Кавко, Алексей. Белорусское Возрождение в историко-литературном контексте (XIX в.) (Мiхась Тычына) / агляды і рэцензіі
КАВКО, АЛЕКСЕЙ. Белорусское Возрождение в историко-литературном контексте (XIX в.) // История национальных литератур. Перечитывая и переосмысливая. Выпуск II. Москва, 1996. C.42-72.
Здавён беларуская навука акцэнтавала сваю ўвагу на праблемах вывучэння нацыянальнай гiсторыi, мастацкай лiтаратуры, культуры, свядома абмяжоўваючы сваю задачу ўласна беларускiмi маштабамi i меркамi. Амаль два стагоддзi, пачынаючы з «фiламатаў» i «фiларэтаў», актуальнымi былi пошукi адказу на пытанне: хто мы такiя, беларусы? Класiчную фармулёўку гэтага вектару даў Янка Купала: i пiсьменнiкi, i навукоўцы, i палiтыкi iмкнулiся да аднаго — «з цэлым народам гутарку весцi». Спарадычныя спробы паставiць беларускае пытанне ў больш шырокi еўрапейскi кантэкст назiралiся ўвесь час, зрэдку вылiвалiся ў цэлыя дыскусii: адну з такiх дыскусiй, тады здавалася, далёкiх ад рэальных патрэбаў беларускага руху, быў распачаў Вацлаў Ластоўскi, апублiкаваўшы на старонках «Нашай Нiвы» у 1913 г. пад псеўданiмам Юрка Верашчака артыкул «Сплачвайце доўг». У апошнiя гады перад сконам камунiстычнай iдэалогii, калi яе бiлi сутаргi нянавiсцi да iншадумства, падобную дыскусiю спрабавалi разгарнуць у беларускiм друку А.Адамовiч, В.Каваленка i iх апаненты Г.Далiдовiч, В.Гiгевiч, Я.Лецка: умоў для адкрытага выказвання думак не было, i дыскусiя сышла на спрэчку «самабытнiкаў» i «усясветнiкаў», як быццам пазiцыю А.Адамовiча, В.Каваленкi, а таксама У.Калеснiка, У.Конана, якiя далучылiся да размовы пазней i спрабавалi выступiць у ролi мiратворцаў, можна звесцi да чагосьцi аднаго. Толькi ў наш час з’явiлася рэальная магчымасць паставiць беларускае пытанне ў шырокi гiстарычна-лiтаратурны кантэкст.
Пра тое, што Беларускае Адраджэнне мела ў сабе ад самага пачатку велiзарныя патэнцыi i зусiм не вымагала занiжаных да сябе крытэрыяў, сведчаць напаўзабытыя i рэдка цытаваныя словы зноў жа Янкi Купалы, якi генiяльна адчуў i выказаў амаль афарыстычна сваё разуменне беларускага руху як двухбаковага працэсу: яго марай было «гутарку весцi» не толькi з уласным народам, але i — «грамадой мiльённай з светам гаманiцi». Гэта азначала далёкае ад чыста фармальнага падыходу iмкненне бачыць сябе, вывучаць, ацэньваць у еўрапейскiм кантэксце. На жаль, iмкненне гэтае найчасцей згасала на ўзроў-нi звыклых заклiкаў ды рэдкiх першых кволых крокаў. Мiж тым, патрэба ў iнфармацыi пра Беларускае Адраджэнне як з’яву ўсеабдымную, з’яву, якая ахоплiвае ўсе бакi беларускага жыцця-быцця XX ст., вельмi вострая: адсюль чуюцца стогны, што нас не ведаюць у вялiкiм свеце (як быццам у свеце больш ведаюць пра славакаў цi славенаў), што мы зусiм не дбаем пра мiжнародную рэпутацыю беларусаў як нацыi з вялiкай гiсторыяй, са значнымi набыткамi ў культуры, лiтаратуры…
А.Каўка, выдатны знаўца беларускай гiсторыi i культуры, адчуваючы вастрыню гэтай патрэбы, ведаючы пра выпадкi, калi цемрашалы ад расiйскае навукi i палiтыкi свядома паўтараюць даўнiя чарнасоценскiя выказваннi пра беларусаў як неiснуючую, штучна прыдуманую нацыю, паставiў перад сабой свядомую мэту расказаць пра самае галоўнае ў беларускiм руху да свабоды i незалежнасцi, даць своеасаблiвы дайджэст беларушчыны, як яна выявiла сябе ў творчасцi «пачынальнiкаў», «будзiцеляў», бо менавiта тады прарасталi зярняты, кiнутыя шчодрай рукой нашых першых сейбiтаў на ўрадлiвую нацыянальную глебу, падрыхтаваную пад будучы багаты ўраджай.
