятыньскі апублікаваў нізку лістоў Януша Радзівіла да Яна Казіміра пра баі з ра сійскімі войскамі ў лютым — красавіку 1655 г., копіі якіх захоўваюцца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве. Ра сійскі гісторык П. Прудоўскі падрыхтаваў да друку адпіску царскага дыпламата пра абарону Коўна ад вой скаў Рэчы Паспалітай у канцы 1658 — пачатку 1659 г. А. Курбатаў даў апісанне палкоў драгунскага і салдацкага строю войска Расійскай дзяржавы, якія існавалі напярэдадні вайны.
Не менш цікавымі выглядаюць два дакументы па гісторыі Смаленскай вайны 1632–1634 г., якія апу блі-каваў польскі даследчык А. Харатым. Яны звязаны з Полацкам: першы з іх — гэта маніфестацыя мяшчан супраць смаленскага падстолія Пятра Мравінскага, другі — лаўдум сойміка Полацкага ваяводства ад 5 лютага 1633 г. Гэтыя дакументы ўносяць новыя звесткі пра малавядомыя падзеі, звязаныя з разгортваннем ваенных дзеянняў.
З больш ранніх часоў цікавасць уяўляюць матэрыялы пра абвяшчэнне Маскоўскай дзяржавай Інфлянцкай вайны, апублікаваныя і прааналізаваныя А. Філюшкіным і В. Паповым. Як блізкія да гэтай тэматыкі, адзначым, што ўважлівае прачытанне маскоўскіх пасольскіх кніг дазволіла б даследчыкам падкарэктаваць свае высновы наконт уплыву падзей пад Пазволем у верасні 1557 г. на распачынанне маскоўцамі Інфлянцкай вайны.
Важныя матэрыялы пра паход крымскага хана Даўлет-Гірэя на Маскву ў 1572 г. апублікавалі А. Малоў і А. Вінаградаў, забяспечваючы іх дэталёвым аналізам міжнароднай сітуацыі і ваенных падзей. Варта адзначыць таксама біяграфічны нарыс „касімаўскага цара” Сімяона Бекбулатавіча аўтарства разанскага даследчыка А. Белякова. У ім раскрываюцца новыя факты з жыцця гэтага Чынгізіда, удакладняюцца генеалагічныя сувязі, даюцца падрабязныя звесткі пра яго вайсковую службу.
Немалая частка альманаха прысвечана XVIII ст. Гэтыя матэрыялы, аднак, не завязаны на стасунках з Рэч чу Паспалітай і больш патрэбныя тым, хто ціка-віцца ўнутранай расійскай гісторыяй. І. Курукін прааналізаваў планы і вынікі Персідскага паходу Пятра І. Е. Гусарава дала апісанне невядомага чарцяжа з часоў дэрбенцкага паходу Пятра І, а таксама ў асобным артыкуле з яўным палемічным адценнем распавяла пра існаванне „коннай каруселі” ў часы панавання Елізаветы Пятроўны. В. Навасёлаў прысвяціў увагу вы-творчасці і выпрабаванню шпажных клінкоў у 30-я г. XVIII ст. А. Дзмітрыеў ахарактарызаваў гарнізонныя падраздзяленні расійскай арміі на тэрыторыі Сібіры ў 40-я г. XVIII ст.
Акрамя таго, варта звярнуць увагу на асобны блок рэцэнзій і аглядаў. Тут размешчаны рэцэнзіі на апошнія манаграфічныя выданні Ю. Аляксеева, К. Качагарава, І. Габдуліна, Т. Таіравай-Якаўлевай. Таксама ёсць аг ляд дыскусіі пра колькасць ўзброеных сіл Расійскай дзяржа вы ў XVI ст., які быў нядаўна ініцыяваны рэдакцыяй часопіса „Пецярбургскія славянскія і балканскія даследаванні”.
Узорнасці выдання перашкаджаюць толькі некаторыя дробныя памылкі, за якімі, што называецца, не дагледзелі рэдактары альманаха. Так, у публікацыі А. Філюшкіна і В. Па пова фонд 389 РДАСА названы „Лівонскай ме тры-кай” замест „Літоўскай”. На ілюстрацыях Януш Радзівіл памылкова названы герцагам „на Берках” (слушна — „на Біржах”). Больш пільную ўвагу хацелася б бачыць да правільнага напісання ў спасылках прац на беларускай мове — традыцыйна тут сустракаюцца такія неахайнасці, як няўважлівыя адносіны да ў, мяккае р („Гілярія”) ці ш, замена і на и і г. д.
Заканчваючы агульны агляд, трэба адзначыць, што вучоныя і ўсе тыя, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй, атрымалі выдатнае выданне, якое падымае на добры навуковы ўзровень ваенна-гістарычную праблематыку і дазваляе гісторыкам з розных краін абменьвацца думкамі і адкрываць для сябе новыя крыніцы. Аднак не трэба забывацца, што альманах выходзіць у Маскве, і па падборы і падачы матэрыялаў добра відаць, што расійскія ваенныя гісторыкі сочаць за сваім інтарэсам, які заключаецца на гэты раз не ў эйфарычна-ўзнёслым паказе ўласных дасягненняў у ваеннай справе і ўхваленні або апраўданні дзеянняў расійскіх войскаў, а ў распрацоўцы навуковых праблем, якая грунтуецца на выкарыстанні шырокага кола крыніц і крытычнага метаду.
Мінск
Андрэй Янушкевіч