БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

SAVCHENKO, ANDREW. Belarus – a Perpetual Borderland. Brill Academic Publishers, 2009. 239 p.

У 20 томе БГА (2013)

Дысцыплінарную прыналежнасць сваёй кнігі аўтар апісвае як даволі эклектычную храналагічна структураваную працу на памежжы сацыялогіі і паліталогіі з некаторымі элементамі эканамічнага аналізу, раскіданымі па ўсім тэксце (с. ІХ). Выкарыстоўваючы адпаведныя тэорыі і канцэптуальныя рамкі, у якасці мэты кнігі аўтар называе даследаванне схільнасці Беларусі да захавання савецкіх сацыяльных структур і інстытуцый і тлумачэнне цяперашніх асаблівасцяў сацыяльнага і палітычнага ландшафту Беларусі праз даследаванне доўгай гісторыі краіны як памежжа (borderland) Расіі і Еўропы (тамсама).

Кніга складаецца з трох частак, уступу і заключэння. Ва ўступе, які мае назву “Вобразы, канцэпцыі і гісторыя памежжа” (Images, Concepts and History of a Borderland), гэтыя пытанні разглядаюцца ў кантэксце беларускай сітуацыі. Аўтар лічыць, што цяперашнія асаблівасці развіцця Беларусі неабходна тлумачыць з перспектывы пазіцыі Беларусі як памежжа, якая моцна паўплывала на рух краіны ў сучаснасць. Ён паказвае асаблівасці беларускага гарадскога пейзажу як бачнай характарыстыкі статусу краіны як памежжа; савецкая архітэктура Мінска, адбудаванага з руін пасля Другой сусветнай вайны, таксама разглядаецца як адлюстраванне гісторыі краіны (2–3). А. Саўчанка зазначае, што падкрэсліванне становішча Беларусі як памежжа паміж Захадам і Усходам характэрна для аўтараў, якія пішуць на беларускую тэматыку (Вакар, Запруднік, Марплз). Размяшчэнне паміж двума магутнымі і культурна рознымі суседзямі, Польшчай і Расіяй, падтрымліваецца тэарэтычнымі спасылкамі на цывілізацыйнае бачанне сусветнай гісторыі і палітыкі (Белаградскі, Хантынгтан, Парсанс). А. Саўчанка падкрэслівае, што культурныя ўплывы гэтых дзвюх магутных суседніх краін могуць такім чынам разглядацца ў якасці вызначальнага фактара беларускай ідэнтычнасці, параўнальнага па сваім значэнні з тэндэнцыямі ўнутранага паходжання (5). Аўтар сцвярджае, што ў адрозненне ад Еўропы з яе штораз большым постмадэрнісцкім і постнацыянальным самаўспрыманнем для Беларусі мадэрнасць і нацыянальнасць усё яшчэ застаюцца галоўнымі крытэрыямі сістэмы адліку (1).

Такім чынам, кніга прысвечана “беларускай нацыянальнай ідэі, што ўвасобілася ў форме сучасных нацыянальных інстытуцый толькі пачынаючы з 1920-х г. як частка савецкага праекта” (тамсама). Таму, сцвярджаецца, што пасля распаду СССР Беларусь і яе эліты не мелі іншага бачання дзяржаўнасці, чым “набор нацыянальных інстытутаў, атрыманых у спадчыну ад савецкай эпохі і здольны выжыць толькі ў сімбіёзе з Расіяй” (тамсама).

