Юры Грыбоўскi. Беларускі незалежнiцкі лагер на Захадзе пасля ІІ сусветнай вайны вачыма польскай эміграцыі
Адна з маладаследаваных старонак гiстарыяграфii – палiтычная дзейнасць беларускiх эмiгрантаў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Нягледзячы на тое, што апошнiм часам зацікаўленасць дзейнасцю беларускай дыяспары ў ХХ ст. няўхільна расце, да сённяшняга дня асноўную гiстарыяграфiчную базу складаюць працы самiх эмiгрантаў, у тым лiку – мемуарная лiтаратура. Яшчэ большая “белая пляма” – погляд эмiгрантаў – прадстаўнiкоў iншых народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы на працэсы, што адбывалiся ў асяроддзi беларускай палiтычнай эмiграцыi на Захадзе. Шэраг дакументаў польскай пасляваеннай палiтычнай эмiграцыi, якi захоўваецца ў архiве Польскага iнстытута iмя генерала Сiкорскага ў Лондане, дазваляе даведацца, як беларускi незалежнiцкi лагер на Захадзе выглядаў у вачах польскiх таварышаў па зброi, якiх лёс таксама закiнуў на чужыну.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на Захадзе апынулася значная колькасць беларускiх антыкамунiстаў, што пад час нямецкай акупацыi ў рознай ступенi супрацоўнiчалi з нацыстамі, кiруючыся ідэяй адраджэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасцi. У 1945–1951 г. асноўным асяродкам беларускага эмiграцыйнага жыцця была Заходняя Нямеччына, на тэрыторыi якой у лагерах для перамешчаных асобаў (Displaced Person – DP) па стане на снежань 1946 г. знаходзiлася каля 700 000 чал., а яшчэ некалькi тысяч жылі па-за лагерамi. Найбуйнейшую групу выгнанцаў складалi грамадзяне былой 2-й Рэчы Паспалiтай (360 тыс. чал.). Менавiта сярод гэтай групы перадусім трэба шукаць беларускiх уцекачоў. Праўда, нельга выключаць, што пэўную колькасць беларусаў складалі і даваенныя жыхары БССР. Дакладную лiчбу выгнанцаў беларускай нацыянальнасцi сярод абедзвюх груп вызначыць немагчыма. У гiстарыяграфii найчасцей выказваецца меркаванне, што каля 75–100 тыс. жыхароў Беларусi засталося на эмiграцыi[1]. У той самы час, паводле звестак Мiжнароднай арганiзацыi ўцекачоў (International Refugee Organization – IРО), у 1947–1951 г. беларусамi назвалі сябе толькі 5147 насельнікаў лагераў DP. Прычын такога стану рэчаў некалькі. Відавочна, што далёка не ўсе ўраджэнцы Беларусі лічылі сябе беларусамі. Акрамя таго, многія беларусы з-за страху перад прымусовай рэпатрыяцыяй у СССР не адважваліся называць сваю сапраўдную нацыянальнасць. Таму толькі невялікая колькасць уцекачоў-беларусаў не хавала сваёй сапраўднай нацыянальнасці і ўдзельнiчала ў нацыянальным жыццi. На мяжы 1940–1950-х г. у Заходняй Нямеччыне дзейнiчалi беларускi самаўрад, школьнiцтва, камбатанцкiя, рэлiгiйныя, моладзевыя i прафесiйныя арганiзацыi. З дазволу брытанскiх i амерыканскiх акупацыйных уладаў iснавала некалькi беларускiх лагераў DP з уласным самакiраваннем i службай парадку[2].
У пачатку 1950-х г. лагеры для выгнанцаў у Заходняй Нямеччыне перасталі iснаваць, а iх насельнiкi эмiгравалі ў iншыя краiны свету. У буйныя асяродкi беларускага жыцця ператварыліся Паўночная Амерыка, Аўстралiя, Францыя, Вялiкабрытанiя, Бельгiя.
Грамадска-палiтычыная дзейнасць беларускiх эмiгрантаў ад самага пачатку зацiкавiла польскую палiтычную эмiграцыю, якая пачала збiраць пра яе звесткi. Гэтае зацiкаўленне ў значнай ступенi вынiкала з тагачаснай мiжнароднай сiтуацыi. Эмiгранты-антыкамунiсты з Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў канцы 1940-х i пачатку 1950-х г. спадзяваліся на пачатак вайны памiж дэмакратычным светам i СССР, якая павінна была вызваліць ад камунiзму паняволеныя народы. У такой атмасферы склалiся спрыяльныя ўмовы для развiцця сярод эмiгрантаў федэрацыйных рухаў. Адзін з такіх рухаў кіраваўся канцэпцыяй “Мiжмор’я”. Яна прадугледжвала стварэнне на балтыйска-чарнаморска-адрыятычным абшары супольнасцi краiн, якая стала б гарантам бяспекi i дабрабыту гэтых дзяржаў перад пагрозаю магчымай дамiнацыi або агрэсii як з Усходу, так i з Захаду. Польская эмiграцыя брала велiзарны ўдзел у фармаваннi i развiццi згаданага руху, між іншым, шукаючы аднадумцаў i хаўруснiкаў сярод антыкамунiстаў-эмiгрантаў з iншых краiн рэгiёна, у тым ліку і беларусаў. У пачатку 1947 г. эмiсары польскага эмiграцыйнага ўрада ў Заходняй Нямеччыне падрыхтавалi грунтоўны даклад (рапарт) “Беларускiя незалежнiцкiя выгнанцы”, дзе прыводзіліся досыць падрабязныя звесткi пра колькасны i арганiзацыйны стан беларускай эмiграцыi. Колькасць беларусаў у лагерах DP, паводле гэтага даклада, складала 30 тыс. чалавек, з якіх каля 20 тыс. мелі пачуццё нацыянальнай самасвядомасцi i бралі ўдзел у беларускiм арганiзацыйным жыццi[3]. Асаблiвая ўвага звярталася на польска-беларускiя адносiны сярод уцекачоў. Падкрэслiвалася, што шмат беларусаў месцілася ў польскiх лагерах DP, аднак у пэўны момант акупацыйныя ўлады пачалi закрываць беларускія школы, што прывяло да масавага перасялення беларускiх уцекачоў у беларускiя лагеры. У разгляданым дакладзе згадваецца беларускі лагер у Ватэнштэце[4].
