Генадзь Сагановіч. Вайна на полацка-віцебскім рубяжы ў 1632–1633 г. і „паўстанне” ў Полацку
Гістарыяграфія т. зв. Смаленскай вайны 1632–34 г. налічвае дзясяткі спецыяльных прац[1], аднак падзеі, якія адбываліся ў тыя гады ў Беларускім Падзвінні, усё яшчэ застаюцца маладаследаванымі. Невыпадкова ў айчыннай літаратуры яны асвят ляюцца павярхоўна і з перавагай састарэлых трактовак асноўных здарэнняў. Артыкул з’яўляецца спробай аўтара запоўніць гэты прагал і прасачыць ход вайны на полацка-віцеб скім памежжы ад яе пачатку да спалення Полацка ў чэрвені 1633 г.
Падрыхтоўка ўрада Міхаіла Фёдаравіча да нападу на Рэч Паспалітую пачалася задоўга да заканчэння Дэвулінскага перамір’я, тэрмін якога завяршаўся 3 ліпеня 1633 г. Яшчэ ў сакавіку 1629 г. паслам шведскага караля ў Крамлі была дэкларавана дапамога ў антыгабсбургскай кааліцыі і — з умовай трымаць у сакрэце — сказана пра намер парушыць мір з Рэччу Паспалітай[2]. Густаў Адольф, падпісаўшы 26 кастрычніка 1629 г. у Альтмарку шасцігадовае перамір’е з Рэччу Паспалітай, хоць сам асцерагаўся правакаваць Варшаву на абвастрэнне, ужо ў 1630 г. праз свайго пасла прапанаваў Маскве навербаваць жаўнераў у падкантрольных яму нямецкіх землях для супольнай атакі на ўладанні Жыгімонта ІІІ з абодвух бакоў[3]. Пасля Сталбоўскага міру „Леў Поўначы” ўбачыў у Расіі саюзніка, якога не хапала для барацьбы супраць польскай дынастыі Вазаў. І ўжо ў пачатку 1631 г. Ёган Мёлер прывёз Густаву Адольфу пазітыўны адказ цара на яго план ды паведаміў пра ваенную падрыхтоўку Масквы і цвёрды намер атакаваць Рэч Паспалітую яшчэ да заканчэння перамір’я[4].
План Густава Адольфа быў яму вельмі выгадны з розных бакоў: усе кошты на войска, якое заставалася ў распараджэнні шведскага караля, абавязваўся пакрываць царскі ўрад, што прыносіла б вялізныя прыбыткі, а ўцягваннем Масквы ў вайну з Рэччу Паспалітай ён не толькі зводзіў бы рахункі з польскімі Вазамі, але і змог бы адвабіць Расію ад пытання спрэчнай прыналежнасці Нарвы[5]. Аргументы шведскага канцлера Аксэля Оксэншэрны, што вярбоўка жаўнераў для Масквы можа папсаваць адносіны Швецыі з Рэччу Паспалітай, з якой варта захоўваць перамір’е[6], ніколькі не засмучалі караля.
Царскі ўрад ухапіўся за план супольнай экспансіі, на якую не шкадаваў ніякіх сродкаў, і са свайго боку таксама ў пэўнай ступені інспіраваў Швецыю заманлівай перспектывай хуткага ўступлення ў вайну Масквы. У канцы студзеня 1631 г. маскоўскае пасольства накіравалася на Захад з граматай Густаву Адольфу, у якой гаварылася, што Дэвулінскае пагадненне ўжо фактычна разарвана і на вясну цар хоча пачаць вайну. Акрамя таго яно везла і дыпламатычныя пасланні ў двары Англіі, Даніі, Галандыі і Нідэрландаў, у якіх цар Міхаіл Фёдаравіч таксама абвяшчаў, што не намераны чакаць канца перамір’я, і прасіў дапамогі ў вярбоўцы жаўнераў ды закупе зброі[7]. Праз год, калі шведскі пасол Ёган Мёлер 16 студзеня 1632 г. чарговы раз з’явіўся ў Маскве, Міхаіл Фёдаравіч пацвердзіў прынцыповае прыняцце плана Густава Адольфа, удакладніўшы толькі дэталі: навербаваная ў Нямеччыне армія мусіла складаць 10 000 пешых і 2000 конных наймітаў, на плату якім прызначалася па 80 000 руб. штомесяц з маскоўскага скарбу[8]. У самой Маскоўскай дзяржаве ў рамках падрыхтоўкі да вайны з 1630 г. складваліся каштарысы войска, і па спісах на 1632 г. у царскую армію магло быць адначасова мабілізавана больш за 98 тыс. чалавек[9].
Пачатак вялікай вайны цар спачатку паабяцаў шведам на вясну 1631 г., калі яго ўдар па Рэчы Паспалі тай з поўдня мелася падтрымаць Турцыя, потым — на лета таго ж года, урэшце перанёс пачатак дзеянняў на вясну 1632 г.[10]. Але і трэці тэрмін не быў вытрыманы, бо ў рэальнасці царскія палкі вырушылі з Масквы толькі 3 жніўня. Такая затрымка была звязана галоўным чынам з недастатковай падрыхтаванасцю маскоўскай арміі да маштабных наступальных дзеянняў, а потым і з чэрвеньскім татарскім нападам. З-за негатоўнасці для пачатку наступу не была выкарыстана нават смерць Жы гі монта ІІІ (30.IV.1632). Хоць 20 чэрвеня вайну ўхваліў Земскі сабор, скліканы патрыярхам Філарэтам, прайшло яшчэ шмат часу на прызначэнне галоўнакамандуючага, і г. д.
З мэтай падпісання вялікага дагавору са Швецыяй 31 кастрычніка, ужо пасля першых ваенных поспехаў, з Масквы выехала адмысловае пасольства, што везла і праект падзелу Рэчы Паспалітай — „праведный и добрый раздел и рубежи с поляками”. Расія збіралася анексаваць землі Беларусі з Севершчынай і Чарнігаўшчынай, а Вільню саступіць Швецыі, якая разлічвала найперш на польскае Памор’е[11]. У праекце побач са Смаленскам і Кіевам фігураваў і Полацк — горад, якім царскія войскі пры дапамозе шведаў павінны былі авалодаць.
Цар пачынаў вайну з энтузіязмам, спадзеючыся на раскол Рэчы Паспалітай на два фронты. Усё было прадумана, падрыхтавана, і сапраўды, адначасовы ўдар з двух бакоў па не гатовай да такой вайны шляхецкай рэспубліцы мог прывесці да катастрафічных для яе наступстваў. Аднак праект маскоўска-шведскага ваеннага саюзу так і не ажыццявіўся — яго сарвала раптоўная смерць Густава Адольфа ў бітве пры Лютцэне (16. ХІ.1632), пра што царскае пасольства даведалася ўжо ў дарозе[12]. Без Швецыі ж вайна пайшла зусім не так паспяхова для Масквы, як чакалася[13]. Гэты фактар, а таксама хуткае з’яўленне новага манарха, абранне якога адбылося за 3 дні да гібелі шведскага караля, і ўратавалі шляхецкую рэспубліку ад горшага сцэнара.