Першая частка называецца “Стварэнне памежжа” (The Making of a Borderland) і канцэнтруецца на сітуацыі Беларусі пад час мадэрнізацыі і нацыянальнага развіцця, якая храналагічна ахоплівае перыяд з XVI ст. да канца Першай сусветнай вайны. Яна пачынаецца тэзісам аўтара пра тое, што незалежная Беларусь “не змагла развіць палітычных і культурных арганізацый, звязаных з сучаснай Еўропай” (15). А. Саўчанка сцвярджае, што большасць краін усходняй перыферыі Еўропы, раней падкантрольных Расіі (краіны Балтыі і Украіна), “звычайна лічаць сябе членамі пэўнага еўрапейскага “суседства”. Гэтая характарыстыка, аднак, не тычыцца Беларусі, бо яна ніколі не мела моцнай плыні грамадскай думкі або ўплывовай групы інтэлектуалаў, якія змаглі б звязаць беларускую нацыянальную дзяржаву з пэўным еўрапейскім “суседствам” (15–16). Аўтар таксама апісвае досвед незалежнасці балтыйскіх нацыянальных дзяржаў у міжваенны час і робіць дыяхранічнае параўнанне паміж міжваеннымі краінамі Балтыі і постсавецкай Беларуссю, спасылаючыся на пэўныя падабенствы, такія, як развіццё ўласных нацыянальных інстытуцый і сімвалаў (хоць з рознай прыродай і сэнсамі) і шлях ад неэфектыўнай дэмакратыі ў спалучэнні са значнымі эканамічнымі цяжкасцямі ў бок “адносна спрыяльны дыктатуры” (18). Хоць храналагічнае апісанне нацыянальнага развіцця Беларусі з XVI ст. да канца Першай сусветнай вайны ў гэтай частцы даволі дакладнае і адлюстроўвае розныя пункты гледжання на гэтыя працэсы, варта звярнуць увагу на некаторыя аспекты, якія неабходна разглядзець падрабязней.

Па-першае, А. Саўчанка піша, што шляхта (gentry) ВКЛ ажыццяўляла дзейнасць дзяржавы на мове, якую яна называла “рускай / расійскай” (Russian), а праз некалькі сказаў сцвярджае, што арыгінальны тэрмін ruski можа быць больш дакладна перакладзены як “русінскі” (Ruthenian; 28). Гэтая гульня тэрміналогіі здаецца непатрэбнай, бо яна падымае больш пытанняў, чым дае адказаў, а таксама ў пэўнай ступені дэзарыентуе чытача, не знаёмага з гісторыяй рэгіёна. Акрамя таго, слушна паказваючы пазнейшую “нацыяналізацыю” гісторыі ВКЛ, аўтар робіць шэраг супярэчлівых заяваў. Сцвярджаючы, што палітычная нацыя ВКЛ (шляхта) “была ні беларускай, ні рускай / расійскай (Russian), дакладна не ў цяперашнім значэнні гэтага тэрміна”, А. Саўчанка адначасова падкрэслівае яе падзел на “этнічна літоўскі” (ethnically Lithuanian) і “славянскі” (Slavic) кампаненты з наступным рэлігійным падзелам па прыкмеце этнічнасці. Акрамя таго, аўтар лічыць, што “ўся дыскусія наконт этнічнага паходжання славянскага кампанента літоўскай шляхты – у значнай ступені праекцыя палітычных поглядаў сучасных назіральнікаў на цалкам іншую культурную і палітычную структуру” (28). Хоць апошняя заўвага фармальна слушная, бо дамадэрная ідэнтычнасць значна адрозніваецца ад сучаснай, спецыяльнае вылучэнне этнічна балцкага кампанента і яго фактычнае атаясамленне з прыналежнасцю да сучаснай літоўскай ідэнтычнасці выглядае супярэчлівым агульнай лаяльнасці ўсёй шляхты ВКЛ да ўласнай дзяржавы.