Польскі друк адсочваў настроі ў асяроддзі насельнікаў польскіх і беларускіх лагераў DP. Так, часопіс праваслаўнага святарства польскіх узброеных сіл на Захадзе “Polskі Żołnierz Prawosławny” інфармаваў, што Эмануіл Ясюк быў камендантам лагера для польскіх грамадзян у мясцовасці Равенсбург у французскай зоне акупацыі з колькасцю насельнікаў каля 5 тыс. чалавек[5]. Разам з тым, з успамінаў беларускіх уцекачоў вынікае, што польска-беларускія адносіны ў гэтых лагерах не заўсёды былі добрымі[6]. Напрыклад, эміграцыйны гісторык І. Касяк згадвае, што камендант Э. Ясюк быў вымушаны пакінуць пасаду з-за сваёй беларускасці[7]. Аднак праверыць гэтыя звесткі даволі складана. Захаваліся згадкі пра беларусаў у польскім лагеры ў мясцовасці Вільдфлекен, колькасць якіх складала 7 тыс. з 20 тыс. агульнага ліку насельнікаў. Даведаўшыся пра стварэнне беларускіх лагераў, частка з іх вырашыла далучыцца да суайчыннікаў. Першая група беларускіх выгнанцаў пакінула лагер разам з групай украінцаў і пераехала ў лагер, які размяшчаўся ў мясцовасці Ашафэнбург. Праз некаторы час польскі лагер пакінула беларуская група ў колькасці каля 120 асобаў і таксама пасялілася ў Ашафэнбургу[8]. Сярод беларускіх насельнікаў пашыраліся звесткі пра існаванне асобных беларускіх лагераў DP і расло жаданне туды перасяліцца. Захады беларускіх актывістаў, накіраваныя на стварэнне асобных лагераў для асобаў беларускай нацыянальнасці, былі непрыхільна сустрэты польскай адміністрацыяй лагера. Некаторыя беларусы – жыхары лагера сцвярджалі таксама, што лагерная адміністрацыя падрыхтавала і перадала ўладам Адміністрацыі аб’яднаных нацый па справах дапамогі і адбудовы (United Nations Refief and Rehabilitation Administration – UNRRA) “фальшывы” спіс сацыяльна непажаданых асобаў беларускай нацыянальнасці (п’яніцы, злодзеі, рабаўнікі)[9]. Сярод насельнікаў розных нацыянальнасцяў стварылася вельмі нездаровая атмасфера. Пачасціліся выпадкі запалохванняў і непрыхаванай варожасці. У выніку на выезд у беларускія лагеры зарэгістравалася каля 600 асобаў, якія запісаліся беларусамі. Гэтыя людзі ў сярэдзіне траўня 1946 г. былі вылучаны ў асобную групу і перамешчаны ў лагер у мясцовасці Ашафэнбург, а ў лістападзе 1946 г. пераведзены ў беларускія лагеры ў Віндзішбергердорфе і Остэргофэне[10].
Згаданыя міжнацыянальныя сваркі не знаходзяць, аднак, адлюстравання ў польскіх крыніцах. Прадстаўнікі польскай палітычнай думкі ў Нямеччыне ў асноўным прыхільна ставіліся да жадання беларусаў вылучацца са складу іншаземных лагераў, перш за ўсё – расійскіх. У прыватнасці, польскі друк цікавіўся лёсам беларусаў, пераведзеных з ліквідаванага ў траўні 1947 г. лагера ў Алендорфе ў расійскі лагер у Мюнхендорфе, каля Касэля[11]. Акрамя таго, газета “Kronika” на сваіх старонках інфармавала пра культурныя і арганізацыйныя мерапрыемствы, якія адбываліся ў беларускіх лагерах у Остэргофэне і Віндзішбергердорфе[12].
У згаданым дакладзе эмісару польскага ўрада знаходзiм iнфармацыю пра дзейнасць савецкiх агентаў, якiя агітавалі беларускiх выгнанцаў выехаць у СССР. Апроч таго, адзначалася, што ва ўмовах паступовай лiквiдацыi лагераў DP многiя беларусы намагаліся трапiць “за акiян”, тым часам як эмiграцыйныя лiдары хацелі, каб як мага большая колькасць суродзiчаў (прыкладна 20 тыс. чалавек) засталася ў Еўропе, перш за ўсё – у Францыi. Для прыкладу прыводзіцца ўрывак з газеты “Беларускiя навiны” за студзень 1947 г. з заклікам да суайчыннiкаў не шукаць шчасця за акiянам, а застацца жыць у Францыі. Аўтар даклада адзначае, што многiя былыя польскiя грамадзяне беларускай нацыянальнасцi ўжо знайшлі сабе працу ў сельскай гаспадарцы на поўначы Францыi. Асаблівая ўвага звярталася на настроі, якiя панавалі сярод беларускiх эмiгрантаў. Аўтар пiсаў, што, нягледзячы на складаную гаспадарчую сiтуацыю, беларусы годна змагаюцца за сваё iснаванне: “Моц беларускай эмiграцыi ў Нямеччыне i Францыi ў тым, што яна гатовая да любой працы i бярэцца за любую работу”[13]. Разам з тым далей адзначаецца, што яе “слабасць <…> – у кепскім веданні замежных моў”[14].
Аўтар не абмiнуў увагай і стан рэлiгiйнага жыцця беларусаў у Нямеччыне. Ён канстатаваў, што сярод выгнанцаў нестае “незалежнiцкага праваслаўнага i каталiцкага духавенства”. Пра першае адзначалася, што большасць праваслаўных святароў падпарадкоўваецца Маскве[15]. Безумоўна, гэта было звязана з далучэннем у траўнi 1946 г. iерархаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) да Расiйскай праваслаўнай царквы за мяжой, якое атрымала розгалас у эміграцыйных колах. Польскiя дзеячы адмоўна ацэньвалi гэты крок, але не выказвалiся адкрыта ў справе абвяшчэння беларускай аўтакефалii. Адзначалася таксама, што, не маючы ўласных царкоўных будынкаў, у шэрагу выпадкаў праваслаўныя беларусы ўдзельнiчаюць ва ўкраiнскiх грэка-каталiцкiх набажэнствах[16].
Трэба адзначыць, што за рэлiгiйнымі справамі беларусаў пільна сачылі не толькi ўрадавыя колы, але і прадстаўнiкi Польскай aўтакефальнай праваслаўнай царквы (ПАПЦ). Паводле падлiкаў апошняй, у некаторых польскiх лагерах DP у Нямеччыне праваслаўныя складалі каля 5% ад колькасці ўсiх насельнікаў. Падкрэслiвалася, што актыўнасць беларусаў сярод iх была найменш заўважная ў параўнаннi з расiйцамi i ўкраiнцамi. У рапарце кiраўнiка ПАПЦ у эміграцыі архібiскупа Савы (Саветава), якi ў снежнi 1948 г. наведаў польскiх выгнанцаў у Заходняй Нямеччыне, адзначалася, што ў лагерах DP знаходзiлася 29 праваслаўных святароў, якiя паходзiлi з даваеннай Польшчы. Сярод гэтых асобаў быў і бiскуп Фiлафей (Нарко)[17]. Духавенства ПАПЦ на эміграцыі намагалася забяспечыць праваслаўных вернiкаў належнай духоўнай апекай, аднак адмоўна ставілася да росту нацыянальных рухаў сярод прадстаўнiкоў гэтага веравызнання. Такую пазіцыю выразна адлюстроўвае лiст архібiскупа Савы да мiнiстра ўнутраных спраў, мiнiстра замежных спраў i мiнiстра веравызнанняў ад 24 лютага 1949 г., дзе чытаем: “…падзел невялiкай групы праваслаўных на нацыянальныя групы лiчу супярэчным дзяржаўным iнтарэсам у справе абароны ўсходнiх крэсаў”[18]. Тым часам польскія палітычныя колы на эміграцыі турбаваліся, што праваслаўныя святары з 2-й Рэчы Паспалiтай характарызуюцца “недахопам пачуцця прыналежнасцi да польскай дзяржаўнасцi i схiльнасцю далучэння да сепаратысцкіх нацыянальных груп, што спавядаюць iншую дзяржаўную iдэалогiю, якая часам тычыцца пытання межаў польскай дзяржавы”[19].
Варта, аднак, падкрэсліць, што вышэйзгаданы архібіскуп Сава і іншыя святары, якія знаходзіліся ў ягонай юрысдыкцыі, адыгралі iстотную ролю ў рэлiгiйным жыццi польскiх эмiгрантаў праваслаўнага веравызнання, у тым лiку беларусаў. У сiтуацыi, калi сярод эмiгрантаў адчуваўся востры недахоп святароў, а нешматлiкая па-незалежнiцку настроеная iх частка была паглынута ўнутранымi сваркамi i непаразуменнямi, многiя шараговыя вернiкi, iмкнучыся забяспечыць сабе духоўную апеку, далучыліся да ПАПЦ. Архібіскуп Сава добра разумеў усю складанасць сітуацыі. З аднаго боку, як высокапастаўлены іерарх ПАПЦ, а да таго ж член палітычных структур польскага эміграцыйнага ўрада, ён мусіў захоўваць лаяльнасць да польскага боку і абараняць яго інтарэсы. З іншага боку, ён быў чалавекам, глыбока адданым iдэям сваёй царквы, таму шчыра дапамагаў сваiм вернiкам незалежна ад iх нацыянальнага паходжання. Неўзабаве беларускiя эмiгранты ў Нямеччыне i Англii склалi значную частку прыхаджан у тамтэйшых парафiях ПАПЦ. Архібiскупа Саву нават запрашалі на розныя грамадскiя мерапрыемствы беларусаў. Многія эмігранты-беларусы, якія не прызнавалі Раду БНР, далучыліся да парафій, створаных пад эгідай ПАПЦ. Прыкладам можа паслужыць парафія ў Лондане, якая складалася з прыхільнікаў БЦР[20].
