БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Borek, Piotr. W służbie Klio (Марцэлі Косман)

BOREK, PIOTR. W służbie Klio. Studia o barokowych pisarzach „minorum gentium”. Collegium Columbinum, „Biblioteka Tradycji” nr CVI. Kraków, 2011. 334 s.

Аўтар кнігі прафесар Педагагічнага ўніверсітэта імя Камісіі народнай адукацыі ў Кракаве, доктар Інстытута польскай філалогіі Пётр Борэк — адзін з найбольш дынамічных даследчыкаў старапольскага перыяду, а дакладней — літаратуры XVII ст. і гісторыі паўднёва-ўсходніх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Сваю ўвагу ён сканцэнтраваў на творчасці малавядомых пісьменнікаў. Пошук іх твораў — цяжкая праца. Яна патрабуе шмат цярпення, уедлівасці, выкарыстання ледзь не дэтэктыўных метадаў, бо калі біяграфіі знакамітых асобаў маюць багатую і даступную інфармацыю, аўтары minorum gentium часта застаюцца ў цяні вялікіх падзей (адкрыцці могуць стаць справай выпадку або так і застацца на ўзроўні сфармуляванай з рознай ступенню абгрунтаванасці гіпотэзы). У гэтай сувязі неабходна мець выключны досвед, каб адгарнуць старонкі жыцця гэтых людзей, нават у агульных рысах.

Пётр Борэк дастаткова доўга займаецца творчасцю малавядомых гістарычных пісьменнікаў сярэдзіны XVII ст. (пераважна часоў казацкіх ці турэцкіх войнаў), чыя творчасць выклікае пытанні з мастацкага пункту гледжання. Пры гэтым аўтар ідзе двума шляхамі: адзін звязаны з літаратурна-гістарычнымі даследаваннямі, другі — з крытычным выданнем крыніц. Кніга, пра якую ідзе гаворка, — адначасова вынік ранейшых пошукаў і прыкмета іх працягу. Сярод найбольш важных навуковых публікацый аўтара трэба назваць „Ukraina w staropolskich diariuszach i pamiętnikach. Bohaterowie, fortece, tradycja” (Кракаў, 2001), „Szlakami dawnej Ukrainy. Studia staropolskie” (Кракаў, 2002) і „Od Piławiec do Humania” (Кракаў, 2005). Увагі заслугоўвае і рэдактарская дзейнасць П. Борэка. Варта згадаць, напрыклад, прысвечаную 350-годдзю Гадзяцкай дамовы паміж Рэччу Паспалітай і казацкай Украінай працу пад назвай „W kręgu Hadziacza A. D. 1658. Od historii do literatury” (Кракаў, 2008). Рэгулярна кракаўскі даследчык выдае і старапольскія тэксты, выбар якіх невыпадковы. Ён звязаны з рэалізацыяй больш шырокага плана, доказам чаго з’яўляецца апошняя, прысвечаная малавядомым пісьменнікам эпохі Барока, публікацыя пад назвай „W służbie Klio”. Гэтая праца мае аналітычна-абагульняльны характар і з’яўляецца завершаным цэлым.

Кніга складаецца з дзевяці даследаванняў, якія пачынаюцца „Уступам”, дзе аўтар характарызуе змест і сувязі паміж сэнсавымі часткамі: „Галоўнай з’яўляецца вядучая праблема гісторыі, часцей за ўсё застылай, якую творцы эпохі Барока выкладалі ў паэтычнай і празаічнай форме <…> Элементамі, якія побач з гісторыяй аб’ядноўваюць кнігу, выступаюць эпічныя вартасці і біяграфіі слаба вядомых або ўвогуле невядомых пісьменнікаў XVII ст. Я лічу, што згадванне асобных пісьменнікаў minorum gentium і характарыстыка іх некаторых твораў „з-пад знака вершаванай гістарычнай эпікі” можа выклікаць большую зацікаўленасць філолагаў і гісторыкаў да друга- ці трэцеразрадных сведчанняў, якія ў эпоху барока карысталіся папулярнасцю ў чытачоў”.

