БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандр Гагун. «Двуногие сталинские шакалы»?

Всех предателей, находившихся на службе у немцев, можно разделить на две категории. Первая, самая незначительная, но исключительно вредная категория — это предатели, которые пошли на службу к немцам вполне добровольно из-за ненависти к советскому строю. Вторая категория, представляющая особо огромное большинство — это люди, служившие у немцев из-за трусости, потери веры в победу Красной армии, из-за желания спастись от посылки в Германию.

З інструкцыі Украінскага штаба партызанскага руху аб аператыўным выкарыстанні былых калабарацыяністаў.

13 красавіка 1943 г.

* Musial, Bogdan. Sowjetische Partisanen. Mythos und Wirklichkeit. Paderborn: Ferdinand Schöning, 2009. 590 S.

Нягледзячы на тое, што ва ўмовах глабальнага распаўсюджвання канфліктаў слабой інтэнсіўнасці вопыт савецкай партызанскай вайны 1941–1944 г. робіцца ўсё больш актуальным і запатрабаваным, вартых абагульняльных прац па дадзенай тэме не так ужо і шмат. Да 1991 г. архівы СССР былі закрытыя, а адпаведныя даследаванні[1] грашылі вялікай колькасцю адвольных экстрапаляцый і занадта смелых гіпотэз.

Часовая дэмакратызацыя таксама не прывяла да асвятлення гэтай старонкі Другой сусветнай вайны расійскімі вучонымі. Частка гісторыкаў[2] публікуюць свае кнігі без спасылак на дакументы, у манаграфіях іншых спецыялістаў[3] навуковасць абмяжоўваецца формай. У апошнім выпадку гэта выклікана, па-першае, надзвычай най неахайнасцю пры выкарыстанні зусім недастатковага па аб’ёме комплексу крыніц, па-другое тым, што аўтары добраахвотна прытрымліваюцца ідэалагічных установак най сучаснейшага афіцыёзнага расійскага цемрашальства.

На жаль, беларуская гістарыяграфія праблемы адсутнічае. Магчыма, гэта звязана не толькі з дыктатам знакамітага прэзідэнта, але і з павальнай апатыяй, сапраўдным летаргічным сном беларускага грамадства, што ў сукупнасці прыводзіць да надзвычайнай пасіўнасці інтэлектуальных колаў беднай і няшчаснай паўаграрнай краіны.

Як часта бывае ў падобнай сітуацыі, чытэльную абагульняльную працу напісаў амерыканскі даследчык — Кеннэт Слеп’ян[4]. Яго манаграфія з рамантычным загалоўкам „Сталінскія герыльера” прысвечана сацыяльнай гісторыі савецкіх партызанскіх фармаванняў. Аднак у той перыяд, калі паважаны гісторык праводзіў архіўны пошук (пачатак „ліхіх” 1990-х), многія фонды былі яшчэ закрытыя.

Таму з’яўленне кнігі „Савецкія партызаны” вядомага польска-нямецкага гісторыка Багдана Мусяля можна толькі вітаць. Праца мае сціплы і вытанчаны падзагаловак „Міфы і рэальнасць”. У манаграфіі выкарыстаны матэрыялы на пяці мовах з дваццаці архівасховішчаў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, Ізраіля і Нямеччыны, а таксама інтэрв’ю з удзельнікамі і сведкамі падзей.

Задачай працы было стварэнне шматмернай і комплекснай карціны савецкай зафрантавой барацьбы на прыкладзе параўнальна невялікай Беларусі. Партызаны, якія ваявалі на акупаваных прасторах Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Карэліі і Малдавіі, не разглядаюцца, значыць, назва кнігі некарэктная.

