Gil, Andrzej. W kręgu dziejów i kultury Kościołów wschodnich w Rzeczypospolitej (Міхаіл Дзмітрыеў)
GIL, ANDRZEJ. W kręgu dziejów i kultury Kościołów wschodnich w Rzeczypospolitej. Siedlce, 2009. 152 s.
У зборнік артыкулаў вядомага люблінскага вучонага Анджэя Гіля ўвайшлі, галоўным чынам, яго публікацыі па гісторыі грэка-каталіцкай царквы ў Холмскай епархіі і на Валыні. Амаль усе з іх друкаваліся раней у цяжкадаступных выданнях, таму з’яўленне гэтых тэкстаў у адным томе вельмі дапаможа іншым даследчыкам гісторыі хрысціянства ва ўсходнеславянскіх землях Рэчы Паспалітай.
Чырвонай ніткай праз усе часткі кнігі праходзіць тэма недастатковай крыніцавай базы для распрацоўкі гісторыі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай да канца XVI ст. У свой час і мітрапаліт Макарый, аўтар шматтомнай „Гісторыі Рускай царквы”, у якой два вялікія тамы былі прысвечаны Кіеўскай мітраполіі, і М. Грушэўскі з прыкрасцю канстатавалі, што пра даунійнае праваслаўе ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай вядома вельмі мала. Таму кожны з ацалелых помнікаў вельмі каштоўны, і А. Гіль ужо зрабіў вялікі ўнёсак у вывучэнне таго, што ацалела. У прыватнасці, у рэцэнзаванай кнізе чытач знойдзе артыкул пра холмскі сінодзік, які ў сваёй найстаражытнейшай частцы паведамляе шмат каштоўных звестак пра склад і сувязі прывілеяваных груп Валыні ў Сярэднявеччы. Сінодзік увайшоў у склад твора Якуба Сушы „Phoenix redivivus”, пра які напісаны яшчэ адзін артыкул у кнізе.
Адзін з самых карысных і працаёмкіх артыкулаў прысвечаны складанню больш-менш поўнага і дакладнага спіса манастыроў Холмскай епіскапіі (да канца XVI ст.). Аднак шкада, што ў канцы яго мы не знаходзім сумарнага пераліку ці табліцы манастыроў.
Далей А. Гіль з уласцівай яму вострай і нават прыдзірлівай крытычнасцю паказвае, што апублікаваная ў „Актах Віленскай археаграфічнай камісіі” грамата 1521 г. адной з цэркваў Берасцейска-Уладзімірскай епархіі (царква ў Аполе пад Уладавай) з’яўляецца фальсіфікатам, створаным пад час барацьбы за маёмасць і аўтарытэт у XVII ст. Адзін з выяўленых анахранізмаў — згадванне свайго роду візітацыі, тады як гэтая практыка з’явілася ў праваслаўных і грэка-каталіцкіх епархіях не раней за XVII ст. (52).
Вельмі вузкі і спецыяльны сюжэт у артыкула пра складванне і развіццё прыходскай сеткі ў Вохіне (на польска-літоўскай мяжы) — выдатны прыклад таго, з якіх мікраскапічных „цаглінак” у А. Гіля атрымліваецца крок за крокам узнаўляць гісторыю арганізацыйных структур праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў Рэчы Паспалітай. Такі ж характар носяць два наступныя артыкулы — па-першае, артыкул пра ўніяцкія цэрквы Берасця (на падставе актаў візітацыі 1726 г.), да якога прыкладзены адпаведны, вельмі шырокі, фрагмент падрабязнага візітацыйнага інвентара; па-другое, артыкул пра царкву ў Яравішчы (па візітацыях канца XVIII ст.), які апісвае рэдкі прыклад ператварэння манастырскай царквы ў прыходскую (гэты артыкул, як і папярэдні, суправаджаецца вялікімі ўрыўкамі з пратаколаў візітацый).
Несумненна, прыцягнуць увагу многіх два артыкулы пра знакаміты абраз Холмскай Божай Маці. Першы з іх адлюстроўвае, як складаўся (фактычна — ствараўся другім пакаленнем біскупаў-уніятаў) культ Холмскай Божай Маці. А. Гіль яскрава паказвае, што гэта адбылося не раней за пачатак XVII ст. (насуперак некрытычна ўспрынятаму паведамленню Якуба Сушы пра нібыта нашмат больш ранні яе культ). У другім артыкуле дэталёва разгледжаны функцыі гэтай іконы ў бітве пад Берасцечкам, калі абраз Божай Маці мэтанакіравана падаваўся як выява нябеснай заступніцы антыказацкага і антытатарскага войска.
Артыкул пра царкоўную архітэктуру Сокаля вельмі рэлевантны пры звароце да зусім не лакальнай праблематыкі, а да праблематыкі так званай „лацінізацыі” уніі (у тым ліку і такой відавочнай яе праявы, як архітэктура храмаў). А. Гіль вельмі цвяроза канстатуе, што унія 1596 г. не прывяла да гарманічнага збліжэння дзвюх канфесій, а спарадзіла шэраг канфліктаў ва ўлонні хрысціянскай культуры (129). Знешняе выражэнне гэтых канфліктаў і спароджаная імі „лацінізацыя” — трансфармацыя архітэктуры сокальскіх цэркваў.
Апошні артыкул кнігі прысвечаны дзейнасці грэка-каталіцкага духавенства такога рэгіёна Лемкаўшчыны, як дэканат Мушына Перамышльскай епархіі ў 1848–1914 г. Гэта чарговы прыклад таго, як „мікрагісторыя” магла б дапамагчы і дапамагае выяўленню агульных тэндэнцый развіцця канфесійных і этна-рэлігійных канфліктаў у межах былой Рэчы Паспалітай. Пра наяўнасць гэтых канфліктаў і іх вастрыню і нагадвае артыкул А. Гіля.
У цэлым зборнік артыкулаў Анджэя Гіля, дзякуючы ўласцівай аўтару акрыбіі, выдатнаму веданню ўсіх матэрыялаў і вялікай прафесійнай адказнасці, — бліскучы доказ таго, што менавіта з дапамогай „мікрагісторыі” мы пачынаем бачыць і разумець, якой „насамрэч” была гісторыя праваслаўя і уніі ва ўсходніх частках Рэчы Паспалітай.
Масква
Міхаіл Дзмітрыеў