БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Першы дапаможнiк па метадалогii* (Марына Сакалова)


* Методология истории. Учебное пособие для студентов вузов. Под ред. А.Н.Алпеева и др. Минск, 1996. 240.
У 1996 г. мeнскае выдавецтва «Тэтрасiстэмс» выпусцiла навуковы дапаможнiк па метадалогii гiсторыi для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Змест дапаможнiка быў распрацаваны, галоўным чынам, выкладчыкамi i загадчыкам кафедры ўсеагульной гiсторыi Гарадзенскага ўнiверсiтэту. Як зазначана, «iстотны ўклад, асаблiва ў раздзел аб метадах гiстарычнага пазнання, унесла кафедра крынiцазнаўства i музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэту» (С.5), Савет беларускай Асацыяцыi «Гiсторыя i кампутар», а таксама Гуманiтарна-эканамiчны недзяржаўны iнстытут.

Выданне першага ў беларускай гiстарыяграфii падручнiка па метадалогii магло б стаць прыкметнай з’явай, калi б аўтары больш сур’ёзна i грунтоўна падышлi да задуманай iмi справы. Дыскусiйнасць многiх метадалагiчных праблемаў, цяжкасцi вызначэння прадметнай вобласцi метадалогii гiсторыi патрабуюць вельмi грунтоўнай прапрацоўкi. Калi дадаць, што ў нашай краiне адсутнiчае вопыт падрыхтоўкi тэарэтычных выданняў, вельмi няшмат спецыялiстаў, якiя займаюцца ўласна метадалогiяй, то стане вiдавочна, што падрыхтоўка i выданне падручнiка без папярэдняга шырокага абмеркавання яго зместу на старонках гiстарычных перыядычных выданняў было, па меншай меры, паспешным. Паспрабуем выправiць гэты недахоп i, хоць са спазненнем, задаць аўтарам падручнiка некалькi пытанняў.

Першае пытанне. Што аўтары разумеюць пад метадалогiяй гiсторыi? Ва ўводзiнах цытуецца азначэнне Б.Магiльнiцкага: «Метадалогiя гiсторыi вывучае прыроду, прынцыпы i метады гiстарычнага пазнання»[1]. У слоўнiку тэрмiнаў чытаем: «Метадалогiя (эпiстэмалогiя) — сiстэма прынцыпаў i спосабаў арганiзацыi i будавання тэарэтычнай i практычнай дзейнасцi, а таксама вучэнне аб гэтай сiстэме» (С.228). Гэтыя два азначэннi раскрываюць розныя аспекты так званай «метадалогii гiсторыi ў шырокiм сэнсе слова» — дэскрыптыўны i нарматыўны. Як вядома, дэскрыптыўная метадалогiя займаецца апiсаннем кагнiтыўных аперацый i iх прадуктаў i з’яўляецца рэфлексiяй на прадмет даследчыцкай практыкi (пар.з азначэннем Магiльнiцкага), а нарматыўная метадалогiя распрацоўвае прынцыпы фармальна-лагiчнага сiнтэзу пры афармленнi вынiкаў працы гiсторыка, г.зн. мае дачыненне да даследчыцкай працы як такой (пар. з азначэннем у слоўнiку тэрмiнаў). Вiдавочна, метадалогiя гiсторыi (асаблiва яе дэскрыптыўныя аспекты) цесна звязана з гiстарычнай эпiстэмалогiяй, аднак iх нельга атаясамляць, як гэта робяць аўтары дапаможнiка.

Цiкава, што для абгрунтавання такога звядзення метадалогii да эпiстэмалогii аўтары сцвярджаюць, быццам А.Ракiтаў прапанаваў замест назвы «метадалогiя гiсторыi» увесцi больш дакладнае азначэнне — «гiстарычная эпiстэмалогiя» (С.9, спасылка). Аднак у выданнi, на якое яны спасылаюцца, А.Ракiтаў сцвярджае зусiм не тое. «Между методологией в узком и широком смысле и исторической эпистемологией существуют довольно сложные отношения. При одном развороте исследования их проблематика довольно тесно переплетается, даже сливается и почти не поддается разграничению, при другом — можно провести определенные разграничительные полосы. Было бы излишним педантизмом заранее перечислять и обусловливать все возможные случаи. Следует лишь подчеркнуть, что терминологическая четкость и концептуальная прозрачность — необходимые предварительные условия серьезного обсуждения всякой научной проблемы»[2]. Менавiта тэрмiналагiчнай дакладнасцi i канцэптуальнай празрыстасцi i не хапае аўтарам падручнiка. Прапанаванае iмi разуменне прадмета метадалогii гiсторыi ўваходзiць у супярэчлiвасць з самым тэкстам кнiгi, што вiдаць ужо па змесце выдання. Пад паняцце гiстарычнай эпiстэмалогii зводзяцца i гнасеалогiя, i тэорыя гiсторыi, i метадалогiя гiсторыi ў вузкiм сэнсе слова (нарматыўная). Калi да гэтага дадаць, што фiласофская праблема сэнсу гiсторыi разглядаецца як гiстарычная катэгорыя(!)(С.127), дык тэрмiналагiчная блытанiна становiцца вiдавочнай.

