МОСЕЙКИНА, МАРИНА Н. «Рассеяны, но не расторгнуты»: русская эмиграция в странах Латинской Америки в 1920—1960 гг. Москва: РУДН, 2011. 384 с.
Марыны Масейкінай прысвечана пытанням фармавання і развіцця рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце з 1920 да 1960 г. У даследаванні падрабязна і рознабакова разглядаецца феномен рускага замежжа, вывучаецца менталітэт дыяспары і асаблівасці сацыяльна-прававой, эканамічнай і культурнай адаптацыі эмігрантаў, аналізуюцца асноўныя палітычныя цэнтры рускага замежжа. Аўтар падае ўласныя, абсалютна новыя для сучаснага эмігрантазнаўства, ацэнкі ролі „Рускага свету» ў мінулым краін Лацінскай Амерыкі.
Даследаванне М. Масейкінай абапіраецца на шырокае кола неапублікаваных гістарычных крыніц. Асабліва актыўна аўтар спасылаецца на дакументы з фондаў Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, Архіва знешняй палітыкі Расійскай імперыі, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва, архіва-фонда Бібліятэкі „Рускае замежжа» імя А. Салжаніцына, Рускага архіва Універсітэта г. Лідс у Вялікабрытаніі.
Пазітыўнай асаблівасцю даследавання дыяспаральнасці стала выкарыстанне аўтарам сучасных навуковых публікацый на іспанскай, англійскай, беларускай і ўкраінскай мовах. Замежныя апублікаваныя работы па адзначанай тэме і архіўныя матэрыялы дазволілі больш поўна і аб’ектыўна паказаць асаблівасці мінулага рускай эміграцыі ў Лацінскай Амерыцы, яе колькасны склад і прававое становішча, вынікі сацыяльнай адаптацыі.
Нягледзячы на тое, што манаграфія М. Масейкінай прысвечана гісторыі рускай дыяспары, кніга будзе акту-альнай і запатрабаванай публікацыяй для спецыялістаў у пытаннях фармавання і развіцця беларускага замежжа з 1920 да 1960 г. Аўтар кампетэнтна аналізуе асаблівасці міжкультурнага дыялогу эмігрантаў славянскага паходжання ў Лацінскай Амерыцы, узважана акрэслівае прычыны ўзаемасувязяў рускіх і беларускіх эмігрантаў у адзначаны перыяд.
Рэцэнзаваная манаграфія складаецца з уводзінаў, двух раздзелаў і заключэння. Прааналізавана роля рускай эміграцыі ў Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі, Мексіцы, Чылі, Балівіі, Калумбіі, Эквадоры, Перу, Панаме, Нікарагуа. Асабліва падрабязна разглядаецца прававы статус, адаптацыя, культурнае і палітычнае жыццё дыяспары ў Аргенціне, Бразіліі і Парагваі.
Першы раздзел прысвечаны аналізу фармавання рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце з 1920 да 1945 г. У ім дастаткова падрабязна пададзена міжнародна-прававая праблема паслярэвалюцыйнай міграцыі рускіх бежанцаў у краіны Лацінскай Амерыкі, значэнне прыняцця нансэнаўскага пашпарта ў якасці адзінага ідэнтыфікацыйнага дакумента, фармаванне заканадаўчай базы іміграцыйнай палітыкі ў краінах Лацінскай Амерыкі, якая ў рознай ступені эфектыўнасці павінна была забяспечыць працэс прававой адаптацыі эмігрантаў. Аўтар дакладна акрэслівае колькасць і склад перасяленцаў у міжваенны перыяд, разглядае няпростае пытанне фінансавання рускай эміграцыі, праблему сацыяльна-эканамічнай адаптацыі, аналізуе ролю і значэнне прыходаў Рускай праваслаўнай царквы за мяжой, сістэму кантролю выдачы матэрыяльнай дапамогі эмігрантам. Асабліва дакладна і дэталёва паказаны ход працэсу палітычнай інстытуалізацыі рускай эміграцыі ў міжваенны час, значэнне палітычных і культурных мерапрыемстваў па захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці дыяспары.
Падкрэсліваецца, што руская дыяспара ў краінах Лацінскай Амерыкі мела больш шырокую сацыяльную стратыфікацыю, чым беларуская эміграцыя, бо беларуская супольнасць замежжа складалася ў асноўным з ма-лазабяспечаных сялян, якія пакінулі радзіму выключна па эканамічных прычынах. У адрозненне ад беларускай дыяспары ў рускім лацінаамерыканскім асяродку было нямала інтэлігенцыі, адаптацыя якой праходзіла больш складана і непаслядоўна. Сярод прадстаўнікоў рускай дыяспары былі дзеячы навукі і адукацыі, літаратары, скульптары, мастакі, музыканты, артысты рускага балета, якія пакінулі багатую культурную спадчыну для тых краін, якія іх прынялі.
