Konopacki, Artur. Zycie religijne Tatarów na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI–XIX w (Cцяпан Захаркевіч)
KONOPACKI, ARTUR. Życie religijne Tatarów na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI — XIX wieku. Warszawa: WUW, 2010. 253 s.
У Польшчы выйшла чарговая навуковая праца, прысвечаная гісторыі і культуры татараў Вялікага Княства Літоўскага. Калі параўнаць колькасць і якасць польскай і беларускай гістарыяграфіі гісторыі татараў ВКЛ, то, на жаль, яна будзе не на нашу карысць. І справа не столькі ў невялікай колькасці даследчыкаў гэтай праблемы, колькі ў распаўсюджаным стэрэатыпе, што ёю павінны займацца самі прадстаўнікі гэтых груп. Аднак абагульняльныя працы заўсёды маюць назву „гісторыя Беларусі”, а не „гісторыя беларусаў”. Этнічныя меншасці шмат прынеслі ў развіццё беларускай гісторыі і культуры, а таму ігнараванне гэтага — адзін з бар’ераў на шляху да яе разумення.
Манаграфія беластоцкага гісторыка Артура Канапацкага складаецца з уводзінаў, пяці раздзелаў, заканчэння, бібліяграфіі, спіса скарачэнняў, асабовага і геаграфічнага індэксаў, дадаткаў. У якасці аргументаў на карысць абранай тэмы аўтар называе спецыфічны характар ісламу татараў ВКЛ, з аднаго боку, і пэўныя асіміляцыйныя працэсы культуры татараў — з другога (9).
Уводзіны традыцыйна прысвечаны кароткаму аналізу гістарыяграфіі і крыніц. У асноўным тэксце А. Канапацкі таксама неаднаразова звяртаецца да гэтага пытання. Напрыклад, пад час аналізу татарскага духавенства ў трэцім раздзеле аўтар ставіць пад сумнеў сапраўднасць ананімнага трактата пра татар ВКЛ 1558 г., адрасаванага султану Сулейману — „Рысале-і-Татары-і-Лех” (Справа пра польскіх татараў). У беларускай жа гістарыяграфіі гэтая крыніца лічыцца адной з ас ноўных. Беларуская даследчыца З. Канапацкая мярнуе, што „ён [трактат] застаецца адзінай крыніцай па гісторыі і культуры літоўскіх татараў таго часу”[1].
Першы раздел — „Татарскія салдаты-пасяленцы” — мае інфармацыйны характар і знаёміць са шляхамі і формамі засялення ВКЛ татарамі, сацыяльна-правававым статусам, асаблівасцямі становішча ў гарадах. Цікавым падаецца абагульняльны агляд вострай для польскай гістарыяграфіі праблемы вызначэння прававога статусу татараў (можна ўзгадаць знакамітую дыскусію паміж П. Бараўскім і Я. Собчакам, якая працягвалася больш за дзесяць гадоў[2]). У выніку гэтага абмену думкамі меркаванні польскіх даследчыкаў падзяліліся: у падтрымку тэзіса аб шляхецтве татар ВКЛ выступаюць П. Бараўскі і С. Думін (з імі пагаджаеца і А. Канапацкі), супрацьлеглы погляд прэзентуюць Я. Собчак, Г. Віснэр і А. Закшэўскі (56).
Другі раздзел — „Іслам — рэлігія татараў ВКЛ” — прысвечаны агульнай характарыстыцы ісламу і аналізу яго асаблівасцяў у татараў ВКЛ. Прычым з пяці параграфаў толькі ў апошнім („Іслам і татары ВКЛ”) аналізуецца рэлігійная традыцыя татараў княства. Часткова ў трэцім і чацвёртым параграфах (адпаведна „Рэлігійныя рытуалы” і „Мусульманскія святы — абрадавы год”) ёсць згадкі пра татараў на землях ВКЛ. На падставе адсутнасці крыніц аб рэлігійных святах аўтар вылучае „толькі два святы — Байрам і Курбан Байрам” (69). Аднак далей, на наш погляд, падаецца дастаткова спрэчнае меркаванне пра тое, што „іншыя святы таксама былі распаўсюджаны, нягледзячы на тое, што ў крыніцах не захаваліся ўспаміны пра іх” (69). На падставе факта існавання традыцыйных святаў татараў па сённяшні дзень аўтар дае апісанне асноўных гадавых святаў класічнага ісламу. Аднак вядома, што ў XIX ст. татары на землях, далучаных да Расійскай імперыі, былі падначалены Таўрычаскаму муфціяту, класічнай ісламскай установе рэлігійнага кіравання з рэзідэнцыяй у Крыме. Амаль за сто гадоў падначалення муфціяту татары, якія ніколі раней не мелі прафесійных святароў, маглі адрадзіць ці можа нават стварыць упершыню класічныя ісламскія рытуалы святкавання. Трэба таксама ўлічваць уплыў сучасных традыцыйных ісламскіх грамадстваў і дзяржаў. Напрыклад, пад час этнаграфічнай практыкі студэнтаў БДУ ў Міры Карэліцкага раёна аўтар гэтага тэксту размаўляў з мулой навагрудскай мячэці, які распавёў пра моцны трансфармацыйны ўплыў ісламскіх краін Блізкага Усходу на традыцыйныя рэлігійныя ўяўленні беларускіх татараў праз моладзь, якая праводзіла там летнія канікулы. Паказальны і той факт, што яго намеснік рыхтаваўся да гэтай пасады пры турэцкай амбасадзе, дзе, хутчэй за ўсё, знаёміўся не з бацькоўскімі традыцыямі веры. Улічваючы гэта, а таксама значнае павелічэнне колькасці татараў за кошт міграцый з Крыма ў XIX ст., можна казаць пра моцны ўплыў класічнага ісламу на рэгіянальныя традыцыі, якія развіваліся ізалявана на працягу каля пяціста гадоў. Неабходна памятаць і тое, што першыя татарскія абшчыны з’явіліся ў ВКЛ літаральна праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля прыняцця ханам Джанібекам ісламу, а таму яны не мелі дастаткова часу, каб успрыняць класічныя нормы гэтай рэлігіі.