Цалкам пагаджаемся з думкай аўтара пра неабходнасць пастаяннага пашырэння колькасці выкарыстаных крыніц шляхам працы ў архівах і згадвання ўнікальных, адзінкавых друкаў ды выяўлення ў старапольскай літаратуры не толькі тэкстаў, якія з’яўляюцца шэдэўрамі. „Ужо сёння можна сцвярджаць, што ў XVII ст. да ліку найбольш чытаных адносіліся менавіта эпічныя пераказы з гісторыі (звычайна ваеннай) сям’і, аўтары якіх прымалі актыўны ўдзел у апісваных падзеях. Развіццё старапольскай манеры напісання дзённікаў, навін, рукапісных газет і вершаванай эпікі неабходна аднесці да бурлівых падзей XVII ст., у якім давялося жыць дамарослым пісьменнікам” (7).

Аўтар, па спецыяльнасці паланіст, спалучае ў сабе кампетэнцыі літаратуразнаўцы і гісторыка, прычым у абедзвюх галінах добра арыентуецца, даследуе гісторыю і культуру эпохі Барока і вялікіх войнаў, якія вяла Рэч Паспалітая ў XVII ст. Асноўным рубяжом выступаюць падзеі другой паловы праўлення Жыгімонта III Вазы, калі паходам на ўсход папярэднічала грамадзянская вайна (рокаш Зебжыдоўскага). Заканчваецца разгляд самым пачаткам XVIII ст., а калі дакладней — 1702 г., калі на рынку ў Луцку разыгралася драма шляхціча-паэта, героя апошняга раздзела кнігі, якому па рашэнні суда адсеклі галаву. Тэкст быў дапоўнены 18 ілюстрацыямі, рэзюме на рускай і англійскай мовах, геаграфічным і асабовым паказальнікамі. Аўтар паставіў мэту, якую, дарэчы, і рэалізаваў, падаць вобраз непасрэднай гістарычнай рэчаіснасці, паказаць гістарычных асобаў, сармацкую ментальнасць, а таксама творчае майстэрства і самапрэзентацыю аўтараў прааналізаваных тэкстаў.

Два першыя раздзелы звязаны з асобай Станіслава Жулкеўскага, а таксама з грамадзянскай вайной і паходамі на Маскву. Іншымі словамі — з падзеямі, у якіх гетман адыграў галоўную ролю. Прапанаваны ў кнізе матэрыял сведчыць пра перспектыву з’яўлення новых даследаванняў і выданняў крыніц. Тэкст пад назвай „Hetman Stanisław Żołkiewski w poezji rokoszowej z lat 1606–1608” (13–30) развівае зробленую яшчэ ў 1920 г. выснову Віктара Хана пра драматычны момант у жыцці будучага героя Цэцоры, калі Жулкеўскі ў якасці прыхільніка караля стаў аб’ектам вострых нападак з боку тых, хто падтрымаў рокаш Зебжыдоўскага, і быў абвінавачаны ў здрадзе Рэчы Паспалітай. Тым часам ён, легаліст, хутка праявіў сябе як прыхільнік лагоднага стаўлення да бунтаўшчыкоў, сярод якіх было шмат людзей у той ці іншай ступені з ім звязаных. У назве другога тэксту змяшчаецца заўвага, што гэта толькі ўводны разгляд тэмы: „Moskiewski rok 1612 w barokowych relacjach pamiętnikarskich (rekonesans)” (31–48). Справа датычыцца вельмі важнага ў гісторыі войнаў панавання ў Крамлі ў той год, які прынёс шмат як станоўчых, так і адмоўных падзей для інтэрвентаў. Нататкі вёў гетман-пераможца і іншыя ўдзельнікі вайны. Сярод апошніх былі Юзэф Будзіла, Самуэль Маскевіч і Мікалай Сцібор Мархоцкі. Пацверджаннем інтарэсу даследчыкаў да гэтых дзённікаў служыць факт іх крытычнага выдання ў апошнія некалькі гадоў. Такім чынам можна чакаць больш шырокай і грунтоўнай працы аўтара на гэтую тэму, дзе падмуркам якраз і выступяць наяўныя публікацыі.

Раздзел „Samuel Hutor Szymanowski — zapomniany epik barokowy” (49–88) пераносіць нас у час вялікіх казацкіх паўстанняў і згадвае крытычнае выданне яго твора „Mars sauromatski i inne poematy” (да друку падрыхтаваў П. Борэк. Кракаў, 2009). Тут мы трапляем ў стыхію вершаў, звязаных з Ярэмам Вішнявецкім. Аўтар адносіць паэта-салдата, які піша пра войны Рэчы Паспалітай з Масквой, татарамі і казакамі, да ліку надзеленых пісьменніцкім талентам дакументалістаў, бо апошні апісваў гістарычныя падзеі так, як ён іх бачыў або як чуў пра іх ад іншых відавочцаў.