У згаданым вышэй дакладзе эмiсару польскага эмiграцыйнага ўрада апісваўся і стан беларускага каталiцкага жыцця. У прыватнасці, расказвалася пра адкрыццё каталiцкай мiсii ў Парыжы i пра прыезд ксяндза Льва Гарошкi з Рыма ў Парыж. Звярталася ўвага на неабходнасць вяртання беларускiх каталiцкiх святароў з Азii (Маньчжурыi) у Еўропу, каб яны працавалi на карысць уласнага народа. Трэба адзначыць, што польскі эмісар вельмі прыхільна паставіўся да дзейнасці беларускіх святароў, у першую чаргу па прычыне іх прыналежнасці да “прапольскага” лагера ў беларускім эміграцыйным руху і ўдзелу ў працы клубаў “Міжмор’я”. Не пазбаўлены пэўных стэрэатыпаў аўтар рэферата наступным чынам характарызаваў рэлігійныя справы беларусаў: “Калi часам, як, напрыклад, у Парыжы, каталiцкi ксёндз здолее надаць сваёй працы выразна нацыянальнае аблiчча, заахвоцiць людзей казаннем i малiтвай на беларускай мове, то да яго злятаюцца ўсе беларусы, нават праваслаўныя. Цяпер iснуюць добрыя ўмовы для распаўсюджання каталiцкiх уплываў сярод беларускiх выгнанцаў. Гэта трэба рабiць у сувязі з нацыянальнай працай беларускiх святароў i без выразнай вайны з праваслаўем, для чаго неабходна дапамога i рашучая падтрымка Ватыкана”[21].
Аналiзаваны даклад адсочвае тэндэнцыi, якiя адбывалiся ў арганізацыях беларускiх эмiгрантаў у Францыi, Нямеччыне i Вялiкабрытанii. Так, гаворачы пра беларусаў у Францыi, аўтар згадвае дзейнасць рэдакцыi газеты “Беларускiя навiны”, якая выдавалася ў Парыжы. Многа ўвагi аддавалася асвятленню дзейнасцi Хаўрусу беларускай рабочай эмiграцыi ў Францыi i яго студэнцкай секцыi, што налiчвала 17 студэнтаў. Апроч таго, аналізавалася становішча ў Згуртаванні беларусаў у Вялiкабрытанii (ЗБВБ), якое выдавала часопiс “На шляху”. Аўтар вялікую ўвагу аддаў пастанове кiраўнiцтва ЗБВБ адносна запiсу польскiх жаўнераў беларускага паходжання ў Польскi корпус прыстасавання i размяшчэння[22].
Агульныя высновы польскага эмiсара былi надзвычай прыхiльныя да беларускай эмiграцыi. У прыватнасцi, палiтычныя перакананнi беларускiх выгнанцаў ацэньвалiся як высокаiдэйныя, адзначалася іх адданасць справе. З пункту погляду аўтара нататкi, у будучынi беларускiя эмiгранты мелі шанец стаць iстотным чыннiкам у адбудове незалежнай беларускай дзяржавы i ў кшталтаванні яе палiтычнага аблiчча. Адзначалася, што “беларускi незалежнiцкi рух на чужыне ў сваёй большасці выдатна ставiцца да саюзаў з iншымi народамi Мiжмор’я. Не варожы да Польшчы. Можна сцвярджаць, што найлепшыя яго прадстаўнікі хочуць шчыльнага саюзу з польскiм народам. Не ставяцца негатыўна да гiстарычных польска-лiтоўскiх унiй. Могуць стаць вельмi важным чыннiкам для шырэйшага польска-лiтоўска-беларуска-ўкраiнскага паразумення, здольным злагодзiць украiнскi i лiтоўскi шавiнiзмы”[23]. Вялiкі шанец паразумення з беларусамi прывёў аўтара даклада да пераканання падтрымлiваць беларускае жыццё пачынаючы з практычнага супрацоўнiцтва са Згуртаваннем беларусаў у Вялiкабрытанii (ЗБВБ). Перш за ўсё, прапанавалася наладзіць кантакты памiж галоўным камандаваннем Польскiх узброеных сiл на Захадзе (ПУСЗ) i гэтай беларускай арганiзацыяй. Бясспрэчным аўтарытэтам пры тым быў тагачасны старшыня ЗБВБ Вiнцэнт Жук-Грышкевiч. На думку польскага эмiсара, менавiта яго трэба было прыцягнуць да дзейнасці клуба федэралiстаў у Лондане[24]. Прыхiльнiкi палiтыкi польска-беларускага зблiжэння ў межах “Міжмор’я” не былi адзiнай сiлай на польскай палiтычнай арэне ў эмiграцыi ў адносінах да беларускай эмiграцыi. Iншы пункт погляду мела Нацыянальная партыя (НП), якая падтрымлівала канцэпцыю уніі Цэнтральнай Еўропы як канструктыўнага саюзу з прыдунайскімі народамі, ставячыся з насцярогай да шырэйшага “Міжмор’я”. НП разглядала беларускую справу як унутранае пытанне Польшчы. Так, некаторыя правадыры НП трактавалі ўсходнюю мяжу 2-й Рэчы Паспалiтай як польска-расiйскую, лічачы беларусаў і ўкраінцаў фактарамі, якія толькі ўскладняюць стасункі паміж Польшчай і Расiяй[25]. Да груповак у эміграцыі, якія адмоўна ставіліся да кантактаў з беларускімі эмігрантамі, належаў і Саюз усходніх земляў (СУЗ), сябры якога досыць хваравіта рэагавалі на любыя стасункі прадстаўнікоў польскага ўрада з беларускiмi эмiгрантамi. Сведчыць пра гэта нават дэкларацыя, выдадзеная Саюзам 24 лютага 1950 г. у Лондане. У гэтым дакуменце рэзка крытыкавалася падпісанне Дэкларацыі правоў чалавека міністрам замежных спраў Мечыславам Сакалоўскім, намеснікам старшыні Нацыянальнай рады Юліушам Лукасевічам і прадстаўнікамі ўкраінскай і беларускай эміграцыі (М. Абрамчык, Л. Рыдлеўскі). Сябры Саюза разглядалі гэты крок як здраду польскім дзяржаўным інтарэсам, якая пагражала тэрытарыяльнай цэласнасці Польшчы[26]. Заўважым, што беларуская праблематыка найчасцей з’яўлялася ў польскай эмiграцыйнай прэсе ў кантэксце дыскусii пра дзяржаўную прыналежнасць земляў “за Бугам”. У якасцi прыкладу прывядзем публiкацыю Станiслава Дыгата ад 27 сакавiка 1954 г. у лонданскiм “Дзённiку польскiм”. Гэта быў своеасаблiвы адказ на выступленне М. Абрамчыка з нагоды 36-й гадавiны абвяшчэння БНР, дзе беларускi лiдар згадаў пра лiнiю Керзана, адзначыўшы, што яна не была кепскай для беларусаў. Польскi аўтар крытычна паставiўся да заявы М. Абрамчыка, сцвярджаючы, што беларускае стаўленне да лорда Керзана цалкам неабгрунтаванае, паколькi, вызначаючы сваю лiнiю, брытанскi палiтык перадусiм бачыў у ёй польска-расiйскую мяжу, а пра iснаванне беларусаў нiчога нават i не ведаў[27].