Па-другое, аўтар не надта знаёмы з гісторыяй беларускай мовы, у прыватнасці, з развіццём традыцыі выкарыстання лацінскага алфавіту для запісу беларускіх тэкстаў. Напрыклад, цытуючы беларускамоўны верш Сыракомлі пра Кракаўскае паўстанне 1846 г., А. Саўчанка сцвярджае, што яго правапіс “ні польскі, ні беларускі” (52), хоць напісанне лацінскімі літарамі адпавядае варыянту, які беларускія аўтары выкарыстоўвалі ў тыя часы. Недастатковае веданне гісторыі беларускай мовы можна таксама прасачыць у спосабе транслітарацыі назвы “Мужыцкай праўды” (арыгінальная назва: Mużyckaja Prauda), антырасійскай газеты, якую беларускай лацінкай выдаваў Кастусь Каліноўскі, як “Muzhitskaya Pravda” (44). У пытанні выкарыстання мовы таксама характэрна, што аўтар не зусім абгрунтавана ўжывае розныя спосабы напісання прозвішчаў двух пакаленняў актывістаў беларускага нацыянальнага руху. Калі прозвішчы першага пакалення беларускіх нацыянальных актывістаў пішуцца ў адпаведнасці з польскай мовай (Bohuszewicz, DuninMarcinkiewicz), то другога – згодна з правіламі транслітарацыі Бібліятэкі Кангрэсу (Lutskevich, Pashkevich, Bahdanovich).

Другая частка называецца “Свет з Усходу” (Ex Oriente Lux). Храналагічна яна пачынаецца з канца Першай сусветнай вайны і заканчваецца распадам СССР. Як і першая, гэтая частка прапануе даволі паслядоўнае гістарычнае апісанне развіцця беларускіх земляў і адлюстроўвае розную палітыку, што праводзілася там на працягу розных перыядаў часу. Тым не менш некаторыя аспекты, закранутыя ў гэтай частцы, патрабуюць пільнейшай увагі.

Па-першае, апісанне Вільні для беларускіх эліт зроблена А. Саўчанкам настолькі ж непаслядоўна, як і яго спроба прыраўняць балцкі кампанент палітычнай нацыі ВКЛ да сучаснай этнічнай літоўскай прыналежнасці. Сцвярджаючы, што гістарычна ў Вільні палітычная ўлада была ў руках літоўцаў, потым палякаў, потым расійцаў (69), аўтар сам становіцца ў шэраг тых, хто пераносіць сучасныя ўяўленні на цалкам іншую культурную і палітычную структуру, нацыяналізуе гісторыю ВКЛ, займаючы бок сучаснага літоўскага нацыяналізму, а таксама абмінаючы пытанне змены зместу тэрмінаў з цягам часу.

Па-другое, аўтар слушна падкрэслівае той факт, што “бальшавікі на этнічна беларускіх тэрыторыях засяродзілі свае намаганні на мабілізацыі салдат, большасць з якіх не былі беларусамі”, тлумачачы гэта ўяўнай “адсутнасцю зацікаўленасці ў вывучэнні патэнцыйнай прывабнасці камуністычных ідэй сярод беларускага насельніцтва” з боку бальшавікоў (71). Тым не менш, наяўнасць лініі фронту на тэрыторыі Беларусі паказваецца статычна, так, нібы яна не выклікала нейкіх зменаў, такіх, як эвакуацыя значнай колькасці беларускага насельніцтва ў цэнтральныя раёны Расіі і яе замены на паўтара мільёна большую колькасць салдатаў з усёй Расійскай імперыі. Такі дэмаграфічны зрух значна абмежаваў магчымасці розных сегментаў нацыянальна арыентаванай беларускай палітычнай сцэны. Акрамя таго, нягледзячы на падрабязнае дакументаванне стварэння БССР як у савецкай (Вадзім Круталевіч), так і заходняй (Віктар Сукенніцкі) навуцы, абмінаецца роля беларускіх камуністаў у 1918 г. у стварэнні асобнай беларускай нацыянальнай камуністычнай фармацыі, калі яны здолелі пераканаць Сталіна ў неабходнасці ўтварыць аўтаномную Беларускую Савецкую Рэспубліку і такім чынам зменшыць ролю чужынцаў у савецкіх органах улады Беларусі.