Даследчык адрасуецца да расiйскамоўнага чытача, най-перш спецыялiста-фiлолага, каб наглядна прадэманстраваць набыткi беларусiстаў у вывучэннi не так маладаследаваных, як невядомых праблем беларускай гiсторыi мiнулага стагоддзя. Многае з таго, пра што паведамляе ў сваiм артыкуле-дайджэсце А.Каўка, беларускаму чытачу, якi цiкавiцца лёсам нацыянальнай культуры, добра вядома. У асобных выпадках ён, уважлiва сочачы за тым, як разгортвае гiстарычную панараму аўтар (цi так, цi адпаведна з рэальнасцю i цi супадае з нашымi асабiстымi ўяўленнямi), адразу адзначае спробу папоўнiць iснуючую картатэку ведаў за кошт новага матэрыялу, невядомых першакрынiц. Так, у прэамбуле, спынiўшыся на кардынальнай праблеме духоўнай жыццятрываласцi беларусаў як нацыi i адвечнай неабходнасцi самасцвярджэння на геацывiлiзацыйнай (менавiта так) прасторы памiж Усходам i Захадам, праваслаўнай Расiяй i каталiцкай Польшчай, даследчык сцiсла пераказвае гiсторыю ўзбагачэння айчыннай гуманiстыкi за кошт больш шырокага разумення паняцця «Адраджэнне». Заўважым, што ён заўсёды гранiчна карэктны, калi пазначае навуковы прыярытэт у даследаваннi таго цi iншага пытання, i ў гэтым спавядае традыцыi высокай навукi, якая дакладна памятае, хто першы, а хто другi адкрыў той або iншы навуковы напрамак, хто адкрывальнiк новай iсцiны, а хто толькi пераймальнiк i паслядоўнiк, — сёння, калi «усё змяшалася ў доме» навукi, мастацтва, культуры, гэта этычнасць вартая ўхвалы.
Сярод нямногiх аўтараў, якiя пашырылi гiстарычна-культурны кантэкст ужывання паняцця «Адраджэнне» з улiкам спецыфiчных умоў, у якiх разгортвалася нацыянальна-культурная творчасць паўднёвых i заходнiх беларусаў, А.Каўка называе iмя рускага багемiста С.Нiкольскага. Думка пра тое, што пасля стагоддзяў культурнага заняпаду ў названых рэгiёнах зноў ажывiлася, актывiзавалася духоўнае жыццё, дакладна перадае i стан беларускай iдэi ў канцы XVIII-XIX ст. Мае рацыю i другi згаданы А.Каўкам славiст I.Свiрыд, якi паставiў пытанне пра нацыянальнае Адраджэнне як пра асобны тып культуры, з сваiмi ўласнымi сацыяльнымi, iдэйнымi i эстэтычнымi прыкметамi.
Адраджэнскiя працэсы на Беларусi адрознiвалiся ад заходнееўрапейскiх рэнесансных з’яў тым, што ў iх стрыжнявое значэнне мела нацыянальна-патрыятычная функцыя, якая адначасова выяўляла спецыфiчна-адрознае ў духоўным жыццi этнасу i агульнае, тое, што яднала, кансалiдавала гэты этнас у адно цэлае. У беларускiх умовах гэта супрацьстаянне ўсяму iншанацыянальнаму i ў той жа час арыентацыя на вышэйшыя дасягненнi суседзяў у сферы культуры набылi асаблiва драматычныя формы. Гiсторыя Беларускага Адраджэння XIX ст. поўнiцца заблытанымi «сюжэтамi», складанымi ўзаемадачыненнямi, пытаннямi без адказаў, чаго не ведалi нi Рэнесанс, нi Асветнiцтва ў Заходняй Еўропе. Калi згадаць, што ў 20-я г. нашага стагоддзя праблема нацыянальнага Адраджэння набыла палiтычнае адценне, то стане зразумелым, чаму яна была забыта: ужо «маладнякоўцы» высакамерна, а то i грэблiва пiсалi пра «адраджанiзм» як перажытак «нашанiўскай» старасветчыны, а ў 30-я г. крытыкi-вульгарызатары вышуквалi ў творах «адраджэнцаў» сляды «замшэлай нацдэмаўскай спадчыны», робячы адпаведныя таму часу высновы.