Трэба прызнаць, што размежаваць метадалогiю, эпiстэмалогiю, тэорыю i фiласофiю гiсторыi сапраўды цяжка. Але ж гэтую праблему нельга лiчыць невырашальнай[3]. Iншая справа, што няма адзiнага, абавязковага для ўсiх i прымальнага ва ўсiх прадметных вобласцях гiстарычных ведаў падыходу да яе вырашэння, на што прэтэндаваў гiстарычны матэрыялiзм.

Наступнае пытанне. Незразумела, што аўтары маюць на ўвазе, калi гавораць пра гiстарычную тэорыю. Цi разумеюць яны рознiцу памiж такiмi паняццямi, як «метадалагiчная канцэпцыя», «гiстарычная тэорыя», «канцэптуальная мадэль гiсторыi (тэорыя гiсторыi)», «спецыяльныя вобласцi гiстарычнага да-следавання».

Так, у раздзеле «Основные современные методологические концепции в историческом исследовании» вельмi коратка, у некалькiх сказах, згадваюцца некаторыя метадалагiчныя праблемы (тлумачэнне ў гiсторыi, наратыў, ахапляльныя законы).Потым iдзе апiсанне стану «гiстарычнай навукi» у розных краiнах. Тут аўтары лёгка пераходзяць ад дылемы аб’ектывiзм-рэлятывiзм да iнтэлектуальнай гiсторыi i псiхагiсторыi. Асноў-нымi падыходамi ў «гiстарычнай навуцы» ЗША аўтары лiчаць аб’ектывiзм, рэлятывiзм i, чамусцi, псiхагiсторыю (С.17), а iнтэлектуальная гiсторыя падаецца як «крайнее выражение» рэлятывiзму (С.16). Паўстае пытанне, цi знаёмiлiся аўтары з даволi пашыраным пунктам гледжання, што псiхагiсторыя, iнтэлектуальная гiсторыя, сацыяльная гiсторыя, эканамiчная гiсторыя i г.д. выдзяляюцца па выснове прадмета даследавання i кола праблемаў, якiя яны iмкнуцца вырашыць[4]. Рэлятывiсцкiя ж, напрыклад, тэарэтычна-пазнавальныя ўстаноўкi могуць дэтэрмiнаваць падыход гiсторыка да даследавання праблем як iнтэлектуальнай гiсторыi , так i псiхагiсторыi. Тое самае можна сказаць i пра аб’ектывiзм. Здаецца, аўтары пераблыталi агульна-фiласофскiя падыходы, цi тэарэтычна-пазнавальныя ўстаноўкi (сцыентызм, рэлятывiзм, аб’ектывiзм) i прадметныя вобласцi гiстарычнага даследавання, або, як iх прынята называць, «спецыяльныя гiсторыi» (iнтэлектуальная гiсторыя i псiхагiсторыя)[5].

Калi ў тым самым параграфе гаворка заходзiць аб метадалагiчных праблемах «гiстарычнай навукi краiн СНД ў цяперашнi час» (С.21), аўтары чамусцi звяртаюцца да «фармацыйнага, цывiлiзацыйнага i тэхналагiчнага (?) падыходаў». З гэтым таксама звязаны некаторыя пытаннi i заўвагi. Па-першае, хацелася б атрымаць тлумачэнне таго, што аўтары разумеюць пад «тэхналагiчным падыходам»[6]. Па-другое, хацелася б напомнiць, што фармацыйны i цывiлiзацыйны «падыходы» з’яўляюцца, на самой справе, рознымi канцэпцыямi гiстарычнага працэса[7], гэта значыць, тэорыямi гiсторыi.

Цiкава, што ў параграфе «Эмпирический и теоретический уровни познания в историческом исследовании» гаворыцца ўжо пра тэорыю фармацыяў i лакальных цывiлiзацый. Але ж хоць яны i характарызуюцца як «фундаментальные исторические конструкции» (С.104), з логiкi тэксту вынiкае, што аўтары прыраўнялi iх да гiстарычнага абагульнення, «теоретического осмысления итогов проведенного исследования». Усё гэта вымушае зрабiць выснову, што аўтары не фiксуюць рознiцу памiж канцэптуальнымi мадэлямi гiстарычнага працэсу (тэорыямi гiсторыi) i сiстэмамi тлумачэння, якiя ўключаюць некалькi гiпотэз[8] аб пэўным класе аб’ектаў (гiстарычныя тэорыi).

