БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

SHORE, MARCI. The Taste of Ashes. The Afterlife of Totalitarianism in Eastern Europe. New York: Crown Publishers, 2013. 370 p.

У 20 томе БГА (2013)

Кніга амерыканскай даследчыцы Марсі Шор мае назву “Смак попелу. Жыццё пасля таталітарызму ва Усходняй Еўропе”. Назва сімвалічная, бо адлюстроўвае сутнасць разліку з сацыялістычным мінулым. Гаворка ідзе пра такія краіны былога “сацыялістычнага лагера”, як Польшча, Чэхаславакія, Венгрыя, Румынія.

Ва ўводзінах Марсі Шор адзначае, што яе праца – вынік назіранняў пад час знаходжання ў апісваных краінах і камунікавання з людзьмі розных нацыянальнасцяў, узроставых і сацыяльных груп, а таму суб’ектыўная. Кніга напісана ў публіцыстычнай манеры, але заўвагі і высновы аўтара, як падаецца, будуць вельмі карыснымі для даследчыкаў усходнееўрапейскага рэгіёна. Упэўнена, не ўсім сацыяльным і палітычным групам у разгляданых краінах яны спадабаюцца. Але гэта зусім іншая гісторыя. Гісторыя, якая ўпісваецца ў калектыўную, культурную памяць ці гістарычную палітыку.

Маючы добрую навуковую базу і размаўляючы з людзьмі, назіраючы за іх паводзінамі ў розных абставінах, сітуацыямі ў паўсядзённым жыцці, Шор паспрабавала выявіць пэўныя міфы і іх вытокі ва ўспрыманні сацыялістычнага мінулага ў краінах Усходняй Еўропы і дэканструяваць іх. У пераважнай большасці выпадкаў яна гэта робіць вельмі пераканальна і на розных крыніцах, хоць фармальна спасылак не дае.

Якія праблемы закранае даследчыца? Іх шмат: Халакост, польска-яўрэйскія адносіны, паўстанне ў Варшаўскім гета (1943) і Варшаўскае паўстанне 1944 г., захапленне камунізмам пасля Другой сусветнай вайны, развіццё дысідэнцкага руху ў Чэхаславакіі і стаўленне да яго ў грамадстве да і пасля 1989 г., адносіны розных пакаленняў да рэвалюцыі 1989 г. і пераменаў пасля яе, люстрацыя, актывізацыя нацыяналізму, праблема неафашызму ў сучасным грамадстве і інш. Уздымаюцца ў кнізе і праблемы экзістэнцыяльнага характару, у першую чаргу пошуку чалавекам сябе ў новым, постсацыялістычным грамадстве ці ў эміграцыі.

Чытачу, які павярхоўна ведае пасляваенную гісторыю краін Усходняй Еўропы, будзе лёгка зарыентавацца ў падзеях, бо на самым пачатку М. Шор вылучае пэўныя этапы ў развіцці краін сацыялістычнага блока і дае іх характарыстыку. Аўтар ставіць пытанне пра прычыны захаплення камунізмам і шукае адказ у падзеях Другой сусветнай вайны (134). Даследчыца адзначае, што яе суразмоўцы-чэхі акцэнтавалі ўвагу на двух момантах: па-першае, у канцлагерах камуністы паводзілі сябе вельмі годна і высакародна – “былі лепшымі людзьмі” (101, 115), а па-другое, вызваленне прыйшло менавіта з боку Чырвонай Арміі, якая прынесла як свабоду, так і жыццё. Праўда, пры гэтым, лічыць аўтар, многія жыхары Усходняй Еўропы не зразумелі, выйгралі ці прайгралі яны вайну, бо пасля яе заканчэння прыйшоў час сталінізму (9). Зразумела, Шор называе не ўсе прычыны, што паўплывалі на выбар людзей на карысць камуністычнай ідэалогіі, але, магчыма, ва ўмовах маральнай дэградацыі грамадства і стомленасці ад вайны менавіта гэтыя былі галоўнымі. Што датычыцца маладога пакалення, якое актыўна ўключылася ў будаўніцтва новага грамадства пасля вызвалення, то для яго, на думку аўтара, знакавай, пераломнай падзеяй стала Мюнхенская канферэнцыя 1938 г. – заходнія краіны прадалі Чэхаславакію нацысцкай Нямеччыне, а Чырвоная Армія вызваліла краіну (114).

