БІЛОУС, НАТАЛІЯ. Тестаменти киян середини XVI – першоï половини XVII століття. Киïв, Видавничий дім “Простір”, 2011. 200 с.: іл.
У наступным нумары (том 19, 2012)
Кніжная паліца ўкраінскай гістарыяграфіі папоўнілася цікавым выданнем супрацоўніцы Інстытута гісторыі НАН Украіны Наталлі Білаус. Аўтарка ўпершыню апублікавала 13 кірылічных тэкстаў тастаментаў жыхароў Кіева (1556–1639), якія адшукала ў архівасховішчах Украіны, Расіі і Беларусі (6 арыгіналаў — у РГАДА ў Маскве, 1 арыгінал — у інстытуце рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя Вярнадскага НАНУ, 3 выпісы з кіеўскіх магістрацкіх кніг — у ЦДГАУ ў Кіеве, 1 актыкацыю ў магістрацкай кнізе г. Магілёва — у НГАБ у Мінску, 2 копіі з манастырскіх архіваў — у інстытуце рукапісаў НБУВ).
Вядома, што тастаментаў жыхароў Кіева захавалася надзвычай мала. Прычына таму, апроч іншага, —пажары 1615, 1718, 1811 г., якія нішчылі культурную спадчыну горада. Такім чынам, увод у навуковы ўжытак 11 мяшчанскіх і 2 шляхецкіх тастаментаў — каштоўны ўнёсак даследчыцы не толькі ва ўкраінскую, але і ў еўрапейскую гістарыяграфію, бо тастамент як гістарычная крыніца захоўвае ў сабе багатую інфармацыю пра самога чалавека.
Акты апошняй волі людзей Сярэднявечча і ранняга Новага часу даўно зрабіліся прадметам плённых доследаў еўрапейскіх гісторыкаў генеалогіі, рэлігійнасці, ментальнасці, дэмаграфіі, мовазнаўства, сацыяльна-эканамічнай гісторыі і гісторыі права, а таксама гісторыі штодзённасці. Пры тым аўтарка адзначае, што ва Украіне бракуе навуковых прац, якія б на падставе аналізу тастаментаў як гістарычных крыніц раскрывалі духоўны свет, матэрыяльную культуру, сямейныя повязі і побыт менавіта жыхароў украінскіх гарадоў, за выключэннем, бадай што, месцічаў Львова, чый найбагацейшы архіў выдатна захаваўся.
Змест кнігі складаюць прадмова, тры раздзелы з падраздзеламі, пасляслоўе і дадаткі, у якіх змешчана табліца згаданых тастатараў і публікацыя 13 тастаментаў на мове арыгінала; слоўнік састарэлых слоў, геаграфічны і гісторыка-тапаграфічны ды асабовы паказальнікі, спіс скаротаў, пералік ілюстрацый, якіх у кнізе даволі шмат, і невялікая каляровая ўклейка, дзе, апроч іншага, змешчаны факсіміле двух тастаментаў 1636 і 1639 г.
У прадмове аўтарка згадвае, што штуршком да працы стаў выступ на семінары “Testamenty póżnośredniowieczne jako żródło historyczne”, арганізаваным прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта Уршуляй Аўгустыняк у 2009 г. Артыкул, падрыхтаваны на падставе выступу і надрукаваны ў польскім навуковым часопісе “Kwartalnik Historii Kultury Materialnej”(2010, nr 2), быў пакладзены ў аснову кнігі. Н. Білаус таксама называе тыя даследаванні і публікацыі тастаментаў жыхароў гарадоў Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай, якія ў апошнія дзесяцігоддзі з’явіліся ва Украіне, Польшчы, Літве і Беларусі. Асабліва адзначае аўтарка ролю польскіх даследчыкаў, якія, пачынаючы з ХІХ ст., стварылі багатую “тастаментарную” гістарыяграфію. Цяпер у Польшчы рыхтуецца корпуснае выданне ўсіх тастаментаў кракаўскіх мяшчан XVI ст., а ва Украіне — корпуснае выданне тастаментаў валынскай шляхты XVI ст. Знаёміць аўтарка і з працамі літоўскіх гісторыкаў. Асаблівую ўвагу выклікае згаданы ў кнізе зборнік дакументаў па гісторыі Вільні XVII ст., падрыхтаваны амерыканскім гісторыкам Дэвідам Фрыкам, дзе апублікаваны некалькі дзясяткаў тастаментаў гараджан. Менавіта польскія гісторыкі даследавалі тастаменты мяшчан беларускіх гарадоў — Браслава, Дзісны, Горадні і інш. Але беларускіх даследчыкаў, якія працуюць па гэтай тэматыцы, значна больш, чым названа ў прадмове.
