БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

BALCERAK, WIESŁAW. Z dziejow zamierzeń federacyjnych Jozefa Piłsudskiego. Warszawa: InstytutHistorii PAN, Mazowiecka Wyższa Szkoła Humanistyczno-Pedagogiczna w Łowiczu, 2011. 73 s.

Чарговае выданне вядомага польскага гісторыка Веслава Бальцэрака ўяўляе сабой зборнік дакументаў канферэнцыі, якая адбылася 15–20 студзеня 1920 г. у Фінляндыі з удзелам, акрамя гаспадароў, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы – такім чынам, дзяржаў, якія паўсталі ў выніку Першай сусветнай вайны. Той форум за даволі кароткі час быў адным з шэрагу падобных палітычных мерапрыемстваў дзяржаў-лімітрофаў, якім давялося вырашаць праблемы асабістай бяспекі. Пагроза сыходзіла перадусім з боку нядаўняга іх каланіяліста – Расіі, якая да таго часу зрабілася бальшавіцкай, што значна павялічыла ступень пеяратыўнасці ўсходняга (для названых новапаўсталых дзяржаў) суседа.

Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, – арганізацыя сумеснай абароны ў выпадку нападу на любую з дзяржаў. Выданне адлюстроўвае ход паседжанняў. На іх панавала, як можа падацца, атмасфера даволі прыязная (за выключэннем польска-літоўскіх стасункаў, якія, аднак, не афішаваліся). Здавалася б, дзяржавы, маючы фактычна аднумэту – захаванне незалежнасці, павінны былі прыкласці ўсе намаганні, каб яе дасягнуць, па магчымасці нейтралізаваць галоўны фактар пагрозы. Аднак становішча дзяржаў было розным. Фінляндыя і Польшча пачувалі сябе больш упэўнена. Літва ж мела з апошняй прынцыповую спрэчку, якая да таго часу яшчэ не была вырашана, – за Віленшчыну. Таму спакой, памяркоўнасць і схільнасць да кансэнсусу, якія панавалі на канферэнцыі, можна лічыць толькі культурай дыпламатыі. Хоць усе бакі зрабілі крок да канструктыўнага вырашэння праблемы бяспекі іх дзяржаў, прыняўшы адпаведную рэзалюцыю, відавочна, пытанні заставаліся адкрытымі. Таму наперадзе, па ўзаемнай згодзе, планавалася правядзенне падобных мерапрыемстваў (прычым з пашырэннем кола ўдзельнікаў).

Безумоўна, увядзенне ў навуковы зварот гэтых матэрыялаў будзе карысным для гісторыкаў усходнееўрапейскага рэгіёна, спросціць іх карпатлівую працу, архіўныя пошукі. У ідэале ж бачыцца выданне зборніка дакументаў з адлюстраваннем шырэйшай сацыяльна-палітычнай панарамы (перадусім наконт тэмы пагрозы з боку Савецкай Расіі дзяржавам-лімітрофам). Тым больш што да гэтага падштурхоўвае і назва, дадзеная выданню В. Бальцэракам – “З гісторыі федэрацыйных намераў Юзафа Пілсудскага”. Праўда, як бачым, польскі гісторык разглядае праведзеную канферэнцыю ў іншым кантэксце – унутрыдзяржаўнай палітыкі, якую імкнуўся ажыццявіць Начальнік Польскай Рэспублікі. Канферэнцыя ж для ўнутранай арэны стала знешнім фактарам. Ва ўводзінах і эпілогу В. Бальцэрак падае і асабісты аналіз гэтай падзеі і яе кантэксту, імкнучыся да аб’ектыўнасці (што, аднак, не заўсёды яму ўдаецца, як у выпадку, напрыклад, з ацэнкай польска-літоўскіх узаемаадносінаў). Беларускія сюжэты ў аналізе практычна адсутнічаюць.

Кажучы вобразна, рэчышча, якое капалі эвентуальныя партнёры такімі канферэнцыямі, перасохла: розныя для кожнай з дзяржаў прычыны перашкодзілі арганізаваць сумесную бяспеку ад Расіі. Таму і лічыць В. Бальцэрак, што знікненне ў 1939–1940 г. Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі як незалежных дзяржаў было абумоўлена немагчымасцю іх кансалідацыі. Аднак тую кансалідацыю польскі гісторык бачыць хіба толькі ў рамках федэралісцкай канцэпцыі Ю. Пілсудскага, ані не параўноўваючы пры гэтым яе рэалізацыю з падобнай (прынамсі фармальна, у агульных рысах) – з саюзным праектам, ажыццёўленым Саветамі. Зрэшты, В. Бальцэрак заклікае ўсіх зацікаўленых уважліва аналізаваць тагачасныя сацыяльна-палітычныя працэсы, а падрыхтаванае ім выданне і павінна ў гэтым дапамагчы.

Мінск

Анатоль Трафімчык

Тэгі: , ,