БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Гарадзенскі гадавік. № 1. 2012

У 20 томе БГА (2013)

Не будзе  перабольшаннем сказаць, што сёння адзін з асноўных навуковых гістарычных асяродкаў у Беларусі – гарадзенскі. У выніку актыўнасці гарадзенскай навуковай супольнасці з’явіўся на свет і працягвае існаванне цэлы шэраг паспяховых выдавецкіх праектаў. У 2012 г. іх стала больш яшчэ на адзін – выйшаў першы нумар гісторыка-культуралагічнага часопіса “Гарадзенскі гадавік”. Новае выданне рэпрэзентуе такі даследчыцкі напрамак, як гістарычная ўрбаністыка, які апошнім часам у Беларусі дастаткова актыўна развіваецца, а тэматычна нумар прысвечаны адной, але найбольш значнай у гісторыі Горадні плошчы – былому Рынку (сённяшняя Савецкая). Выданне ўкладзена храналагічна, дзякуючы чаму ёсць магчымасць прасачыць і параўнаць, які выгляд мела плошча ў розныя гістарычныя эпохі; напрыканцы змешчаны разнастайныя матэрыялы, у тым ліку па археалогіі плошчы, публікацыі крыніц, праект аднаўлення традыцыйнай планіроўкі і адна рэцэнзія.

Цікавасць уяўляе першы тэкст (аўтарства Ганны Паўлоўскай) – пра семіётыку плошчы; ён выконвае ролю свайго роду тэарэтычнай ініцыяцыі. Аўтарка разглядае варыянты знакавай нагрузкі, якую могуць несці галоўныя плошчы гарадоў (форум, касцельны пляц і рынак, цэнтр імперыі, музей і інш.). Напрыканцы ідзе разгляд у гэтым кантэксце апошніх зменаў у абліччы Савецкай плошчы ў Горадні. Папярэдні перыяд закранаецца як бы ўскосна, у кантэксце гэтых самых зменаў. Трэба думаць, гэта быў сярэднявечны еўрапейскі тып рынку, апісаны ў агульных рысах як адзін з варыянтаў. Аднак падаецца, усё ж варта было б спыніцца на ім больш канкрэтна, бо ў наступных артыкулах прастора “ранейшага” гарадзенскага Рынку даследуецца ў крыху іншым ракурсе. Аўтарка разглядае апошнія змены (вынікі праведзенай рэканструкцыі) у кантэксце “імперскай” мадэлі ўладкавання, галоўным чынам з-за павелічэння прасторы. Можна было б паспрабаваць таксама глянуць на гэта паводле разгледжанага на самым пачатку “змяшанага” варыянта – адмірання ў сучасным горадзе аўтаноміі цэласных раней сістэм (хоць сама аўтарка аспрэчвае падобнае меркаванне), калі рэлігійна і ідэалагічна вытрыманыя мадэлі разбураюцца такімі рысамі спажывецкага грамадства, як функцыянальнасць, практычнасць і г. д. У беларускім кантэксце, дзе разуменне, засвоенасць і прызнанне каштоўнасці папярэдніх культурных традыцый па-ранейшаму мінімальныя, гэта вельмі пашыраны варыянт, і прыкладаў таму дастаткова. У цэлым агляд атрымаўся добра структураваным, і артыкул выклікае жаданне прымяніць прапанаваную класіфікацыю да галоўных плошчаў іншых беларускіх гарадоў, у першую чаргу сталіцы. Так, на плошчы Незалежнасці тады мы маглі б пабачыць выцясненне “імперскага” тыпу “змяшаным”, на плошчы Свабоды – выразную музеефікацыю, на Кастрычніцкай – замацаванне “імперскай” мадэлі.

