Марцэлі Косман. Над найноўшай шматтамовай гісторыяй Беларусі*
* Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. Мінск: Экаперспектыва, 2000. 351 с. (далей ГБ-1); Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Экаперспектыва, 2008. 688 с. (далей ГБ-2); Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII–XVIII стст.). Мінск: Экаперспектыва, 2004. 344 с. (далей ГБ-3); Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – пачатак XX ст.). Мінск: Экаперспектыва, 2005. 519 с. (далей ГБ-4); Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917–1945 гг. Мінск: Экаперспектыва, 2006. 613 с. (далей ГБ-5); Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946–2009 гг. Мінск: Экаперспектыва, 2011. 728 с. (далей ГБ-6).
Мінула акурат 35 гадоў з моманту выхаду ў свет першага тома “Кароткай энцыклапедыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” ў пяці тамах, дзе пачэснае месца было адведзена гісторыі. Пасля гэтага сістэматычна з’яўляліся чарговыя фундаментальныя энцыклапедычныя выданні, прысвечаныя ўзначнай ступені мінуўшчыне, атаксама вырасла новае пакаленне дбайных яе даследчыкаў. Акурат іх стараннямі была падрыхтавана першая шматтамовая аналітычная праца па гісторыі Беларусі – яшчэ ў савецкі час, што не магло не паўплываць на характар гэтага выдання (Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1–5. Мінск, 1972–1975), забяспечанага грунтоўнай бібліяграфіяй да кожнага раздзела. Даўнейшым працам таго перыяду я прысвяціў увагу ў рэцэнзіі, апублікаванай больш як 30 гадоў таму на старонках “Rocznikow Historycznych” у Познані[1].
З тых часоў стан даследаванняў значна пасунуўся наперад, і не толькі ў Мінску. У Польшчы таксама выйшлі шматлікія манаграфіі і сінтэтычныя нарысы. Аўтар гэтых радкоў у савецкую эпоху зазнаў значны ціск тагачаснай цэнзуры і палітычнага клімату, калі рыхтаваў для вроцлаўскага выдавецтва “Ossolineum”, якое тады публікавала шматтамовую серыю кароткіх нарысаў па гісторыі краін свету, у тым ліку некаторых тагачасных савецкіх рэспублік, кнігу пра гісторыю Беларусі, дзе асвятляліся падзеі да першых гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны[2]. Беручы пад увагу водгукі рэцэнзентаў, я мусіў перад друкам значна скараціць раздзелы, прысвечаныя XX ст., бо інакш выданне не ўбачыла б свету. Сёння гэтая кніга ўяўляе сабой ужо помнік той эпохі і мае калекцыйнае значэнне, хоць у свой час яна выканала сваю задачу і прыцягнула да сябе ўвагу значнай колькасці рэцэнзентаў. У польскай гістарыяграфіі апошніх дзесяцігоддзяў з’явіўся шэраг грунтоўных прац на тэму Вялікага Княства Літоўскага і яго уніі з Польшчай (1385–1569–1775), якія ўяўляюць сабой значны ўнёсак у даследаванне гісторыі Беларусі[3]. Яны заслугоўваюць комплекснага абмеркавання. Тут заўважым, што значная іх частка была згадана ў найноўшым шасцітамовым даследаванні. З’явіліся таксама працы, прысвечаныя XIX і XX ст., гэта значыць перыядам, не пазбаўленым супярэчлівых ацэнак, паколькі менавіта ў часы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай спыніліся ўнутрыдзяржаўныя зносіны паміж двума народамі, якія з даўняга народа-шляхты ператварыліся ў мадэрныя нацыі. Польскі чытач таксама быў азнаёмлены з дзвюма сучаснымі кароткімі сінтэтычнымі працамі мінскіх даследчыкаў – “Нарысам гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVІІІ ст.” Генадзя Сагановіча і “Нарысам гісторыі Беларусі. 1795–2002” Захара Шыбекі.