У 1947–1948 г. у беларускай антысавецкай эміграцыі адбыўся палiтычны раскол, якi ўвайшоў у гiсторыю пад папулярнай назвай падзелу на “крывiчоў” i “зарубежнiкаў”. Коратка разгледзім, што стала прычынай гэтага расколу. На момант капiтуляцыi ў Трэцім Райху існавала адзiная беларуская палiтычная арганізацыя – Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР) на чале з прэзiдэнтам Радаславам Астроўскiм. Пасля капiтуляцыi Нямеччыны БЦР яшчэ непрацяглы час ажыццяўляла сваю дзейнасць. У перыяд з траўня да верасня 1945 г. адбылiся дзве сесii чарговага (XI) пленума Рады (23–24 траўня 1945 г.). Паколькі БЦР была створана пад патранажам акупантаў, а яе сябры актыўна супрацоўнічалі з нацыстамi, дзеячы гэтай арганiзацыi вырашылi прыпынiць дзейнасць Рады. Адпаведная ўхвала была прынята на паседжаннi XI пленума БЦР уначы з 23 на 24 верасня 1945 г. у Эшэрсбэкен (Заходняя Нямеччына). Там Р. Астроўскi абвясціў пра часовае спыненне дзейнасцi арганiзацыi. Без сумнення, на гэтае рашэнне паўплывала агульная мiжнародная атмасфера пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Савецкi бок распачаў сапраўднае паляванне на “здраднiкаў Айчыны”, якiя заплямiлi сябе супрацоўнiцтвам з акупантамi, а заходнiя саюзнікі намагалiся прытрымлівацца ўмоў Ялцінскага пагаднення i рупiлiся пра рэпатрыяцыю былых савецкiх грамадзян[28]. Адзначым, што паводле Ялцінскай дамовы прымусоваму вяртанню ў СССР не падлягалi асобы, якiя да верасня 1939 г. былi грамадзянамi 2-й Рэчы Паспалiтай. А менавiта гэтая катэгорыя была найбольш значная сярод беларускiх антыкамунiстаў, якiя знаходзiлiся ў лагерах для ваеннапалонных i лагерах DP. Дадзеная акалiчнасць, аднак, не заўсёды ратавала іх ад гвалтоўнага вывазу ў Савецкi Саюз. У пасляваенны час, асаблiва ў першыя месцы пасля заканчэння баявых дзеянняў, здаралiся выпадкi перадачы заходнiмi саюзнiкамi савецкаму боку непадлеглых прымусоваму вяртанню антыкамунiстаў з Усходняй Еўропы, якiя апынулiся на тэрыторыi Нямеччыны. У такой атмасферы некаторыя беларускiя эмiгранты палiчылi за лепшае “перачакаць неспрыяльныя часы”, спынiць палiтычную i грамадскую дзейнасць i ўзяць іншае прозвiшча[29].
У гэты час на палiтычнай сцэне беларускай эмiграцыi з’явіўся Мiкалай Абрамчык. У мiжваенны час гэты чалавек быў вядомы як адзiн са стваральнiкаў i кiраўнiкоў беларускай эмiграцыi ў Францыi. У гады Другой сусветнай вайны М. Абрамчык быў кiраўнiком Беларускага камiтэта самапомачы (БКС) у Берлiне, з 1943 г. жыў у Парыжы. Ён быў вельмi здольны палiтык. Яшчэ ў перыяд iснавання БЦР М. Абрамчык планаваў узнавіць працу Рады БНР на чужыне. У час, калi адзiная рэальная палiтычная арганізацыя беларусаў на эмiграцыi – БЦР – у вераснi 1945 г. спынiла сваё iснаванне, планы М. Абрамчыка набылi рэалiстычны характар. Узнаўленне Рады БНР стала фактам 28 снежня 1947 г. у мясцовасцi Oстэргофэн, у амерыканскай зоне акупацыi Нямеччыны, дзе было абвешчана пра яе адраджэнне i абраны новы склад. У Раду БНР увайшлi 72 асобы, а М. Абрамчык быў абраны яе старшынёй i прэзiдэнтам Беларускай Народнай Рэспублiкi. У выдадзенай з гэтай нагоды 29 снежня 1947 г. дэкларацыi адзначалася, што галоўная мэта Рады БНР – кансалiдацыя ўсiх беларускiх сiл i iх мабiлiзацыя для змагання за адраджэнне дзяржаўнасцi на дэмакратычнай глебе. Такiм чынам, узноўленая Рада БНР стала правамоцным спадкаемцам дзяржаўных структур БНР, абвешчанай 25 сакавiка 1918 г. у Мінску. Прыхiльнiкi М. Абрамчыка абгрунтоўвалі легальнасць свайго лiдара тым, што в. а. старшынi Рады БНР Васiль Захарка ў сваiм перадсмяротным тастаменце ад 6 сакавiка 1943 г. перадаў яму свае паўнамоцтвы[30]. Вакол гэтага дакумента дасюль не сцiхае дыскусiя, бо да канца Другой сусветнай вайны пра iснаванне тастамента Захаркi не было звестак. Ён быў апублікаваны на Захадзе ўжо ў пасляваенныя гады. Тастамент стаў iстотным аргументам, якi дазволiў узнавіць Раду БНР на чужыне пасля Другой сусветнай вайны. Разам з тым варта адзначыць, што частка эмiгрантаў выказвала сумненне ў аўтэнтычнасці гэтага дакумента, лiчачы, што Абрамчык ужо пасля смерцi Захаркi сфальшаваў яго, каб захапiць уладу ў пасляваенным беларускiм незалежнiцкiм лагеры. Цяпер немагчыма анi пацвердзiць сапраўднасць тастамента, анi давесці яго фальшывасць. Аднак няма сумнення, што Захарка яшчэ пры жыцці давяраў Абрамчыку i, цалкам магчыма, мог разглядаць яго ў якасцi свайго спадкаемцы[31].
Не робячы спробаў вызначыць сапраўднасць тастамента Захаркi, вернемся да перадумоваў палiтычнага расколу ў беларускай эмiграцыi. Неўзабаве пасля ўзнаўлення Рады БНР у Еўропу вярнуўся Р. Астроўскi, якi пасля расфармавання БЦР вырашыў перачакаць небяспеку ў Аргенціне. Гэты надзвычай амбiтны i харызматычны чалавек не збiраўся адмаўляцца ад палiтыкi. Зарыентаваўшыся ў сітуацыі, Р. Астроўскi паставiў на БЦР, дэкрэт пра ўзнаўленне якой быў выдадзены 25 сакавiка 1948 г. у мясцовасцi Браншвiг (Заходняя Нямеччына). У склад Рады маглi ўвайсці, мiж iншым: 1) делегаты 1-га i 2-га Усебеларускiх кангрэсаў, 2) сенатары i паслы парламента 2-й Рэчы Паспалiтай, абраныя з ліку беларускай меншасцi, 3) прадстаўнiкi святарства i палiтычных партый[32].