Асабліва карысныя для сучаснай беларускай гістарычнай навукі ацэнкі аўтара пры апісанні пазіцый рускай эміграцыі ў краінах Лацінскай Амерыкі напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны. М. Масейкіна пазбягае ідэалагічных штампаў і пустых абвінавачванняў, яна аб’ектыўна і ўзважана тлумачыць уплыў і значэнне прафашысцкіх арганізацый рускага замежжа, прыводзіць факты фармавання прасавецкай плыні рускай дыяспары, апісвае шматлікія мерапрыемствы эмігрантаў па арганізацыі дапамогі Савецкаму Саюзу ў гады вайны.
Другі раздзел прысвечаны пытанням палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і прававой адаптацыі рускіх перамешчаных асоб у Лацінскай Амерыцы з 1945 да 1960 г. Аналізуецца дзейнасць міжнародных арганізацый у фармаванні пасляваеннай эміграцыйнай хвалі на лацінаамерыканскі кантынент: роля ЮНРРА (Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый) і ІРО (Міжнароднай арганізацыі па справах бежанцаў і перамешчаных асоб), дакладна апісваецца палітыка прымаючых краін у адносінах бежанцаў з Еўропы.
Прынцыпова новае для беларускай гістарычнай навукі пытанне прававога статусу эмігрантаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі, якое разглядаецца ў кнізе. Дасле-даванне М. Масейкінай значна пашырае і дапаўняе гістарычную карціну пасляваеннай хвалі беларускай эміграцыі. Аўтар адзначае, што згодна з Ялцінскім пагадненнем, савецкія грамадзяне падлягалі рэпатрыяцыі, акрамя жыхароў Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і краін Прыбалтыкі. Заходнія саюзнікі юрыдычна лічылі савецкімі грамадзянамі толькі тых асоб, якія жылі ў СССР да 1 верасня 1939 г., а астатнія эмігранты мелі права выбару ў пытанні вяртання на Бацькаўшчыну.
Памкненне выратавацца ад прымусовай рэпатрыяцыі прымушала шэраг эмігрантаў падрабляць дакументы, мяняць нацыянальнасць і месца нараджэння. Дадзены гістарычны факт тлумачыць блытаніну ў статыстычных звестках рускай, украінскай і беларускай пасляваеннай эміграцыйнай хвалі, хаця згаданыя лічбы ўвогуле не могуць мець дакладнага характару. Згодна з дасле-даваннем М. Масейкінай, некаторыя рускія эмігранты намагаліся выдаваць сябе ў дакументах за беларусаў і ўкраінцаў, каб пазбегнуць рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз.
Варта падкрэсліць, што ў манаграфіі дастаткова дакладна акрэсліваецца сацыяльны склад другой хвалі рускай эміграцыі ў Лацінскую Амерыку. У пасляваенны час на кантынент пераехалі прадстаўнікі белай эміграцыі з еўрапейскіх краін; калабарацыяністы; былыя савецкія грамадзяне, якія ўцяклі за мяжу з нямецкімі войскамі; савецкія ваенныя, што трапілі ў палон да фашыстаў; былыя гастарбайтары. Акрэсліўшы асноўныя групы пасляваенных эмігрантаў, аўтар дакладна апісвае іх палітычныя перакананні, стаўленне да савецкай краіны і ўзаемаадносіны з уладамі лацінаамерыканскіх дзяржаў.
Акрэслена геаграфія рассялення пасляваеннай эміграцыйнай хвалі на лацінаамерыканскім кантыненце, даследавана яе прававое становішча, на аснове чаго тлумачацца асаблівасці сацыяльна-эканамічнай адаптацыі асоб. Аўтар прааналізавала палітычнае жыццё эміграцыі ва ўмовах „халоднай вайны», значэнне культурнай і выдавецкай дзейнасці супольнасці замежжа, стаўленне эмігрантаў да Савецкага Саюза. Новыя думкі і высновы па тэорыі дыяспаральнасці аўтар падае пры разглядзе праблем узаемасувязяў і супрацьстаяння радзімы і дыяспары напрыканцы раздзела.
Асобнае месца аддадзена міжнацыянальным узаемасувязям у асяродку пасляваеннай эміграцыі, разглядаецца роля ўкраінскай, беларускай, армянскай, літоўскай, латышскай дыяспар у гісторыі Лацінскай Амерыкі. Варта адзначыць, што аўтар засяроджвае ўвагу на дзейнасці Саюза ўкраінска-беларускіх рабочых арганізацый у Аргенціне, ролі таварыства ўзаемадапамогі „Белорусский очаг», прыводзяцца яскравыя прыклады біяграфій беларускіх эмігрантаў.