Манаграфія, акрамя ўводзінаў і заключэння, уключае ў сябе дзевяць раздзелаў. Першыя два пабудаваны па храналагічнай прыкмеце (1941 г., пачатак 1942 г.). Трэці раздзел названы ўжо па тэматычным прынцыпе (Цэнтральны штаб партызанскага руху; далей ЦШПР). Чацвёрты раздзел прысвечаны партызанскай барацьбе ў 1943 г. Пяты зноў вяртае чытача да праблемнага расповеду („Рэйкавая вайна”). Шосты раздзел апісвае партызанскую барацьбу ў цэлым, яе задачы, метады і асноўныя накірункі. Сёмы раздзел расказвае пра партызанаў у 1944 г., г. зн. зноў ужыты храналагічны прынцып. Сацыяльнай гісторыі беларускіх партызанаў прысвечаны восьмы раздзел. Не зусім зразумела наяўнасць у ім пад раздзела пра спаленне партызанамі асобных будынкаў і цэлых вёсак, таму што гэта, хутчэй, адносіцца да раздзела пра партызанскую барацьбу (VI). Дзявяты раздзел апавядае пра карэннае насельніцтва рэгіёна (а дакладней, пра розныя этнічныя групы Беларусі) у партызанскіх фармаваннях. У апошнім падраздзеле апошняга раздзела („Палякі і савецкія партызаны”) прысутнічаюць 5 недарэчных параграфаў (IX, 3. d — 3. h, с. 416–437). У іх апісваюцца не ўзаемаадносіны палякаў (нацыянальнай меншасці) і савецкіх „народных мсціўцаў”, а фармаванні Арміі Краёвай і іх барацьба з чырвонымі партызанамі. Куды лагічней было б змясціць вельмі цікавы сюжэт пра міжпартызанскую вайну ў шосты раздзел, або падзяліць яго паміж пятым і сёмым раздзеламі.

Нягледзячы на некаторую сумбурнасць апавядання, пастаўленая ва ўводзінах мэта дасягнута. Такім чынам, гэты водгук варта лічыць станоўчым. З-за масіву задзейнічаных крыніц кніга заслугоўвае перакладу на англійскую і рускую мовы і публікацыі ў Нью-Ёрку ў навуковым, а ў Маскве ў буйным камерцыйным выдавецтве. Верагодна, манаграфія зверне на сябе ўвагу не толькі спецыялістаў, але і шырокага кола аматараў гісторыі. Кніга ўжо атрымала станоўчы водгук вядучага нямецкага даследчыка сталінізму, апублікаваны ў самай саліднай кансерватыўнай газеце ФРН[5].

Таму ў дадзенай рэцэнзіі ёсць сэнс звярнуць увагу як на канкрэтныя недапрацоўкі даследавання, так і на спрэчныя тэзісы і дыскусійныя абагульненні. Умоўна падзелім заўвагі на дзве групы — па-першае, апісанне аб’ектыўных недахопаў, па-другое, тых фрагментаў, якія не з’яў ляюцца памылкай, але маглі б быць напісаны па-іншаму. З такой трактоўкі будзе зразумелы і змест працы.

Кідаецца ў вочы невысокі псіхалагізм апавядання: у працы сотні імёнаў, але няма людзей — „лясныя салдаты” паказаны чымсьці накшталт безаблічнай і аморфнай, але затое крыважэрнай біямасы. Нават контурамі не прапісаны характары тых, ад каго ў значнай меры залежаў поспех партызанскай барацьбы — кіраўнікоў буйных злучэнняў[6], начальнікаў ЦШПР і Беларускага штаба партызанскага руху (далей БШПР). Хоць сам Мусяль у свой час атрымаў доктарскую ступень за дысертацыю, пабудаваную якраз на аналізе і супастаўленні дзясяткаў біяграфій, прамалёўцы індывідуальных асаблівасцяў акцёраў гістарычнай сцэны, дакладней — нямецкіх арганізатараў генацыду[7].

