FORYCKI, MACIEJ. Chorografia Rzeczypospolitej szlacheckiej w Encyklopedii Diderota i d’Alemberta. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 332 s.
Сучасных даследчыкаў гісторыі ўсё больш цікавяць пытанні дыяхранічнага развіцця культуры ў шырокім антрапалагічным разуменні. У гэтай сувязі аддаецца больш увагі вывучэнню ментальнай гісторыі — вобразам людзей, іх уяўленням пра навакольнае асяроддзе, сваю краіну, дзяржаву, мінулае, пра суседзяў, умовы жыцця, пачуцці, інтарэсы і г. д. Яшчэ больш цікавыя вобразы і ўяўленні, якія ствараліся не жыхарамі сваёй краіны, а тымі, каго ў сацыяльна-культурнай антрапалогіі называюць „чужымі», ці „іншымі» — прадстаўнікамі дзяржаў суседніх і не толькі (другія для гісторыкаў нават больш цікавыя, бо іх уяўленні менш залежаць ад палітычнай ці ідэалагічнай кан’юнктуры, створаны на падставе розных стэрэатыпаў), якія праязджалі праз краіну, былі тут па справах, некаторы час жылі сярод мясцовага насельніцтва і здолелі ўбачыць тое і здзівіцца таму (і занатаваць), што для „тутэйшых» было чымсьці звычайным, традыцыйным і не вартым увагі.
У беларускай і польскай гістарыяграфіі, прысвечанай перыяду Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ) і Рэчы Паспалітай (далей РП) ужо існуе пэўны вопыт даследавання візіі Беларусі і Польшчы падарожнікамі, палітыкамі, дыпламатамі і рознымі аматарамі прыгодаў. Ёсць навуковыя, навукова-папулярныя працы і нават хрэстаматыі арыгінальных тэкстаў[1]. Але нядаўна з’явілася дастаткова арыгінальная праца, у якой прааналізаваны вобраз РП, створаны французскімі энцы-клапедыстамі на чале з Дзідро і Даламберам.
Манаграфія, пра якую ідзе гаворка, — габілітацыйная праца знанага польскага даследчыка польска-фран-цузскіх сувязяў XVIII ст., аўтара біяграфіі С. Ляшчынскага, гісторыка з Познані Мацея Фарыцкага[2]. Фактычна рэцэнзаваная праца — гэта працяг манаграфіі, прысвечанай французскаму вобразу палітычнага ладу РП перад каралеўствам Станіслава Аўгуста Панятоўскага[3].
Праца складаецца з чатырох раздзелаў: нежывая прырода (тэрыторыя і гідраграфія); свет раслін і жывёл (флора і фаўна); карысныя выкапні і іх эксплуатацыя; антрапагенічныя ўмовы (межы дзяржавы і дэмаграфія РП; характарыстыка правінцый — Вялікая Польшча, Малая Польшча, ВКЛ і Інфлянты).
Аўтар паставіў мэту прааналізаваць звязанасць і складанасць вобраза РП у французскай Энцыклапедыі, ён карыстаўся першым выданнем 1751-1772 г.
Цікавай падаецца інфармацыя пра колькасныя адносіны матэрыялаў, прысвечаных розным краінам Еўропы і свету. Так, Рэчы Паспалітай прысвечана каля сямідзесяці артыкулаў. Для параўнання: прыкладна столькі ж — швейцарскім, шведскім, партугальскім і турэцкім справам; артыкулаў на расійскую ці балканскую тэматыку ў два разы менш, а на італьянскую ці іспанскую — у тры разы, на англійскую — у пяць разоў, а на французскую — у дзесяць разоў больш (12).
На думку аўтара, існуе тры прычыны, чаму ар-тыкулы, прысвечаныя РП, яшчэ не былі прадметам даследавання гісторыкаў. Па-першае, гэта спецыфічнасць і складанасць крыніцы. Па-другое (што выцякае з першага), асобныя артыкулы даследаваліся, але выпадкова і для вырашэння лакальных задач. Па-трэцяе, корпус артыкулаў настолькі разнастайны з увагі інфармацыйнасці, глыбіні ці якасці, што бракавала стварэння эфектыўнага метаду цэласнага вывучэння сотняў артыкулаў, прысвечаных РП (13).
Мацей Фарыцкі здолеў абагульніць практычна ўсе энцыклапедычныя артыкулы пра РП праз геаграфічнае апісанне яе тэрыторыі. Але пэўная архаічнасць гэтых геаграфічных апісанняў, недасканаласць з пункту гле-джання сучаснай геаграфічнай навукі сталі падставай для выбару аўтарам тэрміна „хараграфія» — апісальнага вобраза асобных мясцовасцяў літаратурнымі метадамі і прыёмамі, якія ствараюць пэўную „літаратурную» карту краіны.