Разбіраючыся ў асаблівасцях жыцця ва ўмовах акупацыі, даследчыца выходзіць на праблему адносінаў мясцовага насельніцтва і Руху Супраціўлення да яўрэяў. Яна спрабуе не дакументальна разабрацца (хоць з тэксту відаць яе добрае веданне прадмета), а пагаварыць з людзьмі, пачуць іх уражанні і адчуванні і пры гэтым захаваць аб’ектыўнасць ва ўспрыманні і асэнсаванні атрыманай інфармацыі. У кнізе неаднаразова адзначаюцца вельмі няпростыя адносіны паміж палякамі і яўрэямі, чэхамі і яўрэямі, назіраецца спроба разабрацца ва ўзаемаадносінах унутры вельмі разнастайнага яўрэйскага асяроддзя, дзе было і застаецца шмат канфліктаў. Разглядаючы гэтыя праблемы, аўтар згадвае ў тым ліку рэакцыю на кнігі Яна Гроса “Суседзі” і “Страх”, а таксама дыскусію, якая разгарнулася вакол гэтых кніг (у першым выпадку пра забойства палякамі яўрэйскага насельніцтва мястэчка Едвабнэ ў ліпені 1941 г., у другім – польска-яўрэйскія адносіны ў першыя пасляваенныя гады). На гэтым фоне Шор выходзіць на праблему антысемітызму ў Польшчы.

Аўтар адзначае дваістасць названай праблемы. З аднаго боку, адсутнасць у сучаснага маладога пакалення яўрэяў ведаў пра дапамогу іх суродзічам з боку Руху Супраціўлення і простых людзей у гады Другой сусветнай вайны і акцэнтаванне ўвагі толькі на негатыўных момантах ва ўзаемаадносінах прыводзіць да негатыўнага стаўлення да палякаў і абвінавачванняў іх у антысемітызме (тут дадаюцца прыклады з пасляваеннага развіцця краіны – пагром 1946 г. у Кельцах, антысіянісцкая кампанія 1968 г. і інш.). З другога боку, зазначае аўтар, у сучаснай Польшчы можна назіраць вялікую колькасць праяў антысемітызму, у тым ліку ў выглядзе надпісаў на сценах будынкаў, але гэта не дазваляе абвінавачваць усіх жыхароў у дрэнным стаўленні да яўрэяў.

Разглядаючы падзеі Другой сусветнай вайны, Шор коратка згадвае Варшаўскае паўстанне. Зразумела, што найбольш вострымі праблемамі тут выступаюць мэтазгоднасць пачатку выступлення і магчымасць Чырвонай Арміі дапамагчы паўстанцам. Даследчыца справядліва заўважае, што ва ўмовах адсутнасці дыпламатычных адносінаў паміж польскім урадам у эміграцыі і савецкім урадам пытанне ўзаемадзеяння Арміі Краёвай і Чырвонай Арміі было палітычным. Яшчэ ў траўні 1944 г. У. Чэрчыль гаварыў польскаму прэм’ер-міністру С. Мікалайчыку пра неабходнасць дамаўляцца з СССР (155). З іншага боку, піша Шор, польскі ўрад добра ведаў пра негатыўнае і нават варожае стаўленне Чырвонай Арміі да Арміі Краёвай, а таму наўрад ці мог дамовіцца пра ўзаемадзеянне і дапамогу. З гэтым можна пагадзіцца, але адказу на прычыны такіх адносінаў у кнізе мы не знойдзем. Як і не знойдзем адказу на пытанне, чаму Чырвоная Армія, атрады якой стаялі “на другім беразе вузкай (вылучана намі. – Л. К.) ракі”, не дапамагла паўстанцам? Трэба адзначыць, што ўспрыманне Шор Віслы як “вузкай ракі” (155, 156) вельмі суб’ектыўнае, тым больш калі гаворка ідзе пра баявыя дзеянні. Аўтар адкрыта не абвінавачвае кіраўніцтва СССР і Чырвонай Арміі ў бяздзеянні пад час паўстання, аднак ускосна гэта вынікае з тэксту.

Два вызначальныя гады вылучае Шор у развіцці сацыялістычных краін – 1956 год (ХХ з’езд КПСС, выступленні ў Польшчы і Венгрыі) і 1968 год (“Пражская вясна” ў Чэхаславакіі, студэнцкія хваляванні і антысіянісцкая кампанія ў Польшчы). Аўтар адзначае, што пасля 1968 г. у ЧСФР было “нібы” жыццё: ніхто больш не верыў у камунізм і “ніхто, нават тыя, хто быў пры ўладзе, больш не верылі, што хтосьці верыць у камунізм” (29). Такім чынам, лічыць Шор, надышоў канец марксізму, бо “нармалізацыя” азначала дагматызм, цэнзуру і ціск сталінскіх часоў, але без тэрору (31).

Апісваючы перыяд 1970–1980-х г., аўтар згадала добра вядомую не толькі ў краінах Усходняй Еўропы, але і ў СССР фразу “Мы робім выгляд, што працуем, а яны – што плацяць нам” (16), якая, як падаецца, вельмі трапна адлюстроўвае настроі тагачаснага грамадства. Магчыма, з гэтага “нібы жыцця” часткова і вынікае разгубленасць грамадства пасля ліквідацыі сацыялістычнага ладу, непрыстасаванасць да жыцця ў новых умовах і па новых правілах.