Распачатую вайну нельга назваць нечаканай для Рэчы Паспалітай. У сенаце даўно мелі ўяўленне пра намеры Маскоўскай дзяржавы. І ў Варшаве, і ў Вільні летам 1632 г. ведалі, што рашэнне аб развязванні агрэсіі супраць Рэчы Паспалітай было ўжо прынятае царом і баярамі[14]. Недарэмна з восені 1631 г. за вайсковай падрыхтоўкай суседзяў сачыў смаленскі ваявода Аляксандр Корвін Гасеўскі. Вялікі гетман Леў Сапега ўжо ў са ка віку 1632 г. у сваіх прамовах на вальным сойме, і ў сенаце, і ў пасольскай ізбе двойчы казаў пра тое, што Масква ўзгадніла са Швецыяй далучэнне да Расіі чатырох усходніх ваяводстваў ВКЛ, і што Густаў Адольф ударыць з 5 тысячамі з захаду на польскае Памор’е[15]. Акцэнтуючы непазбежнасць хуткай вайны, вялікі гетман пастуляваў неабходнасць выстаўлення 40 000 войска, або як мінімум — 20 000, аднак сойм ухваліў збор толькі 10-тысячнай арміі[16].
Нягледзячы на тое, што ўрад Рэчы Паспалітай быў загадзя інфармаваны пра ваенныя планы Масквы, фактычна да лета 1632 г. ніякай мабілізацыі не праводзілася[17]. На пачатку вясны 1632 г. Леў Сапега выкарыстаў згоду пасла імператара Фердынанда, каб перадаць цару пасланне, у якім пераконваў у неабходнасці трымацца перамір’я і ў магчымасцях яго пратэрміноўкі, а ў канцы траўня напісаў прыватны ліст да патрыярха Філарэта са зваротам да цара і выслаў ганца, аднак той быў затрыманы на мяжы[18]. Спробы дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту даўно нічога не давалі. Узгадніўшы план вайны з Густавам Адольфам, Крэмль ужо з сярэдзіны красавіка — траўня 1631 г. адхіляў усялякія ініцыятывы па перагаворах.
Канкрэтныя захады па ўмацаванні межаў ВКЛ пачалі рабіцца толькі пасля смерці Жыгімонта ІІІ. Ра да сената 7 траўня даручыла вялікаму гетману ўма цаваць замкі ў Смаленску, Полацку, Віцебску, Дына бургу ды іншых памежных цвердзях і забяспечыць іх гарнізонамі[19]. А Віленская канвакацыя 15 траўня вырашыла накіра ваць пасла ў Маскву з завярэннямі ў імкненні трымацца міру і набраць 6000 жаўнераў для абароны межаў, аднак яе рашэнняў вялікі гетман не прызнаў, як і шэраг іншых высокіх ураднікаў. У канцы траўня 1632 г. з Берасця Леў Сапега выдаў прыпаведныя лісты ротмістрам на збор жаўнераў, адзначаючы, што тыя мусяць пе рашкаджаць „пастаронняму непрыяцелю як ад Масквы, так і ад Густава…”[20]. З яго паслання да віленскага біскупа вынікала, што ўсяго на замках мелася быць 1350 нанятых жаўнераў, з якіх 550 прызначалася на Смаленск, па 200 на Полацк, Віцебск і Дарагабуж і па 100 на Дынабург і Белую[21]. Аднак, як пазней высветлілася, прынамсі частка тых жаўнераў і ў кастрычніку ўсё яшчэ не дайшла да сваіх замкаў, прычынай чаго, як тлумачылі гетманы, стаў недахоп грошай[22].
Хоць, як не без падстаў сцвярджаў Крыштаф Радзівіл, маскоўскі ўрад на сярэдзіну траўня 1632 г. ужо меў пад зброяй больш за 60 тыс.[23], шляхта ВКЛ, на плячах якой мусіла трымацца абарона ўсёй усходняй мяжы, дэманстравала неапраўданую бяспечнасць. Напрыклад, ашмянскае рыцарства, як і большасць шляхты Рэчы Паспалітай, у пастулатах на канвакацыйны сойм за явіла, што на магчымую вайну павінна хапіць сродкаў, ух валеных на папярэднім сойме[24], а многія соймікі ўсё яшчэ хацелі накіраваць у Маскву пасольства. На самім жа сойме, недаацаніўшы маскоўскай небяспекі не без уплыву Льва Сапегі, які да апошняга верыў, што непрыяцель не пачне вайны да заканчэння перамір’я, пастанавілі ў выпадку нападу непрыяцеля сабраць для ВКЛ 4500 жаўнераў з падаткаў, ухваленых папярэдне[25].
Абодва гетманы, занятыя на канвакацыйным і элекцыйным соймах, не шмат маглі зрабіць для арганізацыі абароны. Да сярэдзіны восені 1632 г. Леў Сапега на няў ад 2500 да 3000, а Крыштаф Радзівіл — каля 2000 жаўнераў[26]. Парадаксальным чынам сам вялікі гетман адмоўна паўплываў на абароназдольнасць ВКЛ, бо тарпедаваў захады Крыштафа Радзівіла дадаткова павялічыць свае сілы[27]. Маючы зусім іншую канцэпцыю абароны, вялікі гетман рупіўся толькі пра забеспячэнне памежных замкаў гарнізонамі, а вербаванне палявога войска лічыў адно дачасным абцяжарваннем скарбу[28].
Пачаткам ваенных дзеянняў прынята лічыць 3 жніўня 1632 г., калі галоўныя сілы на чале з ваяводам Міхаілам Шэіным вырушылі з Масквы на Смаленск, хоць да аблогі дняпроўскай фартэцыі яны прыступілі толь кі ў снежні. Непрыяцель атакаваў межы ВКЛ на максімальна шырокім фронце — „ад Чарнігава аж да самых Інфлянтаў” вялізнымі сіламі (каля 60 тыс., з якіх траціна — „чужаземцаў і трыбам чужаземным вывучаных”) і, як пісаў Крыштаф Радзівіл, быў блізкі да перамогі, бо „межы нашыя без абароны, а замкі ў абы-якім забеспячэнню застаў”[29], але цар спакусіўся на Смаленск. І сапраўды, з кастрычніка 1632 і да вясны 1633 г. царскімі ваяводамі былі захоплены Белая, Дарагабуж, Рослаў, Сярпейск, Почап, Старадуб, Сураж, Трубчэўск і Ноўгарад-Северскі, а некаторыя аддзелы дасягалі Гомеля[30]. Устрывожаны поспехамі непрыяцеля, новаабраны манарх Уладыслаў IV у пасланні за 22 лістапада загадваў Льву Сапегу, каб той хутчэй пасылаў ротмістраў на замкі.