У рэцэнзаванай манаграфіі назіраецца відавочны лішак паўтораў. Вось толькі тры прыклады. Ледзь не праз старонку згадваюцца партызанскія прыпіскі (жарг. туфта) у аператыўных справаздачах, прыводзяцца звесткі партызан з манатонным каментаром: „дадзеныя перабольшаны”. Можна было б і не публікаваць гэтую наскрозь хлуслівую інфармацыю, а пра страты нямецкага боку меркаваць па менш сфальсіфікаванай у дадзеным выпадку нямецкай дакументацыі. Партызанскі разбой, расстрэлы мірнага насельніцтва, здзек з калгаснікаў і калгасніц, агнястрэльныя ўнутраныя канфлікты, п’яныя дэбошы, бойкі і оргіі праходзяць ненавязлівым рэфрэнам праз увесь расповед. Да таго ж названым праблемам прысвечаны асобныя падраздзелы. Гэтак жа часта тэматызуецца і знішчэнне нацыстамі мірных сялян, якія праходзілі ў статыстыцы Вермахта і СС пад назвай „бандпасобнікі”. Але гэта шырока вядомая практыка, апісаная многімі нямецкімі[8] і ўсходнееўрапейскімі даследчыкамі, знайшла яна сваё месца і ў мастацкай літаратуры.

Пры гэтым пры рабоце з крыніцамі не заўсёды праяўляецца дастатковая крытычнасць.

Напрыклад, згаданыя знішчаныя „бандыты і бандпасобнікі” ў кнізе звычайна механічна трансфармуюцца ў забітых грамадзянскіх асобаў. Не ставіцца пытанне: ці не з’яўляюцца гэтыя лічбы хоць бы часткова банальным ашуканствам, якім была глыбока прасякнута нацысцкая сістэма адміністравання?

Вельмі сумнеўным выглядае і сюжэт пра свядомую вярбоўку нацысцкімі спецслужбамі яўрэяў для правядзення тэрактаў і шпіянажу: звесткі бяруцца выключна з дакументаў савецкага боку. Праўда, пры публікацыі большасці партызанскіх паведамленняў пра такі „феномен” у кнізе агаворваецца, аднак, што няясна, наколькі тыя звесткі дакладныя. Але адзін выпадак (с. 243–244) усё ж выклікае аўтарскі давер, прычым на падставе сведчанняў самога былога агента, дадзеных савецкім органам. Але ж, ад падследнага на дазнанні якраз і варта чакаць усялякіх апраўданняў. Таму выдумка пра тое, што немцы схілілі яго да супрацоўніцтва, выкарыстоўваючы звесткі пра яўрэйскае паходжанне, была б з яго боку цалкам адэкватным крокам. Ды і які аператыўнік будзе вербаваць для спецзаданняў чалавека, упэўненага ў тым, што яго і яго сваякоў у найбліжэйшы час знішчыць бок, які яго завербаваў?

Значыць, стройнасць расповеду ў шэрагу выпадкаў не вытрымана, прычым гэта тычыцца як працы з лічбамі, так і сацыяльнага аналізу.

Напрыклад, робіцца выснова пра тое, што афіцыйныя савецкія лічбы, якія грунтуюцца на партызанскіх данясеннях, перабольшваюць колькасць забітых „народнымі мсціўцамі” немцаў у 67–78 разоў (с. 292). Па-першае, выкарыстаныя ў кнізе дадзеныя партызанскіх пераможных зводак уключаюць у сябе не толькі немцаў, але і наогул „акупантаў” — шматлікіх нямецкіх саюзнікаў і калабарацыяністаў. Па-другое, у гэтых аператыўных справаздачах гаворка ідзе не пра беззваротныя страты праціўніка, а пра забітых і параненых. Такім чынам, надзвычайнае выхвалянне савецкіх партызанаў з-за метадалагічных памылак пры падліку ў кнізе яшчэ і перабольшана. Але яшчэ горш тое, што сваёй асабістай, няхай нават ацэначнай лічбы вынікаў партызанскіх дзеянняў Мусяль не дае ўвогуле.