Наогул, аўтары вельмi спрошчана ўяўляюць тое, як будуюцца гiстарычныя тэорыi i праводзяцца працэдуры гiстарычнага даследавання. Здаецца, найлепшым сведчаннем гэтага будзе цытаванне першага абзаца згаданага параграфа. «В проведении исторического исследования условно можно выделить три взаимосвязанных операции: 1) сбор фактов, 2) построение модели, 3) интерпретация. Логическим завершением их является написание работы, когда историк, «наконец, осуществляет свою социальную задачу, увековечивает для будущих исследований коллективный опыт прошлого человеческого общества»[9]. В реальной практике последовательность всех этих операций весьма относительна: еще до научного синтеза у ученого складывается некое предварительное мнение, которое оказывает воздействие на всю процедуру исследования. Окончательная формулировка этого мнения представляет собой историческую теорию» (С.100-101). I далей. «По своему содержанию историческое знание нельзя отнести к чисто эмпирическому либо к теоретическому… Эмпирический уровень более связан с источниковым знанием и в этом отношении более верифицируем и объективен. Теоретический уровень представляет собой разрез материала под определенным углом зрения, заданным мировоозрением исследователя»(С.101).

Для параўнання пакажам, як гэтую праблему трактуе Э. Лаонэ. Ён лiчыць, што першай ступенню даследавання з’яўляецца рэканструкцыйная дзейнасць — працэс фiксацыi фактаў, стварэння першаснай карцiны таго, што вывучаецца ў гiстарычным даследаваннi. Справа ў тым, што гiсторык не працуе з гiстарычнымi фактамi як такiмi. Тое, з чым ён працуе — цi то сабраныя факты, цi апiсанне крынiц, гэта, на справе, сучасная яму фiксацыя, а не мiнулае як такое. Гiсторык не звязаны з эмпiрычнымi фактамi напрасткi: яны яму не дадзены, iх трэба ўстанавiць. Iншымi словамi, патрабуецца рэканструяваць мiнулае. Таму ў гiстарычным даследаваннi эмпiрычнай працы заўсёды папярэднiчае рэканструкцыйны этап. Сродкам фiксацыi рэканструкцыйных ведаў з’яўляецца наратыў цi гiстарычнае апiсанне (змест i ўзаемаадносiны гэтых тэрмiнаў па-ранейшаму дыскусiйныя, але тут не месца для iх азначэння). Наратыўнае апiсанне гiстарычнага працэса не выключае яго апiсання iншымi сродкамi, а з’яўляецца перадумовай такога выяўлення[10]. Эмпiрычныя веды ў гiстарыяграфii з’яўляюцца вынiкам апрацоўкi рэканструкцыйных. Прыёмы, цi аперацыi эмпiрычнага даследавання наступныя:1) пошук рэгулярнасцяў (выяўленне агульнага); 2) даследаванне прыватных выпадкаў (выяўленне асобнага); 3) параўнальныя даследаваннi (наяўнасць падобных сiстэмаў, частак i структураў цi iх кампанентаў, падобных змяненняў, працэсаў, паслядоўнасцяў i г.д.). Вынiкам такiх даследаванняў з’яўляюцца тыпалогii i стварэнне новых паняццяў — абагульняльных тэрмiнаў, што дазваляе пабудаваць эмпiрычную карцiну гiстарычных працэсаў — упарадкаваную ў часе паслядоўнасць мностваў тыпаў грамадскiх з’яваў. Гiстарычныя ж тэорыi будуюцца на падставе эмпiрычна адкрытых рэгулярнасцяў — блiзкiх прыкметаў працэсаў, тыпалогiй з’яваў i г.д. — i тлумачаць эмпiрычныя, а не рэканструкцыйныя факты[11].

Спрошчаным з’яўляецца, на наш погляд, i ўяўленне пра тое, што кожны гiсторык пры «напiсаннi працы» праходзiць усе «ступенi» цi «узроўнi», напрыклад, эмпiрычны i тэарэтычны. Больш абгрунтаваным уяўляецца меркаванне таго ж Э.Лаонэ, што ў гiстарыяграфiчнай практыцы мы сутыкаемся з рознымi тыпамi даследаванняў — эмпiрычнымi, тэарэтычнымi, рэканструкцыйнымi. Больш за тое, прынцыпова важнай лiчым яго заўвагу, што эмпiрычныя i тэарэтычныя даследаваннi ў гiстарыяграфii яшчэ дастаткова рэдкiя. Таму абмеркаванне iх з пункту гледжання тэорыi пазнання мае «ў цяперашнi час папярэднi характар»[12].

