БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Bojko, Krzysztof. Stosunki dyplomatyczne Moskwy z Europą Zachodnią w czasach Iwana III (Алена Шымак)


BOJKO, KRZYSZTOF. Stosunki dyplomatyczne Moskwy z Europą Zachodnią w czasach Iwana III. Kraków, 2010. 222 S.

У еўрапейскай гісторыі XVI стагоддзе займае асаблівае месца як час „вялікага пералому”. Такім яно было і для Расіі. Скончыўся працэс аб’яднання ўдзелаў. Вялікае Княства Маскоўскае стала адзіным арганізмам. Дзяржаўны пачатак паступова стаў выцясняць вотчынны. Узрос аўтарытэт маладой усходнееўрапейскай дзяржавы на міжнароднай арэне. Постаць Івана III як вялікага князя маскоўскага няўмольна набывала царскую веліч. Менавіта час панавання Івана III стаў пераломным момантам у гісторыі Расіі. І шмат у чым гэта было звязана са знешняй палітыкай дзяржавы.

Тым не менш, нават у сучасных школьных падручніках „узвышэнне Масквы” падаецца для вучняў у сувязі з кіраваннем Івана IV. Між іншым, яшчэ ў канцы XIX ст. расійскі гісторык М. Дзьяканаў адзначыў, што ўяўленні Івана IV аб царскай годнасці, аб правах і абавязках цара складаліся ўжо па падрыхтаваных узорах і яму не давялося дадаваць нічога новага да ўжо наяўных тэорый[1].

Галоўная мэта новага даследавання сучаснага польскага гісторыка Кшыштафа Бойкі — паказаць значэнне захадаў, якія рабіў Іван III, каб павялічыць ролю Маскоўскага княства на еўрапейскай арэне. На працягу пяці раздзелаў аўтар імкнецца адлюстраваць стан маскоўскай дзяржавы напярэдадні панавання Івана III, кантакты з краінамі Апенінскага паўвострава, актывізацыю палітыкі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, наступленне Масквы ў Прыбалтыйскім рэгіёне, наогул змены ў Вялікім Княстве Маскоўскім у часы Івана III.

Даследчык у першую чаргу абапіраецца на ўжо вядомыя надрукаваныя гістарычныя крыніцы, на здабыткі расійскай і польскай гістарыяграфіі, прыцягвае даследаванні італьянскіх, нямецкіх, англійскіх гісторыкаў. Адсутнасць спасылак на новыя архіўныя матэрыялы не стала перашкодай для глыбокага гістарычнага аналізу азначанай тэмы. Выклікае павагу той факт, што аўтар не імкнецца заявіць пра сваю манаграфію як пра, так скажам, выбух у галіне гістарычнай навукі і апошнюю кропку на ніве даследаванняў перыяду Івана III. Але пры гэтым ён выкладае новыя гіпотэзы і абгрунтоўвае цікавыя высновы.

Іван III меў больш спрыяльную палітычную сітуацыю для пабудовы моцнай дзяржавы ў параўнанні з папярэднікамі. Адным з галоўных фактараў, які дапамог, як лічыць К. Бойка, рэалізаваць яго амбіцыйныя планы, стала падпісанне ў 1449 г. мірнай дамовы з Казімірам Ягелончыкам. Аўтар падтрымлівае канцэпцыю Я. Натансан-Лескага і згаджаецца, што з гэтага часу Масква атрымала магчымасць займацца ўнутранымі справамі (33).

Іван III валодаў асаблівымі дыпламатычнымі здольнасцямі, пра што сведчыць і ўмелая палітыка ў адносінах з Крымскім ханствам. Падзеі 1480 г. на р. Угра, смерць хана Ахмата ў 1481 г., поўнае знішчэнне сталіцы Вя лікай Арды — Сарая — у 1502 г. дапамаглі змяніць у хуткім часе расклад палітычных сіл ва Усходняй Еўропе і сведчылі пра незвычайную паспяховасць маскоўскага князя. „Дзякуючы палітыцы Івана III Маскоўскае княства атрымала досвед, які дапамагаў у дыпламатычнай дзейнасці. Гэты факт, а таксама канфлікты, у якія былі ўцягнуты суседнія краіны, дазволілі пабудаваць моцную дзяржаву і дамінаваць ва Усходняй Еўропе” (36).