Наступныя раздзелы таксама маюць дачыненне да выдадзеных П. Борэкам крыніц: «Jana Białobockiego „Odmiana postanowienia sfery niestatecznej kozackiej”. Przyczynek do dziejów wierszowanej epiki historycznej» (89–108)[1]; „Oblężenia Lwowa 1648 i 1655 roku w tworczości Jozefa Bartłomieja Zimorowica” (109–140)[2]; «Samuela Leszczyńskiego „Potrzeba z Szeremetem”» (141–168)[3]. Аўтар звяртае ўвагу на польскацэнтрычны, што зразумела, пункт гледжання згаданых пісьменнікаў XVII ст. на ўнутраных і знешніх ворагаў, які праяўляецца ў трактоўцы казакоў як ворагаў айчыны, якіх надорваюць красамоўнымі эпітэтамі. Пры гэтым можна заўважыць прапагандысцкія функцыі тэкстаў, асабліва ў выпадку, калі мецэнатам аўтара быў Я. Вішнявецкі. Паэма Ляшчыньскага — ён належаў да вышэйшай магнатэрыі ў краіне — акрамя эстэтычных якасцяў (пераважна яны дазваляюць адносіць аўтараў да minorem gentium) змяшчае шмат фактаў, якія сведчаць пра тое, што дзяржаўная ўлада не заўсёды плаціла грошы сваім падначаленым, чым ставіла апошніх у складаную сітуацыю.

Наступныя два раздзелы маюць дачыненне да праслаўленай дзякуючы трылогіі Г. Сянкевіча постаці Ежы Валадыёўскага. Гэта «„Relacyja Kamieńca wzię-«„Relacyja Kamieńca wziętego” Stanisława Makowieckiego jako źrodło do upadku twierdzy w roku 1672» (169–209)[4] і «Stolnik przemyski Jerzy Wołodyjowski w „Relacyi Kamieńca wziętego” S. Makowieckiego i ostatniej części Trylogii H. Sienkiewicza» (209–234). Да гэтага часу даследчыкі, якія карысталіся гэтым літаратурна няўдалым, але багатым на факты, творам лятычоўскага стольніка, павінны былі ў дадатак глядзець адну з трох рукапісных копій у Галоўным архіве даўніх актаў (AGAD) у Варшаве, Бібліятэцы ПАН у Кракаве ці Курніцкай біблітэцы ПАН або абапірацца на публікацыю Т. Вяжбоўскага (вольная празаічная адаптацыя вершаванага тэксту). Цяпер дзякуючы П. Борэку іх задача стала больш лёгкай.

Кнігу завяршае раздзел пад назвай „Daniel Bratkowski, zapomniany wierszopis z Wołynia” (235–268). Як і ў іншых выпадках, гэтаму тэксту папярэднічала дакументальная публікацыя[5]. Кракаўскі выдавец, абапіраючыся на крыніцы, зрывае з постаці браслаўскага падстолія ідэалістычны налёт, якім яго надарыла ўкраінская гістарыяграфія.

Апошняя кніга П. Борэка — падсумаванне яго рэ-дактарскай працы, якая адначасова акрэслівае далейшыя перспектывы. Яна абапіраецца на крыніцы, пераасэнсоўвае пастулаты і паказвае асобы некаторых пісьменнікаў minorem gentium у новым святле. Публікацыя дае даследчыкам і аўтарам будучых абагульняльных прац па гісторыі старапольскай літаратуры матэрыял, які дазволіць удакладніць і дапоўніць цяперашнія ўяўленні.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Гл.: Białobocki J. Poematy rycerskie / Wstęp i opracowanie P. Borek. Kraków, 2004.
[2] Гэты дакумент друкуецца ўпершыню. Але варта звярнуць увагу на публікацыю: Jozefowicz J. T. Lwów utrapiony in anno 1704 / Opracował P. Borek. Kraków, 2003.
[3] Гл: Leszczyński S. Potrzeba z Szeremetem, hetmanem moskiewskim, i z Kozakami w roku Pańskim 1660 od Polaków wygrana / Opracował P. Borek. Kraków, 2006.
[4] Гл.: Makowiecki S. Relacyja Kamieńca wziętego przez Turków w roku 1672 / Opracował P. Borek. Kraków, 2008.
[5] Bratkowski D. Świat po części przeźrzany / Opracowali P. Borek i B. Krzywy. Warszawa, 2011.

Тэгі: , , , ,