У кнізе крытыкуецца тэзіс пра тое, што адносна вялікая колькасць яўрэйскіх бежанцаў, якія перажылі вайну ў беларускіх гушчарах і балотах, была выклікана даволі лаяльным (у параўнанні з іншымі народамі) стаўленнем беларусаў да яўрэяў. Пра гэта ўзгадваюць многія, хто перажыў Халакост. Па меркаванні Мусяля, вырашальнае значэнне меў ландшафт, а не паводзіны сялян, у якіх яўрэйскія групы выжывання пад пагрозай гвалту адбіралі ежу і вопратку (с. 388). Тут можна запярэчыць, што спагада або варожасць — гэта шматгранныя пачуцці, якія выяўляюцца не толькі ў добраахвотных пастаўках правіянту або іх адсутнасці. Грамадзянскае насельніцтва можа дапамагаць актамі або, наадварот, непраціўленнем, па-рознаму ставячыся як да саміх фактаў рэквізіцый, так і да тых, хто збірае „пра дуктовы падатак”. Барацьбу з любымі ўзброенымі жы харамі лесу насельніцтва, калі яно таго хоча, вядзе не прамымі боесутыкненнямі, а ўтойваннем ад партызанаў або бежанцаў каштоўнай інфармацыі, паведамленнямі ў мясцовыя органы ўлады, суправаджэннем паліцэйскіх частак пры аблавах і г. д. і да т. п. І нават нейтралітэт, або хоць бы славутая пасіўнасць[9] мірных жыхароў могуць зрабіць быццё людзей, пастаўленых па-за законам, цярпімым. Зразумела, што антысемітызм у тых або іншых прапорцыях і праявах існаваў у любой краіне Еўропы. І, магчыма, што наступнае аўтарскае палажэнне заслугоўвае абмеркавання: «Беларусь сярод іншых еўрапейскіх краін ні ў якім разе не была „яскравым прыкладам” салідарнасці з яўрэямі» (с. 393). Але якую акупаваную нацыстамі тэрыторыю можна назваць тады ўзорна-паказальнай у гэтым сэнсе, з даследавання незразумела.

У адборы матэрыялу для публікацыі часам відаць пэўныя перакосы. У прыватнасці, першы падраздзел чацвёртага раздзела названы „Ваенная разведка для ырвонай арміі”, а ў гэтым параграфе няма звестак пра структуру партызанскай разведкі, вайсковую разведку злучэнняў „народных мсціўцаў”, прынцыпы вярбоўкі агентуры, колькасць інфармацыі, перададзенай у Цэнтр. Гаворка тут ідзе выключна пра недахопы паведамленняў ЦШПР для Рабоча-сялянскай чырвонай арміі (далей РСЧА). Да таго ж у раздзеле VI няма звестак пра разведку, якую партызаны вялі не для Чырвонай арміі, а ў інтарэсах уласных атрадаў і злучэнняў.

У кнізе існуюць і іншыя прабелы.

Напрыклад, не разгледжана прасякнутая нянавісцю, злосцю і хлуснёй партызанская агітацыя, хоць у ЦШПР існаваў аддзел прапаганды пад назвай „палітычны аддзел”.

Але нашмат важней тое, што прапушчаны цэлы пласт — зафрантавая дзейнасць органаў дзяржбяспекі. Нават мімаходзь не ўзгадваюцца спецгрупы НКУС (з красавіка 1943 г. — НКДБ) БССР[10]. Ды і фармаванням „легендарнага” 4-га ўпраўлення НКУС-НКДБ СССР прысвечана ўсяго дзве старонкі (с. 349–351), на якіх апісваюцца толькі п’янкі і сваркі. Пра мэты і метады названых падраздзяленняў нічога не расказваецца, а групы НКУС называюцца дыверсійнымі. Такая грубая памылка выклікана хібамі ў гістарыяграфічнай базе даследавання[11]. І ў дакументах партызан, падсправаздачных ЦШПР, і ва ўнутранай дакументацыі лубянскага ведамства выразна падзяляліся «задачы па „Д”» (дыверсіі) і «задачы па „Т”» (тэрарызм). Ды і выснова пра прыярытэты „чацвёркі” ляжыць на паверхні, варта толькі ўспомніць імя яе начальніка — Паўла Судаплатава, прызнанага майстра заказных забойстваў.