Пры апісанні заходняга напрамку знешняй палітыкі Івана III К. Бойка на першае смела месца выносіць кантакты з дзяржавамі Апенінскага паўвострава. Аргументуецца гэта тым, што менавіта дзякуючы ім у XVI стагоддзе Масква ўвайшла як краіна, з якой лічыліся на міжнароднай арэне. Дыпламатычныя адносіны з гэтым рэгіёнам аўтар не абмяжоўвае толькі эканамічнымі, гандлёвымі, культурнымі інтарэсамі, што было даволі характэрнай рысай савецкай гістарыяграфіі. Менавіта зносіны з гэтымі дзяржавамі распачалі, на думку даследчыка, адкрыццё Масквы на Захадзе. Мостам на шляху да Міжземнамор’я сталі чарнаморскія калоніі Венецыі і Генуі — Тана, Керч, Кафа, Судак (39). Менавіта іх жыхары, якія са старонак летапісаў сталі вядомыя як „фрязины”, былі крыніцай найдакладнейшай інфармацыі пра Маскоўскую дзяржаву на Захадзе. Аўтар фактычна адмаўляецца ад даволі папулярнай у гістарыяграфіі тэзы, што веды пра Вялікае Княства Маскоўскае ішлі з Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Кароны Польскай. Цікава, што на працягу ўсёй кнігі К. Бойка ніводнага разу не выкарыстоўвае даволі звыклага для польскіх гісторыкаў слова „Масковія”. Наогул вялікая заслуга даследчыка — вельмі карэктны падыход да гістарычных тэрмінаў.

Пішучы пра тое, што дзяржава Казіміра Ягелончыка была не ў стане выконваць ролю пасрэдніка ў адносінах Масквы і Заходняй Еўропы, аўтар, на наш погляд, крыху перабольшвае. Бо як тады паставіцца да таго факта, што ў 1470 г. папа рымскі дараваў прывілей свабоднага, без перашкод, праезду маскоўскіх паслоў у Рым, у тым ліку і праз землі ВКЛ і Кароны Польскай?

Палітычны характар кантактаў паміж Масквой і італьянскімі краінамі праявіўся ў XV ст. Першай Маскоўскім княствам зацікавілася Апостальская Сталіца. На гэта паўплывалі такія фактары, як пагроза з боку Асманскай імперыі, а таксама спроба рэлігійнай уніі. Пунктам адліку сталых адносінаў называюцца 30-я г. XV ст., а даклад ней, падзеі, звязаныя з Ферара-Фларэнційскім Саборам. Аўтар лічыць, што падарожныя на тат кі маскоўска га пасольства натхнілі Івана III на су пра цоўніцтва з Захадам (41–42). Падзеі 1453 г. сталі наступнай прычынай для зацікаўленасці рымскіх папаў Маскоўскім княствам.

Апісваючы, як развіваліся ўзаемаадносіны Масквы з краінамі Апенінскага паўвострава, даследчык падрабязна распавядае пра ўсе пасольствы, іх мэты, асаблівасці і вынікі. Пры гэтым адзначаюцца і самыя значныя, якія адыгралі, на думку аўтара, найбольшую ролю.

З 1462 г. Масква адыходзіць ад традыцыйнай палітыкі засцярогі ў адносінах да Заходняй Еўропы. На шлях да зменаў прывялі і падзеі, звязаныя са шлюбам Івана III і Соф’і Палеалог. Аўтар, як і яго многія папярэднікі, выказвае свой пункт гледжання на ініцыятараў гэтага саюзу. Выказваецца думка, што планы шлюбу маглі ўзнікнуць адначасова і ў Рыме, і ў Венецыі, і ў Маскве. Аўтар вельмі трапна заўважае ролю кардынала Весарыёна як галоўнага ініцыятара палітыкі збліжэння з Масквой (45)[2].

Даследчык вылучае ўнутраныя і знешнепалітычныя матывы шлюбу Івана III і Соф’і Палеалог. Пры гэтым падкрэсліваецца, што дзеянні маскоўскага князя — гэта спланаваная палітычная гульня, скіраваная на атрыманне дывідэндаў ад зносінаў з Заходняй Еўропай.

Аўтар не ставіць перад сабой мэту паказаць ролю ВКЛ і Кароны Польскай у стасунках Масквы і Заходняй Еўропы. А гэта, на наш погляд, варта было б зрабіць, асабліва ў фокусе адносінаў Вялікага Княства Маскоўскага і Рымскай курыі.