У артыкуле Юрыя Гардзеева “Прастора гарадзенскага рынку і соцыум у XVI–XVIII ст.” галоўная плошча горада разглядаецца як месца канцэнтрацыі грамадска значных устаноў і ў выніку гэтага – сустрэчы і кантактаў розных сацыяльных груп і слаёў. Аўтар звязвае яе афармленне з XV ст., калі адбывалася пашырэнне гарадской забудовы ў паўночным і ўсходнім напрамках, апошні этап адносіць да атрымання горадам магдэбургскага права ў 1496 г., але ўвогуле генезіс новага гарадскога цэнтра да гэтай падзеі дакладна пакуль не прасочваецца. Сапраўды, размяшчэнне Рынку ў пэўным сэнсе на ўскраіне сярэднявечнага горада пакідае пытанні. Пры апісанні функцыянальнага характару прасторавай арганізацыі плошчы звяртае на сябе ўвагу месца ў ёй могілак. Паводле аўтара, акрамя выканання традыцыйных функцый, могілкі былі “месцам грамадскіх сходаў ці шпацыраў. На тэрыторыі могілак будаваліся жылыя дамы ды крамы. Паводле крыніц XVIII ст., на цвінтарных пляцах стаяў парафіяльны шпіталь з садам” (19). Размова ідзе, зразумела, пра цвінтар як прыкасцельную тэрыторыю, якая і несла сацыяльную нагрузку, хоць вядома, што ў тую эпоху ў дачыненні да гарадской тэрыторыі не было яшчэ такога падзелу на цвінтар і могілкі, як сёння. Падаецца толькі, замест выразаў накшталт “у Рынку, побач з касцёлам” (пра могілкі і іншыя аб’екты) варта ўжываць больш адпаведныя сучаснай беларускай мове “на Рынку” (пра будынкі) ці “каля Рынку”, каб пазбегнуць недакладнага разумення. Цікава таксама прасачыць разам з аўтарам змены ў структуры зямельнай уласнасці на галоўнай плошчы горада на працягу XVI–XVIII ст. і паступовае выцясненне мяшчанства магнатамі і шляхтай.