Першы раздзел кнігі прысвечаны прававому і сацыяльнаму аспектам тастаментаў у гарадскім соцыуме Рэчы Паспалітай. У ім разглядаецца найперш тэрміналогія і парадак складання актаў апошняй волі. Гэтак, тлумачыцца ўжыванне ў кнізе лацінскага тэрміна “тестамент” (testamentum, ordinatio testamentalis, voluntas ultima) замест сучаснага тэрміна запавет, які ўзнік у ХІХ ст. Аўтарка згадвае таксама і тэрмін духоўніца, якім карысталіся жыхары Кіева і іншых гарадоў ВКЛ на працягу XVI ст. Аднак досвед нашай працы з дакументамі НГАБ у Мінску сведчыць на карысць пераважнага ўжывання ў гэты час тэрмінатестамент шляхтай і мяшчанамі Берасцейскага, Віцебскага, Менскага ваяводстваў, Слонімскага павета і горада Магілёва. Дестамент, тастамент, духоўніца ўжываліся даволі рэдка ў згаданых тастаментах гэтага перыяду. Аўтарка робіць кароткі экскурс у эвалюцыю тастамента, які з’явіўся задоўга да прыняцця хрысціянства і быў вядомы ў рымскім праве яшчэ ў V ст. да н. э. выключна як прыватнаправавы дакумент. Сутнасныя змены зазнаў з распаўсюдам хрысціянства і да канца XVIII ст. лічыўся не толькі прыватнаправавым, але і духоўным актам.
Тастаменты складаліся па правілах, вызначаных у прававых зборніках заканадаўчага характару ў гарадах, якія карысталіся магдэбургскім правам. Магдэбургскае права агаворвала розныя выпадкі, звязаныя са складаннем, засведчаннем, прызнаннем, распараджэннем, парушэннем, аспрэчваннем, захаваннем тастаментаў. Аўтарка адзначае і выпадкі адыходжання ад нормаў магдэбургскага права ў гарадской практыцы Рэчы Паспалітай.
Асноўныя элементы фармуляра тастамента, вытокі якога бяруць пачатак з сярэднявечнага еўрапейскага і рускага дакумента, таксама прыводзяцца ў першым раздзеле. А на прыкладзе апублікаванага ў кнізе тастамента зямянкі Духны Дублянськай аўтарка паказвае адпаведнасць ягонага фармуляра рускай дыпламатычнай традыцыі.
У другім падраздзеле першага раздзела гаворка ідзе пра аўтараў і складальнікаў тастаментаў. Разглядаючы тастамент як масавую канцылярскую прадукцыю, складзеную паводле строгага шаблону, які і надаваў ёй статус юрыдычнага дакумента, аўтарка відавочна згодная з меркаваннем літоўскіх калег, што хоць стэрэатыпізацыя гэтага акта і абмяжоўвала магчымасці глыбокіх рэфлексій тастатара, аднак не магла цалкам заглушыць ягоны індывідуалізм. Прыкладам таму апублікаваны ў кнізе тастамент Ігнація Маліковіча (1572), насычаны эмацыйнай рыторыкай.
Аўтарка падае цікавы разгляд фрагмента дзейнасці канцылярыі магілёўскага магістрата, у якой існаваў гатовы фармуляр (базавая форма тастамента), куды ўпісвалася толькі дыспазіцыя тастатара. Асаблівасць магілёўскіх тастаментаў пачатку XVII ст. – адсутнасць у іх інвакацыі і пашыранай арэнгі, а на думку польскай даследчыцы Віялеты Зялецкай, магілёўскія тастаменты ўяўляюць сабой паказанне ўраднікамі пра свой візіт да паміраючага з мэтай выслухоўвання ягонай апошняй волі. Наяўнасць такога базавага фармуляра была характэрна для канцылярый розных судоў. Кнігі магілёўскага магістрата зрабіліся аб’ектам разгляду аўтаркі, бо менавіта ў іх у 1616 г. быў запісаны тастамент кіеўскага купца Андрэя Трыгубовіча, забітага ў Магілёве.