У артыкулах Энцыклапедыі, прысвечаных РП, не было звестак пра глебу і яе склад, пра кліматычныя ўмовы. З іншага боку, вельмі шмат інфармацыі пра гідраграфію РП другой паловы XVIII ст. Пры агульнай характарыстыцы тэрыторыі РП больш падрабязна разгледжаны менавіта землі ВКЛ. Аўтар гэтых артыкулаў (кавалер дэ Жако) адзначыў геаграфічную аднастайнасць ВКЛ і даволі падрабязна апісаў найбуйнейшыя рэкі — Дняпро, Вяллю, Нёман, Дзвіну. Аўтар адзначаў, што гэта край вялікіх балот і прыгожых азёр (24).
Частка артыкулаў, прысвечаных ВКЛ, была напісана Дзідро, большасць кавалерам дэ Жако, аўтараў нека-торых артыкулаў познаньскі гісторык, на жаль, не ідэнтыфікаваў.
У Энцыклапедыі зафіксавана значная колькасць факталагічных памылак, якія дакладна ўплывалі на фармаванне вобразаў РП, ВКЛ і ўскосна беларускіх земляў у Заходняй Еўропе. Так, напрыклад, Дзідро, напісаўшы артыкул пра Дзвіну, лакалізаваў яе ў еўрапейскай частцы Расіі (47). Нярэдка геаграфічныя назвы французскія навукоўцы таксама пісалі па-рознаму. Так, на некалькіх картах, змешчаных у Энцыклапедыі, зафіксаваны тры варыянты назвы горада Кокенхаўзэн: горад Cokenhausen ляжыць на рэчцы Dwina, Kockenhausen на рэчцы Dwine, a Kokenhausen на рэчцы Duna (49). Для Дняпра энцыклапедысты часцей за ўсё (дзевятнаццаць разоў) выка-рыстоўвалі назву Nieper, калінікалі — Барысфен.
Ёсць звесткі пра Нёман і яго прытокі Вяллю, Дзітву, Мерачанку, Шчару і Зэльву; Дзвіну з Палатой і Улай; Дняпро з Сожам, Аршыцай, Бярэзінай, Свіслаччу, Прыпяццю, Стырру, Гарынню, Ілквай, Случчу, Ушой, Россю; Буг і іншыя рэчкі ВКЛ. Артыкул пра Свіслач напісаў сам Дзідро. Прынамсі ў гэтым артыкуле ёсць згадкі пра Мінск (54). Адзінае беларускае возера, зафіксаванае у Энцыклапедыі — Дрывяты, — на якім знаходзіўся Браслаў (64).
Што да расліннага і жывёльнага свету ВКЛ, то інфармацыя ў Энцыклапедыі носіць схематычны і лаканічны характар. Кавалер дэ Жако адзначаў, што ў рэках шмат рыбы, у лясах жывёлы, а цэлы рэгіён можа задаволіць усе жыццёвыя патрэбы насельніцтва. На думку французскага аўтара, ВКЛ насяляюць шматлікія собалі, пантэры (sic!), бабры, мядзведзі і ваўкі (66). М. Фарыцкі лічыць, што асноўнай крыніцай па флоры і фаўне ВКЛ для французскіх энцыклапедыстаў стала праца Марціна Кромера „Польша, ці Пра становішча, насельніцтва, звычаі, інстытуцыі і справы публічныя Каралеўства Польскага». Менавіта адтуль запазычана інфармацыя пра пантэру, якая, хутчэй за ўсё, была пераблытана з рыссю (66). Пры гэтым асобны артыкул, прысвечаны рысі ў ВКЛ, цалкам спісаны кавалерам дэ Жако з „Універсальнага гандлёвага слоўніка» Савары дэ Брулона, надрукаванага ўпершыню ў 1726 г. у Амстэрдаме, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў заходняй Еўропе.
Аўтар артыкула пра мядзведзяў у РП француз Луі Жан-Марыя Даўбэнон прывёў цэлы шэраг фантастычных фактаў. Напрыклад, ён быў упэўнены, што мядзведзі у ВКЛ былі белымі. Акрамя гэтага ў артыкуле згадваецца адзін са спосабаў палявання на мядзведзя ў ВКЛ: перад паляваннем мядзведзя паілі гарэлкай, якой аблівалі мёд у калодах (85).
3 розных артыкулаў Энцыклапедыі можна даведацца, што ў ВКЛ была багатая фаўна: тут жылі вавёркі, собалі і ласі. Цікавыя згадкі пра асобны гатунак коней у РП — коні польскія, якія былі моцнымі і мелі здаровыя зубы. Таксама энцыклапедысты адзначалі, што нямала каштавалі у РП і карысталіся попытам коні і валы з Падоліі (89).