Наступны матэрыял – перакладзены з польскай мовы артыкул Пятра Яцака Ямскага “Палацы прэтэндэнта на каралеўскі трон. Мастацкая падрыхтоўка Казіміра Яна Сапегі да гарадзенскага сойма 1693 г.” – пакідае супярэчлівае ўражанне. У артыкуле, які дзеліцца на некалькі частак, распавядаецца пра пабудову і далейшы лёс сапегаўскіх палацаў у Горадні, пры гэтым уводзяцца новыя, дастаткова інфарматыўныя крыніцы па тэме. Вызначэнне часу пабудовы сапегаўскіх палацаў, у тым ліку аднясенне на значна больш ранні час (канец XVII ст.) узвядзення другога з іх, які знаходзіўся на вуліцы Азёрскай і ўваходзіў у адзіны палацавы комплекс з палацам на Рынку, заслугоўвае ўвагі як навуковае адкрыццё. Пры гэтым вызначаны імёны архітэктараў, дойлідаў і нават мастакоў, якія афармлялі інтэр’еры. Здзіўляе праяўленая аўтарам інтуіцыя, бо ўскосныя згадкі пра мастакоў у прыватнай перапісцы (толькі па імені або нават без імя), здавалася б, давалі мінімальныя шансы для паспяховага вызначэння асобы. Намаляваная панарама будаўніцтва усё ж не пазбаўлена пэўнай колькасці дапушчэнняў, паколькі ў аснове яе ляжыць выкарыстанне пераважна такога спецыфічнага віду крыніц, як карэспандэнцыя, у выніку часам складана зразумець, пра які з трох сапегаўскіх палацаў (акрамя двух мураваных, быў яшчэ драўляны), ці пра якія памяшканні, элементы канструкцыі ідзе размова. Пры чытанні раз-пораз узнікаюць пытанні адносна дакладнасці фактычнага боку матэрыяла. Невядома, што за каронны стольнік, сын Казіміра Яна Сапегі, не названы па імені, да вяселля якога рыхтаваліся ў 1687 г. (28). У вялікага гетмана быў сын Юрый (Ежы) Станіслаў, у гэты час стольнік ВКЛ (не каронны), аднак ён ужо два гады як быў жанаты з Ізабэлай з Палубінскіх[1]. Каронным жа стольнікам быў Стэфан Мікалай Браніцкі (між іншым, зяць Казіміра Яна Сапегі акурат з гэтага года[2]). Выкарыстанне дзеля параўнання колькасці гасцей, якія маглі прыбыць у Горадню на сойм 1693 г., вельмі ўмоўных звестак з сойма 1697 г. (100 тыс. чалавек) выглядае некарэктна (30) – у апошнім выпадку шляхта з’ехалася на элекцыю новага караля. Тут жа прысутнічае спрэчнае сцверджанне, што “запрашэнне” магнатам сваіх прыхільнікаў на сойм магло забяспечыць яму “перавагу галасоў падчас пасяджэнняў” (тамсама). Відавочна, аўтар не ўлічвае, што ўдзельнікаў сойма не мог запрасіць любы ахвотны. На с. 43 згадваецца сапегаўскі прыхільнік Багуміл Слушка – асоба, па гістарычных крыніцах невядомая. Увогуле, ліслівыя тосты за здароўе “караля Казіміра IV” (маючы на ўвазе Казіміра Яна Сапегу) падымаў полацкі ваявода Дамінік Міхал Слушка[3]. Цікавасць уяўляе эпізод з прыбіваннем герба Сапегаў да чужых палацаў і камяніц у 1692 г., на жаль, не зусім слушна інтэрпрэтаваны (с. 30, параўн. ліст на с. 47). Масальскі, на чый палац прыбілі герб, і мазырскі стараста – дзве розныя асобы. Меліся на ўвазе гарадзенскі харужыч Ян Антоній Масальскі і яго айчым, мазырскі стараста Казімір Караль Халецкі[4]. Пад “выхадам з апекі” трэба разумець не спробу выбіцца з пратэкцыі, а дасягненне Масальскім паўналецця, калі ён сам мог распараджацца сваёй маёмасцю, што Сапега відавочна праігнараваў, самавольна займаючы яго палац на час сойма. Таму абурэнне Масальскага, падтрыманага айчымам, можна зразумець. Не выключана, што гэта самаўпраўства паклала пачатак непаразуменням, якія прывялі ў выніку да фармавання апазіцыі Сапегам у Гарадзенскім павеце на чале з Янам Антоніем Масальскім. Апошні раздзел “Рэзідэнцыя прэтэндэнта на каралеўскі трон”, як падаецца, закліканы паказаць каралеўскія амбіцыі Казіміра Яна Сапегі, аднак большасць прыведзеных у падмацаванне гэтай думкі цытат з крыніц і літаратуры сведчаць, хутчэй, пра гегемонію Сапегаў у ВКЛ, а то і проста пра ўплывы і магутнасць роду. Казімір Ян Сапега не быў кандыдатам на каралеўскі трон у 1697 г., а ВКЛ не збіралася “гарлапаніць ва ўнісон” яму ў падтрымку (44), наадварот, на элекцыйным сойме шляхта дамаглася абмежавання яго паўнамоцтваў. Размовы пра яго магчымаекандыдацтва, якія мелі месца пасля смерці ў 1696 г. Яна ІІІ, не прывялі да выстаўлення вялікім гетманам сваёй кандыдатуры. Увогуле, спіс кандыдатаў, цытаваны аўтарам, збольшага памылковы – у соймавых дыярыушах і прапановах саміх кандыдатаў фігуруюць іншыя імёны. Артыкул напісаны месцамі двухсэнсоўнай паўмастацкай мовай, да таго ж не надта добра перакладзены, у выніку складана ўспрымаецца. Нумарацыя ілюстрацый “выпала”, і часам цяжка зразумець, на якую з іх ідзе спасылка. Усе разважанні падводзяць чытача да высновы, што Казімір Ян Сапега збіраўся стаць каралём і загадзя будаваў сабе каралеўскі палац на ўзор варшаўскага (з трыма вежачкамі на даху), а пабудаваны побач другі палац ад пачатку меўся выконваць ролю сенатарскай палаты. Выснова смелая, але, зноў жа, пабудаваная на шэрагу дапушчэнняў. Зыходзячы з таго, што палац на Азёрскай будаваўся ў 1687 г., тады ж згадваецца і пра рамонт зоркі, якая звалілася з вежы вялікага палаца, г. зн. палаца на Рынку (28), можна зрабіць выснову, што апошні ў такім выглядзе быў пабудаваны яшчэ раней. І, адпаведна, яшчэ раней Сапегі ўзяліся дэманстраваць такім чынам свае каралеўскія амбіцыі? За гіпатэтычным падабенствам з каралеўскім палацам (калі апошні браўся за ўзор, што далёка не факт) маглі стаяць прэстыжныя матывы, не абавязкова палітычныя планы. Аўтар прызнае, што патрэбны дадатковыя сведчанні пра знешні выгляд палаца на Рынку. Акрамя таго, ім праводзяцца паралелі паміж палацам на Рынку і віленскімі палацамі Сапегаў і Слушкаў, якія мелі падобны выгляд, што выклікае чарговыя пытанні. Аўтары нядаўняй літоўскай манаграфіі пра палац Сапегаў на Антокалі таксама схільныя разглядаць яго ўзвядзенне (у комплексе з суседнім кляштарам трынітарыяў) у кантэксце планаў апанавання Казімірам Янам Сапегам трона Рэчы Паспалітай[5]. За адсутнасцю прамых сведчанняў пра прычыны будаўніцтва ўзнікае пытанне: ці не зашмат “каралеўскіх” палацаў і ці не замала каралёў? Не кажучы ўжо пра тое, што будаўніцтва сабе каралеўскіх палацаў загадзя было б па меншай меры безразважнасцю. Вядома, што ў другой палове панавання Аўгуста ІІ палац на Азёрскай у Горадні выкарыстоўваўся для паседжанняў сената. Але няма звестак, што гэта і было мэтай будаўніцтва. Сама наяўнасць вялікай прадстаўнічай залы ў магнацкім палацы, падаецца, яшчэ не дае падставаў для такога роду высноваў. Тэарэтычна, Сапегі маглі штосьці падобнае пралічваць у сувязі з соймавым статусам горада (безадносна сваіх магчымых каралеўскіх планаў). Аднак ніякіх звестак пра тое, як меўся выкарыстоўвацца палацавы комплекс да яго перабудовы ў XVIII ст. саксонскімі архітэктарамі, не прыводзіцца.