Найноўшае даследаванне, плён працы беларускіх гісторыкаў, налічвае агулам 3245 друкаваных старонак. Шматтамовае выданне выходзіла з 2000 да 2011 г. – першыя чатыры тамы даволі аператыўна, а астатнія два – пасля пяці- і шасцігадовага перапынкаў. Унутраная структура выдання не выклікае пярэчанняў і адпавядае этапам палітычнай гісторыі беларускіх земляў, і толькі апошні том (які асвятляе падзеі пасля 1945 г.) ахоплівае як часы прыналежнасці рэспублікі да Савецкага Саюза, так і перыяд пасля яго распаду і здабыцця поўнай незалежнасці. Аб’ём асобных тамоў вагаецца ад 344 (т. 3) да 728 (т. 6) старонак, а значыць, адрозніваецца больш як на 100%. Такая з’ява нармальная для падобных серыйных публікацый. Выходзілі тамы па парадку, з адным выключэннем: 3-і том з’явіўся адразу пасля 1-га, што тлумачыцца больш дынамічным у параўнанні з іншымі перыядамі станам даследаванняў знаходжання тэрыторыі Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай. Сярод членаў рэдакцыйнай калегіі, рэдактараў асобных тамоў і іх аўтараў можна бачыць вядомых даследчыкаў – прадстаўнікоў як старэйшага, так і маладзейшага пакалення гісторыкаў, што само па сабе варта ўхвалы. У першых сказах “Уступу” звяртаецца ўвага на значэнне гісторыі ў развіцці народа і развіваецца гэтая думка на прыкладзе пакручастай гісторыі беларускага народа. Заслугоўвае ўвагі той факт, што ніводная эпоха не занядбаная, захоўваецца гармонія паміж асвятленнем даўнейшых і найноўшых падзей.
Храналагічна найдаўжэйшы перыяд часу ахоплівае першы том, падзелены на два раздзелы – 1. Першабытная эпоха, 2. Беларускія землі ў раннім Сярэднявеччы (VI ст. – першая палова XIII ст.), – гэта значыць да ўтварэння першасных формаў дзяржаўнасці (балты і славяне, ус-ходнеславянскія саюзы плямён, Полацкае і Тураўскае княствы ў IX–XI ст.); наступны этап адлюстроўвае гісторыю беларускіх земляў у XII–XIII ст. Апрача палітычных пытанняў, асобна разглядаецца развіццё эканамічнага ўкладу, грамадскага ладу, а таксама культуры, у тым ліку спецыфічныя рысы гэтага абшару, якія ўжо тады сведчылі пра яго самабытнасць. Том падрыхтаваны яе мае быць. Шкада толькі, што ў бібліяграфіі нестае дзвюх фундаментальных прац польскага даследчыка ўсёеўрапейскага маштабу Генрыка Лаўмяньскага – “Даследавання пачаткаў літоўскага грамадства і дзяржавы” (у 2 т.), а таксама яго шматтамовага твора на тэму вытокаў славянства (“Пачаткі Польшчы”), у якім беларускім землям таксама аддаецца значная ўвага. Хоць можна было чакаць іх выкарыстання, асабліва калі ўзяць пад увагу храналагічныя рамкі тома (ГБ-1, с. 335–336).
Дбайна падрыхтаваны, хоць і не такі разгорнуты, як папярэдні, трэці том прысвечаны гісторыі Беларусі ў перыяд пасля Люблінскай уніі. Ён ахоплівае два стагоддзі, на працягу якіх Беларусь разам з Вялікім Княствам Літоўскім апынулася ў складзе Рэчы Паспалітай “абодвух нацый” і ў культурным плане хутчэй задавала тон старажытнай дзяржаве Гедымінавічаў, каб на базе адзінай палітычнай нацыі адаптавацца да павеваў, якія ішлі з Кароны. Тут мы бачым велізарныя змены ў параўнанні з названай на пачатку гэтай рэцэнзіі “Гісторыяй БССР” савецкага перыяду. Дастаткова зірнуць на главу пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 г., аўтар якой звяртаецца да ўласнай “адкрывальніцкай” манаграфіі, выдадзенай у 1995 г. і прысвечанай гэтай “невядомай” у ранейшай гістарыяграфіі (калі не лічыць польскіх даследаванняў) больш як дзесяцігадовай вайне (ГБ-3, с. 78–92). З храналагічнага пункту гледжання падача матэрыялу падзелена на тры раздзелы: першы ахоплівае мірныя часы да 1648 г., другі – войны, якія дратавалі грамадства ўсё наступнае стагоддзе, трэці – другую палову XVIII ст.: гады гаспадарчага ажыўлення і адначасова палітычнага крызісу, які прывёў да паступовага паглынання беларускіх земляў Расіяй, што завяршылася разам з трэцім падзелам Рэчы Паспалітай. Заслугоўвае ўвагі апошняя глава, прысвечаная матэрыяльнай і духоўнай культуры эпохі Асветніцтва, у тым ліку: 1) адукацыі і навуцы, 2) літаратуры, 3) магнацкім культурным цэнтрам, 4) мяшчанскай і сялянскай культуры, 5) рэлігійнаму становішчу. У сціслым “Заключэнні” (318–320) Ю. Бохан, адзін з двух (разам з П. Лойкам) рэдактараў тома, падводзіць вынікі ўсяго аналітычнага выкладу і адначасова “з вышыні птушынага палёту” падсумоўвае ўвесь ранейшы гістарычны шлях беларускага этнасу ў эпоху феадалізму; гэта была, як чытаем у апошнім сказе, база для фармавання ў наступным стагоддзі беларускай нацыі. Дадамо – гэтак жа, як і ў іншых спадчыннікаў шматэтнічнай Рэчы Паспалітай.
