БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Беларускі архіў вуснай гісторыі

Беларускі архіў вуснай гісторыі – гэта on-line сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі Беларусі ХХ ст. (www.nashapamiac.org), да якіх арганізаваны доступ з мэтай захавання і спрыяння іх шырокаму выкарыстанню ў даследаваннях і адукацыйных мэтах. Гэты інтэрнэт-праект, пачаты ўвесну 2011 г., першы ў Беларусі, які ставіць на мэце праз арганізацыю on-line доступу да ўспамінаў сведкаў часу паспрыяць аналізу і пераасэнсаванню савецкага перыяду гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы, новым міждысцыплінарным даследаванням па гэтай тэматыцы.

Вуснагістарычныя дакументы збіраюцца з мэтай фармавання корпуса крыніц для міждысцыплінарных даследаванняў. Захоўванне і доступ адбываюцца з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Гісторыя Беларусі ХХ ст. фіксуецца ва ўспамінах сведкаў часу, і гэта дапамагае захаванню памяці пра найноўшы перыяд гісторыі, у тым ліку па маладаследаваных і актуальных тэмах.

Асноўныя дакументы архіва – інтэрв’ю (вусныя ўспаміны). На захаванне прымаюцца таксама апытальнікі, транскрыпцыі, фотаздымкі рэспандэнтаў, лічбавыя копіі дакументаў асабістага паходжання, што даюць магчымасць інтэрпрэтацыі вусных успамінаў. Камплектаванне архіва адбываецца, з аднаго боку, шляхам збору і апрацоўкі ўспамінаў у межах экспедыцый, арганізаваных камандай архіва, з другога – праз перадачу дакументаў гісторыкамі, краязнаўцамі і іншымі зацікаўленымі асобамі і ўстановамі. Дакументы БАВГ выстаўляюцца паступова, пасля праходжання адпаведнай апрацоўкі. За 2011–2013 г. на захаванне ўзята больш за 40 калекцый ад 14 уладальнікаў, што складае больш за 600 інтэрв’ю, 2000 дакументаў (аб’ёмам 1,5 Тб).

Сабраныя ў архіве дакументы – гэта біяграфічныя, тэматычныя інтэрв’ю і біяграфічныя інтэрв’ю з асобнымі тэматычнымі блокамі. Тэматыка інтэрв’ю ахоплівае маладаследаваныя пытанні гісторыі рэпрэсій, штодзённасці, эміграцыі, этнаграфіі, асноўных падзей ХХ ст. у асобных рэгіёнах Беларусі і інш. Створана магчымасць тэматычнага пошуку дакументаў. Доступ да іх магчымы пасля рэгістрацыі на партале.

Дакументы архіва могуць быць выкарыстаны для навуковых, адукацыйных ці асветніцкіх мэтаў са спасылкай на Беларускі архіў вуснай гісторыі.

Інфармацыю пра новыя дакументы, змешчаныя на партале, можна атрымаць праз рассылку праекта, даслаўшы свой кантакт на электронны адрас архіва (info@nashapamiac.org).

Ірына Кашталян