Трывогі не былі беспадстаўныя, непрыяцель усё бліжэй падступаў да галоўных цвердзяў на Дзвіне. Ужо 25 лістапада 1632 г., пасля нядоўгай аблогі, быў узяты Невель. Яго абаронцаў (а замак меў толькі 60 чал. пяхоты) угаворваў здацца царскім ратнікам невельскі „бурмістр” Грыгорый Сямёнаў сын Радзецкі з рускім прозвішчам Каваль, які перайшоў на расійскі бок[31]. Аднак камендант Пётр Мравінскі не прыняў капітуляцыі і сышоў у ВКЛ. Неўзабаве ён з’явіўся ў Полацку, жыхароў якога моцна ўстрывожыла страта Невеля. Полацкія мяшчане рашуча пратэставалі супраць просьбы Пятра Мравінскага пацвердзіць, што непрыяцель здабыў замак з яго рук вялікай сілай, і ўскладвалі на яго віну за капітуляцыю[32].
Полацк і Віцебск са зразумелых прычын знаходзіліся пад асаблівай увагай царскіх ваяводаў, і іх выведная служба збірала звесткі пра вайсковую сітуацыю на паўночна-ўсходніх рубяжах Вялікага Княства задоўга да развязання вайны. Перад летам 1632 г., на якое папярэдне прызначаўся пачатак дзеянняў, выведка была актывізаваная. Напрыклад, нейкі селянін Пярвушка Арыстаў, якога пскоўскі ваявода пасылаў у выведку пад Полацк, паведаміў ім 15 траўня 1632 г., што там толькі Ян Лісоўскі, які збірае ратных людзей, але, маўляў, пойдзе з імі пад Смаленск[33]. У лістападзе з допытаў Мікалая Іваноўскага непрыяцелю стала вядома, што ў Полацку з Лісоўскім усяго 80 гайдукоў, аднак там чакалі прыходу ротмістра Тарусы з 200 гайдукамі, і столькі ж гайдукоў знаходзілася ў Віцебску[34]. Па афіцыйных звестках, у Полацку і Віцебску на пачатак ваенных дзеянняў мелася сядзець па 200 пяхотнікаў[35], але ў рэальнасці іх найверагодней было менш. Малалікасць полацкага гарнізона пацвярджалася і звесткамі, атрыманымі ад палонных, захопленых 15 снежня 1632 г. у бітве з харугвай ротмістра Яна Уронскага каля Колпінскага возера (цяпер паўднёвы захад Пскоўскай вобласці) — самога ротмістра, пісара полацкага ваяводы Крыштафа Курчы і шляхціча Самуіла Спісальскага. Хоць іх паказанні істотна адрозніваліся, з усяго сказанага вынікала, што на той час у Полацку былі толькі гайдукі і сотня вершнікаў ротмістра Тарусы, а ваявода Януш Кішка па распараджэнні караля наймае па 2 харугвы гусараў і казакоў, якія, маўляў, збіраюцца сысці, і ў горадзе застануцца гайдукі ды мясцовая шляхта[36].
Нягледзячы на сваё стратэгічнае значэнне, паўночныя фартэцыі Беларусі заставаліся без належнай абароны. Яшчэ ў 1626 г. на Варшаўскім сойме паслы Полацкага ваяводства скардзіліся, што на замку да таго часу не было сталага гарнізона, але да вайны сітуацыя так і не змянілася да лепшага[37]. Як вынікае з ліста полацкай і віцебскай шляхты да гетмана, як толькі яны даведаліся пра разрыў Масквой дагавора, то адразу папрасілі „як найхутчэйшага ратунку”, і былі спакойныя, атрымаўшы гетманскае абяцанне, аднак і на пачатак снежня 1632 г. не мелі патрэбных жаўнераў для сваіх гарнізонаў; непрыяцель, папярэджвалі яны, пабраўшы многа замкаў, ужо на іх намагаецца кінуць сілы, а яны ж, не маючы ніадкуль дапамогі, не змогуць супрацьстаяць яму сваімі слабымі сіламі[38].
На зіму, калі балоты і шматлікія рачулкі замерзлі, маскоўскія ваяводы сапраўды актывізаваліся. Пад канец года Леў Сапега паведамляў каралю, што непрыяцель адно сваё войска трымае пад Смаленскам, „другое накіраваў да Полацка і Віцебска, а трэцяе павярнуў да Мсціслава і Крычава”, і папярэджваў, што яго „цяперашні спосаб ваявання моцна адрозніваецца ад першых часоў”[39]. Гетманы ж ВКЛ не мелі сілаў для дзеянняў супраць трох груповак. Жаўнеры, нанятыя Сапегам, былі разасланыя пераважна па замках, а харугвы, што збіраліся па прыпаведных лістах Крыштафа Радзівіла, канцэнтраваліся пад Оршай для паходу пад Смаленск. Войска сцягвалася марудна і на сярэдзіну снежня ў абозе было толькі дзве харугвы — гусарская Грыгорыя Мірскага і казацкая чКрыштафа Клячкоўскага. Сам палявы гетман, якому па волі манарха састарэлы Леў Сапега ўрэшце перадаў галоўнае камандаванне і над палявым войскам, і над гарнізонамі, 18 снежня прыбыў пад Оршу, куды працягвала збірацца армія ВКЛ. Пакуль канцэнтраваліся аддзелы, гетман высылаў асобныя харугвы на прыкрыццё замкаў. Аднак, як прызнаваў сам Сапега, маючы такія абмежаваныя сілы, дапамагаць Смаленску і высылаць падтрымку Полацку, Віцебску ды іншым замкам — „справа вельмі цяжкая і немагчымая”[40]. Калі ж на 31 студзеня ў абозе сабралася каля 3000 жаўнераў, з якімі можна было распачынаць контрдзеянні супраць непрыяцеля, то з-пад Оршы Крыштаф Радзівіл перавёў свае сілы бліжэй да Смаленска, пад Баёва, дзе ўжо стаялі сілы смаленскага ваяводы Аляксандра Гасеўскага[41]. Уся палявая армія ВКЛ налічвала тут каля 4500 чалавек[42] і занялася ратаваннем Смаленска, а Полацк і Віцебск мусілі неяк абараняцца самі.
