КЛІМАЎ, ІГАР П. Старажытная беларуская літаратура XI–XVI стст.: эпохі і постаці: вучэб. дапаможнік. Мінск: БДУКМ, 2010. 214 с.
У наступным нумары (том 19, 2012)
Ва ўступе да выдання аўтар адзначае, што спецыфіка курса старажытнай беларускай літаратуры абумоўлена наяўнасцю шэрагу праблем, якія так ці інакш закранаюць межы і аб’ём самога курса (5). У першую чаргу, гэта геаграфічная і моўная праблемы: літаратуру з якіх тэрыторый (сучаснай Беларусі ці этнічных беларускіх земляў) і напісаную на якой мове адносіць да беларускай? Адказы на гэтыя пытанні фактычна і прадвызначылі змест дапаможніка.
У дачыненні да эпохі ранняга Сярэднявечча, калі старажытная беларуская літаратура яшчэ не была размежаваная з іншымі ўсходнеславянскімі літаратурамі, у кнізе разглядаецца толькі пісьменства з этнічна беларускіх земляў. Шырокавядомыя ў Старажытнай Русі помнікі, створаныя па-за тэрыторыяй этнічнай Беларусі, падаюцца аглядна. Літаратура позняга Сярэднявечча і Рэнесансу разглядаецца ў полілінгвістычным аспекце, калі да старабеларускіх помнікаў залічваюцца творы не толькі на старабеларускай, але і на польскай, а таксама лацінскай мовах. Як і адзначана ў назве выдання, асноўны акцэнт робіцца на агульнай характарыстыцы асаблівасцяў развіцця старажытнай беларускай літаратуры ў пэўную эпоху, а таксама даецца агляд творчасці найбольш значных постацяў беларускай літаратуры.
Кніга складаецца з уступу, трох раздзелаў (з шэрагам падраздзелаў у іх), заключэння і бібліяграфічнага спіса. У канцы кожнага падраздзела прыводзяцца тэматычныя пытанні і заданні, а таксама спіс літаратуры па пададзенай вышэй тэме. Бібліяграфічны спіс у канцы кнігі ўключае ў сябе пералік акадэмічных выданняў і дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры, даведачныя і аглядныя выданні, а таксама хрэстаматыі.
Першы раздзел “Літаратура ранняга Сярэднявечча” прысвечаны агляду літаратуры Старажытнай Русі (Кіеўскай Русі X–XI ст., а таксама асобных княстваў, якія ў XII–XIV ст. узніклі на яе падмурку). Спачатку аўтар дае агульную характарыстыку культурнага і літаратурнага працэсаў гэтага перыяду. Звяртаецца ўвага на такія асаблівасці сярэднявечнай літаратуры, як яе рукапісны характар, моўная спецыфіка, ананімнасць, кампіляцыйнасць, тэксталагічная няўстойлівасць. Тлумачацца, а не проста называюцца такія значныя для разумення старажытнай літаратуры паняцці, як сінкрэтызм, традыцыяналізм, гістарызм, этыкетныя формулы, экзэгеза. Слушна, што ў падачы матэрыялу аўтар пайшоў дэдуктыўным метадам: спачатку даецца агульная характарыстыка сярэднявечнай культуры і літаратуры, пазней агульная характарыстыка старажытнарускай літаратуры, потым аўтар больш падрабязна спыняецца на канкрэтных творах і персаналіях.
Беларускім літаратурным помнікам Старажытнай Русі (“Жыціе Ефрасінні Полацкай”, “Жыціе Аўрама Смаленскага”, творы св. Кірыла Тураўскага, “Слова” Клімента Смаляціча, “Наказ” св. Сімяона) прысвечаны асобны падраздзел. Звяртае на сябе ўвагу прадуманасць у падачы матэрыялу. Так, напрыклад, перад аналізам жыція Ефрасінні Полацкай аўтар падае агульныя звесткі пра спецыфіку жыція як жанру, перад разглядам твораў св. Кірыла Тураўскага аналізуюцца асаблівасці жанру казанняў. Такая структураваная падача дапамагае чытачу не разгубіцца ў вялікай колькасці складанага тэарэтычнага і факталагічнага матэрыялу і адначасова засяродзіцца на ключавых асаблівасцях старажытнай літаратуры.