Значную ўвагу А. Канапацкі аддае працэсу хрысціянізацыі татар ВКЛ. Аўтар аспрэчвае існуючую ў беларускай гістарыяграфіі думку аб неэфектыўнасці місіянерскай дзейнасці сярод татараў ВКЛ. У якасці аргументаў ён называе адлегласць татараў ВКЛ ад асноўных ісламскіх цэнтраў, страту ўласнай мовы і імкненне да шляхецкіх прывілеяў (76). Цікавы прыклад місіянерскай дзейнасці сярод татараў — знойдзены аўтарам у бібліятэцы Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу каталіцкі малітоўнік 1591 г. з паралельным перакладам па-арабску (73).
Адзін з найбольш цікавых раздзелаў — „Развіццё джаміятаў — мусульманскіх абшчын”. Малараспрацаванаму аспекту гісторыі татараў ВКЛ у працы А. Канапацкага прысвечана значнае месца. На падставе вялікай колькасці крыніц аўтар разглядае агульныя пытанні джаміяту, асобна духавенства, вакуфаў, мячэцяў і іх фундатараў, могілкі.
Неабходна звярнуць увагу на два сцверджанні аўтара. Па-першае, гэта вызначэнне суфійскіх элементаў у рэлігійных традыцыях татараў ВКЛ. У гістарыяграфіі пытання замацавалася думка пра сунізм татараў, аднак А. Канапацкі сцвярджае наяўнасць суфізму на землях княства і прыводзіць прыклад кадзі з Даўбуцішак — Дэрвіша Чэлебі Хаджы Мурзіча. Даследчык лічыць, што Дэрвіш — не імя, а тытул прыналежнасці да суфійскага ордэна. Другім доказам наяўнасці суфізму ў ВКЛ ён лічыць культ святога Эўліі Контуся, магіла якога знаходзіцца ў Лоўчыцах пад Навагрудкам. Эўлія ў перакладзе з арабскага — святы, а менавіта суфіі ў ісламе з’яўляюцца адзіным напрамкам, які прызнае культ святых.
Па-другое, пераасэнсаванне аўтарам думкі пра тое, што на пабудову мячэці патрэбны дазвол караля ці біскупа. А. Канапацкі лічыць, што першая забарона на бу-даўніцтва мячэцяў адбылася толькі ў 1668 г., а ў 1768 г. абмежаванні былі ўжо знятыя. Аўтар мяркуе, што татары маглі свабодна будаваць мячэці. Гэта бы ла вык лючная сітуацыя для краіны, дзе паводле кана нічнага каталіцкага права было забаронена будаваць касцёлы без дазволу. Падобныя абмежаванні датычыліся праваслаўных храмаў, пратэстанцкіх збораў і яўрэйскіх сінагог.
У параграфе, прысвечаным мячэцям, А. Канапацкі закрануў вельмі спецыфічную традыцыю татараў ВКЛ падзяляць мячэць на мужчынскую і жаночую паловы, часам нават з асобнымі ўваходамі. На яго думку, та кі падзел стаў вынікам культурнай асіміляцыі пад уплывам ка таліцызму (раней у касцёлах існаваў такі падзел) (102).
На пачатку трэцяга раздзела аўтар адзначае страту татарамі ВКЛ мовы і засваенне мясцовага касцюма. З другой часткай гэтага сцверджання цяжка пагадзіцца. Па-першае, доўгі час у ВКЛ у модзе панавалі ўсходнія (сармацкія) матывы, таму татары ў XVII–XVIII ст. выглядалі вельмі натуральна ў сваім адзенні. Па-другое, у гэты перыяд у судовых вопісах нанесенай шкоды па справах нападу на татараў сустракаюцца апісанні вопраткі, што дазваляе гаварыць пра ўсходнія рысы татарскага адзення. Па-трэцяе, у апісанні падарожжа па Беларусі П. Шпілеўскага сярэдзіны XIX ст. можна сустрэць згадку пра знешні выгляд клецкіх татараў: „…Мужчыны перанялі касцюм беларускіх мяшчан… Жанчыны захавалі ўласны нацыянальны строй…”[3].