Паколькі М. Абрамчык не браў такога актыўнага ўдзелу ў беларускай дзейнасцi пад час Другой сусветнай вайны, як прэзiдэнт БЦР Р. Астроўскi, ён апынуўся ў значна больш выгаднай за яго сiтуацыi. М. Абрамчык намагаўся рэпрэзентаваць сябе як асобу, не заплямленую супрацоўнiцтвам з немцамi. Актыўная ж супраца Р. Астроўскага з нацысцкiмi акупантамi стала найслабейшым бокам прэзiдэнта БЦР у палемiцы са сваiмi нядобразычлiўцамi. Аднак сярод прыхiльнiкаў і Р. Астроўскага, i М. Абрамчыка не бракавала асобаў, якiя пад час акупацыi Беларусi актыўна супрацоўнiчалi з немцамі. Напрыклад, у склад Рады БНР увайшло нямала былых сяброў БЦР, якая існавала ў 1944–1945 г. У прыватнасцi, Яўген Калубовiч (Каханоўскi) стаў першым прэм’ерам урада БНР[33]. У сiтуацыi, калi БЦР ужо фармальна не iснавала, гэтыя людзi лічылі Раду БНР аптымальным варыянтам палiтычнай дзейнасцi ў паваенных рэалiях. Яшчэ адным слабым месцам адноўленай у 1948 г. БЦР было яе паходжанне. Яе прыхiльнiкi заяўлялі, што Рада “мае мандат ад беларускага народа” як адзiная легітымная беларуская ўлада ў эмiграцыi, якая атрымала свае паўнамоцтвы ад делегатаў 2-га Усебеларускага кангрэса. Аднак паколькi кангрэс, скліканы у чэрвенi 1944 г. у Мінску, адбыўся пад нямецкай пратэкцыяй, то гэты аргумент у пасляваеннай рэчаiснасцi быў вельмi хісткі. Каб пазбыцца “плямы калабарантаў”, дзеячы БЦР на XII пленуме арганiзацыi на паседжаннi 8–9 траўня 1948 г. зацвердзiлi новую рэдакцыю статута, больш прыстасаваную да новых рэалiй. Падкрэслiваўся той факт, што БЦР – адзiны правамоцны працяг дзейнасцi БНР, абвешчанай у сакавiку 1918 г.[34]. Але ў бязлiтаснай палiтычнай барацьбе нават гэты крок не выглядаў надта пераканаўча ў дыскусii з прыхiльнiкамi Рады БНР.
Палiтычнае змаганне памiж двума лагерамі часам набывала вельмi востры характар. Нi адны, нi другiя не грэбавалi ніякімі сродкамi. У прыватнасці, былі распаўсюджаны абвінавачванні апанентаў у варожай дзейнасцi на карысць iншаземных дзяржаў. Дзеячы Рады БНР ставілі ў віну Астроўскаму i яго паплечнiкам антыбеларускія дзеянні, iнiцыяваныя знешнімі сiламi. “Бэцээраўцаў” абвінавачвалі ў тым, што за іх плячыма стаяць савецкiя агенты. “Астроўшчыкам” прыпiсвалi русафiльства. Падставай для такіх абвінавачванняў было адмоўнае стаўленне БЦР да ідэі аднаўлення прыхiльнiкамi Рады БНР БАПЦ. Прапаганда БЦР прыпiсвала паплечнікам М. Абрамчыка спробу пашырэння каталiцтва сярод праваслаўных эмiгрантаў. Раду БНР абвінавачвалі ў схiльнасці да перамоваў з Ватыканам. Часам М. Абрамчыку ставілі ў віну тое, што ён ставіць пад пытанне правы беларускага народа на Заходнюю Беларусь. Нярэдка яго параўноўвалі з вялiкiм князем лiтоўскiм Ягайлам, роля якога ў гiсторыi беларусаў разглядалася адмоўна[35].
Як ставілася беларуская палiтычная эмiграцыя да Польшчы i палякаў? Адзначым, што да супрацоўнiцтва з польскiм бокам была гатовая Рада БНР. Ідэя польска-беларускіх супольных інтарэсаў не была чужая яе старшынi М. Абрамчыку. Пра гэта сведчыць той факт, што прэзiдэнт БНР не раз у сваіх працах казаў пра важнаць польска-беларускіх кантактаў, падкрэсліваючы супольнасць палітычных і эканамічных мэтаў абодвух народаў. У прыватнасці, пра гэта гаворыцца ў неапублікаваным артыкуле, прысвечаным пасляваеннаму польска-беларускаму супрацоўнiцтву. Абрамчык лічыў, што цеснае польска-беларускае ўзаемадзеянне павінна стаць апорай для незалежніцкіх рухаў народаў Усходняй Еўропы і супрацьвагай уплыву расiйскай эміграцыі. Ён быў перакананы, што пасля заканчэння Другой сусветнай вайны надышоў час згоды палякаў і беларусаў. Прэзiдэнт БНР планаваў распачаць польска-беларускія перамовы, якія мусілі стаць зыходнай кропкай для новых адносінаў паміж абодвума народамі. На думку Абрамчыка, чыннікі, якія дзейнічалі супраць супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы, былі мізэрнымі ў параўнанні з тым, чаго можна было дасягнуць пры ўзаемадзеянні абодвух народаў. Прэзiдэнт БНР меркаваў, што асноўная адказнасць у гэтым пытанні ляжыць на паляках, якія павінны былі прыняць або адпрэчыць беларускія прапановы[36]. У адным з інтэрв’ю Абрамчык, між іншым, казаў: “Сярод польскiх палiтычных дзеячаў сустракаецца ўжо нямала асобаў, якiя не толькi не пярэчаць нашаму законнаму праву на дзяржаўную незалежнасць у нашых этнаграфiчных межах, але нават бачаць у гэтым большую гарантыю незалежнасцi i свайго народу. Нажаль, людзi гэтыя яшчэ складаюць меншасць сярод сваіх суграмадзянаў. Беларуская дыпламатыя павінная дапамагчы iм стаць большасцю”[37].
Упершыню польска-беларускія перамовы ў эміграцыі адбыліся ў 1946 г., а потым – у траўні 1947 г. у Парыжы[38], калi міністр замежных спраў польскага ўрада ў эмiграцыi Адам Тарноўскі сустрэўся з прэзiдэнтам БНР. 27 траўня 1947 г. бакі ўзгаднілі праект польска-беларускай дэкларацыі (гл. дадатак)[39]. Пад час парыжскіх перамоваў вясной 1947 г. Абрамчык вызначыў тэмы, якія трэба было ўзгадніць: 1) справа прэсавага пагаднення, 2) справа беларускіх кніжных выдавецтваў, 3) справа амерыканцаў беларускага паходжання[40]. Польска-беларускія перамовы працягваліся летам 1947 г. у Лондане. Візiт М. Абрамчыка ў Лондан працягваўся з 10 ліпеня да 6 жніўня 1947 г. За гэты час быў праведзены шэраг афіцыйных і неафіцыйных сустрэч з міністрамi А. Тарноўскiм і Т. Гвяздоўскiм, дырэктарам С. Папроцкiм. Асабліва важнымі сталі кантакты Абрамчыка са старшынёй Рады міністраў ген. Т. Борам-Камароўскім, а таксама з ген. С. Капаньскім, ген. У. Андэрсам і ген. А. Вісьнеўскім[41]. Пад час сустрэчы М. Абрамчыка і В. Жук-Грышкевіча з міністрам унутраных спраў Зыгмунтам Беразоўскім беларускі бок прасіў у палякаў фінансавай дапамогі для беларускіх эмігрантаў у Нямеччыне. У выніку міністр Беразоўскі згадзіўся на: 1) выдаткаванне крэдыту памерам 350–400 фунтаў; 2) перадачу Камітэту беларускіх эмігрантаў у Нямеччыне 30 000 цыгарэт; 3) перадачу матэрыяльнай і тэхнічнай дапамогі вызначанаму Абрамчыкам беларускаму эмісару, які павінен быў быць накіраваны на тэрыторыі, населеныя беларусамі ў Польшчы і СССР, і вярнуўся назад[42]. Нягледзячы на шматабяцальны пачатак, перамовы не мелі працягу, i карэннага пералому ў польска-беларускіх стасунках не адбылося[43].