Заслугоўвае ўвагі і аўтарская класіфікацыя, якую І. Клімаў выкарыстоўвае ў дачыненні да старажытных твораў. Тэксты сярэднявечнай літаратуры ён падзяляе на канфесійныя (сярод якіх вылучаецца літургічная, кананічная, тэалагічная, палемічная, апакрыфічная і тэарэтычная літаратура, літаратура, звязаная з царкоўным і манастырскім дыскурсам), а таксама паўканфесійную (куды ўваходзяць т. зв. гістарычная, “светапоглядная”, апавядальна-забаўляльная і бытавая літаратура). Апошні тэрмін падаецца нязвыклым, паколькі часцей, як адзначае і сам аўтар, у дачыненні да “паўканфесійнай” літаратуры выкарыстоўваецца агульнапрыняты тэрмін “перакладная” літаратура, а ў савецкія часы ўжывалася азначэнне “свецкая”. Увядзенне новага тэрміна аўтар тлумачыць недакладнасцю азначэнняў “перакладная” і “свецкая”, паколькі ў т. зв. “перакладной” літаратуры сустракаецца нямала арыгінальных твораў, а перакладны характар мела і канфесійная літаратура (38).
Аналіз старажытнай літаратуры прадугледжвае працу з богаслужбовай тэрміналогіяй, пры гэтым з прычыны неўсталяванасці яе беларускамоўнага варыянта даследчыку нярэдка даводзіцца самому выбіраць той ці іншы тэрмін. У гэтым плане цікавай з’явай падаюцца закадыфікаваныя І. Клімавым тэрміны “дабрадаць” (52), “праказваць” (34), “Усятрымца” (53), а таксама выкарыстанне збеларушаных формаў імёнаў святых — Антон, Іван і Астап (замест Антонія, Іаана і Яўстафія) (95).
У другім раздзеле “Літаратура позняга Сярэднявечча” акрэсліваюцца перадумовы ўзнікнення ўласна беларускага пісьменства, створанага на старабеларускай мове. Асобная ўвага аддаецца агляду беларуска-літоўскага летапісання, яго адрознасці ад летапісання Старажытнай Русі. Разглядаецца таксама і царкоўнаславянскае пісьменства Беларусі XIV —пачатку XV ст.: хаджэнні, агіяграфія, творы мітрапаліта Рыгора Цамблака. Паколькі перыяд позняга Сярэднявечча ў беларускай літаратуры прадстаўлены невялікай колькасцю помнікаў, лагічна, што другі раздзел найменшы па аб’ёме (17 старонак).
Трэці раздзел “Літаратура Рэнесансу і Рэфармацыі” знаёміць чытача з вялікай колькасцю твораў і персаналій, частка з якіх яшчэ нядаўна не залічвалася да нашай літаратурнай спадчыны. Пачынаючы з 70–80-х г. мінулага стагоддзя адбыўся паступовы перагляд састарэлых канцэпцый у вывучэнні старажытнай беларускай літаратуры, згодна з якімі беларускімі лічыліся помнікі, створаныя выключна на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. Дзякуючы намаганням У. Калесніка, В. Дарашкевіча, Я. Парэцкага, а таксама іх маладзейшых калег С. Кавалёва, Ж. Некрашэвіч-Кароткай, А. Бразгунова, Г. Карповіч і іншых гісторыя беларускай літаратуры прыняла якасна новы выгляд. Побач з імёнамі ўсім вядомых Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага з’явілася цэлая плеяда імёнаў таленавітых творцаў, чыя дзейнасць мае самае непасрэднае дачыненне да культуры і літаратуры нашай краіны. Ян Вісліцкі, Ян Радван, Цыпрыян Базілік, Пётр Раізій, Мацей Стрыйкоўскі, Ян Мыліўс, Францішак Градоўскі, Базыль Гіяцынт, Гальяш Пельгрымоўскі, Ян Пратасовіч – творчасць гэтых і іншых аўтараў аналізуецца на старонках трэцяга раздзела. Трэба сказаць, што ў І. Клімава атрымалася не толькі намаляваць агульную карціну літаратурнага жыцця ВКЛ у эпоху Адраджэння, але і паказаць спецыфіку Рэнесансу на нашых землях. Аналіз новалацінскай і польскамоўнай беларускай літаратуры, творчасці Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага не ператварыўся ў пераказ асноўных біяграфічных звестак і пералік творчых дасягненняў асобных дзеячаў. Наадварот, адчуваецца, што даследчык найперш імкнецца праілюстраваць і патлумачыць найважнейшыя змены, якія адбыліся на стылістычным, зместава-тэматычным, вобразным узроўнях беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу. Звяртаецца ўвага на т. зв. рэнесансавы стыль, рытарызм твораў гэтага перыяду. Раскрываюцца паняцці генеталікона, эпіталамы, трэна, эпітафіі, элегіі, эпіграмы, вершаванай дэдыкацыі – жанраў, якімі значна ўзбагацілася беларуская літаратура ў XVI ст.