Чацвёрты том датычыць эпохі, у якой уся Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі і як на пачатку гэтага перыяду была сведкам заняпаду Рэчы Паспалітай, так напрыканцы яго перажыла крах імперыі Раманавых. Храналагічная мяжа паміж раздзеламі праходзіць па сярэдзіне XIX ст. (схіл феадальна-прыгонніцкай эпохі і станаўленне буржуазнага грамадства), а завяршаецца выклад апісаннем падзей, што адбываліся напярэдадні Першай сусветнай вайны. Том забяспечаны грунтоўнай храналогіяй (494–501), у якой апошнія даты датычаць пачатай у сярэдзіне 1914 г. “вялікай еўрапейскай вайны” (як называлі спачатку Першую сусветную, у якую канфлікт ператварыўся праз два гады); у наступным годзе краіну акупавалі нямецкія войскі, а ў Вільні была заснавана першая беларуская публічная школа. Для чытача вельмі карысным будзе грунтоўны “Уступ”, які ўтрымлівае крытычнае агляд бібліяграфіі і крыніц. Успрыманне аблягчаецца (гэта датычыць усіх тамоў) сінтэтычным падсумаваннем выкладу, наяўнасцю бібліяграфіі, вышэй-згаданай храналогіі, а таксама паказальнікаў – імяннога і геаграфічнага.
У пятым томе, які ахоплівае перыяд ад рэвалюцыі 1917 г. да канца Другой сусветнай вайны, матэрыял падзяляецца на пяць вялікіх раздзелаў. Першы з іх датычыць ваенных падзей аж да ўтварэння БССР і падпісання Рыжскай мірнай дамовы. Поруч з палітычнымі падзеямі асобна разглядаюцца аспекты матэрыяльнага побыту народа, пытанні культуры, а таксама роля эмігранцкіх элементаў у жыцці народа (36–137). Другі раздзел датычыць гісторыі рэспублікі ў міжваенны перыяд (138–260), у трэцім паказваюцца цяжкія ўмовы “таталітарнай сістэмы”, ці сталінскай дыктатуры, перад пачаткам узброенага канфлікту паміж Нямеччынай і СССР на трэцім годзе Другой сусветнай вайны (261–351). Чацвёрты раздзел (“Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы”, с. 352–448) падзяляецца на тры главы: 1. Эканамічнае і сацыяльна-палітычнае становішча народа, 2. Змаганне за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, 3. Духоўнае жыццё ва ўмовах паланізацыі. Для польскага чытача гэта асабліва каштоўны раздзел, паколькі ён дазваляе паглядзець на вядомыя яму падзеі з іншага боку, згодна з рымскім прынцыпам “audiatur et altera pars” (“няхай будзе выслуханы і другі бок”). І нарэшце гады вялікай народнай трагедыі – пяты раздзел “Беларусь у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах” (449–567).
Шосты том апісвае падзеі аж да сучаснасці: выклад завяршаецца на 2009 г. Першы з чатырох раздзелаў (“Пераход ад вайны да міру. Аднаўленне і развіццё эканомікі і культуры”) ахоплівае дэкаду 1946–1955 г. (23–190). Вобразна і разам з тым з грунтоўнай апорай на дакументальныя матэрыялы аўтары апавядаюць пра залечванне ваенных ран, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, а таксама дэмаграфічныя працэсы (падаецца, з іх варта было б пачаць выклад, тады як на самай справе яны адсунуты амаль што ў канец раздзела) на фоне палітычных і культурных падзей. Другі раздзел ахоплівае ўдвая даўжэйшы перыяд (с. 191–356, да 1970-х г. XX ст.) і апісвае пераадоленне культу асобы Сталіна пасля яго смерці, спробы рэфармавання гаспадаркі, сацыяльна-эканамічнае становішча, змены ў дэмаграфічнай структуры насельніцтва (натуральны прырост, міграцыю з сельскай мясцовасці ў гарады, сацыяльную структуру насельніцтва, а таксама яго этнічны склад). Перапісы насельніцтва, што праводзіліся ў інтэрвале 1950–1970 г., паказалі рост яго колькасці ў БССР з больш як 6,5 млн. да прыкладна 8 млн. чалавек, не лічачы яшчэ 1 мільёна ў іншых частках СССР. У трэцім раздзеле апісваецца чарговае дваццацігоддзе (1971–1991), канец якога супадае з распадам Савецкага Саюза і здабыццём незалежнасці яго раней-шымі ўдзельнікамі (“БССР у перыяд нарастання крызісу і заканчэння існавання савецкай сістэмы (1971–1991)”, с. 358–586).
Чым бліжэй да сучаснасці, тым больш гісторык ператвараецца ў палітолага, бо гісторыя вымагае пэўнай часавай дыстанцыі для ацэнкі падзей. І гэта нам варта мець на ўвазе пры знаёмстве з апошнімі раздзеламі шостага тома. Асабліва з чацвёртым яго раздзелам, які таксама ахоплівае два дзесяцігоддзі – з 1991 да 2009 г. (“Беларусь ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту”, с. 587–682). Унутраная структура раздзела не выклікае пярэчанняў – першая глава прысвечана распаду СССР, другая – асвятленню падзей амаль што да нашага часу. Апошняя падзелена на дзве часткі – першая ахоплівае перыяд парламенцкага праўлення, другая – этап прэзідэнцкай улады. Аўтарам “Заключэння” да шостага тома, а таксама – асобна – да ўсяго выдання выступае яго галоўны рэдактар Міхаіл Касцюк.
Такім чынам, у нашым распараджэнні апынулася цікавая праца некалькіх дзясяткаў даследчыкаў – пераважна вядомых і дасведчаных гісторыкаў. Матэрыялы выдання напісаны з веданнем справы, з апорай на галіновую літаратуру, а таксама першакрыніцы. Без сумневу, гэтая праца паслужыць зыходным пунктам для чарговых даследаванняў і паглыблення ранейшых распрацовак. Але ж такі лёс падобных сінтэтычных прац, што старэюць яны хутка – куды хутчэй за манаграфіі. Мяркую таксама, што разгледжаныя шэсць тамоў стануць зыходным пунктам для падрыхтоўкі аднатамовага нарыса, разлічанага на больш шырокае кола чытачоў. Нарэшце, як аўтар першай польскамоўнай “Гісторыі Беларусі” (Вроцлаў, 1979), хацеў бы адзначыць патрэбу падрыхтоўкі – праз 30 з гакам гадоў пасля яе выхаду – новага падобнага выдання і на польскай мове. Мяркую, што гэта спраўдзіцца яшчэ ў бягучым дзесяцігоддзі.
[1] Kosman M. Рэц. на: Istorija Belorusskoj SSR, Minsk 1977 // Roczniki Historyczne. R. 45. Poznań, 1979. S. 188–189.
[2] Kosman M. Historia Białorusi. Wrocław – Warszawa – Krakow – Gdańsk, 1979. 405 s.
[3] У тым ліку згадаем цікавы сінтэтычны нарыс, які ахоплівае, аднак, выключна часы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, апублікаваны больш як 10 гадоў таму ўжо ў новых палітычных рэаліях Беларускім саюзам у Рэспубліцы Польшча і кафедрай беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэта: Łatyszonek O., Mironowicz E. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku (Беласток, без года выдання).