Значнае месца ў кнізе займае паўсядзённы тэрор „на родных мсціўцаў”, а падраздзел VII-5 названы „Партызаны пасля прыходу Чырвонай арміі”. Але ў манаграфіі не адзначаны такі амаль невядомы сюжэт, як масавыя расправы былых партызанаў над былымі калабарацыяністамі і членамі іх сем’яў. У Беларусі калектыўныя самасуды прымалі часам форму ка лектыўных бойняў. Тэма вартая разгляду, прычым не з пункту гледжання крыміналістыкі. Па-першае, у дадзеным вы падку ў 1943–1944 г. назіраўся канфлікт дзвюх час так савецкай сістэмы: партызанаў з органамі НКУС і НКДБ. Па-другое, нешта крыху падобнае адбывалася ў 1944–1945 г. і ў Заходняй Еўропе, у прыватнасці ў Фран цыі і Італіі. Гэтыя з’явы дзякуючы публіцыс ты цы і кінематографу шырока вядомыя ва ўсім свеце. І праз параўнанне аналагічных фактаў можна было б выразна паказаць розніцу стылістыкі і наступстваў вайны на ўсходнееўрапейскім і заходнееўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў.

Увогуле ў кнізе не хапае кампаратывістыкі. Да чаго гэта можа давесці, паказвае раздзел VIII („Да сацыяльнай гісторыі партызанскага руху ў Беларусі”). Большая частка раздзела прысвечана той бурлівай партызанскай жыццядзейнасці, пра якую савецкая гістарыяграфія ахвотна маўчала: дзёрзкія выхадкі, „зухаватыя” штукі, разгульныя кругласутачныя вечарынкі. Пры гэтым у раздзеле змяшчаецца падраздзел „Суровасць партызанскага жыцця”. Такім чынам, недасведчаны чытач можа зрабіць выснову: знаходжанне пад небам блакітным каго заўгодна ператворыць у бескампрамісных геданістаў, а ціск цяжкіх абставінаў проста вымушаў „народных мсціўцаў” да страшэннай распушчанасці. Горш за тое, адзін з падраздзелаў, дзе апісваецца чарговая фантасмагарычная вакханалія, заканчваецца рэмаркай, якая робіць бессэнсоўным увесь раздзел: „Гэта была вайна” (с. 358). Армія Краёва ў 1943–1944 г. у Беларусі ваявала ў тых самых умовах, што і чырвоныя. А паводзілі сябе яе байцы і камандзіры больш стрымана. Мяркуючы па спасылках, аўтар працаваў з вялікай колькасцю літаратуры пра АК, а таксама з мноствам унутранай дакументацыі яе фармаванняў, г. зн. адрозненняў не заўважыць не мог, але чамусьці не расказаў пра іх чытачу.

А па аб’ёме праца вялікая: толькі расповед, без спасылак і дадаткаў, займае 440 старонак вельмі дробнага шрыфту. На жаль, тэкст даволі складаны для ўспрымання. З аднаго боку, ён відавочна перагружаны датамі, дэталямі, дробязямі, лічбамі: нярэдка на адной старонцы нагрувашчаны дзясяткі лічбаў, толькі ў некалькіх выпадках зведзеных у табліцы. У выданні няма графікаў, дыяграм, схемаў.

Але галоўнае, што ў манаграфіі не так шмат канцэптуальных канструкцый, якія аблягчаюць разуменне складанага гістарычнага працэсу, г. зн. малавата абагульненняў і тлумачэнняў як такіх. У прыватнасці, невялікае заключэнне ўяўляе сабой у асноўным не новыя вывады, а кароткі змест (дайджэст) кнігі, больш за тое, часткова паўтарае ўводзіны.

Не ўсе выказаныя ў „Эпілогу” ацэнкі падаюцца цалкам абгрунтаванымі. Канкрэтней, сцвярджэнне пра дрэнную разведку партызанаў, якая праводзілася імі для Чырвонай арміі (с. 440), выглядае занадта простым у святле таго факта, што ў манаграфіі колькі-небудзь падрабязна разглядаюцца толькі партызаны ЦШПР-БШПР. Але акрамя таго, разведдзейнасцю ў тыле Вермахта ў Беларусі займаліся атрады, групы і агентура 4-га ўпраўлення НКУС-НКДБ СССР, 4-га ўпраў лення НКУС-НКДБ БССР, а таксама Галоўнага разведупраўлення Генеральнага штаба Чырвонай арміі. Названыя ведамствы спецыялізаваліся на агентурнай рабоце[12]. І якасць разведінфармацыі, якая падавалася ў Цэнтр ад сетак інфарматараў гэтых арганізацый, істотна перавышала паказчыкі ЦШПР.