Імпануе ўменне аўтара пазбягаць тэндэнцыйнасці і аднабаковасці ў асвятленні спрэчных пытанняў. Без сумненняў, кніга, разлічаная ў першую чаргу на студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, павінна развіваць уменні аналізаваць і рабіць уласныя абгрунтаваныя высновы, а не толькі бяздумна ісці ўслед за аўтарытэтам. Так, напрыклад, закранаючы праблему арыгінальнасці “Слова пра паход Ігаравы”, І. Клімаў робіць акцэнт на асаблівасцях паэтыкі твора, яго ідэйным змесце, якія не зусім адпавядаюць літаратурнаму і дзяржаўна-палітычнаму кантэксту эпохі. Прывёўшы шэраг аргументаў на карысць і супраць сапраўднасці твора, аўтар фармулюе выснову даволі карэктна: “З’яўленне такога твора, як “Слова”, хаця і мажлівае, аднак не зусім упісваецца ў ідэалогію і ўмовы грамадства Старажытнай Русі таго часу” (72), — права ж вырашаць, якога погляду прытрымлівацца, застаецца за чытачом.
Што да заўваг, то пры аналізе некаторых выданняў XVI ст. (“Песня Мікалая Гусоўскага пра выгляд і лютасць ды паляванне на зубра”, выданні Францыска Скарыны і інш.) шаноўнаму даследчыку варта было б не абмяжоўвацца пералікам змешчаных у гэтых кнігах прысвячэнняў, прадмоў, пасляслоўяў, эпіграм, а разглядаць іх як складнікі прадмоўна-пасляслоўнага комплексу. Такі падыход даў бы магчымасць паказаць, што кніжная архітэктоніка беларускіх выданняў XVI ст. цалкам адпавядала еўрапейскаму выдавецкаму этыкету, а наяўныя ў іх складзе эпіграмы, оды-прысвячэнні, прадмовы і пасляслоўі — невыпадковыя элементы.
Не зусім зразумелым таксама падаецца выкарыстанне формы Мацэй Стрыйкоўскі замест больш звыклага Мацей. Але тут ужо справа аўтарскага густу, тым больш што ў дужках прыводзяцца таксама варыянты Мацей, Мацвей (167).
У цэлым знаёмства з выданнем І. Клімава пакідае вельмі станоўчае ўражанне, галоўным чынам таму, што змест кнігі цалкам адпавядае тыпу выдання — навучальны дапаможнік, адрасаваны студэнтам, навуковым супрацоўнікам, аматарам старабеларускай літаратуры. У аўтара атрымалася не толькі апрацаваць і ўпарадкаваць вялікую колькасць тэарэтычнага матэрыялу, але і падаць яго ў даступнай, лёгкай для ўспрымання форме. Спосаб арганізацыі матэрыялу сведчыць пра тое, што аўтар, працуючы над кнігай, выразна ўсведамляў, на патрэбы якой аўдыторыі і з якой мэтай ствараецца выданне. Атрымаўся менавіта навучальны дапаможнік, а не сухі інфармацыйна насычаны кампендыум або кніга аўтарскіх эсэ-разважанняў. Выданне дае магчымасць чытачу не проста пазнаёміцца з шэрагам выбітных постацяў і іх твораў, асаблівасцямі пэўнай літаратурнай эпохі, але, што самае важнае, паказвае сутнасць і спецыфіку старажытнабеларускага літаратурнага працэсу, малюе агульныя тэндэнцыі і заканамернасці развіцця гісторыі беларускай літаратуры.
Кніга будзе карыснай і для тых, каму трэба засвоіць курс старажытнай беларускай літаратуры, і для тых, хто хоча проста задаволіць сваю цікавасць, каб мець уяўленне пра станаўленне і развіццё старабеларускай літаратуры XI–XVI ст.
Мінск
Ганна Міхальчук