Па-трэцяе, аўтар слушна сцвярджае, што з пункту гледжання прасоўвання палітыкі русіфікацыі Беларусь была першай сярод іншых савецкіх рэспублік, паказваючы ролю беларускай мовы для “партызанскага” пакалення камуністычнай эліты як мовы, якую яны выкарыстоўвалі ў паўсядзённых зносінах з мясцовымі жыхарамі. У прыватнасці, А. Саўчанка апісвае відавочнае раздражненне Хрушчова ў час яго візіту ў Мінск з прычыны выбару мовы Мазуравым для публічнага выступу (143). Акрамя таго, аўтар слушна падкрэслівае той факт, што “беларускія нацыянальныя камуністычныя і проста нацыяналістычныя эліты, якія стварылі асновы беларускай нацыянальнай дзяржавы ў 1920-я г., былі вынішчаны пад час чыстак 1930-х г.”, а “беларускія лідары пасляваеннага пакалення, якія ўсведамлялі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, ведалі, што нацыяналізм часоў карэнізацыі ідэалагічна недапушчальны” (139). У той час вельмі спрэчным выглядае заява А. Саўчанкі пра тое, што “ў сферы культуры беларускія эліты прынялі ролю выпрабавальнага палігона для русіфікацыі пад прыкрыццём савецкага інтэрнацыяналізму, адведзеную іх краіне” (142), і гэта было кампрамісам паміж урадавымі бюракратамі і так званай творчай інтэлігенцыяй. Слушна падкрэсліваючы істотныя адрозненні паміж асобнымі савецкімі рэспублікамі ў пытанні выкарыстання нацыянальных моў, А. Саўчанка адначасова робіць выснову, што “сітуацыя ў Беларусі не была вынікам узгодненых намаганняў, зробленых цэнтральнай уладай у Маскве ў выкараненні нацыянальных культур у кожнай савецкай рэспубліцы” (139). Слушнасць такога сцверджання спрэчная, бо кожная савецкая рэспубліка мела сваю нішу для магчымых дзеянняў. Па-першае, не варта недаацэньваць ідэалагічнага прасоўвання савецкімі ўладамі канцэпцыі так званай трыадзінай старажытнарускай народнасці, якая можа разглядацца як дадатковы ідэалагічны інструмент Масквы па асіміляванні культурна і моўна блізкіх беларусаў і ўкраінцаў. Па-другое, у выпадку Беларусі гэтая ніша для дзеянняў была аддадзена сферы эканомікі, што дазволіла БССР прайсці хуткую мадэрнізацыю ў пасляваенны перыяд. Што да культурнай сферы, то асабліва Машэраў меў даволі мала магчымасцяў для манеўру ў пытанні правядзення “нацыяналізуючай” палітыкі ў БССР. У той самы час і Мазураў, і Машэраў падтрымлівалі і абаранялі беларускую творчую інтэлігенцыю, прадстаўнікі якой займалі кіраўнічыя пазіцыі ў рэспубліцы і праз сваё высокае становішча маглі праводзіць палітыку ў галіне культуры. Пацверджаннем абмежаванасці культурнай нішы для Беларускай ССР могуць быць словы паэта Генадзя Бураўкіна, тагачаснага старшыні Дзяржтэлерадыё БССР. Згодна з Бураўкіным, Машэраў падтрымліваў яго намаганні па беларусізацыі рэспубліканскага тэлебачання ўскосна, бо любая падтрымка кіраўніка ЦК КПБ, выказаная публічна, азначала б неадкладнае зняцце яго з пасады маскоўскімі цэнтральнымі ўладамі.