Спынімся на тым, як гэтыя палiтычныя непаразуменнi, якiмi былi прасякнуты практычна ўсе галiны жыцця беларускіх эмiгрантаў, выглядалi ў вачах палякаў на Захадзе. За ходам расколу i яго наступствамi для справы польска-беларускiх кантактаў сачылi многія польскiя палітычныя дзеячы, якія, па сутнасцi, глядзелi на гэтую з’яву праз прызму Рады БНР. Прэса i друк “бэнээраўцаў” былi, бадай, асноўнай крынiцай, з якой староннія назіральнікі маглі сачыць за сваркамi ў беларускiм лагеры. У справаздачах i рапартах польскiх дзеячоў нярэдка можна знайсці цэлыя фрагменты з выданняў прыхiльнiкаў Рады БНР – газет “Беларускiя навiны” (Парыж), “Беларус на чужыне” (Таронта, Канада), “Бацькаўшчына” (Мюнхен). Пры гэтым пазіцыя Р. Астроўскага i яго паплечнiкаў цалкам адсутнiчала. Уяўленне пра яго палiтычныя погляды i дзейнасць фармавалася фактычна пад уплывам iнфармацыi, якую падавалі прыхiльнiкі М. Абрамчыка. Польскі прадстаўнік, які браў удзел у паседжанні Мiжнароднага камiтэта выгнанцаў лагераў DP (6 чэрвеня 1948 г.), паведамляў наступнае: “Беларуская група вядзе цяжкую ўнутраную барацьбу з русафільскай дыверсіяй, якой кіруюць былы нямецкі калабарант Астроўскі, віленскі дырэктар гімназіі і праваслаўны клер, які вырваўся з-пад улады Аўтакефальнай царквы, падпарадкаваўшы яе Маскве. Прыхільнікі гэтага руху здолелі ў некаторых беларускіх лагерах ахапіць сваім уплывам да 30% насельнікаў. Прэзідэнт “Беларускай Нацыянальнай Рады” М. Абрамчык, які знаходзіцца пад польскім уплывам, назваў гэтую з’яву пераходнай, але, тым не менш, звяртаецца да палякаў з просьбаю пра ўзаемадзеянне і дапамогу ў польскіх лагерах, дзе жывуць і беларусы”[44].
Падобнае стаўленне польскiх палiтыкаў да канфлiкту памiж “крывiчамi” i “зарубежнiкамi” назiралася не толькi ў Еўропе, але i ў Паўночнай Амерыцы. Прадстаўнік польскага эміграцыйнага ўрада ў ЗША ў 1951 г. паведамляў: “Сярод беларусаў адбываецца барацьба паміж урадамі Абрамчыка і Астроўскага. Гэты ўнутраны раскол беларусаў прывёў да таго, што паездка Абрамчыка ў 1950 г. у ЗША, у арганізацыйным плане зусім не безвыніковая, не прынесла большага плёну, паколькі амерыканскія літоўцы падтрымліваюць кантакт з Астроўскім”[45]. Тым часам прадстаўнiкi Рады БНР сустрэлі добры прыём польскімі эмігрантамі ў Амерыцы. Першыя беларусы, якія прыбывалі з Еўропы ў ЗША, былі вельмі зацікаўленыя ў дапамозе палякаў, якія даўно жылі тут. Беларуская дыяспара ў ЗША, сфармаваная перад Другой сусветнай вайной, не была ахоплена беларускім нацыянальным рухам і трапіла пад польскія і расійскія ўплывы. Адным з паплечнiкаў М. Абрамчыка, якi наладзіў кантакты з амерыканскiмi палякамi, быў Станiслаў Станкевiч. З дапамогай польскага святарства ў асобе ксяндза Друцкага-Любецкага яму ўдалося наладзіць вельмі карысныя кантакты з уплывовымі каталіцкімі коламі ў ЗША. Беларускi дзеяч быў ацэнены тамтэйшымi польскiмi дзеячамi як “прадстаўнiк польскай iнтэлiгенцыi” i “адзiн з найбольш iнтэлiгентных беларусаў”. Прычынай такіх станоўчых ацэнак сталі выхаванне Станкевiча i яго мiнулае, цесна звязанае з даваеннай польскай дзяржавай. Такiя факты бiяграфii, як вучоба ў Вiленскім унiверсiтэце iмя Стэфана Баторыя, а таксама знаёмствы ў асяроддзi даваеннай польскай навуковай элiты стваралi ў людзей, якiя добра памяталi часы 2-й Рэчы Паспалiтай, вобраз Станкевiча як часткi польскага культурнiцкага свету. Праўда, гэта не значыла, што памiж польскiмi i беларускiмi эмiгрантамi не было палiтычных разыходжанняў. Пра гэта сведчыць ліст С. Папроцкага ў Мiнiстэрства замежных спраў ад 13 кастрычніка 1948 г., дзе чытаем: “Вельмі непрыемную пазiцыю займаюць беларусы, а найбольш Станкевіч, які падымае шырокі розгалас вакол этнаграфічнага прынцыпу, акрамя таго, ён ілжыва заявіў у “Бацькаўшчыне”, быццам бы дэклaрацыя Мюнхенскага клyба не была прынятая аднагалосна і з яго згоды, а другая частка дэкларацыі была адтэрмінаваная. Я напісаў яму наконт гэтага ліст, але нe ведаю, чаму ён такі заўзяты”[46].
Прыхільнікi Рады БНР па зразумелых прычынах пад час перамоваў з польскім бокам спрабавалі прадставіць польскім перамоўцам фігуру Астроўскага і БЦР у як мага найгоршым святле. Прадстаўнікі Рады БНР, жадаючы выглядаць у вачах міжнароднай думкі адзіным законным беларускім палітычным прадстаўніцтвам у эміграцыі, стваралі вобраз сваёй арганізацыі як сілы, якая супрацьстаіць дзеянням “расiйскіх дывeрсантаў і камуністычных агентаў”, накіраваным супраць цэласнасці беларускага руху ў эміграцыі. Пад уплывам звестак, якія польскі бок атрымліваў з крыніц Рады БНР, у палякаў склалася думка пра БЦР як пра “зацяты антыпольскi элемент”, “беларускіх квіслінгаў” і “калaбарантаў з нямецкімі ўладамі”[47]. Нярэдка можна сустрэць таксама меркаванне пра БЦР як пра “дыверсiю на карысць чырвоных i белых расiйцаў”. У якасці доказу дзейнасці “астроўшчыкаў” на карысць расійцаў найчасцей рабіўся закід пра тое, што БЦР не хацела падтрымаць рэактывацыю ў 1948 г. Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якая ўзнікла пры дапамозе прыхільнікаў Рады БНР[48][]. Пад уплывам Абрамчыка ў свядомасці польскіх палітыкаў умацавалася перакананне, што Астроўскі – гэта “русафільскі дыверсант”, які імкнецца да беларуска-расiйскага збліжэння[49]. Трэба прызнаць, што вышэйзгаданыя абвінавачанні былі беспадстаўнымі і не мелі нічога агульнага з рэчаіснасцю. Астроўскаму і яго прыхільнікам не былі ўласцівы ані прапольскія, ані прарасiйскі настроі. Па сутнасці, прадстаўнікі Рады БНР свядома ўводзілі ў зман сваіх польскіх партнёраў па перамовах, прыпісваючы БЦР прарасійскія погляды і дыструктыўныя намеры.