Віцябляне, калі непрыяцель ужо падыходзіў пад сцены, працуючы днём і ноччу, паспелі паправіць умацаванні сваіх замкаў[43]. Віцебскі ваявода Самуэль Сангушка, хоць да пачатку 1633 г. знаходзіўся ў Белым Ковелі, адкуль выслаў у падтрымку віцяблянам некалькі дзясяткаў конніцы з пяхотай і прасіў палявога гетмана абараняць горад, неўзабаве і сам прыехаў для арганізацыі абароны[44]. Прыбыццё людзей ваяводы было своечасовым, бо зімой 1632/33 каля Віцебска, Оршы і Мсціслава „прамышлялі” кантынгенты Сямёна Празароўскага і Багдана Нагога[45]. У другой палове студзеня пад Віцебскам адбыліся сур’ёзныя баі, дзе сіламі віцебскага ваяводы і ротмістра Клячкоўскага з дапамогай харугвы, нанятай аршанцамі, а таксама з віцебскімі мяшчанамі і дабравольцамі Яна Бірулі была разгромлена маскоўская групоўка Празароўскага, які спрабаваў заняць горад[46]. Як паведамляў сам гетман, „да ста Масквы забіта, восем харугваў і адна гармата захоплены…”[47]. Але і праз месяц віцябляне заставаліся як абложаныя. Паведамляючы князю Радзівілу, што маскоўскія ратнікі ўжо высеклі Лёзна і Вялешкавічы ды набліжаюцца да Віцебска, віцебскія ўраднікі Крыштаф Храпавіцкі і Мікалай Жаба апісвалі свой бядотны стан: „…ад частых нападаў непрыяцеля ўсе нашыя воласці ўжо спустошаныя, няма адкуль жыўнасці і сілы браць, бо ўсе сяляне нашыя пасечаныя, а іншыя ў палон пабраныя…”[48].
Полацкае рыцарства, „пазбаўленае ўсялякай падтрымкі”, з’ехалася 5 лютага на грамнічны соймік да Полацка і абавязалася з кожных чатырох службаў да 11 лютага прыслаць на замак пад харугву свайго ротмістра Аляксандра Рыпінскага „гайдука выбранца з ваеннай зброяй і жыўнасцю на чатыры тыдні”, а таксама ўхваліла чатыры паборы на конных жаўнераў для абароны свайго ваяводства[49]. Сама шляхта паабяцала ў выпадку наступу непрыяцеля са сваёй павіннасці без затрымкі ставіцца да Полацка, пад каманду свайго ваяводы Януша Кішкі[50].
Януш Кішка з’явіўся ў горадзе незадоўга да згаданага сойміка, а перад яго вяртаннем Полацкае ваяводства абрабавала харугва смаленскага ваяводзіча Мікалая Абрамовіча. Неаплачаныя жаўнеры пакінулі па сабе такую чорную памяць, што полацкая шляхта склала пратэстацыю, просячы жорсткага суду гетмана над крыўдзіцелямі і адпаведных універсалаў караля[51]. Ваявода на свае кошты наняў толькі казацкую харугву — 100 коней (не 150 гусараў[52]), якая і заставалася прыкрываць мяжу. У лісце да Крыштафа Радзівіла за 17 сту дзеня 1633 г. Януш Кішка дэтальна апісаў цяжкасць яго сітуацыі: у непрыяцеля „на Невель, на Лукі і на Себеж прыйшло некалькі тысяч свежага люду”, і ўжо за 10 міль ад Полацка парабілі астрогі. Прасіў на цяжкі час прыслаць дапамогу на замак, абяцаючы, што калі непрыя целя ўдасца „адвярнуць”, то і людзей сваіх пашле, і сам пойдзе на паслугі гетману[53]. Замест харугвы Адама Паўловіча[54], якая стаяла побач, на полацкім гасцінцы, але мусіла на распараджэнне гетмана ісці да галоўных сілаў пад Оршу, ваявода папрасіў накіраваць хоць Дзевялтоўскага з татарамі, якія служылі з павіннасці, або хоць каго — каб толькі не пакідаць горад зусім адкрытым. Аднак калі да Полацка прыйшло „трохі татараў”, гетман загадаў Дзевялтоўскаму „днём і ноччу ісці да абозу” пад Баёва, што адразу ж выклікала адмоўную рэакцыю Кішкі: „…каб мець нешта на адпужванне непрыяцеля, затрымаў пана Дзевялтоўскага пры тых жа татарах”, — напісаў ён Радзівілу, бо вораг ужо „пад самы Полацк з агнём і мячом падпадаў”, а ў горадзе — „люд дамовы”, які мала на што здатны: „са ста сямідзесяці коней, што іх тут папісалася, не знойдзецца і больш за дзесяць падобных”[55].
Зразумела, ваявода не мог блытаць планы гетмана, і неўзабаве татары ўсё ж рушылі да абозу, а Януш Кішка застаўся ў Полацку, як пісаў, „толькі з чэлядкаю маёю дворнаю ды трохі пяхоты”, так што „не будзем мець кім непрыяцелю адпор чыніць, калі даведаецца, што людзі з замка сышлі”, — зноў з жалем падкрэсліў ваявода[56]. Праз нейкі час ён паведамляў і пра непаразуменне з наймам сотні пяхотнікаў, якую меўся сабраць ротмістр Павел Таруса, і выказваў спадзеў на тое, што кароль даручыць гэты набор яму[57].
Трэба прызнаць, што слабое забеспячэнне жаўнерамі памежных замкаў абумовіла не толькі стратэгія князя Радзівіла, — усё кіраўніцтва дзяржавы тады было занята ратаваннем абложанага Смаленска. У лютым кароль Уладыслаў IV, хоць ведаў пра цяжкае становішча замкаў Падзвіння, неаднаразова патрабаваў ад Льва Сапегі не даваць жаўнераў у гарнізоны, а ўсіх хутчэй пасылаць да абозу палявога гетмана[58].
Між тым, сітуацыя Полацка пагаршалася. Цягам усёй вясны 1633 г. луцкі ваявода Пётр Рэпнін пасылаў да горада спецыяльныя кантынгенты „за языкамі”[59], чакаючы лепшага моманту. Даведаўшыся пра пагрозу непрыяцельскага нападу, ротмістр і полацкі падваявода Ян Лісоўскі 11 чэрвеня заклікаў мяшчан панесці дадатковыя павіннасці: наняць за свае грошы яшчэ на адзін тыдзень казацкую роту Аляксандра Віскоўскага, служба якой сканчалася, а таксама каб „для абароны места свайго вежу на рагу ад Палаты на замку нізшым збудава лі” або хоць дрэва на яе далі і каб дазволілі жыхарам Запалоцця перасяляцца на Верхні замак[60]. Аднак адразу пасля гэтага, як вынікае з цытаванай пратэстацыі, на ратушу прыйшлі „некаторыя асобы з мяшчан паспольства полацкага”, якія склалі пісьмовую адмову выконваць усё пералічанае, узнялі шум, абражалі падваяводу і абяцалі збіраць грошы на яго „знясенне”, а ўжо праз дзень, з 12 на 13 чэрвеня на горад напала маскоўскае войска.
Даведаўшыся пра адсутнасць значных сілаў у Полацку, ваявода Пётр Рэпнін 10 чэрвеня паведаміў у Невель, што ўжо накіраваў з Лукаў на горад сваіх ратнікаў, якія мусілі аб’яднацца з невельскімі сіламі Мікіфара Пляшчэева. Луцкая „пасылка” злучылася з ратнымі людзьмі з Невеля, Тарапца, Холма і дзвюма стралецкімі сотнямі[61], так што разам атрымаліся сур’ёзныя сілы, якія на світанку 13 чэрвеня падкраліся да Полацка. Ключавую ролю ў пранікненні непрыяцеля ў горад выканаў былы невельскі „бурмістар” Грыша Каваль (Грыгоры Радзецкі). Узяўшы 50 стральцоў, ён перабраўся цераз роў і, праламаўшы дзірку ў астрозе, дапамог пралезці ў астрог стральцам, пасля чаго падманам абясшкодзіў варту: „…литовских сторожей к себе приманил дву человек — заговорил по-литовски, и примоня их, и зарубил тех сторожей”, — выхваляўся Радзецкі сваімі заслугамі перад царом Міхаілам Фёдаравічам[62]. Пасля гэтага была адкрыта брама і ў астрог уварвалася маскоўскае войска. Са слоў падваяводы, яно „все место Полоцкое и Заполоте сплендравало и попалило, за чим як лянтвойта, так бургомистра и инших много добрых колекгов в месте позабивали, а инших в полон живых побрано…”[63]. Справаздача луцкага ваяводы Пятра Рэпніна дадае дэталі: „…многих полских и литовских людей побили и ротмистра гайдуцкого убили и острог и в остроге посады и за Полотою рекою посады ж выжгли и высекли без остатков, и многие де литовские люди во дворех заперлись и погорели и в Двине многие потонули. И наряд, и знамена и барабаны и языки литовские поимали”[64]. Сярод трафеяў, захопленых у полацкім ас трозе, было і „знамя мещанское”[65], што сведчыць пра ўдзел мяшчан у абароне.
Абаронцы „заперлися в малом городе” — у Верхнім замку, які ўзяць і пры некалькіх спробах не ўдалося. Палачане нават ажыццяўлялі вылазкі. На вестку пра набліжэнне да Полацка падмогі царскія ваяводы паспяшаліся сысці. Пакідаючы Полацк, яны „довершили разорение Полоцкого уезда”[66], вывезшы вялікую здабычу і шмат палону. Сярод прыведзеных у Вялікія Лукі палонных было нямала шляхцічаў (у тым ліку Ян і Даніла Міхайлавы Корсакавы), але найбольш мяшчан[67].
Вестка пра спусташэнне Полацка разыходзілася вельмі хутка. Кароль і вялікі князь атрымаў яе па дарозе з Варшавы на Вільню, што пацвердзіў ужо 15 чэрвеня ў пасланні з Берштаў да віцебскага рыцарства. Хвалячы віцяблянаў і дзякуючы ім за тое, што, „замкнуўшыся ў замку віцебскім з ваяводаю”, адважна пераносілі ўсе цяжкасці і непрыяцеля „такую вялікую моц шчуплаю абаронаю затрымлівалі”, назваў іх шчаслівейшымі за палачанаў, якія, маўляў, хоць адчайна абараняліся ў замку, — „горад здрадаю схізматыкаў захапіла і спа ліла Масква”[68]. Пазней падобнае паўтарыў Альбрыхт Станіслаў Радзівіл: „З-за здрады схізматыкаў Масква ўзяла горад Полацк і ператварыла яго ў пух…”[69].
Даводзіцца, аднак, прызнаць, што якая-небудзь роля праваслаўных палачан у захопе горада непрыяцелем не пацвярджаецца крыніцамі. Паводле расійскіх архіваў, як паказаў у сваім даследаванні А. Малоў, ваяводы да-сягнулі поспеху дзякуючы раптоўнасці нападу і падманным дзеянням Радзецкага. Канфесійны фактар цалкам адсутнічае і ў скарзе Лісоўскага на мяшчан, якія не паслухаліся яго распараджэння — усю адказнасць за „таковое сплендроване месту Полоцкому” падваявода, зразумела, усклаў на бунтаўнікоў супраць яго ўлады: „не през кого се стало, одно през тых особ мещан полоцких”[70]. Што істотна, сярод пералічаных 16 „бунтаўнікоў” не знайшлося нікога з тых, хто ў кастрычніку таго ж года бунтаваў паспольства супраць полацкага архіепіскапа Антонія Сялявы[71]. Праўдападобна, і манарх, і вялікі канцлер віну за спусташэнне Полацка звалілі на „схізматыкаў” апрыёрна, паколькі горад успрымаўся як цэнтр праваслаўя. Цікава, што ўжо праз месяц Уладыслаў IV зацвердзіў фундушовы запіс браслаўскага земскага суддзі Севасцяна Мірскага, які перадаваў полацкай Багаяўленскай царкве зямлю для пабудовы манастыра, храма, школы і шпіталя[72].
На прыкрыццё Полацка быў спешна накіраваны рэгімент крайчага ВКЛ Жыгімонта Караля Радзівіла, а для лепшага эфекту кароль з Вільні паслаў універсал да полацкага рыцарства, заклікаючы, каб усе збіраліся да Полацка, да свайго ваяводы і, „па прыкладу Віленскага і Мсціслаўскага ваяводстваў… па магчымасці далі адпор таму непрыяцелю…”[73]. Каб спыніць сыход жыхароў са спаленага горада, Уладыслаў IV ужо па дарозе з арміяй на Смаленск звярнуўся з універсалам да полацкіх мяшчан. Спасылаючыся на весткі, што пасля маскоўскага нападу многія палачане пераходзяць на іншыя месцы, пакідаючы горад, „на які непрыяцель пільнае вока мае”, кароль распарадзіўся, каб яны „назад у горад вярталіся, зноў у ім будаваліся і разам, не разыходзячыся, за бяспекай горада сачылі”, а калі хто не вернецца, пляцы такіх будуць перадавацца іншым[74].
Пасля чэрвеня 1633 г. горад і ўсё ваяводства за-ставаліся моцна спустошаныя. На наступнае лета Януш Кішка прасіў сястру звярнуцца да гетмана, каб той загадаў сваім харугвам сысці з Полацка, які ў выніку вайны апынуўся ў страшнай бядоце і няшчасці: „…Убогая эканомія. Мужычкі пабіты непрыяцелем, рэшта пустая, у самога збожжа няма…”[75]. Абароназдольнасць замка па-ранейшаму пакідала жадаць лепшага. Як сведчыць пазнейшая скарга таго ж Яна Лісоўскага, згаданы вышэй ротмістр Павел Таруса не сабраў харугвы, на якую атрымаў са скарбу грошы: у пачатку жніўня на замку было толькі пару дзясяткаў пахолкаў, большасць з якіх — без шабляў і мушкетаў[76]. Праз год віленская канвакацыя патрабавала „у прыклад іншым” пакараць Тарусу і яго саўдзельнікаў, які, наогул не даслужыўшы ў Полацку, „пяхоту свядома распусціўшы”, а „грошы і барву гадавую ў свой пажытак абярнуўшы”, вялікімі грашовымі экзекуцыямі ўціскаў вёскі і мястэчкі ў Княстве Літоўскім і Жамойцкім, займаўся рабаўніцтвам і рукі свае забрудзіў „свядомым забойствам”[77].
Трагічны эпізод полацкай гісторыі адгукнуўся рэхам і ў Еўропе. Так, у Прускім герцагстве яшчэ ў лютым 1633 г. цікавіліся, ці сапраўды маскоўская армія, захапіўшы Дарагабуж, узяла ў аблогу са Смаленскам і Полацк, а 28 чэрвеня таго ж года нейкая пані Урсула Маерын, што з Варшавы перасылала навіны пра вайну ў Вену і Мюнхен, паведаміла імператару Фердынанду ІІ пра захоп Полацка маскавітамі[78].
Хоць у сучаснай расійскай гістарыяграфіі „взятие Полоцка” лічыцца «одной из наиболее значительных побед русских войск на „северном фронте” Смоленской войны»[79], раней яно не выклікала прыкметнай увагі гісторыкаў як у Расіі, так і ў Беларусі[80]. Асаблівую значнасць канфлікту часткі мяшчан з уладамі Полацка ў 1633 г. надала толькі марксісцкая гістарыяграфія, у якой апісанае здарэнне было ператлумачана і паўстала ў зусім іншым святле.
Першым на чэрвеньскія падзеі 1633 г. у Полацку звярнуў асаблівую ўвагу савецкі ваенны гісторык І. Ф. Лочмель, які ўпісаў іх у кантэкст нацыянальных памкненняў усходнеславянскіх народаў і іх „братніх адносін”[81]. Трактуючы гісторыю пасля вераснёўскага паходу Чырвонай Арміі 1939 г., ён убачыў у канфлікце часткі мяшчан з падваяводам Лісоўскім не толькі адмову палачан рамантаваць умацаванні горада, але і няўдзел у абароне і пераход на тэрыторыю, занятую царскім войскам, — ва ўсім гэтым праявілася „стремление белорусского народа к освобождению от панской Польши и соединению с братским русским народом”[82]. Аднак у цытаванага аўтара тыя полацкія падзеі названы „хваляваннямі”, а ў Савецкай Беларусі пад пяром Лаўрэнція Абэцэдарскага, які бясспрэчна наследаваў Лочмеля, полацкія хваляванні ператварыліся ў „паўстанне”. „Большая частка жыхароў Полацка, узняўшы ў 1633 г. (у час руска-польскай вайны) паўстанне, разам з рускімі вой ска мі змагалася супраць войск Рэчы Паспалітай, а потым са сваімі сем’ямі добраахвотна перайшла на тэрыторыю Расіі”, — вось што „прачытаў” галоўны савецкі гісторык БССР у сціслых звестках добра вядомых дакументаў[83]. Пры гэтым Л. Абэцэдарскі сцвярджаў, быццам з заявы полацкага падваяводы вынікала, што „русские войска взяли Полоцк благодаря помощи мещан”, якія потым у дадатак „перешли на сторону русских войск и вместе с ними осадили Верхний замок”[84].
Версія Л. Абэцэдарскага стала „кананічнай” і ўвай-шла ў навучальную літаратуру ды энцыклапедычныя выданні. Паводле акадэмічнай „Гісторыі Беларускай ССР”, жыхары Полацка „с нетерпением ожидали прихода русских войск”, таму і адмовіліся выконваць распараджэнне, а калі царскія ратнікі падышлі да Полацка, то „жители города восстали и присоединились к русским войскам”[85]. Пры гэтым згаданыя Лісоўскім „некаторыя асобы з мяшчан” ператварыліся ў „велізарны натоўп гараджан”, які адмовіўся выконваць распараджэнне падваяводы, і ўлады „не паспелі расправіцца” з імі толькі таму, што горад нечакана быў захоплены, — „гараджане далучыліся да рускіх войск”, а калі Верхні замак узяць не ўдалося, то ў Расію „разам з рускімі войскамі пайшла і большая частка гараджан”[86]. Версія Абэцэдарскага часам дапаўнялася новымі фантастычнымі дэталямі: так, у гістарычным нарысе пра Полацк гаварылася, што палачане заявілі пра сваё нежаданне рамантаваць умацаванні менавіта „пры з’яўленні рускіх войскаў ля сцен Полацка”, і што ўначы з 12 на 13 чэрвеня 1633 г. акурат яны, палачане, „адкрылі рускім войскам вароты горада”[87], або што менавіта „натоўп гараджан перашкодзіў падваяводу і магістрату ўмацаваць Ніжні замак”[88], чым і дапамог царскім ратнікам.
Так звычайны канфлікт часткі паспольства з уладамі Полацка ператварыўся ў „полацкае паўстанне”, якое на старонках падручнікаў па гісторыі ў савецкія часы выдавалася за прыклад „барацьбы народных мас супраць нацыя наль на-рэлігійнага прыгнёту”, імкнення беларусаў „да ўз’яднання з рускім народам”, іх „цягацення да Расіі”[89]. Але не толькі тады. У часы прэзідэнцтва А. Лукашэнкі, калі тлумачэнне мінулага пачалі зноў „падганяць” пад былыя стандарты, у многія дзяржаўныя выданні вярнулася старая легенда пра „полацкае паўстанне”[90]. Пара б з ёй канчаткова развітацца.
[1] Гл. напр.: Сташевский Е. Смоленская война 1632–1634. Организация и состояние московской армии. Киев, 1919; Godziszewski W. Polska a Moskwa za Władysława IV. Kraków, 1930; Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. Warszawa, 2001; Lipiń ski W. Początek działań rosyjskich w wojnie smoleńskiej // PHW. T. V. (1932); ён жа. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smoleńskiem od października 1632 do września 1633 r. // PHW. T. V. (1932); ён жа. Organizacja odsieczy i działania wrześniowe pod Smoleńskiem w r. 1633 // PHW. T. VI (1933); Wisner H. Krol i car. Rzeczpospolita i Moskwa w XVI–XVII w. Kraków, 1995. З апошніх публікацый варта адзначыць артыкул А. Малова, заснаваны, аднак, толькі на расійскіх архівах: Малов А. В. Начальный период Смоленской войны на направле нии Великие Луки — Невель — Полоцк (до 3 июня 1633 г.) // Памяти Лукичева. Сборник статей по истории и источниковедению. Редактор-составитель Ю. М. Эскин. Москва, 2006. С. 128–129.