У чацвёртым раздзеле — „Рукапісная літаратура мусульман на землях ВКЛ” — даецца аналіз асобных відаў рукапіснай літаратуры татараў — Карана, тэфсіра, кітабаў, хамаілаў, далавараў і інш. Адзін з самых цікавых аспектаў гэтага раздзела прысвечаны аналізу знахарскіх і варажбітных тэкстаў. Шкада, што аўтар, нягледзячы на добрае знаёмства з беларускай гістарыяграфіяй, не выкарыстаў артыкулы вядомага беларускага даследчыка М. Тарэлкі, хаця ў бібліяграфічным спісе манаграфіі аўтарэферат яго дысертацыі пазначаны[4].
Апошні, пяты, раздзел („Літоўска-польскія татары ў XIX ст.”) прысвечаны амаль не даследаванаму ў беларускай гістарыяграфіі перыяду. На падставе шырокага кола крыніц (пераважна з Нацыянальных гістарычных архіваў Гродна і Мінска) аўтар апісаў палітычны выбар та та раў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, даў агульную ха рактарыстыку іх жыцця ў Расійскай імперыі, асобна разгледзеў пытанне аб праве на будаўніцтва мячэцяў, паказаў працэс функцыянавання джаміяту ў татарскіх абшчынах Студзянкі і Вінкшнуп, вызначыў ролю мячэ цяў у рэлігійным жыцці. На думку А. Канапацкага, у XIX ст., па-першае, значная колькасць татараў атрымала шляхецтва, што дапамагала зрабіць адміністрацыйную кар’еру; а па-другое, адбыліся сур’ёзныя перамены ў традыцыйнай сацыяльнай структуры татараў.
Відавочна, што манаграфія А. Канапацкага — добры ўнёсак у гістарычнае вывучэнне татараў ВКЛ. Яна ўводзіць у навуковы зварот значны пласт гістарычных крыніц. Кніга змяшчае шэраг ілюстрацый, карт, інфармацыйны дадатак.
Характарызуючы даследаванне А. Канапацкага, неабходна звярнуць увагу і на пэўныя хібы. Некаторыя раздзелы манаграфіі пабудаваны пераважна на аналізе гістарыяграфіі, з бібліяграфіі выпалі некаторыя абавязковыя працы — перш за ўсё беларускіх гісторыкаў. Напрыклад, няма згадак пра артыкулы і дысертацыю беларускай даследчыцы З. Канапацкай[5].
Аўтара гэтых радкоў закранула і невялікая заўвага А. Канапацкага наконт назвы артыкула А. Грыцкевіча „Працэсы перасялення беларускіх татараў у гарады (XVI–XIX стст.)”. Польскі гісторык піша пра «цалкам незразумелае ў кантэксце XVI ст. паняцце „беларускія татары”» (48). Пэўнае здзіўленне выклікае такая заўвага з боку польскіх даследчыкаў, якія і сёння нярэдка акрэсліваюць беларускія землі паняццем „Польшча”. Калі глядзець на тэрміналогію з такога пункту гледжання, то ўзнікае пытанне аб карэктнасці выкарыстання А. Канапацкім у назве манаграфіі тэрміна „землі Вялікага Княства Літоўскага” ў дачыненні да XIX ст.
Тым не менш, манаграфія А. Канапацкага пакідае добрае ўражанне і, безумоўна, зацікавіць тых, хто разумее пад гісторыяй Беларусі штосьці большае за гісторыю беларусаў.
Мінск
Сцяпан Захаркевіч
[1] Канапацкая З. „Risale-i-Tatar-i-Lech” як крыніца па гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 7. С. 39.
[2] Sobczak J. Czy tatarska ludność Litwy należała do stanu szlacheckiego? // Przegląd Historyczny. 1986. Z. 3. S. 467–480; ён жа. Z zagadnień spornych osadnictwa tatarskiego w Wielkim Księstwie Litewskim // Acta Baltico-Slavica. 1990. T. XIX. S. 341–360; Borawski P. Kilka uwag o książce Jacka Sobczaka pt. Polożenie prawne ludności tatarskiej w Wielkim Księstwie Litewskim // Kwartalnik Historyczny. 1986. № 1. S. 149–164; ён жа. W odpowiedzi Jackowi Sobczakowi // Lituano-Slavica Poznaniensia. Studia Historica. 1990. T. IV. S. 211–221.
[3] Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск: Беларусь, 2004. С. 59.
[4] Кожинова А. Восточнославянские диалектные чеpты в рукописи „Фал Соломона о двенадцати планетах” / A. Кожинова, M. Тарелко // Język i kultura na pograniczu polsko-ukraińsko-białoruskim. Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2001. S. 145–157; Kożinowa A. Realizacja funkcji magicznej w tekście jednego chamaiła / A. Kożinowa, M. Tarełko // Etnolingwistyka. 2001. № 13. S. 231–246.
[5] Канапацкая З. Татары в Беларуси и их культура (XIV–XVII века). Автореф. дисс. … канд. ист. наук. Минск, 2005.