Трэцяя частка мае назву “Памежжа назаўсёды: сучасная Беларусь” (Borderland Forever: Modern Belarus) і апісвае палітычнае, сацыяльнае і эканамічнае развіццё краіны ад упадку савецкай эпохі да нашых дзён. Гэта наймацнейшая і найбольш усёахопная частка кнігі. А. Саўчанка дае падрабязную характарыстыку беларускай камуністычнай партыі на чале з саветызаванымі і дэнацыяналізаванымі тэхнакратамі з так званай Мінскай прамысловай групы ў 1980-я г., засяроджваецца на ролі Чарнобыльскай катастрофы і адкрыцця Курапатаў для беларускай нацыянальнай самасвядомасці, апісвае ўзнікненне і развіццё Беларускага Народнага Фронту, а таксама палітычныя падзеі ў БССР у апошнія гады існавання СССР (145–159). Аўтар аналізуе эканамічныя падзеі ў краіне, параўноўваючы эканамічную палітыку беларускіх уладаў з аналагічным захадамі ў краінах Балтыі (159–170). Далей А. Саўчанка апісвае абранне А. Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта і далейшае ўзмацненне яго пазіцый на фоне асноўных тагачасных палітычных сіл краіны (171–189). У апошняй главе часткі, красамоўна названай “Палітэканомія інстытуцыйнага сімбіёзу: Беларусь і Расія ў будаванні супольнай будучыні” (Political economy of institutional symbiosis: Belarus and Russia building the future together) (189–224), разглядаюцца беларуска-расійскія адносіны ў сферы палітыкі, эканомікі, вайсковага супрацоўніцтва і пытанняў бяспекі; закранаюцца таксама нядаўнія палітычныя і эканамічныя падзеі ў краіне.

Заключэнне пад назвай “Куды, Беларусь?” (Whither Belarus?) уяўляе сабой кароткі пераказ асноўных высноваў кнігі. Нягледзячы на магчымыя альтэрнатыўныя сцэнары будучыні Беларусі, А. Саўчанка сцвярджае, што “Беларусь не стане чарговай расійскай правінцыяй – інстытуцыйны сімбіёз дазваляе кожнай краіне дасягаць сваіх мэтаў без поўнай палітычнай інтэграцыі. Яна, аднак, будзе заставацца памежжам Расіі (Russias borderland) да таго часу, пакуль кіраўніцтва Расіі не зменіць свайго меркавання аб карыснасці такога ўладкавання” (229).

Кніга пакідае даволі спрэчнае ўражанне: яе моцны бок – зварот да канцэпцыі памежжа для апісання беларускай рэчаіснасці, а таксама аналіз сучасных падзей у краіне ў 3-й частцы. Гістарычным часткам, якія тычацца як дасавецкага, так і савецкага перыядаў (ч. 1 і 2), нягледзячы на іх адносную паслядоўнасць і дакладнасць, уласцівы даволі стэрэатыпныя ці, прынамсі, спрэчныя заявы. Такая розніца тыповая для заходніх даследаванняў Беларусі – без бесстаронняга погляду на беларускую гісторыю, мову і культуру нават найлепшы аналіз сучаснага перыяду не можа цалкам патлумачаць беларускую ідэнтычнасць і самабытнасць.

Недахоп кнігі – спосаб транслітарацыі беларускіх імёнаў і геаграфічных назваў: яны ў асноўным з транслітаруюцца згодна з рускай мовай, а часам – з польскай ці беларускай у адпаведнасці з правіламі транслітарацыі Бібліятэкі Кангрэсу. Такі выбар не спрыяе разуменню беларускай культурнай і моўнай самабытнасці замежным чытачом, які не знаёмы з беларускай сітуацыяй. Тым не менш, нягледзячы на пэўныя недахопы, кніга Андрэя Саўчанкі можа разглядацца як важны ўнёсак у заходнія беларускія даследаванні – аўтар прыняў складаны выклік, паказаўшы нацыянальнае беларускае развіццё ад ХVI ст. да цяперашняга часу.

Брэмэн, Прага

Кірыл Касцян, Ганна Васілевіч

Наверх

Тэгі: , ,