Неабходна падкрэсліць, што пры разглядзе інстытуцыянальных формаў рускай эміграцыі ў пасляваенны час закранаецца пытанне супрацьстаяння заходніх спецслужбаў у Лацінскай Амерыцы з савецкай разведкай. М. Масейкіна аб’ектыўна апісвае значэнне фінансавання некаторых палітычных партый і грамадскіх арганізацый рускага замежжа амерыканскім урадам і яго структурамі, адзначае ролю КДБ у прапагандзе савецкіх ідэй сярод эмігрантаў. Асабліва няпростымі ў палітычным жыцці дыяспары, на думку аўтара, былі ўзаемаадносіны паміж міжваеннай і пасляваеннай эміграцыйнымі хвалямі, хаця эміграцыя пасля завяр-шэння Другой сусветнай вайны значна паспрыяла палітызацыі рускай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы. Варожасць і непаразуменне паміж прадстаўнікамі розных эміграцыйных хваляў пачалі знікаць толькі ў канцы 1950-х г., што наклала адбітак на ўсю дзейнасць рускага замежжа ў адзначаны перыяд.
Дыскусійнае і слаба даследаванае пытанне для беларускай гістарычнай навукі — рэпатрыяцыйная дзейнасць СССР. Характарыстыкі і высновы аўтара зроблены на аснове шырокага кола архіўных дакументаў са сховішчаў Расійскай Федэрацыі, што значна дапаўняе і ўдакладняе сучасныя навуковыя публікацыі па рэпатрыяцыі і рээміграцыі. У даследаванні адзначаецца, што нягледзячы на антырэпатрыяцыйныя настроі часткі рускай дыяспары, некаторыя эмігранты добраахвотна паехалі ў Савецкі Саюз, выкарыстаўшы магчымасці вярнуцца на радзіму пасля вайны. Асабліва шчыра да рэпатрыяцыі імкнуліся асобы, якія так і не змаглі сацыяльна адаптавацца ў новым грамадстве, а таксама тыя эмігранты, якія паверылі савецкім прапагандыстам у Лацінскай Амерыцы. У даследаванні нават прыводзіцца прыклад біяграфіі рэпатрыянтаў з Аргенціны ў БССР. У кнізе разглядаецца лёс старшыні „Славянскага Саюза» у Аргенціне П. Шастакоўскага, што пасяліўся ў Мінску пасля вяртання з Аргенціны. Цудоўная ілюстрацыя высноў раздзела — успаміны яго ўнука С. Картэса, які з цягам часу стаў вядомым беларускім кампазітарам і народным артыстам Беларусі.
Пры аналізе культурнага жыцця пасляваеннай рускай дыяспары акцэнт робіцца на тых фактах, якія да-зволілі эмігрантам скласці аснову нацыянальнай ідэнтычнасці на прасторы іншакультурнай супольнасці. Менавіта першапачатковай немагчымасцю свабоднага выкарыстання мовы даміноўнага этнасу тлумачыцца неабходнасць актыўнага стварэння разнастайных ін-стытуцыянальных цэнтраў (рускамоўных школ, грамадскіх і культурных аб’яднанняў, карпаратыўных арганізацый і палітычных партый). Слушна характарызуецца працэс частковай асіміляцыі рускай дыяспары ў пасляваенны час з непазбежнай частковай стратай роднай мовы ў эмігранцкім асяродку, пры гэтым у манаграфіі дакладна апісаны механізм захавання элементаў рускай культуры і нацыянальнай самасвядомасці.
Асобнае месца ў культурным жыцці рускага замежжа адведзена ролі перыядычных выданняў у агітацыйнай і прапагандысцкай рабоце сярод эмігрантаў. Варта адзначыць, што пры вывучэнні выдавецкай дзейнасці прэсы рускага замежжа М. Масейкіна падкрэслівае падабенства характарыстык рускай і беларускай перыёдыкі, што асабліва праявілася ў актуалізацыі аднолькавых даміноўных тэм нумароў газет і часопісаў. Асобна разглядаецца развіццё эмігранцкіх выдавецтваў у Лацінскай Амерыцы, якія рыхтавалі да друку ў асноўным палітычную публіцыстыку, ідэалагічныя работы, гістарычныя даследаванні і мастацкую літаратуру для эмігрантаў.
Такім чынам, манаграфія М. Масейкінай стала першым навуковым выданнем, дзе абагульняецца і аналізуецца гісторыя рускай дыяспары ў краінах Лацінскай Амерыкі з 1920 да 1960 г. У даследаванні дастаткова падрабязна прааналізаваны дзве эміграцыйныя хвалі рускай эміграцыі, асаблівасці іх адаптацыі і характарыстыю узаемасувязяў з іншымі дыяспарамі. Аўтар падкрэслівае, што ў адзначаны перыяд Лацінская Амерыка вабіла перасяленцаў дастаткова ліберальным іміграцыйным заканадаўствам, наяўнасцю зямлі для сельскай гаспадаркі, запатрабаванасцю ў працоўнай сіле і нават магчымасцю пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі ў пасляваенны час. Манаграфія М. Масейкінай яскрава і поўна ўзнаўляе гістарычную карціну фармавання і палітызацыі рускай дыяспары на лацінаамерыканскім кантыненце. Грунтоўнае даследаванне па рассяленні, адаптацыі, эканамічным, палітычным і культурным жыцці рускай эміграцыі дапоўніць беларускую гістарыяграфію новымі звесткамі пра асноўныя аспекты дзейнасці беларускай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы.
Мінск
Вольга Коваль