Значнае месца ў кнізе адводзіцца пытанню фармавання і дзейнасці апазіцыйнага руху ў краінах Усходняй Еўропы. Калі ў Польшчы яго афармленне адбывалася дастаткова хутка, а сам рух быў масавы, то ў Чэхаславакіі сітуацыя была іншай. Традыцыйна тут гаворка ідзе пра “Хартыю 77”, міф якой пастаянна фармуецца і падсілкоўваецца ў сучасным чэшскім грамадстве. М. Шор справядліва адзначае ў пэўным сэнсе выпадковы характар стварэння гэтага аб’яднання, якое па сваёй сутнасці не было антымарксісцкім. Яно не выступала за рэстаўрацыю капіталізму ці ўсталяванне шматпартыйнай сістэмы, не прапаноўвала альтэрнатыўнай палітычнай сістэмы. Адзіным яго патрабаваннем да ўрада было патрабаванне жыць па законе. І гэта пры тым, што дысідэнты выразна імкнуліся быць “апалітычнымі” і пераважна цікавіліся праблемамі экзістэнцыялізму. Яны не былі падрыхтаваныя ні да рэвалюцыі 1989 г., ні да жыцця ў новых палітычных умовах. Нават у 1989 г. Вацлаў Гавэл не хацеў ісці ў палітыку і гаварыў, што яго больш цікавяць праблемы чалавечага існавання (26, 34).

Якім было стаўленне грамадства да членаў “Хартыі 77”? Найбольш трапны, нам падаецца, адказ даюць прыведзеныя даследчыцай словы чэшскага філосафа Ладзіслава Гейданэка: «Большасць людзей глядзела на дысідэнтаў як на “неразумных людзей, якія адкрыта гавораць тое, што і так усе ведаюць”» (27).

Цікавае назіранне М. Шор за рэакцыяй на перамены, якія адбыліся пасля рэвалюцыі 1989 г. Старэйшае пакаленне ўспрыняло іх калі не абыякава, то негатыўна. Аўтар згадвае сваіх знаёмых чэхаў, якія “ведалі адно: у параўнанні з цяперашнім становішчам камунізм быў лепшым для іх… Аксамітная рэвалюцыя прынесла ім свабоду, якой яны не патрабавалі. … Усё сваё жыццё яны працавалі ва ўмовах камуністычнага рэжыму, які абяцаў, што паклапоціцца пра іх у старасці. Цяпер іх сацыяльны кантракт быў разарваны. Для іх пакалення рэвалюцыя прыйшла вельмі позна” (70). Але ж і маладое пакаленне адчувае расчараванне: “Сістэму разбурылі, а людзі засталіся тыя ж” (56), “не можа быць дэмакратыі з людзьмі, якія маюць камуністычную ментальнасць” (92).

Шмат увагі ў кнізе аддаецца такім паняццям, як калектыўная памяць і гістарычная палітыка, хоць яны і не з’яўляюцца непасрэдным прадметам вывучэння даследчыцы. На розных прыкладах аўтар паказвае як маніпуляцыі камуністычных уладаў, так і імкненне розных сацыяльных і палітычных груп забыць або выкрасліць з гісторыі пэўныя факты, абяліць ці ачарніць тых ці іншых дзеячоў. Сярод прыкладаў “забыцця” ў сучасным чэшскім грамадстве мы бачым масавую падтрымку камуністаў у пасляваеннай Чэхаславакіі (сведчанне гэтага – вынікі парламенцкіх выбараў 1946 г., выступленні прыхільнікаў пад час камуністычнага перавароту ў лютым 1948 г. і інш.), пераход відных дзеячоў з лагера вестуноў камунізму ў апазіцыйны ці дысідэнцкі лагер (сёння мала хто любіць узгадваць гэты эпізод у сваёй біяграфіі). З іншага боку, у Славакіі мы маем ідэалізацыю рэжыму Ё. Ціса ў гады Другой сусветнай вайны, а ў Румыніі – Жалезнай гвардыі міжваеннага перыяду. І такіх прыкладаў значна больш. На фоне такой гульні з памяццю не выпадкова ўзнікаюць дыскусіі па пытанні люстрацыі, назіраецца рост нацыяналізму і неафашызму, абвастрэнне міжнацыянальных супярэчнасцяў.

Зразумела, што ў сучасным грамадстве ў той ці іншай форме ідзе барацьба за памяць. Прывядзем яшчэ адзін прыклад з кнігі М. Шор – святкаванне 9 траўня ў Чэхіі. Дзень вызвалення заўсёды быў камуністычным святам, цяпер “кожны імкнецца забыцца, што менавіта салдаты Чырвонай Арміі вызвалялі Прагу, і памятае, што амерыканскія войскі вызвалілі Плзень, што за паўтары гадзіны язды на захад” (80).

Кніга Марсі Шор змяшчае вялікую колькасць разнастайных прыкладаў з жыцця пад час і пасля таталітарызму. Усе іх не апісаць – кнігу трэба чытаць. Яна дазваляе ў значнай ступені зразумець псіхалогію сучаснага ўсходнееўрапейскага грамадства, разабрацца ў некаторых хітраспляценнях гісторыі краін Усходняй Еўропы і яе інтэрпрэтацыях.

Мінск

Любоў Козік

Наверх