Хацелася б засяродзiць увагу i на пастаноўцы аўтарамi праблемы прынцыпаў. Па-першае, цяжка зразумець, аб якiх прынцыпах iдзе гаворка — «принципах исторического познания», «исследовательских принципах» цi «принципах истории»[13]. Сiтуацыя ўскладняецца, калi чытач спрабуе суаднесцi азначэнне навуковых прынцыпаў, якое аўтары даюць, спасылаючыся на А.Эйнштэйна[14], з пералiчанымi далей прынцыпамi аб’ектыўнасцi, гiстарызму i каштоўнаснага падыходу[15]. Устанавiць лагiчную сувязь памiж iмi без дадатковых тлумачэнняў немагчыма. Па-другое, трэба адзначыць, што сама фармулёўка «прынцыпы гiстарычнага пазнання» запазычана з тэорыi гiстарычнага матэрыялiзму, што, безумоўна, вызначыла трактоўку такiх паняццяў, як аб’ектыўнасць i гiстарызм. А «прынцып каштоўнаснага падыходу» замянiў прынцып партыйнасцi ў трыя-дзе прынцыпаў гiстарычнага матэрыялiзму[16].

Дык што ж разумеецца ў падручнiку пад «прынцыпам аб’ектыўнасцi»? З параграфа, прысвечанага гэтай тэме, даведваемся, што «несмотря на то, что процесс исторического познания есть своего рода «упорядочение» действительности с помощью субъективных по своей природе категорий, он может давать объективные результаты» (С.150). Далей пералiчваюцца фактары, якiя ствараюць магчымасцi гэтага (гiстарычныя крынiцы, зацiкаўленасць гiсторыка i грамадства ў атры-маннi верагодных ведаў, кантраляванне аб’ектыўнасцi на аснове ўзроўню, дасягнутага гiстарычнай навукай). «Гарантией достижения объективности в изображении прошлого в значительной степени является уровень профессиональной подготовки ученого, фундаментальность его научной концепции, личностные качества, как-то: честность, темперамент, педантичность, «воля к правдивости», совесть и др.» (С.150-151) — г.зн. абсалютна суб’ектыўныя рэчы. Аднак, узаемаадносiны памiж суб’ектыўным i аб’ектыўным у гiстарычным даследаваннi не аналiзуюцца, суб’ектывiзм i аб’ектывiзм чамусьцi разглядаюцца ў параграфе, прысвечаным «прынцыпу каштоўнаснага падыходу». Не згадваюцца тут нi скептыцызм, нi рэлятывiзм, не аналiзуецца ўзаемасувязь памiж паняццямi аб’ектыўнасцi, iсцiны i ацэначнага меркавання. Але ж менавiта гэтыя аспекты праблемы аб’ектыўнасцi лiчацца iстотнымi i прынцыповымi для сучасных метадалагiчных канцэпцый[17].

Змест тэрмiну «гiстарызм» выкладзены ў падручнiку даволi поўна i паслядоўна. Аўтары паказалi генэзiс гэтага тэрмiну i яго асноўныя складовыя — iндывiдуальнасць i развiццё. Аднак цяжка пагадзiцца з тым, што адно з больш поўных азна-чэнняў «прынцыпа гiстарызму» у навуцы належыць У.Ленiну. Наогул незразумела, чаму аўтары спыняюцца толькi на характарыстыцы нямецкага гiстарызму ХIХ — пачатку ХХ ст., марксiсцкага разумення гiстарызму i «амерыканскага ўмеранага гiстарызму». Як вядома, пад тэрмiнамi гiстарызм i гiстарыцызм часцей за ўсё разумеецца перакананне ў тым, што розныя феномены рэчаiснасцi, «чалавечай рэальнасцi» можна адэкватна зразумець толькi «гiстарычна», г.зн., калi прасачыць iх паходжанне i апiсаць у кантэксце працэсу развiцця ў часе. Разам з тым iснуюць дзве палярныя трактоўкi гэтага тэрмiну. Адна — нямецкi гiстарызм, якi аналiзуецца ў падручнiку (дактрына, заснаваная на ўпэўненасцi, што мiнулыя падзеi i сiтуацыi ўнiкальныя i непаўторныя, таму iх нельга зразумець у агульных, унiверсальных тэрмiнах, а толькi ў тэрмiнах iх прыватнага кантэксту), другая — пазiтывiсцкая, да якой належыць i марксiсцкае разуменне гiстарызму (даследаванне гiсторыi дазваляе адкрываць агульныя законы сацыяльнага развiцця, якiя можна выкарыстоўваць для прадказання будучых па-дзеяў)[18]. Такiм чынам, у падручнiку аналiзуюцца скрайнiя, «расширительные толкования» гiстарызму, i пры гэтым зусiм не ўлiчваюцца сучасныя дыскусii пра суаднясенне сапраўднага «гiстарычнага падыходу» i гiстарызму, гiстарызму i абсалютных чалавечых каштоўнасцяў, пра будучыню гiстарыцысцкага падыходу ў сацыяльных навуках. У параграфе мы не знаходзiм нават згадкi пра знакмiтыя працы Б.Крочэ, Э.Трольча, Ф.Майнэке, К.Попэра, Дж.Iгерса, М.Мандэльбаўма, Х.Ўайта, прадметам якiх была фiласофская i ўласна метадалагiчная рэфлексiя пра разуменне i каштоўнасць гiстарысцкага цi гiстарыцыстскага падыходу[19].