Як ваенна-гістарычнае даследаванне кніга адпавядае сярэдняму ўзроўню. Баявым дзеянням і дыверсіям аддадзена дастаткова месца, але рэльефным іх апісанне назваць нельга. У кнізе толькі адзін раз сустракаецца ўказанне на пралік (с. 305) і зусім няма згадвання пра пісьменныя арыгінальныя тактычныя рашэнні пры правядзенні нават буйных баявых аперацый[13], няма прык

ладаў прыгожых агентурных камбінацый таго ці іншага боку, ТТХ выкарыстоўванай зброі. Значыць, праца хутчэй адносіцца да разраду саветалогіі.

Ды і ў вывучэнні адпаведнага сегмента савецкага грамадства ёсць дасягненні, але прарываў публікацыя не зрабіла. У прыватнасці, хранічна пераацэньваецца ідэйнасць забітых сталінскіх падданых, да 1941 г. у цэлым ужо дэідэалагізаваных.

Напрыклад, пры апісанні падзей другой паловы 1941 г. настроі насельніцтва БССР характарызуюцца як антысавецкія. Пры гэтым расповед трапляе ў стандартную „пастку сакрэтнай крыніцы”, выкліканую багатым цытаваннем палітычных данясенняў супрацоўнікаў НКУС: на с. 42 — чатыры дакументы запар! Але гэтыя паведамленні складаліся іх аўтарамі з намерам паказаць начальству ўласную значнасць (выкрылі крамолу!), паскардзіцца на цяжкасць умоў працы (вакол адны ворагі!), а таксама выпрасіць як мага больш сродкаў ва ўласнае распараджэнне. У гэтым падраздзеле хоць бы для палемічнасці выкладання можна было б узгадаць і пра існаванне супрацьлеглых па змесце ацэнак удзельнікаў падзей таго часу, напрыклад, савецкіх партыйных функцыянераў.

Падобныя неправамерныя акцэнты можна ўбачыць і ў апісанні асноўных супернікаў партызанаў — паліцаяў і іншых „здраднікаў”. Па сцвярджэнні Мусяля, „матываў гэтай падтрымкі [акупантаў] не трэба доўга шукаць. Яны, у першую чаргу, заключаліся ў тым, каб разлічыцца з ненавісным савецкім рэжымам…” (с. 80, падобны тэзіс на с. 243, 372). Як ні дзіўна (а можа быць, цалкам заканамерна), савецкая гістарыяграфія давала больш правільнае абагульненне ў гэтым выпадку. Родныя калабарацыяністы трапна называліся шкурнікамі. Менавіта былы „партсовактив”, кандыдаты ў члены партыі і камуністы, камсамольцы, дзяржслужачыя, апаратчыкі, сілавікі розных ведамстваў і ўстаноў былі касцяком, г. зн. структураўтваральнай сацыяльнай праслойкай у агульнай масе людзей, якія ваявалі на баку немцаў або цягнулі лямку на гаспадарчым фронце. Можна было б прывесці аўтэнтычныя доказы 1941–1944 г., але абмяжуемся познім, затое яркім сведчаннем. Ленінградскі дэсідэнт Міхаіл Хейфец вымушана правёў некалькі гадоў пад адным дахам з ветэранамі Другой сусветнай вайны. І пра бандэраўцаў, заўзятых нацыяналістаў, у сваіх мемуарах ён адгукаецца з павагай. А вось паліцаі паказаны ў яго ўспамінах нейкімі големамі, андроідамі, нечым накшталт членаў фракцыі „Единая Россия” ў Дзяржаўнай думе Расійскай Федэрацыі: „Экс-каратели и экс-старосты иногда были вовсе не плохими от природы людьми, и добрыми иногда — но они все, почти без исключения, казались мне морально сломленными, причем не зоной или войной, а еще раньше, почти изначально. Они казались нормальными советскими людьми, то есть слугами власти, любой власти — что гитлеровской, что советской, что польской, что, если появится, своей украинской. Часто это были просто человекообразные автоматы, роботы, запрограммированные на исполнение любого приказания — недаром среди самых кровавых гитлеровских убийц можно было обнаружить людей, которые после войны —до ареста —числились советскими активистами и орденоносцами. Не буду притворяться, я иногда жалел их — хотя отлично понимал, сколько людей от них пострадало, скольких они убили (и среди них —моих земляков) — убили людей, мизинца которых не стоили. Честное слово, иногда казалось, что вины у них не больше, чем у овчарок, которые лаяли на заключенных концлагерей, — не больше они понимали, чем эти овчарки, и что, если посадить овчарку на 25 лет в тюрьму, какой в этом смысл?”[14].

Берлін — Бостан

Артыкул напісаны пры фінансавай падтрымцы Гарвардскага інстытута ўкраінскіх студый (HURI).


[1] Soviet Partisans in World War II. Armstrong J. (ed). Madison, 1964; Hesse E. Der sowjetrussische Partisanenkrieg 1941 bis 1944 im Spiegel deutscher Kampfanweisungen und Befehle. Göttingen — Zürich — Frankfurt, 1969.
[2] Соколов Б. В. Оккупация. Правда и мифы. Москва, 2002; Боярский В. И. Партизаны и армия: История утерянных возможностей / Под общ. ред. А. Е. Тараса. Минск — Москва, 2003.
[3] Партизанское движение (По опыту Великой Отечественной войны 1941–1945 г.). Москва, 2001; Попов А. Ю. Диверсанты Сталина. Деятельность органов Госбезопасности СССР на оккупированной советской территории в годы Великой Отечественной войны. Москва, 2008.
[4] Slepyan K. Stalin’s Guerrillas. Soviet Partisans in World War II. University Press of Kansas, 2006.
[5] Baberowski J. Orgie hemmungsloser Gewalt // Frankfürter Allgemeine Zeitung. 08.10.2009.
[6] На першы погляд, адзіным выключэннем можа падацца наяўнасць у кнізе раздзела пра малавядомага партызанскага камандзіра Уладзіміра Нічыпуровіча. Але нават у гэтым выпадку чытач даведаецца толькі пра дзейнасць палкоўніка, а не пра яго асобу, г. зн. у аповедзе прысутнічае не чалавек, а функцыя.
[7] Musial B. Deutsche Zivilverwaltung und Judenverfolgung im Generalgouvernement. Eine Fallstudie zum Distrikt Lublin 1939–1944. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 1999.
[8] З апошніх прац можна адзначыць манаграфіі Клаўса Ёхена Арнольда і Дытэра Поля, прысвечаныя функцыянаванню вайсковай акупацыйнай адміністрацыі. Калі першы аўтар схіляецца да думкі пра тое, што салдаты Вермахта не былі моцна задзейнічаны ў тэроры супраць мірнага насельніцтва, то другі даследчык мяркуе: удзел шарагоўцаў Вермахта ў рэпрэсіях супраць цывільных асобаў быў усё ж даволі значным: Arnold K. J. Die Wehrmacht und die Besatzungspolitik in den besetzen Gebieten der Sowjetunion. Kriegfuhrung und Radikalisierung im „Unternehmen Barbarossa”. Berlin, 2005; Pohl D. Die Herrschaft der Wehrmacht. Deutsche Militärbesatzung und einheimische Bevölkerung in der Sowjetunion 1941–1944. München, 2008.
[9] Пар. з вытрымкай з данясення айнзацгрупы „Б”, якая дзейнічала ў Беларусі ў пачатку жніўня 1941 г.: „Население, несомненно, питает к евреям чувство ненависти и гнева и одобряет немецкие мероприятия… но взять на себя инициативу неспособно» (Дин М. Пособники Холокоста. Преступления местной полиции Белоруссии и Украины, 1941–1944 гг. С.-Петербург, 2008, с. 60).
[10] Да канца 1942 г. як на базе фармаванняў ЦШПР, так і самастойна ў Беларусі дзейнічалі 30 спецгруп НКУС БССР. Дадзеныя па першай палове 1943 г. сёння не даступныя. З чэрвеня 1943 г. да чэрвеня 1944 г. рэспубліканскі апарат органаў дзяржбяспекі накіраваў у тыл Вермахта або вылучыў са складу ўжо дзейных падраздзяленняў яшчэ 60 аператыўна-чэкісцкіх груп, у тым ліку „Мстители”, Кровные”, „Охотники”, „Истребитель” (Соловьёв А. К. Они действовали под разными псевдонимами. Минск, 1994. Passim). Частка дакументаў пра спецгрупы НКДБ БССР знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларуь у адктытым доступе, у прыватнасці ў фондзе 4386 (Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б).
[11] Аперацыі 4-га ўпраўлення НКУС СССР апісаны ў працы, адзін з суаўтараў якой — ветэран адпаведнага спецпадраздзялення. У кнізе з красамоўнай назвай неаднаразова ўжываецца тэрмін „тэрарыстычны акт”, які толькі ў рэдкіх выпадках замяняецца эўфемізмам: „На основании приговоров, вынесенных партизанами, ОМСБОНовцы осуществили 87 актов возмездия” (Зевелев А. И., Рурлат Ф. Л., Козицкий А. С. Ненависть, спрессованная в тол. Москва, 1991. С. 278).
[12] Пра колькасць інфармацыі, што перасылалася ў Цэнтр з акупаванай тэрыторыі рознымі сілавымі структурамі, пэўнае ўяўленне даюць наступныя дадзеныя. Ва Украіне за 1941–1943 г. толькі НКУС-НКДБ УССР пакінуў пры адступленні Чырвонай арміі ці закінуў у тыл Вермахта 16 737 агентаў (і гэта без уліку агентуры, атрыманай спецгрупамі ў 1943–1944 г.). За 1941–1944 г. абмен радыёграмамі з агентурай, групамі і атрадамі гэтага ведамства склаў 5523 радыёграмы (Итоговый доклад о боевой и агентурно-оперативной деятельности 4-го управления НКГБ УССР в 1941–1945 гг., 26 июля 1945 г. // З архівів ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ. № 1/2(2/3). 1995, с. 28). А разведвальнымі аддзеламі груп, атрадаў і злучэнняў Украінскага штаба партызанскага руху ў гады вайны было атрымана толькі 3160 агентаў, да таго ж з іх 60% складалі агенты ў саміх атрадах (г. зн. даносчыкі), сярод насельніцтва — толькі 1182 (Отчёт о работе разведывательного отдела УШПД, 1942–1944 гг. // ЦДАГОУ, ф. 62, воп. 1, спр. 275, арк. 118, 125). На пэўныя высновы наводзяць і такія дадзеныя з рэцэнзавааванай працы (с. 167): на 7 сакавіка 1943 г. у партызанскіх атрадах і групах Беларусі знаходзілася 86 радыёпередатчыкаў. З іх партызанам ЦШПР належала толькі 37 (або 43%), астатнія выкарыстоўваліся фармаваннямі Галоўразведупраўлення і НКУС. Праўда, пазней гэтыя суадносіны змяніліся на карысць падначаленых ЦШПР.
[13] Цікавае даследаванне аператыўнага боку пытання ўяўляе сабой сумесная праца амерыканскага і крымскага спецыялістаў: Munoz A. J., Romanko O. V. Hitler‘s White Russians: Collaboration, Extermination and Anti-Partisan Warfare in Byelorussia, 1941–1944. New York: Europa Books, 2003.
[14] Хейфец М. Избранное: в 3 т. Т. 3: Украинские силуэты; Военнопленный секретарь. Харьков, 2000. С. 136–137.
Наверх

Тэгі: ,