Трэці падраздзел кнігі мае характар збольшага багаслоўскі, ці філасофскі, бо гаворка тут ідзе пра смерць, якая была і застаецца найвялікшай таямніцай. Стаўленне да яе змянялася на працягу розных эпох ад “захаплення” да табу. Людзі вынаходзілі розныя спосабы “зжыцца” з думкай пра непазбежнасць сыходу. У кожнай эпохі быў свой “стыль памірання”, што суправаджаўся сістэмай прынятых рытуалаў і жэстаў. Стаўленне тагачасных людзей праваслаўнага веравызнання да смерці знайшло яскравае адлюстраванне ў іканаграфіі, прынамсі ў сцэнах Страшнага суда (ХІІ–XV ст.), вытлумачэнню чаго прысвечана значнае месца ў раздзеле. Гэтаксама, як і характарыстыцы твораў сярэднявечнай заходнееўрапейскай і ўсходнеславянскай літаратуры, героем у якіх выступае Смерць. Менавіта радкі ўкраінскага паэта-бадзягі XVІІ ст. Кліменція Зіноўева з твора “Пра смерць” Наталля Білаус паставіла эпіграфам да сваёй кнігі:
О смерте, смерте, чому ти так єстесь страшна —
не тілько ти, леч твоя і пам’ять ужасна?
Кгдиж богатих і вбогих нікгди не минаєш,
але равно з душами всяких розлучаєш,
Яко то розмаїтих панов благородних,
так славних и преславных і великородних
На високих гонорах породи шляхетної
і величайших властей фамилії славетної…
Тастамент якраз быў адным са спосабаў злучэння зямнога і тагасветнага існавання.
Другі раздзел прысвечаны тастатарам, членам іх сем’яў, сваякам ды іншым асобам. Тут аўтарка здзейсніла мару складальнікаў зборніка “Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст. па матэрыялах актавых кніг НГАБ”, якія першапачаткова планавалі суправаджаць публікацыю 116 тастаментаў звесткамі пра тастатараў, пра выкананне ўмоваў тастамента, лёс нашчадкаў і г. д., дзякуючы наяўнасці шматлікіх актавых кніг, дзе сустракаецца падобная інфармацыя.
Такім чынам, 13 аўтараў тастаментаў, разгледжаных у кнізе Наталлі Білаус, былі былі свецкімі людзьмі праваслаўнага веравызнання, 11 з іх – мяшчане, двое шляхцічаў (адзін — выхадзец з мяшчан); 8 тастаментаў належалі мужчынам, 5 — жанчынам (тры з іх сталага ўзросту). Зямянкі, мяшчанкі, войт, купцы, райца, былы бурмістр, земскі ўраднік, ахрышчаны татарын-купец — людзі розных сацыяльных груп і ўзростаў, рознага дастатку.
У трэцім раздзеле кнігі падрабязна разбіраецца структура і змест тастаментаў, даецца дыпламатычны аналіз дакумента. Характарызуюцца ягоная трохчасткавая структура, якая складаецца з пачатковага пратакола, дыспазіцыі, заключнага пратакола. Аўтарка падае прыклады invocatio (зварот да Бога) іintitulatio (інфармацыя пра асобу тастатара), arengі (развагі над сэнсам быцця), звяртаючы ўвагу на тое, што пераважная большасць мяшчанскіх тастаментаў не мае пашыранай рэлігійнай часткі, характэрнай для шляхецкіх тастаментаў гэтага перыяду.
Галоўнай часткай акта апошняй волі была дыспазіцыя, або распараджэнне, якое тастатар пакідаў нашчадкам і якое тычылася найперш душы і цела, а пасля рухомай і нерухомай маёмасці. Менавіта ў гэтым раздзеле акта сустракаецца багатая інфармацыя пра кіеўскія святыні, на якія ахвяраваліся грошы і каля якіх былі пахаваныя целы нябожчыкаў, пра элементы пахавальнай працэсіі. Найбольш прагматычная і важная частка тычылася маёмасных распараджэнняў. Аўтарка адзначае складанасць вызначэння іерархіі каштоўнасці рэчаў для тагачасных людзей, бо запісаны яны былі найчасцей непаслядоўна і хаатычна, што было характэрна таксама і для тастаментаў з іншых рэгіёнаў. Найперш пералічвалася нерухомасць, якая на прыкладзе тастаментаў кіеўскіх мяшчанаў дае багатую інфармацыю для вывучэння матэрыяльнай культуры мяшчанства. Яшчэ больш разнастайны матэрыял утрымліваецца ў пераліках рухомасці, якой адведзены асобны падраздзел пад назвай “Свет рэчаў і прадметаў”. Тканіны, вопратка, посуд, зброя, упрыгажэнні, кнігі, хатні інвентар — сапраўды цэлы рухомы свет, які атачаў чалавека пры жыцці і праз які захоўвалася памяць пра чалавека пасля ягонай смерці. Цікавая згадка пра колеры, ужыванне якіх было характэрна для гэтага перыяду, што дае падставу для параўнальнага аналізу сабранага матэрыялу па гэтай тэме з іншымі рэгіёнамі, напэўна ж, каштоўнага для культуролагаў і мастацтвазнаўцаў.