[2] Поршнев Б. Тридцатилетняя война и вступление в нее Швеции и Московского государства. Москва, 1976. С. 197–198. Пра жаданне пачаць вайну, не чакаючы заканчэння перамір’я, цар і патрыярх недвухсэнсоўна выказваліся і ў 1630 г., гл.: Козляков В. Н. Михаил Федорович. Москва, 2004. С. 203.
[3] Roberts M. Gustavus Adolphus. A History of Sweden 1611–1632. Vol. II: 1626–1632. London, 1958. P. 562–563.
[4] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 267.
[5] Roberts M. Gustavus Adolphus. P. 562; Junkelman M. Gustav Adolf (1594–1632). Schwedens Aufstieg zur Gro.macht. Regensburg, 1993. S. 381.
[6] Paul J. Gustav Adolf. Christ und Held. Frankfürt — Zürich, 1964. S. 76.
[7] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 251–252. Вось як тады тлумачылася падстава разрыву перамір’я: „Да и то нам ведомо, что королевич Владислав хочет доступати нашего Московского государства, и разорить наше государство и веру нашу христьянскую, а свою еретическую, папежскую проклятую веру ввести и утвердить по умышлению папы римского и по совету цесареву, и короля шпанского, и короля литовского” (Цыт. па: Вайнштейн О. Л. Россия и Тридцатилетняя война 1618–1648 г. Очерки из истории внешней политики Московского государства в первой половине XVII в. Москва, 1947. С. 89–90).
[8] Roberts M. Gustavus Adolphus… Р. 563; Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 279; Вайнштейн О. Л. Россия и Тридцатилетняя война 1618–1648 г. С. 139.
[9] Козляков В. Н. Михаил Федорович. С. 204. Падрабязней гл.: Сташевский Е. Смета военных сил Московского государства на 1632 год // Военно-исторический вестник. Киев, 1910. № 9–10.
[10] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 241, 269, 280.
[11] Seredyka J. Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III (1929–1632). Zarys wewnętrznych dziejów politycznych. Opole, 1978. S.160; Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 319.
[12] Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 328–329.
[13] Падобна, што Густаў Адольф на той час сапраўды пераацэньваў вайсковыя здольнасці царскай арміі. Гл.: Roberts M. Gustavus Adolphus… Р. 564.
[14] Летам 1632 г. цар ужо праводзіў агляды ратнікаў, „и говоря с бояры указали послати… на Полских и Литовских людей, за их многие к Московскому государству неправды, бояр и воевод со многою ратью” (Книги разрядныя. Т. ІІ. С.-Петербург, 1855. С. 375, 377).
[15] Seredyka J. Rzeczpospolita w ostatnich latach panowania Zygmunta III. S. 159–160, 169–170.
[16] Тамсама. S. 172.
[17] Сцвярджэнні некаторых даследчыкаў, быццам у Рэчы Паспалітай ад пачатку 1631 г. не перапынялася ваенная пад рыхтоўка супраць Маскоўскай дзяржавы, выглядаюць непаразуменнем. Напр.: Поршнев Б. Тридцатилетняя война… С. 288.
[18] Czwołek A. Piórem i buławą. Działalność polityczna Lwa Sapiehy, kanclerza litewskiego, wojewody wileńskiego. Torun, 2011. S. 578, 585. (у друку)
[19] Biblioteka PAN w Kórniku. Rkps. 345, k. 8–9v.
[20] НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Ад. зах. 78. Арк. 1315–1316.
[21] Biblioteka PAN w Kórniku. Rkps. 345, k. 21; Lipiński W. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smoleńskiem od października 1632 do września 1633 r. // Przegląd Historyczno-Wojskowy (далей PHW). R. IV. T. V. Warszawa, 1932. S. 169.
[22] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 282.
[23] Wisner H. Litwa po zgonie Zygmunta III. Od zjazdu wileńskiego do konwokacji warszawskiej // Rocznik Bіałostocki. T. XV. Warszawa, 1981. S. 49; Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 27.
[24] Сагановіч Г. Інструкцыя паслам Ашмянскага павета на канвакацыйны сойм 1632 г. // БГА. Т. 14 (2007). С. 218.
[25] Kaczorowski W. Sejmy konwokacyjny i elekcyjny… S. 123, 127.
[26] Radziwiłł Albrycht Stanisław. Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1 (1632–1636). Oprac. A. Przyboś i R. Żelewski. Warszawa, 1980. S. 188.
[27] Czwołek A. Piorem i buławą. S. 594.
[28] Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. Warszawa, 2001. S. 87.
[29] Relacja Krzysztofa Radziwiłła z wojny moskiewskiej 1632–1634. Wyd. W. Lipiński // PHW. T. VII. Warszawa, 1934–35. S. 117.
[30] Книги разрядныя. Т. ІІ. С.-Петербург, 1855. С. 384; Малов А. В. Начальный период… С. 131.
[31] Малов А. В. Начальный период… С. 141.
[32] Пратэстацыя полацкіх мяшчан, 22.12.1632, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1111.
[33] Акты Московского государства. Под ред. Н. А. Попова (далей АМГ) Т. 1. С.-Петербург, 1890. № 338. С. 352.
[34] АМГ. Т. 1. № 458. С. 427.
[35] Lipiński W. Początek działań rosyjskich w wojnie smoleńskiej // PHW. R. IV. T. V. Warszawa, 1932. S. 52, спас. 5; Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. S. 90.
[36] Малов А. В. Начальный период… С. 163-164.
[37] Wisner H. Wojsko litewskie 1połowy XVII wieku. Cz. 1 // SMHW. T. XIX. Cz. 1. Warszawa, 1973. S. 135. Толькі ў 1636г. на полацкім замку з’явілася 50пяхотнікаў, служба якіх аплач¬валася са скарбу ВКЛ. Той жа. Wojsko litewskie 1połowy XVII wieku. Cz. 2 // SMHW. T. XX. Warszawa, 1976. S. 22.
[38] Ліст з Полацка і Віцебска да К. Радзівіла, 6.12.1632, Полацк, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1076.
[39] Л. Сапега да караля, 26. 12. 1632, Вiльня, AGAD. Dz. II. Nr. 1078. k. 1.
Lipiński W. Początek działań rosyjskich w wojnie smoleńskiej // PHW. R. IV. T. V. Warszawa, 1932. S. 52, спас. 5; Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. S. 90.
[40] Л. Сапега да караля, 26.12.1632, Вільня, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1078, k. 2.
[41] Kupisz D. Smoleńsk 1632–1634. S. 106.
[42] Lipiński W. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smoleń-skiem … S. 107.
[43] Ліст з Віцебска да К. Радзівіла, 21.01.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1102, k. 1.