Адной з фундаментальных праблем метадалогii гiсторыi — праблеме гiстарычнага тлумачэння — у навуковым дапаможнiку адводзiцца толькi дзве старонкi (105-106). Адказу на пытанне, што такое гiстарычнае тлумачэнне, у тэксце не знахо-дзiм (калi не лiчыць азначэннем вельмi туманную цытату з працы I.Кавальчанкi[20] пра тое, што ў тлумачэннi раскрываецца разуменне, якое, у сваю чаргу, з’яўляецца «спасцiжэннем» унутранай прыроды рэальнасцi). Для параўнання ў якасцi прыкладу прывядзем адно з канвенцыяльных, «слоўнiкавых» азначэнняў тлумачэння ў гiсторыi: «Тлумачэнне — спосаб разважання i аргументацыi, якi выкарыстоўваюць гiсторыкi, каб зрабiць мiнулае даступным для разумення; спосаб, якiм гiсторыкi тлумачаць, чаму адбылiся тыя цi iншыя падзеi ў мiнулым; працэс, у канцы якога мы атрымлiваем разуменне факта»[21]. Для нас не падлягае сумненню, што аналiз праблемы гiстарычнага тлумачэння не можа лiчыцца поўным i карэктным, калi не разглядаць апошняга ў кантэксце такiх паняццяў (цi працэдур), як разуменне i iнтэрпрэтацыя. Але, здаецца, аўтары падручнiка прытрымлiваюцца iншага пункту гледжання. Хацелася б атрымаць адказ на пытанне, чаму яны адмовiлiся ад падыходу, якi ўжо можа лiчыцца традыцыйным.

Выклiкае пытаннi i прапанаваная ў падручнiку тыпалогiя гiстарычных тлумачэнняў (тлумачэнне праз закон, прычыннае, генетычнае, структурнае i функцыянальнае). Па- першае, для студэнтаў, здаецца, больш карысным быў бы не пералiк з вельмi кароткiмi тлумачэннямi, а апiсанне самой працэдуры хоць бы самага важнага для гiсторыка прычыннага тлумачэння, як зрабiў гэта, напрыклад, Е. Тапольскi[22]. Па-другое, пералiчаныя вiды тлумачэння з’яўляюцца сiмбiёзам тыпалогiй, праведзеных на аснове розных прынцыпаў. Так, у залежнасцi ад сувязi з «ахапляльнымi законамi», вызначаюцца «тлумачэнне праз закон» i «гiстарычнае абагульненне»[23]. Што тычыцца астатнiх «вiдаў» гэтай працэдуры, дык аўтары падручнiка паўтараюць пералiк розных тыпаў iнтэрпрэтацый гiстарычнага тлумачэння, прапанаваны Е.Тапольскiм[24] i працытаваны пазней А.Ракiтавым, ужо як класiфiкацыя гiстарычных тлумачэнняў[25].

Шмат пытанняў выклiкае параграф «Катэгорыi гiстарычнай навукi» (С.122-137). У шэраг гiстарычных трапiлi агульнафiласофскiя катэгорыi (сутнасць i з’ява, неабходнасць i выпадковасць, рэчаiснасць i магчымасць), праблемы фiласофii гiсторыi (сэнс гiсторыi), «канцэпцыi» сусветнай гiсторыi i культурнага плюралiзма, паняццi «iдэальны тып», «менталiтэт», «лакальна-гiстарычнае», «сусветна-гiстарычнае», «цывiлiзацыя», «гiстарычны час», «гiстарычная прастора» i г.д. Складваецца ўражанне, што аўтары паставiлi за мэту пералiчыць усе больш цi менш абагульняльныя тэрмiны, якiмi карыстаюцца гiсторыкi, чым i асудзiлi сябе на няўдачу. Мiж тым, у пачатку параграфа яны зусiм справядлiва адзначаюць, што «в ходе исторического исследования у историка возникает необходимость сгруппировать и классифицировать собранный материал, что осуществляется с помощью научных категорий» (С.122). Аднак далей акцэнт ставiцца не на тым, што катэгорыi — гэта «адна з пазнавальных формаў мыслення чалавека»[26], што працэс катэгарызацыi (разам з канцэптуалiзацыяй) уласцiвы кожнаму пазнавальнаму працэсу i таму гiсторык мае права фармуляваць неабходныя яму катэгорыi i паняццi ў працэсе да-следавання[27], а на тым, што катэгорыi — гэта нейкiя статычныя фундаментальныя паняццi, якiя могуць выратаваць ад сiтуацыi, калi «субъективизм конкретного исследователя порождает относительный характер группировки материала»(С.122). Наогул, здаецца, аўтары блытаюць катэгорыi i тэарэтычныя падыходы, цi, нават, канцэптуальныя мадэлi гiсторыi. Бо «арыентуе» гiсторыка, напрыклад, не «катэгорыя цывiлiзацыi», а цывiлiзацыйная канцэпцыя гiсторыi (С.137).

Нам уяўляецца вiдавочным тое, што метадалогiя гiсторыi павiнна не дэклараваць катэгорыi як нейкiя пастулаты, а даваць схемы i метады катэгарызацыi ў гiсторыi. Менавiта так рабiў Е.Тапольскi, якi ўключыў у сваю кнiгу раздзел «Класiфiкацыя i ўпарадкаванне канцэптаў»[28].

Незразумела таксама, па якiх прынцыпах складаўся «Слоўнiк тэрмiнаў». Так, ажно 24 з усiх 73 тэрмiнаў тычацца колькасных метадаў даследавання гiсторыi. Разам з тым няма азначэння такiх паняццяў, як прычыннасць, рэгулярнасць, сувязь, тлумачэнне, разуменне, iнтэрпрэтацыя, не вызначаны тыпы гiстарычных даследаванняў, тыпы законафармулёвак i гiстарычных абагульненняў ды шмат iншага. Некаторыя тлумачэннi ў слоўнiку не супадаюць з азначэннямi ў тэксце29. Мiж тым, мы трымаем у руках падручнiк, якi мусiць даваць студэнтам уяўленне пра тыя праблемы, якiмi займаецца метадалогiя гiсторыi, а ў iдэале — навучыць карэктна ажыццяўляць працэдуру гiстарычнага даследавання.

Трэба, аднак, зазначыць, што гэта наша ўласнае ўяўленне аб мэтах курса метадалогii гiсторыi. Аўтары сфармулявалi сваю задачу iнакш: «…Исходя из значения методологии как «пути исследования», можно заключить, что целью дисциплины является изучение практических проблем исторического познания» (С.7). На жаль, яны не справiлiся, на наш погляд, з гэтай задачай.

Спадзяемся, што гэтая рэцэнзiя выклiча дыскусiю, i першымi адгукнуцца аўтары «Методологии истории».