Варта задаць пытанне: чаму, у адрозненне ад М. Абрамчыка, яго палiтычны апанент Р. Астроўскi не здолеў дасягнуць даверу польскай эмiграцыi на Захадзе? Адказ просты: паспяховыя кантакты паміж польскiм бокам i БЦР былі немагчымыя ў прынцыпе. Пра стаўленне дзеячаў БЦР да польскай эміграцыі красамоўна сведчыць пастанова 13-й сесіі Пленума БЦР (сакавік 1953 г.), дзе ідзе гаворка пра “польскую імперыялістычную палітыку ў эміграцыі ў дачыненні да Беларусі”[50]. Аднак цi тэрытарыяльныя разыходжаннi сталi прычынай варожасці? Непрыманне рыжскай мяжы 1921 г. было ўласцiва як “крывічам”, так i “зарубежнікам”. Абодва беларускiя лагеры ні за што не хацелі прызнаць права палякаў на землі на ўсход ад Буга. Тым не менш у выпадку Рады БНР удалося дасягнуць хоць нейкай згоды i сесцi за стол перамоваў. У адрозненне ад гэтага Астроўскі і яго акружэнне не бачылі патрэбы ў кантактах з польскім урадам у эміграцыі. Квінтэсенцыяй замежнай палітыкі лагера БЦР стала нежаданне любой магчымасці перамоваў з палякамі. Палітыкі ад БЦР з пагардай ставіліся да праектаў “Міжмор’я”, называючы іх “папяровымі”. Жэсты некаторых польскіх палітыкаў у эміграцыі ў адносінах да беларусаў успрымаліся выключна як своеасаблівы наркоз, які павінен быў усыпіць чуйнасць і актыўнасць беларускага боку. Адным з галоўных бэцээраўскіх абвінавачанняў на адрас Рады БНР была і прыпісаная камандзе Абрамчыка падатлівасць і ўступлівасць перад палякамі. Прыхільнікі Астроўскага лічылі, што пагадненне Рады БНР з палякамі магчымае толькі коштам беларускіх інтарэсаў. Таму прапаганда БЦР кпіла з палітыкі Абрамчыка, накіраванай на паразуменне з польскай эміграцыяй, а сам прэзiдэнт БНР разглядаўся як пешка ў чужой гульні. Любыя кантакты старшынi Рады БНР з прадстаўнікамі польскага боку ўспрымаліся БЦР як здрада беларускім дзяржаўным інтарэсам. У колах “астроўшчыкаў” хадзіла нават плётка, якая прыпісвала прэзiдэнту БНР выказванне, быццам ён “не збіраецца змагацца з палякамі за два ці тры беларускія паветы”. Астроўскі прыкладаў усе магчымыя намаганні, каб давесці сваім прыхільнікам, што палякі нічым не лепшыя за расійцаў па ступені пагрозы для беларусаў. Што стала прычынай такога пункту погляду? Рызыкнем выказаць меркаванне, што такая скрайне антыпольская пазіцыя ў пэўнай ступені тлумачылася непрыемным досведам прэзiдэнта БЦР з ранейшага супрацоўнiцтва з палякамі. Усе спробы перамоваў як у міжваенны перыяд, так і пад час Другой сусветнай вайны скончылiся нічым. У многіх польскіх дзеячаў прозвішча Астроўскага атаясамлiвалася перадусім з бясслаўнымі палітычнымі авантурамі ў міжваенны час. З пункту погляду польскага боку Астроўскі быў здраднікам, паколькі паказаў сябе як бальшавiцкi, а потым нямецкі калабарант[51]. Таму можна зрабіць выснову, што Астроўскі ўсведамляў, што нe мае добрай рэпутацыі ў лaгеры польскай палітычнай эміграцыі, а таму палічыў за лепшае не рабіць новых спробаў паразумецца з ёю. Апроч таго, на стаўленне БЦР да Польшчы паўплывала і тое, што Абрамчык першы пачаў супрацоўнiчаць з польскімі эмігрантамі і для Астроўскага на гэтым полі дзейнасці замежнай палітыкі папросту не было месца.
З сярэдзіны 1950-х г. паміж польскiмі i беларускiмі эмігрантамі паступова знiкла ўзаемнае зацiкаўленне. Гэты працэс быў выкліканы агульнай мiжнароднай сiтуацыяй: надзея на хуткае вяртанне на радзiму як для палякаў, так i для беларусаў стала прывіднай. У роспачы многiя эмiгранты адышлі ад актыўнай палiтычнай дзейнасцi, а снаваннне планаў на будучыню пасля вызвалення Усходняй Еўропы ад камунiзму зрабілася неактуальным. Адпаведна, паступова страцілася і цікавасць да таго, што адбывалася ў лагеры суседзяў. Гэта можна заўважыць на прыкладзе польскіх і беларускіх эмігрантаў-антыкамуністаў. У другой палове 1950 г. польска-беларускія кантакты мелі характар амаль выключна прыватных знаёмстваў.
Праект Лондан, дня 27 траўня 1947 г.
Польска-беларуская дэкларацыя
Зважаючы на тое:
- што, досвед абодвух народаў у перыяд нямецкай i савецкай акупацыi, а таксама цяперашняя сiтуацыя пад савецкiм ярмом, паказалi як нiколi раней у гiсторыi, якой небяспекай не толькi для волi i незалежнасцi абодвух народаў, aле i самога iх iснавання, ёсць нямецкi i маскоўскi iмперыялiзм;
- што, абодва народы маюць глыбокую свядомую сувязь з прынцыпамi хрысцiянскага свету, у абароне якiх перад нямецкiм варварствам i расiйскiм усходам, неслi i надалей гатовыя несцi найвышэйшыя ахвяры крывi i жыцця;
- што, абодва народы згаджаюцца ў тым, што будучыя формы грамадскага быту i прынцыпы дзяржаўнага ладу павiнны забяспечыць грамадзянам iстотны ўплыў на фармаванне супольнага жыцця;
урачыста заяўляецца:
- што будуць iмкнуцца ўзаемна падтрымлiваць адзiн аднаго ў цяперашнiм змаганнi за волю i незалежнасць абодвух народаў, да канчатковай перамогi;
- што будуць шукаць на чужыне найшчыльнейшага i найбольш мэтазгоднага кантакту ў супольна ажыццяўляемай палiтычнай акцыi;
- што будуць узаемадзейнiчаць у акцыi, якая мае на мэце стварэнне палiтычных, культурнiцкiх i гаспадарчых паразуменняў памiж народамi Міжмор’я балтыйска-чарнаморска-адрыятычнага, якiя ёсць гарантыяй нацыянальнай свабоды i спакою ў гэтай частцы Еўропы перад савецкiм i нямецкiм iмперыялiзмам;
- што будуць аказваць сабе ўзаемную дапамогу ў галiне выгнанцаў, якая будзе датычыць як канкрэтных матэрыяльных, грамадскiх i нацыянальных патрэбаў, так i абароны супольных пастулатаў выгнанцаў на тэрыторыi адпаведных мiжнародных суб’ектаў;
а таксама сцвярджаецца,
што яны поўныя рашучасцi вырашыць усе спрэчныя справы, якiя могуць памiж iмi ўзнiкнуць мiрным шляхам у духу сяброўства, слушнасцi i справядлiвасцi беручы пад увагу як iнтарэсы паасобных бакоў, так i iнтарэсы той галоўнай палiтычнай супольнасцi, якую маюць намер супольна стварыць пасля вяртання поўнай волi i незалежнасцi.
Крынiца: IPMS, sygn. A.11E. 1110.
[1] Белорусские остарбайтеры: историческо-aналитическое исследование. Mинск, 2001. С. 288; Kiпель В. Беларусы ў ЗШA. Mінск, 1993. С. 159.
[2] Шырэй гл.: Maксiмюк Я. Беларуская гiмназiя iмя Янкi Kупалы ў Заходняй Нямеччыне 1945–1950. Ню-Ёрк – Беласток, 1994. С. 29–42; Вiнiцкi А. Maтарыялы да гiсторыi беларускай эмiграцыi ў Нямеччыне ў 1939–1951 гадох. Мінск, 1994. С. 73–217.