З прыродных рэсурсаў ВКЛ у Энцыклапедыі адзначаецца толькі вялікая лясістасць тэрыторыі і як вынік гэтага — значная крыніца для гатавання паташу (118). Дарэчы, у Энцыклапедыі тэме рэсурсаў аддаецца вельмі мала ўвагі, таму раздзел працы М. Фарыцкага, прысвечаны гэтай праблеме, таксама займае не вельмі шмат старонак — 29.
Познаньскі гісторык у большай частцы працы (140 старонак з 260) засяроджвае ўвагу на аналізе вобраза антрапагенічнай прасторы РП у французскай Энцыклапедыі. Энцыклапедысты дакладна вызначалі, што РП складаецца з трох частак (Вялікая Польшча, Малая Польшча і ВКЛ) і падзяляецца на дваццаць сем ваяводстваў.
У артыкуле „Польшча» кавалер дэ Жако вызначыў, што Рэч Паспалітая знаходзіцца ў межах Еўропы (121). М. Фарыцкі мяркуе, што архаічнае вызначэнне суседзяў РП (перш за ўсё ўсходніх—Татарыя і Масковія) сведчыць не пра неадукаванасць энцыклапедыстаў, а пра тое, што былі некрытычна запазычаны крыніцы, якія фіксавалі геапалітычную сітуацыю рэгіёна на рубяжы XV-XVI ст., часу паміж распадам Вялікай Арды і панаваннем Івана Жахлівага (122).
Паўсюдна ў Энцыклапедыі падкрэсліваўся кантраст паміж агромністымі тэрыторыямі і малой заселенасцю. Колькасць насельніцтва вызначалася пяццю мільёнамі чалавек, што больш чым у два разы было зменшана і, хутчэй, адпавядала сярэдзіне XVI ст.
Французская Энцыклапедыя — вельмі карысная і каштоўная крыніца звестак як пра этнічную структуру Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, так і пра этнічны вобраз поліэтнічнай дзяржавы ў ацэнцы заходнееўрапейцаў. Нягледзячы на тое, што насельніцтва РП у Энцыклапедыі часцей за ўсё называлася палякамі, але часам згадваліся і ліцвіны, і русіны, і казакі, і жамойты, і яўрэі, і караімы, і курды.
На думку французскіх аўтараў, знешні выгляд жыxapoý РП падобны да еўрапейцаў, аднак характарам яны вельмі адрозніваюцца. Гэта звязана з сармацкімі каранямі палякаў (чытай — жыхароў РП). Вобраз жыхароў РП (зразумела, гаворка ідзе пра шляхту) носіць пазітыўны характар. Варварства суседзіць са шчырасцю, мудрасцю, спрадвечнай цягай да вольнасці. З аднаго боку — убогі стан культуры: „…няма мастацкай школы, адсутнічае тэатр, заняпад архітэктуры, навукі не развіваюцца, сапраўдная філасофія невядома…» (124). З другога боку, пазітыўны палітычны вопыт РП.
Палітычныя традыцыі шляхты апісаны ў кантрасце да непасрэдна французскіх. Энцыклапедысты ў гэтым ствараюць знакамітую мадэль „шчаслівага дзікуна»: польская шляхта большасць часу жыве ва ўласных ма-ёнтках, а французская — у Парыжы. Энцыклапедысты склалі пэўную бінарную апазіцыю „шляхецкі маёнтак — Версаль». Шляхціч РП арыентаваны лакальна, правінцыйна, а француз — да палітычнага цэнтра. Пры гэтым правінцыйнасць, на думку познаньскага гісторыка, разглядаецца як пэўная форма патрыятызму (125).
Французскі энцыклапедыст кавалер дэ Жако — аўтар асобнага артыкула, прысвечанага ліцвінам. Ён выводзіў ix ад скіфскага племені гелонаў, суседзяў сарматаў. Француз падкрэсліваў, што яны таксама еўрапейцы. Выклікаюць цікавасць звесткі энцыклапедыста пра тое, што ў ліцвінаў была пашырана магія і піраманія. Гэтая інфармацыя, як высветліў М. Фарыцкі, была запазычана кавалерам дэ Жако з працы знакамітага галандскага езуіта Марціна Антоніа Дэль Рыа „Disquisitionum magicarum», прысвечанай працэсам над чараўніцамі і выдадзенай яшчэ ў 1599 г.
Акрамя гэтага артыкула, ліцвіны ў Энцыклапедыі згаданы яшчэ адзін раз, пры апісанні тэхналогіі падсечна-вогненнай апрацоўкі зямлі (127).
У Энцыклапедыі толькі двойчы падаюцца звесткі пра жамойтаў. Французскія асветнікі ўяўлялі іх вельмі архаічным народам, які жыве ў зямлянках з прымітыўным ачагом у цэнтры пабудовы. Аднойчы — у артыкуле, прысвечаным Вільні, — згаданы русіны. На паўднёвых абшарах Рэчы Паспалітай, на думку французаў, жылі казакі. Яны ідэнтыфікаваліся з украінцамі і на падставе працы Вальтэра „Гісторыя Расійскай імперыі пад час панавання Пятра Вялікага» вызначаны як расійскія падданыя.
Дастаткова значная ўвага аддадзена яўрэйскаму насельніцтву Рэчы Паспалітай. На думку энцыклапедыстаў, Рэч Паспалітая — „рай для яўрэяў» (129). Французскіх аўтараў вельмі здзіўляў той факт, што да яўрэйскага насельніцтва ставіліся талерантна ў краіне, якая пазіцыянавала сябе як еўрапейскі бастыён каталіцызму. Вальтэр нават жартаваў у прыватнай карэспандэнцыі да Кацярыны II, што „яўрэі, якія ўкрыжавалі Логас, маюць столькі сінагог у Рэчы Паспалітай» (129). У артыкуле, прысвечаным інквізіцыі, ёсць звесткі пра 240 сінагог на землях РП.
Два разы згаданыя ў Энцыклапедыі караімы. Звяртаецца ўвага на своеасаблівасць і арыгінальнасць іх рэлігійных традыцый і мовы. Усе звесткі пра караімаў заснаваны на працы шведскага вучонага, сакратара і бібліятэкара шведскага караля Карла XI, прафесара Упсальскага ўніверсітэта Густава Перынгера (1651-1710). Ён у 1690 г. на загад шведскага караля зрабіў пада-рожжа па Вялікім Княстве Літоўскім (быў у Троках, Луцку і інш.) і спецыяльна вывучаў караімаў. На жаль, яго нататкі пра падарожжа былі страчаны ў 1697 г. пад час пажару ў каралеўскім палацы ў Стакгольме. Аднак захаваўся адзіны яго ліст да прафесара ўніверсітэта Франк-фурта-на-Майне Гёба Лудальфа, які ў 1691 г. выдаў яго у Ляйпцыгу пад назвай „Epistolade Karaitarum Rebusin Lithuania»[4]. Шкада, што гэтая крыніца пакуль застаецца па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў.
Такім чынам, праца М. Фарыцкага дазваляе з большай дакладнасцю зразумець асаблівасці і кірункі стварэння сучаснага вобраза Беларусі, які ўзнік пад час стварэння мадэрнай візіі свету і Еўропы французскімі энцыклапедыстамі. Даволі некрытычнае карыстанне архаічнымі крыніцамі і дастаткова адвольная экстрапаляцыя матэрыялаў з даступных і папулярных (выда-дзеных у друкарнях) прац пра Паўночную ці Цэнтральную Еўропу на беларускія землі значна паўплывала на ўяўленні пра беларусаў, беларускую дзяржаву і навакольнае асяроддзе, у якім беларусы жылі. Шмат якая інфармацыя мела фантастычны характар. ВКЛ моцна атаясамлівалі з усходнім суседам — Расійскай імперыяй, што засведчылі паўсюдныя канатацыі на Сібір.
Мацей Фарыцкі здолеў паглядзець на гісторыю Рэчы Паспалітай пад вельмі нечаканым для сучаснай беларускай гістарыяграфіі вуглом. Гэта дазволіла ўбачыць „іншую» Рэч Паспалітую — вялікую, пакрытую лясамі і рэкамі, слаба заселеную гераічнымі і ганарлівымі „дзікунамі», навокал якіх можна сустрэць пантэр ці белых мядзведзяў. Знаёмства з працай М. Фарыцкага асабіста для мяне стала падставай для перагляду яшчэ аднаго гістарычнага стэрэатыпа — пра ролю еўрапейскага Асветніцтва.
Мінск
Сцяпан Захаркевіч
[1] Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, 1980; Chynczewska-Hennel T. Rzeczpospolita XVII wieka w oczach cudzoziemców. Wrocław, 1993; Relacye Nuncyuszów Apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690: w 2 t. / oprac. i wyd. E. Rykaczewski. Poznań, 1864.
[2] Forycki M. Stanicław Leszczyński: Sarmata i Europejczyk. 1677-1766. Poznań: WBPiCAK, 2006.
[3] Forycki M. Anarchia polska w myślі Oświecenia. Francuski obraz Rzeczypospolitej szlacheckiej u progu czasów stanislawowskich. Poznań, 2004.
[4] Gąsiorowski S. Karaimi w Koronie i na Litwie w XV—XVIII wieku / S. Gąsiorowski. Kraków — Budapeszt: Austeria, 2008. S. 20.