Апошняя частка тастамента – заключны пратакол, які складаўся з sanctio(пагрозы для парушальнікаў апошняй волі) – яна прысутнічала ў 11 разгледжаных тастаментах, што, праўда, не замінала яе парушаць даволі часта, і corroboratio(пацвярджэнне волі тастатара і прысутнасць сведак). Колькасць сведак і экзэкутараў (распараджальнікаў) была неаднолькавай у розных асобаў і ў розныя часы, што таксама аналізуецца аўтарам кнігі. Апошняя частка заключнага пратакола – datum (дата і месца складання тастамента), пасля чаго ставілася асабістая пячатка тастатара і адбіткі сыгнетаў і подпісаў сведак. Улічваючы, што большасць разгледжаных дакументаў аформлены падпіскамі кіеўскай канцылярыі і з’яўляюцца арыгіналамі (!), аўтарка мела ўнікальную магчымасць даследаваць аўтэнтычныя артэфакты каштоўных дакументаў.
У невялікім пасляслоўі адзначаецца каштоўнасць знаходкі 13 кіеўскіх мяшчанскіх тастаментаў канца XVI – пачатку XVII ст. з гледзішча незваротнай страты кіеўскіх актавых кніг гэтага перыяду, бо гэтыя дакументы з’яўляюцца важнымі крыніцамі для вывучэння жыцця мяшчан Наддняпроўя — тэрыторыі культурнага пагранічча, а таксама акцэнтуецца ўвага на анталагічным значэнні тастамента як з’явы, бо гэты акт сапраўды спалучаў два розныя светы — афармляўся пры жыцці чалавека, а выконваўся ўжо пасля ягонай смерці.
Нягледзячы на адносна невялікую колькасць кіеўскіх тастаментаў, аўтарка робіць параўнальны аналіз з тастаментамі валынскіх мяшчан, якіх захавалася нашмат больш, і прыходзіць да высновы пра архаічны характар кіеўскага фармуляра, разумеючы, аднак, папярэдні характар праведзенага аналізу ў сувязі з адсутнасцю іншых кіеўскіх дакументаў.
У пасляслоў’і агаворваюцца правілы і прынцыпы перадачы тэкстаў дакументаў, якія публікуюцца ў кнізе на мове арыгінала (стараўкраінскай) з ужываннем літар тагачаснага кірылічнага алфавіта. (Іншая справа, што вучоныя ў Беларусі з поўным правам называюць гэтую мову старабеларускай.) Археаграфічная апрацоўка дакументаў зроблена паводле правілаў і метадычных рэкамендацый па перадачы тэкстаў, якія ўкраінскія калегі распрацоўвалі ў 1961, 1990, 1995 г. Разумеючы адрознасць археаграфічных практык, якія існуюць не толькі ў розных краінах, але і ў розных інстытуцыях адной краіны, надзвычай цікава і карысна было пазнаёміцца з вопытам у гэтай сферы таленавітай кіеўскай калегі.
Выданне ілюстравана выявамі як фрагментаў дакументаў з подпісамі і пячаткамі, кіеўскіх святынь і друкаваных рэлігійных выданняў, так і твораў сусветнага мастацтва на тэмы Страшнага суда — Джота, Дзюрэра, Ганса Себальда Бехама, што, безумоўна, падкрэслівае агульнаеўрапейскае культурнае і гістарычнае значэнне дадзенай тэмы і з’явы. Вельмі цікавыя выява тагачаснага аўтарскага малюнка пахавальнай працэсіі з метрычнай кнігі сярэдзіны XVII ст. з царквы Перамянення Гасподняга ў м. Прылукі і шмуцтытул метрычнай кнігі царквы Успення Багародзіцы с. Трылессе Васількаўскага павета Кіеўскага ваяводства.
Кожнае новае з’яўленне публікацый такой важнай і цікавай гістарычнай крыніцы, як тастамент, асэнсаванне яе формы і зместу, пошук і знаходка новых дакументаў — гэта каштоўны ўнёсак у вывучэнне самых розных аспектаў існавання Чалавека.
Мінск
Вольга Бабкова