Менск

Марына Сакалова


[1] Могильницкий Б.Г. Введение в методологию истории. Москва, 1989. С.4
[2] Ракитов А. Историческое познание. Москва, 1982. С.24
[3] Ёсць два прыклады, у нашым разуменнi, паспяховага вызначэння прадметнай вобласцi метадалогii гiсторыi — у Е.Тапольскага i А.С.Лапы-Данiлеўскага. Польскi вучоны Е.Тапольскi лiчыць, што магчымасць пазбегнуць тэрмiналагiчнай блытанiны даецца ўвядзеннем наступных рабочых тэрмiнаў: прагматычная метадалогiя гiсторыi, апрагматычная метадалогiя гiсторыi, аб’ектыўная метадалогiя гiсторыi. Прадмет прагматычнай метадалогii гiсторыi — кагнiтыўныя аперацыi i працэдуры, г.зн. рэфлексiя на прадмет даследчыцкай практыкi гiсторыка, працэсу гiстарычнага пазнання. Iншымi словамi, гiстарычная эпiстэмалогiя. Апрагматычная метадалогiя гiсторыi мае дачыненне да вынiкаў працы гiсторыка, аналiзу тых сцверджанняў, якiя яны фармулююць — гiстарычных высноваў, абагульненняў, класiфiкацый, катэгарызацый, законаў. У сферу апрагматычнай метадалогii ўваходзяць такiя канцэпты, як гiстарычнае сцверджанне, гiстарычнае абагульненне, закон, каштоўнасная ацэнка, гiстарычны наратыў, аб’ектная мова i метамова, iсцiна i iнш. Аб’ектыўная метадалогiя гiсторыi — гэта рэфлексiя наконт аб’ектаў (а не прадмета) гiстарычных даследаванняў. Гэтая вобласць даследаванняў часта вызначаецца як фiласофiя гiсторыi. (Гл.:Topolsky J. Methodology of History. Warszawa.1976). А.С.Лапа-Данiлеўскi ў азначэннi прадмета метадалогii гiсторыi зыходзiў з таго, што «учение о методах исторического исследования исходит из той познавательной точки зрения, которая обосновывается в теории исторического знания». Метадалогiя гiсторыi ў такiм выпадку займаецца высвятленнем «соотношения, которое существует между принятой познавательной точкой зрения и данным объектом исторического знания, то есть зависимости данной комбинации принципов и методов от уже принятой познавательной точки зрения, а также от свойств объектов, подлежащих историческому исследованию». Далей Лапа-Данiлеўскi вызначае метадалогiю крынiцазнаўства i метадалогiю гiстарычнага будавання. Апошняя «рассуждает о производных принципах и методах построения истории из фактов, данные о которых были предварительно истолкованы и проверены; она не задается вопросом, в силу какого рода соображений историк признает то, что они действительно были (гэта для Данiлеўскага — праблемы тэорыi гiстарычных ведаў, г. зн. эпiстэмалогii), а, предполагая его решенным в утвердительном смысле, только выясняет, каковы производные принципы и методы, которыми историк пользуется для того, чтобы научно конструировать историческую действительность» (Гл.:Лаппо-Данилевский А. Методология истории. Вып. 2. С-Петербург, 1913. С.15,16,342). Такiм чынам, эпiстэмалогiя i фiласофiя гiсторыi выводзяцца за рамкi ўласна метадалогii. Затое шмат увагi аддаецца ўнутранай несупярэчлiвасцi «исторического построения». Вось такi, хоць i вузкi, падыход да метадалогii гiсторыi, здаецца, мог быць карысны i пры складаннi разгляданага падручнiка.
[4] Аналiз «Слоўнiка тэрмiнаў» прымушае зрабiць выснову, што гэты пункт гледжання ўсё ж невядомы аўтарам, бо мы знаходзiм тут толькi азначэннi псiхагiсторыi i гiсторыi татальнай (сацыяльнай). Для параўнання пакажам раздзелы выдадзенай ў ЗША ў 1979 г. пад рэдакцыяй Дж. Iгерса i Х. Паркера кнiгi «International Handbook of historical Studies: Contemporary Research and Theory»: дэмаграфiчная гiсторыя, эканамiчная гiсторыя, сацыяльная гiсторыя (сюды ўключана i так званая школа «Аналаў», да якой так часта звяртаюцца аўтары), палiтычная (дыпламатычная) гiсторыя, псiхалагiчныя даследаваннi гiсторыi, iнтэлектуальная гiсторыя.
[5] Пры гэтым яны зусiм не звярнулi ўвагу на метадалагiчныя праблемы, якiя ўзнiкаюць у гэтай сувязi. Бо, як заўважыў яшчэ М.Вэбэр, у аснове дзялення на «спецыяльныя вобласцi» ляжыць не толькi рознiца ў «прадметах даследавання», не фактычныя сувязi рэчаў, а разумовыя сувязi праблемаў i тыя метады, якiя выкарыстоўваюцца пры iх вырашэннi (Гл.: THESIS. 1993.Т.1.Вып. 1.С.163-164).
[6] Тлумачэнне, што «технологический подход.. основывается на том или ином уровне технического производства», што «его концепция «пост-индустриального общества» противопоставлялась учению о смене общественно-экономических формаций путем социального прогресса» (С.24) не дае ўяўлення, якое дачыненне ўсё гэта мае да метадалогii гiсторыi.