Значная ўвага ў сувязі з развіццём кантактаў Вялікага Княства Маскоўскага і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы надаецца перамовам Івана III і Мацея Корвіна. Між іншым, у згаданым кантэксце варта было б адзначыць і дэталізаваць характар узаемаадносінаў Мацея Корвіна і Апостальскай Сталіцы. Бо яны, у сваю чаргу, уплывалі на пазіцыю і Кароны Польскай, якая рабілася перашкодай для маскоўскіх пасольстваў, накіраваных да Рымскай курыі.

Тэза, якая праходзіць праз усю кнігу К. Бойкі, — Іван III імкнуўся ў адносінах з заходнімі дзяржавамі не да падпісання экзатычных трактатаў, а да атрымання магчымасці карыстацца найноўшымі цывілізацыйнымі дасягненнямі Захаду. Важная рыса дадзенай манаграфіі — імкненне паказаць актыўнасць, дасведчанасць у міжнародных адносінах, сканцэнтраванасць, прадуманасць і паспяховасць знешняй палітыкі Івана III.

Што датычыцца маскоўска-габсбургскіх кантактаў, аўтар падкрэслівае, што найважнейшым вынікам падзей было ўключэнне княства ў глыб еўрапейскай дыпламатыі (96).

Далучэнне Ноўгарада паставіла Маскоўскае княства перад фактам неабходнасці правядзення актыўнай знешняй палітыкі ў балтыйскім рэгіёне і адкрыла новы аспект ва ўзаемаадносінах з ВКЛ, Швецыяй, Лівонскім ордэнам. Данія засталася адзінай з балтыйскіх краін, з якой Масква не мела палітычных і гандлёвых супярэчнасцяў. Аўтар згаджаецца з Г. Лаўмяньскім, які называе Івана III распачынальнікам палітыкі, скіраванай да трывалага авалодання Вялікім Княствам Маскоўскім Балтыйскім узбярэжжам (110). К. Бойка падкрэслівае, што менавіта агрэсіўная палітыка гэтага вялікага князя і надалей стала характарызаваць дзеянні Маскоўскай дзяржавы ў дадзеным рэгіёне.

Выклікае цікавасць той факт, што шлюб Алены Іванаўны падаецца аўтарам як пункт раздзела, прысвечанага знешняй палітыцы ў Прыбалтыцы (110–123). Абгрун таванне гэткага падыходу можна знайсці на с. 121, дзе даследчык асэнсоўвае згаданыя падзеі ў сувязі з падрыхтоўкай Масквы да вайны са Швецыяй і неабходнасцю ўсталяваць спакой на межах з ВКЛ. Аўтар адзначае непахісную пазіцыю Рымскай курыі (папы Аляксандра VI) у адносінах да праваслаўнага веравызнання Алены. Але варта было б адзначыць, што стаўленне Апостальскай Сталіцы змянілася ў час пантыфікату Юлія II[3].

Увогуле, К. Бойка ў манаграфіі адыходзіць ад традыцыі разглядаць заходні вектар знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы толькі праз прызму ўзаемаадносінаў з ВКЛ і ад паглыбленай засяроджанасці на ваенных канфліктах за т. зв. „землі Русі”.

Такім чынам, можна канстатаваць, што манаграфія К. Бойкі, прысвечаная дыпламатычным адносінам Масквы і Заходняй Еўропы ў часы панавання Івана III, з’яўляецца глыбокім, абгрунтаваным і сучасным навуковым даследаваннем, якое дае магчымасць на падставе на першы погляд ужо вядомых фактаў паставіць новыя пытанні.

Мінск

Алена Шымак


[1] Дьяконов М. Власть московских государей. Очерки из истории политических идей Древней Руси до конца XV в. С.-Петербург, 1894. С. 138.
[2] Шимак Е. К. Политическая игра в ходе заключения брака Ивана III и Софьи Палеолог // Гуманітарна-эканамічны веснік. 2007. № 3 (39). С. 107–114.
[3] Шымак А. К. Усходняя Еўропа і дыпламатыя Рымскай курыі (канец XV — пачатак XVI ст.) // Весці Беларус. дзярж. пед. ун-та. Серыя 2, Гісторыя. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. 2008. № 2. С. 30–34.
Наверх

Тэгі: , ,