Чыста тэарэтычная праблема асэнсоўваецца А.Каўкам як праблема стрыжнявая, лёсаносная ў гiсторыi станаўлення беларускай iдэi. Вось чаму ён цалкам прыводзiць вызначэнне, дадзенае ў гiстарычнай энцыклапедыi У.Конанам: «Адраджэнне — гэта заканамернасць у гiстарычным развiццi народаў i рэгiёнаў, якая выяўляецца ў паскораным руху эканамiчных, сацыяльна-палiтычных i культурных працэсаў да больш высокiх формаў пасля працяглых перыядаў застою або заняпаду». I У.Конан, i А.Каўка пiшуць пра цыклiчнасць, перыядычнасць уздымаў i спадаў беларускага руху, калi кожны новы ўздым мае ўсе прыкметы эпохi Адраджэння, а таму зноў i зноў атрымлiвае гэтую назву. У.Конан налiчвае, услед за С.Дубаўцом i сённяшнiмi «нашанiўцамi», ажно пяць вузлавых гiстарычных вехаў, якiя маюць усе падставы насiць назву «Адраджэнне». Аднак, калi колькасць дасягае крытычнай лiчбы, узнiкае сумненне ў дакладнасцi вызначэння. У беларускiм варыянце гэтай з’явы, якая так выразна нагадвае «Адраджэнне», магчыма, размова павiнна iсцi аб нечым iншым, чаго няма ў гiсторыi еўрапейскiх народаў i культур. Рух, рытм, энергiя пяцi (а можа, i большай колькасцi) «беларускiх адраджэнняў» нагадваюць рух рачной плынi, якая сустракае на сваiм шляху мелi, перакаты, вiры, вузкiя месцы i ўсё гэта, дзе шпарка, а дзе павольна, адольвае, каб кацiцца далей i далей. Больш дакладна было б разважаць пра першае i апошняе — вялiкае Адраджэнне ў гiсторыi беларусаў, у рэнесансна-гуманiстычнай па сваiм характары культуры, прадстаўленай творчасцю Францiшка Скарыны i ўсiх яго вядомых паслядоўнiкаў. Другое «Беларускае Адраджэнне», названае гэтак з лёгкае рукi Максiма Багдановiча, больш правiльна было б назваць «нашанiўствам» або «адраджанiзмам», як тое i рабiлася ў артыкулах Адама Бабарэкi. Так мы ўнiклi б той тэрмiналагiчнай блытанiны, якая сёння назiраецца, калi «Адраджэннем» бачыцца i «беларусiзацыя» першай палавiны 20-х г., i «адлiга» 50-60-х г., i «галоснасць» 80-90-х. На жаль, усе гэтыя «адраджэнскiя» хвалi нi па маштабах, нi па характары i блiзка не нагадваюць размах i iмпэт Беларускага Адраджэння, росквiт якога адбыўся падчас «залатога» XVI ст., а вынiкi адчуваюцца па сённяшнi дзень. Ёсць, ёсць загадка амаль пяцiсотгадовага магутнага ўздзеяння iдэй i спраў Скарыны на беларускую гiсторыю, нацыянальны рух, яго кiрунак.
А.Каўка i сам, пералiчваючы кожны з новых «рыўкоў» беларусаў да сваёй свабоды i незалежнасцi, сумняваецца ў дакладнасцi дэфiнiцыi «Адраджэнне», як яго разумеюць беларускiя даследчыкi. «I найперш таму, — заўважае аўтар артыкула, — што змест кожнага чарговага перыяду вызначаўся не столькi з’яўленнем новай творчай якасцi, колькi грузам ранейшых нявырашаных праблемаў, якiя з пункту погляду нацыянальна-духоўнага самавыяўлення i самасцвярджэння беларускай культуры, беларускага менталiтэту заставалiся i працягваюць заставацца адкрытымi». Нацыянальная iнтэлiгенцыя, — А.Каўка заўважае гэта, можа кiдацца то ў роспач, то ў цынiзм, то радасна вяшчаць прыход новага Адраджэння, то змрочна прадракаць яму хуткi скон, i цяпер ужо назаўсёды («i канцы ў ваду»), але нявырашаныя праблемы будуць адкрытымi датуль, пакуль Беларусь не стане еўрапейскай дзяржавай, з уласцiвай ёй атрыбутыкай i сiмволiкай, а не дакаратыўным утварэннем «Рэспублiка Беларусь», якiм яна з’яўляецца сёння. Тады векавечныя беларускiя праблемы — заняпад роднай мовы, адсутнасць нацыянальнай iдэнтычнасцi, нiзкi ўзровень культуры i г.д. — набудуць зусiм iншую якасць.
Вiдавочна, што з гэтымi праблемамi мы застаемся, з iмi мы непрыкметна пераступiм парог новага стагоддзя i тысячагоддзя, а там, на прасторах новай касмiчнай эры, магчыма, усё зменiцца такiм чынам, што нашы праблемы вырашацца хутка i па-еўрапейску грунтоўна, дыхтоўна, прыгожа. Тады ўсе напрацоўкi ў галiне беларусiстыкi, у тым лiку i старанна пералiчаныя А.Каўкам, пiльна спатрэбяцца ў пабудове Беларускага Дому. Заменiм у фiнальнай фразе аўтара артыкула лiчбу «XX» на «XXI» i атрымаецца наступнае: «XXI стагоддзе, якое iдзе на змену, выклiча да жыцця новыя сiлы, новыя класiчныя iмёны. Iдэю нацыянальнага адраджэння, здабытую з-пад попелу забыцця, сiлы гэтыя падхопяць i распаляць у вызвольным руху пад уласнымi беларускiмi скрыжалямi: «Не пакiдайце!.. (Багушэвiч) i «Людзьмi звацца» (Купала). Трэба меркаваць, што зварот А.Каўкi да расiйскамоўнага чытача з заклiкам рэальна ацанiць стан i ступень вырашанасцi беларускага пытання таксама не застанецца без водгуку. У новым свеце, дзе ўсё так шчыльна сышлося ў адным часе i адным месцы, усякi маральна-этычны парыў будзе ўзнагароджаны стакроць: шчодрасць — лепшы капiтал, якi дае вялiкiя працэнты таму, хто нiчога не шкадуе дзеля блiжняга.
Менск
Мiхась Тычына