[44] Nagielski M. Samuel Szymon Sanguszko // PSB. T. 35. 1993. S. 511.
[45] Lipiński W. Działania wojenne polsko-rosyjskie pod Smo leń-skiem… S. 186.
[46] Ліст з Віцебска да К. Радзівіла, 21.01.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1102, k. 1–2.
[47] Relacja Krzysztofa Radziwiłła z wojny moskiewskiej… S. 117.
[48] Ліст з Віцебска да К. Радзівіла, 18.02.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1105, k. 1.
[49] Лаўдум полацкага сойміка, 5.02.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1104, k. 1.
[50] Тамсама, k. 2.
[51] Я. Кішка, з Полацка, 8.02.1633, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760. k. 43. Ваявода адзначаў, што палачане мусяць цяпер абараняцца „на два бакі…, правай рукой ад непрыяцеля, які забраў ужо большую частку нашых памежных земляў, а леваю — ад свайго ўласнага войска, якое толькі што не паліць, але ўціскі чыніць якія толькі найбольшыя могуць быць”.
[52] Малов А. В. Начальный период… С. 163.
[53] Я. Кішка да К. Радзівіла, 17.01.1633, без месца, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760, k. 39.
[54] Ротмістр Адам Паўловіч камандаваў казацкай харугваў і ў красавіку быў выпраўлены гетманам на левы бераг Дняпра. Гл.: Rachuba A. Pawłowicz Adam Hilary Łukiański // PSB. T. 25. 1980. S. 474.
[55] Я. Кішка да К. Радзівіла, 8.02.1633, з Полацка, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760, k. 41.
[56] Я. Кішка да К. Радзівіла, 23.02.1633, з Полацка, AGAD AR. Dz. V. Nr 6760, k. 45.
[57] Я. Кішка да К. Радзівіла, 26.02.1633, з Полацка, AGAD AR. Dz. V. Nr 6760, k. 49.
[58] Lipiński W. Organizacja odsieczy i działania wrześniowe pod Smoleńskiem w r. 1633 // PHW. R. V. T. VI. Warszawa, 1933. S. 180–181.
[59] Малов А. В. Начальный период… С. 154–155, 157–159, 161.
[60] Пратэстацыя падваяводы Яна Лісоўскага 6.07.1633 // Акты Юго-Западной России. Т. 2. С.-Петербург, 1865. № 55. С. 90–91; Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (далей АСД). Т. 1. Вильно, 1867. № 94. С. 271–272; Русско-белорусские связи. Сборник документов (1570–1667). Минск, 1963. № 91. С. 115–116.
[61] Малов А. В. Начальный период… С. 165.
[62] Тамсама. С. 166.
[63] АСД. Т. 1. № 94. С. 272.
[64] Волков В. А. Войны и войска Московского государства. Москва, 2004. С. 301.
[65] Малов А. В. Начальный период… С. 167.
[66] Волков В. А. Войны и войска Московского государства. С. 301.
[67] Малов А. В. Начальный период… С. 168.
[68] Lipiński W. Organizacja odsieczy i działania wrześniowe pod Smoleńskiem… S. 182.
[69] Radziwiłł Albrycht Stanisław. Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1. S. 314.
[70] АСД. Т. 1. С. 272.
[71] Тамсама. С. 274–275.
[72] Витебская Старина. Материалы для истории Полоцкой епархии. Сост. и изд. А. Сапунов. Т. V. Ч. 1. Витебск, 1888. № 90. С. 138–141.
[73] Універсал караля і вялікага князя Уладыслава IV да палачан, Вільня, 4.07.1633, AGAD. AR. Dz. ІІ. Nr 1119.
[74] Каралеўская грамата жыхарам горада Полацка, Барысаў, 8.08.1633 // AСД. Т. 1. № 95. С. 273: „Ażeby zatem N [ieprzy-„Ażeby zatem N [ieprzyjaciel] wiekszego serca nie ważył się, rozkazujemy wam i koniecznie to mieć chcąc, abyście się nazad do miasta powracali, w nim się znowu fundując y spólnie bezpieczenstwa miasta nie rozchodząc się przestrzegali”.
[75] Я. Кішка да сястры, жонкі К. Радзівіла, Вільня, 17.07.1634, AGAD. AR. Dz. V. Nr 6760, k. 53.
[76] Я. Лісоўскі да К. Радзівіла, Полацк, 4.08.1633, AGAD. AR. Dz. V. Nr 8563, k. 1.
[77] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. II: Okresy panowań krolów elekcyjnych, XVI-XVII wiek. Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2009. Nr. 59. S. 266–267.
[78] Leitsch W. Eine Kriegsberichterstatterin des 17. Jahrhunderts: Zum Smolensker Krieg der Jahre 1632–1634 // Osteuropa in Geschichte und Gegenwart. Festschrift für Gunter Stokl zum 60. Geburtstag. Hg. von H. Lemberg, P. Nitsche und E. Oberlander. Köln-Wien, 1977. S. 82–83.
[79] Малов A. В. Начальный период… С. 172.
[80] Напрыклад, М. Без-Карніловіч у апісанні гістарычных мясцін толькі лаканічна адзначыў, што ў 1633 г. „россияне …овладели Полоцком и большую часть города истребили огнем и мечем” (Без-Корнилович М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии. С.-Петербург, 1855. С. 87).
[81] Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. Москва, 1940. С. 42–45.
[82] Лочмель И. Ф. Очерк истории… С. 44.
[83] Абэцэдарскі Л. С. У святле неабвержных фактаў. Мінск, 1969. С. 68–69.
[84] Абецедарский Л. С. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI–XVII в. Минск, 1978. С. 86.
[85] История Белорусской ССР. Т. 1. Под ред. В. Н. Перцева, К. И. Шабуни, Л. С. Абецедарского. Минск, 1954. С. 138. Такая ж версія ў наступным выданні, гл.: История Белорусской ССР: в 2 т. Т. 1. Ред. колл.: Л. С. Абецедарский, В. Н. Перцев, К. И. Шабуня. Минск, 1961. С. 133.
[86] Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. Т. 1. Гал. рэд. К. І. Шабуня. Мінск, 1972. С. 253.
[87] Полоцк: Исторический очерк. Отв. ред. П. Т. Петриков. Минск, 1987. С. 58.
[88] Капыскі З. Ю. Полацкае паўстанне 1633 // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 8. Мінск, 1975. С. 487.
[89] История Белорусской ССР. Ред. кол.: И. Игнатенко, Н. Каменская, И. Кравченко. Минск, 1977. С. 65; История БССР. Учебное пособие для вузов. Под ред. В. Чепко, А.. Игнатенко. Ч. 1. Минск, 1981. С. 102.
[90] Полацкае паўстанне 1633 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1999. С. 527; Полацкае паўстанне 1633 // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мінск, 2001. С. 456.