[7] Найбольш дакладную сiстэматызацыю гэтых канцэпцый, як нам здаецца, прапанаваў расiйскi даследчык П.Грэчка. Ен вылучыў цыклiчныя (Арыстоцель, Вiко, М Данiлеўскi, О. Шпэнглер, А.Тойнбi, Л.Гумiлёў i iнш.) i лiнеарныя (А.Конт, Г.Спэнсэр, Ф.Фукуяма) канцэпцыi, якiя засноўваюцца на ўяўленнях аб спiралепадобнасцi грамадскага развiцця (Гегель, Маркс), каварыянтныя мадэлi сусветнай гiсторыi (тэорыя восевага часу i т.п.) i постмадэрнiсцкiя, альтэрнатыўна-рызомныя iнтэрпрэтацыi гiстарычнага працэсу (М.Фуко, Ж.Дэлез, Ф.Гватары) (Гл.: Гречко П. Концептуальные модели истории. Москва, 1995).
[8] Пэнто М., Гравитц М. Методы социальных наук. Москва, 1972.С.220.
[9] Цытата з кнiгi У.Рэньера «History.Its purpose and method», выдадзенай у Лондане ў 1950 г.
[10] У гэтым кантэксце разам з апiсаннем розных формаў наратыву можна гаварыць i пра фрэймавае прадстаўленне вынiкаў рэканструкцыйнай дзейнасцi, i пра гiстарычную iнфарматыку, якiм адводзiцца так многа месца ў падручнiку — 24 старонкi. Выклiкае здзiўленне, што раздзел «Организация и представление исторического знания» (С.109- 122) прысвечаны толькi фрэймавай тэорыi. Праблема наратыву цi гiстарычнага апiсання не закранаецца ўвогуле. Апiсанню (наратыву) ў гiстарычнай навуцы прысвечаны шосты, апошнi параграф раздзела «Структура исторического исследования» — 3 старонкi. Праблема асвечана так павярхоўна, што цяжка нават неяк аналiзаваць прапанаваны тэкст.
[11] Лооне Э. Современная философия истории. Таллинн, 1980. С.159-167
[12] Тамсама. С.182.
[13] Здаецца, для аўтараў дапаможнiка гэта тое самае.
[14] «Для применения своего метода теоретик в качестве фундамента нуждается в некоторых общих предположениях, так называемых принципах, исходя из которых он может вывести следствия. Для их установления не существует метода, который можно было бы выучить и систематически применять для достижения целей. Исследователь должен, скорее, выведать у природы четко формулируемые общие черты совокупности множества экспериментально установленных фактов» (С.142).
[15] Тэрмiн «прынцып каштоўнаснага падыходу», на наш погляд, з’яўляецца пустым паняццем. Аўтары трактуюць яго то як «своеобразный способ познания», то як «оценочную деятельность историка», прыгадваюць бадэнскую школу нэакантыянцаў i трансцэндэнтныя вартасцi Г.Рыкерта, разважаюць пра аб’ектывiзм i суб’ектывiзм. Наогул, атаясамлiваюць аксiялогiю i ацэначныя меркаваннi.
[16] Як вядома, амаль ва ўсiх выданнях савецкага часу, прысвечаных тэорыi i метадалогii гiсторыi, пералiчвалiся наступныя прынцыпы гiстарычнага матэрыялiзму, якi лiчыўся тэорыяй i метадам гiстарычных даследаванняў: аб’ектыўнасць, гiстарызм i партыйнасць.
[17] Ritter H. Dictionary of Concepts in History. New York, 1986. P.303-307.
[18] Ibid. P.183.
[19] Трёльч Э. Историзм и его проблемы. Москва, 1994; К.Поппер. Нищета историцизма.// Вопросы философии.1992.8; Mandelbaum M. History, Man and Reason. Baltimore. 1971; Meinecke F. Historism: The Rise of a new Historical Outlook. London. 1972 (пераклад выдання 1936 г.) ; Iggers G. The German Conception of History. Middletown, 1968; White H. Historicism, History, and the Figurative Imagination//History and Theory.1975.Beih.14.
[20] «Объяснение дает синтезированное представление о познаваемой реальности, в нем раскрывается понимание познающим субъектом этой реальности, которое состоит в уяснении внутренней природы изучаемой реальности, причин и тенденций развития и т.д.» (Ковальченко И.Д. Методы исторического исследования. Москва, 1987.С.231).
[21] Ritter H. Dictionary of Concepts in History. P.146. Самы поўны аналiз тлумачэння ў гiсторыi гл.: Porter D. The Emergence of the Past: A Theory of Historical Explanation. Chicago. 1981.
[22] Topolski J. Methodology of History.P.558-583.
[23] Ritter H. Dictionary of Concepts in History. P.50-53,147-148, 328-329 i iнш.
[24] З гэтага пералiку аўтары чамусьцi выключылi тлумачэнне праз апiсанне (дэскрыптыўнае) i тлумачэнне праз вызначэнне (дэфiнiтыўнае).
[25] Topolski J. Methodology of History.P.536 ; Ракитов A. Историческое познание.С.267
[26] Кубрякова Е., Демьянков В., Панкрац Ю., Лузина Л. Краткий словарь когнитивных терминов.Москва,1996. С.45
[27] Дарэчы, аўтары самi сцвярджаюць, што катэгорыi, якiя яны пералiчваюць, «складывались в процессе исторического развития теоретической мысли и общественной практики» (С.123). Тым больш незразумела, чаму усiм гiсторыкам прапануюцца, напрыклад, арыстоцелеўскiя катэгорыi.
[28] Topolski J. Methodology of History.P.617-620.
[29] Гл., напрыклад, тлумачэнне паняцця «метадалогiя».

Наверх

Тэгі: ,