[3] Не зусім зразумела, на падставе якіх крыніц польскі аглядальнік рабіў высновы пра колькасны склад беларускіх уцекачоў. Таму гэтыя звесткі трэба разглядаць як вельмі ўмоўныя. Instytut Polski i Muzeum im. gen. Sikorskiego (IPMS). Białoruskie uchodźstwo niepodległościowe. Sygn.: A.11E.1110.
[4] Лагер паўстаў у лiпенi 1945 г. i праiснаваў да лютага 1950 г. Агульным лікам праз яго прайшло каля 1,5 тыс. жыхароў.
[5] Polski Żołnierz Prawosławny (Rzym) 1945. Nr 2. S. 6.
[6] Алехнік А. Пад бел-чырвона-белым. Вільня, 1999. C. 55–58.
[7] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора й сяньня. Мiнск, 1993. C. 349.
[8] Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны (ББФС). Архіў а. Гарошкі, З жыцьця беларусаў у польскім лягеры Вільдфлекен – частковае выдзяленьне і ад’езд у аддзельныя беларускія лягеры. C. 1-2.
[9] Тамсама. C. 5.
[10] Тамсама. C. 4, 6.
[11] Białorusini walczą o swoje prawa // Kronika (Paryż). 1947. Nr 28.
[12] Z życia białoruskiego // Kronika (Paryż). 1947. Nr 37.
[13] IPMS. Białoruskie uchodźstwo niepodległościowe. Sygn.: A.11E.1110.
[14] Ibidem.
[15] Ibidem.
[16] IPMS. Białoruskie uchodźstwo niepodległościowe. Sygn.: A.11E.1110.
[17] Ibidem.
[18] IPMS. List arcybiskupa Sawy (Sowietowa) do MSW, MSZ, MWR z 24 lutego 1949 r. Sygn.: A11.1483.
[19] IPMS. Protokół konferencji w sprawie unormowania zagadnień Autokefalicznej Cerkwi Prawosławnej w Polsce. Monachium, 20 października 1949 r. Sygn.: A11.1483.
[20] Найдзюк Я., Kaсяк I. Беларусь учора… C. 373.
[21] IPMS. Białoruskie uchodźstwo niepodległościowe. Sygn.: A.11E.1110.
[22] Ibidem. Гаворка iшла пра камунiкат ЗБВБ № 10 ад 22 верасня 1946 г., у якім быў надрукаваны заклік да беларусаў, што служылi ў Польскiх узброеных сiлах на Захадзе, каб тыя ўступалi ў Польскi корпус прыстасавання i размяшчэння, што быў часткай брытанскiх узброеных сiл. Гл.: Grzybowski J. Białorusini w polskich regularnych formacjach wojskowych w latach 1918–1945. Warszawa, 2007. S. 303.
[23] IPMS. Białoruskie uchodźstwo niepodległościowe. Sygn.: A.11E.1110.
[24] Ibidem.
[25] Myśl polska (Londyn) 1947, nr 11.
[26] IPMS. Deklaracja Związku Ziem Południowo-Wschodnich z dn. 24 lutego 1950 r. Sygn.: A. 11E.1174.
[27] IPMS. Artykuł St. Dygata „Czyja granica” z dn. 27 marca 1954 r. Sygn.: A.11.E.1110.
[28] Рэферат Ю. Сабалеўскага “Стратэгiя i тaктыка БЦР” ад 28 сакавiка 1953 г. // Бюлетэнь Беларускай Цэнтральнай Рады. 1954. № 1. C. 21–22.
[29] Раманоўскi B. Саўдзельнiкi ў злачынствах. Miнск, 1964. С. 205–206.
[30] ББФС. Тастамент В. Захаркi ад 6 сакавiка 1943 г.; Maксiмюк Я. Белaрускaя гiмназiя… С. 98–99.
[31] Увосень 1943 г. Aбрамчык звярнуўся з заклiкам да беларускiх арганiзацый з просьбай дасылаць на яго адрас сваю выдавецкую лiтаратуру з мэтай стварэння беларускага архiва ў Празе. Archiwum Akt Nowych (AAN). Informacja narodowościowa nr 3, 30 września 1943 r. Sygn.: 202-III-123. K. 165.
[32] Беларускае Cлова. 1950. 25 сакавiка. C. 8–10.
[33] Maксiмюк Я. Белaрускaя гiмназiя… С. 98.
[34] Беларускае Слова. 1950. 25 сакавiка. C. 8–10.
[35] Рэферат Ю. Сабалеўскага “Стратэгiя i тaктыка БЦР” ад 28 сакавiка 1953 г. // Бюлетэнь Беларускай Цэнтральнай Рады. 1954. № 1. C. 21–22.
[36] Машынапіс артыкула M. Абрамчыка пад назвай “Польска-беларускія адносіны ў мінулым і ў цяперашні час” (арыгінал па-расійску). Арыгінал знаходзіцца ў зборах Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (БІНІМ); копія ў распараджэнні аўтара.
[37] Інтэрв’ю М. Абрамчыка // Бацькаўшчына. 1950. № 1(61). С. 3.
[38] Больш падрабязна пра польска-беларускiя стасункi ў эмiграцыi ў 1946–1950 г. гл.: Grzybowski J. Stosunki polsko-białoruskie na emigracji w latach 1946–1950 // Studia Interkulturowe Europy Środkowo-Wschodniej. 2007. Nr 1. S. 35–47.
[39] IPMS. Deklaracja polsko-białoruska z 27 maja 1947 r. (projekt). Sygn.: A.11E. 1110.
[40] IPMS. Notatka F. Królikowskiego o rozmowach z M. Abramczykiem z dn. 19.6.1947 r. Sygn.: A.11E.1110.
[41] IPMS. Notatka z pobytu Prezydenta BRL Mikołaja Abramczyka w Londynie od 10.7.47 do 6.8.1947 r. Sygn.: A.11E.1110.
[42] IPMS. Notatka w sprawie 30.000 papierosów dla organizacji białoruskich w Niemczech z 29 września 1948 r. Sygn.: A.11.E.1110.
[43] Tarka K. Emigracyjna dyplomacja. Polityka zagraniczna Rządu RP na Uchodźstwie 1945–1990. Warszawa, 2003. S. 105–106.
[44] IPMS. Raport z posiedzenia Międzynarodowego komitetu uchodźców politycznych i DP w Niemczech z 6 czerwca 1948 r. Sygn.: A.11.E.1158.
[45] IPMS. Ref. “Zagadnienie Środkowo-Wschodniej Europy na Emigracji (wrzesień 1949 – kwiecień 1951)”. Sygn.: A.11.E.1174.
[46] IPMS. List S. Paprockiego do MSZ z dn. 13 października 1948 г. Sygn.: A.11.E.873.
[47] IPMS. Ref. ”Naczelne organizacje polityczne wśród emigracji z krajów Środkowo-Wschodniej Europy”. Sygn.: A.11.E.873.
[48] IPMS. Sprawozdanie S. Paprockiego z przebiegu rozmów z M. Abramczykiem w Paryżu z 12 maja 1948 r. Sygn.: A.11.E.1110.
[49] IPMS. Notatka M. Grabińskiego do Ambasady RP w Paryżu z dn. 20 listopada 1948 r. Sygn. : A.11.E.874; Ibidem, Sprawozdanie S. Paprockiego z przebiegu rozmów z M. Abramczykiem w Paryżu z 12 maja 1948 r. Sygn.: A.11.E.1110.
[50] Пастанова 13-га пленума БЦР у справе стратэгіі й тактыкі БЦР // Бюлетэнь Беларускай Цэнтральнай Рады. 1954. № 1. С. 23.
[51] IPMS. Referat oficera – kierownika ekspozytury wileńskiego oddziału II generalnego (głównego) sztabu WP, marzec 1944 r. Sygn.: A.9.V.18.