WÜNSCH, THOMAS. Deutsche und Slawen im Mittelalter: Beziehungen zu Tschechen, Polen, Südslawen und Russen. München: R. Oldenbourg, 2008. 188 s.
Манаграфія нямецкага даследчыка Томаса Вюнша, прафесара Пасаўскага ўніверсітэта, ставіць перад сабой задачу агляду ўзаемаадносінаў і ўзаемаўплываў нямецкага і славянскага светаў у перыяд Сярэднявечча. Задача гэтая як цікавая, так і складаная, бо хавае ў сабе небяспеку ператварыць кнігу ў грувасткі гістарыяграфічны агляд. Такая небяспека была відавочная і самому аўтару, пра што сведчаць ужо першыя старонкі кнігі, прысвечаныя метадалогіі даследавання. Аўтар бачыць выйсце з гэтага становішча ў пошуку новых падыходаў, новых тэм, новых спосабаў разгляду гістарычнага матэрыялу. Такім чынам, кніга ўяўляе сабой своеасаблівы метадалагічны эксперымент: спробу знайсці даследчы фармат, у якім будзе магчымы як аналіз канкрэтыкі білатэральных узаемаадносінаў (нямецка-польскіх, нямецка-чэшскіх і інш.), так і выяўленне асноўных характарыстык “культурнай сустрэчы” немцаў і славян, якая адбылася ў Сярэднявеччы. Менавіта гэтая “сустрэча” і з’яўляецца прадметам разгляду, а ў якасці суб’ектаў узаемаадносінаў выступаюць не краіны, а народы – немцы, палякі, чэхі і г. д.: свядомы акцэнт на гэтым зроблены ў самой назве кнігі і назвах яе асобных частак.
З першых старонак кнігі Томас Вюнш дэкларуе імкненне выйсці з вузкіх рамак нацыянальных наратываў (“гісторыя Нямеччыны”, “гісторыя Польшчы”, “гісторыя Расіі” і г. д.) і нацыянальна арыентаваных гістарыяграфій, кожная з якіх вывучае “сваю гісторыю”. Пры такім падыходзе адбываецца штучнае абмежаванне тэматыкі даследавання: некаторыя сюжэты апынаюцца “на сумежжы” гістарыяграфічных традыцый і застаюцца па-за ўвагай даследчыкаў, якія мяркуюць, што дадзеныя сюжэты праходзяць “не па іх ведамстве”. Асабліва негатыўна такая сітуацыя ўплывае на вывучэнне гісторыі Усходняй Еўропы ў перыяд Сярэднявечча, калі просталінейная праекцыя ў мінулае сучасных палітычных рэалій хавае ад даследчыкаў працэсы, якія прынцыпова не павінны зводзіцца да гісторыі (ці перадгісторыі) сучасных дзяржаў. Можна толькі вітаць і іншы прынцыповы намер аўтара: дапоўніць “заходні вектар” нямецкай медыявістыкі “ўсходнім вектарам” – узаемаадносінамі з краінамі і народамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Сучасны нямецкі медыявіст павінен адчуваць сябе ўтульна не толькі ў гісторыі Італіі, Францыі ды Іспаніі, але і ў гісторыі Чэхіі, Польшчы і Расіі, піша Томас Вюнш у прадмове (VIII).
Абвешчаная канцэптуальная пазіцыя аўтара атрымлівае развіццё ў змястоўнай частцы працы, якая складаецца з двух раздзелаў: “Чэхі, палякі і немцы” і “Паўднёвыя славяне, рускія і немцы”. Тут аўтар ідзе па шляху строгай сістэматызацыі, якая дазваляе яму выбудаваць шматузроўневую сістэму аналізу гістарычнага матэрыялу. Гэты метад выразна выяўлены ў раздзеле “Чэхі, палякі і немцы” (другая частка структуравана падобным чынам, але мае менш раздзелаў). Спачатку аўтар вызначае суб’екты ўзаемадзеяння, у дадзеным выпадку гэта Нямеччына, Польшча і Чэхія, даючы агульны нарыс іх палітычнай гісторыі (1. “Дыяпазон і профіль культурнай сустрэчы”), а таксама месцы фіксацыі інфармацыі: пісьмовыя крыніцы, археалагічныя помнікі і г. д. (2. “Артыкуляцыя сустрэчы”). Затым звяртаецца да “Прасторы сустрэчы” (3), у межах якой асобна разгледжаны палітыка (3.1), сельскія паселішчы і ландшафт (3.2; тут акцэнт зроблены на сельскай каланізацыі і ўзнікненні зон змешанага рассялення), горад і права (роля немцаўі “нямецкага права” ў гарадах Усходняй Еўропы; 3.3), гандаль (3.4), навука і “тэхнічная літаратура” (3.5; цэнтры сярэднявечнай навукі: кляштары, універсітэты і г. д.; сярэднявечныя інтэлектуалы і іх спадчына), літаратура(3.6), мастацтва (3.7), рэлігія (хрысціянізацыя і развіццё царкоўнай структуры; 3.8), “суседства” (кантакты, канфлікты, дынастычныя сувязі; 3.9) і мова (3.10; узаемаўплыў нямецкай і славянскіх моў, пераход на мову суседзяў і г. д.). Далей аналізуюцца “Формы і наступствы сустрэчы”, у якія ўключаны міграцыя (4.1), інтэграцыяі сегрэгацыя (гістарычны лёс нямецкай меншасці ў Польшчы і Чэхіі; 4.2) і ўзаемнае ўспрыманне (вобраз суседзяў у гістарычных творах Сярэднявечча; 4.3). Вынікі аналізу падсумоўваюцца ў асобным параграфе (5. “Памеры ўзаемнага ўплыву”).
Такі падыход варта прызнаць надзвычай удалым. Ён дазваляе аўтару звярнуцца да вельмі шырокага спектра праблем і ў той жа час не страціць логіку выкладу ў лабірынтах падзейнай гісторыі і гістарыяграфічных падыходаў. Выразная пастаноўка даследчыцкіх задач і пастаянная метадалагічная рэфлексія, на наш погляд, – наймацнейшыя бакі кнігі Томаса Вюнша. Разнастайнасць разгляданых тэм і сюжэтаў сведчыць пра бліскучую эрудыцыю аўтара і свабоднае валоданне ім гістарыяграфіяй краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У выніку кніга робіцца не толькі шырокай абагульняльнай карцінай нямецка-славянскіх кантактаў, але і выдатнай магчымасцю для “ўваходжання ў праблематыку” пры вывучэнні мноства асобных сюжэтаў усходнееўрапейскага Сярэднявечча. Гэтая магчымасць асабліва каштоўная ва ўмовах самаізаляцыі нацыянальных гістарычных школ, якая назіраецца сёння ва Усходняй Еўропе.
Бывае, што недахопы навуковай працы апынаюцца адваротным бокам яе добрых якасцяў. Строгая схематызацыя дазволіла аўтару выбудаваць каркас для шматузроўневага аналізу нямецка-славянскай “культурнай сустрэчы”, але пры гэтым у многіх выпадках абмежавала праблемнае поле даследавання. Шкада, што аўтар адмовіўся ад разгляду рэгіёна Germania Slavica – абласцей ранняй нямецкай каланізацыі (Сілезія, Памеранія і інш.), тым больш што Сілезіі прысвечаны многія яго навуковыя працы. Па фармальных прыкметах засталіся па-за межамі даследавання і тэрыторыі нямецкага рассялення ў неславянскім асяроддзі (Прыбалтыка, Венгрыя і інш.). Гэта асабліва прыкра ў выпадку Лівоніі: цяжка, больш за тое – немагчыма ставіць пытанне пра ўзаемаадносіны немцаў і ўсходніх славян у перыяд Сярэднявечча без аналізу ролі нямецкай Лівоніі як “акна ў Еўропу” для вечавых рэспублік Ноўгарада і Пскова, а затым і Маскоўскай дзяржавы. Падобную ролю для Вялікага Княства Літоўскага выконвала Прусія: у цені працяглага ваеннага супрацьстаяння і эпахальнай Грунвальдскай бітвы 1410 г. апынулася тая акалічнасць, што Тэўтонскі ордэн быў для Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага не толькі супернікам, але і правадніком культурных інавацый. У выніку суб’ектамі ўзаемаадносінаў з нямецкім светам ізноў апынуліся перадусім сярэднявечныя славянскія дзяржавы – Русь, Польшча, Чэхія, Балгарыя, Сербія, а памежныя сітуацыі і кантактныя зоны засталіся ў цені. Магчымым выйсцем з “дзяржава-цэнтрычнай пасткі” можа стаць вызначаны аўтарам падыход па вылучэнні “мадэльных рэгіёнаў” (на прыкладзе Rotreussen – Чырвонай Русі; 116). Створаныя на тэрыторыі гэтых рэгіёнаў культурныя мадэлі потым трансляваліся на больш шырокія прасторы. Такімі “мадэльнымі рэгіёнамі”, як ужо адзначалася, былі для ўсходніх славян Лівонія і Прусія. Даследаванні ў гэтым кірунку ўяўляюцца надзвычай перспектыўнымі.
Некаторыя заўвагі можна выказаць да структурнага падзелу кнігі. Наўрад ці магчыма ў межах невялікай часткі паўнавартасна разгледзець узаемаадносіны нямецкага свету з Руссю і паўднёвымі славянамі (103–128; для параўнання, “польска-чэшскі” раздзел мае ў тры разы большы памер: 11–101). Сярэднявечная гісторыя Русі – “рэч у сабе”, яна патрабуе больш разгорнутага фармату даследавання, а не беглага нарыса. У гэтай частцы манаграфіі аўтару бракуе апоры на вынікі даследаванняў сучасных расійскіх медыявістаў, якія вельмі актыўна звяртаюцца да вывучэння ўзаемаадносінаў Старажытнай Русі з суседзямі, у тым ліку і з нямецкім светам. Дастаткова назваць працу А. В. Назаранкі “Древняя Русь на международных путях” (2001), якая вывела на прынцыпова новы ўзровень даследавання ў гэтым напрамку. Верагодна, мэтазгодней было б разглядаць узаемаадносіны нямецкага свету з усходнімі і паўднёвымі славянамі ў асобных раздзелах, што дазволіла б больш выразна раскрыць спецыфіку гістарычнага развіцця гэтых рэгіёнаў славянскага свету, знайсці ў агульнай карціне месца і для гісторыі беларускіх і ўкраінскіх земляў.
Падсумоўваючы, варта яшчэ раз зрабіць акцэнт на двух асноўных даследчыцкіх поспехах аўтара: адмова ад вузкіх рамак нацыянальных наратываў (“гісторыя Нямеччыны”, “гісторыя Польшчы” і г. д.) на карысць шырокай карціны “культурнай сустрэчы” і стварэнне мадэлі шматузроўневага аналізу гістарычных узаемаадносінаў немцаў і славян. Канцэптуальны і метадалагічны эксперымент, здзейснены Томасам Вюншам, варта прызнаць паспяховым. Уяўляецца, што праца нямецкага даследчыка здольная стаць моцным імпульсам у галіне вывучэння нямецка-славянскіх сувязяў у перыяд Сярэднявечча.
Мінск
Аляксей Мартынюк