Наступныя два артыкулы, аўтарства Іны Соркінай і Таццяны Казак, прысвечаны гарадзенскаму Рынку ў другой палове XIX – пачатку XX ст. і ў 20–30-я гг. XX ст. адпаведна. Рынак у гэты час, забудаваны амаль цалкам мураванымі двух- і трохпавярховымі дамамі, набыў вельмі прадстаўнічы выгляд. Артыкулы, як і ў цэлым гадавік, багата ілюстраваны выявамі Рынкавай плошчы і вуліц, якія ад яе адыходзілі. Аўтаркі засяродзілі ўвагу на структуры зямельнай уласнасці галоўнай плошчы горада. Робіцца выснова, што галоўную ролю тут ужо выконвалі яўрэі, якім у той час належала абсалютная большасць рынкавых пляцаў. Паколькі папярэдні перыяд (першая палова XIX ст.) з прадуманай у цэлым структуры выдання “выпаў”, невядома, як і калі гэтыя змены адбыліся. Прадпрымальнасць гарадзенскіх яўрэяў вельмі наглядна відаць з дакументаў, якія адлюстроўваюць валоданне нерухомасцю ў раёне рынкавай плошчы. Так, у 1886 г. уладальнік былога радзівілаўскага палаца Лейзер Брэгман здолеў уціснуць у яго ажно 29 крам (55). Высвятляецца, гэта была яшчэ не мяжа: у 1923 г. іх ужо было 45, без уліку вялікай колькасці майстэрняў і іншых памяшканняў (70).

З артыкула Віктара Саяпіна “Гісторыя Савецкай плошчы. Праекты перапланіроўкі 40–80 гадоў XX ст.”, напісанага на падставе крыніц з Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, гарадзенцы могуць даведацца, што было зроблена і што яшчэ планавалася зрабіць з іх горадам у пасляваенны час, аж пакуль у 70-я гады не была нарэшце прызнана каштоўнасць гістарычнай забудовы. Мы тут не ставім на мэце даць поўны агляд усіх змешчаных у выданні матэрыялаў, але можна адназначна сцвердзіць, што спецыялісты па розных часах і тэматыцы абавязкова ў ім знойдуць нешта для сябе новае. А для многіх, і не толькі спецыялістаў, гісторыя Горадні стане сапраўдным адкрыццём.

У падрыхтоўцы выдання бралі  ўдзел шэраг гарадзенскіх гісторыкаў, асноўная заслуга сярод якіх належыць вядомаму спецыялісту па гісторыі горада Юрыю Гардзееву – навуковаму рэдактару гадавіка. Акрамя таго, гэта якраз той выпадак, калі варта адзначыць працу дызайнера Змітра Гупянца. Фармат in quarto і шыкоўнае афармленне з вензелямі на кожнай старонцы робяць “Гарадзенскі гадавік” не проста важнай навуковай падзеяй, але і выдатным падарункам для аматараў і знаўцаў Горадні. Зробленыя заўвагі носяць прыватны характар і не змяншаюць агульнага пазітыўнага ўражання ад нумара. Адзінае, што хацелася б пажадаць выдаўцам – скарыстацца паслугамі карэктара, што для такога саліднага выдання было б зусім не лішняе. Зыходзячы з канцэпцыі гэтага нумара, можна зрабіць выснову, што ў будучым варта спадзявацца працягу ўсебаковага паказу гісторыі і архітэктурнай спадчыны іншых знакавых мясцін аднаго з найбольш адметных беларускіх гарадоў.

Зміцер Віцько


[1] Rachuba A. Sapieha Jerzy Stanisław // PSB. T. XXXV/1. Z. 144. S. 21.
[2] Rachuba A. Sapieha Kazimierz Jan Paweł // PSB. T. XXXV/1. Z. 144. S. 47.
[3] Rachuba A. Słuszka Dominik Michał // PSB. T. XXXIX/1. Z 160. S. 140.
[4] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1695. S. 244–245; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: spisy. T. II. Województwo trockie / Pod red. A. Rachuby; oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P.P. Romaniuk, A. Haratym; przy współpr. A. Macuka i J. Aniszczanki. Warszawa, 2009. S. 242.
[5] Janonienė R., Purlys E. Sapiegų rūmai Antakalnyje. Vilnius, 2012. P. 229.

Тэгі: