БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Гарадзенскі гадавік. № 1. Рэд. ЮРЫГАРДЗЕЕЎ. Гродна, 2012. 118 с.


У межах кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” ўбачыў свет першы нумар перыядычнага выдання “Гарадзенскі гадавік”, прысвечаны праблемам мінулага Горадні. Характар выдання лакальны і ў пэўным сэнсе пераклікаецца са зборнікам артыкулаў “Гарадзенскі палімпсест”, які выходзіць штогод па выніках канферэнцыі. Але калі “Гарадзенскі палімпсест” акцэнтуе ўвагу на гісторыі дзяржаўных устаноў, сацыяльнай і рэлігійнай гісторыі горада, то ўвага аўтараў “Гарадзенскага гадавіка” зводзіцца да багатага на падзеі мінулага шматлікіх аб’ектаў горада (плошчаў, вуліц,будынкаў). Гэтая ініцыятыва, безумоўна, добрая, і мы мусім вітаць першае такое выданне. Іншае пытанне – наколькі аўтары будуць трымацца такога фармату і далей. Варта адзначыць, што тэматыка, закранутая “Гадавіком”, у свой час падымалася ў “Гарадзенскім палімпсесце”[1].

Нумар пачынаецца з публіцыстычнага артыкула Таццяны Маліноўскай, дзе адчуваецца абурэнне аўтара з нагоды апошніх перамен у абліччы горада. Назіраецца зададзенасць выпуску на далучэнне ўвагі грамадскасці да праблем рэгенерацыі і захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў Горадні. У зборніку даволі комплексна прадстаўлены раздзел даследаванняў, прысвечаных унутрыгарадскім аб’ектам.

Плошча як базавы кампанент арганізацыі гарадскога жыцця разглядаецца ў працы Ганны Паўлоўскай, дзе прыводзяцца разнастайныя семантычныя значэнні плошчы ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, у перыяд Расійскай імперыі і Савецкага Саюза. Згодна з функцыянальным прызначэннем на працягу кожнага прамежку часу аўтар вылучае асобныя тыпы плошчаў. Так, адзначаецца, што для сярэднявечных гарадоў плошчы былі грамадскімі, гандлёвымі, сакральнымі цэнтрамі. Для пазнейшых часоў (ХІХ–ХХ ст.) характэрны імперскія плошчыі плошчы-музеі. Аўтар прыводзіць прыклады адпаведных плошчаў Рыма, Масквы, Пекіна, Варшавы, Берліна. Асобная ўвага акцэнтавана на Савецкую плошчу Горадні.

Гарадзенскі рынак у XVI–XVIII ст. знайшоў адлюстраванне ў шматбаковым даследаванні Юрыя Гардзеева, заснаваным на дакументах з архіваў Мінска, Вільні, Горадні, Масквы. Немалая ўвага пры гэтым звяртаецца на архітэктурна-прасторавую арганізацыю галоўнай гарадской плошчы Горадні, якая, паводле аўтара, была “паказчыкам каштоўнасцей гараджан і норм іх жыццядзейнасці”. Характарызуюцца розныя горадабудаўнічыя формы: стыхійнасць і непланамернасць складвання рынку; розная форма і плошча кожнага рынкавага пляца; няправільныя абрысы рынкавых кварталаў і нерэгулярная арганізацыя прасторавай сістэмы, абмежаванаяабарончымі ўмацаваннямі. Рэнесансныя традыцыі XVI ст. у гарадской прасторы Горадні ўвасобіліся ў архітэктуры гарадской ратушы і адноўленага Фарнага касцёла. Функцыянальнае прызначэнне рынку разглядаецца аўтарам праз характарыстыку яго асноўных кампанентаў: ратушы як сімвала самакіравання і юрыдычнай самастойнасці гарадской абшчыны, Фары Вітаўта як цэнтра рэлігійнага жыцця, а таксама слупа ганьбы, карчмы, шынкоў, могілак. Аўтар не абмінае ўвагай функцыю рынкавай прасторы як месца святкавання ўрачыстасцяў і вядзення гандлю. Адзначаецца, што сярэднявечныя горадабудаўнічыя формы рынку праіснавалі ў Горадні ў непарушным стане да канца XVIII ст. Важная выснова – назіранне аўтара аб змене сімвалічнага характару архітэктурнага аблічча прасторы рынку на працягу XVI–XVIII ст. Так, калі ў XVI ст. ратуша і Фарны касцёл падкрэслівалі факт існавання самастойнай юрыдычна акрэсленай абшчыны мяшчан, то ў канцы XVIII ст. панарама рынку спалучала новыя сімвалы – езуіцкі касцёл, палацы Радзівілаў і Сапегаў.

У святле трох адшуканых лістоў за 1692 г., дасланых кіраўніком будаўнічых работ і слугой Лямборскім на імя Казіміра Яна Сапегі, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ў Вільні, польскі даследчык Пётр Яцак Ямскі даследуе гісторыю комплексу двух рыначных палацаў Сапегаў. Аўтар згадвае тры юрыдыкі Сапегаў, якія існавалі ў 1690-я г. у Горадні, апісвае падрыхтоўку Казіміра Яна Сапегі да сойма 1693 г., аналізуе гісторыю комплексу двух сапегаўскіх палацаў у перыяд сойма. Даволі цікавая адметнасць працы – персаніфікацыя мастакоў Казіміра Яна Сапегі, якія дзейнічалі ў Горадні ў канцы XVIII ст. Аўтар абгрунтоўвае думку аб магчымасці кампазіцыйнага злучэння палаца з касцёлам езуітаў, праводзіцца параўнанне палаца з Варшаўскім соймавым комплексам. Горадня са сваім узроўнем мастацкага жыцця разглядаецца як далёкае прадмесце заможнай Варшавы. Робіцца выснова, што ўзвядзенне гарадзенскага палаца адпавядала найвышэйшым каралеўскім імкненням Казіміра Яна Сапегі. Лісты Лямборскага да Сапегі, а таксама рахунковыя запісы пра будаўніцтва палаца публікуюцца паводле польскіх нормаў перадачы тэксту напрыканцы артыкула. Канец старонак пазначаецца ў квадратных дужках, аднак не пазначаецца канец радкоў, нерасчытаныя месцы перададзены пункцірнай лініяй.

Астатнія тры артыкулы раздзела прысвечаны гарадзенскім плошчам. Яны ўяўляюць асаблівую цікавасць не столькі высновамі (як папярэднія), колькі далучэннем раней малавядомага архіўнага і ілюстрацыйнага матэрыялу.

Увага Іны Соркінай звернута да сацыяльнай тапаграфіі Параднай (Саборнай) плошчы ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. У артыкуле робіцца спроба прасачыць маёмасныя адносіны,характарзабудовыіфункцыянальнаепрызначэнне кожнага пляца на галоўнай плошчы Горадні ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. У даследаванні задзейнічаны галоўным чынам дакументы з фондаў НГАБ (у Горадні) “Гродзенская губернская па гарадскіх справах установа”, “Будаўнічае аддзяленне Гродзенскага губернскага праўлення”. У дадатку змяшчаюцца спісы ўладальнікаў прыбытковай нерухомай маёмасці на Саборнай плошчы ў 1886 г., дамоў плошчы з указаннем уладальнікаў і колькасці дворнікаў у 1907 г., звесткі пра прыватныя збудаванні на Параднай плошчы і іх кошт за 1910 г., звесткі з інвентарных вопісаў нерухомай маёмасці Гародні 1910 г., звесткі пра валавы даход з нерухомай маёмасці Левінсон і Тарлоўскай на Параднай плошчы за 1910 г., звесткі пра валавы даход з нерухомай маёмасці Гродзенскага Фарнага рымска-каталіцкага касцёла за 1910 г., звесткі пра гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы на Параднай плошчы 1910 г.

Даследаванне Таццяны Казак, прысвечанае плошчы Баторыя ў 1920–1930-я г., амаль цалкам заснавана на матэрыялах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці (ДАГВ), з якіх асаблівая ўвага аўтара акцэнтавана на анкетах, складзеных статыстычным аддзелам Гродзенскага магістрата ў 1923–1924 г. На падставе гэтых і іншых дакументаў праводзіцца агляд пляцаў з будынкамі на паўночным, усходнім, паўднёвым і заходнім баках плошчы.

Праекты і абставіны перапланіроўкі Савецкай плошчы ў 1940–1970-я г. разгледжаны ў артыкуле Віктара Саяпіна. Аўтар на падставе матэрыялаў ДАГВ, а таксама газетнай перыёдыкі падрабязна апісвае захады па добраўпарадкаванні плошчы, адзначае важныя пастановы гарвыканкама на гэты конт, праводзіцца параўнанне паміж генеральным планам рэканструкцыі і развіцця горада 1951 г. і генеральным планам 1973 г., які характарызаваўся больш паважлівым стаўленнем да гістарычнай забудовы цэнтральнай часткі горада.

Раздзел “Гісторыя рэстаўрацыйнай думкі і пытанні аховы помнікаў” змяшчае тры артыкулы, два з якіх прысвечаны пытанням археалогіі, трэці – архітэктуры. Алесь Госцеў і Алесь Кіркевіч робяць агляд археалагічных здабыткаў XV – сярэдзіны XX ст., адшуканых у зоне земляных і будаўнічых работ на Савецкай плошчы Горадні. Праведзена сістэматызацыя артэфактаў, галоўнымі крытэрыямі якой вызначаны матэрыял, асартымент і побытавае прызначэнне. Выяўленыя знаходкі, а менавіта керамічны посуд, вырабы з кафлі, шкла, металу і косці, належным чынам апісваюцца і ілюструюцца графічнымі выявамі. На падставе дадзеных археалагічных раскопаў і інжынерна-геалагічнага бурэння 1987–1988 г. Алесь Краўцэвіч прапануе схему трох участкаў аховы культурнага слоя Горадні, складзеную ў 1988 г. і зацверджаную гарвыканкамам. На нашу думку, гэта спрыяла больш упарадкаванаму і планаваму даследаванню помнікаў археалогіі, а таксама выратавала шмат з іх. На вялікі жаль, улады парушылі свае пастановы пад час рэканструкцыйных работ 2005–2006 г. Архітэктары Алена Пархута і Барыс Шмыга публікуюць апорны план рэканструкцыі Савецкай плошчы, распрацаваны ў 2003 г. Аўтары падаюць схемы развіцця горада на розныя перыяды яго існавання (1376–1569, 1569–1795, 1795–1939, з 1939 г. да нашага часу) без аналізу будаўнічай эвалюцыі. Асноўным падмуркам да працы паслужылі гістарычная даведка Ігара Трусава і фотаздымкі канца ХІХ – сярэдзіны ХХ ст.

Безумоўна, найбольш цікавая частка для даследчыкаў – раздзел “Крыніцы па гісторыі Горадні”, прысвечаны публікацыі дакументаў, якія асвятляюць асаблівасці эканамічнага развіцця горада ў XVI і XVIII ст. (пісцовыя кнігі Гарадзенскай эканоміі за 1560–1561, 1680 г., рэестры палацаў, двароў і дымоў за 1726 г., тарыф і дыспартымент за 1775 г., карта горада за 1780 г., пададзеныя Ю. Гардзеевым), а таксама змяшчаюць апісанні асобных унутрыгарадскіх будынкаў (інвентар палаца Сапегаў 1748 г., апублікаваны А. Мацуком і Ю. Гардзеевым).

Публікацыі Ю. Гардзеева характарызуюць гісторыю галоўнай плошчы Горадні – даўняга ратушнага Рынку на працягу XVI–XVIII ст. Пералікі рынкавых сядзіб і іх уладальнікаў дазваляюць прасачыць дынаміку маёмасных адносінаў, уявіць стан забудовы горада, саслоўна-прафесійную структуру ўладальнікаў нерухомай маёмасці. Пры падачы тэксту аўтар захоўвае тапаграфію дакументаў, перадаючы тэкст без значных адхіленняў ад метадычных рэкамендацый па публікацыі польскамоўных дакументаў па гісторыі Беларусі XVI – першай паловы XIX ст., распрацаваных А. Шаландам[2]. Акрамя палітарнага набору аўтар выкарыстоўвае і факсімільную падачу тэксту.

Абставіны жыцця і дзейнасці маршалка Трыбунала ВКЛ Міхала Антонія Сапегі (1711–1760) у кантэксце судовых спрэчак з Масальскімі за спадчыну мсціслаўскага ваяводы Юрыя Сапегі асвятляюцца ў прадмове да публікацыі інвентара Гарадзенскага палаца за 1748 г. Пры падрыхтоўцы гэтага дакумента выкарыстаны польскія метадалагічныя нор-мы і інструкцыі па выданні польскамоўных крыніц за 1925, 1953 і 1956 г., што набліжае тэкст да сучасных польскіх нормаў пунктуацыі і арфаграфіі[3]. Нягледзячы на даволі падрабязае апісанне дакумента, асаблівасці яго публікацыі тлумачацца павярхоўна. Выключэнне складае спіс абрэвіятур, якія называюцца “скарачэннямі”. Нерасчытаныя ў тэксце словы замест прынятага пазначэння пункцірам падаюцца запазычаным лацінскім варыянтам (sic!), тапаграфія дакумента не вытрымліваецца (непазначанымі застаюцца канецрадка і старонкі). Прымаючы пад увагу, што “Метадычныя рэкамендацыі” А. Шаланды пабачылі свет у тым жа годзе, што і “Гарадзенскі гадавік”, можна дараваць аўтарам выкарыстанне вопыту польскай археаграфіі без уліку досведу сваёй. Слушным крокам можна лічыць пераклад асобных лацінізмаў і польскіх слоў на беларускую мову.

Юрый Гардзееў публікуе рэцэнзію на працу Ігара Трусава “Праваслаўныя храмы Гродна: кароткі нарыс гісторыі” (Мінск – Гродна, 2008), дзе адзначае найбольш цікавыя і спрэчныя моманты рэцэнзаванай кнігі. Даследаванне І. Трусава разглядаецца як спроба комплекснага агляду гісторыі праваслаўнага культавага будаўніцтва Горадні, якая можа надаць штуршок далейшым даследаванням у згаданай галіне.

У цэлым выданне заслугоўвае станоўчай ацэнкі і будзе карысным шырокаму колу даследчыкаў і аматараў гісторыі Горадні і іншых гарадоў.

Мінск

Зміцер Яцкевіч, Вадзім Урублеўскі


[1] Гарадзенскі палімпсест 2008. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Горадня, 7 лістапада 2008). Горадня – Беласток, 2008; Гарадзенскі палімпсест 2010. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры, XVI–XX стст. Мінск, 2011.
[2] Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі польскамоўных дакументаў ХVІ–ХІХ стст. / склад. А. I. Шаланда. Мінск: БелНДIДАС, 2012. 47 с.
[3] Instrukcja wydawnicza dla średniewiecznych źrodeł historycznych, oprac. Komisja Historyczna PAU, Krakow, 1925; Instrukcja wydawnicza dla źrodeł historycznych od XIV do połowy XIX wieku, pod red. K. Lepszego, Wroclaw, 1953; Instrukcja wydawnicza: edytorskie zasady opracowania tekstow monograficznych i źrodłowych, przygotowania maszynopisow oraz materiału ilustracyjnego, Wrocław, 1956.

Наверх

Тэгі: